A A

ГАПАВА В. КАРАЛЕВА ЖЫВОГА СЛОВА (ЭЛИЗА АЖЭШКА)

Пнд, 23 студзеня 2012

Замежная літаратура, Навiны

(Эліза Ажэшка. — Выбраныя творы. — Менск, МФ «Беларускі кнігазбор», 2000)

На адной з цэнтральных вуліц Горадні ўзвышаецца помнік нашай выдатнай пісьменніцы Элізе Ажэшцы. Зусім невыпадкова знайшла яна тут вечную прапіску. Усё жыццё «каралевы польскай прозы і пакутлівай праўды» (Францішак Багушэвіч) было звязана з гэтым старажытным беларускім горадам і яго блізкімі і далёкімі ваколіцамі.

На працягу стагоддзяў Горадню насялялі людзі розных нацыянальнасцяў і канфесій — беларусы, палякі, жыды, татары. Былі і расейцы, але пераважна настаўнікі, чыноўнікі, пачынаючы ад самога генерал-губернатара і заканчваючы паліцэйскім на скрыжаванні. У гэтым асяроддзі пісьменніца знаходзіла невычэрпную крыніцу сваёй творчасці, тут падгледжвала яна рэальныя сюжэты для апавяданняў, аповесцяў, раманаў. Родная беларуская зямля шчодра дарыла ёй радасць і пакуты, суцяшала яе веліччу наднёманскай прыроды, а мужны і цярплівы народ вучыў яе непакоры.

Творчая спадчына Элізы Ажэшкі вялікая — больш за пяцьдзесят тамоў розных празаічных жанраў. Да іх далучаецца дзесяць тамоў эпісталярнага жанру высокай мастацкай вартасці: лісты да літаратараў, людзей навукі, да сяброў-пісьменнікаў, перакладнікаў, рэдактараў і выдаўцоў.

Усе яе раманы, аповесці і апавяданні, літаратурна-крытычныя і публіцыстычныя артыкулы звязаныя з канкрэтнымі асаблівасцямі беларускага і польскага жыцця другой паловы ХІХ ст. У сваіх творах яна заўсёды закранала вострыя праблемы сучаснасці, імкнулася перадаць сутнасць і дух часу.

Ва ўмовах панавання расейскага царызму, калі беларуская мова была забаронена, а польская выкраслена з ужытку ў грамадскіх установах, пісьменніца абуджала душу народа, апявала гераічныя традыцыі нацыянальна-вызваленчай барацьбы, выкрывала заганы арыстакратычна-шляхецкага і буржуазнага колаў, узнімала свой голас у абарону абяздоленых і прыгнечаных. Незвычайна чуйная да грамадскіх змен, яна хвалявала праўдай свайго мастацтва, шчырай любоўю да чалавека. У яе творчасці над усім пераважае рашучы пратэст супраць усялякага сацыяльнага і нацыяльнага ўціску, бязмежная вера ў навуку, у чалавечы розум, у неабходнасць працы.

Нарэшце, творы пісьменніцы маюць асаблівую значнасць для беларускага чытача. Лепшая частка яе творчай спадчыны прысвечана беларускаму народу. Гэта многія апавяданні, аповесці «Нізіны», «Дзюрдзі» (у расейскіх перакладах «Ведьма»), «Хам», раман «Над Нёманам», а таксама фальклорна-этнаграфічныя нарысы «Людзі і кветкі над Нёманам» і іншыя.

Сапраўды, працягваючы традыцыі Міцкевіча, пісьменніца са спагадай зазірнула ў хату беларускага селяніна, жахнулася яго нядолі, але і ўбачыла высакародную духоўную прыгажосць беларусаў, працавітасць і пачуццё адзінства з прыродай, непаўторнасць залатых россыпаў вусна-паэтычнай творчасці.

Шчырае сяброўства і ўзаемная павага лучылі Э.Ажэшку з Францішкам Багушэвічам, які высока цаніў яе за гуманізм і праўдзівасць. Ёй паэт прысвяціў верш на беларускай мове «Яснавяльможнай пані Арэшчысе», дзе падкрэсліў сувязь пісьменніцы з беларускім селянінам, да якога яна «смела заглянула ў хату, усё зразумела і нашаму брату працягнула руку».

Выключную зацікаўленасць да творчасці сваёй таленавітай сучасніцы выявіў і ўкраінскі пісьменнік Іван Франко. У лістах да Элізы Ажэшкі ён пісаў аб сваім захапленні яе цудоўнымі творамі, яе тонкім майстэрствам у стварэнні характараў: «Смела магу сказаць, што на небасхіле сучаснай польскай літаратуры Вы з'яўляецеся для мяне зоркай першай велічыні...» І.Франко лічыў першаступеннай задачай пераклад яе твораў пра беларусаў на ўкраінскую мову: «Я, таксама, як і мае землякі на Украіне, адчуваю патрэбу перакласці на нашу мову асабліва такія дасканалыя і напісаныя з такой душэўнай цеплынёй творы, як Вашы аповесці з жыцця беларускага народа».

Эліза Ажэшка нарадзілася 25 (6) траўня 1841 года ў радавітай шляхецкай сям'і Паўлоўскіх у маёнтку Мількаўшчына, непадалёку ад Горадні. Старыя людзі прадказвалі ёй незвычайны лёс, звязаўшы яе нараджэнне з паэтычнай легендай. «Я нарадзілася травеньскай ноччу 1842 года, — успамінала пісьменніца ў сваіх мемуарах. — Казалі, што якраз у той час — не ведаю раней ці пазней — упершыню ў мількаўскім садзе заспяваў салавей. Мо гэта была проста выдумка ці вынік бесклапотнага ўяўлення слуг і дваровых, але маці мая яшчэ многа год любіла расказваць тое хатняе паданне і асабліва любіла ўспамінаць пра яго тады, калі пачынала ганарыцца маёй пісьменніцкай прафесіяй, якую спачатку не цярпела...»

З малых гадоў дзяўчынка прывыкла чуць беларускую мову, бо ў наваколлі жылі беларусы. Часам яна гуляла разам з сялянскімі дзецьмі: «Якраз тады я пачула мужыцкія казкі, якія ўмеў апавядаць Франак, і навучылася трохі гаварыць па-беларуску, бо мае сябры размаўлялі паміж сабой на гэтай мове, а да мяне звярталіся па-польску».

