A A

Бандарэнка Т. П. Бяззлучнiкавыя складаныя сказы са значэннем семантычнага разгортвання ў паэтычнай мове Якуба Коласа (стылiстычны аналiз)

Няд, 8 ліпня 2012

Беларуская мова

(Личность — Слово — Социум — 2008)

У развiццi беларускай лiтаратуры i лiтаратурнай мовы велiзарная заслуга Я. Коласа несумненная. Яго творы — яркi прыклад вернага служэння народу, узор увасаблення глыбокага зместу i высокай iдэйнасцi ў дасканалую мастацкую форму, дзе няма нi аднаго лiшняга слова, нi аднаго шаблоннага звароту. У паэтычнай мове Я. Коласа — здзiўляючая яснасць i дакладнасць, рэальная i строгая суадноснасць слоў i паняццяў, рэдкая празрыстасць сiнтаксiчнай структуры сказаў, стройная манера выкладу i спакойная мелодыка — рытмiчная танальнасць: На цемных ростанях крыжы, Бяроза боязна к бярозе // Тулiлася ў нямой трывозе, // Лес у затоенай пагрозе, I зданню куст быў на мяжы [11, c. 307]. (Cпасылкi ў тэксце /тамы i старонкi/ даюцца паводле выдання: Колас, Я. Зб. тв. У 12т. — Мінск., 1961—1964.)

У аснове паэтычных твораў Я. Коласа, дзе канцэнтрацыя моўнага матэрыялу ў вершаваных радках вельмi высокая, — гутарковы сiнтаксiс, спецыфiка якога ў тым, што тут шырока распаўсюджаны няпоўныя сказы, шмат аднасастаўных сказаў i разнастайных паўтораў, часта ўжываюцца ўстаўныя i пабочныя канструкцыi, нярэдкiя адасабленнi, злучэнне пераважае над падпарадкаваннем, бяззлучнiкавае аб’яднанне прэдыкатаўных частак складанага сказа — над злучнiкавым.

Выключная ўвага Я. Коласа да гутаркова–народных сiнтаксiчных форм i канструкцый тлумачыцца перш за ўсе яго жаданнем надаць мове эмацыянальнасць, iмкненнем зрабiць сваю высокую паэзiю даступнай шырокаму чытачу.

Адным з моўных сродкаў, якiя дазволiлi класiку беларускай лiтаратуры стварыць скульптурна выпуклыя вобразы (успомнiм вобразы Мiхала i Антося з паэмы «Новая зямля», Сымона–музыкi з аднайменнага твора i iншыя), з’яўляецца бяззлучнiкавасць — бяззлучнiкавае спалучэнне членаў простага і частак складанага сказа, бяззлучнiкавыя сувязi ў складаным сiнтаксiчным адзiнстве. Стылiстычная прырода i, адпаведна, функцыянiраванне бяззлучнiкавых складаных сказаў вызначаюцца наступным.

Элiпсiс злучнiка (якi нярэдка вядзе і да элiпсiсу структуры частак) надае канструкцыям размоўнасць, гутарковасць. Элiптычнасць, непаўната канструкцый у сваю чаргу стварае падкрэсленую рытмамелодыку i дае экспрэсiўны эфект. Бяззлучнiкавыя складаныя сказы як параджэнне гутарковага стылю вызначаюцца натуральнасцю, непасрэднасцю, легкасцю, жывасцю i дынамiзмам.

Высока ацанiўшы вартасцi бяззлучнiкавых складаных сказаў розных тыпаў у гутарковай мове, Я. Колас стаў мэтанакiравана ўжываць iх i ў сваей аўтарскай мове, i ў мове сваiх персанажаў. Адзiн з самых прадуктыўных i стылiстычна выразных тыпаў складаных сказаў у паэтычных творах Я. Коласа — бяззлучнiкавыя складаныя сказы са значэннем семантычнага разгортвання. Спецыфiка такiх сказаў — у своеасаблiвай узаемасувязi лексiчнага элемента першай часткi з усей другой часткай. Паясняльная функцыя другой часткi заключаецца ў разгортваннi зместу выказнiка першай часткi, што выражаецца такiм словам, лексiчная прырода якога нацэлена на раскрыцце думкi, пачуцця, на называнне таго, што ўспрымаецца.

