A A

У. Анічэнка. ПРАБЛЕМЫ НАРМАЛІЗАЦЫІ ЛЕКСІКІ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ Ў ЗАМЕЖНАЙ І АЙЧЫННАЙ ЛЕКСІКАГРАФІІ

Няд, 17 чэрвеня 2012

Беларуская мова

(Культура беларускага замежжа. — Мінск, 2000)

Вытокі сучаснай беларускай літаратурнай мовы бяруць свой пачатак з глыбокай старажытнасці, якая назапасіла моўнае багацце ў пісьмовай і вуснай формах. Мова гэтая развіваецца рознымі спосабамі, сярод якіх найбольш важны і актыўны — народна-нацыянальная моўная аснова, што з даўняга часу абслугоўвае штодзённую сферу зносін паміж людзьмі. Людзі ў працэсе сваёй працоўнай дзейнасці асэнсавалі і засвоілі лексічныя сродкі розных тэматычных аб'яднанняў. Яны зацікаўлены ў тым, каб залатыя россыпы слоў перадаць у спадчыну наступным пакаленням, задаволіць патрэбы грамадскасці ва ўзбагачэнні сваёй нарматыўнай мовы. Мовазнаўцы ўжо даўно вывучаюць дыялектную лексіку, яе ролю і значэнне ў жыцці літаратурнай мовы. Апошнім часам актывізаваліся іх намаганні па зборы, сістэматызацыі і лексікаграфічнай апрацоўцы лексічных дыялектызмаў. Складаюцца і выдаюцца слоўнікі рознага тыпу.

Дыялектная лексіка прыцягвае ўвагу не толькі айчынных мовазнаўцаў, але і беларусаў далёкага замежжа, наогул усіх, хто шануе народнае слова і яго культурную ролю ў жыцці грамадства. Улічваючы гэтую акалічнасць, беларусы, што па розных прычынах аказаліся ў свой час за межамі Беларусі (у Злучаных Штатах Амерыкі) і не забываюць сваю Бацькаўшчыну, распачалі выданне дыялектных слоўнікаў беларускай мовы, у якіх у алфавітным парадку прыводзяцца трапныя лексічныя дыялектызмы і ўстойлівыя выразы з розных крыніц.

Так, Адам Варлыга выдаў «Краёвы слоўнік Лагойшчыны» (Нью-Йорк, 1970), у якім сістэматызаваў сваю родную мясцовую гаворку ў наступнай паслядоўнасці: кожнае рэестравае слова забяспечана націскам, пазначана часціна мовы, пададзена яго значэнне ў літаратурнай мове; кожнае дыялектнае слова праілюстравана прыкладамі ў мясцовым вымаўленні.

Складальнік слоўніка стварыў каштоўную працу, якая выходзіць за межы вузканацыянальныя, паколькі яе фактычны матэрыял задавальняе ўсіх, хто займаецца вывучэннем гісторыі славянскіх моў. Дыялектная лексіка гэтай лексікаграфічнай крыніцы прыцягвае ўвагу найперш беларускіх мовазнаўцаў, якія дбаюць пра перспектыўнае развіццё беларускай літаратурнай мовы і яе культурную ролю на народна-нацыянальнай аснове. «Краёвы слоўнік Лагойшчыны» ў нейкай меры дапаўняе нашы існуючыя дыялектныя слоўнікі, у якіх гэты рэгіён аказаўся па-за ўвагай лексікографаў. Моўны ландшафт гэтай тэрыторыі Беларусі ззяе сваімі адметнымі лексічнымі колерамі на фоне іншых дыялектных масіваў. Тут шырока прадстаўлены аднаслоўныя лексемы, значэнні якіх у нашай нарматыўнай мове раскрываюцца адпаведнымі словаспалучэннямі, сказамі: адродак — прадаўжальнік роду; акопак — месца, дзе стаяла капа сена; адпушчонік — нядбалы чалавек; асосак — маладая свойская жывёліна, што корміцца малаком маткі; дамокнуць — кончыць мокнуць; цахна — распусная жанчына; чужнік — наёмны работнік. Асобнае месца ў «Краёвым слоўніку Лагойшчыны» займае матываваная лексіка, якая па сваёй унутранай форме не ўступае нарматыўным варыянтам: гаручка — тэмпература; гарлата — гарласты; гаварэнь — гаварун; драпежыць — знішчаць, псаваць, таптаць; папсуй — няўмека; цёпкацца — таптацца.

