A A

Я. Лёсiк. БЕЛАРУСКI ПРАВАПIС (V)

Суб, 17 снежня 2011

Беларуская мова

(Менск, 1929)

§ 17. Правапіс прыслоўяў.

ПРАВІЛА 48. А) Большасьць прыслоўяў—гэта акасьцянелыя формы зьменных часьцін мовы. Яны служаць у сказе акалічнасьцямі і звычайна пішуцца зьлітна з рознымі дапаможнымі словамі.
Адносна правапісу прыслоўяў трэба кіравацца наступнымі правіламі:
1) Прыслоўі з прыназоўнікамі заўсёды пішуцца зьлітна, бо прыслоўе, як нязьменнае слова, ня можа мець пры сабе асобнага прыназоўніка, напр.: аможа, бясконца, вобмаль, здалёк, змалку, знадворку, зранку, зраньня, зусім, зьнячэўку, наадварот, навотлех, навыперадкі, недарэмна, назаўсёды, нанава, напавер, напотым, напярод, насустрач, наўздагон, наўцёкі, паасобку, пазалетась, пазаўтра, пазаўчора, памаленьку, памалу, помаль, патроху, патрошкі, паціху, спавагу, спадыспаду, удаўжкі, ушыркі, узімку, улетку і інш. (Бач. прав. 20, А, 2), б).
2) Адмоўныя дапаможнікі не (ня), ні пішуцца зьлітна з наступнымі прыслоўямі: неахоцьцю (“Неахоцьцю пайшоў на работу”), некалі, некалісь, неўзабаве, нідзе, ніколі, нікуды, няма.
Але часам трудна адрозьніць прыслоўе ад назоўніка (акалічнасьць ад дапаўненьня). Гэта бывае ў тых разох, калі слова можа быць і дапаўненьнем, і акалічнасьцю, напр.: перапалохацца насьмерць (акалічнасьць)—убраньне на сьмерць (дапаўненьне), вучыць напамяць (акалічнасьць)—браць сабе на памяць (дапаўненьне).
У такіх разох трэба кіравацца наступнымі ўвагамі:
а) Калі ў беларускай мове націск падае на прыназоўнік, то ён служыць прыстаўкаю і, значыць, з наступным словам пішацца зьлітна; у падобных выпадках слова будзе служыць у сказе акалічнасьцю (прыслоўе), а не дапаўненьнем (назоўнік), напр.: вобземлю, завідна, замуж, зараз (але забраў за раз), нанач, насьмехі (падняць насьмехі), поўдню, подчас, поначы, потым, сосну, сосьмеху і падобн.
б) Наадварот, у словах: збоку, насустрэчу, уніз, уверх, зьнізу, зьверху, увесну, увосень, удзень, уночы, утрох, ушасьцёх, па-нашаму, спачатку, дадому, паняволі і падобн. прыназоўнікі могуць ужывацца зьлітна і асобна з наступнымі словамі, у залежнасьці ад таго, якімі членамі служаць гэтыя словы ў сказе—акалічнасьцю ці дапаўненьнем.
Трэба прыназоўнікі пісаць асобна ў наступных выпадках:
1) Калі іменьнікі стаяць з прыметнікамі: у дзень асеньні, у восень дажджлівую, у вадзін дзень, у самую восень і г. д.
2) Альбо калі дзеяслоў з прыназоўнікам патрабуе якога-небудзь склону; напр.: па няволі ня плачуць (ня плачуць па чым?), да дому было тры вярсты (было да чаго?). Але: свой свайму паняволі брат; мы прыехалі дадому (дамоў).
3) Такія формы прыслоўяў з прыназоўнікам па, як: па-беларуску, па-расійску, па-нямецку, па-дзіцячы, па-дзявочы, па-воўчы і падобныя лепей пісаць з злучком, бо калі пісаць іх зьлітна, то прышлося-б у слоўніку ставіць адно і тое слова два разы: без прыназоўніка і з прыназоўнікам.
4) Трэба заўважыць правапіс наступных прыслоўяў: раз-по-раз, перш-на-перш, гады-ў-рады, калі-ні-калі, як-ні-як, дзе-ні-дзе, ледзьвя-ні-ледзьвя, ледзь-ледзь, чуць-чуць, больш-менш, абы-дзе, абы-як.

Увага. Прыслоўе “таксама” пішацца зьлітна, калі не выражае параўнаньня; напр.: “іменьнікі, прыметнікі, а таксама лічэбнікі і займеньнікі— зьменныя часьціны мовы”. Але “шэсьць” скланяецца так сама, як і “пяць”.

Б) Канцовыя гукі ў прыслоўях.