А ўвогуле выхаванне дзяўчынак (яе і старэйшай сястры) ляжала на гувернантках і хатніх настаўніцах, якія вучылі іх польскай і французскай мовам, маці ж размаўляла з дзецьмі толькі па-французску.

Бацьку, Бенедыкта Паўлоўскага, яна ледзьве памятала, бо ён памёр, калі дзяўчынцы было тры гады. Для свайго часу чалавек высокаадукаваны, абраны старшынёй павятовага суда, ён вызначаўся вальнадумствам, сярод навакольнай шляхты лічыўся «вальтэр'янцам». Пасля яго засталася вялікая бібліятэка, пераважна з французскіх асветнікаў ХVІІІ стагоддзя — Вальтэр, Дзідро, Гельвецый, Русо, а таксама цудоўная калекцыя карцін. Бацькава бібліятэка ў далейшым значна паўплывала на духоўнае развіццё дачкі, тым больш што ў маленстве бабуля клапатліва напамінала: «Будзь такая, як ён». У доме шанаваліся, дзякуючы бабулі, патрыятычныя польскія традыцыі, чыталіся па-польску кнігі, напрыклад, «Гістарычныя песні» Ю.Нямцэвіча і «Конрад Валенрод» А.Міцкевіча.

Маці, прыгожая і багатая пані, другі раз выйшла замуж, старэйшая сястра памерла, і Эліза адчула сябе адзінокай. Вырашана было аддаць дзяўчынку на выхаванне ў адзін з лепшых манастырскіх пансіёнаў у Варшаве, дзе яна прабыла пяць гадоў (1852—1857). Дарэчы, у пансіёне яна пасябравала з аднакласніцай Марыяй Васілоўскай, пазней знакамітай паэтэсай Канапніцкай.

Выхоўвалі і вучылі ў пансіёне, зыходзячы з традыцыйнага погляду на ролю жанчыны ў шляхецкім асяроддзі: многа часу адводзілася на засваенне свецкіх манераў, ігры на фартэп'яна, дасканалілася французская мова. Яркім промнем у сценах манастырскага пансіёна былі лекцыі настаўніка польскай літаратуры Кавалеўскага. Эліза з задавальненнем пісала сачыненні на зададзеную настаўнікам тэму, часам дапамагала тварыць менш абазнаным у літаратуры каляжанкам.

Амаль адразу пасля заканчэння пансіёна, на сямнаццатым годзе жыцця, яе выдалі замуж за трыццаціпяцігадовага палескага шляхціча Пятра Ажэшку. Сама яна даволі абыякава ставілася да выбару жаніха, а ён быў у сваяцтве амаль з усёй павятовай знаццю, да таго ж някепска танцаваў, быў спагадлівы. Зімой 1858 года Пятро Ажэшка адвёз маладую жонку ў свой маёнтак Людвінава (цяпер — вёска ў Драгічынскім раёне). Захоплены паляваннем і картамі, ён даволі скептычна ставіўся да ўзнёслых парыванняў маладой жонкі, якая адчула ілюзорнасць свайго шчасця. Эліза ў Людвінаве ўбачыла марнатраўства і нікчэмнасць «сытых», на заможных гаспадароў гнулі спіны прыгонныя беларускія сяляне: «Я адчула тады дзіўнае жаданне пайсці ў гэты туман, на гэтыя палі, падысці да гэтых цёмных, сагнутых, натруджаных у хадзе постацяў і зрабіць... Я сама не ведаю, што? — сказаць ім што-небудзь, паціснуць ім руку?..»

Падчас аграрнай рэформы, напярэдадні паўстання 1863 года Эліза Ажэшка апынулася ў гушчыні гістарычных падзей. Пад уплывам дэмакратычна настроенай моладзі, якую ўзначаліў Фларыян Ажэшка (малодшы мужаў брат), выпускнік Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі, маладая жанчына рашуча далучылася да прыхільнікаў вызвалення сялян. Разам з Фларыянам адкрыла школу для вясковых дзяцей, дзе навучалася 20 хлопчыкаў, марыла працаваць для народа. Займаючыся прыватнай лекарскай практыкай у Кобрынскім павеце, Фларыян меў магчымасць завязваць кантакты, весці рэвалюцыйную агітацыю сярод шляхты і сялянства.

Эпоху сялянскай рэформы і нацыянальна-вызваленчай барацьбы 1863—1864 гадоў Эліза Ажэшка назвала «сваім універсітэтам». Яна сама была не толькі сведкай, але і ўдзельніцай гераічнай барацьбы беларусаў, палякаў і летувісаў супраць расейскага самадзяржаўя.

Эліза становіцца сувязной Кобрынскага партызанскага атрада Рамуальда Траўгута, які дзейнічаў на тэрыторыі беларускага Палесся, дапамагае паўстанцам харчаваннем, медыкаментамі, стварае «жаночы легіёнік», які выпякаў хлеб, мыў бялізну, трымаў з атрадам пастаянную сувязь.

Цікавасць выклікае і сама асоба Рамуальда Траўгута — нядаўняга афіцэра царскай арміі, удзельніка Крымскай вайны, патрыёта, адданага ідэалам свабоды. З вялікай сімпатыяй і пашанай успамінае яго пісьменніца: «Рамуальд Траўгут быў маім аднадумцам і амаль што суседам. Перад паўстаннем я яго ўжо крыху ведала, калі на пасяджэнні членаў Кобрынскага атрада ён выказаў згоду ўзначаліць партыю, якая павінна была сфармавацца. Пазней я пазнаёмілася з ім вельмі блізка».

Сярод удзельнікаў атрада былі і «чырвоныя» (Ян Ваньковіч і іншыя), цесна звязаныя з ідэолагам паўстання ў Беларусі Кастусём Каліноўскім.

Пасля задушэння паўстання Эліза Ажэшка давала прытулак Рамуальду Траўгуту ў сваім доме, дзевяць разоў ёй удавалася схаваць яго ў садзе, калі адбываліся наезды жандараў у пагоні за інсургентамі. Яна ратавала яго, цяжка параненага, і пасля апошняй бітвы і разгрому атрада ў Горацкіх лясах. Рызыкуючы жыццём, Эліза Ажэшка адвезла Р.Траўгута ў сваёй карэце да межаў Каралеўства Польскага, дзе ён спадзяваўся падняць усенароднае апалчэнне супраць царскай арміі. Але чакала яго не паўстанне, а шыбеніца ў Варшаўскай цытадэлі.

