A A

A. Кiклевiч, A. Пацехiна. БЕЛАРУСКАЯ ЛIТАРАТУРНАЯ НОРМА: ДЫНАМIК I IНАВАЫI (ПА МАТЭРЫЯЛАХ СУЧАСНАГА БЕЛАРУСКАГА ДРУКУ)

Суб, 21 лютага 2009

Беларуская мова, Навiны

1. Уступ

Змены палiтычных, сацыяльных i эканамiчных адносiн у беларускiм грамадстве ў другой палове 80-х – пачатку 90-х гадоў суправаджалiся актыўнымi працэсамi ў беларускай мове, якiя, галоўным чынам, датычыліся пашырэння сферы яе выкарыстання, а таксама характару яе кадыфiкацыi. Стаўленне да лiтаратурнай нормы падзялiла беларускую iнтэлiгенцыю на два лагеры: «кансерватараў» i «рэфарматараў» (Bieder 1995, 410). Апошнiя iмкнулiся да таго, каб змянiць iснуючыя моўныя нормы, перш за ўсё – арфаграфiчныя. Пры гэтым яны абапiралiся на выдадзеную ў 1918 годзе «Беларускую граматыку для школ» Б.Тарашкевiча (Тарашкевiч 1929/1991), па ацэнцы «рэфарматараў» – «die klassische und beispielhafte Variante der wei?russischen Standartsprache» (Bieder 1995, 410). У кароткай прадмове да факсiмiльнага выдання Граматыкi Тарашкевiча нават даволi памяркоўны прыхiльнiк моўных рэформ акадэмік А.I.Падлужны звяртаў увагу на тое, што яе шырокае вывучэнне не толькi адкрые магчымасць “пазнаёмiцца ў поўным аб’ёмё з правапiснымi i граматычнымi нормамi 20-х гадоў, параўнаць iх з iснуючымi зараз, зрабiць ацэнку граматычнай тэрмiналогii таго перыяду i цяперашнюю”, але таксама дазволiць “ацанiць, што можна ў з н а в i ц ь (разрадка наша. – А.П., А.К.) з былых часоў”.

Акадэмiчная граматыка i выдадзеныя на яе аснове падручнiкi беларускай мовы крытыкавалiся як русiфiкатарскiя. Афiцыйная лiтаратурная норма, перш за ўсё сiстэма арфаграфii, якая была зацверджана рэформай 1933 года – так званая «наркамаўка», супрацьпастаўлялася «тарашкевiцы» – новай норме, якая, на думку, «рэфарматараў» не мела рыс савецкасцi i рускасцi. У беларускамоўных перыядычных выданнях пачаўся перыяд арфаграфiчнага валюнтарызму (Шуба 1998): адны кiравалiся «наркамаўкай», другiя – «тарашкевiцай», што часам сустракалася нават на старонках аднаго i таго ж выдання. Так, аўтары часопiса «Спадчына» мелi права па ўласнаму жаданню выбiраць адну з дзвюх версiй арфаграфii.

Рэформа беларускага правапiсу шырока абмяркоўвалася ў грамадстве – на шматлiкiх канферэнцыях, семiнарах, сходах. У дыскусiях прымалi ўдзел не толькi, а нават не столькi прафесiйныя лiнгвiсты, колькi аматары – стыхiйныя беларусiсты: настаўнiкi, студэнты, рабочыя, вайскоўцы, пенсiянеры... Была створана дзяржаўная камiсiя па рэформе правапiсу. Аднак здзяйсненне рэформы аказалася справай даволi складанай, тым больш што нi «кансерватары», нi «рэфарматары» не прадугледжвалi кампрамiсных рашэнняў, таму выпрацаванне новага, “кампраміснага” правапісу – адно з рашэнняў акадэмічнай канферэнцыі 1992 году – так і не было зрэалізавана. Гэта ў рэшце рэшт прывяло да сумнай высновы: «Трэба змiрыцца з суiснаваннем дзвюх правапiсных нормаў» (Цыхун 1993).

Рэфарматары прапаноўвалi не толькi змены ў арфаграфii, але i значныя iнавацыi ў галiне лексiкi i марфалогii. Такiм чынам, беларуская мова павiнна была р а д ы к а л ь н а пашырыць сферу ўжывання ў р а д ы к а л ь н а новай, нязвыклай для грамадства версii, што ва ўмовах высокай энтрапiйнасцi (фактычна – дэструктыўнасці) пераходнага перыяду, а таксама пад уплывам іншых фактараў проста не магло мець шансаў на поспех (Kiklevic 1997, 87).

Iснаванне двух лiтаратурных стандартаў пры вельмi слабай сацыяльнай дыферэнцыяцыi мовы – толькi адзiн з парадоксаў моўнай сiтуацыi ў Беларусi ў перыяд так званага Другога беларускага адраджэння. Iншы парадокс ў тым, што iнавацыйная норма ў цэлым не абапiралася на рэальную маўленчую практыку, успрымалася як штучная – яна як бы ўзвышалася над грамадствам i насiла элiтарны характар.

