A A

А. Ю. МУСОРЫН. МОВЫ СВЕТА. ДАВЕДНІК (Т)

Табасаранская – адна з паўночна-каўказскіх моваў, уваходзіць у нахска-дагестанскую групу, дагестанскую падгрупу. Распаўсюджаная на тэрыторыі Табасаранскага, Хіўскага і, часткова, Дэрбентскага раёнаў Дагестана. Агульная колькасць носьбітаў – каля 98 тысяч чалавек. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. У лексіцы шмат запазычанняў з персідскай, арабскай, цюркскіх і рускай моваў. Спаконвечна табасаранская лексыка складае ненашмат больш за палову ўсяго слоўнікавага фонду. Пісьмовасць на кірылічнай графічнай аснове.
Тагальская (піліпіна) – адна з аўстранезійскіх моваў, уваходзіць у інданезійскую групу. Дзяржаўная мова Філіпін. Колькасць носьбітаў – каля 13 мільёнаў чалавек. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Парадак словаў у сказе свабодны. У дакаланіяльны перыяд выкарыстоўвалася мясцовае складавае пісьмо. З XVII стагоддзя – пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Таджыкская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у іранскую групу. Распаўсюджаная ў Таджыкістане, дзе з’яўляецца дзяржаўнай мовай, а таксама ў некаторых паўднёвых раёнах Узбекістна і Кыргызстана. Колькасць носьбітаў – больш за 3 мільёны чалавек. Мова вельмі блізкая да дары. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Націск падае на апошні склад. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – дапаўненне – выказнік”. У лексіцы шмат запазычанняў з арабскай мовы і цюркскіх моваў Сярэдняй Азіі. Пісьмовасць на кірылічнай графічнай аснове. У мінулым выкарыстоўвалася арабская графіка.
Тазская – адна з кітайска-тыбецкіх моваў, уваходзіць у кітайскую групу. Народнасьць тазаў склалася ў другой палове ХІХ ст. ў выніку змяшэння кітайцаў, удэгейцаў і нанайцаў. Такім чынам, тазская мова, сфармаваўшаяся пераважна на базе кітайскай, мае шмат элементаў удэгейскага і нанайскага паходжання. У 1880-я гады налічвалася звыш за тысячу носьбітаў тазскай мовы, цяпер мова практычна выйшла з ужытку. З 276 тазаў тазскую мову памятаюць неалькі чалавек старэйшага ўзросту. Дыялектнага дзялення няма Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, ізаляцыя. Пісьмовасці і пісьмовых помнікаў няма.
Таіцянская – адна з аўстранэзійскіх моваў, уваходзіць у палінезійскую групу, ядзерна-палінэзійскую падгрупу. Расаўсюджаная сярод карэннага насельніцтва Французскай Палінезіі, дзе мае афіцыяльный статус. Колькасць носьбітаў – каля 100 тысяч чалавек. Галосныя гукі: [i], [e], [a], [o], [u]. Усе галосныя могуць быць як доўгімі, так і кароткімі; супрацьпастаўленне доўгіх і кароткіх мае фаналагічнае значэнне: m?tau ‘звычка, matau ‘кручок’. Зычныя гукі: [p], [m], [v], [f], [t], [n], [r], [h], [’] (гартанная змычка). Націск не фіксаваны на якім-небудзь складзе. Закон адкрытага склада, адпаведна з якім склад можа завяршацца толькі галосным гукам, спалучэнні зычных немагчымыя. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Назоўнік з’яўляецца нязменнай часцінай мовы. Склонавыя значэнні перадаюцца пры дапамозе прыназоўнікаў і парадка словаў. Форма множнага ліку таксама ўтвараецца аналітычна: e mata ‘вока’, na mata ‘вочы’. Катэгорыі рода няма. Ёсць катэгорыя акрэсленасці / неакрэсленасці. Дзеяслоў не змяняецца па асобах. Формы часу ўтвараюцца аналітычна. Асноўныя спосабы словаўтварэння – словаскладанне і рэдуплікацыя. У лексіцы некаторая колькасць запазычанняў з еўрапейскіх моваў, перш з усяго з французскай. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове з 1803 г.
