A A

А. Ю. МУСОРЫН. МОВЫ СВЕТА. ДАВЕДНІК (М)

Маабіцкая (маавіцкая) – адна з афраазіяцкіх моваў, уваходзіць у семіцкую групу. Вельмі блізкая да іўрыта. Была распаўсюджаная ў заіарданскіх раёнах Палестыны ў XIV – VI стагоддзях да н. э. Захавалася ў пісьмовых помніках. Найбольш буйны тэкст – адшуканы ў 1868 г. каля Мёртвага Мора – напіс цара Мешы, які складаецца з 34 радкоў. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэньня. Як і ў іншых семіцкіх мовах ужываецца трансфіксацыя.
Магольская (афгана-мангольская) – адна з мангольскіх моваў. Распаўсюджаная ў Афганістане, у правінцыях Герат, Маймана і Катаган. Дадзеных аб колькасці носьбітаў няма. У вакалізме супраць пастаўляюцца доўгія і кароткія. Націск заўсёды падае на апошні склад. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па шасці склонах: назоўны, родна-вінавальны, давальна-месны, адкладальны, творны, сумесны. Граматычнай катэгорыі роду няма. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку, мае складаную сістэму часоў і ладоў. У лексіцы запазычанні з іранскіх моваў: персіцкай, таджыкскай, пушту, дары. Мова беспісьмовая, аднак існавалі спробы запісі магольскіх тэкстаў сродкамі арабскай графікі. Так, напрыклад, арабскай графікай карыстаўся магольскі паэт пачатку ХХ стагоддзя Абд аль-Кадыр.
Мадурская – адна з аўстранэзійскіх моваў, уваходзіць у інданезійскую групу. Распаўсюджаная ў Інданезіі на выспе Мадура і на дробных выспах побач з Мадурай. Чатыры дыялекты: заходні, усходні, цэнтральны, кангеанскі (на выспе Кангеан). Літаратурная мова засноўваецца на ўсходнім дыялекце. Агульная колькасьць носьбітаў – звыш за 9 мільёнаў чалавек. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Пісьмовыя помнікі – з XVIII стагоддзя. Пешапачаткава выкарыстоўвалася нацыянальнае складавае і арабскае пісьмо. Цяпер – пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Мазандэранская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у іранскую групу. Распаўсюджаная ў Іране на паўднёвым узбярэжжы Каспійскага мора ў правінцыі Мазандэран. Колькасць носьбітаў – звыш за 2 мільёны чалавек. Амаль усе яны двухмоўныя, валодаюць таксама персіцкай. Два дыялекты: раўнінны і горны. Галосныя гукі: [i], [e] (вузкі гук), [?] (шырокі гук), [a], [o], [u]. Зычныя гукі: [p], [b], [m], [f], [v], [t], [d], [n], [?], [d?], [z], [s], [?], [?], [l], [r], [y], [k], [g], [x], [?], [h]. Націск, часьцей з усяго, падае на апошні склад. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, флексія з элементамі аглюцінацыі. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па трох склонах: назоўны – zan ‘кабета’, zanho ‘кабеты’; родны – zane ‘кабеты’, zanhoe ‘кабет’; вінавальна-давальны – zanr? ‘кабету / кабеце’, zanhor? ‘кабет / кабетам’. Ёсць артыклі. Катэгорыі рода няма. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку, утварае ў абвесным ладзе формы цяперашне-будучага часу, мінулага нейтральнага часу, мінулага падоўжанага часу, мінулага папярэдняга часу (плюсквамперфект), цяперашняга неакрэсленага часу, прошлага акрэсленага часу; ва ўмоўным ладзе – формы цяперашне-будучага часу і перфекта; у загадным ладзе формаў часу няма. Галоўныя спосабы словаўтварэння – суфіксацыя і словаскладанне. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – дапаўненне – выказнік”. У лексіцы шмат запазычанняў з арабскай і персіцкай моваў. У Сярэднявеччы выкарыстоўвалася пісьмовасць на арабскай графічнай аснове, развівалася літаратура (пераважна паэзія) пры дварах Зіярыдаў і Бурыдаў. У цяперашні час – мова беспісьмовая.
Майя (юкатэкская) – адна з майя-кічэ моваў, уваходзіць у майякскую групу. Распаўсюджаная, пераважна, на паўвыспе Юкатан (Мексіка). У фанетыцы супрацьпастаўленне доўгіх і кароткіх галосных. Націск звычайна падае на адзін з галосных гукаў кораня. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Словазмяненне ажыццяўляецца пры дапамозе рэдуплікацыі, суфіксацыі, пераноса месца націска, утварэньня суплетыўных формаў. Ёсць элементы аналітызма. Так, напрыклад, склонавыя значэнні назоўнікаў перадаюцца выключна аналітычнымі сродкамі. Асноўныя спосабы словаўтварэння – афіксацыя, словаскладанне, канверсія. Сказ звычайна пачынаецца з выказніка. Да прыхода еўрапейцаў была мовай высокаразвітай цывілізацыі майя. У цяперашні час ніякога афіцыяльнага статуса не мае. Да XVI стагоддзя выкарыстоўвалася арыгінальная іерагліфічная пісьмовасьць, забароненая потым іспанскай інквізіцыяй. Помнікі іерагліфічнай пісьмовасьці і цяпер яшчэ канчаткава не дэшыфраваныя. У цяперашні час майя карыстаюцца пісьмовасцю на лацінскай графічнай аснове.
Майян – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у дардскую групу. Распаўсюджаная ў горных раёнах Пакістана. Колькасць носьбітаў – каля 220 тысяч. У фанетыцы супрацьпастаўленне доўгіх і кароткіх галосных, ёсць назалізацыя. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, флексія. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па склонах, колькасць якіх розная ў розных дыялектах. Дзеяслоў утварае формы цяперашняга простага часу, цяперашняга падоўжанага, імперфекта, перфекта, плюсквамперфекта і будучага. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – дапаўненне – выказнік”. У лексіцы шмат запазычанняў з персіцкай і арабскай (магчыма праз пасрэдніцтва урду). Пісьмовасць на арабскай графічнай аснове створаная ў апошняй чвэрці ХХ стагоддзя.