Бяззлучнiкавыя складаныя сказы, у якiх постпазiцыйны кампанент выступае ў функцыi аб’екта да выказнiка, — сказы са значэннем семантычнага разгортвання — адна з вядучых канструкцый, якая з’яўляецца эфектыўнай формай рэалiзацыi некаторых граней манеры Я. Коласа. Арыентуючыся на шырокую гутарковасць сваiх твораў, класiк беларускай лiтаратуры ў вялiкай колькасцi ўключыў сказы такога тыпу не толькi ў мову персанажаў, але i ў аўтарскае паведамленне. У аўтарскай мове бяззлучнiкавыя складаныя сказы са значэннем семантычнага разгортвання, як правiла, выкарыстоўваюцца тады, калi трэба ахарактарызаваць адно з сiтуацыйных дзеянняў прэпазiцыйнай часткi: Пацiсну я руку герою, // Скажу яму, як друг, як брат: // Як многа сiлы ў сабе тоiш, // Зямлi вялiкай сын, салдат [II, c. 276]. Стаiць падарожны ды жмецца цясней да хваiны // I чуе: вакол аддаецца // Плач жудкi жанчыны [VIII, c. 285].

Своеасаблiвасць бяззлучнiкавых сказаў у гэтых выпадках у тым, што сувязь iх з кантэкстам устанаўлiваецца праз прэпазіцыйны кампанент. Пры гэтым змест бяззлучнiкавага складанага сказа арганiчна ўваходзiць у змест усяго абзаца.

Стылiстычнае функцыянiраванне падобных бяззлучнiкавых сказаў звязана з перадачай эмацыянальна–псiхалагiчнага падтэксту, з актывiзацыяй сiнтаксiчнай структуры, якая гарманiруе са зместам.

Бяззлучнiкавыя складаныя сказы са значэннем семантычнага разгортвання ў аўтарскiм нейтральным паведамленнi выкарыстоўваюцца для надання тэксту легкасцi, гутарковай свабоды, непасрэднасцi. Акрамя функцыянальна–стылiстычнай прыкметы — гутарковасцi, для такiх сказаў характэрна i экспрэсiўнасць. Гэта перш за ўсе дынамiзм, звязаны як з асобай рытмамелодыкай, так i з элiптычнасцю. У рытмаўтваральнай дынамiчнай структуры такiх бяззлучнiкавых складаных сказаў «востры» кульмiнацыйны нацiск у канцы пералiчальных сiнтагм, глыбокая паўза перад заключнай часткай, якая сведчыць аб напружаным чаканнi другой часткi, робяць такiя сказы выразным варыянтам iх злучнiкавых эквiвалентаў: Запiшы, запомнi гэта, майстар ад фашызма. // Не даруе край Саветаў таго бандытызма [II, c. 326]. Прамылi раны, сiнякi, спавiлi марляй, як малога, // Ды наказалi яму строга — // Ачуньвай, Шкунда, пусцякi [Х, c. 384].

У сказах са значэннем семантычнага разгортвання злучнiк лiшнi, ен толькi абцяжарыў бы канструкцыю, пазбавiўшы яе легкасцi i прастаты.

