A A

Любецкая К. П. ДА ПРАБЛЕМЫ ЎПАРАДКАВАННЯ БЕЛАРУСКАЙ ТЭРМІНАЛОГІІ

Няд, 8 ліпня 2012

Беларуская мова

(Личность — Слово — Социум — 2008)

Распрацоўка тэарэтычных і практычных пытанняў беларускай тэрміналогіі, задача яе ўпарадкавання і аналізу функцыянавання ва ўмовах відавочнага звужэння сфер выкарыстання беларускай мовы застаецца важнай і актуальнай. Сённяшні ўзровень развіцця беларускай тэрміналогіі (яе недастатковае ўладкаваннне і часам адсутнасць распрацаваных тэрмінасістэм па розных галінах ведаў) не зусім адпавядае сучаснаму стану беларускай навукі і значна адстае ад узроўню вырашэння гэтай праблемы ў іншых краінах свету. Усведамленне неабходнасці развіцця адукацыі і навукі на ўласнай моўнай аснове яшчэ не заўсёды належным чынам асэнсавана ў беларускім грамадстве, што прыводзіць да недаацэнкі творчых магчымасцей беларускай мовы як інструмента навуковага пазнання. «Некаторыя навукоўцы нават сцвярджаюць, што няма неабходнасці пашыраць беларускую мову ў навуковую сферу. Яны аргументуюць гэта наступным чынам: калі б кожны вучоны (а іх у свеце больш за 5 млн. ) друкаваў свае навуковыя працы на сваёй роднай мове, то кантакты паміж імі былі б вельмі складанымі, і гэта не спрыяла б развіццю нацыянальнай навукі. Другі аргумент апалагетаў выкарыстання толькі рускай мовы ў сферы навукі зводзіцца да наступнага: беларуская мова не мае дастаткова развітай навуковай тэрміналогіі, яна не паспявае ў сваім развіцці за сучасным навукова–тэхнічным прагрэсам і таму не здольная абслугоўваць вышэйназваную сферу» [1, с. 229]. Разам з тым, калі паглядзець на бібліяграфію тэрміналагічных слоўнікаў, падрыхтаваных на працягу ХХ ст., то высвятляецца, што шмат у якіх галінах маецца грунтоўная аснова для далейшай працы па сістэматызацыі і ўладкаванню беларускай тэрміналогіі. Таму «шмат у чым не маюць падстаў нараканні на нераспрацаванасць тэрміналогіі на беларускай мове, якія нярэдка гучаць з вуснаў тых, хто адмаўляе ў праве на жыццё беларускамоўнай навуцы і беларускамоўнаму навучанню, у тым ліку і ў ВНУ» [2, с. 6].

Тэндэнцыя да інтэграцыі навуковых даследаванняў як у самім працэсе гэтых даследаванняў, так і ў іх тэрміналагічным афармленні вымагае правядзенне мэтанакіраванай дзейнасці па ўпарадкаванні тэрміналагічнага апарату розных галін ведаў. Гэта прадугледжвае перадусім арганізацыю работы па прывядзенні тэрмінаў да адзінай формы і сістэмы, што забяспечыць іх адпаведнасць універсальным крытэрыям пабудовы тэрмінасістэм і мае істотнае значэнне для ўдасканалення мовы навукі. У сувязі з гэтым актуальнай задачай упарадкавання беларускай тэрміналогіі з’яўляецца «вывучэнне практыкі ўжывання тэрмінаў у навуковых тэкстах і публікацыя слоўнікаў рэкамендуемых тэрмінаў» [3, с. 119].