Макасарская – адна з аўстранэзійскіх моваў, уваходзіць у інданезійскую групу. Распаўсюджаная на паўднёвым захадзе выспы Сулавесі і на блізкіх да яе выспах Салаяр (Кабіа), Танахджампеа і інш. Колькасць носьбітаў – каля 2,2 мільёнаў чалавек. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Да сярэдзіны ХХ стагоддзя выкарыстоўвалася бугійска-макасарскае складавае пісьмо. У цяперашні час нароўні з бугійска-макасарскай графікай актыўна ўжываецца лацінская.
Македонская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у славянскую групу, паўднёваславянскую падгрупу. Вельмі блізкая да баўгарскай. Уваходзіць у балканскі моўны саюз. Колькасьць носьбітаў каля 2 мільёнаў чалавек. Тры асноўныя дыялектныя групы: заходняя, ўсходняя, паўночная. Націск у двух- і трохскладавых словах падае на першы склад, у словах, у якіх больш за тры склады, на трэці склад ад канца. Склад можа ўтварацца не толькі пры дапамозе галосных, але і пры дапамозе санорнага [р]. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Назоўнік утварае форму адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па двух склонах: назоўны і клічны. Астатнія склонавыя значэнні перадаюцца пры дапамозе прыназоўнікаў і парадка словаў: миризба на сеното ‘пах сена’, закити пушка со цветка млади ‘аздобь стрэльбу свежымі кветкамі’. Ёсьць постпазіцыйны аглюцінаваны артыкль. Граматычная катэгорыя рода: мужчынскі, жаночы, ніякі. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку: викам ‘заву’, викаш ‘завеш’, вика ‘заве’, викаме ‘завём’, викате ‘завёце’, викаат ‘завуць’. Апрача формаў цяперашняга часу абвеснага ладу дзеяслоў мае складаную сістэму мінулых і будучых часоў. Формы інфінітыва няма. Слоўнікавай формай з’яўляецца форма адзіночнага ліку трэцяй асобы цяперашняга часу. Асноўныя спосабы словаўтварэння – словаскладанне і афіксацыя. У лексіцы некаторая колькасць запазычаньняў з сербскай мовы. Пісьмовасць на кірылічнай графічнай аснове. Літаратурная норма склалася ў другой палове ХХ стагоддзя.
Макільская – адна з аўстранэзійскіх моваў, уваходзіць у мікранезійскую групу. Распаўсюджаная на на атоле Макіл (Федэратыўныя Штаты Мікранезіі) і памежных з ім выспах. Колькасьць носьбітаў ненашмат больш за тысячу чалавек. Многія носьбіты макільскай двухмоўныя, валодаюць таксама панапе. У граматыцы спалучаюцца сінтэтычныя і аналітычныя сродкі. У словаўтварэнні значную ролю мае рэдуплікацыя.
Макуа – адна з моваў банту. Распаўсюджаная ў паўночнай частцы Мазамбіка і памежных з ім раёнах Малаві і Танзаніі. Агульная колькасць носьбітаў – каля 6 мільёнаў чалавек. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Макшанская – адна з дзвюх мардоўскіх моваў. Уваходзіць у уральскую сям’ю, фіна-вугорскую групу, фінскую падгрупу, волжскую падпадгрупу. Распаўсюджаная ў Мардовіі і памежных з ёй раёнах Татарстана. Колькасць носьбітаў – каля 450 тысяч чалавек, многія з іх апрача роднай мовы ведаюць рускую. Тры групы дыялектаў: цэнтральная, заходняя і паўднёва-ўсходняя. Сучасная літаратурная норма засноўваецца на дыялектах цэнтральнай групы. Націск свабодны. Ненаціскнутыя галосныя рэдукуюцца. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па дванаццаці паўнацэнных і чатырох непаўнацэнных склонах. Паўнацэнныя склоны: назоўны, родны, давальны, унутрамесны (у кім, у чым), элятыўны (з каго, з чаго), ілятыўны (у каго, у што), падоўжна-накіравальны (уздоўж каго, чаго), адкладальны (ад каго, ад чаго), параўнальны (з каго, што – велічынёй), абэсіўны (без каго, чаго), транслятыўны (кім, чым – быць, стацца), прычынны (з-за каго, чаго). Непаўнацэнныя склоны: накіравальны (у накірунку да каго, чаго), часовы І (калі), часовы ІІ (калі), сумесны (сумесна з кім, чым). Непаўнацэнныя склоны адрозніваюцца ад паўнацэнных тым, што формы паўнацэнных склонаў могуць утвараць ня ўсе назоўнікі, а семантыка непаўнацэнных склонаў у значнай ступені набліжаецца да семантыкі адназоўнікавых прыслоўяў. Граматычнай катэгорыі роду няма. Артыкляў няма. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку, мае складаную сыстэму ладоў і часоў. У лексіцы шмат запазычаньняў з цюркскіх і рускай моваў. Пісьмовасць на кірылічнай графічнай аснове. Першы помнік макшанскай мовы (кароценькі слоўнічак) належыць канцу XVII стагоддзя, першы тэкст – у сярэдзіне ХІХ стагоддзя.
Малагасійская – адна з аўстранэзійскіх моваў, уваходзіць у інданэзійскую групу. Адна з дзвюх дзяржаўных моваў Дэмакратычнай Рэспублікі Мадагаскар (нароўні з французскай). Колькасьць носьбітаў – каля 17 мільёнаў чалавек. Дзве групы дыялектаў. Пры шырокім распаўсюджанні аглюціныцыі, пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. У лексіцы шмат запазычанняў з арабскай, французскай, санскрыта, суахілі. Націск у большай часткі словаў падае на перадапошні склад. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове, раней выкарыстоўваўся арабскі алфавіт.