Вядома, што ў сваiм гiстарычным развiццi лiтаратурная беларуская мова фармiравалася, галоўным чынам, на аснове ўласных (пераважна – сярэднебеларускiх) дыялектаў. Важным фактарам яе фармiравання – у залежнасцi ад розных грамадска-палiтычных умоў – было таксама ўзаемадзеянне з рускай i польскай мовамi.

Iнавацыйная ж норма арыентавалася:

а) на заходнебеларускiя гаворкi,
б) на мову Першага беларускага адраджэння (у прыватнасцi, на Граматыку Тарашкевiча) i
в) на польскую мову.

Апошняму з гэтых фактараў i будзе прысвечана наша ўвага ў дадзеным артыкуле.

Польская i беларуская мова звыш 300 гадоў суiснавалi на тэрыторыi Вялiкага Княства Лiтоўскага, а потым – на тэрыторыi так званых паўночна-усходнiх “крэсаў” Рэчы Паспалiтай. Значная частка беларускай шляхты i iнтэлiгенцыi пасля раздзелу Польшчы да самага канца 20 ст. у штодзённым побыце карысталася абедзвюма мовамi.

Ад часоў Першага беларускага адраджэння (другая палова 19 ст. – 30-я гады 20 ст.) да цяперашняга часу адносiны да польскай мовы ў Беларусi складалiся па-рознаму: у адных выпадках можна назiраць нават прыняцце польскай графiкi (напрыклад, В.Дунiнам-Марцiнкевiчам, Ф.Багушэвiчам або iнш.), у iншых (напрыклад, ў працах В.Ластоўскага або Я.Станкевiча) – рашучае адмаўленне ад усiх элементаў польскасцi.

У перыяд памiж 30–80-мi гадамi 20 ст. моўна-культурныя кантакты памiж Польшчай i Беларуссю былi абмежаванымi, а беларуская лiтаратурная мова знаходзiлася пераважна пад уплывам рускай, хаця трэба адзначыць, што ў

60-я гады праявiлася выразная тэндэнцыя да развiцця лiтаратурнай нормы за кошт уласных, перш за ўсё дыялектных, а таксама гiстарычных крынiц. Менавiта ў гэты час узнавiлiся актыўныя лiнгвiстычныя даследаваннi старабеларускай мовы, пачаў збiрацца матэрыял для гiстарычнага слоўнiка, з’явiлася грунтоўная праца аб арфаграфiчнай сiстэме старажытнай беларускай мовы (Булыка 1970).

Уплыў польскай мовы на беларускую найбольш выразна адчуваўся ва ўмовах бiлiнгвiзму, асаблiва – у вуснай i пiсьмовай мове беларускага насельнiцтва на тэрыторыi Польшчы, галоўным чынам – на Беласточчыне, што стала прадметам даследавання ў кандыдацкай дысертацыi: Федорук 1986. Прааналiзаваўшы выданні Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Беластоку (лiтаратурныя альманахi “Белавежа”, беларускiя календары, нумары газеты “Нiва” за 1970, 1974, 1977—1980, 1983, першае паўгоддзе 1985 гг. i iншыя крынiцы), даследчыца выявiла шматлiкiя польскiя элементы ў беларускай мове гэтых выданняў. Шырока прадстаўлены польскiя лексiчныя iнкарпарацыі, напрыклад:

пралька: Атрымалi яны каштоўныя рэчавыя ўзнагароды: пыласосы, пралькi (“Нiва” 1974/1, 5); польск. pralka, бел. пральная машына;

навачэсны: Простай мове прыйшоў крах у навачэсных гарадах (“Нiва” 1984/19, 5); польск. nowoczesny, бел. сучасны;

застанаўляцца: Калi вялiкi б’е малога, дык доўга не застанаўляйся i стань на сторану слабога (А.Барскi); польск. zastanawia? si?, бел. задумвацца.

Вельмi цiкавая з’ява – перадача польскiх абрэвіятур, якiя часцей за ўсё захоўваюць свой зыходны фанетычны выгляд, пар.:

ПКС: На 2800 км дарог ездзяць аўтобусы ПКС (“Беларускi каляндар” 1984, 77); польск. PKS – Panstwowa Komunikacja Samochodowa, бел. Дзяржаўны аўтатранспарт;

ПОП: Яшчэ ў Вульцы быў ён сакратаром ПОП (“Беларускi каляндар” 1981, 77); польск. POP – Podstawowa Organizacja Partyjna, бел. пярвiчная партыйная арганiзацыя (партарганiзацыя).

Сярод марфалагiчных паланiзмаў I.Фядорук адзначае даволi распаўсюджаныя змены граматычных значэнняў i форм назоўнiкаў, дзеясловаў, лiчэбнiкаў i iншых часцiн мовы, якiя датычацца як уласна беларускiх, так i запазычаных слоў, напрыклад:

грыпа: ...Хай качае мужа ў ложку грыпа (“Нiва” 1977/12, 7); польск. grypa – жаночы род, бел. грып – мужчынскi род;

мэблi: Падлогу такую нiшчаць танцы, перасоўванне мэбляў (“Беларускi каляндар” 1984, 210); польск. meble – множны лiк, бел. мэбля – адзiночны лiк;

буду жыла: З кiм я буду жыла (“Нiва” 1978/36, 5); польск. b?d? ?y?a, бел. буду жыць.

