A A

У. В. Анiчэнка. ПОЛАЦКIЯ ГРАМАТЫ — ВАЖНАЯ КРЫНIЦА ДЛЯ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ I ЯЕ ГIСТОРЫI

Пят, 5 красавіка 2013

Беларуская мова

Полацк (летапiсны Полотеск, Полотьск, Полтеск) у «Аповесцi мiнулых гадоў» упамiнаецца пад 862 г. як адзiн з цэнтраў старажытнарускай дзяржавы з ажыўленымi эканамiчнымi сувязямi з iншымi тэрытарыяльнымi аб'яднаннямi.
Полацкая зямля ў далёкiя ад нас часы прызнавалася «беларускай дзяржавай», якая мела княжацкую ўладу, веча, адмiнiстрацыю, вайсковую абарону. Яна займала адно з вядучых месц у старажытнарускай i старабеларускай дзяржавах, дасягнула высокага развiцця не толькi як сухапутнае, але i марское тэрытарыяльнае аб'яднанне, пад кантролем якога былi Дзвiнскiя землi да Балтыйскага мора.
Невыпадкова ў 1509 г. у Кракаве пацвярджальнай граматай Вялiкага Княства Лiтоўскага i караля Польскага Жыгiмонта 1 мяшчане Полацка былi ўдастоены Магдэбургскага права, а ў 1511 г. у Брэсце полацкая зямля заслужыла пацвярджальную грамату названых тытулаваных асоб з захаваннем прывiлеяў баярам i мяшчанам хрысцiянскiх правоў i вольнасцей на вечныя часы.
З ХШ ст. Полацк славiўся высокiм дасягненнем пiсьменнасцi не толькi ў межах старажытнарускай дзяржавы, але i ў прыватнасцi свайго княства — вялiкай колькасцю тагачасных i пазнейшых грамат, моўная культура якiх не ўступала месца пiсьмовым помнiкам iншых тэрытарыяльных аб'яднанняў Усходняй Еўропы. Усе яны даюць нам выразнае ўяўленне адносна лiнгвiстычнай каштоўнасцi на розных узроўнях, пачынаючы ад графiкi i канчаючы лексiкай.
Полацкiя граматы змяшчаюць каштоўны матэрыял перш за ўсё для вывучэння лексiчнай сiстэмы, сярод якой важнае месца займае анамастыка, звязаная з сукупнасцю ўласных iмёнаў, носьбiты якiх сваёй нястомнай працай i кiраваннем на розных узроўнях унеслi значны ўклад у праслаўленне роднай зямлi. Кожная асоба мела ўласную назву, а значная iх колькасць — бiяграфiчныя звесткi з займаемымi пасадамi, родам заняткаў i iнш.
Для канкрэтызацыi разнастайных звестак пра асабовыя iмёны старажытнага Полацка i яго ваколiц мы звярнулi ўвагу на Полацкiя граматы пачатку ХУ1 ст. (1506 — 1513 гг.), апублiкаваныя ў кнiзе «Полоцкие грамоты ХШ — начала ХУ1 стст.» М., 1980. Ч.III. Усяго там змешчана 61 грамата — (iх нумарацыя падаецца па гэтаму выданню) у тым лiку на старабеларускай мове — 59, на лацiнскай — 2 (293, 301), на польскай — 1 (копiя граматы № 310).
Граматы пiсалiся не толькi ў Полацку — 10 (292, 293, 295, 301, 302, 304, 307, 308, 309, 312), але i ў iншых геаграфiчных пунктах Беларусi i за яе межамi: Брэст — 14 (273, 315, 316, 317, 318, 319, 320, 322, 323, 324, 325, 326, 327, 328), Вiльня — 6 (281, 296, 297, 298, 299, 300), Кракаў — 4 (282, 306, 310, 314), Вiцебск — 2 (303, 311), Петрыкаў — 2 (286, 287), Радомль — 2 (283, 284), Мiнск — 1 (290), Смаленск — 1 (291), Гродна — 1 (271), Крэва — 1 (276), Ашмяны — 1 (277), Меднiкi — 1 (278), Радаў — 1 (288), Абрадава — 1 (289), Аўдзеевiчы — 1 (294).