Малайская – адна з аўстранезійскіх моваў, уваходзіць у інданезійскую групу. Вельмі блізкая да інданезійскай. Дзяржаўная мова Малайзіі і Брунея, адна з чатырох дзяржаўных моваў Сінгапура (нароўні з ангельскай, кітайскай, тагальскай). З ранняга Сярэднявечча выконвала функцыі межэтнтчнай мовы рэгіёна. Колькасьць носьбітаў – каля 9,5 мільёнаў чалавек. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. З сінтэтычных сродкаў перадачы граматычнага значэння галоўным з’яўляецца рэдуплікацыя, пры дапамозе якой утвараецца множны лік назоўнікаў: orang ‘чалавек’, orangorang ‘людзі’. Вельмі развітая ганаратыўная лексіка, ужываньне якой звязанае з этыкетам каралеўскага двара. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове. У мінулым выкарыстоўвалася арабская графіка.
Малаяльская (малаялам) – адна з дравідыйскіх моваў. Распаўсюджаная на поўдні і паўднёвым захадзе Індыі, пераважна ў штаце Керала, дзе мае афіцыяльны статус. Колькасць носьбітаў –каля 35 мільёнаў чалавек... Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па дзевяці склонах: назоўны, вінавальны, творны, камітатыўны (з кім, к чым), давальны, родны, месны, алятыўны (да каго, да чаго), клічны. У класычнай старалітаратурнай мове была катэгорыя роду (мужчынскі і жаночы), цяпер амаль цалкам страчаная. Прыметнік не мяняецца ані па ліку, ані па склонах; ужываецца заўсёды ў прэпазіцыі да назоўніка. Дзеяслоў у сучаснай мове не змяняецца ані па ліку, ані па асобах, у абвесным ладзе ўтварае формы цяперашняга, будучага і мінулага часу. Апрача абвеснага, ёсць загадны, пажадальны і патрабавальны лады, у якіх формаў часу няма. Тыповы парадак словаў у сказе: “дзейнік – дапаўненне – выказнік”. У лексіцы шмат запазычанняў з санскрыта і тамільскай. Выкарыстоўваецца нацыянальная складавая пісьмовасць, першыя помнікі якой належаць да ІХ стагоддзя. Накірунак пісьма злева направа. Сучасная літаратурная мова сфармавалася ў ХІХ – ХХ стагоддзях у сувязі з фармаваннем у малаяльскай літаратуры празаічных жанраў.
Малізска-славянская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у славянскую групу, паўднёваславянскую падгрупу. Мова вельмі блізкая да харвацкай. Распаўсюджаная ў адным з паўднёвых раёнаў Італіі – Малізэ. Колькасць носьбітаў – каля 4 тысяч чалавек. Практычна ўсе яны даухмоўныя, валодаюць італьянскай. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, флексія. У лексіцы вельмі шмат запазычанняў з італьянскай – як з літаратурнай мовы, так і з паўднёвых дыялектаў. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Малінке – адна з моваў манде. Распаўсюджаная ў Сэнэгале, Гвінеі, Малі, Ліберыі, Сьера-Леонэ. Колькасьць носьбітаў – каля 3,7 мільёнаў чалавек. У фанетыцы супрацьпастаўляюцца доўгія і кароткія галосныя. Мова тонавая. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Мальгашская – тое жа, што малагасійская.
Мальдыўская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у індыйскую групу. Найбольш блізкая да сінгальскай. Дзяржаўная мова Мальдыўскай Рэспублікі. Колькасць носьбітаў – каля 200 тысяч чалавек. У лексіцы – запазычанні з сінгальскай, арабскай, ангельскай і партугальскай. Выкарыстоўваецца арыгінальная нацыянальная алфавітная пісьмовасць. Накірунак пісьма справа налева.
Мальтыйская – адна з афраазіяцкіх моваў, уваходзіць у семіцкую групу. Найбольш блізкая да арабскай. Дзяржаўная мова Рэспублікі Мальта. Колькасць носьбітаў – каля 500 тысяч чалавек. У граматыцы спалучаюцца сінтэтычныя і аналітычныя сродкі. Назоўнік утварае сінтэтычныя формы ліку (адзіночны, множны, парны), мае прэпазітыўны артыкль. Склонавыя значэнні перадаюцца пры дапамозе прыназоўнікаў і парадка словаў у сказе. Дзеяслоў змяняецца па асобах, мае дзве формы часу: цяперашні і перфект. У лексіцы шмат запазычаньняў з італьянскай і ангельскай моваў. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Мангарэўская – адна з аўстранезійскіх моваў, уваходзіць у палінезійскую групу, ядзерна-палінезійскую падгрупу. Распаўсюджаная пераважна на выспе Мангарэва (Французская Палінезія). З пункта гледжаньня наяўнасці агульнай лексыкі, мова найбольш блізкая да раратанганскай. Колькасць носьбітаў – каля 1600 чалавек. Значная частка з іх двухмоўныя, валодаюць таксама таіцянскай. У фанетыцы закон адкрытага склада, адпаведна з якім склад можа завяршацца толкі галосным гукам, спалучэнні зычных немагчымыя. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Склонавыя значэньні назоўніка перадаюцца пры дапамозе прыназоўнікаў і паслялогаў. Катэгорыі рода няма. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Мангарайі – адна з моваў карэннага насельніцтва Аўстраліі. Мова ізаляваная, не ўваходзіць ні ў якую моўную сям’ю. Колькасьць носьбітаў – каля 50 чалавек. Мова выходзіць з ужытку. Распаўсюджаная ў раёне ракі Ропер на поўначы Аўстраліі. Цікавай рысай фанэтыкі мангарайі з’яўляецца адсутнасць звонкіх зычных. Мова безпісьмовая.