Шырока прадстаўлены i фанетычныя паланiзмы:

млека: Кiсель аўсяны з маслам, або яблыкi з... млекам (“Белавежа” 1965, 93); польск. mleko, бел. малако;

очы: Не пытай, чаго заплаканы очы (“Нiва” 1983/31, 8); польск. oczy, бел. вочы;

актор: ...Гледач i актор – удзельнiкi шумнай арэны (“Белавежа” 1971, 27); польск. aktor, бел. акцёр.

Значнае месца займаюць таксама (слабей адлюстраваныя ў працы I.Фядорук) запазычаныя з польскай мовы сiнтаксiчныя з’явы. Адна з распаўсюджаных памылак у тэкстах польскiх беларускамоўных выданняў – парушэнне правiл кiравання ў дзеяслоўных i iменных словазлучэннях, пра што сведчаць прыклады з нашай уласнай картатэкi:

Хлопец нiдзе не працаваў, i жылi выключна з яе грошай i з таго, што давалi iм бацькi (“Нiва” 1989); польск. ?y? z + Gen, бел. жыць на + Acc;

Карыстанне з рускай мовы выклiкана многiмi фактарамi (“Нiва” 1989); польск. korzysta? z + Gen, бел. карыстацца + Instr;

Мачыха мела сваiх двое дзяцей, але яны засталiся жыць пры старой бабулi (“Нiва” 1989); польск. zy? przy + Loc, бел. жыць з + Instr/у + Loc;

Амерыканскi сатырык Марк Твэн, адказваючы на ліст маладога кандыдата на пiсьменнiка, напiсаў... (“Нiва” 1989); польск. kandydat na + Acc, бел. кандыдат у + Acc;

Пчолы працавiта выбiраюць з кветак нектар i перапрацоўваюць яго на мёд (“Нiва” 1989); польск. przerobi? Acc + na + Acc, бел. перапрацаваць Acc + у + Acc.

У гады Другога беларускага адраджэння стаўленне да польскай мовы ў беларускiм грамадстве радыкальна змянiлася: мова сучасных сродкаў масавай iнфармацыi, перад усiм – «апазiцыйных» (газет «Наша нiва», «Свабода» i iнш., а таксама беларускай рэдакцыi радыё «Свабода») стала насiць выразныя рысы польскасцi, на што звярталася ўвага ў літаратуры (Шуба 1998, 34). Элементы польскага ўплыву назiраюцца на ўсiх моўных узроўнях: у фанетыцы, лексiцы, словаўтварэннi, словазмяненнi, сiнтаксiсе. Разгледзiм гэтыя з’явы на канкрэтным фактычным матэрыяле (моўныя факты выбiралiся з газет «Наша нiва», «Свабода» i «Наша слова» за 1997 год).

2. Фанетычныя з'явы

Як вядома, асноўным у беларускай арфаграфii з’яўляецца фанетычны прынцып, згодна з якiм лiтара адпавядае гуку, а змены ў арфаэпii непасрэдна адлюстроўваюцца ў арфаграфii. Разам з тым значную ролю ў беларускiм правапiсе адыгрывае таксама марфалагiчны (або фаналагiчны) прынцып, згодна з якiм лiтара адпавядае моцнаму варыянту фанемы, як, напрыклад, пры напiсаннi канчатковых зычных у назоўнiках з нулявой флексiяй, пар.: дуб, нож, мароз, бераг i iнш., або пры напiсаннi суфiкса -ск- , пар.: ленiнградскi, каўказскi, варонежскi i iнш. У адпаведнасцi з iнавацыйнай лiтаратурнай нормай, якая шырока прадстаўлена ў «апазiцыйных» сродках масавай iнфармацыi, пашыраецца сфера дзейнасцi фанетычнага прынцыпа арфаграфii.

2.1. У сучаснай беларускай лiтаратурнай мове цвёрдаму зубному [л] адпавядае палаталiзаваны [л']. Як правiла, спалучэннi [ла], [ло] у запазычаных словах перадаюцца з цвёрдым [л], хаця ў некаторых ранейшых запазычаннях праз пасрэднiцтва польскай мовы ў лiтаратурнай норме замацаваўся мяккi зычны [л'], якi якраз адпавядае польскаму альвеалярнаму (пярэднепаднябеннаму) [l'], пар.: лямпа, лямантаваць, лямец.

Зубная артыкуляцыя палатальнага [l] характэрна для так званай polszczyzny kresowej. Да рэформы беларускай арфаграфii 1930 г. iншамоўныя словы са спалучэннямi [ла], [ло] пiсалiся з улiкам мяккага зубнога вымаўлення [л'] (зараз цяжка з упэўненасцю сцвярджаць, цi было такое вымаўленне шырока распаўсюджаным, цi мела, хутчэй за ўсё, характар своеасаблiвага iнтэлiгенцкага арго), пар. такiя напiсаннi, як: фiлёзофiя, фiлёлёгiя, лёгiчны i iнш. Але пры гэтым не бралася пад увагу тое, што беларускай мове ўласцiва змяненне галосных у ненацiскных складах, у тым лiку – i ў першым складзе перад нацiскам. Гэта значыць, што павiнна было б быць не фiлёзофiя, а фiлязофiя, не фiлёлёгiя, а фiлялёгiя, не лёгiчны, а лягiчны. Арфаграфiя ў дадзеным выпадку цалкам арыентавана на польскую мову, пар. польск.: filozofia, filologia, logiczny.

