A A

Борбат Т. І., Ячмянёва І. М. Намінацыйна–ацэначныя лексемы ў літаратурна–мастацкім тэксце

Няд, 8 ліпня 2012

Беларуская мова

((Личность — Слово — Социум — 2008) )

Як адзначае А. К. Малюк, ацэначнасць і эмацыянальнасць у структуры канатацыі займаюць немалаважнае месца [1].

Ацэначнасць з’яўляецца семантычнай уласцівасцю лексічнай адзінкі ці лексіка–семантычнага варыянту, састаўной часткай канатацыі і цесна звязана з эмацыянальнасцю, што ёсць вынік адлюстравання сувязі паміж ацэнкай і эмоцыяй суб’екта на ўзроўні іх праяўлення ў рэчаіснасці. Зразумела, усялякая ацэнка мае камунікацыйную прыроду. Яна ўтвараецца, фарміруецца ў працэсе зносін і прызначана для камунікацыі.

Слова «эмацыянальнасць» можа разумецца ў двух сэнсах: па–першае, як уласцівасць суб’екта, яго здольнасць перажываць эмоцыі, афарбоўваць свае дзеянні і ўчынкі пачуццямі і выражаць іх; па–другое, як уласцівасць моўнага знака — патэнцыяльную магчымасць яго выразіць факт эмацыянальнага перажывання суб’ектам нейкай з’явы рэчаіснасці. Другое значэнне мае статус лінгвістычнага тэрміна.

Найперш мы будзем адрозніваць ўласна эмацыянальнасць, ці «уласную эмацыянальную афарбоўку» (Ш. Балі), ад канцэптуальнай, ці сітуацыйна–маўленчай. Першая з’яўляецца кампанентам семантыкі слова і актуалізуецца ў маўленні (тэксце) ва ўсіх выпадках яго ўжывання, не патрабуючы для гэтага якіх–небудзь дадатковых сродкаў. Моўныя формы, маркіраваныя эмацыянальнасцю, успрымаюцца эмацыянальна–экспрэсіўнымі па–за кантэкстам. Яны сістэмныя, замацаваныя ў свядомасці носьбітаў мовы і ў патрэбных сітуацыях выкарыстоўваюцца імі ў маўленні ці тэксце (золатца, саколік, душачка; морда, буркалы; жраць, раскапусціцца, раскірэчыцца і інш).

Паколькі ацэначнасць і эмацыянальнасць звязаныя паміж сабой, мы будзем іх разглядаць як адзінае цэлае паняцце «эмацыянальная ацэнка», што прадстаўлена ў творах пісьменнікаў шматлікай групай слоў з эмацыянальна–ацэначнай функцыяй.

Намінацыйна–ацэначныя словы лексічна, сваімі намінацыйнымі значэннямі кваліфікуюць прадмет, з’яву са станоўчага ці адмоўнага бакоў (дурны, шалёны, звар’яцелы, бандыт, плюгавы, крывы, цудоўны і інш. ). Выражаная такімі словамі ацэнка перш за ўсё інтэлектуальна–лагічная, а ўжо сам характар прадметнага зместу вызначае іх эмацыянальную афарбаванасць. Спецыялізацыя намінацыйна–ацэначных эмацыянальных слоў пацвярджаецца яшчэ тымі абставінамі, што ўжываюцца яны толькі ў строгай адпаведнасці з мэтай выказвання. Больш выразна ацэначны момант выражаны ў прыметніках і прыслоўях, якія абазначаюць непасрэдна якасці і прыметы. Для ўзору возьмем прыклады з твораў М. Зарэцкага [2]:

Прадставілася будучае жыццё — смутнае, гарапашнае, а ў вушах зноў зазвінела… («Адкупіўся»); Прыйшоў Мікіта — дужы хлапчына з масянжовым тварам, троху сутулаваты, унурысты і маўклівы. (Тамсама); І ён [Гвардыян] завёў станавіта, мудрона, як такі і належыць сур’ёзнаму разважліваму чалавеку. (Тамсама); Затрапятала сэрца соладка, вольна. («На маладое»); Па вуліцы зважна сігалі два чалавекі. («У віры жыцця»).