Правапіс канцовых гукаў у прыслоўях найчасьцей залежыць ад таго, як гэтыя прыслоўі вытвараны, г. значыць, якую форму ад зьменнай часьціны мовы яны становяць; напр.:
а) Я ў канцы знаходзім у тых прыслоўях, што становяць сабою формы даўнейшых дзеяслоўных прыслоўяў цяперашняга часу: наўмысьля, адумысьля, загадзя, ледзьвя, малавеля, таквеля, як хаця, пасьля, або проша, а таксама ў прыслоўях: сёньня (сёдня, сягодня) і сёньні, зраньня і інш., бо гэта формы роднага склону іменьнікаў, як сёлета.
б) У ў канцы знаходзім у прыслоўях, што становяць формы роднага ці вінавальнага склону: зранку, змалку, зьнячэўку, знадворку, спадыспаду, спавагу, улетку, узімку і інш., як пяску, смутку, кніжку.
в) Прыслоўі, што канчаюцца на “на”, часам ужываюцца з “не”, напр.: пэўна—пэўне, слушна—слушне, сільна—сільне, нудосна—нудосьне, надарэмна—надарэмне, зграбна—зграбне, наўмысна—умысьне, а таксама тымчасове (тымчасова, тымчасам), годзе—годзі, дзе е ў канцы паказвае на форму меснага склону іменьніка, як балазе (=добра; “балазей”—форма параўнальняй ступені ад “балагі”=добры, як лепей ці ляпей).
г) Прыслоўі з неазначальнай часткаю “ці”: дзесьці, калісьці, некалісьці.
Практыкаваньне 60. Сонца зранку жарам пыша; ветрык лісьце чуць калыша, вее чуць паўз верх зямлі (Я. Кол.). Што ўвесну ножкаю коп, то ўзімку ручкаю хоп. Гэта зроблена наўмысьля. Ішлі мы памаленьку, вобмацкам, каб папацёмку (попацемку) на што не наткнуцца. Абы-як прышло—лёгка і з рук сышло. Увесну—кораб вады, да коўш гразі; а ўвосень—коўш вады, да кораб гразі. Дзе недагляд, там заўсёды наклад. Грозен рак, да ззаду вочы. Папаў, як у нерат: ні ўзад, ні ўперад. Ні адтуль, ні адсюль. Не сядзі бокам: тут табе не нарокам. Сеў уперак: ні назад, ні наперад. Ляціць конь заморскі, іржэ па-польскі (камар). Шатавіла-матавіла па-нямецку гаварыла (ластаўка). Ветрык ледзь-ледзь набяжыць. Пусты ўлетку нашы сёлы. Увосень уся прырода пачынае заміраць. Падарожныя ад утомы ледзь перастаўлялі ногі. Ад кургана да кургана, ад гаю да гаю ў пяць нітак лягла цьмяна дарожка крывая. Усьлед думкам неспакойна вецер падвявае. Апалае ўвосень лісьце пойдзе расьлінам на карысьць. Усе пералётныя птушкі пакідаюць нас назіму ды ляцяць у вырай; застаюцца зімаваць толькі галкі, вароны, вераб’і, сарокі, цецярукі ды яшчэ некаторыя птушкі. Страхі найчасьцей здараюцца ўночы. Уночы чалавек кепска бачыць, і тады баязьлівы чалавек самую пустую рэч прымае за нямаведама што. Баба перапалохалася насьмерць ды няпрытомна кінулася бггчы. Уканцы зайшла гутарка пра розныя здарэньні. Ой, памалу, памалу, пастушок, іграй, майго сэрца не ўражай! Гэта ўжо занадта! Памажы мне, галубка, ячмень зьвязаць—Калі-ж, кумка, жыбулькі надта колюцца! Наша ластавачка, напрыклад, лятучы ў вырай, пралятае дарогу ўвелькі да дзесяці тысяч міль. Воўк увелькі з сабаку. Ажно падышлі нарэсьце тыя самыя людзі. Каля самага берагу, у вадзе, чуць-чуць шарасьцеў чарот. Сьпераду ляцяць самыя дужыя птушкі—правадыры. На чужыне птушкі жывуць усе разам: і кнігі, і бакасы, і качкі, і чаплі, а навокала—драбязга: валасянкі, падманкі, беражанкі і жаваранкі. Дзе-ні-дзе садок зялёны. Памалу далей станеш. Часам я ўночы сны дзіўныя бачу. Жаданы час нарэшце настаў. Заўтра рана, яшчэ досьвіту, пойдуць яны ў дарогу. Навет (нават) свойскія качкі і гусі пачуваюць час выраю. І ўспомнілася мне казка, каторую даўно-даўно, у часы шчасьлівага дзяцінства расказвала мне нябожчыца баба. А вясна тымчасам рабіла сваё дзела. Перш-на-перш, мы суседзі. Сонца ўдзень распускае там косы свае, ночкай зоры глядзяць залатыя. Праца марудна, бясконца цяжка! Не аб шумна-разгульнай бяседзе-разгульлі, не аб славе забытага краю гэту песьню сягоньня складаю (Я. Куп.). Хоць раз да наўскач. Усяго патрошку. Да дому было тры вярсты. Мы прышлі дадому (дамоў) раніцай. Сьпераду грэе, а ззаду вецер вее. Шатавіла-матавіла па-нямецку гаварыла, па-турэцку заварочвала; сьпераду шыльца-вільца, спадыспаду палатно, а зьверху аксаміт (ластаўка). Так-сяк, накасяк, абы не па-людзку. Свой свайму паняволі брат. Па няволі ня плачуць. Аднаму годзі (годзе), а другому глодзі (глодзе). На яду мастак, а на работу сяк-так. Поверх дзярэўя ходзіць. Поўна, роўна, к верху дном. Галоднаму воўку і заветра понутру. Пад’еў ды набак. І адсюль баляча, і адтуль гарача. Змоладу прарэшына, а пад старасьць дзірка. Любага госьця ўлетку частуюць мядком, а ўвосень—малачком. Датуль збан воду носіць, покі вушка цэла. Здалёка бачыць тваё вока. Знасілу ніхто ня служыць. У яго і ўзімку лёду не дастанеш. Уніз пайшоў. Ня войтава дачка, а дарэчы гаворыць. Упоперак стала. Калісьці было, да быльлём зарасло. Ні калі то было, ні калі то будзе. Пакуль на гумне цэп, патуль на стале хлеб. Ой, відаць, на навальніцу зранку прыпякае! Сваю будову мурашкі начынаюць зьнізу. Хто з вас ня бачыў круглых кучак, падобных да горкі зямлі, насыпанай наўмысьля? Гэта мурашкі. Мурашкі працуюць удзень бесьперастанку.

§ 18. Правапіс злучнікаў і дапаможнікаў.

ПРАВІЛА 49. 1) Складаныя злучнікі пішуцца зьлітна, напр.: абы (=а+бы), або (=а+бо), ажно (=а+ж+но), ато (=а+то), аднож (=ад+но+ж), нібыта (=ні+быць+то), нібы (=ні+бы), альбо (=аль+бо), каб (=ка+б), быццам (=дзеяслоў “быць” з зваротным займеньнікам “ся”), нашто (=на+што), зашто (=за+ што), затым (=за+тым), затое (=за+тое), штоб (=што+б), прынамсі (=пры+нам+сі), чымсі (=чым+сі)—апошнія два злучнікі з прыстаўною часткаю “сі”; у неазначальным займеньніку будзе “ся” (чымся—займеньнік).
2) Складаныя злучнікі: нашто, зашто, затым, затое, штоб—трэба адрозьніваць ад займеньнікаў з прыназоўнікамі або дапаможнікамі, бо займеньнікі пішуцца асобна ад другіх слоў; напр.: “нашто дарма траціцца”—„на што паставіць лямпу”. “Затым казак гладак, што пад’еў ды набак”.—“За тым домам быў вялікі сад”. “Кося, кося, штоб толькі злавіць удалося”. “Што-б ты даў за гэта?” У першых сказах словы: нашто, затым, штоб— злучнікі; а ў другіх сказах словы: на што, за тым, што-б—займеньнікі і дзеля таго напісаны асобна ад прыназоўнікаў “на”, “за” і дапаможніка “б” (бы), прычым “што-б” напісана з злучком, бо:
3) дапаможнікі б—бы, ж—жа, то, небудзь—нібудзь, абы, быля пішуцца з папярэднім словам з злучком, напр.: добра было-б, каму-б гэта даць; рад-бы, пайшоў-бы, а мой-жа ты суседзька! Ды куды-ж ты, дуб зялёны, пахінаешся? Ці-то птушка кінула зярнё, ці-то ветрам занясло яго? Што-то будзе, што-то будзе? Што-небудзь, хто-небудзь, якое-нібудзь, каторая-небудзь, дзе-небудзь, калі-небудзь, абы-хто, абы-што, быля-хто, быля-што і г. д.
4) Калі-ж гэтыя дапаможнікі сходзяцца разам, то яны паміж сабою злучком ня зьвязваюцца; напр.: куды-ж бы мне пайсьці? вот быў-бы ж рад! то-то б была радасьць!

Увага. Дапаможнікі “о”, “ж” стаяць посьля галосных, а “бы”, “жа”—посьля зычных; напр.: які-б, чаму-ж; ён-бы пайшоў, дай-жа мне і г. д.