Не выклiкае сумнення, што формы першага i другога тыпу выглядаюць як штучныя. Паводле усходнеславянскай кнiжнай традыцыi спалучэннi [ла], [ло] у словах iншамоўнага паходжання перадаюцца з цвёрдым зычным, тады як [л'] ужываецца перад галоснымi пярэдняга раду [э], [i]. Так, у адпаведнасцi з сучаснай афiцыйнай лiтаратурнай нормай патрабуецца цвёрдае вымаўленне зычнага перад непярэднiмi галоснымi, пар.: фiласофiя, фiлалогiя, лагiчны.

Iнавацыйная норма вяртае нас да старой арфаграфii (i арфаэпii), але мае цiкавую асаблiвасць: з аднаго боку, спалучэннi [ла], [ло] перадаюцца з мяккiм [л'], пар.: шакаляд – замест лiтаратурнага шакалад, пiлёт – замест лiтаратурнага пiлот, дэклямаваць – замест лiтаратурнага дэкламаваць, блёк – замест лiтаратурнага блок, але, з другога боку, захоўваецца аканне, пар.: фiлялёгiя, лягiчны.

2.2. Адной з адметных рыс беларускай мовы з'яўляецца «дзеканне» i «цеканне» – мяккае вымаўленне [з'], [с'], [дз'] i [ц'] з дарсальнай артыкуляцыяй у адрозненне ад апiкальнай артыкуляцыi парных iм цвёрдых зычных [з], [с], [дз] i [ц].

Згодна з нормай беларускага лiтаратурнага вымаўлення ў iншамоўных словах перад галоснымi пярэдняга раду захоўваюцца цвёрдыя [т] i [д] (пар.: тэарэма, дыстанцыя), тады як [з] i [с] вымаўляюцца мякка, пар.: сiстэма, прэзiдэнт. У польскай мове ў такiм самым становiшчы прадстаўлены цвёрдыя [z] i [s], пар.: system, prezydent. Гэты ж прынцып перадачы [з], [с] у запазычаных словах прапануе iнавацыйная норма, пар.: сылюэт – замест лiтаратурнага сiлуэт, прэзыдэнт – замест лiтаратурнага прэзiдэнт, сытуацыя – замест лiтаратурнага сiтуацыя, фiзычны – замест лiтаратурнага фiзiчны.

2.3. Сучаснае беларускае лiтаратурнае вымаўленне грунтуецца на сярэднебеларускiх гаворках, якiм уласцiва памякчэнне губных [п], [м] [б], губна-зубнога [в], а таксама [н] перад галоснымi пярэдняга раду (гл. ДАБМ). Паводле iнавацыйнай нормы, гэтыя зычныя ў iншамоўных словах, перш за ўсё ў спалучэннях з галосным [э], павiнны вымаўляцца цвёрдa, пар.: пэйзаж – замест лiтаратурнага пейзаж, iнвэнтар – замест лiтаратурнага iнвентар, фэдэральны – замест лiтаратурнага федэральны (пар. польскiя pejza?, inwentarz, federalny). Гэта датычыцца нават запазычанняў з рускай мовы: пэрыёдыка – замест лiтаратурнага перыёдыка, рэспэктабельны – замест лiтаратурнага рэспектабельны. Iнiцыятары зазначаных змен, аднак, не заўсёды захоўваюць паслядоўнасць, як у выпадку з прыметнiкам эўрапейскi (лiтаратурнае – еўрапейскi): можна было б чакаць форму эўрапэйскi (з цвёрдым [п]).

2.4. Варта звярнуць увагу таксама на шэраг слоў кнiжнага паходжання. Паводле руска-царкоўнаславянскай традыцыi ў грэчаскiх запазычаннях лiтара «?» (бэта) часцей за ўсё перадаецца як «в», а лiтара «?» – як «ф», пар. рус. Варвара, Фаддей i iнш. Польская кнiжная традыцыя мае лацiнскiя каранi i транслiтаруе «?» як «b», а «?» – як «t», пар.: symbol, Barbara, Tadeusz, mit. На старонках «Нашай нiвы» знаходзiм:

Беларуская мова
(iнавацыйная норма)
Польская мова Руская мова
сымбаль (лiтар. сiмвал) symbol символ
па-барбарску (лiтар. па-варварску) po barbarzy?sku по-варварски
мiт (лiтар. мiф) mit миф
бiзантыйскi(лiтар. вiзантыйскi) bizantyjski византийский

