A A

Крычко В. ГЕОРГIЙ ЗАРУБСКI Ў ГIСТОРЫI СТАРАБЕЛАРУСКАЙ ЛIТАРАТУРЫ

Пнд, 23 студзеня 2012

Беларуская літаратура

((Працы кафедры гісторыі беларускай літаратуры Белдзяржуніверсітэта. – Вып.2. – Мінск, 2002. –с.  — 14)

Англійскі славіст Арнольд Барат Макмілін у якасці крытэрыю нацыянальнай прыналежнасці твораў прапанаваў іх узнікненне “на этнічна беларускай тэрыторыі”[1], якой з’яўлялася ў XII–XIII стст. Смаленская зямля. Беларускі вучоны С.Л. Гаранін сцвярджае, што “беларуская літаратура не ўлучала ў сябе смаленскую школу, а грунтавалася на ёй, як на адной са сваіх асноўных крыніц, г. зн. сувязь з традыцыямі літаратуры старажытнай Русі ажыццяўлялася для беларускай літаратуры XVI стагоддзя”, – калі як нацыянальная з’ява яна знаходзілася на раннім этапе свайго станаўлення, – “праз смаленскае пасрэдніцтва”[2]. Гэтым, відавочна, тлумачыцца ўвага айчыннай медыявістыкі да смаленскай школы пісьменства і яе прадстаўніка Клімента Смаляціча, аўтара “Послания, написаного Климентом, митрополитом рускым, Фоме прозвитеру смоленскому, истолкованого Афонасиемь мнихомъ”[3]. Iмя Кліма згадваецца пад 1147 г. у Iпацьеўскім летапісе: “Въ то же лето постави Изяславъ митрополитомъ Клима Смолятича, вывед изъ Заруба, бе бо черноризечь, скимникъ, и бысть книжникъ и философъ такъ, якоже въ Руской земли не бяшеть”[4]. Гэтае летапіснае сведчанне спарадзіла і па сённяшні дзень нявырашаную гістарычную загадку, які з Зарубаў меў на ўвазе летапісец: Заруб, пра які перапісчык Ермалаеўскага (XVIII ст.) спіса Iпацьеўскага летапісу змясціў удакладненне “где теперъ монастырь Терехтемерский”[5], гэта значыць дняпроўскі Заруб, ці смаленскі Заруб, які згадваецца пры апісанні смерці князя Расціслава Мсціслававіча ў 1168 г.[6] Праблема пошукаў летапіснага горада Заруба хвалюе даследчыкаў (археолагаў, гісторыкаў, філолагаў) ужо не адно стагоддзе. Мы звернемся да гэтага пытання з прычыны таго, што манахам Зарубскай пячоры, манастыра, дзе знаходзіўся да свайго ўзвядзення ў мітрапаліты кіеўскія Клімент Смаляціч, верагодна, быў чарнец Георгій Зарубскі, аўтар помніка “Отъ грешного Георгия, черноризця, Зарубьскыя пещеры, повченья къ духовному чаду”[7], які захаваўся да нашага часу. Дзе ж знаходзіліся гэтыя “Зарубьскыя пещеры” і што вядома пра смаленскі горад Заруб?

