A A

А. Ю. МУСОРЫН. МОВЫ СВЕТА. ДАВЕДНІК (І)

І – тое жа, што лоло.
Іааі – адна з аўстранезійскіх моваў, уваходзіць у меланезійскую групу. Распаўсюджаная на выспе Увеа недалёка ад берагоў Новай Каледоніі. Колькасць носьбітаў – каля 2200 чалавек. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове. У 1901 годзе на мове іааі выйшла Біблія.
Іба – тое жа, што ігба.
Ібанская (марскіх даякаў мова) – адна з аўстранезійскіх моваў, уваходзіць у малайскую групу. Распаўсюджаная ў Малайзіі ў штаце Саравак. Колькасць носьбітіаў – каля 430 тысяч чалавек. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове. Хаця ібанская мова не мае аніякага афіцыяльнага статуса, на ёй выданы шэраг кніг, вядзецца радыёвяшчаньне; з 1945 г. выкладаецца як прадмет у школе.
Iберыйская – iзаляваная мова дарымскага насельнiцтва паўднёвай i паўднёва-ўсходняй часткi тэрыторыi цяперашняй Іспанii. Захавалася ў кароткiх напiсах на камянях i цвёрдых прадметах, пераважна IV ст. да н. э. Выйшла з ужытку ў вынiку асімiляцыi iбераў лацiнскамоўнымi перасяленцамi. Карысталася фанетычнай пiсьмовасьцю, створанай на падставе грэцкага i фiнiкiйскага алфавiтаў.
Івам – адна з папуаскіх моваў, уваходзіць у сям’ю сэпік. Распаўсюджана ў правінцыі Заходні Сэпік Папуа-Новай Гвінеі. Колькасць носьбітаў – каля 3 тысяч чалавек. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Ігба – адна з моваў ква. Распаўсюджаная на паўночным усходзе Нігерыі. Колькасць носьбітаў каля 15 мільёнаў чалавек. Моцнае дыялектнае дзяленне. Ёсць сістэма музычных тонаў. Граматычны лад аглюцінатыўны. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове. Адзінай літаратурнай нормы няма.
Іда – адна з штучных моваў, створаная ў 1907 годзе. Па паходжанню – мадыфікацыя эсперанта. Шырокага распаўсюджання няма. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, ёсьць элементы аглюцінацыі. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Іджаў – адна з моваў ква. Распаўсюджаная на паўночным усходзе Нігерыі, пераважна ў раёне дэльты ракі Нігер. Колькасць носьбітаў каля 1,5 мільёнаў чалавек. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Ідыом-нэўтраль – штучная мова, створаная ў 1902 г. расейскім інтэрлінгвістам В. К. Разэбергам. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Ідыш – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у германскую групу, заходнюю падгрупу. Пабытовая і літаратурная мова ашкеназскіх (нямецкіх па паходжанню) габрэяў. Да сярэдзіны ХХ стагоддзя была шырока распаўсюджаная сярод габрэйскага насельніцтва Польшчы, Чэхіі, Славакіі, Беларусі, Украіны, Літвы (Летувы), Латвіі. Пасля другой сусьветнай вайны колькасьць носьбітаў мовы ідыш у выніку халакоста значна паменьшылася і цяпер налічваецца не больш за 2 мільёны носьбітаў гэтае мовы, большай часткай прадстаўнікоў старэйшага пакалення. У цяперашні час мае статус афіцыяльнай мовы ў Габрэйскай нацыянальнай акрузе (Расея), хаця рэальны яе ўжытак вельмі абмежаваны. Галосныя гукі: [a], [o], [u], [i], [e]; дыфтонгі: [aj], [ej], [oj]. Супрацьпастаўлення доўгіх і кароткіх няма. Зычныя гукі: [b], [g], [d], [h], [v], [z], [?], [x], [t], [?], [l], [m], [n], [s], [p], [f], [c], [k], [r], [?]