5) Дапаможнік “няўжо” сустракаецца ў форме “няўжо-ж” і “нёж”, напр.: Пойдзеш ты куды?—Няўжо-ж не! (=Нёж не!).
Практыкаваньне 61. Сьпісаць і заўважыць правапіс слоў, надрукаваных звычайным шрыфтам.
Ці-то птушка тая кінула зярнё, ці-то заняслося бураю яно? Сам ня ведаю, чым мілы, чым вы сэрцу любы, выхаванцы веку, сілы, маладыя дубы! Чымся мілым, чымся родным ад вас павявае, аж мне сэрца ў сьпеў лагодны ціха ахінае (Я. Кол.). Які-б то быў крук, каб выпусьціў з рук. Чымсі з благім квасам, дык лепей з вадою, абы не з бядою. Хоць з вадою, абы не з бядою. За што купіў, эа тое і прадаў. І паху яго штоб ня было тут! Каб-жа то была праўда! Калі-ж бы я што калі каму якое, а то я ніколі нікому нічога,—дык за што-ж мне тое? Каму за шутку прымаюць, а другому за тое-ж скуру зьдзіраюць. Касіць-бы касіў, калі-б хто косу насіў. Лепей лычны мір, чымсі раменная справа. Ня тут-то было. Нібы-то была жывая вада. Сьвініна—псіна, дрозд—саланіна, да калі-б к гэтаму дразду да кусок сала, то-то-б была патрава. Цешыўся старац, што перажыў марац, ажно ў маю нясуць яго да гаю. Што-б было з нашаю чайкай, калі-б мы ехалі ў ёй подчас буры па моры? Вагар стаў-бы пералівацца цераз край, і нам не ўдалося-б вярнуцца пад бераг, асабліва, калі недалёка ад берагу ёсьць падводнае каменьне. Разгарыся, вячэрняя зорка, перад раньняю, разгарыся! Расхадзіся, наша гаспадынька, перад жнейкамі, расхадзіся! Адмыкай-жа высокія церамы залатымі ключмі, адмыкай-жа! Засьцілай-жа тонкімі абрусамі цясовыя сталы, засьцілай-жа! Да вітай-жа першую жнейку-пастацяначку, да вітай-жа! Адтаго мы пагалелі, што соладка пілі і елі. Ад таго месца да места пяць вёрст. Што нам да таго, што ён няўзоркі. А датаго, ён яшчэ ня ў сталых гадох. Тады-то і было, як па вадзе плыло. Ці ўсё-то спажыць, што ў чужой клеці ляжыць! Нашто козамі сена травіць? Нашто ў клець ісьці па муку, калі торба вісіць на круку? У ёй і крупы драныя, і кускі ламаныя. Грошы круглы, адтаго і коткі. Дай свае табакі, ато ад чужое нос баліць (прыказка). Высока над зямлёю чуваць маркотны крык жураўлёў; борзда ляцяць яны з поўначы на поўдзень і сваім крыкам быццам шлюць нам сваё апошняе разьвітаньне. Хоць-бы дзе кусьціка рэдкая цень!

§ 19. Правапіс складаных слоў.

ПРАВІЛА 50. 1) У складаных словах злучальныя гукі о—е чуваць выразна толькі пад націскам, напр.: куродым, сыровадка, сухедні; не пад націскам будзе а—я, напр.: сенакос, пустацьвет, ліхалецьце, зямлятрус * ) і г. д.
У правапісе складаных слоў трэба кіравацца наступнымі правіламі:
2) Калі націск прыходзіцца на другую часьць складанага слова, то кожная часьць яго пішацца так, як яна пісалася-б асобна (падобна складаным лічэбнікам, бач. § 13), г. зн., што як у першай, так і ў другой часьці складанага слова застаюцца тыя самыя галосныя, што стаяць у васнове, калі слова ўжываецца асобна; напр.: бажаволіць (ад “бажаць-хацець”), белабокі, белабрысы, белагаловы, белапаясы, Беларусь; вестаноша, ветрагон, вялікадворац, вялікалюд, вялікаселец, вярбалоз; галавасек, голабокі, галаледзіца, голапяты, гарбаносы, горладзёр, гэтарочны (гэтага году); дзеньгубіць, дзеньдзівірыць (гультайстваваць), добрадзей, домаверка (аканомка), доўгавязы, доўгагрывы, доўганосы, доўгатрывалы, дробнарэзка; жоўтабрушка; касавокі, кашаланоша; Малібожка, (фамілія), марнатраўнасьць, мовазнаўства, новабранец, нямаведзь; пакацігарошак, паласказуб (паласкаць зубы,) прадзеньгубіць, прыродазнаўства, роўналетак, роўнапраўны; саломарэзка, самасейка, сарвігалава, сенажаць, сіваваронка, словавытварэньне, старарэчча, старцавод, сыраежка (грыб), сэрдабольны; табаканюх, торбатрос; чарваточына, чорнабыль, чорнагалоўка (трава), чорнабрывы, чорназём, чорнакніжнік; штодзенны, штодня; церасьсядзельнік.
Словы, зложаныя з “поў”, “паў” ці “палу”, ня маюць злучальных гукаў і беспасярэдна далучаюцца адно да другога: паўгода, паўчварта рублі, паўпята, паўшасты вярсты, паўвасьма, паўсяма, паўчвартаста, паўпудовік; “зажурыўся малойча ў паўдарожкі едучы”; “за маладога поўзалатога”; але гэтыя словы пішуцца з “а”, як—палукашак, палудзень, палуднаваць, дзе першая часьць мае форму “палу”, бо і “поў” асобна рэдка ўжываецца.
3) Калі націск прыходзіцца на першую часьць складанага слова або на злучальны гук, то другая часьць падлягае аканьню (е застаецца, як заўсёды, пасьля націску ў аснове), напр.: поўнач, поўгада, поўдзень, дабранач, дабрыдзень, ягомасьць, імасьць, палукашак, пакацігара, сыровадка, як “непагадзь” (непагода).
4) Калі ў тэй ці другой часьці складанага слова адбыліся фонэтычныя (гукавыя) зьмены, то такое складанае слова падлягае аканьню, напр.: галялёд (з “голалёд”), галаледзіца, санажаць (з “сенажаць”), бадай (“бог дай”), сваволя, сваволіць (але своявольнік), канавал, канавод (з “каня вадзіць”), кажамяка (вельмі старое слова, калі “ж” было яшчэ мяккае), селядоршы (другі пасьля старэйшага брата); начлег, мядзьведзь або вядзьмедзь; сюды трэба аднесьці словы: сяголета, сягодня, сягоньня, сёньня ці сёньні, бо слова “сей” цяпер асобна ніколі ня ўжываецца, а таксама: каламазь, чартапалох, Багдановіч, кашаплёт і падобн., бо тут складаныя часткі слова не выклікаюць прадстаўленьня цэлых слоў.
5) Калі складанае слова зложана з цэлых слоў, што азначаюць назву аднаго якога-небудзь прадмета, то гэтыя словы пішуцца з злучком; напр.: айцец-маці, айцец-матка (=бацькі), браточкі-сакалочкі, вясельле-разгул, груша-сіраціна, Дунай-рака; каліна-маліна, клён-дзярэўца; малодкі-лябёдкі, малыш-каратыш; папараць-кветка, пацеха-забава, песьня-дума, песьня-весялушка, паміж пустак-балот, пушча-лес; размай-зельле, рута-мята, рыба-плотка; салавей-птушка, струны-самагуды, сын-сірата, срэбра-злота; траўка-мураўка, трын-трава; узьвей-вецер; хвоя-веліч, хлеб-соль, хлопцы-малойцы; шатавіла-матавіла, шура-бура, шчучка-рыба і інш.
6) Таксама з злучком пішуцца:
а) падвойныя фаміліі: Дунін-Марцінкевіч, Лабко-Лабаноўскі, Дуж-Душэўскі, Сьвятаполк-Мірскі;
б) складаныя прыметнікі: сьнежна-белы, цёмна-сіні;
в) два дзеясловы, калі выражаюць адно дзеяньне: пацяклі-паплылі, узбудую-узьвяду, падхапілі-ўзялі;
г) складаныя прыназоўнікі: з-за стала, з-пад лому, па-над морам (бач. прав. 20, Б, 4);
і д) складаныя выклічнікі: ха-хаха! ого-го! дзын-дзын! іга-га-га! бом-бом!

§ 20. Правапіс чужаземных слоў.