Асноўнымi структурнымi элементамi бяззлучнiкавых складаных сказаў са значэннем семантычнага разгортвання выступаюць дзеясловы пэўнага семантычнага класа (дзеясловы маўлення, думкi, пачуцця), якiя з’яўляюцца пераходнымi ў шырокiм сэнсе гэтага тэрмiна, абавязковая прэпазiцыя часткi, якая характарызуецца сэнсавай i граматычнай непаўнатой: Запамятай цверда, // Разбойнiк з Берлiна, // Сусветны грабежнiк, бандыт: // Ты сам, твае орды // У Савецкай краiне // Жалезны свой зломяць капыт [II, c.169]. Чуюць пчолы — пахне медам, // I на мед яны ляцяць (III, 133). Пры гэтым выказнiкам першай часткi можа быць деяслоў, які не выражае непасрэдна пачуццевага ўспрыняцця, а толькі ўказвае на яго магчымасць: Глядзiць афiцэр — дзяўчына варта ўвагi [Х, c. 347]; Зірнуў, паслухаў (Дзяжа) — страляюць дзесь… [X, c. 274].

Выказнік першай часткі сказаў такога тыпу, выконваючы функцыю падрыхтоўкі, падвядзення да акту ўспрыняцця, з’яўляецца арганізуючым структурна–семантычным ядром першай часткі ды і ўсяго бяззлучнікавага складанага сказа. Гэта знаходзіць адлюстраванне ў парадку слоў — у пазіцыі выказніка: наглядаецца тэндэнцыя змяшчаць яго ў непасрэднай блізкасці з наступнай часткай і выдзяляць інтанацыйна — з дапамогай павышэння тону і націску. Такі парадак слоў адпавядае і камунікатыўнаму чляненню сказа ў першай частцы. Прэпазіцыйны дзейнік, як правіла, з’яўляецца дадзеным, зыходным момантам выказвання, выказнік жа — «новым», а таму камунікатыўна больш значымым, што выражаецца ў факце логіка–семантычнага яго выдзялення: Ен (Даніла) азірнуўся — пуста, цемна [VIII, c. 450]. На твар потым зрок людзі пераводзяць — // Дык вось яна, гнюсная здрада [VII, c. 384].

Калі ж больш важным для выказвання з’яўляецца дапаўненне ці акалічнасць часу, яны стаяць у канцы першай часткі і разам з выказнікам уваходзяць у састаў «новага»: Салдат глядзіць навокал строга — // Шмат натварылі чужакі [II, c. 275]. Звярнулі з дарогі ў барoк, // Агледзелі першы грудок — Пуста, адны мухаморы [III, c. 235].

Калі у першай частцы некалькі аднародных дзеяслоўных выказнікаў, то выказнік са значэнем дзеяння, якое непасрэдна падводзіць да ўспрыняцця, абавязкова постпазіцыйны ў адносінах да выказнікаў, лексічна не звязаных з актам успрыняцця: Прыляцеў (бусел), зірнуў — дзе ж падзеўся друг? [II, c. 206]; Бацька ўстаў і абуваўся, // Зірк — Алесь у хаце [III, c. 44].

Перастаноўка аднародных выказнікаў немагчымая, паколькі гэта прывяло б да парушэння лагічнай і часавай паслядоўнасці абазначаных імі дзеянняў.

Асноўная стылістычная функцыя прамога парадку слоў у першай частцы такіх сказаў (як двухсастаўных, так і аднасастаўных), на наш погляд, абумоўлена тым, што постпазіцыя дзеяслова, які падрыхтоўвае ўспрыняцце, спыняе на сабе ўвагу чытача, каб потым поўнасцю засяродзіцца на змесце другой прэдыкатыўнай часткі: Парог яна пераступіла — // О, божа добры, як няміла! [VI, c. 49]. Ён азірнуўся міма волі // На выраз цьмянага акна — Яна ў вакне ці не яна? [Х, c. 403].

Для сказаў са значэннем семантычнага разгортвання перарывістай структуры з прамым парадкам галоўных членаў у першай прэдыкатыўнай частцы характэрны лагічная стройнасць і дынамізм паведамлення.

