A A

Л. Пісарэк. БЕЛАРУСКІ МОЎНЫ ЭТЫКЕТ НА ФОНЕ РУСКАГА І ПОЛЬСКАГА

У сучасным мовазнаўстве пад моўным этыкетам звычайна разумеюць правілы моўных паводзін, абавязковыя для членаў дадзенага грамадства ў акрэсленых прагматычных сітуацыях [1]. Да гэтых нацыянальна спецыфічных правіл адносіцца, між іншым, выбар адпаведных камунікатыўных формул, прызначаных для ўстанаўлення, падтрымання і разрыву моўнвгв кантакту паміж суразмоўнікамі. Да адзінак моўнага этыкету належаць формы звароту, прывітання, падзякі, пажадання, парады, просьбы і інш.

Трэба падкрэсліць, што адзінкі моўнага этыкету з’яўляюцца акрэсленымі актамі мовы, або ілакутыўнымі (перфарматыўнымі) актамі. Вымаўленне этыкетных формул раўназначнае адпаведным дзеянням. Матэрыяльная рэалізацыя гэтых дзеянняў выяўляе нацыянальна-культурную сваеасаблівасць моўнага этыкету ў кожнай мове, якая вынікае з розных традыцый культуры і звычаяў моўных паводзін.

Прадметам майго невялікага даследавання будзе рэалізацыя ў беларускай мове групы экспрэсіваў, г. зн. такога тыпу актаў мовы, які з’яўляецца галоўнай часткай моўнага этыкету і выказвае высокую частотнасць у міжлюдскіх моўных адносінах. Ядром экспрэсіваў можна лічыць наступныя акты: прывітанні, развітанні, падзякі, перапрошванні, віншаванні, пажаданні, спачуванні [2]. Яны маюць універсальны характар, і як акты, што рэгулююць міжасабовыя адносіны камунікантаў, адыгрываюць важную ролю ў працэсе моўнай камунікацыі [3]. Вось таму, улічваючы агульную праблематыку нашага кангрэса, нам хацелася б кінуць позірк на моўнае выражэнне беларускіх экспрэсіваў у супастаўленні з фактамі дзвюх суседніх моваў – рускай і польскай. Такое параўнанне мае на мэце выявіць пэўныя тэндэнцыі ў выкарыстанні тых ці іншых моўных формаў пры выражэнні такога тыпу актаў у беларускай мове. Гэтая спроба мае папярэдні, агульны характар.

Перш за ўсё трэба зазначыць, што экспрэсівы, як і іншыя акты мовы, рэалізуюцца ў перфарматыўных выказваннях, г. зн. у эквіакцыянальных, аўтарэферэнтных выказваннях. Гаворачы “Я віншую вас, я жадаю вам, я дзякую” і інш., мы тым самым выконваем адпаведнае дзеянне: віншаванне, пажаданне, падзяку, перапрошванне.

Перфарматыўныя выказванні могуць мець рознае аблічча. Так званымі кананічнымі перфарматывамі [4] з’яўляюцца выказванні, у склад якіх уваходзіць дзеяслоў у форме 1-й ас. адз. л. цяп. часу індыкатыву: віншую, вітаю, дзякую, жадаю, перапрашаю і інш. Гэты дзеяслоў называе камунікатыўны намер таго, хто гаворыць, або ілакутыўную мэту выказвання. Такія аўтанамінатыўныя выказванні з’яўляюцца экспліцытна-перфарматыўнымі. А іх галоўная структурная асаблівасць – акрэсленасць граматычнай формы.

Перфарматыўныя выказванні, якія не маюць гэтых рысаў, можна акрэсліць як імпліцытна-перфарматыўныя. Да іх адносяцца розныя камунікатыўныя тыпы сказаў: апавядальныя, пытальныя, пабуджальныя. Хаця яны і эквівалентныя, аднак не з’яўляюцца аўтанамінатыўнымі. Камунікатыўны намер таго, хто гаворыць, у дадзеным выпадку часта можа мець розныя інтэрпрэтацыі [5].