2.5. Польскiм уплывам, на наш погляд, трэба тлумачыць таксама i некаторыя змены арфаграфii прыметнiкаў суфiксальнага ўтварэння. На стыку кораня i суфiкса паводле законаў беларускай марфаналогii адбываецца асiмiляцыя, якая ў сучаснай нарматыўнай арфаграфii адлюстроўваецца непаслядоўна, пар.:

Парыж – парыжскi
Прага – пражскi
чэх – чэшскi
горад – гарадскi,
але:
Баранавiчы – баранавiцкi
студэнт – студэнцкi

Iнавацыйная норма прапануе змены, якiя накiраваны на тое, каб павялiчыць рэгулярнасць словаўтваральных мадэлей, адбываецца ж гэта за кошт пашырэння сферы дзеяння фанетычнага прынцыпу арфаграфii – суфiксальныя ад’ектыўныя дэрываты адлюстроўваюцца на пiсьме ў адпаведнасцi з iх вымаўленнем, а таксама ў адпаведнасцi з польскiмi паралелямi, пар.: праскi, чэскi – польск. praski, czeski. Аднак нельга не заўважыць, што i новая версiя правапiсу застаецца непаслядоўнай: на нашу думку, няма патрэбы ўводзiць напiсаннi тыпу людзкi, бэлградзкi, грамадзтва, вытокi якiх можна знайсцi ў арфаграфii 20-х гадоў (пар. польск. belgradzki, grodzki), паколькi беларускай мове ўвогуле не ўласцiва прагрэсiўная асiмiляцыя зычных – дарэчы, як i польскай, дзе адпаведныя напiсаннi засноўваюцца на традыцыі.

2.6. Дынамiка лiтаратурнай нормы датычыцца таксама нацiску. Шырока распаўсюджаным стала ўжыванне назвы валюты ЗША ў форме да'ляр або да'ляраў, тады як традыцыйна нацiск ставiўся на першым складзе: 'долар, 'долараў. Вiдавочна, што новая форма, менавiта – да'ляраў, узнiкла пад уплывам польскай мовы, пар.: 'dolardo'lar?w. Польскi нацiск на перадапошнiм складзе адлюстроўваецца ў субстантываваным прыметнiку вы'ходны (дзень) пры нарматыўным выхад'ны, пар. польск. wychodne.

2.7. У новым фанетычным выглядзе выступаюць амаль усе іншаземныя тапонiмы, этнонiмы, а таксама iх дэрываты:

Беларуская мова
(iнавацыйная норма)
Польская мова Руская мова
Швайцарыя/Швэйцарыя (лiтар. Швейцарыя) Szwajcaria Швейцария
Гiшпанiя, гiшпанскi (лiтар. Iспанiя, iспанскi) Hiszpania Испания
Бэлград, бэлградзкi (лiтар. Белград, белградскi) Belgrad Белград
Эўропа (лiтар. Еўропа) Europa Европа
Чачэнiя (лiтар. Чачня) Czeczenia Чечня

3. Словаўтваральныя з’явы

У сферы словаўтварэння можна гаварыць пра актывiзацыю працэсаў дэрывацыi ва ўсiх часцiнах мовы, а таксама пра ўтварэнне новых форм па мадэлях, якiя раней лiчылiся непрадуктыўнымi, напрыклад:

Беларуская мова
(iнавацыйная норма)
Польская мова Руская мова
мiлiцыянт (лiтар. мiлiцыянер) milicjant милиционер
вучэльня (лiтар. вучылiшча) uczelnia училище
барокавы (лiтар.барочны) barokowy барочный
рэжысэр (лiтар. рэжысёр) re?yser режиссер

Некалькi год таму назад на старонках часопiсаў «Родная мова» i «Беларуская лiнгвiстыка», а таксама газеты «Наша слова» разгарнулася дыскусiя пра неабходнасць ужывання дзеясловаў i дзеяслоўных дэрыватаў з фармантам -iр-/-ыр- пры суфiксах -ава-/-ева- (Пацехiна, Дзяжко 1996). Праблема гэта абмяркоўвалася ўжо ў 40–50-х гадах у Расii i ў 60-х гадах на Украiне. Але, як вядома, фармант застаўся на сваiм месцы – лiквiдаваць яго не ўдалося.

Паводле iнавацыйнай нормы, формы дзеясловаў рэгулярна ўтвараюцца без «рускага» фарманта – яны арыентуюцца на польскi ўзор:

Беларуская мова
(iнавацыйная норма)
Польская мова Руская мова
дэзавуяваць (лiт. дэзавуiраваць) dezawuowa? дезавуировать
дэфармавацца (лiт. дэфармiраваць) deformowa? si? деформировать
санкцыянаваны (лiт. санкцыянiраваны) sankcjonowa? санкционированный
замаскаваны (лiт. замаскiраваны) maskowa? замаскированный

Але пры гэтым без змен застаюцца аддзеяслоўныя назоўнiкi: маскiроўка, а не маскоўка – тут узнiкала б “непажаданая” асацыяцыя з Масквой; стажыроўка, а не стажоўка – зноў жа пагражае непатрэбная асацыяцыя, цяпер – са стогам.