Мангольская – адна з мангольскіх моваў. Дзяржаўная мова Мангольскай Народнай Рэспублікі. Распаўсюджаная таксама ў аўтаномным раёне Кітая Ўнутраная Манголія. Агульная колькасць носьбітаў – каля 6 мільёнаў чалавек. Тры групы дыялектаў: усходняя, цэнтральная, заходняя. Літаратурная мова засноўваецца на адным з дыялектаў цэнтральнай групы – халхаскім. У фанетыцы супрацьпастаўляюцца доўгія і кароткія галосныя. Націск музычны, фіксаваны на апошнім складзе. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па сямі склонах: назоўны, родны, давальна-месны, вінавальны, зыходны, творны, сумесны (з кім, з чым). Граматычнага роду няма. Артыкляў таксама няма. Прыметнікі не змяняюцца ані па ліку, ані па склонах, заўсёды знаходзяцца ў прэпазыцыі да назоўніка. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку, мае складаную сістэму ладоў і часоў. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – дапаўненне – выказнік”. У лексіцы запазычанні з цюркскіх моваў, тыбецкай, санскрыта, арабскай, манчжурскай, кітайскай, рускай. Да 1945 г. выкарыстоўваўся нацыянальны мангольскі алфавіт, першыя помнікі якога належаць да ХІІІ стагоддзя. У 1945 г. пісьмовасьць у МНР была пераведзеная на кірылічную графіку; манголы жа Ўнутранай Манголіі, як раней, карыстаюцца мангольскім алфавітам. У апошнія гады ў МНР ажыццяўляецца паступовае вяртаньне да нацыянальнай пісьмовасці. Накірунак пісьма ў традыцыйнай мангольскай графіцы зверху ўніз. Накірунак радкоў – злева направа.
Мангорская – адна з мангольскіх моваў. Распаўсюджаная ў Кітаі ў правінцыях Цінхай і Ганьсу. Два дыялекты: хуцзу і мінхэ. Агульная колькасць носьбітаў – каля 53 тысяч чалавек, большая частка з якіх — маналінгвы. У фанетыцы – супрацьпастаўленне доўгіх і кароткіх галосных. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюціныцыя. Дзеяслоў утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па сямі склонах: назоўны, родна-вінавальны, давальна-месны, месны, зыходны, творны, сумесны. Склонавыя канчаткі не маюць варыянтаў і не залежаць ад тыпа асновы назоўніка. Граматычнай катэгорыі роду няма. Артыкляў няма. Прыметнікі не змяняюцца ані па ліку, ані па склонах, не дапасуюцца да назоўнікаў. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку, мае складаную сыстэму ладоў і часоў. Галоўны спосаб словаўтварэння – суфіксацыя. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – дапаўненне – выказнік”. Аснову слоўнікавага фонда мангорскай мовы складае спаконвечная агульнамангольская лексіка; шмат запазычанняў з кітайскай і тыбецкай моваў. Пісьмовасці і пісьмовых помнікаў няма.
Маніпурская – адна з кітайска-тыбецкіх моваў. Уваходзіць у тыбета-бірманскую групу. Распаўсюджаная ў Індыі, на тэрыторыі штата Маніпур. Апрача таго, значная частка маніпурцаў жыве ў індыйскіх штатах Асам і Трыпур, а таксама на тэрыторыі М’янмы (Бірмы) і Бангладэш. Агульная колькасць носьбітаў – звыш за 1,2 мільёнаў чалавек. Мова тонавая, два музычныя тоны. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па пяці склонах: назоўны, эргатыўны, творны, родны, месны. Катэгорыі рода няма. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – дапаўненне – выказнік”. Першы пісьмовы помнік датуецца 428 годам. Маніпурская складавая пісьмовасць выціскнута ў XVIII стагоддзі бенгальскім пісьмом, якое выкарыстоўваецца для маніпурскай мовы і ў цяперашні час.
Маніхікі-ракаханга – адна з аўстранэзійскіх моваў, уваходзіць у палінезійскую групу, ядзерна-палінезійскую падгрупу. Распаўсюджаная на выспах Ракаханга і Маніхікі архіпелага Кука. Колькасць носьбітаў – каля 5 тысяч чалавек. Закон адкрытага склада, адпаведна з якім склад можа завяршацца толкі галосным гукам, спалучэнні зычных немагчымыя. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Склонавыя значэньні назоўніка перадаюцца пры дапамозе прыназоўнікаў і пасьлялогаў. Катэгорыі рода няма. Парадак словаў у сказе фіксаваны. Мова безпісьмовая.
Мансійская (вагульская) – адна з уральскіх моваў, уваходзіць у вугорскую групу. Распаўсюджаная ў Ханты-Мансійскай аўтаномнаў акрузе. Колькасць носьбітаў – 3,5 тысяч чалавек. Значная частка з іх двухмоўныя, валодаюць таксама рускай. Галосныя гукі: [и], [э], [ы], [а], [у], [о]. Усе галосныя могуць быць як доўгімі, так і кароткімі; супрацьпастаўленне доўгіх і кароткіх мае фаналагічнае значэньне: ос (з доўгім “о”) – “каза”, ос (з кароткім “о”) – “паверхня”. Зычныя гукі: [п], [в] (вымаўляецца як ангельскае w), [ф], [т], [с], [н], [л], [р], [ть], [й], [сь], [нь], [ль], [к], [г] (вымаўляецца фрыкатыўна, як у беларускай мове), [х], [?] (вымаўляецца як ангельскае ng). Дыфтонгаў няма. Націск эспіраторны, заўсёды падае на першы склад. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Назоўнік утварае формы адзіночнага, множнага і парнага лікаў, змяняецца па сямі склонах: назоўны, вінавальны, накіравальны (на што, у што), адкладальны (адкуль, ад чаго), месны, творна-камітатыўны (кім, чым; з кім, з чым), транслатыўны (у каго, у што – ператварацца). Катэгорыі роду няма. Ёсць катэгорыя прыналежнасці. Артыклі: акрэслены і неакрэслены. Прыметнік не змяняецца па склонах, формы ліку ўтварае толькі ў функцыі выказніка, утварае ступені параўнання. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным, парным і множным ліку, утварае у абвесным ладзе, кандыцыянале і аўдытыве формы цяперашняга, прошлага і будучага часу. Нефінітныя формы дзеяслова: інфінітыў, дзеепрыметнікі, дзеепрыслоўі. У загадным ладзе формаў часу няма. Тыповы парадак словаў у сказе: “дзейнік – дапаўненне – выказнік”. У лексіцы шмат запзчанняў зь іранскіх, цюркскіх і самадыйскіх моваў, а таксама з рускай. Пісьмовасць з 1931 г. на лацінскай, а з 1937 на кірылічнай графічнай аснове.