Калі ж лагічная стройнасць і дынамізм паведамлення ўступаюць месца выражэнню эмацыянальнай усхваляванасці і экспрэсіўнай афарбаванасці паведамлення, парадак слоў першай прэдыкатыўнай часткі можа быць і адваротным, інверсійным — выказнік са значэннем дзеяння, які вядзе да акту ўспрыняцця, прэпазіцыйны ў адносінах да дзейніка і часцей за ўсе — абсалютна прэпазіцыйны. Выдзяленне выказніка ў абсалютную прэпазіцыю нярэдка суправаджаецца эмфазай — эмацыянальнай выразнасцю, напружанасцю маўлення: Глянуў Анцік — вось дзівота [III, c. 171]. Глядзіць Сымон — вачам сваім не верыць: пан Богут [VIII, c. 121].

У абсалютнай прэпазіцыі першай часткі (у паэтычнай мове Я. Коласа такія прыклады адзінкавыя) могуць быць і даданыя члены сказы — дапаўненне ці акалічнасць. Яны эмфатычна выдзяляюцца і з’яўляюцца ўласна «новым», г. зн. сэнсавым цэнтрам паведамлення: На хвоі кіньце вокам вы — // Тут што ні хвоя, то красуня [VIII, c. 158].

Iнверсійны парадак галоўных членаў пры эмфатычным выдзяленні ў пачатковую пазіцыю «новага» (выказніка ці цесна звязаных з ім даданых членаў) абумоўлены ў асноўным стылістычнымі задачамі мастацкага паведамлення. Такая з’ява ў бяззлучнікавых складаных сказах з перарывістай сувяззю частак характарызуе апошнія як яркую стылістычную катэгорыю сучаснай беларускай мовы.

Iнверсія галоўных членаў нярэдка абумоўлена кампазіцыйнай функцыяй першай часткі ў агульнай тканіне мастацкага паведамлення. Сказы з прэпазіцыйным выказнікам часта сустракаюцца ў пачатку паведамлення ці якой–небудзь яго больш ці менш самастойнай часткі, калі яны адлюстроўваюць агульны фон, на якім разгортваюцца далейшыя падзеі і як бы ўводзяць чытача ў паведамленне: Глядзіць ен — акопчык лядачы… [VIII, c. 344]. Зірнуў стары — ідуць салдаты [Х, c. 210].

Прамы і адваротны парадак слоў характэрны і для другой часткі бяззлучнікавых складаных сказаў перарывістай структуры. Прамы парадак тут звычайна тады, калі паведамляецца пра якія–небудзь факты рэчаіснасці. Пры гэтым абодва галоўныя члены могуць быць камунікатыўна значымыя: Глянуў Костусь — дзядзька ззаду з цэпам прэ без духу [III, c. 75]. Глядзіць Марына, аж Богут у бравэрцы выходзіць з дому ў свой абход [VIII, c. 103].

Выказнікі сказаў з адваротным парадкам слоў у другой частцы выражаюць стан ці працяглае дзеянне без указанняў на перамены; нярэдка яны абазначаюць толькі наяўнасць. Сказы з постпазіцыйным дзейнікам — «новым» у саставе такіх сказаў — асабліва ўжывальныя пры разгорнутых апісаннях карцін прыроды, абстаноўкі, сітуацыі і пад: Глядзі — агнявыя там круцяць віры… [II, c. 236]. Зірнуў дзед налева, направа — стаяць адны толькі камлі [VIII, c. 323].

Такім чынам, парадак слоў у састаўных частках бяззлучнікавых складаных сказаў з перарывістай сувяззю звязаны з лексіка–сінтаксічнымі асаблівасцямі і стылістычнай функцыяй кожнай часткі ў саставе складанага цэлага. Першая частка, паведамляючы аб дзеянні асобы, вядомай раней, служыць для развіцця паведамлення, указвае на змену падзей, фактаў. З другога боку, як кампанент складанага цэлага, яна ўводзіць ў паведамленне другую частку складанага сказа. Гэтыя асаблівасці першай часткі надаюць паведамленню лаканічнасць.