Выдзеленыя словы змяшчаюць у сабе характарыстыкі абазначаемых прадметаў не толькі з пункту погляду іх вартасці, але і важнасці, значнасці. Акрамя гэтага, яны ўказваюць на пачуцці, якія звычайна выклікаюць рэаліі, што адпаведным чынам ацэньвае грамадства. Так, лексема гарапашнае ўказвае на незадавальненне, непрыманне героем прадмета гаворкі, дакладней, заклапочанасць, засмучанасць бедным, гаротным жыццём.

Размоўная лексема унурысты з абазначэннем прыметы характару чалавека не толькі нясе службова–практычную нагрузку, але ў поўным сэнсе выконвае і эстэтычна–мастацкую функцыю, бо эмацыянальна напаўняе сказ — надае яму адценне неадабральнасці, асуджэння. У ТСБМ прыметнік унурысты кваліфікуецца са значэннем ‘хмуры, нелюдзімы’.

Лексема сутулаваты характарызуе прадмет гаворкі яшчэ і з боку фізічных недахопаў. Тым самым складваецца ўражанне аб чалавеку як аб пасрэдным, ардынарным, нават у нейкай ступені недарэчным.

Абласная лексічная адзінка станавіта са значэннем ‘паважна, спакойна, ураўнаважана’ разам з якаснымі прыметнікамі сур’ёзны, разважны характарызуюць чалавека са станоўчага боку, выклікаючы да яго адабральныя, пачцівыя адносіны.

Акцэнталагічны варыянт (з націскам на першым складзе) соладка выкарыстаны пісьменнікам з маркерам задавальнення, захаплення, зачаравання, маючы на мэце выклікаць у рэцыпіента пачуццё прыемнасці, цеплыні.

Прыслоўю зважна таксама ўласцівая значэнне ўзвышанай ацэнкі. Лексема актуалізуе характар паводзін чалавека, спосаб яго каштоўнасных арыенціраў, што ўдала падмечана празаікам.

Не менш значнае месца ў творах М. Зарэцкага належыць і намінацыйна–ацэначным назоўнікам, якія выступаюць як сродак характарыстыкі самых розных прадметаў і рэалій і з’яўляюцца асобаснымі характарыстыкамі. Гэта найперш неадушаўлёныя назоўнікі, што перадаюць агульную эмацыянальную ацэнку якіх–небудзь уласцівасцей, прадметаў, з’яў. Напрыклад:

З кухні пачуў Карызна гамзатае брынканне гітары і скрывіўся ў лёгкім нездаволенні. («Вязьмо»); Ды куды ж там: пакармі гэткую плойму раз–другі, дык і сам без хлеба застанешся. («Чаплюк»); Кулацкая хеўра часу не марнавала — яна выкарыстоўвала кожны момант, кожны зручны выпадак, каб умацаваць свае пазіцыі, глыбей акапацца ў сваёй утульнай бярлозе. («Вязьмо»); Дык ці гэта рахуба, калі мы возьмем ды загонім яшчэ глыбей гэтую хваробу, не даўшы ёй рады? (Тамсама); Чамусьці з асаблівай рэзкасцю ўелася ў вочы страшная закарэлая шмотка на стале і гнілы сноп саломы ў качарэжніку, пастаўлены туды немаведама з якім прызначэннем. (Тамсама); Гледзячы на кулакоў, трымаліся часам і няшчасныя галадранцы за свае драныя бэбахі ды крычалі, асалапелыя, пакуль паказвалі катораму, за што ён, дурань, трымаецца і каму ўтурае сваім прарэзлівым крыкам. (Тамсама).