Сярод уласных iмёнаў найбольшую колькасць складалi назвы мужчынскiх асоб, якiя мелi адносiны да гiсторыi Полацка i яго ваколiц, якiя тады называлiся полацкiм паветам. Пры iх дэталiзацыi i тэматычнай класiфiкацыi мы зыходзiлi з сацыяльных, службовых, маёмасных, рамеснiцкiх асоб i простых служылых людзей, якiя дапаўняюць гiсторыю Беларусi i яе мову.
Адносна нешматлiкую групу слоў складалi асабовыя iмёны, сярод якiх часта ў прааналiзаваных граматах называўся полацкi ваявода Станислав Глебович (272, 285, 288, 289, 296, 304, 308, 309, 314, 315, 317, 318, 319, 322, 323, 324, 326, 328). Па-рознаму фiксавалiся iмёны другiх высокапастаўленых эпiзадычных i больш-менш рэгулярных службовых i iх падначаленых асоб: маршалак (Остафии Копец (273), князi (Иван Федорович Поле(у)бенскии (310, 312, 314), Андреи Семенович Сокол(и)нскии (287, 315), Федор Иванович Глинскии (286), Иван Юрьевич Заславскии (294), Семен Соколинскии (320), бурмiстры (Олхромеи Андреевич (295),дзесятнiкi (Рожъко, Иван Жилян, Хома Бокун (304), слугi (Ивашко Радивонович, Сава Микитинич (283), Марътин Проселок, Васко Богатыревич, Ермила (281), радавыя служылыя людзi без канкрэтызацыi занятасцi, пасад (Матфеи Демид, Офонас (277), падарожнiкi (Осташко (330).
Часам граматы канчалiся не толькi ўказаннем месца i даты напiсання, але i iх пiсара. Так, у канцы купчай (прадажнай) граматы з адводам аднавяскоўцаў Хацяевiчаў баярыну полацкаму Дзмiтрыю Пятровiчу на землi на возеры Улiча (1511 г.) сказана: «А писал Омельян Санкович» (322).
Саслоўную групу iмёнаў прадстаўлялi назвы розных сацыяльных слаёў Полацка i яго воласцi. Сюды належалi:
баяры: Ивашко (Иван) Зеновъевич (278, 312), Миконор Коробович (291, 297), Яцко Сенкевич (328), Михаило, Иван Невельскии (327), Василии Богданович Яцкевич (326), Федор, Васко Ловенко (271), Глеб Остафьевич (275), Микита Петрович (276), Петр Семенович Епимахович (283), Федко Епимахович (312), Инъдрих Людятич (285), Ивашко, Дорошко, Еско Харковичи, Филька Макарович (294), Ян Глебович Корсан, пан Богдан (294), Дмитрии Петрович (322), Богдан Яцкевич (326);
мяшчане: Нестер, Яков, Илья (304, 326), Никифор Оснерчинич, Иван Козчин, Сава Микитинич, Тишеня Сергеевич (289);
дваране: Василь, Иван (Ивашко) Глебовичи Корсаковичи (284), Василии, Андреи Семеновичи Соколинскии (322), Тихон Иванович Быковскии (294), Петрашко (Петр) Епимаховичи (325).
На полацкiх землях здаўна iснаваў звычай развiцця дамашняй рамеснiцкай вытворчасцi, сярод якой папулярызавалiся ўласныя iмёны карчмароў (Михаилов, Сесепьевскии, Торопчанинов, Степан, Миклаш Пушкаревы), вытворцаў воску (Петр (282), Радивон Боров, Сава Бернищев, Петрашко Наумович (305), сапожнiкаў (Иван Чоботарь (321).