Манская – тое жа, што мэнская.
Манчжурская – адна з тунгуса-манчжурскіх моваў. Распаўсюджаная на паўночным усходзе Кітая. Указаць колькасць носьбітаў не ўяўляецца магчымым, паколькі большая частка пяцімільённага манчжурскага народа перайшла на кітайскую мову. Націск падае на першы склад. Граматычны лад аглютыныцыйны, аднак, у адрозненьне ад іншых тунгуса-манчжурскіх моваў, шырока распаўсюджаныя і аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Назоўнік змяняецца па пяці склонах. Катэгорыі рода няма. Артыкляў няма. Адушаўлёныя назоўнікі могуць утвараць сінтэтычную форму множнага ліку, але яна ўжываецца толькі ў тых выпадках, калі значэне множнасці ніяк не выводзіцца з кантэкста. Неадушаўлённыя назоўнікі не змяняюцца па ліку. Дзеяслоў не змяняецца па асобах. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – дапаўненне – выказнік”. Найбольш распаўсюджаны спосаб словаўтварэння – афіксацыя. У лексіцы шмат запазычанняў з кітайскай і мангольскай моваў, значна меньш – з тыбецкай і санскрыта. Манчжурская пісьмовасць уяўляе сабой відазменены мангольскі алфавіт. Накірунак пісьма, як і у манголаў, зверху ўніз. Першыя помнікі з XVII стагоддзя.
Маоры – адна з аўстранезійскіх моваў, уваходзіць у палінезійскую групу, ядзерна-палінезійскую падгрупу. Распаўсюджаная ў Новай Зеландыі, дзе з’яўляеца другой дзяржаўнай мовай (першая – ангельская). Колькасць носьбітаў – каля 300 тысяч чалавек. Закон адкрытага склада, адпаведна з якім склад можа завяршацца толкі галосным гукам, спалучэнні зычных немагчымыя. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Склонавыя значэнні назоўнікаў перадаюцца пры дапамозе прыназоўнікаў і паслялогаў. Катэгорыі рода няма. Парадак словаў у сказе фиксаваны. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Маратхі – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у індыйскую групу. Распаўсюджаная ў Індыі ў штаце Махараштра, дзе мае статус афіцыяльнай мовы. Колькасць носьбітаў – каля 58 мільёнаў чалавек. Тры групы дыялектаў. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Пісьмовасць на базе графікі дэванагары – найбольш распаўсюджанага сярод індыйскіх складавых алфавітаў. Першыя пісьмовыя помнікі належаць да ХІІІ стагоддзя. Сучасная літаратурная норма фармуецца ў ХІХ стагоддзі.
Мардоўская – бач эрзянская і макшанская.
Марту-вангха – адна з моваў карэннага насельніцтва Аўстраліі, уваходзіць у сям’ю пама-ньюнга, паўднёва-заходнюю групу. Распаўсюджаная ўва Ўсходняй Аўстраліі, ў раёне Джыгалонг. Колькасць носьбітаў – каля 720 чалавек. Чатыры дыялекты, адрозненні паміж якімі не перашкаджаюць узаемапаразуменню. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Маршальская – адна з аўстранезійскіх моваў, уваходзіць у мікранезійскую групу. Адна з дзвюх дзяржаўных моваў (нароўні з ангельскай) Маршальскіх Выспаў. Колькасць носьбітаў – каля 35 тысяч чалавек. Фанетыка мае яскрава выражаны кансанантны характар: 22 зычныя і толькі чатыры галосныя. У граматыцы шырока распаўсюджаныя інфіксацыя і аглюцінацыя. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Марыйская – адна з уральскіх моваў, уваходзіць у фіна-вугорскую групу, фінскую падгрупу, волжскую падпадгрупу. Распаўсюджаная ў Расіі, у аўтаномнай рэспубліцы Марый-Эл, дзе мае афіцыяльны статус, а таксама ў некаторых раёнах Татарстана, Башкірыі, Удмуртыі, Ніжэгародскай, Екацерынбургскай і Пермскай вабласцей. Колькасць носьбітаў – каля 540 тысяч чалавек. Значная частка з іх двухмоўныя, валодаюць таксама рускай. Дзве групы дыялектаў: лугавая і горная, на базе якіх сфармаваліся дзве асобныя літаратурныя мовы. Галосныя гукі: [и], [э], [?] ( ук, падобны да нямецкага ?), [?], [ы], [а], [у], [о]. Зычныя гукі: [п], [ф], [в] (вымаўляецца як ангельскае w), [м], [т], [ц], [д], [н], [с], [з], [ч’], [н’], [л’], [й], [к], [г] (вымаўляецца фрыкатыўна, як у беларускай), [х], [?] (як ангельскае ng). Дыфтонгаў няма. Націск свабодны. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па дзесяці склонах. Артыкляў няма. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку, мае станоўчыя і адмоўныя формы, апошнія зь якіх утвараюцца аналітычна: лудам ‘чытаю’, ом луд ‘не чытаю’; лудат ‘чытаеш’, от луд ‘не чытаеш’; лудеш ‘чытае’, ок луд ‘не чытае’; лудына ‘чытаем’, она луд ‘не чытаем’; лудыда ‘чытаеце’, ода луд ‘не чытаеце’; лудыт ‘чытаюць’, огыт луд ‘не чытаюць’. Апрача цяперашняга часу, марыйскі дзеяслоў мае ў абвесным ладзе шэсьць мінулых часоў і адно будучае. Для ўтварэньня апошняга выкарыстоўваецца дапаможны дзеяслоў т?