Прааналізаваўшы ўсе летапісныя згадкі пра Заруб I.I. Сразнеўскі ў 1867 г. прыйшоў да высновы, што “Заруб быў на правым баку Дняпра насупраць вусця Трубяжа”[8]. Пра гэта відавочна сведчаць сучасныя назвы дзвюх мясцін ніжэй сяла (раней горада) Церахцямірава: сяло Зарубніцы і вёска Манастырок.  У гэтым Манастырку, сцвярджае вучоны, “і дагэтуль ёсць пячора, падобная да Кіеўскіх, з падзямельнымі цэрквамі”, такім чынам, “няма на ўвазе нічога, што б магло прымусіць шукаць гэтую зарубскую пячору не ў тым жа месцы, дзе дагэтуль захаваліся пячоры Заруба”[9]. У XX ст. з’явіліся дадзеныя археалагічных экспедыцый, абапіраючыся на якія, у прыватнасці гісторыкам П.П. Талачко, было выказана меркаванне, што летапісны горад Заруб сапраўды знаходзіўся на пераправе цераз Дняпро з пераяслаўскага боку[10]. Аднак, варта прыгадаць словы аўтара “Истории русской церкви” мітрапаліта Макарыя (Булгакава) пра тое, што “зрэшты, быў і іншы Заруб – сяло ў краі Смаленскім, адкуль і мог быць выведзены Клімент Смаляціч, калі быў там манастыр”[11]. Меркаванні мітрапаліта Макарыя знайшлі сваё пацвярджэнне ў канцы 60-х гг. XX ст., калі вучонымі-археолагамі К.В. Паўлавай і П.А. Рапапортам быў знойдзены смаленскі горад Заруб[12]. Для вызначэння месцазнаходжання смаленскага Заруба важнейшае значэнне мае летапісны тэкст 1168 г. У гэтым годзе кіеўскі князь Расціслаў Мсціслававіч (доўгі час ён быў смаленскім князем) накіраваўся з Кіева цераз Смаленск у Ноўгарад. У Тарапцы ён захварэў і вымушаны быў вярнуцца ў Смаленск. Нягледзячы на просьбы сваёй сястры Рагнеды, Расціслаў не застаўся ў Смаленску, а выехаў у Кіеў, на шляху куды і памёр “в селе Рогънедин в Зарубе”[13]. Вывучыўшы дакументы смаленскай епіскапіі, а таксама працы Н.Б. Барсава і М.В. Доўнар-Запольскага, вучоныя прыйшлі да высновы, што тым пунктам, дзе памёр князь Расціслаў, з’яўляецца сяло Рагнедзіна (сучасны раённы цэнтр на Браншчыне), а недалёка ад яго павінен быў знаходзіцца горад Заруб. Відавочна, як мяркуюць даследчыкі, рэшткамі смаленскага горада Заруба з’яўляецца вялікае гарадзішча ў сяле Асавік у 19 км на поўнач ад сяла Рагнедзіна. У 1969 г. там былі праведзены археалагічныя раскопкі, вынікі якіх дазволілі сцвярджаць, што смаленскі горад Заруб быў заснаваны ў XII ст., меў вялікае ваенна-адміністратыўнае значэнне з часу свайго заснавання, з першай паловы XII ст., існаваў на працягу ўсяго XIII ст., а ў другой палове ці ў канцы XIII ст. быў занядбаны[14]. Пры гэтым важна адзначыць, што мы лічым беспадстаўным і спрэчным аргумент (адзіны!), які аўтар артыкула П.А. Рапапорт прыводзіць на карысць таго, што Клімент Смаляціч не мог быць выведзены са смаленскага зарубскага манастыра: “у мітрапаліты не маглі абраць манаха з далёкага правінцыйнага манастыра[15]. Як нам здаецца, гэтае выказванне не адпавядае гістарычным рэаліям XII ст.: у пачатку XII ст. былая Смаленская воласць Кіеўскай Русі вылучаецца ў самастойнае княства, у 1125 г. у Смаленску пачынае княжыць Расціслаў Мсціслававіч (занесены ў лік беларускіх святых), яго княжанне ў Смаленску (1125–1159) і Кіеве (1159–1167) было перыядам найбольшга росквіту і пашырэння Смаленскага княства, узрастання яго ролі ў агульнаўсходнеславянскіх справах[16].

Такім чынам, на падставе вышэйпрыведзеных дадзеных, можна выказаць меркаванне, што, магчыма, Георгій Зарубскі, як і Клімент Смаляціч, дзейнічаў менавіта ў смаленскім зарубскім манастыры і яго твор можна разглядаць у кантэксце гісторыі старабеларускай літаратуры.