У гэтым жа годзе па выраку ваенна-палявога суда ўсе трое братоў Ажэшкаў — Фларыян, Пётар і нават паралізаваны Браніслаў, дом якога ў следчай справе названы «складам зброі», — былі сасланыя ў глыб Расеі.

Паўстанне было патоплена ў крыві, дзесяткі тысяч ваяроў звінелі кайданамі па дарогах Сібіры, цэлыя сем'і ішлі ўслед за імі на вечнае пасяленне. «Гэтыя людзі не хлебаробы, ім не патрэбна ўрадлівая глеба, яны могуць пражыць свой век і ў Якуцкай вобласці, і ў Туруханскім краі», — дакладваў цару Мураўёў-Вешальнік.

Не адзін раз звяртаючыся да тэмы свабоды ў сваіх творах, пісьменніца лепш за многіх тагачасных гісторыкаў зразумела прычыну разгрому паўстання. «Да велічнага пераможнага пажару не дапусціла, на жаль, замкнутая мужыцкая хата», — пісала яна ў сваёй апошняй кнізе «Gloria victis» («Слава пераможаным»). Але гісторыя барацьбы славянскіх народаў «за вашу і нашу вольнасць» папоўнілася імёнамі новых герояў — Я.Дамброўскага, К.Каліноўскага, В.Урублеўскага і З.Серакоўскага, — яны заклікалі да сялянскай рэвалюцыі — за права перадачы зямлі сялянству.

Гераічныя падзеі часу ва ўсіх іх драматызме і супярэчнасцях вызначылі лёс Элізы Ажэшкі, абудзілі жаданне служыць Радзіме. Вымушаная праз усё жыццё маўчаць пра свой асабісты ўдзел у паўстанні, яна толькі на схіле жыцця ў лісце да М. Дубецкага, аўтара кнігі пра Р.Траўгута, прызналася: была побач з народам, які паўстаў супраць сваіх прыгнятальнікаў. «Гэты момант зрабіў вырашальны ўплыў на маю будучыню... Гэты момант запаліў ува мне жаданне прынесці хоць маленькую цаглінку да таго выратавальнага маста над безданню, праз які павінен быў прайсці народ... Усё гэта зрабіў са мной і ўва мне год 1863. Калі б не яго молат і разец, мой лёс быў бы іншы і, відаць, я не стала б пісьменніцай».

Людвінаўская сядзіба Ажэшкаў была даведзена да галечы пастоямі расейскіх вайсковых атрадаў, а затым канфіскавана. Застаўшыся без сродкаў, без сям'і, маладая жанчына страціла назаўсёды сваю бесклапотнасць і ў канцы 1864 года вярнулася ў родныя гарадзенскія мясціны. Так скончылася шасцігадовае жыццё Элізы Ажэшкі на Палессі.

Пачаліся пошукі працы і месца ў жыцці. Пасля дарэмных спробаў уладкавацца ў Горадні Эліза едзе ў Варшаву. Ведаючы чатыры мовы — польскую, французскую, расейскую, нямецкую (і забароненую пятую — беларускую), яна разлічвала атрымаць пасаду настаўніцы ці тэлеграфісткі. У адказ на яе прашэнне царскі чыноўнік холадна растлумачыў, што «польцы» не могуць даць працу ў дзяржаўнай установе. Абуранай і абражанай, маладой жанчыне давялося вярнуцца ў спустошаную і разрабаваную Мількаўшчыну.

Неабходна было заваяваць права на працу, інтэлектуальна стаць упоравень з векам, авалодаць дасягненнямі сучаснай мастацкай думкі, каб выступіць у абарону прыгнечанага народа.

Выратаваннем стала напружаная самаадукацыя. Зноў прачнулася вялікая прага да кніг. У Мількаўшчыну пачалі прыходзіць перыядычныя польскія, французскія і расейскія выданні. Вывучаючы прыродазнаўчыя навукі, яна звярнулася да прац Дарвіна, захапілася польскай старажытнасцю, пачала глыбока знаёміцца з літаратурай ХVІ-ХVІІІ стагоддзяў (М.Рэй, Я.Каханоўскі, З.Красіцкі) — дзякуй Богу, ацалела бацькава бібліятэка. Ашаламілі творы Шэкспіра, Бальзака, Гюго, яны далі магчымасць па-новаму ўбачыць чалавека і яго характар. Моцна паўплывала на Элізу вучэнне Льва Талстога аб «паляпшэнні душы чалавека», яна зразумела, якая бездань паміж самадзяржаўем і веліччу расейскай літаратуры. Невыпадкова ў юбілейны год Л.Талстога (1908) у расейскай прэсе быў апублікаваны адкрыты ліст Элізы Ажэшкі, дзе сцвярджалася сусветнае значэнне пісьменніка: «Вялікі мастак і вялікі мысляр узвышаецца... як апостал міжчалавечай любасці».

Настойліва штудыявала Э.Ажэшка і працы эўрапейскіх філосафаў-пазітывістаў Фогта, Конта, Міля, цалкам успрыняўшы іх тэорыі эвалюцыйнага развіцця грамадства.

Адначасова Эліза Ажэшка пачынае пісаць. Пазней яна прыгадвае ў аўтабіяграфіі: «Я памятаю хвіліны, калі блакітнае світанне, падаючы на мой стол, рабіла святло лямпы падобным да святла грамнічнай свечкі і прымушала мяне ўзнімаць галаву ад спісанай паперы... Я ўскоквала, выбягала з дому, выпраўлялася на палоску лугу...»

Увесну 1866 года ў часопісе «Tygodnik ilustrowany» з'явілася яе першае друкаванае апавяданне «Малюнак з галодных гадоў», навеянае людвінаўскімі ўспамінамі пра голад беларускай прыгоннай вёскі. Публіцыстычна завостранае, хоць трохі схематычнае, яно прымушала задумацца над лёсам прыгоннага сялянства, а галоўнае — з'явілася пачаткам вялікага мастацкага цыкла пра беларусаў.

З гэтым творам Э.Ажэшка адразу і назаўсёды ўвайшла ў літаратуру, мастацкая творчасць стала клопатам яе жыцця, а літаратурны заробак — адзіным сродкам для існавання.