ПРАВІЛА 51. 1) Словы чужаземныя, узятыя з чужое мовы даўно і вядомыя шырокім народным масам, як свае родныя, падлягаюць нашаму правапісу і пішуцца так, як гэта чуваць у штодзенным ужытку: літара, дарэктар, адукацыя, аканом, або аконам, арганісты, паляруш, калідор, леварвэр, камісія, камітэт, сакратар, самінарысты, а таксама—камуністы, сацыялісты, як беларускія прыметнікі.
2) Словы чужаземныя (інтэрнацыянальныя, або міжнародныя), што ўжываюцца ў кніжках і ў кніжнай мове і да народу не дайшлі або дайшлі нядаўна, пішуцца так, як у тэй мове, адкуль яны запазычаны: тэлеграф, тэлеграма, монолёг, тэатр, рэволюцыя, коопэрацыя, політычная экономія, дынастыя, партыя, інспэктар, рэдактар *), дыктаваць, дыктант, дыктоўка і г. д.
Пры гэтым, у правапісе чужаземных слоў інтэрнацыянальных, або міжнародных, трэба трымацца наступных правіл, каб зблізіць іх вымову (фонэтыку) з вымовай родных слоў:
а) Заместа падвойных зычных пішуцца простыя: каса, маса, сума, тэлеграма, комунізм, Фінляндыя, Голяндыя, процэс, профэсар, граматыка, тэрыторыя, ілюстрацыя, ілюмінацыя, бэлетрыстыка і г. д., а ня касса, масса, сумма, тэлеграмма, коммунізм, Фіннляндыя, Гольляндыя і г. д.
Толькі ў некаторых словах застаецца падваеньне: Ганна, манна, ванна, бонна, Мекка, Будда, мадонна і некат. іншыя.
б) Чужаземнае l перадаецца мягкім “ль”, як гэта чуваць у пераважнай большасьці абеларушаных чужаземных слоў; трэба пісаць і гаварыць: Лёндон, лёзунг, монолёг, філёлёг, філёзофія, лёяльны, колёквіум, Голяндыя, Фінляндыя, як—лямпа, клямка, пляц, плястыр, кляс(а), пляшка і інш., але такія словы, як капітал, адмірал, артыкул, мускул, тытул, формула, пратакол, канікулы, фістула, карбункул і інш., маюць цьвёрдае л на канцы.
в) Чужаземнае і пасьля зубных (д, т, з, с) і зацьвярдзелых (ж, ш, ц, ч, р) перадаецца літараю ы, напр.: дыплёмат, дынастыя, дыктоўка, тып, тыран, актыў, актыўны, позыцыя, пасыў, пасыўны, унівэрсытэт, асыстэнт, сынтакс, нацыя, рацыя, констытуцыя, коопэрацыя, рэжым, шыфрованы, аварыя, Баварыя і г. далей, як магазын, Сымон, тыфус, даць дыхту і інш.; пасьля іншых зычных будзе і, напр.: міністар, маніфэст, архіў, капітан, капітал, пірат, навігацыя і г. д. Словы “Сібір”, “сібірны”, “азіят”, пішуцца “і”, адгэтуль: Азія, аказія, фантазія, рэцэнзія, поэзія, колізія, дзе пасьля з пішам і.
г) Гук ф у словах кніжных ці запазычаных нядаўна перадаецца літараю ф, напр.: форма, географія, факт, фронт, фортуна, філёзоф, маніфэст, Афон, фамілія, фабрыка, Францыя і г. д.
Але калі запазычанае слова з гукам ф ужываецца ў нашай мове даўно, то яно абеларусілася, і ў такіх абеларушаных словах гук “ф” падмяніўся гукамі х, п, хв, напр.: Піліп, Язэп, хунт, хвароба, кахля, хваля, картопля (бульба), шупляда, Хама, Хвёдар, Апанас і іншыя.
д) Чужаземны гук th (?) заўсёды перадаецца гукам т, напр.: каталік, катэдра, Тодар, Агата, Тамаш, арытмэтыка, артографія, міт, лёгарытмы, патос, Атэны, Пітагор і шмат інш.
е) Чужаземнае “е” перадаецца гукам э, як гэта чуваць у штодзенным ужытку (фэст, пасэсар, аптэка, сэсія), напрыклад: маніфэст, тэатр, тэхніка, тэлеграф, рэспубліка, рэдактар, пэдагог, бібліотэка, канцэлярыя, унівэрсытэт і г. далей, а таксама на пачатку слоў: этыка, элегія, экватар, эволюцыя, этымолёгія, элемэнт, эфэкт, Эўропа, Эгіпэт. Але пасьля чужаземнага г (лацін. g) і к трэба пісаць літару е, як у словах абеларушаных (ангельскі, гестка, банкет, кецка, кірмаш з—кермаш), кілішак (з—келіх—келішак), кірунак (з—керунак), напр.; альгебра, геолёгія, геомэтрыя, географія, геодэзія, Гедымін, Ягела (Ягайла), Германія, агент, рэгент, лагер, генэрал, легенда, генэза, геніяльны, інтэлігенцыя, анкета, анкер, букет, банкет і іншыя.
З прычыны блізкага падабенства ў вымаўленьні гукаў г і й даўней поплеч з г пісалі й, напр.: рэгестр—рэестр (рэйестр), лёгіка—лёіка (лёйіка), географія—еографія, геомэтрыя—еомэтрыя і г. д. Прыведзеныя словы можна пісаць гэтак і цяпер.
ж) Чужаземныя іа, іе, іо, (лац. літары) перадаюцца злучэньнямі ія, іе, іо, пасьля зацьвердзелых—ыя, ые, ыо, напрыклад: геніяльны, спэцыяльны, нацыянальны, рацыянальны, матэрыял, фіялка, варыянт, піетызм, гігіена, эмбрыон, бібліотэка, бібліографія, бібліобар’ер, кар’ера, ар’ергард і іншыя.
з) Чужаземны дыфтонг au (лацін. літары) перад зычным перадаецца злучэньнем аў, напр. аўтар, аўдыторыя, аўтэнтык, аўдыенцыя, аўкцыон, браўнінг, фаўна, лёкаўт, фэўдальны і інш., але перад галосным будзе ау, напрыклад: Шопэнгауэр, Бауэр, Ауэрбах і інш.
Мяккі знак (ь) у чужаземных словах пішацца пасьля мяккіх л, н, перад ётавым галосным, напр.: Нью-Ёрк, рэльеф, мільён, барэльеф, мэдальён, Вільям і інш.
Пасьля чужаземных прыставак ад—, кон—, об—, суб—перад ётавымі галоснымі ставіцца апостроф (‘), а ня мяккі знак, напр.: кон’юнктура, ад’ютант, об’ект, суб’ект, кон’югацыя і іншыя, а таксама пасьля р: кур’ер, бар’ер, кар’ера, ар’ергард, і іншыя.
к) У правапісе чужаземных уласных іменьняў могуць быць адступленьні ад некаторых, вышэй пералічаных правіл, каб дакладней перадаць гукавы склад гэтага слова, а дзеля гэтага ў некаторых уласных іменьнях могуць пісацца падвойныя зычныя (Эдда, Тассо, Мэкка, Мільлер, як Ганна, бонна), а літара і можа пісацца пасьля зубных і зацьвярдзелых, напр.: Люзітанія, Кадікс, Шіраз і іншыя.
Беларускія іменьні людзей найлепш пісаць так, як гавораць у народзе кожнае мясцовасьці, напр., Язэп, Якуб, Апанас, Лукаш, Тамаш, Грыгор, Мікола, Грышка, Тодар і Хвёдар, Кастусь і Канстантын, Юрка, Антось, Ігнась, Міхась, Міхал і Міхайла, Янка, Сьцёпка, Паўлюк; Ганка, Марыля і Марыся, Наста, Юста і Юстына, Зося, Алеся, Кася, Катарына і Кацярына, Амілія, Магда і Магдалена і г. д.
л) Вульгарызованыя формы некаторых сучасных чужаземных слоў у літаратурнай мове не дапускаюцца; напр., трэба пісаць і гаварыць: доктар, адвокат, фэльдшэр і фэльдшар, доктрынэр, гувэрнэр, вакзал, экзамэн, аэроплян, вэлёсыпэд, інспэктар, а ня іначай.
м) У чужаземных словах дапускаюцца такія злучэньні, як бю, кю, гю, невядомыя беларускай мове, напр.: бюро, бюджэт, Кюрі, Гюго, Бельвю, Дэ-Бюсі, Мюзэта, Жюрі і падобн.
Практыкаваньне 62. Сьпісаць і чужаземныя словы падчыркнуць.
“Пролетары ўсіх краёў, злучайцеся!”—пролетарскі лёзунг. Маркс і Энгельс напісалі “Комуністычны Маніфэст”. Праганяйце багоў з нябёс, а капіталістых—з зямлі! Соцыялістычная філёзофія абсолютна несумяшчальна з рэлігійнымі ідэямі. Хрысьціянскі соцыялізм—антысоцыялізм. Беларускае Коопэрацыйна-Выдавецкае Таварыства. У Заходняй Беларусі ляжыць цэнтр Эўропы. Гіпотэнуза, катэт і пэрпэндыкуляр. Пачатковы курс політычнае экономіі. Лёндон—сталіца Англіі. Нацыянальнае пытаньне. Студэнты Беларускага Пэдагогічнага Тэхнікуму разьехаліся на летнія вакацыі. Мілітарызм і імпэрыялізм. Тэлеграфная станцыя. Навуковы соцыялізм. Курляндыя і Ліфляндыя—сумежныя паміж сабою. Тэхніка і супрацоўніцтва ў соцыялістычным грамадзтве. Пролетарская ідэялёгія і ідэялёгія буржуазных кляс. Клясавая барацьба. У Фінляндыі ёсьць прыгожы вадаспад Іматра. Сумаю называецца агульны лік пры складаньні. Прамыслова-капіталістычны грамадзянскі лад. Рэволюцыя і эволюцыя. Беларускі Дзяржаўны Унівэрсытэт. Соцыяльная рэволюцыя і соцыяльная рэформа. Конфіскацыя прыватнай уласнасьці. Псыхолёгічныя падставы панаваньня пролетарыяту.
Практыкаваньне 63. Сінія хвалі шумяць і бурляць. Хвядос пайшоў да нябёс (дым). Сястра стаяла на ганку. Хата пакрыта гонтамі. Фабрычныя работнікі забаставалі. У нашым горадзе шмат фабрык. Антоля купіла сіняе хварбы. На рэчцы бывае вагар. Вагар перавярнуў човен. Хмаркі ахварбаваліся ў залаты колер. Андрэй Кузьме родны Хвёдар. Агата гуляла з Тодарам. Кніжкі ляжалі ў шуплядзе. Трапіў, як куляй у плот. Гэты дубец вельмі разгаты. Жыта пасеялі на картаплянішчы. Картопля—заморская расьліна. Ня бразгайце дзьвярыма! Выскачыў, як Піліп з канапель. Дзяўчынка пашыла сабе беленькі хвартушок. Хама з Апанасам пайшлі на рынак. Мы вучыліся арытмэтыцы. Брату купілі новыя галёшы. У нас кахляная печ. Язэп купіў пяць хунтаў цукру. Пранук пайшоў у хвальварак. Тамаш вучыўся заграніцай. Наша Хацім’я хоча капусты і бацьвіньня. Малако стаяла ў гарнушку. Яўхім прынёс бярэмя дроў. Ня фігуруйся, Грышачка! На дварэ стаялі хурманкі. Паліто было на хутры.

