A A

A. ВАШКЕВІЧ. ІМЁНЫ БЕЛАРУСАЎ XVI СТАГОДДЗЯ

Пнд, 8 красавіка 2013

Беларуская мова

НАША НІВА. — 8 красавіка 2013 г.

Павярхоўна прагледзеў толькі адзін гістарычны дакумент XVI стагоддзя, які аказаўся пад рукой. Гэта зроблены ў 1550-х гадах (прыкладна 450 год таму) попіс Гродзенскай каралеўскай эканоміі. Прыведзеныя ў попісе імёны — гэта імёны тагачасных сялян, пераважна праваслаўных, хаця на той час у рэгіёне ўжо была невялікая колькасць каталіцкага насельніцтва. Адным словам гэта імёны нашых непасрэдных продкаў. Згадваюцца найперш мужчынскія імёны як землетрымальнікаў, а жанчыны (пераважна ўдовы) сустракаюцца рэдка. Таму

прыводжу тут спіс менавіта мужчынскіх імёнаў XVI стагоддзя.

Першая група, імены, вядомыя і папулярныя сёння:
Ігнат, Андрэй (Андрусь, Андрыяш), Антон, Станіслаў (Станька), Раман, Павел, Максім, Мікалай, Тарас, Ясь (Янук, Іван, Івашка, Іванец), Сяргей, Дзмітрый, Аляксей (і Алехна), Грышка (ад Рыгор, Грыгорый), Васіль, Сенка (мабыць, ад Арсень), Санюк (ад Аляксандр).

Другая група, рэдкія сёння, напаўзабытыя імёны:
Панас, Марцін (Марцішка), Гаўрыла, Ярома (Ярэма), Карп, Піліп, Астап, Анупрэй, Амяльян (Мяльян, Мялян), Яўсей (Аўсей), Зіноў (ад Зіновій), Селівон, Астап (Астапец), Здан (Ждан), Парфён, Ёшка (ад Іосіф, Язэп).

Трэцяя група, зусім забытыя сёння імёны — сярод іх сустракаюцца як славянскага, так і балцкага кораня:
Мілан, Яч (Ячка), Гашчыла, Дзешка, Мажэйка, Будзька, Вялічка, Мел (Мель), Крас, Насута, Войтка, Жук, Бел (Бель), Місюк, Грынь, Бацечка, Юргель, Хілімон, Лют (Люцік), Галаўня, Нарко, Палуян, Гапон, Каленік, Конан, Малафей, Голуб (Галубец).

Імёны з апошняй групы захаваліся ў нас сёння толькі як прозвішчы.
Дарэчы, акурат у XVI стагоддзі на нашых землях ішоў працэс фарміравання сталых радавых прозвішчаў, але гэта тэма для асобнай размовы. Скажам толькі, што амаль паўтысячагоддзя таму імя Нарко было куды больш папулярным, чым, скажам, Сяргей, а Мілан і Конан паспяхова канкурыравалі з Васілём і Дзмітрыем. А ўжо Амяльянаў, Гаўрылаў, Астапаў дык наагул было не злічыць.

Трэба таксама падкрэсліць яшчэ некалькі важных асаблівасцей ужывання беларусамі ўласных імёнаў у той час.

1. Ніякай літары і гуку «Ф», таму былі толькі Хведзь, Хведзька, Ходар, Хведар або Тодар (а не Фёдар), Хама, Тамаш (а не Фама), Трахім (а не Трафім).

2. Не баяліся скарачэнняў, часам смешных для нас сёння, але сэнсоўных. Напрыклад Марцішка, Астапец або Галубец не мелі ніякага паблажлівага зместу. Сэнсоўнасць заключалася ў тым, што імя, гледзячы па ўсім, магло эвалюцыянаваць з узростам чалавека (Андручок — Андрусь — Андрэй — Андрыяш).

3. Імёны вельмі часта набывалі арыгінальнае беларускае гучанне. Прывяду тут класічны хрысціянскія імёны Савашчан (Себасьцьян), Алізар (Елізарый), Баўтрамей (Варфаламей), Еўлаш (Яўлампій). Нячаста, аднак сустракаліся сярод сялян і іншыя тыпова «біблійныя» імёны — Майсей, Абрам, Адам, Сава, Лука.

4. Шляхта часцей ужывала імёны, якія карыстаюцца папулярнасцю і сёння. Магчыма гэта было звязана з тым, што сялянскаму дзіцяці поп даваў імя выключна па святцах, а шляхіц ужо мог «адкупіць» свайго малога і той станавіўся не Малафеем, а, напрыклад, Раманам. Значна менш экзатычных з сучаснага пункту гледжання імёнаў было і ў тагачасных гараджан, прынамсі гродзенцаў.

Яшчэ раз папрашу прабачэння ў дзяўчат, што абмінуў іх імёны. Прапаную толькі некалькі.

Напрыклад, у дадатак да традыцыйных Соф’і (Зоф’і, Зосі), Анастасі, Ганны або Марыі прапанаваў бы вам разважыць пашырэнне такіх старых беларускіх імёнаў як Галуба, Уліта, Валіянта, Дося, Матрона, Лішка або Касюта.
Бо менавіта так звалі нашых далёкіх прапрабабуль.

Цэтлікі:

Ответить

  Проверка PR и ТИЦ
Нашы сябры:
Казкі беларускія!