A A

А. Ю. МУСОРЫН. МОВЫ СВЕТА (Д)

– Д –

Дагурская – адна з мангольскіх моваў. Распаўсюджаная на паўночным усходзе Кітая ў прівінцыі Хэйлуцзянь; найбольш кампактна носьбіты дагурскай мовы пражываюць у горадзе Цыцыкар. Лічыцца нашчадкам мёртвай кіданьскай мовы. Колькасць носьбітаў каля 50 тысяч чалавек. Значная частка з іх валодае таксама кітайскай. Чатыры дыялекты: бутхаскі, цыцыкарскі, хайларскі, сіньцзяньскі. Адрозненні паміж дыялектамі не шкодзяць узаемапаразуменню іх носьбітаў. Націск сілавы, заўсёды падае на першы склад. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Звычайны парадак словаў у сказе: “дзейнік – дапаўненне — выказнік”. У лексіцы запазычанні з кітайскай і манчжурскай моваў. Пісьмовасці няма.
Далганская – адна з цюркскіх моваў, уваходзіць у якуцкую групу. Па сваёй структуры вельмі блізкая да якуцкай, дыялектам якой яна раней лічылася. Распаўсюджаная ў Далгана-Ненецкай аўтаномнай акрузе. Колькасць моўнікаў – каля 4,5 тысяч чалавек, значная частка з іх валодае таксама расейскай. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Назоўнік змяняецца па васьмі склонах. Катэгорыі акрэсленасці / неакрэсленасці і артыкляў няма. Прыметнік не дапасуецца да назоўніка. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку, мае складаную сістэму ладоў і часоў. У лексіцы шмат запазычанняў з эвенкійскай і рускай моваў. Паколькі мова выкарыстоўваецца амаль цалкам у мэтах штодзённай пабытовай камунікацыі, навукова-тэхнічная і палітычная тэрміналогія цалкам адсутнічае. Пісьмовасць на кірылічнай графічнай аснове.
Далмацінская – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у раманскую групу, заходнераманскую падгрупу. Была распаўсюджаная на ўзбярэжжы цяперашняй Харваціі і на выспах Адрыятычнага мора. Выйшла з ужытку ў канцы ХІХ стагоддзя. Апошні носьбіт далмацінскай мовы Антоніа Удына памёр у 1898 г. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. У лексіцы шмат запазычанняў з італьянскай і славянскіх (балканскіх) моваў. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове, выкарыстоўвалася вельмі мала. Першыя пісьмовыя помнікі датуюцца ХІІІ стагоддзем.
Дамелі – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у дардскую групу, заходнедардзкую падгрупу. Распаўсюджаная ў Паўночна-заходняй правінцыі Пакістана, побач з Афганскай мяжой. Колькасць носьбітаў – ад 3 да 5 тысяч чалавек. У фанетыцы супрацьпастаўляюцца доўгія і кароткія галосныя. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, флексія. У назоўніка два граматычныя роды: мужчынскі і жаночы. Два склоны: назоўны і агульнаўкосны. Дзеяслоў змяняецца па асобах, утварае часовыя формы прэзэнса, прэзэнса-футурума, прэтэрыта, імперфекта, плюсквамперфекта. У лексіцы назіраюцца запазычанні з арабскай, персіцкай і пушту. Пісьмовасці няма.
Даргінская – адна з паўночнакаўказскіх моваў, уваходзіць у нахска-дагестанскую групу. Распаўсюджаная ў горных раёнах Дагестана. Колькасць носьбітаў – каля 320 тысяч чалавек. Граматычны лад – аглюцінытыўны, пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. У лексіцы шмат запазычанняў з рускай мовы. Пісьмовасць да 1928 г. на арабскай графічнай аснове, у 1928 – 1938 – на аснове лацінскага алфавіта, а з 1938 – на кірылічнай графічнай аснове.