Утварэннi з -iр-/-ыр- выклiкаюць складанасцi не толькi ў звычайных носьбiтаў мовы, але i ў лiнгвiстаў, што праявiлася, напрыклад, пры ўкладаннi «Палiтэхнiчнага слоўнiка». Дзеясловы i iх дэрываты з названым фармантам належаць, у асноўным, да грамадска-палiтычнай або спецыяльнай (прафесiйнай) лексiкi, якая, галоўным чынам, запазычвалася (па зразумелых прычынах) з рускай мовы. У старабеларускай мове падобныя словы выступалi як запазычаннi з польскай, таму ў спадчыну сучаснай беларускай мове засталiся ўтварэннi без лацiнска-нямецкага -iр-/-ыр- . Перагляд усёй групы названай лексiкi патрабаваў бы вельмi карпатлiвай работы даследчыкаў, бо яна налiчвае больш за дзве тысячы слоў.

Адзначым, што знiкненне суфiксаў -iр-/-ыр- можа ў некаторых выпадках прывесцi да непажаданай аманiмii, пар.: апанаваць = 'авалодаць' або 'апанiраваць'.

4. Лексiчныя з’явы

Даволi актыўна запазычваецца з польскай мовы лексiка, пераважна – назоўнiкi. Як правiла, мэта такiх запазычанняў – замена iснуючых беларускiх лексем, якiя ацэньваюцца як русiзмы.

Цiкава звярнуць увагу на тое, што цэлы шэраг слоў запазычваецца другi раз: некаторыя з такiх лексем былi раней ужо зафiксаваны ў слоўнiках Насовiча, Байкова, Некрашэвiча i iнш. Але аб другасных запазычаннях варта было б правесцi асобнае даследаванне.

Запазычваюцца як лексемы ўласна польскага, так i iншамоўнага паходжання, напрыклад:

Беларуская мова
(iнавацыйная норма)
Беларуская мова
(лiтаратурная норма)
Польская мова
амбасадар пасол ambasador
чыньнiк фактар czynnik
мапа карта mapa
шкiцы накiд, эскiз szkice
дрэварыт ксiлаграфiя, гравюра drzeworyt
кiроўца вадзiцель kierowca
мурын негр Murzyn

5. Словазмяняльныя з’явы

Граматыка, як вядома, складае найбольш кансерватыўную, устойлiвую, рэгламентаваную моўную субсiстэму, але iнавацыйная норма прапануе даволi вялiкiя i разнастайныя змены ў галiне словазмянення, якiя ў пэўнай ступенi наблiжаюць беларускую мову да польскай.

5.1. Выбар флексii меснага склону назоўнiкаў мужчынскага роду ў адзiночным лiку дыктуецца ў сучаснай беларускай лiтаратурнай мове характарам канцавога зычнага асновы (цвёрды – зацвярдзелы – мяккi; заднеязычны – не заднеязычны), а таксама прыналежнасцю да пэўнай лексiка-семантычнай групы (асабовы – неасабовы, канкрэтны – абстрактны). Але ў «Нашай нiве» знаходзiм: у ценю (замест лiтаратурнага у ценi / у цянi) – пад уплывам польскай формы w cieniu; у «Доктару Фаўстусу», у Норману (замест лiтаратурных форм у «Доктары Фаўстусе», у Нормане) – па аналогii.

5.2. Вызначэнне канчаткаў -а/-у ў родным склоне адзiночнага лiку назоўнiкаў мужчынскага роду рэгламентуецца ў польскай i беларускай мовах, памiж iншым, лексiка-семантычнай прыналежнасцю слова, пры гэтым правiлы, адпаведна якiм той цi iншы канчатак суадносiцца з той цi iншай лексiка-семантычнай групай, часткова супадаюць. Iнавацыйная норма пашырае сферу ўжывання флексii -у – перш за ўсё ў тых выпадках, калi тую самую флексiю маюць польскiя лексiчныя адпаведнiкi, пар.:

Беларуская мова
(iнавацыйная норма)
Беларуская мова
(лiтаратурная норма)
Польская мова
iнстытуту iнстытута instytutu
унiверсiтэту унiверсiтэта uniwersytetu
тэатру тэатра teatru
спэктаклю спектакля spektaklu

6. Сiнтаксiчныя з'явы

У канструкцыях з прыназоўнiкам па ўжываюцца формы давальнага або меснага склону для назоўнiкаў адзiночнага лiку i толькi формы меснага склону для назоўнiкаў множнага лiку, пар.: iсцi па лесе, лекцыi па мовазнаўствухадзiць па лясах, лекцыi па праблемах мавазнаўства. Гэта асаблiвасць разглядаецца некаторымi даследчыкамi як адна з характэрных рыс беларускай мовы (Топоров 1961, 88). На думку У.М.Тапарова, цэлы шэраг прыкладаў з помнiкаў старабеларускай мовы, дзе прыназоўнiк па ўжываецца з месным склонам замест давальнага, можна аднесцi да польскiх цi чэшскiх запазычанняў.