Задача ўладкавання нацыянальнага тэрміналагічнага фонду абумоўлівае правядзенне першапачаткова гісторыка–лінгвістычнага аналізу. «У дачыненні да беларускай нацыянальнай літаратурнай мовы, якая не мела дастаткова спрыяльных магчымасцей для свайго развіцця, асабліва важна ўлічваць існаванне і функцыянаванне тэрміналогіі ў часе, яе ўключанасць у гістарычны працэс, яе суадносіны і сувязі з нетэрміналагічнай лексікай на кожным канкрэтным гістарычным этапе, таму што гэтым у значнай меры былі абумоўлены пошукі прынцыпаў і шляхоў распрацоўкі нацыянальнай тэрміналогіі» [4, с. 8]. Вывучэнне лексічнага складу слоўнікавых матэрыялаў розных гадоў дазваляе ацаніць як стан развіцця лексічнай сістэмы ў пэўны перыяд, так і ўвогуле прасачыць дынаміку змен і тэндэнцый развіцця спецыяльнай лексікі. Уяўляецца, што асэнсаванне папярэдняга тэрміналагічнага вопыту дапамагае кваліфікацыі узроўню назапашанага ў розных тэрмінасферах беларускай навукі, сістэматызацыі здабыткаў, што ў цэлым спрыяе вырашэнню сучасных праблем беларускай тэрміналогіі.

Арганізацыя работы такім чынам абумоўлівае перадусім вылучэнне фактаў пазітыўнай тэрмінаграфічнай дзейнасці, што знайшлі далейшае пашырэнне і замацаванне як у сферы функцыянавання, так і ў сферы фіксацыі. З другога боку, асэнсаванне папярэдняга вопыту дазваляе пазбегнуць памылковых і няўдалых рашэнняў у справе ўпарадкавання асобных тэрмінасфер. Уважлівае вывучэнне асаблівасцей фарміравання асобных галін ведаў у часавай прасторы з’яўляецца неабходным для больш выразнага акрэслення спецыфікі ўтварэння і функцыянавання тэрміналагічных намінацый і выпрацоўкі рэкамендацый па іх ўпарадкаванні. «Праектаванне тэрміналагічных сістэм з зададзенымі характарыстыкамі з’яўляецца актуальнай праблемай сучаснай тэрміналагічнай работы» [5, с. 22].

Ажыццяўленне гэтага на практыцы ўяўляецца магчымым пры аўтаматызацыі інфармацыйных працэсаў. Фарміраванне аўтаматызаваных банкаў даных па розных галінах ведаў мае шэраг пераваг, якія ў цэлым могуць быць зведзены да наступнага: 1) яны значна спрашчаюць і удасканальваюць працэс вывучэння фактаў мовы; 2) забяспечваюць паўнату прадстаўлення ўсяго наяўнага (нармаванага і неўнармаванага (праектнага) ) тэрміналагічнага матэрыялу; 3) робяць магчымым фарміраванне на матэрыяле шырокай базы прыватных даследчых корпусаў; 4) дэманструюць панарамны агляд усіх рашэнняў па ўпарадкаванні тэрмінасфер; 5) дазваляюць ацаніць стан развіцця тэрмінагаліны ў пэўны перыяд або на працягу ўсей гісторыі яе станаўлення. Усе адзначанае вышэй прадугледжвае замену інтуітыўнага падыходу аргументаваным, што вядзе да аб’ектыўнасці атрыманых вынікаў і значнага павышэння ўзроўню лінгвістычных даследаванняў, а таксама ў цэлым пазбаўляе магчымасці суб’ектыўнага падыходу да асэнсавання фактаў мовы, абумоўлівае сапраўдную ацэнку тэндэнцый фарміравання і развіцця спецыяльнай лексікі беларускай мовы.