Дары (фарсі-кабулі) – адна з індаеўрапейскіх моваў, уваходзіць у іранскую групу. Вельмі блізкая да таджыкскай. Распаўсюджаная ў Афганістане (пераважна паўночныя раёны), дзе з’яўляеца адной з дзвюх дзяржаўных моваў (нароўні з пушту). Колькасць носьбітаў каля 4 мільёнаў чалавек. Дзве дыялектныя групы. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, ёсць асобныя элементы флексіі і аглюцінацыі. Назоўнік утварае сінэтычныя формы множнага ліку. Змяненьня па склонах няма. Катэгорыі рода няма. Прыметнік утварае ступені параўнання. Дзеяслоў змяняецца па асобах у адзіночным і множным ліку, мае складаную сістэму часоў. Лады: абвесны, умоўны, загадны. Два станы: незалежны і залежны. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – дапаўненьне — выказьнік”. У лексіцы шмат запазычанняў з арабскай і індыйскіх моваў. Пісьмовасць на арабскай графічнай аснове.
Дацкая – адна з індаэўрапейскіх моваў, уваходзіць у германскую групу, паўночнагерманскую падгрупу. Дзяржаўная мова Дацкага Каралеўства. Колькасць носьбітаў – каля 5,6 мільёнаў чалавек. Тры групы дыялектаў: заходнядацкія, усходнядацкія, дыялекты выспаў. У фанетыцы супрацьпастаўленне доўгіх і кароткіх галосных. Націск эспіраторны, падае на каранёвы склад, які звычайна бывае першым у слове. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Назоўнік утварае сінтэтычныя формы множага ліку, змяняецца па двух склонах: агульны і родны (прыналежны). Два граматычныя роды: агульны (спалучае ў сябе мужчынскі і жаночы) і ніякі. Ёсць артыклі, як асобнастоячыя прэпазіцыйныя, так і аглютынаваныя постпазіцыйныя. Прыметнікі дапасуюцца да назоўнікаў у родзе і ліку, утвараюць ступені параўнання, як сінтэтычныя, так і аналітычныя: kort ‘кароткі’, praktisk ‘практычны’; kortere ‘карацейшы’, mere praktisk ‘практычнейшы’; kortest ‘найкарацейшы’, mest praktisk ‘найпрактычнейшы’. Асобныя прыметнікі маюць суплетыўныя формы параўнання: god ‘добры’, bedre ‘лепшы’, bedst ‘найлепшы’. Дзеяслоў не змяняецца па асобах і ліку, утварае наступныя формы часу як у незалежным, так і ў залежным стане: цяперашні, мінулы, цяперашні перфектны, плюсквамперфект, будучы, будучы ў мінулым. Вельмі складаная сістэма інфінітываў: просты, пірфектны, футуральны. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – выказнік — дапаўненне”. Асноўныя спосабы словаўтварэння – словаскладанне, афіксацыя, абрэвіацыя. У лексіцы шмат запазычанняў з ангельскай, французскай і нямецкай моваў. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове. У найстаражытнейшую эпоху існавання дацкай мовы (ІХ – Х стст.) ужываўся таксама германскі рунічны алфавіт.
Джалаа (кентум, кунтум) – ізаляваная мова, апошнія носьбіты якой (каля 200 чалавек) пражываюць у Нігерыі, штаце Баўчы, раёне Баланга, вёсцы Лооджаа. Мова хутка выходзіць з ужытку. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. У лексіцы шмат запазычанняў з мовы чам і мовы тсо. Пісьмовасці няма.
Джангвэ-таак – адна з крэольскіх моваў. Узнікла на базе ангельскай. Распаўсюджаная на Ямайцы. Афіцыяльнага статуса не мае. Пераважаюць аналітычныя сродкі перадачы граматычнага значэння. Літаратурнай нормы няма. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Джэрава – адзін з дыялектаў мовы онгэ.