Функцыя другой часткі, якая раскрывае змест успрыняцця і нясе асноўную сэнсавую і эмацыянальна–экспрэсіўную нагрузку, абумоўлівае яе апісальны характар: Дружа! Кінь на неба вока — // Колькі зорак, колькі зор! [I, c. 171]. Глядзяць (жанчыны) —чалавек да вар’ята // Сапраўды падобен з аблічча [VIII, c. 377].

Хоць другая частка такіх сказаў і нагадвае сабой граматычна аформленыя сказы, яны, па сутнасці, залежаць ад першай часткі поўнасцю, паколькі іх значэнне падпарадкаванае — канкрэтызаваць выказнік–дзеяслоў першай часткі, быць аб’ектам гэтага выказніка. Сувязь частак настолькі моцная, што асобна (са значэннем дапаўнення) яны існаваць не могуць. Пераходнасць дзеясловаў–выказнікаў першай часткі, выражаецца ў лагічным націску на ім, акрамя таго, зніжанай інтанацыяй на гэтым дзеяслове, які вымаўляецца больш хуткім тэмпам. Другая частка пачынаецца ў больш павольным тэмпе, чым вымаўляецца дзеяслоў–выказнік першай часткі з інтанацыяй, значна больш высокай у параўнанні з тонам перад паўзай.

Першая частка бяззлучнікавых складаных сказаў са значэннем семантычнага разгортвання, як ужо адзначалася, уключае ў свой састаў толькі такія лексічныя элементы (у функцыі выказніка), якія абазначаюць спосаб успрыняцця ці дзеянне, што яго суправаджае. Такім чынам, ланцуг канструктыўных сувязей састаўных частак такіх бяззлучнікавых сказаў аказваецца як бы перарваным — у ім не хапае аднаго звяна (яно магло б быць узноўлена, напрыклад, у наступным выглядзе: увайшоў і ўбачыў, прыслухаўся і пачуў і пад. ), аднак, гэта адсутнасць кампенсуецца за кошт папераджальна–паясняльнай інтанацыі.

Паколькі часткі складаных бяззлучнікавых сказаў перарывістай структуры абЧядноўваюцца ў адзінае цэлае дзякуючы магчымасці устаноўкі прамежкавага звяна, яны выконваюць пэўныя семантыка–сінтаксічныя функцыі ў адносінах да гэтага звяна.

Функцыя першай часткі — указанне на дзеянне, якое падводзіць суб’екта да пэўнага акту ўспрыняцця. Гэта абмяжоўвае змест першай часткі, робіць яго аднастайным. Прызначэнне другой часткі — раскрыць змест успрыняцця. Паколькі ўспрымацца могуць самыя разнастайныя з’явы рэчаіснасці, то і, натуральна, змест другой часткі больш разнастайны, чым першай. З дапамогай бяззлучнікавых складаных сказаў перарывістай структуры Я. Колас па–майстэрску апісвае карціны прыроды, мясцовасці, пэўную абстаноўку, характарызуе рэчаіснасць у часавых ці прасторавых адносінах і пад. Прычым такія канструкцыі вельмі выразныя таму, што пропуск дзеяслова ў прэпазіцыйнай частцы стварае асаблівую напружанасць, а змест постпазіцыйнай часткі часта ўспрымаецца як нечаканая з’ява: Сымон прысеў, прылег, цікуе — // Iдзе павольна чалавек яму наперасек [VIII, c. 121]. Дзяжа ўсхвалеваны без меры, // Глядзіць, вачам сваім не верыць — // Выходзіць Насця ў той жа час [Х, c. 280].