У далейшым Эліза Ажэшка пераходзіць да жанру сацыяльнага рамана. Аднак яе творы канца 70-х, напісаныя ў духу «варшаўскага пазітывізму» (грамадска-літаратурная плынь з заклікам да асветы народа, яднання з ім дэмакратычнай шляхты), даволі расцягнутыя і трохі схематычныя («Цнатлівыя», «На правінцыі», «У клетцы»). У вобразах герояў — капіталістычных дзялкоў знайшлі адбітак ілюзіі маладой пісьменніцы наконт буржуазнага прагрэсу і ўсеагульнага дабрабыту. У хуткім часе рэчаіснасць адкінула гэтыя ідэалы. Яна пераглядае канцэпцыю «тэндэнцыйнага рамана», каб стаць мастаком выразна рэалістычнага кірунку.

Адбыліся змены і ў асабістым жыцці пісьменніцы. Вымушаная ў 1869 годзе прадаць Мількаўшчыну, яна сустракае падтрымку з боку гарадзенскага адваката С.Нагорскага, пераязджае ў Горадню. Разам з ім яна прайшла свой далейшы шлях, хоць у вачах арыстакратычнай чэрні па-ранейшаму застаецца адзінокай «эмансіпанткай», бо ў Нагорскага хворая, прыкутая да ложка жонка, а сама Эліза носіць прозвішча пакінутага мужа і «складае раманы».

У іхніх адносінах да гэтай пары многа нявысветленага. Яраслаў Івашкевіч, адзначыўшы самотнасць пісьменніцы, заўважыў: «Нехта павінен быў бы заняцца найцяжэйшай у біяграфіі справай зацемненага стасунку: Ажэшка — Нагорскі». Акурат С.Нагорскі пазнаёміў пісьменніцу з Францішкам Багушэвічам, які стаў жаданым госцем у яе доме.

Большую цікавасць у сённяшняга чытача выклікаюць раманы «Пампалінскія» і «Сям'я Брохвічаў», якія сатырычна адлюстравалі саслоўную фанабэрыю, эгаізм і маральны распад арыстакратычных колаў шляхты. Прынцыпы сатырычнага гратэску сведчаць аб добрым знаёмстве пісьменніцы з творчасцю М.Салтыкова-Шчадрына.

Адначасова Эліза Ажэшка становіцца на чале жаночага руху ў Польшчы, змагаецца за свабоду і раўнапраўе жанчын. У новых умовах станаўлення капіталізму жаночы рух — адна з цэнтральных праблем ХІХ стагоддзя.

Агульнаэўрапейскую вядомасць атрымаў раман «Марта» (1873), успрыняты як палымяны пратэст супраць рабства жанчыны ў капіталістычным свеце. Тагачаснае «шляхецкае выхаванне» з абавязковай францушчынай, фартэп'яна і свецкімі манерамі не рыхтавала гераіню да самастойнага жыцця, не давала прафесійных навыкаў. Фінал трагічны — Марта гіне. Цалкам змяніць характар выхавання жанчыны, надаць ёй грамадзянскія правы, адукаваць, падрыхтаваць да карыснай працы — вось сэнс мастацкіх і публіцыстычных твораў Элізы Ажэшкі.

З назіранняў над побытам вузкіх вулачак прадмесця ўзніклі творы пра жыццё жыдоўскай беднаты, сярод якіх асаблівым поспехам карыстаўся раман «Меір Эзаховіч» (1878).

Акурат на іх звярнуў увагу М.Салтыкоў-Шчадрын, калі змясціў адно з апавяданняў Э.Ажэшкі «Самсон Магутны» ў рэвалюцыйна-дэмакратычным часопісе «Отечественные записки» (1880 г., No.12). Крыху пазней артыкулам «Июльское веяние» (1882) вялікі расейскі сатырык вітаў новыя гуманістычныя ідэалы ў літаратуры, звязаныя з яе імем.

Тагачаснай мастацкай прозе пісьменніцы ўласцівы імкненне актыўна ўплываць на грамадскую свядомасць, рух да аднаўлення і дасканаласці. Пра гэта сведчыць серыя апавяданняў «З розных сфер». У іх адчуваецца выразны мастацкі стыль, пазбаўлены ранейшага маралізатарства і дыдактызму. Рэалістычныя замалёўкі прасякнуты спачуваннем да пакрыўджанай беднаты. «Я хацела ведаць, — піша Ажэшка, — як жыве, што думае і адчувае чалавек у маленькай хатцы з акенцам ля самай зямлі...»

Васьмідзесятыя гады — час найвялікшага ўздыму творчасці пісьменніцы, калі яна стварае эпічны раман «Над Нёманам» і аповесці з жыцця беларускага народа. Без перабольшання можна сцвярджаць, што яны стаяць ля вытокаў тых мастацкіх адкрыццяў, якімі ўзбагацілася польская рэалістычная проза мінулага стагоддзя. У аповесцях «Нізіны», «Дзюрдзі», «Хам» і шэрагу апавяданняў Эліза Ажэшка данесла да шырокага чытача суровую праўду жыцця беларуса, стварыла яго псіхалагічна дакладны вобраз, даказала, якія пачаткі вялікага развіцця тояцца ў прыніжаным, але цярплівым і вынослівым беларускім народзе. «Беларускі цыкл» твораў адзначаны вострай сацыяльнасцю, паэтычнасцю і глыбокай чалавечнасцю. Сапраўды наватарскім было глыбокае даследаванне жыцця беларусаў, мастацкае пранікненне ў духоўны свет чалавека, якому суджана было заваяваць права грамадзянства ў літаратуры.

І тут пісьменніца не стаяла наводшыбе. Сваімі найбліжэйшымі папярэднікамі, праўдзівей, сваімі сучаснікамі, што належалі да старэйшага пакалення, Эліза Ажэшка называе паэта Уладзіслава Сыракомлю ды Ігната Крашэўскага.

Тагачасная польская крытыка папракала Э.Ажэшку ў залішняй меладраматычнасці і надуманасці канфліктаў. На самой справе канфлікты і сюжэты чэрпала Ажэшка не толькі з побыту навакольных вёсак, але і непасрэдна з судовай залы, якую часта наведвала і дзе адвакатам па «мужыцкіх справах» быў С.Нагорскі. Сілай свайго таленту яна здолела ўзняць шэраг крымінальных працэсаў і судовых спраў на ступень сацыяльна-псіхалагічнага мастацкага даследавання. Пра свой намер звяртацца толькі да рэальных фактаў жыцця яна паведамляла аднаму са сваіх сяброў: «Я хацела перанесці на паперу жывую натуру, без усялякіх ружовых прыхарошванняў...»