Тайская – адна з тайскіх моваў. Дзяржаўная мова Каралеўства Тайланд. Колькасць носьбітаў звыш за 27 мільёнаў чалавек. Чатыры асноўныя дыялекты: цэнтральны, паўднёвы, паўночны, паўночна-ўсходні. Літаратурная мова засноўваецца на цэнтральным дыялекце. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, ізаляцыя з элементамі аглюцінацыі. Артыкляў і катэгорыі акрэсленасці / неакрэслеасці няма. Мова тонавая (5 музычных тонаў). Парадак словаў у сказе фіксаваны. У лексіцы – запазычанні з санскрыта, кітайскай, французскай і ангельскай моваў. Пісьмовасць нацыянальная, складавая. Найстаражытнейшы помнік – стэла Рамакамхенга 1292 г.
Такелау – адна з аўстранэзійскіх моваў, уваходзіць у палінезійскую групу, ядзерна-палінезійскую падгрупу. Распаўсюджаная на выспах Такелау. Колькасць носьбітаў – каля 1,6 тысяч чалавек. Дыялектнага дзялення няма. Мова вельмі блізкая да самаанскай. Закон адкрытага складу. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Такуу – адна з аўстранезійскіх моваў, уваходзіць у палінезійскую групу, ядзерна-палінезійскую падгрупу. Распаўсюджаная на атоле Такуу, які знаходзіцца на поўнач ад выспы Бугенвіль (належыць Папуа-Новай Гвінеі). Колькасць носьбітаў – каля 400 чалавек. Закон адкрытага склада, адпаведна з якім склад можа завяршацца толькі галосным гукам, спалучэнні зычных немагчымыя. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Мова беспісьмовая.
Талышская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у іранскую групу. Распаўсюджаная на тэрыторыі іранска-азербайжанскага памежжа. Колькасць носьбітаў – каля 200 тысяч чалавек. Значная частка з іх валодае таксама азербайджанскай. У граматыцы спалучаюцца аналітычныя і сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па двух склонах: прамы і ўкосны. Дзеяслоў змяняецца па асобах, мае восем формаў часу, чатыры лады і два станы. Мова эргатыўная. У лексыцы шмат запазычаньняў з азербайджанскай. У 30-я гады ХХ ст. была створана пісмовасць, якая, аднак, шырокага распаўсюджання не атрымала.
Тамазігхт – адна з афраазіяцкіх моваў, уваходзіць у бербера-лівійскую групу. Распаўсюджаная ў цэнтральнай частцы Марока. Колькасць носьбітаў – каля 2 мільёнаў чалавек. У лексіцы шмат запазычанняў з арабскай. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “выказнік – дзейнік – дапаўненне”. Выкарыстоўваецца берберскі кансанантны алфавіт тыфінаг. Накірунак пісьма справа налева, або бустрафэдон. Мова выкладаецца ў школе.
Тамільская – адна з дравідыйскіх моваў. Распаўсюджаная на поўдні Індыі (штат Тамілнад), на поўначы Шры-Ланка, у Сінгапуры. Агульная колькасць носьбітаў – каля 55 мільёнаў чалавек. Дыялекты: усходні, заходні, паўднёвы, паўночны, шрыланкійскі. Выкарыстоўваецца арыгінальнае складавае пісьмо. Першыя пісьмовыя помнікі належаць да ІІ стагоддзя да н. э. У выніку пурыстычнай пазыцыі тамільскай культурнай эліты запазычанняў з індыйскіх моваў, у тым ліку з санскрыта, вельмі няшмат.