§ 21. Кароткі паўторны пытальнік.

I.

1) У якіх разох пішацца вялікая літара?
2) Калі пішацца мяккі знак? Калі ўжываецца апостроф. Што азначае ь у канцы слова і ў сярэдзіне паміж зычнымі? Што азначае ь і апостроф у сярэдзіне слова перад галоснымі?
3) Пасьля якіх літар пішацца ў і й? У якіх разох пішацца ў? Ці заўсёды скарачаецца у пасьля галосных? Якая розьніца ў правапісе гукаў у і і?
4) Назавеце некалькі слоў з прыдыханьнем? Калі прыдыханьне зьяўляецца ды пішацца абавязкова? Якія гукі найчасьцей бываюць прыдыханьнем?
5) Што вы ведаеце аб складох ро, ло, ле?
6) Што вы ведаеце аб гуках ф, г? У якіх словах ф зьмянілася на т, п, хв? У якіх гук ф застаецца? У якіх беларускіх словах чуецца гук г? (Найчасьцей у тых беларускіх словах, што маюць злучэньне зг).
7) Як называюцца гукі р, л, м, к? Што вы ведаеце аб іх правапісе?
8) Якія гукі бываюць у словах нявыразнымі? Што трэба зрабіць, каб нявыразны зычны гук чуваць быў ясна? Як трэба зьмяніць слова, каб выявіць нявыразны зычны гук?
9) Калі пасьля літар з, с, ц, дз пішацца мяккі знак? У якіх разох пасьля гэтых літар ня пішацца мяккі знак?
10) Як называюцца гукі ж, ш, ч, р, (дж)? Чаму яны так называюцца? Якія галосныя літары пішуцца пасьля зацьвярдзелых?
11) Што вы ведаеце аб гуках д і т? На якія гукі яны зьмяніліся? Якія гукі азначаюцца дзьвюма літарамі? Скажэце некалькі слоў з гукамі дз і дж?
12) Якія гукі о (ё), э (е) чуваць ясна? Калі пішуцца літары о, э, ё? Калі націск зыходзіць з о, э, ё, то што чуваць на месцы іх і якія літары пішуцца?
13) Якая літара пішацца ў першым складзе перад націскам—я ці е? Калі ў другім складзе перад націскам пішацца я, а калі—е? Якая літара пішацца ў трэцім і далейшых складох перад націскам—е ці я? Скажэце некалькі слоў, якія не падлягаюць гэтаму правілу? Чаму яны не падлягаюць гэтаму правілу?
14) Што ведаеце аб правапісе слоў—не, без, цераз, перад? Як пішуцца словы дзеля, каля, для? Чаму словы цераз, перад, пера пішуцца нязьменна з літарай е? Чаму ў гэтых словах пасьля р заўсёды будзе а, а ня о ці э, напрыклад?
15) Якая літара пішацца ў мяккіх складох пасьля націску ў аснове слова? Якія вы ведаеце словы, што складаюць выключэньне з гэтага правіла? Чаму ў словах памяць, заяц, дзевяць і іншых ня можна пісаць е? У якіх разох яшчэ пасьля націску пішацца літара е? Як правіла аб правапісу гуку е пасьля націску можна выразіць агулам?
16) Ці заўсёды пасьля націску пішацца е?

II.