Пра чарняца Георгія Зарубскага не захавалася ніякіх гістарычных матэрыялаў, акрамя яго “Повченья”. Яно дайшло да нашага часу ў чатырох рукапісах. Самы старажытны спіс Павучання захаваўся ў пергаменным рукапісе, створаным у 1280-х гг. пры Уладзіміра-Валынскім князі Уладзіміры Васількавічы. Гэта дазваляе даціраваць помнік не пазней як 1280-мі гг. Твор захаваўся ў зборніках Павучанняў Яфрэма Сірына і зборніку разнастайнага складу, але зноў жа – размешчаны помнік паміж Словамі Яфрэма Сірына. Пагэтаму, на думку I.I. Сразнеўскага, Георгій быў таксама і перапісчыкам Яфрэма, працуючы пры князі Уладзіміры Васількавічы Валынскім (1269–1288)[17]. Магчыма, старац Георгій жыў у XIII ст. і напісаў твор незадоўга да таго, як быў створаны пергаменны рукапіс, у які паміж Словамі Яфрэма Сірына і было ўключана яго Павучанне[18]. Для даціроўкі твора Георгія Зарубскага важнае значэнне мае заўвага I.I. Сразнеўскага: “Ва ўсім павучанні няма нічога, што б нагадвала пра татараў, пра неабходнасць цярпець іх прыгнёт і да т. п. Ці не можа гэта пацвердзіць здагадку, што павучанне сваё старац Георгій пісаў яшчэ да нашэсця татараў”[19].

Варта звярнуць увагу на тое, што з чатырох спісаў помніка зарубскага чарняца, тры маюць валынскае паходжанне. Як вядома, ва Уладзіміры-Валынскім, радавым удзеле князя Iзяслава Мсціслававіча, хаваўся ў час ганенняў на яго Клімент Смаляціч[20]. Відаць, не выпадкова аўтар Павучання ўжывае і слова “філосаф”, знаёмае нам па палеміцы Фамы з мітраплітам Кліментам Смаляцічам.

Твор чарняца Зарубскага быў па-рознаму ацэнены даследчыкамі XIX ст. Так, I.I. Сразнеўскі кажа: “Што тычыцца самога Павучання, то нельга, здаецца, не паставіць яго ў лік выдатных рэшткаў старажытнасці”[21]. У той жа час Я. Галубінскі падкрэслівае, што твор “выдатны не як помнік духоўнай літаратуры, а па-першае, тым, што напісаны ён не кніжнай, а размоўнай моваю (думаецца, што ў гэтых адносінах ён нават вельмі выдатны), а па-другое, тым, што нібыта звяртае ўвагу на некаторыя рысы нораваў...”[22]. I.I. Сразнеўскі таксама адзначае, што твор уяўляе цікавасць і сваёй мовай, таму што “паказвае між іншым словы і выразы, якія не сустракаюцца ў іншых помніках”[23]. У XX ст. помнік апублікаваны па чатырох розных спісах[24].