Танганская – адна з аўстранэзійскіх моваў, уваходзіць у палінезійскую групу, танганскую падгрупу. Дзяржаўная мова Каралеўства Тонга. Колькасць носьбітаў – звыш за 120 тысяч чалавек. Галосныя гукі: [a], [e], [i], [o], [u]. Усе галосныя могуць быць як доўгімі, так і кароткімі; супрацьпастаўленне доўгіх і кароткіх мае фаналагічнае значэнне: mama ‘жаваць’, m?ma ‘сьвятло’. Зычныя гукі: [f], [h], [k], [l], [m], [n], [?] (на пісьме перадаецца як ng), [p], [s], [t], [v], [’] (гартанная змычка) . Закон адкрытага складу, адпаведна з якім склад можа завяршацца толкі галосным гукам, спалучэнні зычных немагчымыя. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Склонавыя значэнні назоўніка перадаюцца пры дапамозе прыназонікаў. Формы дзеяслова таксама ўтвараюцца аналітычна. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “выказнік – дзейнік – дапаўненне”. Актыўна ўжываецца ганаратыўная лексіка. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Тангуцкая – адна з кітайска-тыбецкіх моваў, уваходзіць у тыбета-бірманскую групу. Была афіцыяльнай мовай дзяржавы Сі Ся (Х – ХІІІ стст.), якая знаходзілася на тэрыторыі цяперашняй правінцыі Ганьсу і Нінся-Хуэйскай аўтаномнай акругі Кітая. У фанетыцы супрацьпастаўленне насавых і чыстых галосных, прыдыхацельных і непрыдыхацельных глухіх зычных. Звонкіх зычных няма. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Назоўнік мае граматычныя катэгорыі ліка і склона, дзеяслоў – часу, трывання, ладу, сана, накірунка. Іерагліфічная пісьмовасць, створаная на ўзор кітайскай Елі (Іры) Жэньюнам, была ўведзеная ў 1036 г. Найстаражытнейшы помнік, дата стварэньня якога не выклікае сумневу, належыць да 1094 г., а найпазднейшы – да 1345. Важнай крыніцай для вывучэння тангуцкай мовы з’яўляюцца выдаваўшыяся ў Сі Ся ў ксілаграфічнай тэхніцы слоўнікі тангуцкай мовы, як аднамоўныя – тлумачальныя, так і перакладальныя – тангуцка-кітайскія.
Татарская – адна з цюркскіх моваў, уваходзіць у заходнюю групу. Распаўсюджаная пераважна ў Татарстане, дзе яна мае афіцыяльны статус, а таксама ў шэрагу раёнаў Башкірыі, Чувашыі, Марый-Эл, Удмуртыі, Мардовіі. Агульная колькасць носьбітаў – каля 5,4 мільёнаў чалавек. Большая частка з іх двухмоўныя, валодаюць таксама рускай. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Назоўнік утварае форіы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па шасці склонах: назоўны, родны, вінавальны, накіравальны, месна-часовы, зыходны. Граматычнага роду няма. Артыкляў няма. Ёсць катэгорыя прыналежнасці. Дзеяслоў змяняецца па асобах, мае складаную сістэму ладоў, часоў, станаў і трыванняў. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – дапаўненне – выказнік”. Асноўны спосаб словаўтварэння – суфіксацыя. У лексіцы шмат запазычанняў з арабскай, персіцкай і рускай моваў. Пісьмовасць з ХІІІ стагоддзя да 1927 г. на арабскай графічнай аснове, потым – на базе лацінскай графікі, а з 1939 г. – на базе кірыліцы.
Таўгійская – тое жа, што нганасанская.
Тафаларская – адна з цюркскіх моваў, уваходзіць у тувінскую групу. Мова вельмі блізкая да тувінскай, асабліва да тоджынскага дыялекта апошняй. Распаўсюджаная ў Ніжнеудынскім раёне Іркуцкай вобласьці Расіі. Колькасць носьбітаў – каля 470 чалавек. Амаль усе яны валодаюць рускай. Два дыялекты: гутарынскі і алыгджэрскі. Агульнай літаратурнай мовы няма. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. У лексіцы шмат запазычанняў з бурацкай, мангольскай, рускай і кецкай моваў. Вельмі багатая паляўнічая і аленегадоўчая тэрміналогія. Парадак словаў у сказе фіксаваны. Пісьмовасць на кірылічнай графічнай аснове; выкарыстоўваецца абмежавана. Мова выкладаецца ў пачатковай школе.