Склон назоўнiка ў канструкцыях тыпу па + S вызначаецца паводле семантыкi словазлучэння, а таксама семантыкi прыназоўнiка. Аднак амаль кожны з прыкладаў ужывання гэтай канструкцыi дапускае варыянтныя формы. Таму ў перыядычным друку i ў iншых сродках масавай iнфармацыi сустракаем: чэмпiянат па футболу або па футболе, размаўляць па тэлефону або тэлефоне, спаборнiцтвы па тэнiсу або тэнiсе i iнш. Iнавацыйная норма прапаноўвае паслядоўнае, рэгулярнае ўжыванне ў такiх канструкцыях форм меснага склону: арганiзацыя пабудавана па тэрытарыяльным прынцыпе, паплечнiкi па ордэне i г.д.

У польскай лiтаратурнай мове ў прыназоўнiкавых канструкцыях po + S ужываецца форма меснага склону, акрамя выражэнняў са значэннем мэты (i?? po gazet?). Такiм чынам, распаўсюджанне беларускiх лакатыўных канструкцый з прыназоўнiкам па зноў жа мае заходнiя каранi: унiфiкацыя форм назоўнiкаў у гэтых канструкцыях адбываецца пад выразным уплывам польскай мовы.

7. Заключэнне

Польскi ўплыў на змены сучаснай беларускай лiтаратурнай нормы абумоўлены цалкам натуральнымi фактарамi, а перад усiм – неабходнасцю адлюстраваць тыя культурныя, эканамiчныя i палiтычныя з’явы ў беларускiм грамадстве, якiя радыкальна змянiлi семiясферу сучаснай беларускай мовы. I факт сапернiцтва дзвюх норм у пэўным аспекце можна ацанiць станоўча: ён якраз сведчыць пра тое, што беларуская мова зусiм не страцiла свайго функцыянальнага патэнцыялу, а наадварот – дзякуючы грамадскiм пераменам, набыла стымулы для далейшага развiцця.

Пашырэнне польскiх элементаў у мове сродкаў масавай камунiкацыi абгрунтоўваецца таксама тым, што шматлiкiя культурныя, эканамiчныя i, у меньшай ступенi, палiтычныя iнавацыi маюць заходнiя крынiцы, i выглядае цалкам зразумелым, што адпаведныя iнавацыйныя намiнацыi запазычваюцца з польскай (а не з рускай) мовы, дзе яны маюць большую ступень падабенства да заходнiх арыгiналаў, большую ступень натуральнасцi, аўтэнтычнасцi i дзе семiёзiс больш прыстасаваны да iх адаптацыi. Акрамя таго трэба ўлiчваць i тое, што польская культура заўсёды ў вачах беларусаў была, ў параўнанні з рускай, больш прыярытэтнай (Radzik 1996, 489).

Сапернiцтва дзвюх норм – гэта толькi адзiн ракурс iх разглядання. Калi ж да iнавацыйных з’яў у сучаснай беларускай мове падыходзiць не з пазiцый жорстка-дэтэрмiнiстычнага, а з пазiцый верагоднасна-дыялектычнага падыходу, то яны не будуць уяўляць сабой альтэрнатыўнай, канкурэнтнай нормы, а будуць разглядацца як элементы ўдасканалення iснуючага стандарта. Пры такiм падыходзе павiнны – ва ўсякiм разе адносна пэўнай часткi iнавацый – знiкнуць дыхатамiчныя крытэрыi тыпу “можна – нельга”, “дапушчальна – недапушчальна”, “добра – дрэнна”, “свой – чужы (варожы)” i да г.п. Iх месца павiнны заняць градуальныя катэгорыi, прымяненне якiх дазволiла б выявiць ступень дапушчальнасцi тых або iншых iнавацый, як i, зрэшты, неабходнасць паступовага аднаўлення нормы i частковай замены кадыфiкаваных з’яў новымi. Не было б нiчога крамольнага ў тым, калі б пэўную ролю ў гэтым працэсе iграла польская мова. I хаця адзiн з класiкаў польскага мовазнаўства Юзэф Мразiньскi пiсаў: “Prawid?a dla j?zyka mog? by? wprowadzone tylko z mechanizmu tego? j?zyka” (Mrozi?ski 1986, 91), – гiстарычная блiзкасць двух народаў дае падставу для ўспрымання “чужога” як “свайго”.

Каб узаемадзеянне розных варыянтаў моўнага літаратурнага стандарта было паспяховым i жыватворчым, неабходна не вайна (няхай i “халодная”) двух лагераў, а супрацоўнiцтва спецыялiстаў, iх канструктыўныя дыскусii i канкрэтныя практычныя рэкамендацыi. Галоўным жа суддзёй i фактарам развiцця нормы сучаснай беларускай лiтаратурнай мовы, як i ў выпадку з кожнай iншай жывой этнiчнай мовай, з’яўляецца шматжанравая маўленчая практыка. Мультыплiкацыя варыянтаў нормы не можа кампенсаваць адсутнасці сацыяльных i iндывiдуальных варыянтаў мовы, бо норма сама па сабе – адзiн з такiх варыянтаў, хаця i прыярытэтны, абавязковы для большасцi членаў грамадства. Пры адсутнасцi функцыянальнай базы i без адпаведнай сацыяльнай дыферэнцыраванасцi мовы норма прыпамiнала б лiтаратурнага персанажа з “Маленькага прынца”, якi правiў планетай, дзе не было нiводнага жыхара...