налаш ‘пачынаць’: лудаш т?налам ‘буду чытаць’ (літ.: чытаць пачынаю). У загадным ладзе марыйскі дзеяслоў не ўтварае формаў часу; нароўні са станоўчымі формамі, як і ў абвесным ладзе, мае асобыя адмоўныя: луд ‘чытай’, ит луд ‘не чытай’; лудшо ‘няхай чытае’, ынжэ луд ‘няхай не чытае’; лудса ‘чытайце’, ида луд ‘не чытайце’; лудышт ‘няхай чытаюць’, ынышт луд ‘няхай не чытаюць’. У пажадальным ладзе (аптатыве) дзеяслоў мае тры формы часу: цяперашняе і два мінулых; зьмяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку, мае станоўчыя і адмоўныя формы. Ёсць два інфінітывы: асноўны на –аш (лудаш ‘чытаць’) і інфінітыў павіннасьці на –(ы)ман (лудман ‘трэба чытаць’). Ёсьць таксама таксама дзеепрыметнікі і дзеепрыслоўі. Галоўныя спосабы словаўтварэння – суфіксацыя і словаскладанне, сустракаецца канверсія, але значна радзей. У лексіцы шмат запазычанняў з рускай. Парадак словаў у сказе адносна свабодны. Пісьмовасць на базе кірылічнай графікі. Першы помнік марыйскай мовы (сьпіс словаў) належыць да канца XVII стагоддзя, першы тэкст – да XVIII стагоддзя, першая друкаваная кніга – Катэхізіс 1803 г.
Марыоры – адна з аўстранэзійскіх моваў, уваходзіць у палінэзійскую групу, цэнтральна-палінэзійскую падгрупу. Мова вельмі блізкая да маоры. Была распаўсюджаная на выспах Чатэм, выйшла з ужытку ў выніку моўнай асіміляцыі яе носьбітаў ангельскамоўнымі перасяленцамі. Пераважаюць аналінычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Закон адкрытага склада, адпаведна з якім склад можа завяршацца толкі галосным гукам, спалучэньні зычных немагчымыя. Супрацьпастаўляюцца доўгія і кароткія галосныя. Пісьмовасьці няма.
Маскогі – тое жа, што крыкская.
Маторска-тагійска-карагаская – адна з уральскіх моваў, уваходзіць у самадыйскую групу. Тры дыялекты: маторскі (мадорскі), тагійскі і карагаскі. Была распаўсюджаная ў Саянах. Выйшла з ужытку ў першай палове ХІХ стагоддзя. Па дадзеных М. А. Кастрэна апошні чалавек, які гаварыў на гэтай мове, памёр у 1839 г. Націск свабодны. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычага значэння, аглюцінацыя. Назоўнік мае граматычныя катэгорыі склона, ліка, прыналежнасці. Артыкляў няма. Дзеяслоў змяняецца па асобах. У нешматлікіх запісах даследчыкаў гэтай мовы зафіксаваныя толькі формы цяперашняга часу. Асноўны спосаб словаўтварэння – суфіксацыя. У лексіцы вяікая колькасць запазычанняў з цюркскіх і мангольскіх моваў. Пісьмовасці і ўласных пісьмовых помнікаў няма.
Махараштры – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у індыйскую групу, належыць да ліку сярэдняіндыйскіх літаратурных моваў – пракрытаў. Была распаўсюджаная ў вобласці Індыі Махараштра. У фанетыцы супрацьпастаўляюцца доўгія і кароткія галосныя. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Назоўнік мае катэгорыю рода (мужчынскі, жаночы, ніякі), змяняецца па сямі склонах (назоўны, родны, вінавальны, творны, адкладальны, месны, клічны), утварае формы адзіночнага і множнага ліку. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку, мае таксама граматычныя катэгорыі часу (цяперашняе, будучае, мінулае), трываньня, ладу, стану, роду. Звычайны парадак словаў: “дзейнік – дапаўненне – выказнік”. Пісьмовасьць індыйская, складавая.
Махры – адна з афраазіяцкіх моваў, уваходзіць у семіцкую групу. Распаўсюджаная на нязначнай частцы тэрыторыі Йемена. Па сваёй структуры блізкая да сакатрыйскай. Колькасць носьбітаў – ад 5 да 10 тысяч чалавек. Амаль усе яны валодаюць таксама арабскай. Моцнае дыялектнае дзяленьне, аднак адрознення паміж дыялектамі не перашкоджваюць узаемапаразуменню. Наддыялектных формаў няма. Фанетыка характаразуецца вялікай колькасцю і разнастайнасьцю зычных. У граматыцы спалучаюцца сітэтычныя і аналітычныя сродкі. Назоўнік мае катэгорыю граматычнага роду (мужчынскі і жаночы), утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па трох склонах: назоўны, родны, вінавальны. Катэгорыю рода маюць таксама асабовыя займеннікі другой і трэцяй асобы і дзеяслоў у асабовых формах, як адзіночнага, так і множнага ліку ўсіх часоў. У лексіцы шмат запазычанняў з арабскай. Так, напрыклад, з арабскай запазычаныя ўсе лічэбнікі, апрача лічэбнікаў першага дзясятка. Мова беспісьмовая, выкарыстоўваецца толькі ў пабытовай камунікацыі.