Тахарская А (карашарская) – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у тахарскую групу. Была распаўсюджаная на тэрыторыі паўночна-заходняга Кітая (сучасны Уйгурстан) у аазісах Карашара і Турфана ў V – VIII стагоддзях н. э. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, флексія. Назоўнік утварае формы адзіночнага, парнага і множнага ліку, змяняецца па дзевяці склонах. Ёсць сістэма паслялогаў. Ёсць тры граматычныя роды: мужчынскі, жаночы, агульны. Дзеяслоў змяняецца па асобах, мае таксама граматычныя катэгорыі ліку, часу, ладу, стану, каўзатыва. Парадак словаў у сказе свабодны. У лексіцы некаторая колькасць запазычанняў з санскрыта і іранскіх моваў. Пісьмовасць складавая, родасная індыйскім сістэмам пісьма. Усе тэксты на тахарскам А – гэта пераклады з санскрыта.
Тахарская Б (ангеанская) – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у тахарскую групу. Была распаўсюджаная на тэрыторыі паўночна-заходняга Кітая (сучасны Уйгурстан) у V – VIII стагоддзях н. э. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, флексія. Назоўнік утварае формы адзіночнага, парнага і множнага ліку, змяняецца па дзевяці склонах. Ёсць тры роды: мужчынскі, жаночы, агульны. Сістэма паслялогаў. У лексіцы некаторая колькасць запазычанняў з санскрыта і іранскіх моваў. Парадак словаў у сказе свабодны. Пісьмовасць складавая, родасная індыйскім сістэмам пісьма.
Тацкая – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у іранскую групу. Распаўсюджаная на Паўночным Каўказе і ў Закаўказзі. Два дыялекты: паўночны і паўднёвы. Літаратурная мова засноўваецца на паўночным дыялекце. Колькасць носьбітаў – каля 15 тысяч чалавек. Практычна ўсе таты валодаюць таксама рускай мовай, часта азербайджанскай, або якой-небудзь мовай Паўночнага Каўказа. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па трох склонах: прамы, аб’ектны, творны. Дзеяслоў змяняецца па асобах. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – дапаўненне – выказнік”. Асноўны спосаб словаўтварэння – афіксацыя. У лексіцы шмат запазычанняў са старажытнагабрэйскай, азербайджанскай, арабскай і рускай. Пісьмовасць з канца 20-х гг. ХХ ст. на лацінскай графічнай аснове, з 1938 г. на базе кірыліцы.
Ташэльхіт (шыльх) – адна з афраазіяцкіх моваў, уваходзіць у бербера-лівійскую групу. Распаўсюджаная на поўдні і паўднёвым усходзе Марока. Колькасць носьбітаў – каля 2,4 мільёнаў чалавек. Шмат дыялектаў. У лексіцы шмат запазычанняў з арабскай мовы. Вельмі просты выкалізм – толькі тры зычныя гукі: [a], [i], [u]. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “выказнік – дзейнік – дапаўненне”. Пісьмовасці і пісьмовых помнікаў няма.
Ток-пісін – тое жа, што неамеланезійская.
Торвалі – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у дардзкую групу. Распаўсюджаная ў вобласці Торваль на тэрыторыі Паўночна-заходняй памежнай правінцыі Пакістана. Колькасць носьбітаў – каля 60 тысяч чалавек. Мова флектыўная з элементамі аналітызма. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па трох склонах: прамы, ўкосны і адкладальны. Ёсць граматычны род: мужчынскі і жаночы. Ёсць артыклі. Дзеяслоў не змяняецца па асобах. Усе формы часу ўтвараюцца аналітычна. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – дапаўненне – выказнік”. У лексіцы запазычанні з пушту, арабскай і персіцкай моваў. Пісьмовасці і пісьмовых помнікаў няма.