Стварэнне камп’ютэрных банкаў даных цалкам знаходзіцца ў рэчышчы сучаснай міжнароднай практыкі і ўвогуле адпавядае тэндэнцыі міжнароднай уніфікацыі тэрмінасістэм. У сувязі з гэтым сродкам фіксацыі міжнародных рашэнняў па ўпарадкаванні семантыкі тэрмінаў становяцца шматмоўныя банкі даных, што дазваляюць назапасіць і захаваць інфармацыю аб асаблівасцях тэрмінаў, іх ужыванні, шматмоўных эквівалентах і ступені ўпарадкавання. Задача падрыхтоўкі шматмоўных банкаў даных бачыцца перадусім у пашырэнні паняццевай базы беларускай тэрміналогіі, а таксама арыентацыі яе на больш прасунуты ўзровень, дасягнуты ў іншых больш развітых у дадзеным кірунку мовах: рускай, англійскай, нямецкай, французскай і інш. Сённяшнія намаганні па гарманізацыі тэрміналогій прадугледжваюць інтэрнацыяналізацыю тэрмінаў — суаднясенне значэнняў блізкіх па форме рознамоўных тэрмінаў з вызначэннем паміж імі дакладных адпаведнасцей, а таксама выбар з ліку сінонімаў тэрмінаў з інтэрнацыянальнымі формамі.

У гэтых адносінах беларуская тэрміналогія значна адстае ад міжнароднага вопыту. Уключэнню беларускай тэрміналогіі ў міжнародныя стандарты перашкаджае перадусім недастатковая уніфікаванасць нацыянальнага тэрміналагічнага фонду.

У сувязі з гэтым адной з асноўных задач сучаснага этапу развіцця беларускай тэрміналогіі з’яўляецца яе уніфікацыя і стандартызацыя. Уніфікацыя, як вядома, забяспечвае адназначную адпаведнасць паміж сістэмай паняццяў і тэрмінасістэмай. «Тэндэнцыя да уніфікацыі структуры тэрміналогіі дыктуе нам неабходнасць звяртацца да шырокага сусветнага вопыту развіцця тэрміналогіі, а не звужаць свае пошукі якім–небудзь адным «вектарам» [6, с. 5]. У выпадку, калі адступленні ад дакладнага адназначнага ўжывання тэрміна выключаюцца, можна казаць пра стандартызацыю, якая мае на мэце стварэнне стандарту на тэрміны і азначэнні. Задачы стандартызацыі, як правіла, зводзяцца да фіксацыі тэрмінаў і азначэнняў сучаснага ўзроўню навуковых ведаў, гарманізацыі навукова–тэхнічнай тэрміналогіі нацыянальнай і міжнароднай, вызначэння і ліквідацыі недахопаў тэрміналексікі. Аб’ектам стандартызацыі з’яўляюцца, як правіла, асноўныя паняцці адпаведнай галіны ведаў. «У агульнапрынятым сэнсе тэрмін стандарт прадугледжвае абавязковасць выкарыстання і абазначае дакумент, што ўтрымлівае адзіныя дзяржаўныя нормы і патрабаванні, што прад’яўляюцца да прамысловай сыравіны і гатовай прадукцыі» [7, с. 94]. Адметным выступае тое, што стандартызаваныя тэрміны абавязковыя для выкарыстання ў сферы функцыянавання, ва ўсіх відах дакументаў і літаратуры. У выніку дзейнасці па уніфікацыі і кадыфікацыі павінен рыхтавацца зборнік рэкамендаваных тэрмінаў або дзяржаўны стандарт на тэрміны і азначэнні.