Дзонг-кэ – адна з кітайска-тыбецкіх моваў, уваходзіць у тыбецка-бірманскую групу. Вельмі блізкая да тыбецкай. Дзяржаўная мова Каралеўства Бутан. Колькасць носьбітаў – каля 770 тысяч чалавек. Граматычны лад – аглютынатыўна-ізаляцыйны. Існуе сістэма музычных тонаў. Выкарыстоўваецца тыбецкая складавая пісьмовасць з дадаткам некаторых спецыяльных знакаў. Мастацкая літаратура на дзонг-кэ ўзнікае толькі ў ХХ стагоддзі. Да гэтага ролю пісьмовай мовы ў Бутане выконвала выключна класічная тыбецкая.
Дунганская (хуэйская) – адна з тыбецка-кітайскіх моваў, уваходзіць у кітайскую групу. Распаўсюджаная ў Нінся-Хуэйскім аўтаномным раёне Кітая, а таксама невялікімі анклавамі ў Кыргызстане, Казахстане і Узбекістане. Агульная колькасць носьбітаў звыш за 7 мільёнаў чалавек. Граматычны лад ізаляцыйны з элементамі аглюціныцыі. Назоўнік не змяняецца па склонах, але утварае форму множнага ліку (форма адзіночнага ліку тоесная аснове, якая, часцей з усяго, супадае з каранём слова). Ёсць тры музычныя тоны. Парадак словаў у сказе фіксаваны: “дзейнік – выказнік — дапаўненне”, азначэнне заўсёды знаходзіцца ў прэпазіцыі. Дунганы Кітая карыстаюцца кітайскім логаграфічным пісьмом (іерогліфы), дунганы Сярэдняй Азіі – пісьмом на крылічнай графічнай аснове, створаным у савецкі час. У мінулым у дунган, як і ў большасці мусульманскіх народаў, было распаўсюджанае арабскае пісьмо.
Дунсянская – адна з мангольскіх моваў. Распаўсюджаная ў Кітае, у Дунсянскім аўтаномным павеце правінцыі Ганьсу. Колькасць носьбітаў звыш за 150 тысяч чалавек. Многія дунсянцы двухмоўныя, валодаюць таксама кітайскай мовай. Дыялектнага дзялення няма. Супрацьпастаўлення доўгіх і кароткіх галосных няма. Націск падае на першы склад. Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Назоўнік утварае формы адзіночнага і множнага ліку, змяняецца па васьмі склонах: назоўны, родны, вінавальны, давальны, зыходны, творны, сумесны, накіравальны. Склонавыя канчаткі ня маюць варыянтаў і не залежаць ад асновы назоўніка. Катэгорыі рода няма. Артыкляў няма. Дзеяслоў змяняецца па асобах толькі ў загадным ладзе. Формы абвеснага ладу ня маюць фармантаў ліку і асобы. Звычайны парадак словаў у сказе: “дзейнік – дапаўненне — выказнік”. У лексіцы – запазычанні з кітайскай і цюркскіх моваў. Апошніх – вельмі няшмат. Пісьмовасці і ўласных пісьмовых помнікаў няма.
Дыагіта – тое жа, што какан.
Дымотыка – адзін з двух варыянтаў грэцкай літаратурнай мовы.
Дырбал – адна з моваў карэннага насельніцтва Аўстраліі. Уваходзіць у сям’ю пама-ньюнга, дырбалічную групу. Быў распаўсюджаны на тэрыторыі штата Квінслэнд, у цяперашні час амаль цалкам выйшаў з ужытку (5 апошніх носьбітаў). Пераважаюць сінтэтычныя сродкі перадачы граматычнага значэння, аглюцінацыя. Назоўнік мае склонавую сістэму. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.
Д’юла – адна з моваў мандэ. Распаўсюджаная на Беразе Слановай Косці (Кот д’Івуар), у Буркіна Фасо, у некаторых раёнах Малі і Ганы. Колькасць носьбітаў каля 1 мільёна чалавек. Пісьмовасць на лацінскай графічнай аснове.

Цэтлікі:

Ответить

  Проверка PR и ТИЦ
Нашы сябры:
Казкі беларускія!


Видео холодильники pozis pozis.store.