Трук – адна з аўстранезійскіх моваў, уваходзіць у мікранезійскую групу. Распаўсюджаная ў Федэратыўных Штатах Мікранезіі, ў штаце Трук. Колькасць носьбітаў – каля 43 тысяч чалавек. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Тувалу – адна з аўстранезійскіх моваў, уваходзіць у палінезійскую групу, ядзерна-палінезійскую падгрупу. Распаўсюджаная ў дзяржаве Тувалу. Колькасць носьбітаў – каля 10 тысяч чалавек. Значныя адрозненні паміж дыялектамі. Хаця мова тувалу не мае афіцыяльнага дзяржаўнага статуса (дзяржаўнай мовай на Тувалу з’яўляецца ангельская), яна актыўна ўжываецца ўва ўсіх сферах жыцця тувалуанцаў. Закон адкрытага склада, адпаведна з якім склад можа завяршацца толкі галосным гукам, спалучэнні зычных немагчымыя. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Назоўнік з’яўляецца цалкам нязменнай часцінай мовы. Склонавыя значэнні перадаюцца выключна пры дапамозе прыназоўнікаў. Граматычныя формы дзеяслова таксама ўтвараюцца аналітычна. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Тувінская – адна з цюркскіх моваў, уваходзіць у тувінскую групу. Распаўсюджаная на тэрыторыі Рэспублікі Тува (Тыва), дзе нароўні з рускай з’яўляецца афіцыяльнай мовай. Колькасць носьбітаў – каля 185 тысяч чалавек. Значная частка з іх гаворыць таксама па-руску. Чатыры дыялекты: цэнтральны, заходні, паўночна-ўсходні (тоджынскі), паўднёва-ўсходні. Літаратурная норма засноўваецца на цэнтральным дыялекце. У фанетыцы супрацьпастаўленне доўгіх і кароткіх галосных. Націск падае на апошні склад. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, агюцінацыя. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па сямі склонах: назоўны, родны, давальны, вінавальны, месны, зыходны, накіравальны. Катэгорыі рода няма. Артыкляў няма. Прыметнік не змяняецца па склонах і не дапасуецца да назоўніка. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку, мае складаную сістэму станаў, ладоў, трыванняў і часоў. У лексіцы шмат запазычанняў з мангольскай мовы. Пісьмовасць з 1930 г. на базе лацінскай графікі, а з 1941 – на базе кірыліцы.
Тулу (тулува) – адна з дравідыйскіх моваў. Распаўсюджаная ў Індыі пераважна ў заходніх раёнах штата Карнатака. Афіцыяльнага статуса не мае. Колькасць носьбітаў – каля двух мільёнаў чалавек. Пісьмовасць складавая, на базе алфавіта каннада.
Тумбука (чытумбука) – адна з моваў банту. Распаўсюджана ў некаторых раёнах Малаві, Замбіі і Танзаніі. Афіцыяльнага статусу не мае. Агульная колькасць носьбітаў – каля 2 мільёнаў чалавек. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Тун – адна з тайскіх моваў. Распаўсюджаная ў Кітаі ў правінцыях Гуйчжоў, Хунань, Гуансі. Колькасць носьбітаў – каля 700 тысяч чалавек. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Пісьмовасьць з сярэдзіны ХХ стагоддзя на лацінскай графічнай аснове.
Тунгаруанская (кірыбаці) – адна з аўстранезійскіх моваў, уваходзіць у мікранезійскую групу. Дзяржаўная мова Кірыбаці. Колькасць носьбітаў – звыш за 60 тысяч чалавек. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Тунгуская – тое жа, што эвенкійская.
Тупі – адна з тупі-гуарані моваў. Распаўсюджаная на тэрыторыі Ўсходняй Бразыліі. Колькасць носьбітаў каля 30 тысяч чалавек. Адрозненні паміж дыялектамі нязначныя. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Націск фіксаваны на апошнім складзе. У лексіцы некаторая колькасць запазычанняў з партугальскай. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове з XVI стагоддзя.
Туркменская – адна зь цюркскіх моваў, уваходзіць у заходнюю групу. Дзяржаўная мова Туркменістана. Колькасьць носьбітаў – каля 4 мільёнаў чалавек. У фанетыцы супрацьпастаўленне доўгіх і кароткіх галосных. Націск эспіраторны, падае на апошні склад. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па шасці склонах: назоўны, родны, давальна-накіравальны, вінавальны, месны, зыходны. Граматычнага роду няма. Артыкляў няма. Ёсць катэгорыя прыналежнасці. Прыметнік не змяняецца ані па ліку, ані па склонах і не дапасуецца да назоўніка; утварае формы ступеняў параўнання. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку, мае складаную сістэму ладоў, часоў, станаў. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – дапаўненне – выказнік”. У лексіцы некаторая колькасць запазычанняў з персіцкай, арабскай і рускай моваў. Інтэрнацыянальная лексіка да апошняга часу трапляла ў туркменскую лексіку выключна праз пасрэдніцтва рускай. Пісьмовасць да 1928 г. на арабскай графічнай аснове, з 1928 г. на базе лацінскай графікі, а з 1940 – на базе кірыліцы. Пасля атрымання Туркменістанам незалежнасці ў 1991 г. туркменская мова зноў была пераведзеная на лацінскую графічную аснову.
