A A

Федарцова К. Р. АБ АСАБЛІВАСЦЯХ АКЦЭНТАЛАГІЧНАГА АФАРМЛЕННЯ ПАЛАНІЗМАЎ (НА ПРЫКЛАДЗЕ ДЫЯЛЕКТНЫХ ДЗЕЯСЛОВАЎ)

Няд, 8 ліпня 2012

Беларуская мова

(Личность — Слово — Социум — 2008)

Час, шляхі і прычыны распаўсюджвання польскай мовы сярод беларусаў, уплыў яе на беларускія гаворкі і ў выніку чаго на літаратурную мову былі аб’ектам даследаванняў Я. Ф. Карскага, Ф. П. Філіна, М. Г. Булахава, А. М. Булыкі і інш. Прычыну цікавасці да гэтага пытання дакладна вызначыла Г. У. Арашонкава: «Непасрэднае тэрытарыяльнае суседства беларускага і польскага народаў, эканамічныя і культурныя сувязі ў пэўныя гістарычныя перыяды, а таксама перамежаванае рассяленне беларусаў і палякаў у некаторых месцах этнічнай тэрыторыі гэтых народаў спрыялі і развіццю моўных сувязей» [1, с. 116].

Беларуска–польскія моўныя кантакты развіваліся як у літаратурна–пісьмовай, так і ў народна–размоўнай, вуснай формах. Акрамя непасрэдных кантактаў вусны і літаратурна–пісьмовы шляхі садзейнічалі таму, што многія запазычанні з іншых моў засвойваліся ў беларускіх гаворках праз польскую мову. Такое пасрэдніцтва накладала значны адбітак мовы–пасрэдніцы на гукавую форму запазычанняў, якія пасля яшчэ «пад уплывам рускай мовы відазмянілі сваю ўнутраную форму» [2, с. 15—16]. Напрыклад, германізмы, якіх шмат пранікла ў беларускія народныя гаворкі праз пасрэдніцтва польскай мовы, «успрымаюцца як звычайныя паланізмы, паколькі па свайму фанетыка–марфалагічнаму афармленню бліжэй стаяць да польскіх адпаведнікаў, чым да нямецкіх слоў» [3, с. 55]. Па гэтай прычыне запазычанні з моцным уплывам польскай мовы–пасрэдніцы кваліфікуем як паланізмы, тым больш што і ў колькасных адносінах яны істотна пераважаюць над непасрэднымі лексемамі польскай мовы. Гэтую ж думку выказвалі І. К. Германовіч, А. І. Жураўскі, М. М. Шанскі, Т. П. Уласава, Л. В. Чарнышова, хаця іншыя лінгвісты такія запазычанні адносілі да паланізмаў толькі ўмоўна. Пазіцыю апошніх можна лічыць прымальнай, калі арыентавацца на вызначэнне этымалогіі, семантыкі лексем, што не ўваходзіць у задачы нашага даследавання. Пры аналізе акцэнталагічнага афармлення як паланізмаў, так і запазычанняў з іншых моў пад увагу бяруцца лексемы ў складзе менавіта мовы–пасрэдніцы, паколькі знешняя афарбоўка запазычанняў у большай ступені знаходзіцца пад уплывам законаў мовы–пасрэдніцы.

Большую ўвагу прыцягвае ўласцівасць польскіх слоў мець націск часцей за ўсё на перадапошнім складзе ці радзей на трэцім складзе ад канца слова. Гэта асаблівасць польскай акцэнталогіі знайшла свае адлюстраванне ў паланізмах розных лексіка–граматычных класаў беларускай літаратурнай мовы і беларускіх народных гаворак. Як адзначаў яшчэ Я. Ф. Карскі, у некаторых мясцовасцях беларускага народа пад уплывам польскай мовы змянілася «месца націску ў асобных словах і нават цэлых катэгорыях слоў» [4, с. 395].

Паланізмы–дзеясловы па колькасці лексем у народна–дыялектнай мове займаюць трэцюю пазіцыю пасля назоўнікаў і прыметнікаў і вызначаюцца поўным ці частковым захаваннем утваральнай асновы польскіх лексем. Аднак акцэнталагічныя нормы польскай мовы не заўседы вытрыманы ў лексіцы беларускіх народных гаворак. Пры аналізе акцэнталагічнага афармлення дзеясловаў выдзяляюцца дзве групы.