Народна-гутарковая мова беларусаў насычана незлічоным багаццем прыказак і прымавак з глыбокім зместам і вострай сілай думкі. У іх адлюстраваны дасціпны розум чалавека, яго побыт, сямейнае жыццё, светапогляд. Зборнік народных прыказак з мудрымі загадкамі, ветлівымі прывітаннямі і адказамі на іх, заклінаннямі і лаянкамі, пашыранымі ў народным асяроддзі на беларускай мове, запісаў і выдаў Адам Варлыга пад назвай «Прыказкі Лагойшчыны» (Нью-Йорк, 1996). Гэты зборнік дапаўняе запісы прыказак Лявона Вітана-Дубейкаўскага, надрукаваныя ў Нью-Йорку (1954). Зборнік Адама Варлыгі змяшчае звыш 1 700 беларускіх народных прыказак з уласнымі тлумачэннямі і тэкстамі да іх, якія, па словах збіральніка, адноўлены «пасля 1945 года, з памяці, з пачутага ў Лагойшчыне ў гадах 1897—1930». Ён узбагачае «Краёвы слоўнік Лагойшчыны» багаццем народна-гутарковай мовы, спрадвечнымі лаканічнымі і дасціпнымі метафарычнымі, алегарычнымі, гіпербалічнымі літаратурнымі прыёмамі. Згадаем некалькі лагойскіх прыказак: Адной маткі дзеткі, ды неаднолькавыя песні пяюць — хоць і аднаго краю людзі, але маюць розныя перакананні; Адрыгнуцца ваўку авечыя слёзы — прыйдзе час, калі і дэспаты будуць пакараны за свае злачынствы; Бяда, калі не п'ецца вада — гэта гаворыцца пра безнадзейнага хворага, які ўжо і вады не патрабуе; Біцца не гадзіцца, а лаяцца не дазваляецца — так навучаюць дзяцей і падлеткаў, каб жылі ў згодзе; Выбірай кабылу гарбатую, а жонку лупатую — гарбатай кабылы ніхто не ўкрадзе, а жонкі лупатай ніхто не звядзе; Дзякуем не адбыць — трэба заплаціць; І ў вераб'я ёсць злосць — злосць — не ганебная з'ява ў натуры чалавека, за крыўду не толькі чалавек, але і верабей можа зазлаваць; Кату жарты, а мышы смерць — гавораць пры фізічных спрэчках дужага са слабым; Малы жук, ды вялікі гук — калі малы чалавек наробіць вялікага крыку; Не бача сава, якая сама — калі нехта абгаворвае іншых за іхнія недахопы, а сам мае яшчэ большыя; Не радзіся хвасліў, а радзіся шчасліў. А вось некалькі загадак: Цягнецца нітка, а на клубок не зматаць (Дарога); Коціцца кадушачка — ні звер, ні птушачка (Яйка); Ляжыць — няма знаку, а як устане — з сабаку (Дуга); Навакол носа ўецца, ды ў рукі не даецца (Пах); Стаіць дзед нізак, а на ім сто рызак (Качан капусты); У маленькім гаршчэчку кашка смачненькая (Зерне ў арэху); Жывуць два браты праз дарогу і адзін аднаго не бачаць (Вочы).

Народна-гутарковай асновай беларускай літаратурнай мовы адзначаецца і часопіс «Беларускі свет», што выдаецца ў Злучаных Штатах Амерыкі з 1982 года. Яго моўная апрацоўка асабліва кідаецца ў вочы ў рубрыцы «Сёе-тое... і Яшчэ нешта...», дзе сістэматычна друкуюцца трапныя ўстойлівыя моўныя выразы, што ў пэўнай меры дапаўняе і прадаўжае традыцыю зборніка Адама Варлыгі «Прыказкі Лагойшчыны». Абмяжуемся тут некалькімі прыкладамі павучальна-гумарыстычнага і параўнальнага зместу: Гора лягчэй перажыць, калі яно чужое (№ 5, 1979); У кахання няма дарожных знакаў, таму на яго дарогах шмат катастроф (№ 6, 1979); Шануй старасць! Гэта твая будучыня (тамсама); Так многа піў за чужое здароўе, што аж згубіў свае (№ 8, 1980); Мы пачынаем цаніць сваё здароўе тады, калі яму грош цана (№ 10, 1981); Золата не псуецца, аднак яно псуе людзей (№ 11, 1982); Лепш удар сябра, чым пацалуй ворага (тамсама); Сейце разумнае, добрае, вечнае, але ў добра падрыхтаваную глебу (№ 13, 1983); Мала даць чалавеку адукацыю, трэба яму яшчэ растлумачыць, як ёю карыстацца (тамсама); Слова не іголка, але, бывае, і яно колецца (№ 15, 1984); Часам трэба з'есці пуд солі, каб пераканацца, што жыццё — не цукар (тамсама); Выбіўшыся ў людзі, не рабі перашкоду іншым (тамсама); Каму многа дадзена, тому яшчэ больш хочацца (№ 16, 1984); Маўчанне — золата, але здаровая крытыка даражэй (тамсама); Век жыві — век вучыся!.. А жыць калі?(№ 18, 1986); Настолькі любіў сябе, што не жаніўся (№ 20, 1988); Залезь у даўгі і тады зразумееш, як ты патрэбен людзям (тамсама); Адвыкнуць ад курэння не так проста, як выкурыць цыгарэту (№ 21, 1989).