Турэцкая – адна з цюркскіх моваў, уваходзіць у заходнюю групу. Дзяржаўная мова Турцыі. Колькасць носьбітаў – каля 45 мільёнаў чалавек. Усходнія і паўночна-ўсходнія дыялекты маюць шмат агульных рысаў з азербайджанскай мовай. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – дапаўненне – выказнік”. Пісьмовасць з ХІІІ стагоддзя на аснове арабскай графікі, а з 1928 – на аснове лацінскай.
Тыбецкая – адна з кітайска-тыбецкіх моваў, уваходзіць у тыбета-бірманскую групу. Распаўсюджаная ў Тыбецкім Аўтаномным Раёне Кітая, а таксама ў Бутане і паўночных раёнах Індыі, дзе пражывае вялікая колькасць тыбецкіх эмігрантаў. Агульная колькасць носьбітаў – звыш за 4 мільёны чалавек. Выкарыстоўваецца таксама як культавая мова сярод будыстаў-ламаістаў Манголіі, Тувы, Бураціі і Калмыкіі. Ёсць тры музычныя тоны. Супрацьпастаўлення доўгіх і кароткіх галосных няма. Мова аглюцінатыўная; значную ролю адыгрываюць таксама аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па пяці склонах: назоўны – yogpo ‘слуга’, yogpotsho ‘слугі’; родны yogp? ‘слугі’, yogpotsh? ‘слугаў’; давальны – yogpola ‘слузе’, yogpotshola ‘слугам’; творны – yogp? ‘слугой’, yogpotsh? ‘слугамі’; адкладальны – yogpone ‘ад слугі’, yogpotshone ‘ад слугаў’. Катэгорыі роду няма, але некаторыя адушаўлёныя назоўнікі маюць фармант, які ўказвае на пол: gyalpo ‘кароль’, gyalmo ‘каралева’. Ёсць постпазытыўныя артыклі: акрэслены і неакрэслены. Прыметнік знаходзіцца ў постпазыцыі адносна назоўніка і ўтварае з назоўнікам цэласны комплекс з агульнымі граматычнымі фармантамі: khangpala ‘дому’, khangpa yagpola ‘добраму дому’. Лічэбнікі спалучаюцца з формай адзіночнага ліку. У парадыгме дзеяслова супрацьпастаўляюцца формы першай і няпершай асобы; тры формы часу: цяперашняе, мінулае і будучае. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – дапаўненне – выказнік”. Мова эргатыўная. У лексіцы шмат запазычанняў і калек з санскрыта. У апошні час у тыбэцкую лексіку трапіла некаторая колькасць кітаізмаў. Пісьмовасць нацыянальная, складавая; паходзіць ад індыйскага пісьма брахмі. У арфаграфіі шмат гістарычных напісанняў, якія не адлюстроўваюць сучаснага вымаўлення. Першы помнік тыбецкай пісьмовасці належыць да VII стагоддзя.
Тыві – адна з моваў карэннага насельніцтва Аўстраліі, уваходзіць у сямью тыві. Распаўсюджаная ў Паўночных Тэрыторыях, на выспах Мэлвіл і Батэрст. Колькасць носьбітаў – каля 1,5 тысяч чалавек. Многія з іх валодаюць таксама ангельскай. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя з элементамі полісінтэтызма. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – выказнік – дапаўненне”. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове. У 1985 г. на мове тыві выйшла Біблія.
Тыграй (тыгрынья) – адна з аўстраазіяцкіх моваў, уваходзіць у семіцкую групу. Распаўсюджаная ў Эрытрэі, дзе з’яўляецца дзяржаўнай мовай, і ў Эфіопіі. Колькасць носьбітаў – каля 3,2 мільёнаў чалавек. У лексіцы вялікая колькасць запазычанняў з геэз і амхарскай. Пісьмовасць складавая, на эфіопскай графічнай аснове. Арыгінальная літаратура і прэса разьвіваюцца з 40-х гадоў ХХ стагоддзя.