Маэ – тое жа, што эмаэ.
Меднаўскіх алеутаў мова – змешаная мова, якая ўзьнікла ў працэсе ўзаемадзеяння і ўзаемапранікненьня атуанскага дыялекта алеуцкай і рускай моваў; сфармавалася як асобная мова ў ХІХ стагоддзі. Да 1960-х гадоў носьбіты гэтай мовы жылі на выспе Медная (адна з двух алеуцкіх выспаў), потым былі прымусова пераселеныя на выспу Берынга. У цяперашні час мова выходзіць з ужытку. У канцы 1980-х гадоў заставалася 10 – 12 моўнікаў. У фанетыцы супрацьпастаўляюцца доўгія і кароткія. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Шэраг граматычных фармантаў запазычаныя з рускай. Назоўнік утварае формы адзіночнага, множнага і парнага лікаў, змяняецца па двух склонах: абсалютны, які маркіруе назоўнік у пазіцыі дзейніка або прамога дапаўнення, і адноснага, які часьцей з усяго ўжываецца ў функцыі роднага, указвае на валадара: собакам ‘итхии ‘хвост сабака’. Іншыя склонавыя значэнні перадаюцца пры дапамозе паслялогаў. Ёсць катэгорыя прыналежнасці: ахсинун ‘мая дачка’, ахсинуун ‘твая дачка’, ахсинуу ‘ягоная дачка’. Артыкляў няма. Дзеяслоў утварае формы цяперашняга, будучага і мінулага часу; у цяперашнім і будучым часе змяняецца па асобах, у у мінулым часе змяненьня па асобах няма. Усе граматычныя фарманты дзеяслова запазычаныя з рускай: аамги? йууит ‘кроў цячэ’, ?игна? у?аал ‘вогнішча згасла’, велосипеда? я тебе ни буду акиить ‘ровэра я табе ня буду купляць’. Парадак словаў у сказе свабодны. Асноўны спосаб спосаб словаўтварэння – суфіксацыя. У лексіцы шмат рускіх запазычанняў. Так, напрыклад, запазычанымі з рускай з’яўляюцца ўсе асабовыя займеньнікі. Дыялектнага дзялення няма. Арыгінальную сістэму пісьма на базе рускага алфавіта распрацаваў адзін з носьбітаў гэтай мовы Г. М. Якаўлеў, аднак афіцыяльнага прызнання гэтая пісьмовасць не атрымала.
Меранская – адна з уральскіх моваў, уваходзіць у фінскую групу, волжскую падгрупу. Была распаўсюджаная ў цэнтральнай Расіі, ў раёне гарадоў Растоў Вялікі і Пераслаўль-Залескі. Выйшла з ужытку ў ІХ стагоддзі ў выніку асіміляцыі яе носьбітаў усходнімі славянамі. Апошняя звёстка пра племя мера сустракаецца ў летапісі пад 907 годам. Інфармацыі пра мову вельмі няшмат, пераважна тапанімічныя дадзеныя. Пісьмовасці і пісьмовых помнікаў няма.
Мерыам – адна з трансновагвінейскіх моваў. Распаўсюджаная на Торэсавых выспах (належаць Аўстраліі). Колькасць носьбітаў – ад 300 да 400 чалавек. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове з ХІХ стагоддзя.
Месапская – адна з індаэўрапейскіх моваў, уваходзіць у палеабалканскую групу. Была распаўсюджаная ў паўднёва-ўсходняй Італіі з VI стагоддзя да н. э. да І стагоддзя н. э. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, флексія. Назоўнік змяняецца па пяці склонах: назоўны, родны, давальны, вінавальны, творны. Помнікі месапскай мовы – кароткія трафарэтныя напісы на цвёрдых прадметах. Значная частка лексікі, прадстаўленай у гэтых напісах, — уласныя імёны.
Мераіцкая – мова старажытнай цывілізацыі Мэраэ, якая існавала з VIII стагоддзя да н. э. па IV стагоддзе н. э. у даліне Ніла ў раёне ад Асуана да ўпадзення ракі Атабара. Родасныя сувязі невыяўленыя. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, двухбакавая аглюцінацыя. У лексіцы некаторая колькасць запазычанняў са старажытнаегіпецкай. Пісьмовасць мае змешаны, алфавітна-складавы характар, вонкавы выгляд сымбаляў сведчыць аб яе паходжаньні ад егіпецкай сыстэмы пісьма.
Мідыйская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у іранскую групу. Была распаўсюджаная на тэрыторыі сучаснага паўночна-заходняга Ірана. Пісьмовасці і пісьмовых помнікаў няма. Звёсткі аб плямёнах мідыяў спаткаюцца ў асірыйскіх крыніцах з ІХ стагоддзя да н. э. Асобныя словы і фразы мідыйскай мовы дайшлі да нас у помніках, напісаных на іншых мовах.
Мізо – адна з моваў кітайска-тыбецкай сям’і, уваходзіць у тыбета-бірманскую групу. Колькасць носьбітаў – каля 500 тысяч чалавек. Распаўсюджаны на паўночным усходзе Індыі ў штаце Мізарам, дзе выкарыстоўваецца ў якасці афіцыяльнай мовы нароўні з ангельскай і гіндзі.