. Два дыфтонгі: [ei] і [ai]. Санорныя [l] і [n] могуць выступаць у якасці складаўтвараючых. Націск свабодны, эспіраторны. Граматычны лад вельмі блізкі да граматычнага ладу нямецкай мовы. Спалучаюцца сінтэтычныя і аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Назоўнік мае катэгорыю граматычнага рода (мужчынскі, жаночы, ніякі), утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па чатырох склонах: назоўны, давальны, вінавальны і прыналежны (формы апошняга склона маюць толькі адушаўлёныя назоўнікі). Ёьць артыклі: агульны для ўсіх трох родаў неакрэслены артыкль ? [а], акрэслены мужчынскага роду ??? [der], акрэслены жаночага роду ?? [di], акрэслены ніякага роду ??? ? [dos]. У множным ліку акрэслены артыкль мае агульную для ўсіх трох родаў форму ?? [di]. Прыметнік змяняецца толькі па трох першых склонах, дапасуецца да назоўніка ў ліку, родзе і склоне, утварае звычайную, вышэйшую і найвышэйшую ступені параўнання. Фармантам вышэйшай ступені з’яўляецца суфікс ?? [–er-], фармантам найвышэйшай – суфікс ?? [–st-]. Ёсць суплетыўныя формы: ????? [?lext] ‘кепскі’ – ????? [erger] ‘горшы’ – ????? [ergst] ‘найгоршы’. Дзеяслоў змяняеца па асобах у адзіночым і множным ліку, у абвесным ладзе мае шэсьць формў часу: цяперашні час, просты мінулы час, шматкратны мінулы час, папярэдні мінулы час (плюсквамперфект), будучы просты час, будучы папярэдні час. Тры станы: незалежны (??? ??? – іх va? – “я мыю”), залежны ( ???? ???? ???? ?????? – dos gret vert geva?n – “бялізна мыецца”) і зваротны ( ??? ??? ??? — ix va? zix – “я мыюся, я мыю сябе”). Нароўні з асабовымі формамі дзеяслоў у мове ідыш утварае дзеепрыметнікі, герундыў і інфінітыў. Галоўныя спосабы словаўтварэння – афіксацыя і словаскладанне. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – выказнік — дапаўненне”. У лексіцы шмат запазычанняў са славянскіх моваў (???? [sod] ‘сад’, ????[tate] ‘бацька, тата’ і іўрыта (????? [tsadik] ‘святы’, ?????? [meluxe] ‘дзяржава’, ????? [mejlex] ‘кароль’). Выкарыстоўваецца традыцыйны габрэйскі алфавіт з дадаткам спецыяльных літар для абазначэньня галосных гукаў. Накірунак пісьма справа налева.
Іжорская – адна з уральскіх моваў, уваходзіць у фіна-вугорскую групу, фінскую падгрупу, прыбалтыйска-фінскую падпадгрупу. Распаўсюджаная ў некаторых вёсках Кінгісэпскага і Ламаносаўскага раёнаў Ленінградскай вобласці Расіі. Колькасць носьбітаў каля 200 чалавек, большай часткай – гэта асобы старэйшага пакалення. Мова вымірае. Чатыры дыялекты: хэваскі, арэдрэжскі, сойкінскі, ніжнелужскі. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюціныцыя. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па дванаццаці склонах. Граматычнага роду няма. Артыкляў няма. Прыметнік дапасуецца да назоўніка у склоне і ліку, утварае ступні параўнання. Дзеяслоў у абвесным ладзе змяняецца па асобах, утварае формы цяперашняга-будучага часу, імперфекта, перфекта, плюсквамперфекта. Націск заўсёды на першым складзе. Супрацьпастаўленне доўгіх і кароткіх галосных. Парадак словаў у сказе адносна свабодны. У лексіцы запазычанні з фінскай і рускай моваў. Апошнія звычайна пераафармляюцца ў адпаведнасьці з іжорскай граматыкай і фанетыкай: sv?sa ‘свежий’, trit’?ka ‘электричка’. У 1930-я гг. існавала пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове (выдаваліся школьныя падручнікі). У цяперашні час мова практычна беспісьмовая.