1) Якія бываюць падвойныя зычныя ў канцы іменьнікаў—мяккія? цьвёрдыя? Дайце прыклады на падвойныя зычныя—мяккія? цьвёрдыя? На месцы якога стараславянскага гукавога злучэньня зьявілася беларуская падвойнасьць зычных? Якія ёсьць мяккія падвойныя зычныя ў дзеясловах? (зьзяць, льлецца). Ці могуць быць падвойнымі ў канцы слоў б, п, м, р? Як пішуцца такія словы, як баб’ё, куп’ё, лам’ё, надвор’е? Як пішуцца такія словы, як здароўе, салаўі, ую, уеш?
2) У якіх прыметніках бывае падвойнае нн? У якіх дзеясловах зьяўляецца падвойнае цц? Калі ў такіх дзеясловах бывае адно ц (ца)? У якіх лічэбніках пішацца падвойнае цц? У якіх разох яшчэ зьяўляюцца падвойныя зычныя? Дайце прыклады.
3) Як вымаўляюцца злучэньні тц, чц? А як яны пішуцца? Як вымаўляецца злучэньке дс? Як гэтае злучэньне пішацца? Як вымаўляецца і як пішацца злучэньне тс?
Як вымаўляюцца і як пішуцца злучэньні жс, зс? Якія гукі зьнікаюць у злучэньнях стн і здн? Якія гукі вытвараюцца на месцы злучэньня дц і цься?
4) Ад якіх часьцін мовы прыназоўнікі пішуцца асобна і ў якіх разох?
Як пішуцца прыназоўнікі з дзеясловамі і прыслоўямі? Як пішуцца складаныя прыназоўнікі?
Калі прыназоўнік канчаецца на цьвёрды зычны гук ды зьліваецца з словам, што пачынаецца гукам і, то які вытвараецца гук? Што робіцца ў такім разе з гукам і, калі прыназоўнік канчаецца на галосны гук? Як злучаюцца прыназоўнікі з словам у іншых выпадках?
Што вы ведаеце аб правапісе прыназоўнікаў, што канчаюцца на д (ад, над, перад, прад)? Што трэба ведаць аб правапісе такіх прыназоўнікаў, што канчаюцца на з?
5) Калі не пішацца зьлітна, а калі асобна? Якія дзеясловы пішуцца зьлітна з прыслоўем не? Калі пішацца не, а калі пішацца ні?
6) Які маюць канчатак іменьнікі жаночага і ніякага роду адзіночн. ліку ў назоўным склоне пры мяккім складзе, калі націск ня прыходзіцца на канчатак? Якія іменьнікі ніякага роду складаюць выключэньне з гэтага правіла? Які маюць канчатак такія іменьнікі ніякага роду ў родным склоне?
Якія іменьнікі ў родным склоне маюць канчатак а(я)—у(ю)? Калі ў такіх разох пішацца а(я), а калі у(ю). Якія іменьнікі становяць выключэньне з гэтага правіла?
Якія мае канчаткі месны склон адзіночн. ліку ўсіх радоў? Калі пішацца і, е, ы, у? Якія канчаткі давальнага і меснага склонаў іменьнікаў жаночага роду адзіночн. ліку?
У якіх іменьнікаў і ў якіх склонах “гартанная” (задняпаднябеная) аснова зьмякчаецца? Як гэтае зьмякчэньне адбываецца? Ці можа ў такіх разох “гартанная” аснова зьмякчацца ў мужчынскім родзе? у ніякім родзе?
Які канчатак іменьнікаў становіць выключэньне з-пад аканьня? (Канчатак прыладн. склону адзіночн. ліку ем, калі націск ня прыходзіцца на канчатак).
7) Які маюць канчатак прыметнікі адзін. ліку ў назоўным склоне мужч. роду? жаноч. роду? ніякага роду? Які канчатак у прыметніках множнага ліку ў назоўным склоне?
Які канчатак прыметнікаў мужч. роду адзіночн. ліку ў творным і месным склоне? Якія канчаткі прыметнікаў жаноч. роду адзіночн. ліку ў родным, вінавальн. склоне?
Які канчатак памяншальных і ласкальных прыметнікаў пасьля мяккага зычнага? пасьля зацьвярдзелага?
8) Як пішуцца складаныя лічэбнікі? Якое слова становіць выключэньне з гэтага правіла? Якія лічэбнікі маюць падвойныя цц? Якія склонавыя канчаткі ў лічэбніках парадкавых? (Тыя самыя, што ў прыметніках).
9) Як пішуцца склонавыя канчаткі займеньнікаў? (Яны пішуцца па правапісу склонавых канчаткаў прыметнікаў). У якіх займеньнікаў пішацца не, а ў якіх ні? Калі прыстаўкі не, ні пішуцца асобна ад займеньнікаў?
10) Якія галосныя ў канцы дзеясловаў 1-га і 2-га спражэньня? Якая літара пішацца ў канцы дзеяслова 1-га спражэньня пасьля зацьвярдзелага зычнага на месцы э, калі націск ня прыходзіцца на канчатак?
Які маюць канчатак дзеясловы 1-га спражэньня цяпер. ч. 2-ой асобы множн. ліку, калі дзеяслоў з націскам ка канчатку? Бяз націску на канчатку? Які маюць канчатак дзеясловы 2-га спражэньня ў такой форме?
Якія канчаткі ў дзеяслоўных прыметах і прыслоўях?
Як пішуцца дзеясловы з зваротным займеньнікам ся? У якіх формах дзеяслова вытвараецца злучэньне цца? ца?
Калі ў дзеясловах загаднага ладу пішацца ў канчатку ь? Якія бываюць канчаткі ў дзеясловах загадн. ладу множн. ліку 1-ай і 2-ой асобы? Як вытвараюцца гэтыя канчаткі?

§ 22. Матэрыялы для сьпісваньня і дыктовак.

1. На прадвесьне.

Рушыўся сьнег. Зашумела вада.
Раскаваліся рэкі ад лёду.
Лынула вон зімавая вада.
Сонца прыносіць цяпло і пагоду.
Шумныя песьні іграюць лясы.
Павявае вятрок цеплаваты.
Белая ніва ад сьнежнай расы
Убіраецца ў чорныя латы.
Зморана трушанкай ў цёмных хлявох,
Адзываецца рыкам скацінка.
Конікі ў стайнях іржуць пры жлабох.
Бацян праляцеў над адрынкай.
Будзіцца посьля зімовага сну
Па хацінках люд працавіты;
Скоранька цягне саху, барану,
Глядзіць—шыны на колах ці зьбіты.
Янка Купала.

2. Воўчае жыцьцё.