Як вядома, спосабы выражэння моўных дзеянняў у розных мовах адрозніваюцца. Але нават і тады, калі ў мовах існуюць падобныя рэалізацыі, аднолькавых камунікатыўных інтэнцыяў, іх стылістычная маркіроўка, частотнасць, сфера ўжывання бываюць адметнымі [6].

Параўнанне паказвае, што ў рускай мове пераважаюць імпліцытна-перфаматыўныя імпліцытна-перфарматыўныя рэалізацыі экспрэсіваў. Напрыклад, пры выражэнні падзякі, перапрошвання, прывітання, развітання якраз імпліцытна-перфарматыўныя выказванні з’яўляюцца галоўнай, найбольш частотнай, стылёва нейтральнай рэалізацыяй гэтых актаў: спасибо вам / тебе за...; извините / простите меня за...; здравствуйте / прощайте, дорогие друзья, до свидания, до встречи, до завтра. Магчыіасці экспліцытна-перфарматыўнага выражэння існуюць у рускай мове, але часцей за ўсё гэта стылёва маркіраваныя рэалізацыі (ветлівыя, афіцыйныя варыянты) : приветствую вас; благодарю за внимание; прошу прощения за беспокойство і інш. Прычым у некаторых выпадках, напрыклад пры рэалізацыі развітання, экспліцытна-перфарматыўнае выражэнне выступае толькі ў мадыфікацыях: я хотел(а) бы попрощаться; разрешите попрощаться і г. д.

У польскай мове, у адрозненне ад рускай, параважае экспліцытна-перфарматыўны тып рэалізацыі разгледжаных экспрэсіваў. Гэта праяўдяецца ў магчымасці запаўнення прэдыкатнай пазіцыі шэрагам перфарматыўных дзеясловаў і іх аналітычных эквівалентаў (дапаможны дзеяслоў і дэвербатыў): witam / ?egnam szanownego pana; dzi?kuj? za pomoc / sk?adam podzi?kowania za pomoc; przepraszam za sp??nienie / prosz? o wybaczenie / przebaczenie; gratuluj? / winszuj? / sk?adam gratulacje / powinszowania; ?ycz? zdrowia / sk?adam ?yczenia; wsp??czuj? bardzo / szczere wyrazy wsp??czucia.

Такім чынам, заўважаецца функцыянальная тоеснасць імпліцытна-перфарматыўных рэалізацый у рускай мове з экспліцытна-перфарматыўнымі рэалізацыямі ў польскай: спасибо – dzi?kuj?, здравствуйте – witam, прощай ?egnam, извините / простите – przepraszam і інш.

Як уяўляецца выражэнне экспрэсіваў у беларускай мове з гэтага пункту гледжання? Неабходна заўважыць, што тыя моўныя дадзеныя, якія знаходзяцца ў падручніках, размоўніках моўных дапаможніках, слоўніках, не маюць, на жаль, ні стылістычных памет, ні ўказанняў на частотнасць ужывання. Таму сабраны ў іх эмпірычны матэрыял можа быць выкарастаны абмежавана. Аднак на аснове гэтых дадзеных, дапоўненых ужываннем іх у тэкстах мастацкай літаратуры і публіцыстыкі, а таксама на падставе ўласных назіранняў і ўласнай моўнай кампетэнцыі мы спрабуем паглядзець на выражэнне адзінак моўнага этыкету ў супастаўленні з тымі тэндэнцыямі, якія можна заўважыць у рускай і польскай мовах.

Безумоўна, і ў беларускай мове ўжываюцца тыя ж сродкі для выражэння экспрэсіваў, як у рускай ці польскай. Да іх належаць:

1) экспліцытна-перфарматыўныя выказванні: вітаю вас; маё прывітанне шаноўнаму спадарству; сардэчна табе / вам дзякую; я перапрошваю / перапрашаю вас за...; прашу прабачыць / выбачыць / прабачэння за...; жадаю / жычу / вам / табе поспехаў; вішшую вас / цябе са святам; спачуваю вам / табе, шчырае спачуванне;

2) імпліцытна-перфарматыўныя выказванні: добры дзень вам; добры вечар; бывайце здаровы; да пабачэння; да сустрэчы; добрай ночы; дабраноч; дзякуй / вялікі дзякуй; выбачайце; прабачайце; даруйце; каб вы здаровы былі і радаваліся; шчаслівага Новага года; са святам; с Калядамі; з поспехам і інш.