Іла – тое жа, што інтэрлінгва.
Ілаканская – адна з аўстранэзійскіх моваў, уваходзіць у інданезійскую групу. Распаўсюджаная на Філіпінах, у паўночна-заходніх правінцыях выспы Лусон. Колькасць носьбітаў звыш за 6 мільёнаў чалавек. Адрозненьні паміж дыялектамі нязначныя. Граматычны лад – аглюцінатыўны. У лексіцы запазычанні з ангельскай і іспанскай моваў, хаця іх не нашмат меньш, чым у лексіцы большасці філіпінскіх моваў. На ілаканскай мове вядзецца тэле- і радыёвяшчанне, выкладанне ў школе; друкуецца мастацкая літаратура. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове з сярэдзіны XVIII стагоддзя. Іспанскія хронікі павядамляюць пра існаваньне ў ілуканцаў двух тыпаў складавага пісьма, помнікі якога не захаваліся.
Ілірыйская — адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у палеабалканскую групу. Была распаўсюджаная на паўночным захадзе Балканскай паўвыспы з VII стагоддзя да н. э. па IV стагоддзе н. э. Знікла ў выніку асыміляцыі ілірыйцаў носьбітамі лацінскай мовы. Пісьмовых помнікаў няма. Асобныя словы і фразы захаваліся ў творах антычных аўтараў. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, флексія.
Ілонга – тое жа, што панаянская.
Інгушская – адна з паўночнакаўказскіх моваў, уваходзіць у нахска-дагестанскую групу, нахскую падгрупу. Распаўсюджаная ў Інгушэтыі, дзе мае афіцыяльны статус (нароўні з рускай), і ў памежных з ёй раёнах Расіі. Колькасць носьбітаў звыш за 180 тысяч чалавек. Дыялектнага дзялення няма. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Пісьмовасць з 1917 г. на базе арабскага алфавіта, з 1923 на лацінскай графічнай аснове, а з 1938 – на кірылічнай.
Інданэзійская – адна з аўстранезійскіх моваў, уваходзіць у інданезійскую групу. Дзяржаўная мова Рэспублікі Інданезія. Вельмі блізкая да малайскай. Колькасць носьбітаў – каля 150 мільёнаў чалавек. Дыялектнага дзялення няма. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Назоўнік утварае формы множнага ліку пры дапамозе рэдуплікацыі: glombang ‘хваля’, glombangglombang ‘хвалі’. Склонавыя значэнні перадаюцца пры дапамозе парадка словаў і прыназоўнікаў. Катэгорыі роду няма. Прыметнік утварае формы ступеней параўнаньня: baik ‘добры’, lebih baik ‘лепшы’, terbaik ‘найлепшы’. У лексіцы шмат запазычанняў з яванскай, нідэрландскай, ангельскай і яванскай моваў. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Інтэрглоса (глоса) – штучная мова, створаная ў 1943 г. Л. Габгэнам. Мае абмежаванае распаўсюджанне. Мова паслядоўна ізаляцыйная, словы не змяняюцца, а ўжываюцца ў сваёй слоўнікавай форме. Граматычныя значэнні склону, ліку, часу і інш. перадаюцца выключна пры дапамозе службовых словаў і парадка словаў у сказе. Множны лік назоўніка ўтвараецца пры дапамозе службовага слова plu: bibli ‘кніга’, plu bibli ‘кнігі’. Ёсць артыкль – u. На цяперашні час дзеяслова указвае аналітычны фармант nu: Fe nu ki ad urba ‘Яна ідзе (зараз) у горад’. На будучы час указвае фармант fu, а на мінулы – pa: Fe fu ki ad urba ‘Яна пайдзе ў горад’; Fe pa ki ad urba ‘Яна ішла ў горад’. Указаньне на час дзеяньня не з’яўляецца абавязковым. У тых выпадках, калі значэнне граматычнага часу зразумелае з кантэксту, фармант часу не выкарыстоўваецца: Fe ki ad urba. Значэньне закончанага трывання перадаецца службовым словам fin, незакончанага трывання – службовым словам du, умоўнага ладу – sio. Галоўны спосаб словаўтварэння – словаскладанне. Націск звычайна падае на прадапошні склад. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – выказнік — дапаўненне”. Лексыка створаная пераважна на базе інтэрнацыянальных каранёў грэцкай і лацінскай моваў. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Інтэрлінгва (іла) – апастэрыёрная штучная мова, створаная ў 1951 г. навукоўцамі Амерыканскай асацыяцыі міжнароднай дапаможнай мовы пад кіраўніцтвам Гоўда (Gode). Мае абмежаванае распаўсюджанне. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. У лексіцы шмат запазычанняў з жывых еўрапейскіх моваў, якія вымаўляюцца не па правілах інтэрлінгвы, а так, як яны гучаць у мове-крыніцы. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Ірландская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у кельцкую групу, гэльскую падгрупу. Распаўсюджаная ў Ірландыі, дзе з’яўляецца, нароўні з ангельскай, дзяржаўнай мовай. Колькасць носьбітаў каля 600 тысяч чалавек. Большасць носьбітаў ірландскай мовы двухмоўныя, валодаюць таксама ангельскай. Тры групы дыялектаў: мунстэрская, канахцкая і ульстэрская. Адрозненьні паміж дыялектамі могуць у некаторых выпадках нават перашкоджваць узаемапаразуменню паміж іх носьбітамі. У фанетыцы супрацьпастаўленне доўгіх і кароткіх галосных. Націск эспіраторны, свабодны. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Назоўнік мае катэгорыю роду (мужчынскі і жаночы), утварае формы адзіночнага і множнага ліку (перажыткава некаторыя назоўнікі ўтвараюць формы парнага ліку), змяняецца па чатырох склонах: назоўны, родны, давальны (рэліктавая форма) і клічны. Астатнія склонавыя значэнні перадаюцца пры дапамозе прыазоўнікаў і парадка словаў. Ёсць артыклі. Прыметнік дапасуецца да назоўніка ў родзе, склоне і ліку, утварае ступені параўнання. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку, утварае ў абвесным ладзе формы цяперашняга і будучага часу, імперфекта і прэтэрыта. Ва ўмоўным і загадным ладзе формаў часу няма. Незалежны і залежны стан. Ёсць асобая імпэрсанальная форма. Парадак словаў у сказе жорстка фіксаваны: “выказнік – дзейнік – дапаўненне”. Асноўныя спосабы словаўтварэння – словаскладанне і афіксацыя. У лексіцы шмат запазычанняў з ангельскай мовы. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове. Ад найстаражытнейшага перыяду ў гісторыі ірландскай мовы захаваліся помнікі, выкананыя кельцкім агамічным пісьмом на камяні.
Ісаўрыйская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у хета-лувійскую групу. Была распаўсюджаная ў некаторых раёнах Малай Азіі ў І – ІІ тысячагодзях да н. э. Пісьмовых помнікаў няма. Захаваліся асобныя ісаўрыйскія тапонімы і антрапонімы ў тэкстах на іншых мовах. Як і ў іншых хета-лувійскіх мовах пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, флексія.