“Отъ грешного Георгия, черноризця Зарубьскыя пещеры, повченье къ духовному чаду” – помнік, тып якога можна вызначыць як “пасланне-павучанне”: на думку Н.В. Панырка, у адрозненне ад Візантыі, дзе эпісталярны жанр развіваўся як адзін з відаў “прыгожага пісьменства” і дзе з асаблівым поспехам культываваўся тып “сяброўскага” ліста (найбольш “чысты” від літаратурнай эпісталярыі), на Русі ў XI–XIII стст. “сяброўскі” ліст не атрымаў распаўсюджання, а асноўным тыпам пісьма з’яўлялася пасланне-павучанне[25]. Для такіх помнікаў характэрна мінімальнае выкарыстанне нарматыўных рыс эпісталаграфіі. Так, у “Повченьи” чарняца Георгія няпэўна вызначаны адрасат паслання – “духовное чадо”[26] і толькі аднойчы ў тэксце сустракаецца фармуліроўка, якая ўласна і дазваляе атрыбуціраваць твор як пасланне: “Се пишу к тебе, чадо мое узлюбленое о Господи” (152). Асоба аўтара схавана за традыцыйнай сярэднявечнай самаўніжальнай формулай “убогаго старця” (152), які наракае на сваю “грубость” (152). У Павучанні ён выступае ў якасці “учителя” “чада своего узлюбленаго”, “чада сладкого” – менавіта так пранікнёна звяртаецца чарнец да адрасата. Звяртае на сябе ўвагу лагодны тон Павучання ў цэлым: на ўзроўні сінтаксічнай структуры тэксту гэта праяўляецца ў частым выкарыстанні аўтарам складаназалежных сказаў з даданымі ўмовы: “Елма же усхотелъ еси душю свою спасти, створилъ мя еси, убогаго старця, вожа уности твоея, то помяни...” (152); “Аще ли глума ищеши и веселья и всякоя втехы, то приемъ животворныя кънигы...” (153); “...Аще точию спасения ищеши, а не иного ни коего же славохотия, то и мимо мою грубость не ищи учителя иного си. Моя бо ти грубость доволна есть сказати, имже спасешися, аще схраниши, елико же ти реку. Аще, от бесъ вышивъся и презря мя, начнеши искати ино любьзна ти лицемь учителя, то аще иного греха не створиши, то и то ти презорьству гонити начнеть на погибель душу” (152). Такая ціхасць выказванняў старца Георгія, як відавочна вынікае з апошняй цытаты, тлумачыцца яго рэўнасцю свайго “узлюбленого чада” да нейкага “любьзна лицемь учителя”, у імкненні да якога чарнец Зарубскі бачыў “славохотие” свайго вучня. Каб сцвердзіць сваю перавагу над невядомым нам духоўным настаўнікам, аўтар згадвае біблейскі вобраз Iаана Хрысціцеля, “старця убогаго” (152), да якога прыйшоў і перад кім схіліў сваю галаву Iсус Хрыстос (Еванг. ад Мацв. 3, 1–12; ад Марка 1, 1–18; ад Лукі 3, 1–18). Для дасягнення большай пераканаўчасці Георгій арганічна выкарыстаў у наступных радках твора плеаназм і рытм аднародных членаў, рытм пералічэння: “Елма же усхотелъ еси душю свою спасти, створилъ мя еси, убогаго старця, вожа уности твоея, то помяни, како Владыка творець, небу и земли сыи творець, образъ собою всемъ дая, пришедъ от толикы власти до нижныхъ насъ, не усхоте поклонитися цесарю, самъ сыи цесарь цесаромъ, ни иному властелину, владыка сыи владыкамъ, ни философомъ, ни красными лици, ни любъмымъ си, но, слъшавъ о старци единомь, страньне, убозе и алчемь заморьшися, назе, портъ носяща ризныи до колену и всяческы уморьшася самовольствомь к тому пришедъ, поклони пречистую главу свою, глава си всехъ, образъ вамъ дая, да не и мы презревъше нищелюбивыя мужа, обнищавша Христа ради, пути правящая Христовы узыщемъ, благъ и чистыи учитель, погодивъ намъ” (152). Асоба духоўнага настаўніка мела выключна вялікае значэнне ў сярэднявечнай хрысціянскай культуры, таму што гэты “вожа уности” (152) дапамагаў знайсці “спасение” і пазбегнуць “погибели души” (152). Гэтай тэме прысвяціў свой твор тураўскі Златавуст – “Слово святаго Курила епископа о том, еже не забывати учителей своих”, у ім прамоўца кажа: “...Аще будет научился и от мужа проста, рекше не от иереа, то держать ему его в своем сердци и в души и уме в незабывную память до исхода души своея...”; “...Таковый свят есть, понеже путь ... показал есть, ведущий в жизнь вечную, и дверь отворил райскую видением поведаниа, и ключа дал разума книжнаго”[27].