Эмацыйна–ацэначны назоўнік нездаволенне, які абазначае астэнічныя эмоцыі, выкарыстаны пісьменнікам з мэтай выказаць неспакойныя, напружаныя пачуцці героя, як прадчуванне нечага непрадказальнага, нядобрага, злога. Аб актыўным пачатку ахопліваемых чалавекам пачуццяў сведчыць семантыка–прагматычны дзеяслоў скрывіўся, які нясе вялікую сэнсавую нагрузку, бо актуалізуе матыў непакою, стварае напружанасць і выклікае моцны экспрэсіўны эфект разам з разгледжаным назоўнікам.

Намінацыйна–ацэначны назоўнік плойма выкарыстаны для абазначэння назвы вялікай колькасці людзей, так званы «вобраз мноства». Гэты «вобраз» звязаны з эмацыянальнай рэакцыяй персанажа ў адносінах да выказанай з’явы і афарбаваны суб’ектыўным (пеяратыўным) уражаннем.

Абагульнены сэнс ‘вялікая колькасць асоб’ выражае і слова хеўра як «вобраз мноства», ужыты з рэзка пеяратыўнай афарбоўкай. У кантэксце ён выступае са значэннем група людзей, аб’яднаная агульнымі інтарэсамі, агульнымі прыметамі. Лексема актуалізуе асуджальныя, пагардлівыя адносіны пісьменніка не толькі да прадмета гаворкі, але і да ўдзельнікаў яе, што і аказвае ўплыў на рэцыпіента.

Меліяратыўная афарбоўка ўласціва лексічнай адзінцы рахуба, якая перадае агульную эмацыянальную ацэнку суб’ектам канкрэтнай сітуацыі. Лесема ўжыта аўтарам са значэннем ‘карысць, выгада, сэнс’, зафіксаваным у ТСБМ з паметай «разм.».

Размоўныя лексемы бэбахі і шмоткі валодаюць стылістычнай прыналежнасцю да эмацыянальна зніжанай лексікі. Так, слова шмотка ў ТСБМ падаецца з паметай «зніж. » для характарыстыкі ‘прадметаў адзення, адзежы’. Прыметнік–суправаджальнік закарэлая стварае яркі эмацыянальны эфект, тым самым маркіруючы зневажальныя адносіны аўтара да прадмета гаворкі, што і ўспрымаецца чытачом.

Стылістычна маркіраваная намінацыйная адзінка бэбахі са значэннем ‘зношаныя рэчы, лахманы’ характарызуецца адмоўнай ацэначнасцю, указваючы на грубыя, фамільярныя адносіны, прыналежнасцю слова да размоўнага пласту лексікі, паколькі выражаныя ім эмацыянальная ацэнка і адносіны характэрныя для штодзённа–бытавых маўленчых зносін.

Назоўнікі, якія з’яўляюцца асобаснымі характарыстыкамі, так званыя словы–характарыстыкі, выкарыстаны М. Зарэцкім для адлюстравання пэўных рыс характару і паводзін чалавека, чалавечых страсцей і пачуццяў. Звычайна гэтыя словы ўжываюцца ў мове персанажаў, але ёсць выпадкі выкарыстання іх і ў аўтарскай мове. Напрыклад:

І разам з гэтым найглыбейшым адчуваннем яе блізкасці ў яго, як у старога падазронага скнары, з’яўляецца ні на чым не ўзгрунтаваная апаска, што нехта можа ўкрасці, адабраць гэты мнагацэнны скарб, што ён можа згубіць яго. («Вязьмо»); Хіба ж можна любіць гэткую недарэку. («Мар’я»); — А, злодзей, папаўся! Дык красці, значыцца, га? («Адкупіўся»). Збяры ўсіх сюды, хто там ёсць. Усіх сюды, абармотаў. («Белыя ружы»). Чаго там чакаць? Каб злыдні якой дасталося! Авой, нахаба! Знайшла сабе набрыдзь цыгана паганага. («Пачатак шчасця»); Захацелася паглядзець, як тут розная погань пяткі падмазвае, ды падштурхнуць каторага, каб далей адкаціўся ад нашай краіны. («Белыя ружы»).