Ісландская — адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у германскую групу, паўночную (скандынаўскую) падгрупу. Распаўсюджаная ў Ісландыі, дзе з’яўляецца дзяржаўнай мовай. Дыялектнага і сацыяльнага дзяленьня няма. Колькасць носьбітаў каля 242 тысяч чалавек. У фанетыцы супрацьпастаўленьне доўгіх і кароткіх галосных. Націск эспіраторны, заўсёды падае на першы склад. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, флексія. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па чатырох склонах: назоўны – hestur ‘конь’, hestar ‘коні’; родны – hests ‘каня’, hesta ‘канёў’; давальны – hesti ‘каню’, hestum ‘каням’; вінавальны – hest ‘каня’, hesta ‘канёў’. Тры роды: мужчынскі, жаночы, ніякі (вышэй прыведзены прыклад скланення назоўніка мужчынскага роду). Ёсць артыклі: прэпазыцыйны асобнастоячы і аглютынаваны постпазыцыйны. Прыметнік дапасуецца да назоўніка ў родзе, склоне і ліку, утварае ступені параўнання двух тыпаў: сінтэтычныя і аналітычныя. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку, мае складаную сістэму часоў і ладоў. Лексіка характаразуецца амаль поўнай адсутнасьцю запазычанняў. Новыя паняткі звычайна атрымліваюць уласна ісландскія абазначэнні. Так, напрыклад, “генэтыка” па-ісляндзку будзе erf?afr??i – ад erf? “наследаваньне” і fr??i “навука”. Галоўныя спосабы словаўтварэння – афіксацыя, словаскладанне, метафарычны перанос. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове з канца ХІ – пачатку ХІІ стагоддзя. Раней ужывалася таксама рунічная пісьмовасць.
Іспанская (кастыльская) — адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у раманскую групу, заходнераманскую падгрупу. Дзяржаўная мова Іспаніі і 19 краін Лацінскай Амерыкі. Распаўсюджаная таксама ў некаторых афрыканскіх краінах. Адна з шасці афіцыяльных моваў ААН. Колькасць носьбітаў каля 300 мільёнаў чалавек. Вельмі моцнае дыялектнае дзяленне. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Назоўнікі і прыметнікі не змяняюцца па склонах, але маюць граматычныя катэгорыі роду (мучжынскі і жаночы) і ліку (адзіночны і множны). Ёсць азначальныя і неазначальныя артыклі. Асабовыя займеннікі захавалі скланенне. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку, мае 8 формаў часу ў абвесным ладзе (цяперашні, імперфект, просты перфект, складаны перфект, плюсквамперфект, мінулы непасрэдны, будучы просты, будучы складаны), 4 формы ува ўмоўным і 2 – у загадным. Ужыванне асабовага займенніка перад асабовай формай дзейслова не з’яўляецца абавязковым. Націск свабодны, але часцей з усяго — на прадапошнім складзе. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – выказнік — дапаўненне”. У лексіцы шмат словаў, якія належаць да дараманскага (іберыйскага) субстрату; некаторая колькасць запазычанняў з баскскай, французскай, аксітанскай, італьянскай і арабскай моваў, а таксама з моваў карэннага насельніцтва Паўднёвай Амэрыкі. У апошні час назіраецца прыток англіцызмаў. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове. Першыя помнікі з ХІІ стагоддзя.
Італьянская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у раманскую групу, заходнераманскую падгрупу. Дзяржаўная мова Італіі, Сан-Марына, Ватыкана (нароўні з лацінскай), Швейцарыі (нароўні зь нямецкай, французскай і рэтараманскай), няпрызнанага княства Себорга. Колькасць носьбітаў звыш за 65 мільёнаў чалавек. Вельмі моцнае дыялектнае дзяленне. У аснове літаратурнай мовы ляжыць фларэнтыйская гаворка тасканскага дыялекта. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Склонавыя значэнні назоўнікаў перадаюцца пры дапамозе прыназоўнікаў і парадка словаў у сказе. Ёсць граматычны род: мужчынскі і жаночы. Азначальныя і неазначальныя артыклі. Прыметнік дапасуецца да назоўніка ў ліку і родзе, утварае ступені параўнання. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку, утварае ў абвесным ладзе формы цяперашняга часу, імперфекта, мінулага бліжэйшага, аддалёнага мінулага, плюсквамперфекта, непасрэднага плюсквамперфекта, будучага простага і перадбудучага. Апрача абвеснага ёсць кан’юнктыў, кандыцыянал і загадны лад. У кан’юнктыве чатыры формы часу: цяперашні, імперфект, перфект і плюсквамперфект. У кандыцыянале дзве формы часу: цяперашні і мінулы. У загадным ладзе формаў часу няма. Незалежны і залежны стан. Неасабовыя формы: дзеепрыметнікі, герундый, інфінітывы (цяперашняга і мінулага часу). Націск свабодны. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – выказнік — дапаўненне”. Лексіка пераважна раманская, паходзіць ад лексікі вульгарнай лаціны, некаторая колькасць запазычаньняў з германскіх моваў. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове з Х стагоддзя.