Лёс гераіні аповесці «Нізіны» парабчанкі Хрысціны і яе двух сыноў, як і сям'і Ясюка, што жывуць «кутнікамі» ў страшэннай галечы, абрабаваныя панам, міраедам-старастам і рознымі прайдзісветамі накшталт «адваката» Капроўскага — тыповая з'ява парэформеннай вёскі, дзе змяшаліся рэшткі прыгону з капіталістычнай пагоняй за грашыма і «ўладай зямлі». У размовах сялян, што сабраліся для судовага разбору з памешчыкам за сервітуты, чуюцца адгалоскі «Мужыцкай праўды» К.Каліноўскага. Паступова акрэсліваецца галоўная тэма як супярэчнасць эпохі — пратэст сялянства супраць рабскіх умоў жыцця. Цэлыя пласты беларускай гутарковай мовы, сакавітая народная лексіка, як і ўзоры вусна-паэтычнай творчасці, смела ўключае пісьменніца ў мастацкую тканіну аповесці. Яны надаюць беларускі нацыянальны каларыт падзеям і характарам. Так плачы-маналогі Хрысціны, якія ствараюць выключны па сіле малюнак душэўных перажыванняў, дапамагаюць раскрыць у ёй таленавітую натуру імправізатара. Яе лірычныя галашэнні-прычытанні адзначаны асаблівай сілай уздзеяння, мелодыя вясельнай беларускай песні ў вуснах парабчанкі гучыць як пахавальнае галашэнне над загубленым жыццём: «Бывала... сватоў праганяў... Не мяне дружкі на дзяжу саджалі, не мне спявалі: «Коні да цугу! Коні да цугу!» Не я зерне ў куты мужавай хаты сыпала, не мне свякроў дзяжой галаву накрывала...»

Асаблівы беларускі каларыт аповесці быў узмоцнены праз увядзенне ўстойлівых агульнанародных беларускіх выразаў, па-народнаму афарыстычных параўнанняў, эпітэтаў, метафар накшталт: «Такая доля мая, як гэтая ночка...»

Прыкладна з 1870-х гадоў пачалося захапленне пісьменніцы вусна-паэтычнай творчасцю беларусаў, яна сістэматычна запісвае і збірае фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы. Штогод праводзячы летні адпачынак у беларускіх вёсках Міневічы, Панямонне, Свіслач, Лунна, Эліза Ажэшка запісвала ад мясцовых кабетаў песні, казкі, прымаўкі, замовы, занатоўвала рэцэпты народнай медыцыны, складала спіс лекавых зёлак.

Лёс беларускіх сялянаў не пакідаў хваляваць Элізу Ажэшку. Неўзабаве пасля «Нізін» яе творчыя задумы засяродзіліся на палемічна завостраным у тагачаснай польскай літаратуры пытанні аб гістарычнай ролі народа (навелы М.Канапніцкай, гістарычная трылогія Г.Сянкевіча, «Фарпост» Б.Пруса) і знайшлі адлюстраванне ў аповесці «Дзюрдзі» (1885).

Глыбокім роздумам аб злачынстве і пакаранні ў сялянскім асяроддзі, іх сацыяльных перадумовах прасякнуты драматычныя старонкі твора. Э.Ажэшка ўслаўляе народ-працаўнік: «Земляробы, якім божыя ветры прыносяць свежасць і здароўе, гаспадары, якім уласная зямля родзіць буйное калоссе... працаўнікі, абпаленае сонцам чало якіх па чысціні і велічы можа зраўняцца толькі з чалом, увенчаным лаўрамі...» Беларусь ажывае на старонках аповесці ў яркіх вобразах сялян, у жанрава-бытавых сцэнах, у малюнках прыроды.

Але чаму ж у гэтым асяроддзі становяцца злачынцамі, нават як след не асэнсаваўшы гэтага? Аповесць пачынаецца пралогам-судом і заканчваецца эпілогам-судом: у ярка асветленай судовай зале з ценю бакавых дзвярэй узнікаюць шэрыя постаці абвінавачаных — чацвёра сялян па прозвішчы Дзюрдзі, што забілі «вядзьмарку». Забойства такое павінна быць апраўданым — так лічыць вёска. Па сутнасці, адбываецца суд над сялянствам, што нясе з мінуўшчыны ўвесь цяжар забабонаў, цемрашальства. Ахоўнікі закону не жадаюць зразумець сутнасць народнай драмы, адчуць таямніцы народнага жыцця. Прыгон, цяжкая праца, частыя галадоўкі нараджалі фаталістычную веру сялянства ў лёс, у «нячыстую сілу», у «чарадзейства» — у сялянскай свядомасці захаваліся перажыткі анімастычных уяўленняў пра сілы прыроды.

Таму забойства разумнай, вясёлай Пятрусі не выклікае ў сялянаў абурэння. Гэта яна, паводле ўяўлення вяскоўцаў, звязана з «нячыстай сілай», гэта яна, вяртаючыся дамоў з песняй і бярэмам пахучых траў і зёлак, прыйшла на заклінанне да вогнішча, распаленага з асінавых дроў...

Усе клопаты, грамадскія, гандлёвыя, асабістыя вёска вырашае ў карчме — тут п'юць барыш за прададзеную жывёлу, ад роспачы і гора прапіваюць беднякі апошні грош. Сацыяльныя кантрасты выяўляюцца ў карчме з гранічнай завостранасцю. Так развязка аповесці падрыхтавана ўсім развіццём сюжэта. Атлумленыя гарэлкай Дзюрдзі знайшлі першакрыніцу свайго ліха ў Пятрусі, якая сустрэлася ім на зімовай дарозе.

Пятруся — адзін з самых прывабных жаночых вобразаў з народа ў тагачаснай літаратуры. Ствараючы яго, пісьменніца выкарыстала беларускую вусна-паэтычную творчасць — лірычную песню, баладу «Маці сына ціха навучае», казкі, прымаўкі.