Тыгрэ – адна з аўстраазіяцкіх моваў, уваходзіць у семіцкую групу. Распаўсюджаная ў Эрытрэі. Колькасць носьбітаў – каля 1 мільёна чалавек. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. З пачатку ХХ стагоддзя выкарыстоўваецца эфіопская складавая пісьмовасць. Да гэтага пісьмовасці не было.
Тындынская (тындальская) – адна з паўночнакаўказскіх моваў, уваходзіць у нахска-дагестанскую групу, дагестанскую падгрупу. Распаўсюджаная ў некаторых аулах Цумадынскага раёну Дагестана. Колькасць носьбітаў – каля 6 тысяч чалавек. Значная частка з іх валодае аварскай. Два дыялекты: ўласна тындынскі і акнадска-ангідскі. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Мова беcпісьмовая.
Тыры – адна з моваў карэннага насельніцтва Новай Каледоніі. Уваходзіць у аўстранезійскійскую сям’ю, меланезійскую групу. Значна паўплывала на развіццё суседняй мовы мэа. Колькасць носьбітаў – каля 300 чалавек. Мова беспісьмовая.
Тыў – адна з бантоідных моваў. Распаўсюджаная ў Нігерыі, у штатах Бэнуэ і Плато, дзе мае статус афіцыяльнай, а таксама ў Камеруне. Агульная колькасць носьбітаў – звыш за 2 мільёны чалавек. Дзве групы дыялектаў, адрозьненні паміж якімі не перашкоджваюць узаемапаразуменню іх носьбітаў. Мова тонавая (тры музычныя тоны). Двухбакавая аглюцінацыя. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове. Кнігі друкуюцца з першай паловы ХХ стагоддзя. Вядзецца радыёвяшчанне.
Тэлеуцкая – адна з цюркскіх моваў, уваходзіць у заходнюю групу. Мова вельмі блізкая да алтайскай, дыялектам якой лічылася раней. Распаўсюджаная ў Расіі – ў Шэбалінскім раёне рэспублікі Алтай, у Чумышскім раёне Алтайскага края (па цячэньню ракі Сема), на поўдні Кемераўскай вобласьці. Агульная колькасць тэлеутаў каля 2500 чалавек, але толькі нязначная частка з іх карыстаецца тэлеуцкай мовай. У фанетыцы супрацьпастаўляюцца доўгія і ароткія галосныя. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі прадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – дапаўненне – выказнік”. Пісьмовасць на кірылічнай графічнай аснове, выкарыстоўваецца вельмі абмежавана. Мова выкладаецца як прадмет у сярэдняй школе вёскі Бекава.
Тэлугу – адна з дравідыйскіх моваў. Распаўсюджаная ў Індыі, на тэрыторыі штата Андхра-Прадэш, дзе мае статус афіцыяльнай мовы, а таксама ў памежных з ім штатах. Колькасць носьбітаў – каля 63 мільёны чалавек. Літаратурная мова сфармавалася пад значным уплывам з боку санскрыта. Выкарыстоўваецца нацыянальная складавая сістэма пісьма.
Тэса – адна з шары-нільскіх моваў, уваходзіць у нілоцкую групу. Распаўсюджаная ва Ўгандзе і раёнах Кеніі, якія мяжуюць з Угандай. Колькасць носьбітаў – каля 1 мільёна чалавек. Адрозьненні паміж дыялектамі нязначныя. Літаратурны стандарт засноўваецца на дыялекце г. Нгора. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове з канца ХІХ стагоддзя. Друкуецца літаратура, пераважна рэлігійнага і вучэбнага зместу.
Тэтум – адна з аўстранэзійскіх моваў, уваходзіць у інданезійскую групу. Дзяржаўная мова Ўсходняга Тымора. Ужываецца таксама ў памежных з усходнім Тыморам раёнах Інданэзіі. Колькасць носьбітаў – каля 650 тысяч чалавек. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэньня. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Т’яма – тое жа, што ландума.

Цэтлікі:

Ответить

  Проверка PR и ТИЦ
Нашы сябры:
Казкі беларускія!