Ітанама – адна з ізаляваных моваў. Была распаўсюжаная ў Балівіі, сярод індзейскага насельніцтва дэпартамента Бені, выйшла з ужытку каля 20 год таму. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове, шырокага распаўсюджання не атрымала.
Ітэльменская – адна з чукотска-камчатцкіх моваў. Распаўсюджаная на ўсходнім узбярэжжы Камчаткі. Колькасць носьбітаў каля 200 чалавек. Большая частка носьбітаў ітэльменскай мовы валодае таксама і рускай. Мова вымірае. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Назоўнік змяняецца па дванаццаці склонах. Ад іншых моваў чукотска-камчацкай сям’і адрозніваецца адсутнасцю інкарпарацыі. Пісьмовасці і пісьмовых помнікаў няма.
Ішкашымская – адна з індеўрапейскіх моваў, уваходзіць у іранскую групу. Колькасць носьбітаў каля 700 чалавек. Распаўсюджаная ў некаторых раёнах Горнага Бадахшана, як на таджыкскай, так і на афганскай тэрыторыі. Два дыялекты: ўласна ішкашымскі (у Таджыкістане) і санглічскі (у Афганістане). Мова беспісьмовая.
Іўрыт – адна з афраазіяцкіх моваў, уваходзіць у семіцкую групу. Дзяржаўная мова Ізраіля. Уяўляе сабой штучна адроджаную ў ХХ стагоддзі старажытнагабрэйскую мову. Колькасць носьбітаў звыш за 3,5 мільёнаў чалавек. Дыялектнага дзялення няма. Зычныя гукі: [б], [в], [ґ] (выбухны гук накшталт рускага г), [д], [г] (шчылінны гук накшталт беларускага г), [в], [з], [х], [т], [й], [к], [л], [м], [н], [с], [п], [ф], [ц], [р], [ш]. Галосныя гукі: [а], [о], [э], [і], [у]. Супрацьпастаўлення доўгіх і кароткіх няма. Націск звычайна падае на апошні склад, хаця некаторыя словы маюць націск у іншым мейсцы: ??? [эрэц] ‘краіна’, ??? [сэфэр] ‘кніга’, ????? [шамаім] ‘неба’ і інш. У граматыцы вельмі распаўсюджаная трансфіксацыя. Склонавыя значэнні назоўніка перадаюцца пры дапамозе прыназоўнікаў. Два граматычныя роды: мужчынскі і жаночы. Формы прыналежнасці. Ёсць катэгорыя акрэсленасці / неакрэсленасці. Акрэсленасць перадаецца артыклем ?, а неакрэсленасць – яго адсутнасцю. Дзеяслоў не змяняецца па асобах, але мае катэгорыю рода: ?? [ґар] – форма цяперашняга часу мужчынскага роду, агульная для першай, другой і трэцяй асобы; ???[ґара] – форма цяперашнягя часу жаночага роду, агульная для ўсіх трох асобаў. Ёсць характэрная для семіцкіх моваў катэгорыя пароды, якую можна інтэрпрэтаваць як характар дзеі (інтэнсіўнасць, шматкратнасць і інш.). Парадак словаў у сказе свабодны. У лексіцы – запазычанні з ангельскай, нямецкай, арабскай, рускай, ідыш. Пісьмовасць нацыянальная, габрэйскі кансанантны алфавіт, які складаецца з 22 літар. Накірунак пісьма справа налева.

Цэтлікі:

Ответить

  Проверка PR и ТИЦ
Нашы сябры:
Казкі беларускія!