Паказваючы цемру, невуцтва, прымхі і забабоны, абумоўленыя гістарычным развіццём беларускай вёскі, пісьменніца разгледзела творчыя сілы народа, яго розум і дабрыню, «звонкай крыніцай» назвала Пятрусіны песні.

Сваю палеміку з пэўнымі польскімі коламі аб высокім прызначэнні чалавека Эліза Ажэшка завяршыла аповесцю «Хам». Сама яе назва — гэта востры сатырычны выпад супраць саслоўнай фанабэрыі шляхецкіх вярхоў, якія зняважліва называлі просты народ «быдлам», «хамамі», людзьмі ніжэйшага гатунку. Назвай свайго твора пісьменніца як бы нагадала іранічную рэпліку героя паэмы А.Міцкевіча «Пан Тадэвуш» Гервазія адносна шляхецкага эгаізму: «Хоць пачаліся людзі ўсе з Адама, сяляне, чуў, свой род вядуць ад Хама...»

Поспех аповесці ў чытача быў абумоўлены гуманістычнай ідэяй — паказаць непаўторную вартасць чалавечай асобы, сцвердзіць героем жыцця простага чалавека з народа, выявіць яго гуманістычную сутнасць — розум, працавітасць, сумленнасць, высокае пачуццё чалавечай годнасці.

Гарачыя сімпатыі пісьменніцы да простага народу вызначылі выбар героя Э.Ажэшкі. Павел Кабыцкі — нёманскі рыбак, надзвычай моцная і духоўна цэласная натура, улюбёны ў водны прастор і свабоду. Талстоўскія пошукі ідэі ўдасканалення чалавека і свету пакінулі моцны адбітак на аповесці пісьменніцы. Аднак не толькі імкненне ідэалізаваць героя, вызваліць яго ад «улады зямлі», а значыць, і ад сацыяльных канфліктаў, прымусіла вырваць Паўла са сферы сацыяльнай. Як і дзесяткі тысяч беларускіх сялян, ён застаўся без зямлі пасля зямельнай рэформы. Яго ўладанні — хата і човен з сеткамі, а знітаванасць з прыродай апраўдана і псіхалагічна, і сацыяльна: «Неба — мая хата, а рака — жонка». Тут ён захаваў высокія этычныя прынцыпы, застаўся філосафам-самавучкай, каб думаць аб «пакутах свету»...

Яго суправаджаюць жыццёвыя няўдачы — жаніцьба з гарадской пакаёўкай, якая праз нейкі час кідае «хама» і пераходзіць да лёкая. Аднак галеча прымушае зноў вярнуцца да Паўла, затым жанчына спакушае сваяка, робіць спробу атруціць мужа, калі ж ён усё даруе, узрушаная яго звышчалавечай дабрынёй і ўласнай злачыннасцю, ідзе на самагубства.

Што гэта, дэтэктыўная займальнасць? Пісьменніца ніколі не была прыхільніцай таннай белетрыстыкі, хоць у мастацкім адборы жыццёвых з'яў у аповесці — не распаўсюджанасць факта, а незвычайнасць, часам нават выключнасць. Такі спосаб тыпізацыі ў шэрагу выпадкаў прыводзіць яе як мастака да рамантычнай трактоўкі, пэўнай ідэалізацыі ў паказе героя. «Драмай незвычайнай сілы» назвала аповесць «Хам» Марыя Канапніцкая, бо якраз тут адбываецца выпрабаванне на чалавечнасць. Прататып Франкі давялося паэтцы пабачыць у рэальных, хоць і выключных умовах (у акне вар'яцкага дома).

Не толькі пачуццё кахання кіруе Паўлам, калі ён звязвае свой лёс з Франкай, якую лёкайства ў паноў, прастытуцыя пазбавілі асноў чалавечай маралі. Ён спадзяецца выратаваць чалавека, вывесці на дарогу сумленнага жыцця. У цэльнай натуры Паўла ёсць тое, што дазваляе яму стаць носьбітам супраціўлення злу, маецца сваё ўласнае разуменне таго, што свет трэба будаваць на высокім маральным грунце. «Калі чалавеку на гэтым свеце кепска, то і сам ён кепскі, а калі добра, то і ён добры», — кажа Павел. Цягай народа да ведаў, да асветы прасякнуты вобраз рыбака, яго прыгнятае непісьменнасць, ён просіць Франку паказаць яму літары па малітоўніку.

Аптымістычным эпілогам, скіраваным у будучыню, заканчваецца аповесць. Прайшлі гады, Франкі даўно няма. Яе сына выхоўвае Павел: зімовымі вечарамі, калі за акном вые завіруха, ён вучыць хлопчыка грамаце — па малітоўніку і буквары, іншых кніжак у вёсцы не было. Улетку «яшчэ і цяпер можна бачыць таго наднёманскага рыбака, як ён плыве па срэбнай рацэ ранкам насустрач ружоваму світанню... З ім часта едзе дзіця, хлопчык гадоў дзесяці, з доўгімі льнянымі валасамі і вялікімі чорнымі вачыма... Адразу відаць, што паміж імі пануе поўная згода, што ім разам добра».

У маральна здаровым асяроддзі фармуецца сын Франкі, яго маленства пазбаўлена ўсяго разбэшчанага, што калечыць чалавечую асобу. Для пісьменніцы важна было знайсці ў сваім героі сапраўды чалавечае, прыгожае, што яднае яго з лёсам народа. У гэтай пастаяннай сувязі асобы і народа — характэрная рыса эпічнай манеры пісьменніцы.

Да аповесцяў беларускай нізкі тэматычна далучаюцца апавяданні «Раманіха», «На следстве», «Рэха». Дзецям, пазбаўленым маленства ў прыгоннай вёсцы, прысвечана адно з лепшых і журботных апавяданняў «Тадэвуш» (1884). Вялікай папулярнасцю карысталася апавяданне «Зімовым вечарам» (1887), перастворанае па-беларуску В.Ластоўскім. Як драматычны твор пад назвай «Рысь», яно з поспехам ставілася ў вандроўным тэатры І.Буйніцкага. Апавяданне нібы працягвала тэму аповесцяў. Яго нескладаны сюжэт: на вясковай вечарыне з'яўляецца ўцякач з катаргі Бонк. Сялянскага сына, народжанага для подзвігу і дабра, грамадства штурхнула на дно жыцця.