3) мадыфікацыі і варыянты перфарматыўных выказванняў: маю гонар / я рады вітаць вас; дазвольце вітаць / прывітаць вас і пажадаць...; дазвольце мне павіншаваць вас з ... і перадаць прывітанне; дазвольце падзякаваць за ...; я хачу выказаць словы падзякі і інш.

Мадыфікацыі перфарматыўных выказванняў і варыянту, у якіх у прэдыкатыўнай пазіцыі выступаюць аналітычныя формы (прашу прабачыць, выказваю падзяку і інш.), як здаецца, маюць у беларускай мове, таксама як і ў рускай ці польскай, стылістычную маркіроўку. Гэта афіцыйныя, больш ветлівыя рэалізацыі адпаведных актаў мовы [7].

На падставе вядомага нам эмпірычнага матэрыялу можна дапусціць, што ў беларускай мове пры рэалізацыі экспрэсіваў амаль аднолькавае ўжыванне маюць і экспліцытна- і імпліцытна-перфарматыўны тыпы. Таму цяжка пакуль што гаварыць аб пэўнай тэндэнцыі. Нашыя назіранні дазваляюць прыйсці толькі да наступных вывадаў: у беларускай мове пры рэалізацыі прывітання і развітання галоўным, найбольш частотным, стылёва нейтральным з’яўляецца імпліцытна-перфарматыўны тып (добры дзень, бывайце здаровы, да пабачэння); пры рэалізацыі падзякі экспліцытна-перфарматыўны тып (дзякую) можна лічыць галоўным спосабам выражэння; пры рэалізацыі перапрошвання – імпліцытна-перфарматыўны тып (выбачайце, прабачайце, даруйце); пры рэаліацыі віншаванняў і пажаданняў выкарыстоўваюцца часцей імпліцытна-перфарматыўныя варыянты парадыгмы (усяго добрага, са святам цябе, з Новым годам), чым экспліцытна-перфарматыўныя варыянты; спачуванні маюць выражэнне экспліцытна-перфарматыўнае (спачуваю вам, шчырае спачуванне).

Мае папярэднія вывады з’яўляюцца вынікам першай спробы больш шырокага погляду на выражэнне адзінак беларускага моўнага этыкету ў супастаўленні з рускім і польскім.

ЛІТАРАТУРА

1. Гл. напрыклад: Формановская Н. И. Речевой этикет // Лингвистический энциклопедический словарь. – М., 1990. – С. 413; Marcjanik M. Etykieta j?zykowa // Encyklopedja kultury polskiej XX wieku: wsp??czesny j?zyk polski. – Wroc?aw, 1993. – S. 271.

2. Писарек Л. Речевые действия и их реализация в русском языке в сопоставлении с польским (экспрессивы) (у друку).

3. Шиленко Р. В. Регулирование равновесных межличностных отношений в коммуникативном пространстве // Языковое общение: Процессы и единицы. – Калинин, 1988. – С. 117 -118.

4. Апресян Ю. Д. Перформативы в грамматике и словаре // Изв. АН СССР Сер. лит. и яз. 1986. — № 3. – С. 211; Богданов В. В. Речевое общение. – Л., 1990. – С. 59 -60.

5. Падрабязней гл.: Богданов В. В. Речевое общение. – Л., 1990. – С. 60.

6. Wierzbicka A. Podw?jne ?ycie cz?owieka dwyj?zycznego // J?zyk polski w ?wiecie. – Warszawa, 1990. – S. 88.

7. Писарек Л. Реализация акта речи в родственных языках и её стилистическая маркированность Stylistyczne konfrontacje. – Opole, 1994. – S. 47 – 53.

(Беларусь паміж Усходам і Захадам. – Ч. 2. – Мінск, 1997. – С. 123-126)

Цэтлікі: ,

Ответить

  Проверка PR и ТИЦ
Нашы сябры:
Казкі беларускія!