Другім напрамкам лексікаграфічнай дзейнасці беларусаў далёкага замежжа было вывучэнне юрыдычнай лексікі беларускай мовы на матэрыяле некаторых старабеларускіх помнікаў (Літоўскага статута 1588 г., Кітаба – рэлігійнай кнігі, напісанай на беларускай мове арабскім пісьмом) у параўнальным плане з дыялектнымі слоўнікамі (запісамі), выдадзенымі ў розны час у Беларусі і за яе межамі (Носович И. И. Словарь белорусского наречия (СПб., 1870), Гарэцкі М. Невялічкі беларуска-маскоўскі слоўнік (Вільня, 1921), Каспяровіч М. Краёвы слоўнік Віцебшчыны (Мн., 1927), Шатэрнік М. Краёвы слоўнік Чэрвеньшчыны (Мн., 1929), Станкевіч Я. Маленькі маскоўска-крывіцкі слоўнічак фразэолёгічны (Мн., 1944)). Лексічны матэрыял названых крыніц у выглядзе слоўніка сістэматызаваў Я. Станкевіч пад назвай «Некаторыя праўніцкія тэрміны беларускія» (Нью-Йорк, 1953). У слоўніку змешчаны юрыдычныя тэрміны, зафіксаваныя ў даследаваных крыніцах, іх значэнні на рускай мове з ілюстрацыйнымі прыкладамі. Прызнаючы традыцыйную лексічную пераемнасць і эвалюцыю ў беларускай мове, некаторыя словы (яны ў слоўніку пазначаны зорачкамі) Я. Станкевіч лічыць магчымым ужываць у нашай нарматыўнай мове. Сярод іх, напрыклад, такія: вочнік — очевидец; абмаўляць — клеветать; выступнік — преступник; доўжны — должник; падрослы — совершеннолетний; пазычэннік — кредитор; поблуд — умопомрочение; працавень — работник, труженик; сумеснік — соучастник; упорнік — упрямец і інш.

Сваю лексікаграфічную дзейнасць Я. Станкевіч падагульніў у нью-йоркскім выданні капітальнага «Беларуска-расійскага (Вялікалітоўска-расійскага) слоўніка», які, па словах укладальніка, стаў працаю яго жыцця. У прадмове да Слоўніка ён пісаў: «Нацыянальна ўсведаміўшыся ў 1909 г., я пачаў усюдых запісваць словы беларускія. Паслей выпісваў таксама з фальклору і літаратуры. Такім парадкам, пададзены Слоўнік ё слоўнікам жывое народнае мовы і заразом літаратурнае мовы беларускае» (с. IX). Я. Станкевіч сабраў у адно месца лексіку жывых народных гаворак па даступных беларускіх дыялектных слоўніках (матэрыялах), а таксама рускіх, дзе зафіксавана і лексіка беларускай мовы, з этнаграфічных і гістарычных крыніц, мастацкай літаратуры і публіцыстыкі. Важнай і дзейснай крыніцай узбагачэння слоўніка з'явіліся ўласныя запісы і лінгвістычныя працы аўтара.