Э.Ажэшка сур'ёзна займалася вывучэннем фальклору і этнаграфіі беларусаў. У польскім навукова-этнаграфічным часопісе «Вісла» (рэдактар Ян Карловіч) яна апублікавала паэтычныя нарысы «Людзі і кветкі над Нёманам» (1888—1892), у якіх глыбока даследавала народны светапогляд, нацыянальны характар і культуру беларусаў.

Нарысы надзвычай багатыя зместам: гэта і псіхалагічны партрэт беларуса, і запісы песень, прымавак, казак і імкненне паказаць, як беларусы стварылі своеасаблівы прававы і этычны кодэкс, сваю філасофію дабра і зла, як узніклі іх язычніцкія ўяўленні пра сілы прыроды. Бясспрэчнымі доказамі розуму і пачуцця прыгожага ў беларусаў служаць лірычная народная песня, балада, паэтычныя назвы раслін, народная медыцына. Пісьменніца палемізавала з афіцыйнай думкай, згодна з якой беларуса выстаўлялі страшэнна абмежаванай істотай: «Гэтай думцы без сумнення супярэчыць таксама і веданне народам расліннага свету, настолькі дакладнае, што смела можна сцвярджаць: ад самага высокага дрэва да найдрабнейшай травінкі, якія растуць на той жа самай зямлі, што і ён, няма такой расліны, якая ў яго мове не мела б свае назвы, а ўжо ў саміх гэтых назвах выяўляецца назіральнасць, выказаная жывапісна і паэтычна, часам грубавата, але затое дакладна».

Падарожнічаючы па Гарадзеншчыне, Эліза Ажэшка сабрала 228 назваў раслін — лекавых і прысушлівых, вядомых і малараспаўсюджаных. Усім беларускім назвам траў яна дала лацінскія адпаведнікі пры дапамозе знаёмага батаніка. Наколькі пісьменніца была блізкая да жыцця народа і глыбока яго вывучала, сведчыць хоць бы той факт, што збірала яна свой гербарый пад кіраўніцтвам вясковых жанчын, у прыватнасці лекаркі Люці з Глядовіч. Дарэчы, назваў многіх раслін і траў не было нават у беларускім слоўніку І.Насовіча. Між тым яны шырока вядомыя ў народзе, за імі трывала замацаваліся назвы — загартушка, парушэнец і інш. Такім чынам, крыніцу развіцця і ўзбагачэння беларускай літаратурнай мовы Эліза Ажэшка бачыла ў жывой народнай мове.

Сэнс і значэнне нарысаў можна вызначыць словамі самой Э.Ажэшкі: «Мы павінны сумленна працаваць і, наколькі гэта магчыма, сумесна, каб праўдзіва паказаць і правільна ацаніць гэты асноўны грамадскі клас і гэтыя мільёны чалавечых істот, якія называюцца вясковым людам» («Wisla», t.IV, s.31).

У гарадзенскім доме пісьменніцы ўсё часцей з'яўляўся Францішак Багушэвіч — не проста як добры сябра, але перадусім як «паэт-юрыст» (так называла яго пасля смерці польская крытыка). Можна смела сцвярджаць, што пісьменніца адна з першых ацаніла грамадзянскі подзвіг і значнасць таленту Ф.Багушэвіча, была першым крытыкам і папулярызатарам яго вершаў сярод сялян, а таксама сярод шматлікіх сваіх добрых сяброў і знаёмых. «Быў у мяне нядаўна пан Багушэвіч, — паведамляла яна Яну Карловічу, — і чытаў мне казку — доўгую, поўную фантазіі, цудоўную, якую напісаў па-беларуску. Гэта прыгожы талент. Польскія вершы яго слабыя, але беларускія, на мой погляд, выдатныя. Трэба было б, усімі сіламі заклікаць яго да працы ў гэтым напрамку» (ліст ад 22 лютага 1888 года).

Творчыя сувязі Элізы Ажэшкі і Францішка Багушэвіча працягваліся і ў 90-я гады, калі беларускі паэт стаў шырока вядомы як аўтар вершаваных зборнікаў «Дудка беларуская» (1891) і «Смык беларускі» (1894). Ён разам з польскімі літаратарамі ўдзельнічаў у юбілейнай урачыстасці 9 лютага 1892 года з выпадку 25-годдзя літаратурнай дзейнасці пісьменніцы, якая была сарвана царскімі ўладамі ў Варшаве і шырока адзначалася ў Горадні. Іхняе сяброўства і творчая ўзаемадапамога з'явіліся неацэнным укладам у падмурак нашай культуры.

Пасля выхаду ў канцы 80-х гадоў рамана «Над Нёманам», які быў вяршыняй творчых дасягненняў Элізы Ажэшкі, і беларускіх нарысаў пісьменніца стварыла яшчэ шэраг твораў, залічаных крытыкамі да безумоўных літаратурных здабыткаў. Але не ўсё было раўназначнае ў яе творчай спадчыне. Пачынаючы з 90-х гадоў, калі на арэну гісторыі пачалі выходзіць новыя грамадскія сілы і ўзнікалі новыя літаратурныя плыні, у творчасці пісьменніцы працягвала адчувацца цікавасць да пытанняў духоўнага перараджэння чалавека, паэтызацыя вясковага жыцця і прыроды (раманы «Два полюсы», «Аўстральчык»). Новыя грамадскія падзеі не заўсёды выклікалі ў яе адгалосак, чытач больш прыслухоўваўся да голасу С.Жэромскага, У.Оркана, У.Рэйманта. Але ў гэтым моцным мужчынскім хоры быў чуваць і яе голас.

Безумоўную цікавасць для айчыннага чытача ўяўляе і эпісталярый Э.Ажэшкі. Трыста старонак мастацкай прозы (а менавіта так мы схільныя разглядаць лісты пісьменніцы) адрасаваны ў беларускае Флар'янова, наднёманскі маёнтак Тадэвуша Бохвіца. Гаспадар маёнтка, унук вядомага філосафа-мараліста Фларыяна Бохвіца, прыстойны і добра выхаваны, уяўляў з сябе летуценніка той пары, калі пад націскам капіталістычнай эканомікі затрашчалі «вішнёвыя сады». У летнія месяцы ён вымушаны быў засяліць флар'яноўскі двор дачнікамі з розных канцоў Беларусі і Польшчы. Не вельмі прыстасаваны да жыцця, пакінуў галоўнае кіраванне домам у руках жонкі, а сам «ахвотна ўцякаў да сваіх папер».