У цёмным яловым лесе, у вялікай нары, вывела ваўчыха трох ваўчанят. Сталі яны падрастаць ды пачалі вылазіць з нары, каб пабачыць, што робіцца наўкола. Каля нары рос малады густы ельнік. Недалёка, пад горкаю, было балота. Ваўчаняты любілі гуляць найбольш уначы, бо сонечныя косы рэзалі ім вочы, а птушыны сьпеў, далёкі гоман людзей і брэх сабак палохалі іх. Бацькі прыносілі ім уначы накрадзенага пажытку: авец, парасят, зайцоў, гусей. Наядуцца яны, прйдуць у балота пахлябтаць вады ды пачынаюць дурэць каля тоўстае гнілое калоды, што ляжала каля нары.
Прышла восень. Ваўчаняты вырасьлі ды пакінулі нару. Іх вадзіў аблетак—гадавалы воўк, што бацькі пакідаюць пры сабе пільнаваць малых дзяцей, бо самі старыя заўсёды ў паходзе і прыходзяць у гняздо толькі разоў два на дзень. Нецярпліва чакаюць малыя ваўчкі, пакуль бацькі прынясуць ім есьці, дурэюць і разьбягаюцца ад аблетка. За гэта аблетак карае іх: дагоніць і пачынае біць лапаю або тузаць за карк зубамі.
Людзі заўсёды стараюцца зьнішчаць ваўкоў за іх разбоі. Адзін лясьнік даўно ўжо сачыў гэтую воўчую сям’ю. Ён выў павоўчаму і вабіў дурных ваўчанят. Яны аказваліся. Асачыўшы, дзе асталяваліся ваўчаняты з аблеткам на дзень, лясьнік сказаў людзям, і на ваўкоў зрабілі паляваньне. Забілі двох маладых і аблетка. Адзін ваўчок схаваўся пад выварат, і стаў ён хадзіць з старымі ваўкамі. Выўчылі яны яго лавіць і душыць свойскую жывёлу. Ня было таго гаспадара, каб не ўхапіў чаго воўк: у ваднаго—авечку, у другога—цяля, у трэцяга—подсьвінка. І забіць яго не ўдавалася. Адзін ён заўсёды выкруціцца, уцячэ, пяройдзе ў другую аколіцу, а там яшчэ далей. Так і цягаецца па сьвеце.

3. Летні дзень.

Быў гарачы летні дзень, адзін з тых дзён, аб каторых кажуць: варыць, як у гаршку. Далёкая цёмная палоска лесу абвязалася наміткаю сіняватае смугі, як маладзіца хусткаю, каб ня так пякло сонца. Павяваўшы зраньня вецер сьціхнуў зусім, і здавалася, што ён сьціхнуў не дзеля таго, што гэта так трэба, а сумыслу, на злосьць усім тым сілам, да каторых належала не даваць у зьдзек гарачыні зусім распаранае зямлі і ўсяго яе стварэньня. Адным словам, здавалася, што вецер зазлаваўся, як той дзядзька Піліп, каторы, бачачы, што ён адзін толькі працуе ў хаце, а ўсе туляюцца ад работы, як сабакі ад мух, і што адзін ён нічога ня ўскурае,—плюнуў, кінуў работу і лёг у халадок. І ціха было ўсюды. Маўчаў луг, маўчала поле, на вуліцы ў сяле ня відаць было нікагутка. Толькі зрэдка перабягаў з панадворку ў панадворак сабака, высалапіўшы язык і шукаючы лепшае схованкі ад мух.

4. Як выдумляюцца страхі.

Страхі найчасьцей здараюцца ўночы. Уночы чалавек кепска бачыць і часта самую пустую рэч прымае за страх. Апрача таго, неразумныя людзі страшаць маленькіх дзяцей цемнатою, усялякімі дзядамі з торбамі, каторыя быццам бяруць плаксівых, нягодных дзяцей. Памаленьку, незаметна для нас самых, у нашую душу засяваецца зерня страху, ад каторага чалавеку потым трудна збавіцца. Незразумелае і страшнае для нас усё тое, чаго прычыны мы ня ведаем.
Ішла раз уночы баба. Дарога праходзіла паміж могілак і карчмы. Карчма стаяла па сярэдзіне дарогі. Напроці карчмы, крокаў за сто, стаялі могілкі—цёмныя, старыя, з хваёвымі крыжамі. Могілкі з іх старою драўлянаю капліцаю, з некалькімі тоўстымі хвоямі і зялёнымі клёнамі, карчма з гнілою, аброслаю мохам страхою—рабілі ўсё месца страшным і дзікім.
Як толькі баба падышла пад карчму, то пачула, што на могілках нешта плакала, як дзіця. Гэта пугач ці сава сьвістаў у гнілой капліцы. Баба перапалохалася на сьмерць ды няпрытомна кінулася бегчы. Прыбегшы да вёскі, яна расказала пра невядомы плач. З гэтага часу простыя людзі і сапраўды сталі што-небудзь бачыць або чуць, калі здаралася ісьці аднаму ўночы паміж карчмы і могілак, хоць там і нічога ня было.
Болей навукі—меней страху!

5. Жыта.

Неспакойна зашумела жыта маладое,
Зранку самага трывожна шэпча зеляное.
Каласочкі на саломках галоўкай качаюць,
Каплі роскі на іх лісьці чыстым срэбрам зьзяюць.

Што шуміш так неспакойна, жыцейка, у полі?
Ці ня чуеш, што пад градам зьляжаш ў роўным доле?
Ды і сонца ў цёмных хмарах твар свой закрывае.
Ой, відаць, на навальніцу зранку прыпякае!

“Што-то будзе, што-то будзе?” ў межах шэпча жыта.
Даль няласкава туманам-смагаю закрыта.
Ой, няхай лепш хмара з градам зьнікне ў чыстым полі!
Няхай жыта, нашу ўцеху, не кране ніколі!

Ня шумі-ж ты гэтак сумна,
Маладзенькі колас,
Бо нам ў сэрцы смутак родзіць
Шуму твайго голас!
Якуб Колас.

6. Ластаўкі.

Прыляцела ластаўка з далёкага выраю. Села яна на страху старога гумна ды зашчабятала. Вясёленькая песенька яе так і пасыпалася па ўсім дварэ мілым шчэбетам. Уляцела яна ў гумно даведацца свайго даўнейшага леташняга доміка. А ён за зіму абсыпаўся, абвіс павуціньнем, і толькі камячок гразі дзяржаўся каля сахі, на каторую апіралася страха гумна. Туды прыляцела і другая ластаўка. Пашчабяталі яны ў дзьвёх, парадзіліся ды давай папраўляць сваю хатку. Ачысьцілі яны яе ад павуціньня і пылу. Кожны дзень па некалькі разоў прыляталі яны ў гумно, насілі ў дзюбках клейкую гразь, замазвалі дзіркі ды далей рабілі гнязьдзечка, каб яно было глыбейшае і большае. Доўга працавалі ластаўкі, і вылепілі яны харошанькае кругленькае гнязьдзечка. Тады сталі насіць пёрцы ды высьцілаць імі дно. Самічка-ластавачка несла там свае маленькія рабенькія яечкі.
Цераз тыдні два з яечак вышлі голенькія маленькія птушачкі з жоўценькімі роцікамі. У тое гумно часта прыходзіў гаспадарскі сын Пятрусь. Любіў ён, лёгшы на саломе, пазіраць як турбаваліся старыя ластаўкі, носячы корм сваім маленькім дзеткам. А маладзенькія ластавачкі садзіліся ў гнязьдзе ў рад і разьзяўлялі роцікі, як толькі прылятала да іх каторая-небудзь старая ластаўка. Старыя клалі корм кожнай па чарзе. Пятрусь любіў на гэта пазіраць і лежачы ціха сам сабе сьмяяўся.

7. Лета.