Рэестравымі ў слоўніку з'яўляюцца не толькі ўласна-беларускія словы, але і словы з іншых моў, якія традыцыйна ўжываюцца ў розных сферах з перакладам іх значэнняў на рускую мову па наступных меркаваннях: беларусы, акрамя роднай мовы, ведаюць і рускую мову, вывучаюць яе ў школах і вышэйшых навучальных установах. Істотнае месца займаюць указанні месца запісу кожнага слова або крыніцы, адкуль яно выпісана. Слоўнікавы артыкул заканчваецца ілюстрацыйным прыкладам.

Слоўнікавы склад беларускай літаратурнай мовы можна дапоўніць многімі лексемамі, зафіксаванымі ў рэестравай частцы слоўніка. Адны з іх удакладняюць семантыку існуючых нарматыўных слоў, пашыраюць іх значэнні (параўн. дыял. Сякач — железко на длинном древке рубить траву, клубнеплоды; дровосек; лесоруб — прылада, інструмент для раздрабнення, сячэння чаго-н.; механізм для разразання торфу на кускі; дарослы самец дзіка, марскога коціка; насякомае, якое жыве ў зямлі і з'яўляецца шкоднікам сельскагаспадарчых культур; Сакавік — март; сок берёзы, клёна; трэці месяц каляндарнага года), другія матываваныя словы не ўступаюць нарматыўным адпаведнікам (параўн. дыял. Братан — літ. пляменнік; братанічка — пляменніца; вячорка — вечарынка; гнятуха (гнятучка) — панос; дзярун — драпежнік; квасіны — закваска; тухлець (тухліць) — смярдзець; шчэліцца — трэскацца).

Праўда, не ўсё са слоўніка Я. Станкевіча можа стаць важнай крыніцай папаўнення лексічных рэсурсаў беларускай літаратурнай мовы. У яго рэестравай частцы зафіксавана немалая колькасць дыялектных слоў, якія адрозніваюцца немілагучным гучаннем і тэрытарыяльна вузкім ужываннем: вірла — глаз; чмурыцца — морщиться; вілаводзіць — сводить с прямого пути, путать, запутывать дело; вілаводнік — обманщик; дзявушчы — холостяк; дзярбачыць — скородить пружинной бороной; марзакі — губы; петать — сильно бить, колотить, тяжело работать, грузить; сукры — локоны.

Мовазнаўцамі нашай краіны падрыхтаваны «Слоўнік беларускай літаратурнай і народна-гутарковай мовы». Гэта новы тып слоўніка, ад існуючых слоўнікаў ён адрозніваецца зместам і прынцыпам пабудовы. У ім зведзена сінанімічная дыялектная лексіка ў адпаведныя рады, якія падведзены да пэўнага нарматыўнага адпаведніка, што выступае як апорнае слова ў такім радзе. Асаблівасцю слоўніка з'яўляецца наяўнасць у яго рэестравай частцы тых нарматыўных лексічных адзінак, якім у народным асяроддзі адпавядаюць сінанімічныя рады (ад аднаго да двухсот) з характэрнымі для іх семантычнымі, унутрыструктурнымі і акцэнталагічнымі варыянтамі, а таксама стылістычнымі паметамі.