* * *

Калi гэты артыкул быў падрыхтаваны да друку, стала вядома, што 29 мая 1998 г. Дзяржаўны камітэт па друку Рэспублікі Беларусь папярэдзіў газету “Наша Ніва” аб парушэнні пункту артыкула 6 Закону “Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі“, які сцвярджае, што ў сродках масавай інфармацыі “не дапускаецца скажэнне агульнапрынятых норм выкарыстоўваемай мовы” (ARTICLE 1998). Палажэнне артыкула 6, на падставе якога грунтуецца папярэджанне “Нашай Ніве”, было ўведзена папраўкай, што ўступіла ў сiлу ў студзені 1998 г. і стала першым заканадаўчым актам, які абавязвае прэсу выкарыстоўваць зацверджаную “форму мовы”.

Яшчэ раней (у маі 1997 г.) “Наша Ніва” папярэджвалася за парушэннi артыкула 5 новай версii Закона “Аб друку”.

У чэрвені 1998 года пасля вынясення папярэджання “Нашай Ніве” Нацыянальны Сход Рэспублікі Беларусь прыняў новы Закон аб мове, якi быў падпісаны прэзідэнтам Лукашэнкам 17 ліпеня 1998 г. Згодна з артыкулам 27 гэтага Закону, “(1) Мовай сродкаў масавай інфармацыі <...> можа быць беларуская і/альбо руская, а таксама мовы іншых нацыянальнасцей, прадстаўнікі якіх пражываюць на тэрыторыі рэспублікі; (2) У сродках масавай інфармацыі не дазваляецца скажэнне агульнапрынятых норм мовы”.

“Наша Ніва” падала апеляцыю ў Вышэйшы Гаспадарчы Суд, патрабуючы адмяніць папярэджанне Беларускага дзяржаўнага камітэту па друку. Аднак 12 жніўня 1998 г. у Мiнску над газетай “Наша Ніва” адбыўся суд. Далейшы лёс газеты будзе залежыць ад рашэння лінгвістычнай экспертызы, якую, згодна з рашэннем суда, будзе праводзіць Iнстутыт мовазнаўства Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, а таксама некалькі спецыялістаў, прапанавых “Нашай Нівай”.

Якім бы ні было канчатковае рашэнне суда, відавочна адзінае: нават на планеце, дзе няма ніводнага жыхара, можа быць толькі адзін правіцель. Зрэшты, так яно павінна і быць, бо ці можна “нішто” падзялiць на часткi?

 


 

ЛIТАРАТУРА

  • БУЛЫКА, А.М.: Развiццё арфаграфiчнай сiстэмы старабеларускай мовы. Мiнск “Навука i тэхнiка”, 1970.
  • ПАЦЕХIНА, А.А./ДЗЯЖКО, I.В.: Асаблівасці ўжывання беларускіх лексем з фармантам -ір(ава) // Беларуская лінгвістыка, 1996, вып. 45, 38-43.
  • ТАРАШКЕВIЧ, Б.: Беларуская граматыка для школ. Вiльня 1929 / Факсiм. выданне: Мiнск “Народная асвета”, 1991.
  • ТОПОРОВ, В.Н.: Локатив в славянских языках. Москва “Изд-во АН СССР”, 1961.
  • ФЕДОРУК, И.: Польские языковые элементы в белорусском языке Белостотчины (На материале изданий Белорусского общественно-культурного общества в Белостоке). Автореферат кандидатской диссертации. Минск 1986.
  • ЦЫХУН, Г.А.: Трэба змiрыцца з суiснаваннем дзвюх правапiсных нормаў // Наша слова 1993/15, 2.
  • ШУБА, П.П.: Мова сродкаў масавай iнфармацыi з пункту гледжання нормы // Материалы II международной научной конференции “Язык и социум”. Ч. 1. Минск 1988, 34-35.
  • ARTICLE 1998: Суд над беларускай мовай. Даклад Міжнароднага цэнтра супраць цэнзуры “Article 19” ад 05.08.1998 // Наша Ніва. 1998, № 15, 2-3.
  • BIEDER, H.: Soziolinguistische Aspekte der wei?russischen Sprache // Zeitschrift f?r Slavistik, 1995, Bd. 40/4, 398-414.
  • KIKLEVI?, A.: Zur aktuellen Situation der Hochschulen in Wei?ru?land // Innovative Ausbildung – neue Eliten? Bildungsprozesse in Wei?ru?land. Hrsg. K. Eimermacher, A. Hartmann. Bochum 1997, 85- 94.
  • MROZI?SKI, J.: Dzie?a wszystkie. T. 1. Wroc?aw etc. 1986.
  • RADZIK, R.: Polacy – Bia?orusini: wzajemne stereotypy w okresie zabor?w // Slavia Orientalis, XLV, 1996, nr 4, 479-490.

Slavia Orientalis, XLIX, Nr 1, s. 93-105.

Цэтлікі: ,

Ответить

  Проверка PR и ТИЦ
Нашы сябры:
Казкі беларускія!