Георгій Зарубскі ў сваім Павучанні выкладае вечныя маральныя запаведзі. У дыдактычных мэтах, інтанацыйна аформіўшы думку ў выглядзе клічнага сказа, ён папярэдне нагадвае свайму вучню пра “смерть лютую” і “напрасньство ея”, супрацьпастаўляючы “страшное ... судище и мукы различьныя, люты, бескончныя, уготованыи диаволу и творящимъ волю его, и еже поношение грешникомъ и похуление предъ ангелы и человекы” (152) і “уготованыя благостыня и престоле славе и веньци на небесехъ праведникомъ” (152). Выкарыстоўваючы прыём градацыі думкі, чарнец раіць аб гэтым “поминати присно”, “имети си на уме” і “сими присно поучатися” (152). Духоўны пастыр Георгій павучае сваё “духовное чадо”: “Въсели страхъ Божии въ сердци си и любъвь великую, яже к Нему, украшаяся паче злата и сребра и камене драгаго смерениемь добрымь своимь. Паче и паче милостыня помагаи нищимъ, заступникъ буди сиротамъ и въдовицамъ, любъвь имеи ко всемъ равну, дружня таины храни, клеветанья же зело убегаи, клятвы хранися, зависти не имея. Чюжихъ добротъ не съглядаи, да не усхощеши имъ” (152). На думку зарубскага чарняца, варта асабліва засцерагацца “смеха лихаго”, “скомороха и слаточьхара, и гудця и свирця не уводити у домъ свои глума ради” (152) – звяртаючыся да сінтаксічнай анафары і градуючы думку, “грэшны Георгій” тлумачыць гэта наступным чынам: “Поганьско бо то есть, а не крестьяньско, да любяи та глумленья поганъ есть и съ крестъяны причастья не имать. Дьяволи бо то суть всегда сии съмысци и созванья и веселья, блудьская бо то есть краса и радость бесящихся отрокъ” (152). Аўтар сцвярджае, што “крестьяньскы суть гусли – прекрасная доброгласная псалтыря” (153). Усхваляючы адну з цудоўнейшых кніг Свяшчэннага Пісання, Георгій Зарубскі ўводзіць у канву мастацкага тэксту Павучання цытату з Кнігі Прарока Iсайі 6, 3: “Святъ, святъ, святъ еси, Боже, исполнивыи небо и землю славы твоея” (153) і, з дапамогай сінтаксічнай анафары і перыфразы, красамоўна апявае Псалтыр: “То ти драго есть веселье, то ти преславная есть песнь, со аньелы ны совкупляющи и ту же честь подая намъ грешникомъ. То ти предивны суть гусли, всякои души животъ подающи и веселье” (153). Жыватворнай сілай, па меркаванню чарняца Георгія, валодаюць “кънигы”, менавіта ў іх трэба шукаць духоўнаму вучню “глума..., веселья и всякоя втехы” (153), настаўнік павучае сваё “узлюбленое чадо”: “...Почти святыхъ мужь повести, и ученья, и дела, и страсть, яже прияша за Христа Бога, пострадавша насъ ради грешныхъ, и обрящеши в нихъ сладоточны утехы, от Святаго Духа устроены” (153). Чытанне прыносіла сярэднявечнаму чалавеку сапраўдную асалоду. Ён не проста атрымліваў новыя веды, якія мог выкарыстоўваць у сваім жыцці, але ён адчуваў асалоду ў працэсе чытання. Гэта было заняткам духоўным, сакральнай мудрасцю. Скіраванасць на глыбінныя вытокі быцця, на судакрананне з вечным, непераходзячым, і прыносіла асалоду першым чытачам, сярэднявечным чытачам. Чалавек у кнігах знаходзіў “сладоточны утехы”, “яко же бо бчелы от различенъ цветець несуща, у тремно неразумьно слово, у тремове стваряюща сты, дива достоины множьствомъ клетокъ красныхъ, и от росы небесныя напоеныя сласти и прекрасныя цветця и сморъцяюща на жалехъ носяща наполняюща сласти своея” (153). Вобраз працавітай пчалы, што збірае мёд, можна сустрэць у выдатных помніках старабеларускай літаратуры: у “Жыціі Аўраамія Смаленскага”: “Яко делолюбивая пчела вся цветы облетает и сладкую себе пищу приносящи и готовящи, тако и вся от всех избирая и списая ово своею рукою, ово многими писцы...”[28] і ў “Слове па Вялікадні” Кірылы Тураўскага: “Ныне мнишьскаго образа трудолюбивая бчела свою мудрость показающи вся удивляеть; яко же бо они в пустынях самокормиемь живуще аньгелы и человекы удивляють, и си на цветы възлетающи медвены сты стваряють, да человеком сладость и церкви потребная подасть”[29]. Гэтым добра вядомым у гісторыі пісьменства топасам завяршае чарнец Георгій свой твор.

У заключэнні трэба адзначыць, што “Отъ грешного Георгия, черноризця Зарубьскыя пещеры, повченье къ духовному чаду” – твор, які арганічна ўпісваецца ў мастацкі і ідэйны кантэкст старабеларускай літаратуры і сведчыць пра выдатныя літаратурныя здольнасці пісьменніка Георгія Зарубскага. Па свайму тыпу ў гісторыі старабеларускай літаратуры помнік займае месца побач з “Посланием, написаным Климентом, митрополитом рускым, Фоме, презвитеру смоленскому, истолкованым Афонасиемь мнихомъ” Кліменція Смаляціча і “Посланием некоего старца к богоблаженному Василию архимандриту о схиме” Кірылы Тураўскага.