Скажам, лексеме жанчына ў народным асяроддзі адпавядаюць: (маладая) нявеста, (старая) карга, (вясёлая) вясёлка, (мажная) басэтля, ланка, турыца, цахна, (слабая) вахлячка, нядошліца, (кволая) хілячка, (нездаровая) трухлячка, (высокая) гальдоба, гардабэрда, гойда, грамабой, далігойда, дэрба, (худая) біржа, дыгля, кацубешка, падэрва, скаба, сухрынка, хударэба, шкобля, (невысокая) каратуха, курапатка, кудра, кудрыпка, курдупля, куртка, почка, (поўная) жыроха, ляпёха, пампуха, тоўба, (сытая) гладуха, расплытуха, (спрытная) вужлячка, огнянка, падземніца, трапятуха, (ліслівая) льсцёха, (хітрая) вужовіца, выжла, хітрыца, (языкаватая) знайда, лэха, сечка, тарадэйка, (злая) вужачка, (лёгкадумная) вяртахла, завалока, махла, флюндра, шалаганка, (абразлівая) цытра, (нязграбная) надаўбня, сусла, (дурнаватая) галгаянка, стаўбеня, (непатрэбная) выляжанка, (непрыгожая) рапуха, (кучаравая) кундра, (непрычасаная) гірма, кошла, (балбатлівая) абгаворшчыца, баўтуха, лопацень, лапянда, лаханда, лахна, (замужняя) дружына, мужатка, сябрына, (незамужняя) акідзішча, (разводная) апушчэнка, развадуха, разводка, разжынка, разлучніца, разлучэнка, раскіданка, (рухавая) ажогла, груня, дрында, качолка, ласіца, раструханка, (павольная) клемпа, (працавітая) здзялуха, працавітка, старанніца, хібетніца, (лянівая) ацесліўка, баглайка, бінда, валяваха, журка, лянцёха, лярва, чыпчыліндра, (непаваротлівая) батарэя, валіза, капуха, карпуха, кепша, мяла, папіхайла, торба, чопа, рэпта, шула, (бяздзетная) бяздзетуха, каменніца, (шматдзетная) семенніца, (стройная) заглядуха, хібатніца, (гаварлівая) сакатуха, склопка, тарандоха, (неадчэпная) смаргуння, (сварлівая) буркуха, гаргара, гнусарка, грызуння, грынза, жабуха, зайдоха, заноза, кінчыба, ласкатуха, сучка, (крыклівая) глытаўка, смальня, (ахайная) хандога, (неахайная) абрыдніца, абрында, ануча, апускліўка, апушчоніца, ашкарэліна, бараханчыха, брудзерка, брында, бэйля, бэля, вахламоня, выдра, гідліўка, даліда, данда, дзяндзіха, дзяргуння, драпаста, дрыпса, забрындоха, зачуха, зепа, караўка, карэлка, каўмыга, каўтыга, кацмалух, кеца, кіця, комза, лахудра, мара, нікега, нэхля, нямыка, няхлюя, пацяпенька, расамаха, рахамудка, рашэціна, салодка, слімазурніца, халдзейка, чулінда, чуліндра, (запальчывая) пасіянатка, хлепясліўка, шэйна, (фанабэрыстая) малімонка, (удалая) удалуха, (няўжыўчывая) разганіха, (незадаволеная) бажавальніца, бажавольніца, (гугнявая) мыркуння, (разгульная) выцірка, гайдамачка, круцяка, пляшніца, (брудная) брында, марцэля, (крываногая) клыпша, (чорная) жужалка, мурынка, (глухая) шухляндзя, (нямая) немка, (сляпая) сляпчыха, (рабая) рабонка, рабка, (губатая) губэся, лупяндзя, (грудастая) цыцоха, (дзыбатая) зыгута, (з моднай прычоскай) маглеўка, (з неахайнай прычоскай) касма, (мужчынападобная) пахлапень, (што поле) палоцця, (якая ўбірае лён з поля) барыльніца, (якая трэпле, трэ лён) перацяруха, тральня, трапачка, труха, трэльніца, церая, (якая сцеле лён) сланніца, (рве лён) бралка, (якая садзіць бульбу) саджальніца, садзельня, садзенніца, садзілка, (якая раскідае гной) раскідальніца, (якая зграбае сена) грабенніца, (якая пячэ каравай) каравайніца, (ласая да бліноў) блінніца, (якая збірае ягады) ягадніца, (якая завівае валасы нявесце) завівальніца, (на ўтрыманні) бонка, (не вартая ўвагі) пантухлёўка, (непаседлівая) пасельніца, пасялуха, пахадзіха, пахатніца, пахатуха, (якая ўзяла мужа да сябе дамоў) прымачка, (пявучая) пяўчыца, (пустая) пусцільга.

Слоўнік выконвае двайную функцыю — практычную і навуковую. З аднаго боку, ён паслужыць каштоўнай крыніцай папаўнення слоўнікавага складу сучаснай беларускай літаратурнай мовы. З другога — з'явіцца навуковым даведнікам па розных пытаннях нашага мовазнаўства. Яго значэнне выходзіць за межы вузка нацыянальныя, паколькі слоўнік будзе з удзячнасцю прыняты ўсімі, хто займаецца вывучэннем гісторыі славянскіх народаў і іх моў.

Наш народ зрабіў і робіць сваю справу — быў і застаецца Творцам сваёй мовы, жыццё і культурную значнасць якой падтрымліваюць не толькі айчынныя, але і замежныя славісты. Яшчэ Скарына сумеў убачыць істотную пазнавальную асаблівасць слова, таму і павучаў: «Не толико жив ест человек хлебом или лекарством, но более всяким словом».

Цэтлікі: , ,

Ответить

  Проверка PR и ТИЦ
Нашы сябры:
Казкі беларускія!