У аўтарскай мове Я. Коласа часткі бяззлучнікавых складаных сказаў, якія перадаюць змест успрыняцця, структурна вельмі разнастайныя: яны могуць быць двухкампанентныя і больш, з бяззлучнікавай і злучнікавай сувяззю паміж сабой, дзякуючы чаму перад вачыма чытача выразна паўстаюць цэлыя карціны з жыцця персанажаў, сцэны пэўнай сітуацыі, абстаноўкі і пад.: Глядзіць (Дзяжа) — палеглі аўстрыякі; // Iх трое там, паўзуць, як ракі; // А кулі свішчуць наўздагон [Х, c. 373].

Пры ўжыванні у мове персанажаў такія сказы маюць некалькі іншы характар. Мэта ўжывання іх тут — стварэнне дынамізму, экспрэсіі, вуснага паведамлення, асабліва пры жаданні перадаць хуткую змену падзей, рада паслядоўных дзеянняў персанажаў. Спецыфіку такіх сказаў у мове персанажаў складае лаканізм іх частак і структурная непаўната, што робіць мову персанажаў натуральнай, гутарковай, выразнай: (Сын:) — Тата, глянь, зірні сюды: // Ці не воўчыя сляды? [II, c. 233]. (Дзяжа:) — Эй, слухай, брат: Ты хто, салдат? [Х, c. 331].

Бяззлучнікавыя складаныя сказы са значэннем семантычнага разгортвання, для якіх характэрны асобы інтанацыйны малюнак, напружаная паўза паміж часткамі, даюць, як мы бачым, вялікі стылістычны эфект: вызначаюцца ярка выражанай дынамічнасцю. Iншы раз аўтар у нейкай ступені здымае напружанасць інтанацыі, абазначаючы на пісьме паўзу не двухкроп’ем, а пратяжнікам. Зірк– яна [II, c. 305]. Праверылі плыт на вадзе — Заганы ніякай нідзе [VIII, c. 348].

Такое ўжыванне працяжніка можна растлумачыць большай графічнай раздзяляльнасцю працяжніка ў параўнанні з двухкроп’ем, прынятым правіламі пунктуацыі знакам паміж састаўнымі часткамі сказаў са значэннем семантычнага разгортвання. Значэнне двухкроп’я, як вядома, — значэнне папераджальнасці; значэнне ж працяжніка — значэнне прычыннасці і паясняльнага аб’яднання розных сказаў

Ужыванне працяжніка, замест агульнапрынятага двухкроп’я, — сведчанне таго, што Я. Колас імкнуўся ўмела выкарыстаць не толькі лексічныя, граматычныя але і пунктуацыйныя сродкі, каб зрабіць мову больш выразнай, даступнай, зразумелай. Працяжнік дапамагае перадаць гутарковыя інтанацыі.

Ужыванне працяжніка з мэтай надаць мове большую выразнасць і яснасць у тых выпадках, калі паводле правіл пунктуацыі патрабуецца пастаноўка іншых знакаў прыпынку, можна лічыць стылістычнай функцыяй працяжніка, якую ен і выконвае ў паэтычнай мове Я. Коласа.

Iншы раз паўза здымаецца тым, што на пісьме перадаецца коскай, а гэта ставіць слова, значэнне якога тлумачыцца, у аднолькавае становішча з пабочнымі: Выйшаў поп, счакаўшы, ў сені, // Жаль да іх пачуў стары, Бачыць, сталі на калені // Прад царквой на цвінтары [III, c. 63—64].

Такім чынам, у сінтаксісе канструкцый Я. Коласа ўвогуле і ў складаных бяззлучнікавых сказах са значэннем семантычнага разгортвання ў прыватнасці — сінтэз яго моўнага майстэрства. Iменна на сінтаксічным фоне сканцэнтраваліся ў гарманічным адзінстве лексіка–марфалагічныя і іншыя спосабы і стварылі рэвалюцыйна–дэмакратычную сілу натхненай, чаруючай музы вялікага майстра паэтычнага слова.

Цэтлікі: , ,

Ответить

  Проверка PR и ТИЦ
Нашы сябры:
Казкі беларускія!