 

 


[1] McMillin, Arnold B. Die Literatur der Wei?russen. A history of Byelorussian Literature from its origin to the present day. Giessen: Schmitz, 1977. P. 13.

[2] Гаранін С.Л. Шляхамі даўніх вандраванняў: Гіст. -тэарэт. нарыс развіцця бел. паломн. літ. XII–XVI стст. Мн.: Тэхналогія, 1999. С. 52.

[3] Библиотека литературы древней Руси. XII век. С. -П.: Наука, 1997. Т. 4. С. 118–141.

[4] Полное собрание русских летописей. СПб., 1843. Т. 2. С. 29.

[5] Там же. С. 29.

[6] Там же. С. 95.

[7] Понырко Н.В. Эпистолярное наследие Древней Руси. XI–XIII. Исследования, тексты, переводы. С. -П.: Наука, 1992. С. 152–154.

[8] Срезневский И.И. Сведения и заметки о малоизвестных и неизвестных памятниках. СПб., 1867. Т. 1. Вып. I (№ 7). С. 53.

[9] Там же.

[10] Древнерусские княжества X–XIII вв... М.: Наука, 1975. С. 37–40.

[11] Макарий (Булгаков). История русской церкви. М.: Изд-во Спасо-Преображенского Валаамского монастыря, 1995. Т.2. С.495.

[12] Раппопорт П.А. О местоположении смоленского города Заруба // Институт археологии. Краткие сообщения. М.: Наука, 1972. Вып. 129. С. 21–23.

[13] Полное собрание русских летописей. СПб., 1843. Т. 2. С. 95.

[14] Раппопорт П.А. О местоположении смоленского города Заруба // Институт археологии. Краткие сообщения. М.: Наука, 1972. Вып. 129. С. 22–23.

[15] Там же. С. 21.

[16] Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 1. Старажытная Беларусь: Ад першапачатковага засялення да сярэдзіны XIII ст... Мн.: Экаперспектыва, 2000. С. 204.

[17] Срезневский И.И. Сведения и заметки о малоизвестных и неизвестных памятниках. СПб., 1867. Т. 1. Вып. I (№ 6). С. 37–50.

[18] Понырко Н.В. Эпистолярное наследие Древней Руси. XI-XIII. Исследования, тексты, переводы. С. 150.

[19] Срезневский И.И. Сведения и заметки о малоизвестных и неизвестных памятниках. СПб., 1867. Т. 1. Вып. I (№ 7). С. 57.

[20] Понырко Н.В. Эпистолярное наследие Древней Руси. XI–XIII. Исследования, тексты, переводы. С. 151.

[21] Срезневский И.И. Сведения и заметки о малоизвестных и неизвестных памятниках. СПб., 1867. Т. 1. Вып. I (№ 7). С. 53.

[22] Голубинский Е. История русской церкви. М., 1901. Том 1. Полутом 1. С. 826.

[23] Срезневский И.И. Сведения и заметки о малоизвестных и неизвестных памятниках. СПб., 1867. Т. 1. Вып. I (№ 7). С. 54.

[24] Понырко Н.В. Эпистолярное наследие Древней Руси. XI XIII. Исследования, тексты, переводы. С. 152–154.

[25] Там же. С. 4.

[26] Там же. С. 152. Далей цытаты з твора будуць прыводзіцца па гэтым выданні з указаннем старонак у дужках.

[27] Мельнікаў А.А. Кірыл, епіскап Тураўскі: Жыццё. Спадчына. Светапогляд. Мн.: Беларуская навука, 1997. С. 450.

[28] Кніга жыцій і хаджэнняў: Пер. са старажытнарус., старабеларус. і польск. /Уклад., прадм. і каментарыі А. Мельнікава. Мн.: Маст. літ., 1994. С. 70.

[29] Еремин И.П. Литературное наследие Кирилла Туровского // Труды Отдела древнерусской литературы. М. -Л.: Наука, 1957. Т. XIII. С. 417.

Цэтлікі: ,

Ответить

  Проверка PR и ТИЦ
Нашы сябры:
Казкі беларускія!