Микасукская – адна з моваў карэннага насельніцтва Паўночнай Амерыкі. Уваходзіць у маскогскую сям’ю, усходнюю групу. Колькасць носьбітаў – каля 500 чалавек; пражываюць у ЗША на поўдні Фларыды. У фанетыцы супрацьпастаўляюцца доўгія і кароткія галосныя. Мова тонавая. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя з элементамі полісінтэтызма. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Мікмак – адна з алганкіна-рытванскіх моваў, уваходзіць у ангалкінскую групу. Распаўсюджаная на пазднёвым усходзе Канады і паўночным усходзе ЗША. Агульная колькасць носьбітаў – каля 10 тысяч чалавек. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. У ХІХ стагоддзі нямецкі місіянер К. Каўдэр распрацаваў для мовы мікмак лагаграфічнае пісьмо з 5700 знакаў, і нават надрукаваў гэтым пісьмом колькі кніжак, аднак шырокага распаўсюджання яно не атрымала. У цяперашні час пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Мінангкабу – адна з аўстранэзійскіх моваў, уваходзіць у інданезійскую групу. Распаўсюджаная ў цэнтральных і заходніх раёнах Суматры (Інданэзія). Колькасць носьбітаў – каля 2 мільёнаў чалавек. Як і ў шэрагу іншых інданезійскіх моваў, множны лік назоўніка ўтвараецца пры дапамозе яго рэдуплікацыі. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове. Да ХІХ стагоддзя выкарыстоўвалася арабская графіка.
Мінгрэльская – адна з картвельскіх моваў. Вельмі блізкая да лазскай. Распаўсюджаная ва ўсходняй Грузіі. Колькасць носьбітаў – каля 400 тысяч чалавек. Два даволі блізкія дыялекты: сенакскі і самурзакана-зугдыдскі. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, двухбакавая аглюцінацыя. У лексіцы шэраг запазычанняў з грузінскай. Пісьмовасці няма. У якасці літаратурна-пісьмовай мінгрэлы здаўна выкарыстоўваюць грузінскую мову.
Монская – адна з аўстраазіяцкіх моваў, уваходзіць у мон-кхмерскую групу. Распаўсюджаная ў М’янме (Бірме) і Таіландзе. Да XVIII стагоддзя мова незалежнай монскай дзяржавы Двараваці, якое знікла ў выніку бірманскай агрэсіі. Агульная колькасць носьбітаў – каля 500 тысяч чалавек. Мова тонавая. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Галоўны спосаб словаўтварэння – словаскладанне. Складаныя словы будуюцца па тых жа прынцыпах, што і словазлучэньні, і вонкава часта неадрозныя ад іх. Выкарыстоўваецца нацыянальная складавая пісьмовасць.
Мубі – адна з афраазіяцкіх моваў, уваходзіць у чадскую групу. Распаўсюджаная ў Рэспубліцы Чад. Прыблізная колькасць моўнікаў – каля 210 тысяч. Мова тонавая. Пісьмовасці няма.
Мурамская – адна з уральскіх моваў, уваходзіць у фінскую групу, волжскую падгрупу. Была распаўсюджаная ў Сярэднявеччы на тэрыторыі сучаснай цэнтральнай Расіі. Зьнікла ў выніку асіміляцыі яе носьбітаў славянскім племям вяцічаў. Інфармацыі пра мову вельмі няшмат. На думку шэрага навукоўцаў мова вельмі блізкая да эрзянскай і макшанскай. Пісьмовасці і пісьмовых помнікаў няма.
Мыонг – адна з аўстраазіяцкіх моваў, уваходзіць у вьет-мыонгскую групу. Распаўсюджаная ў паўночных раёнах Вьетнама. Колькасць носьбітаў – каля 680 тысяч чалавек. Большасць носьбітаў мовы мыонг двухмоўныя, валодаюць таксама вьетнамскай. Тры групы дыялектаў: паўночная, цэнтральная, паўднёвая. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, ізаляцыя. Мова тонавая. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – выказнік – дапаўненне”. Пісьмовасці і ўласных пісьмовых помнікаў няма.
Мэа – адна з аўстранезійскіх моваў, уваходзіць у меланезійскую групу. Распаўсюджаная ў Новай Каледоніі. Колькасць носьбітаў – каля 300 чалавек. У працэсе гістарычнага развіцця на яе значна паўплывала родасная мова тыры. Мова беспісьмовая.
Мэнская (манская) – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у кельцкую групу, гэльскую падгрупу. Была распаўсюджаная на выспе Мэн (Ман) у Ірландзкім моры. У другой палове ХХ стагоддзя практычна выйшла з ужытку. У колах нацыянальнай інтэлігенцыі робяцца спробы адраджэньня мовы. Націск фіксаваны на першым складзе. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, ёсць асобныя элементы флексіі. Назоўнік змяняецца толькі па ліку (адзіночнае і множнае). Ёсць артыкль. Прыметнік — цалкам нязменная часціна мовы. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “выказнік – дзейнік – дапаўненне”. Асноўны спосаб словаўтварэння – суфіксацыя. У лексіцы шмат запазычаньняў з ангельскай і скандынаўскіх моваў. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Мэньба – адна з кітайска-тыбецкіх моваў, уваходзіць у тыбета-бірманскую групу. Распаўсюджаная пераважна на паўднёвым усходзе Тыбета, у раёне Мэньюй. Колькасць носьбітаў – каля 7500 чалавек. Уласнай пісьмовасьці мова мэньба не мае; у пабытовых мэтах выкарыстоўваецца тыбецкая пісьмовасць.
Мяшчэрская – адна з уральскіх моваў, уваходзіць у фінскую групу, волжскую падгрупу. Была распаўсюджаная да XVІ стагоддзя ля вытокаў р. Акі. Зьнікла ў выніку асіміляцыі носьбітаў мяшчэрскай мовы рускамоўным насельіцтвам. Інфармацыі пра мову вельмі няшмат. Пісьмовасці і пісьмовых помнікаў няма.

Цэтлікі:

Ответить

  Проверка PR и ТИЦ
Нашы сябры:
Казкі беларускія!


http://www.ooors.ru/ Фейерверк РК5710 Раскат небес. Сердце в небе высотный Фейерверк.