1. Лексемы народна–дыялектнай мовы маюць націск на корані, тады як адпаведныя запазычанні ў беларускай літаратурнай мове вызначаюцца націскным суфіксам –ава–, які адсутнічае ў дыялектных словах. Лексемы беларускіх гаворак акцэнталагічна могуць не адрознівацца ад адпаведнікаў польскай мовы, напр.: пашэнціць (НЛГ) — польск. poszczкњciж siк, ад шанс — фр. chance — пашанцаваць; танчыць (МСММГ) — польск. taсczyж, taсcowaж, ад с. –в. –ням. tanzen — танцаваць і іншыя ці набываць адметнае гучанне, звязанае з уплывам на беларускія гаворкі ўкраінскай мовы, напр.: фарбыты (ДСБ) — польск. farbowaж, ад фарба — польск. farba, ад ням. Farbe — фарбаваць і інш.

2. Лексемы народна–дыялектнай мовы маюць націск на суфіксе (–ава– ці тэматычным), тады як беларускія літаратурныя адпаведнікі ўжываюцца з націскам на корані, напр.: вяндзіць (СРЛГ) — польск. wкdziж — вэндзіць; падзянкаваць (СБГПЗБ), ад дзякаваць — польск. dziкkowaж, ад ням. danken — падзякаваць і іншыя ці на суфіксе –ава–, які страчваецца ў дыялектным паланізме, напр.: гырцаць (КСУМ) — польск. harcowaж, ад ст. –чэш. harcovati — гарцаваць і інш.

Такім чынам, аналіз дзеясловаў польскага паходжання ў беларускіх народных гаворках дазваляе заўважыць нязвыклае акцэнталагічнае афармленне дыялектных паланізмаў у параўнанні з лексемамі літаратурных моў (беларускай, мовай–пасрэдніцай, мовай–крыніцай). Гэта, відавочна, звязана з фанетычнымі асаблівасцямі беларускай мовы; дзеяннем аналогіі з дзеясловамі, што ўтвараюцца з дапамогай націскнога суфікса –ава–; са зменай у будове слова і стратай спалучэння.

Літаратура

1. Арашонкава, Г. У. Гістарычны і лінгвагеаграфічны аспекты вывучэння паланізмаў — рэгіянальнай асаблівасці беларускай мовы / Г. У. Арашонкава // Рэгіянальныя традыцыі ва ўсходнеславянскіх мовах, літаратурах і фальклоры: тэз. дакл. II рэсп. навук. канф., Гомель, 25—26 верасня 1980 г. — Гомель, 1980. — С. 116—117.

2. Акулов, И. М. Заимствования в структуре белорусского языка: автореф. дис. на соиск. уч. степ. канд. филолог. наук / И. М. Акулов; Акад. наук Бел. ССР. Ин–т языкознания. — Мінск, 1977. — 19 с.

3. Булыка, А. М. Іншамоўныя лексічныя элементы ў Вісліцкім статуце / А. М. Булыка // Беларуская лінгвістыка. — Мінск, 1974. — Вып. 5. — С. 52—57.

4. Карский, Е. Ф. Белорусы. Язык белорусского народа. Вып. 1: Исторический очерк звуков белорусского языка / Е. Ф. Карский. — М.: АН СССР, 1955. — С. 393—444.

Умоўныя скарачэнні

ДСБ — Дыялектны слоўнік Брэстчыны. — Мінск: Навука і тэхніка, 1989. — 294 с.

КСУМ — Бялькевіч, І. К. Краёвы слоўнік усходняй Магілёўшчыны / І. К. Бялькевіч. — Мінск: Навука і тэхніка, 1970. — 512 с.

МСММГ — Матэрыялы для слоўніка мінска–маладзечанскіх гаворак: У 3 вып. / М. А. Жыдовіч [і інш. ]; пад рэд. М. А. Жыдовіч. — Мінск: БДУ, 1970, 1974, 1977. Вып. 1—3.

НЛГ — Народная лексіка Гомельшчыны ў фальклоры і мастацкай літаратуры: Сл–к / У. В. Анічэнка [і інш. ]; пад рэд. У. В. Анічэнкі. — Мінск: БДУ, 1983. — 174 с.

СБГПЗБ — Слоўнік беларускіх гаворак паўночна–заходняй Беларусі і яе пагранічча: У 5 т. / Ю. Ф. Мацкевіч [і інш. ]; пад рэд. Ю. Ф. Мацкевіч. — Мінск: Навука і тэхніка, 1979 — 1986. Т. 1—5.

СРЛГ — Слоўнік рэгіянальнай лексікі Гродзеншчыны / М. А. Даніловіч [і інш.]; пад рэд. М. А. Даніловіча, П. У. Сцяцко. — Гродна: ГрДУ, 1999. — 152 с.

Цэтлікі: , , ,

Ответить

  Проверка PR и ТИЦ
Нашы сябры:
Казкі беларускія!