З абазначэннем чалавечай скупасці выступае лексічная адзінка скнара (‘надзвычай скупы чалавек’), выкарыстаная аўтарам з мэтай надаць суб’екту негатыўную ацэнку, выклікаць да яго неадабральныя, асуджальныя адносіны.

Рэзка пеяратыўнае значэнне ўзмацняецца і выкарыстаннем шэрагу адзінак, якія ствараюць асаблівы фон іх успрыняцця, перадаюць багацейшы рэгістр пачуццяў і эмоцый — неадабрэнне, пагарду, агіду, асуджэнне і інш., здольныя выклікаць пэўнае ўражанне ў чытача, прымусіць яго адчуваць аналагічныя пачуцці. Так, з дапамогай афарбоўкі неадабрэння (пагарды) апісана эмацыянальная мадальнасць абласной лексемы набрыдзь, якая ў ТСБМ кваліфікуецца са значэннем ‘зброд’.

Адмоўная ацэнка дасягнута словам нахаба, якое абазначае нахабнага чалавека, назолу. Ацэначная катэгорыя гэтай лексемы вядзе да ўзнікнення эмацыянальнага тону і ў канчатковым выніку да ўзмацнення агульнай танальнасці кантэксту, што аказвае на рэцыпіента моцнае ўздзеянне.

Эмацыйны модус характэрны для адзінкі абармот, выкарыстанай празаікам для абмалёўкі паводзін чалавека, учынкі і дзеянні якога выклікаюць абурэнне, агіду, бо герой мае семантычную характарыстыку ‘нягоднік, грубіян, ашуканец’.

Ацэначна–эмацыянальная магчымасць лексемы погань (‘тое, што выклікае агіду, нешта паганае, непрыемнае’) напластоўваецца на ўсё выказванне і надае яму экспрэсіўную афарбоўку, робіць яго двухпланавым — паведамляе аб прадмеце і выражае эмацыйныя адносіны (пагарду) гаворачай асобы.

Выкарыстанне лексічнай адзінкі злодзей (‘той, хто крадзе, робіць кражу’) і злыдзень (‘шкодны чалавек, ліхадзей’) выклікае пачуццё абурэння і асуджэння. Даныя стылістычна афарбаваныя сродкі як бы ірадыіруюць увесь кантэкст, робячы яго больш выразным, выклікаючы ў чытача запланаваныя аўтарам адзначаныя ацэначныя адносіны і перажыванні, пачуцці і эмоцыі.

Такім чынам, лексічнае значэнне разнастайных намінацыйна–ацэначна–эмацыянальных слоў ўказвае на дадатковую якасць прадмета, прымету з’явы, дзеяння ці асобасную характарыстыку. Яно ўздзейнічае на чытача эмацыйна, з суб’ектыўных пазіцый, узмацняючы змест твора ацэнкай некаторых «падрабязнасцей» у самім абазначаемым. Такая лексіка актывізуе стылістычную, ацэначную і эмацыянальную функцыі, якія разам ствараюць змест, суадносны з паняццем экспрэсіўнасці ці экспрэсіўнай функцыі мовы.

Літаратура

1. Малюк, А. К. Способы образования и стилистическое функционирование эмоциональной лексики полесского фольклора: автореф. дисс. … канд. филол. наук: 10.02.02. / А. К. Малюк, БГУ им. В. И. Ленина. — Минск, 1980. — 16 с.

2. Зарэцкі, М. Збор твораў: У 4 т. / М. Зарэцкі. — Мінск: Маст. літ., 1989 — 1992. — Т. 1.: Апавяданні. — 1989. — 526 с.; Т. 2: Голы звер. Аповесць. Сцежкі–дарожкі: Раман. —1989. — 414 с.; Т. 3.: Вязьмо. Раман; Сымон Карызна: Драм. аповесць. — 1991 — 375 с.

Цэтлікі: ,

Ответить

  Проверка PR и ТИЦ
Нашы сябры:
Казкі беларускія!