На Полаччыне, як i ў iншых тэрытарыяльных аб'яднаннях тагачаснай Беларусi, было распаўсюджана хрысцiянскае веравызнанне, якое абслугоўвалi асобы розных рэлiгiйных рангаў. У полацкiх граматах зафiксаваны iмёны з рознымi рэлiгiйнымi званнямi i пасадамi: архiмандрыт (Антонеи 314), архiепiскап (Евхимии, Евъхимии (292, 313, 319), поп (Омельян (278), дыяканы (Федка Иванович (296), Федор Захар(ь)евич (308), Иван (312), Микита (292, 311), нябожчыкi (Ивашко Зеновъевич, Зеновии (317).
У полацкiх граматах прадугледжвалася перадача ў пiсьмовай форме шматлiкiх радавых запрыгоненых людзей, што нястомна працавалi на сельскагаспадарчых угоддзях, якiх называлi: Роман, Харытон, Ы(И)гнат, Иван, Ходор, Понкрат (271), Ивак, Кузьма, Степан (272), Селивестр (275), Трухон, Давыд Василевич, Корнил Филипович (276), Проков (277), Роман, Никифор, Сава Микинитич (283), Кирил, Осиф, Хотеи (284), Конон, Климята Повышевичи (285), Лукъян , Богдан, Юхно Воронич (286), Хрол, Орътем, Михалко, Данилко, Офонас (287), Гаврил, Микула, Игнат, Свирид, Герасим, Матфеи, Михаль, Олифер (290), Никипор, Зенов Киселев, Радивон, Ион, Гаврил (310), Нефедъ, Матщак, Макар, Захар(ь)ян, Семох Еремеев, Нестер Денисов, Перкур, Дмитр Яковлев (328).
Полацкiя граматы ўяўляюць iнтарэс i для вывучэння дзiцячых асабовых назваў — iмёнаў дзяцей простых людзей, якiя звычайна перадавалiся ў памяншальна-ласкальных формах (Васко, Гридко, Дмитро, И(Ы)вашко, Тимошок, Костко (278), Грынь (289) i iх унукаў (Иван (280), Ходор (304).
Акрамя мужчынскiх асабовых iмёнаў, у полацкiх граматах радзей прысутнiчалi жаночыя намiнацыi. Гэта былi: княгiнi (Зофья Миколаева Радивилова (273), гаспадынi (Настасья Тишкова (310), удовы (Февронья (324), мяшчанскiя жонкi (Манка (278), Рыся (327), Онанья (290), цешчы (Якубовая Анна (278), Васковая Марья (324), нявесткi (Зеновъкова Нелюба (291, 297), Михаилова Зеновъевича Ганъка (299), Варвара (324).
У даследаваных граматах звяртае на сябе ўвагу ўжыванне прозвiшчаў людзей як неад'емнай часткi анамастыкi розных моў, у тым лiку i беларускай. У адрозненне ад сучаснай беларускай мовы яны перадавалiся прыналежнымi формамi iх бацькоў (Ходор Василевичов, Семен Тимоневичов (271), Глеб Остафьевичов (275), Денис Адамовичов (276), Яким Денисович (280), Петрашко Наумович (281), Ивашко Радивонович (283), Ивахно Глебович (284), Максим Косткович (287), Васко Богатыревич (288), Гринко (Грынь) Ловеикович (289), Хома Ходосович (289), Василь Соколинъски (290), Мики(по)рКоробович, Мокеи Раиболтович (291), Иван Созоновичов, Демид Тулобеев (294), Иван Зеновьевич, дочка Епимахова (299), Рожъко Дрисяцькии, Ходор Федьков (304), Есип Тюхолов (310), Микипор Мартиновичов, Михаил Павлович, Иван Макарович (324), Василь Дудин, Игнат Семенов, Семох Еремеев, Васко Ефимов, Нестор Денисов (328).
Сярод прозвiшчаў гэтага тыпу аказалiся i намiнацыi па роду заняткаў людзей: (Иван Чоботарь < сапожнiк (321), Микула Самов < рыбалоў (312), фiзiчнага стану (Васко Богатыревич < багатыр (288), знешняга выгляду (Василь Моръщилов < маршчынiсты (310). унутранага стану (Лукъян Сновид < снавед (328), месцу пражывання (Радивон Боров < жыхар каля бору (298, 305), захапленню (Микита Сухопар < любiцель сухога пару (312), Тихон Иванович Быковскии < даглядчык быкоў (294).