У Флар'янова завітала ўлетку 1908 года і Эліза Ажэшка, бо гэтая мясціна ў пэўнай меры адпавядала яе запатрабаванням. Сярод шматлікіх у гэтых месцах маёнткаў Флар'янова вылучалася высокім узроўнем духоўнай культуры, моцнымі традыцыямі асветніцтва, трываласцю нацыянальна-вызваленчых і патрыятычных ідэалаў. Не апошнюю ролю ў флар'яноўскай гаспадарцы адыгрываў вялізны маляўнічы сад у суседстве з рэчкай Ведзьмай і купальняй.

Так апошнія два гады жыцця пісьменніцы былі азораны сяброўствам з панам Тадэвушам. Яно было — як ачышчальная навальніца ў скрушлівым адзінокім жыцці стомленай і ўжо хворай Элізы Ажэшкі, якая штодня пісала да яго лісты. Ліставанне пачалося з першага дня іх сустрэчы і пазней склала цэлую кнігу. Прачытаўшы гэтую кнігу, Яраслаў Івашкевіч назваў яе «сенсацыйнай, незвычайнай», тым больш, што адрасат быў гадоў на дваццаць маладзейшы ад аўтаркі лістоў.

Яны з самага пачатку мелі спавядальны тон, набывалі характар дзённіка, сталі «гісторыяй душы». Лістоў пана Тадэвуша не захавалася, аднак не даводзіцца сумнявацца, што літаратурнае партнёрства было няроўным і двухгадовая перапіска патрабавала ад яго вялікіх намаганняў.

Важнай падзеяй для пані Элізы была паездка ў Ракаў да братоў Здзяхоўскіх. На адзін дзень яна затрымалася ў Менску, дзе яе цёпла віталі. Аднак самым моцным уражаннем ад паездкі застаўся ўсё ж Ракаў, які пісьменніца назвала «літоўскімі Афінамі».

З нецярплівасцю чакала Эліза Ажэшка другога флар'яноўскага лета. Дзякуючы ёй у беларускім маёнтку сабраліся славутасці — празаік, аўтар «Мужыкоў» і «Зямлі запаветнай» Уладзіслаў Рэймант, прафесар Варшаўскага універсітэта доктар Генрык Нусбаўм, тэатральны дзеяч і крытык Юзаф Катарбінскі, піяністка пані Асяцімская, будучы вядомы артыст Страхоцкі...

Неўзабаве ўсе запрошаныя знайшлі сабе занятак па душы, быў створаны «флар'яноўскі тэатрык», які амаль кожны вечар чакаў гледачоў. На адным з гэтых літаратурных спектакляў пані Эліза і Катарбінскі прачыталі «Псалом добрай волі» З.Красінскага ў суправаджэнні хору беларускай моладзі.

Цэнтрам усяго флар'яноўскага жыцця былі двое класікаў. Праца земляроба карысталася вялікай пашанай у творчасці Элізы Ажэшкі і Уладзіслава Рэйманта. Яны абодва лічылі, што чалавек да таго часу застаецца чалавекам, пакуль любіць зямлю, разумее і ўспрымае яе як карміцельку. Настроеныя на гэткі лад, усе госці флар'яноўскага дому былі запрошаны на свята дажынак...

Вяртанне ў Горадню стала для пісьменніцы трагічным. Цяжка перажыла яна расстанне з Флар'яновым, яе лісты прасякнуты горыччу, жалем, нават адчаем: «Цяпер адчуваю сябе слабой супраць тугі, болю і магу безнадзейна марнаваць дарагія дні, напэўна нямногія». Прадчуванне не падманула — 18 траўня 1910 года Э.Ажэшкі не стала.

Нечаканасцю для царскай цэнзуры быў выхад яе апошняй кнігі «Gloria victis» (1910). Перайначыўшы лацінскае выслоўе «Гора пераможаным» на «Слава пераможаным», яна стварыла дакументальны помнік рэальным героям нацыянальна-вызваленчай барацьбы беларускага і польскага народаў.

У кнігу ўвайшло пяць навел: «Яны», «Афіцэр», «Гекуба», «Бог ведае хто» і «Gloria victis».

Першая навела «Яны» прысвечана рамантыцы подзвігу і барацьбе паўстанцаў — палескай эпапеі Р.Траўгута з дня сфармавання атрада да моманту яго разгрому ў Горацкіх лясах. Яна служыць экспазіцыяй да далейшага то велічна-ўрачыстага, то вельмі ўсхваляванага апавядання.

Літаратурную крытыку крыху бянтэжыла незвычайнасць, неадпаведнасць мастацкага жанру, калі ў навелістычную аснову раптам уключаюцца старонкі дзённіка або ўласны «паэтычны рэпартаж». У гэтым «разбурэнні» навелістычнага жанру выявілася мастацкая сіла, а не слабасць пісьменніцы. Захаваўшы набыткі, яна ўзбагаціла жанр наватарскімі знаходкамі, выкарыстаўшы прыклады аўтабіяграфічнай дакументалістыкі, дзе філасофія і падзеі эпохі прапушчаны праз сэрца аўтара.

Расейскаму царызму было мала тых здзекаў, што рабіліся Элізе Ажэшцы пры жыцці. Царызм пастараўся адпомсціць ёй нават пасля смерці. У снежні 1911 года ў Віленскай судовай палаце пачаўся суд над яе кнігай пра герояў 1863 года. Кнігу выдаў у Вільні накладам 3000 асобнікаў Вацлаў Макоўскі, таварыш пісьменніцы па сумеснай выдавецкай дзейнасці ў канцы 70-х гадоў. Пакуль царская цэнзура спахапілася, ужо было позна. Паводле загаду Часовага камітэта па справах друку кніга была канфіскавана, але на паліцах кнігарняў заставалася яшчэ 20 кніг. Яны былі імгненна раскуплены, што сведчыла аб поспеху «Gloria victis» сярод чытачоў.

Цэтлікі:

1 Комментарии на это сообщение

  1. Лявон Says:

    Чытау кнігі знакамітай пісьменніцы.

    Сапраудная беларуска.Паважаю за праудзівасьці і моц волі.

    З павагай-Лявон.

Ответить

  Проверка PR и ТИЦ
Нашы сябры:
Казкі беларускія!


Электронные универсальные испытательные машины lloyd-instruments.ru.