У нашай краіне ў ХХ ст. быў створаны Камітэт па стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі Рэспублікі Беларусь (Белстандарт), у задачы якога ўвайшла распрацоўка тэрміналагічных стандартаў і іх азначэнняў. У выніку практычнай работы Белстандарту на працягу 90–х гадоў была распачата работа па стварэнні тэрміналагічных стандартаў і на беларускай мове. Беларуская тэрміналогія ўвайшла ў стандарты, што вызначаюць тэрміны, азначэнні і абазначэнні асноўных паняццяў у галіне выдавецкай прадукцыі, інфармацыйных тэхналогій, вытворчасці прадуктаў харчавання з бульбы і тэхналагічных працэсаў іх апрацоўкі, трыкатажных вырабаў, створаных з розных відаў сыравіны і па розных тэхналогіях, тэкстыльных валокнаў і ніцей, швейных вырабаў побытавага прызначэння, у сферы тэрмінаў, што маюць дачыненне да абутку, пажарнай бяспекі ў галіне пасіўнай супрацьпажарнай абароны, тушэння пажараў, агульнатэхнічных тэрмінаў, іх сертыфікацыі, распрацоўкі і пастаноўкі на прымысловасць, выпрабаванняў, кантролю якасці, трыбафатыкі, навукі, тэхнікі і прамысловасці, аховы навакольнага асяроддзя (тэрміны водаспажывання і водаадвод у рыбнай гаспадарцы), каштоўных папер (выраб, абарот і захаванне папер і дакументаў з пэўнай ступенню абароны, што адносяцца да фінансавай дзейнасці), інавацыі і інавацыйнай дзейнасці, інфармацыйнай тэхналогіі (асноўныя паняцці, што маюць дачыненне да мікрапрацэсарных сістэм).

Такім чынам, тэрміналагічная практыка патрабуе як пэўнай аўтаномнасці тэрміналагічных падсістэм у адносінах да сістэмы нацыянальнай мовы, так і абавязковай цеснай сувязі гэтых падсістэм з ёй. Сёння пры ўпарадкаванні галіновых тэрмінасфер з’яўляецца відавочным абавязковае залучэнне найноўшых методык стварэння і аналізу фактаў мовы, да ліку якіх перадусім далучаюцца камп’ютэрныя магчымасці. Робячы агульнае заключэнне аб асаблівасцях стандартызацыі беларускай тэрміналогіі, трэба адзначыць, што гэты працэс толькі распачаўся ў 90–я гады ХХ ст. Яго далейшае развіццё абумоўлена як умовамі функцыянавання беларускай тэрміналагічнай сістэмы, так і агульнай тэндэнцыяй інтэграцыі навуковых даследаванняў, што знаходзіць выражэнне ў звужэнні колькасці моў, што выконваюць функцыі мовы навукі. Трэба думаць, што створанае ў галіне стандартызацыі беларускамоўных тэрмінаў, будзе выкарыстана ў далейшай працы і паспрыяе працэсу уніфікацыі і гарманізацыі беларускай тэрміналогіі.

Літаратура

1. Красней, В. П. Функцыянальна–стылявая дыферэнцыяцыя беларускай літаратурнай мовы / В. П. Красней // Беларуская мова. — Opole, 1998.

2. Цыхун, Г. А. Беларуская тэрміналогія ў тэрміналагічных слоўніках (1918—1998) / Г. А. Цыхун // Тэрміналагічныя слоўнікі (асобныя выданні) 1918—1998 гг.: Бібліягр. давед. — Мінск, 2000.

3. Антанюк, Л. А. Беларуская навуковая тэрміналогія: Фарміраванне, структура, упарадкаванне, канструяванне, функцыяніраванне / Л. А. Антанюк. — Мінск, 1987.

4. Красней, В. Пошукі прынцыпаў і шляхоў распрацоўкі беларускай нацыянальнай тэрміналогіі на пачатку ХХ ст. / В. Красней // Тэрміналагічны бюлетэнь. — Мінск, 1997. — Вып. 1.

5. Антанюк, Л. А. Праблемы беларускага тэрміназнаўства ў новых умовах / Л. А. Антанюк // Тэрміналагічны зборнік 87—88. — Мінск, 1988.

6. Цыхун, Г. Шляхі ўладкавання беларускай тэрміналогіі // Тэрміналагічны бюлетэнь. Мінск, 1997. — Вып. 1.

7. Головин, Б. Н. Лингвистические основы учения о терминах / Б. Н. Головин, Р. Ю. Кобрин. — М, 1987.

Цэтлікі: ,

Ответить

  Проверка PR и ТИЦ
Нашы сябры:
Казкі беларускія!