У далёкiя ад нас часы на Полаччыне, як i ў iншых тэрытарыяльных аб'яднаннях iснаваў звычай тапанiмiчных назваў па асабовых iмёнах. У полацкiх граматах разглядаемага перыяду падобны спосаб анамастычнага выкарыстання лiчыўся прыметай пры ўтварэннi некаторых асабовых пасяленняў i iх жыхароў, утвораных ад уласных iмёнаў (Даниловичи < Данил (276), Тишково < Тишка, Федосовское дворище < Федос (278), Овдеевичи < Овдей (294), Трухоновичи < Трухан (312), Величковичи < Величко (315, 322), земляў i iх уладальнiкаў (Кохановская земля < Кохан (289), Митковская < Митька (294), Петровская < Петр (312), Валькова < Валек (321), Маръкъяновская < Марк, Хроловская < Хрол (324), цэркваў, храмаў (церковь святого Николая (292), храм святого Николая (303), манастыроў (монастырь святого Иоана (280), божых дамоў (Софея (328) i намiнальных дней (Iльин, Николин день (281).
I толькi нешматлiкiя полацкiя граматы выявiлi перадачу прозвiшчаў па новаму ўзору, дзе на першым месцы стаяла iмя, на другiм — iмя па бацьку, а на трэцiм — прозвiшча: Яким Денисович Тоуровеискыи (280), Федор Иванович Глинскии (286), Иван Федорович Полебенскии (308), Андреи Семенович Соколинскии (315), Васко Захарънич Богатыревич (324).
Прозвiшчы без iмя i па бацьку тыпу Александр Петух (273) у аналiзуемых тэкстах былi выпадковай з'явай.
Многiя асабовыя iмёны старажытнага Полацка i яго ваколiц з адпаведнымi ўнутрыструктурнымi зменамi дажылi да нашых дзён i сталi здабыткам сучаснай беларускай мовы (нарматыўнай i народна-гутарковай): Аврам, Александр, Андрей, Антон, Артем, Богдан, Бори(ы)с, Василь (Василеи), Гаврил, Герасим, Давыд, Данил, Демид, Денис, Дмитр, Есип = Осип, Ехим (Евъхим, Евъхимеи, Евфимии), Иван, Игнат, Илья, Исак, Карп, Конъдрат, Кузма, Лукъян (Лукиан), Максим, Мартин, Матфеи, Микита, Микифор (Никапор, Никифор), Миконор, Михаил (Михаила, Михаль), Нестер, Олексеи, Омельян, Остафии, Офо(а)нас, Охрем, Петр, По(а)нкрат, Проков = Прокоф, Роман, Свирид, Семен, Сергеи, Сидор, Станислав, Степан, Тимофеи, Тихон, Федор, Филип, Харытон, Ходор, Хома, Хрол, Ян, Яким, Якуб.
Нешматлiкiя ўстарэлыя асабовыя iмёны на фоне памянёных агульнаўжывальных адпаведных намiнацый у прааналiзаваных тэкстах былi нерэгулярнымi лексiчнымi адзiнкамi: Бакун, Боров, Гафон, Гридко, Гринь (Гринко), Грыдко, Индърихъ, Зенько, Ион, Корнил, Микула,Мокеи, Монуил, Олехно, Олифер, Олтушка, Олхромеи, Онанья, Оникии, Онихим (Онхим), Прошъка, Рожъко, Сачко, Селивестр, Тишеня, Филька, Ходат, Хотаи, Юхно.
Фонд уласных iмёнаў i прозвiшчаў у полацкiх граматах пачатку ХУ1 ст. паказаў, што iх тэксты маюць не толькi культурна-гiстарычную значнасць, але i лiнгвiстычную — захавалi каштоўныя звесткi пра гiсторыю i далейшае развiццё лексiчнай сiстэмы старабеларускай мовы на анамастычным узроўнi, у саставе якога захавалiся неабходныя ранейшыя моўныя традыцыi з удасканаленнем многiх з iх сваёй угнутранай структуры ў новых гiстарычных умовах.
Вывучэнне гэтых юрыдычных дакументаў, пачынаючы з ХШ ст., дапоўнiць нашы звесткi, пашырыць навуковы iнтарэс для больш глыбокага ўсведамлення моўнай сiтуацыi на тагачасных беларускiх землях, а гэта ў сваю чаргу мае немалаважнае значэнне для ўсведамлення паглыбленай гiсторыi нашай мовы ў пiсьмовай i вуснай разнавiднасцях.

Цэтлікі:

Ответить

  Проверка PR и ТИЦ
Нашы сябры:
Казкі беларускія!