A A

М. В. Юнаш. ВУЧЭБНЫ ДВУХМОЎНЫ ТЭРМІНАЛАГІЧНЫ СЛОЎНІК ДЛЯ СТУДЭНТАЎ ЭКАНАМІЧНЫХ СПЕЦЫЯЛЬНАСЦЕЙ

(ЛИЧНОСТЬ-СЛОВО-СОЦИУМ — 2009)

Падрыхтоўка розных слоўнікаў для вучэбных мэт – адна з надзенных задач беларускай лексікаграфіі. Асабліва гэта патрэбна пры выкладанні курса «Беларуская мова. Прафесійная лексіка» для студэнтаў нефілалагічных спецыяльнасцей ВНУ Рэспублікі Беларусь у сувязі, па–першае, з неабходнасцю авалодання беларускай мовай, паколькі ў краінах з дзяржаўным двухмоўем веданне кожнай мовы з’яўляецца абавязковым для ўсіх грамадзян і ў першую чаргу для спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй; па–другое, з авалоданнем імі тэрміналогіяй пэўнай галіны навукі.

Практыка паказала, што ў прафесійным маўленнні студэнтаў эканамічных спецыяльнасцей распаўсюджанай з’яўляецца руска–беларуская інтэрферэнцыя. У такой сітуацыі вучэбны двухмоўны тэрміналагічны слоўнік мае на мэце дапамагчы студэнтам павысіць культуру маўлення, актывізаваць рэцэптыўнае і рэпрадуктыўнае валоданне моўнымі адзінкамі. Ен паказвае разыходжанні паміж спецыяльнай лексікай моў і тым самым дапамагае ўсвядоміць адрозненне, якое без такога ўсведамлення служыць пастаянным генератарам памылак. Складанню вучэбнага двухмоўнага тэрміналагічнага слоўніка павінен папярэднічаць аналіз парушэнняў нормаў у маўленні студэнтаў, што і было намі зроблена.

Функцыя слоўніка абумоўлена яго прызначэннем і адрасатам. Па–першае, паколькі студэнты павінны перш за ўсе засвоіць найбольш важныя і ўжывальныя тэрміны, гэта прадугледжвае не інвентарызацыю, а выбар тэрмінаў. Па–другое, у вучэбных матэрыялах заўседы прысутнічае элемент нарматыўнасці, што выяўляецца ў замацаванні формаў, адпаведных моўным нормам.

Безумоўна, адной з найбольш важных праблем, якая паўстае перад складальнікамі вучэбнага тэрміналагічнага слоўніка і якую яны павінны так ці інакш вырашыць у першую чаргу, з’яўляецца праблема адбору тэрмінаў.

Агульным прынцыпам адбору і ацэнкі тэрмінаў служыць прынцып вучэбна–метадычнай мэтазгоднасці, у адпаведнасці з якім улічваецца цэлы шэраг фактараў. Найбольш істотнымі з’яўляюцца наступныя фактары: адрасат, тып слоўніка, функцыя, вынікі супастаўляльнага аналізу адзінак беларускай і рускай моў.

Прынцыпы адбору тэрмінаў грунтуюцца на вызначэнні самога паняцця «тэрмін». У лінгвістычнай літаратуры і ў працах, прысвечаных даследаванню тэрміналогіі, дадзенае паняцце інтэрпрэтуецца неаднолькава. Адны даследчыкі адносяць да тэрмінаў толькі словы (Р. А. Будагоў), іншыя – словы і словазлучэнні, якія абазначаюць спецыяльныя паняцці (С. М. Бурдзін, А. С. Ахманава). Мы падзяляем пункт погляду, у адпаведнасці з якім тэрмін неабходна лічыць моўным знакам, які можа быць і асобным словам і словазлучэннем.

Адбіраючы моўныя адзінкі для слоўніка, трэба ўлічваць, што студэнтам немагчыма абысціся пры напісанні нават невялікага фрагмента навуковага тэксту толькі ўласна эканамічнай лексікай, таму лічым мэтазгодным уключэнне ў слоўнік таксама агульнанавуковай лексікі. Як вядома, да агульнанавуковай лексікі адносяцца словы, якія ў адным і тым жа значэнні ўжываюцца ў мове розных навук і галін ведаў у якасці базавых тэрмінаў. Гэта такія словы, як аналіз, крытэрый, метад, працэс, сінтэз, тэорыя, тэрмін, функцыя і інш.

Прынцып частотнасці разглядаецца як самы надзейны і аб’ектыўны пры аналізе лексічнай сістэмы мовы ў працах П. Н. Дзянісава, В. В. Маркоўкіна, Ю. А. Саф’яна і інш. даследчыкаў. На наш погляд, аналіз частотнасці тэрмінаў з’яўляецца важным, але пераацэньваць яго нельга, паколькі для пабудовы тэкстаў патрабуюцца як высокачастотныя словы, так і словы з неўстойлівай і нізкай частотнасцю ўжывання, якія нясуць асноўную сэнсавую нагрузку. Неабходна ўлічваць тэматычную і камунікатыўную каштоўнасць тэрміналагічных адзінак.

Такім чынам, пры складанні вучэбнага двухмоўнага слоўніка для студэнтаў эканамічных спецыяльнасцей мы карысталіся шэрагам прынцыпаў адбору тэрмінаў, асноўнымі сярод якіх з’яўляюцца вучэбна–метадычная мэтазгоднасць, тэматычная і камунікатыўная каштоўнасць адзінак.

Цэтлікі:

1 Комментарии на это сообщение

  1. 2цакцц Says:

    «СПЕЦЫЯЛЬНАСЦЕЙ»

    а тое, што мае быць «спецыяльнасцЯЎ», вас не бянтэжыць, не?

    А мо вы хаціце заўпэўніць усіх, што філолагі дагэтуль спрачаюцца на гэтую тэму? (як у старым фота-"баяне" з беларускай кнігарні, дзе на адной палічцы побач дзве кніжкі:

    «Слоўнік цяжкасцяў беларускай мовы», а побач

    «Слоўнік цяжкасцей беларускай мовы»)

    Пытаннечка: што гэта за поскудзь такая мэтанакіравана забруджвае-запаскуджвае мову? І яшчэ лічыць магчымым друкаваць запаскуджаныя кніжкі, слоўнікі і вучыць з іх дапамогаю іншых?

Ответить

  Проверка PR и ТИЦ
Нашы сябры:
Казкі беларускія!