Прышло і лета. Куды ні глянь—усюды зелена, усё расьце, усё сьпее, усё наліваецца. Лісьце на дрэвах вырасла ва ўвесь свой рост і весела трапечацца на сонцы. Весела пазірае стары лес, што расьце за сялом ды цягнецца па краёх поля, як разак, пастаўлены зубамі ўгару. Кусты арэшніка, верабіны, чаромхі густа разрасьліся ды далёка параскідалі свае зялёныя галіны. Так зелена, так густа скрозь, што, здаецца, не пралезеш у лес! Птушкі аж глушаць сваімі галасамі, сваім шчэбетам. Некаторыя, раньнія, ужо вывелі дзетак ды клапатліва шчабечуць каля сваіх гнязьдзечак, як нянькі каля калысак. Колькі красак, колькі ўсялякіх матылёчкаў, мошак і пчолак! У паветры стаіць бясконца шум і звон ад іх крыльляў.
Поле пакрылася зяленівам. Ужо выплыў авёс, ячмень. Цягнуцца палоскі гароху з харошанькімі чырвоненькімі і сіненькімі кветкамі. Там відаць зялёненькія стужкі лёну з сіненькімі галоўкамі; бялее грэчка, наліваецца жыта, і ціха шарасьціць яно ў полі сваімі срэбнымі каласкамі. Як слаўна глядзець на гэтыя вузкія палоскі-стужкі сялянскага збожжа, калі сьвежы ветрык калыша іх і вядзе з імі невядомыя спакойныя размовы! Жаваранкі рассыпаюцца над імі песьнямі, круцячыся ў небе.

8. Вучыся.

Вучыся, нябожа: вучэньне паможа
Змагацца з нядоляй, з няволяй;
Што мучыць сягоньня, што думкі трывожыць,
Зьбяжыць і ня прыдзе ніколі.

Жаль згіне, як мара; ня будзеш няздарай,
Нідзе і ні ў чым не заблудзіш;
Ты праўду ў няпраўдзе, як сонца між хмараў,
Спазнаеш, як цёмен ня будзеш.

Такая прынука, як праца й навука,
Ці-ж можа нам сіл не дадаці?
З такімі сябрамі, знай, будзе ня штука
І гора сваё зваяваці.

Крыўдзіцеляў зможаш, сьлед вечны праложыш
І к долі, і к волі, і к славе,
Адно ты прачніся, вучыся, як можаш,
Ці дома, ці на школьнай лаве.

Ўсе людзі значэньне пазналі вучэньня,
Адзін толькі ты ані дбаеш.
Цямней ты, нябожа, як ночка асеньня,
І шчасьце такое ты маеш!
Я. Купала.

9. Горы.

Горы, як волаты, падымаюцца к небу. Гор у дзьве-тры вярсты ёсьць шмат, але пападаюцца горы і ў сем, у восем, нават у дзесяць вёрст увышкі. Унізе гары цёпла, а чым вышэй, тым робіцца халадней. Дзеля таго на горах і расьліны розныя. Унізе расьце вінаград, розныя сады, вышэй—лясы дубу і ясеню; потым растуць вольха, рабіна, бяроза; а яшчэ вышэй, за воблакамі, ідуць кусты, лугі з дзіўнымі краскамі. Там толькі горныя пастухі пасуць свае стадкі. Яшчэ вышэй—мох ды голы камень, а на самым версе—лёд ды сьнег. Там толькі арлы лётаюць.
Шмат рэк пачынаюцца ад сьнягоў, што растаюць у горах. Яны цякуць уніз гаманлівымі ручаямі і вадаспадамі. Па дарозе падмываюць груды лёду і сьнегу, каторыя часамі абвальваюцца ды засыпаюць цэлыя вёскі.
Горы рэдка стаяць паасобку. Яны цягнуцца доўгімі хрыбцінамі то вышэй, то ніжэй. Паміж гор ляжаць долы, чарнеюць правалы. Густыя туманы поўзаюць па вузкіх горных праходах. Горы часта закрыты воблакамі і толькі ў ясныя дні здалёку віднеюцца сваімі сьнегавымі белымі верхавінамі.

10. Ідуць крыгі.

Моцна сьпіць шырокая рака. Глядзіш—і здаецца, яна мёртвая. Але гэта толькі здаецца: пад ковамі лёду ідзе работа, кіпіць жыцьцё. Жыве рака.
А перавальчыкі не перастаюць бубнець і крычаць пра новае жыцьцё. На лёдзе там і сям паказаліся палонкі, прагрэтыя сонцам. Варушыцца рака, падымаюцца яе грудзі. Чуе і яна ўжо вясну новага жыцьця. Трасе яна сваімі плячыма, і лёд покае, трашчыць. Не задзяржаць ракі гнілому ланцугу расколатага лёду. Прабіваецца яна на вольны сьвет, выходзіць з берагоў, ломіць і крышыць усё, што хоча стрымаць яе волю.
А крыгі—астача сьцюжы—з глухім шумам і выцьцём, як дзікія зьвяры, злосна скрыгічуць старымі гнілымі зубамі, як праціўнікі шчасьця людзкога.

11. Прышла вясна.

Ужо прайшла зіма цяжкая—
Мароз, мяцеліца ліхая!
Паплыў з вадою крыгаў лёд,
І сьнег ад сонца тае ўлёт.
Ужо вады паўны разоркі,
І зачарнеліся узгоркі.
А зьнізу лёгкі ветрык вее,
І сонейка так цёпла грэе.
Бор неяк весела шуміць;
Трава на лузе зеляніць.
Аджылі дробныя мурашкі,
Чарвякі і матылькі, а пташкі
Шчабечуць, звоняць і пяюць,
Людзям ахвоты дадаюць.
Жавараначка ў прасторы
Шчабеча, як у сінім моры;
Плыве і бусел, і жураў,
І дрозд запеў і засьвістаў.
Гудзе лятучы тоўсты жук;
Балбоча ёмка цецярук;
Пішчаць дзесь чайкі на балоце;
Пліска хвастом трасе на плоце;
Турчыць працяжна жабін хор,
І дзеці рвуцца з хат на двор.
Стары Ўлас.

12. Прырода гатуецца да сну.

Пакарочалі цёплыя летнія дзянькі. Перастала грэць яснае сонейка. Не падымаецца яно высока над зямлёю. Яго косы ня сьвецяць ужо так ясна. Яны ня грэюць і ня песьцяць ужо маткі-зямлі. Затуманілася неба. Няма таго дню, каб сівыя хмары ня плавалі над зямлёю. Пачаліся прымаразкі. Ліст на дрэвах пажоўк і асыпаўся, і згінулі кветкі, што ўбіралі поле і луг. Ня шастаюць у траве конікі, ня гудуць каля вульляў пчолкі, не “таўкуць куцьці” камары і мошкі. Птушкі адны за аднымі зьбіраюцца ў вялікую дарогу. Уся прырода пачынае заміраць.
Ужо і халодная восень прыйшла. Сонейка рэдка паказваецца з-за хмар; позна ўзыдзе, нявысока падымецца ды зноў схаваецца. Хмары ня сходзяць з неба. У паветры ціш. Усе хаваюцца ад холаду і дажджу. Змоўклі вясёлыя птушкі-пяюхі. Ня відаць харошанькіх матылькоў. Усё пахавалася, усё пакінула нас разам з сонейкам, толькі высока над зямлёю чуваць маркотны крык жураўлёў. Борзда ляцяць яны з поўначы на поўдзень і сваім крыкам быццам шлюць нам сваё разьвітаньне.
Агаліўся і парадзеў лес. Стаіць ён, як сірата, смутны і маркотны. А ці той гэта луг? Дзе яго кветкі, дзе пышная трава? Кветкі пасохлі, траву скасілі. Адзін вецер ня мае сабе прыпынку. Носіцца ён па голай зямлі, круціць сухое лісьце і расьсявае сьпелае насеньне з травы і дрэў. Усё чарнее і траціць свой колер, толькі жыта маладое расьце і руніцца, дый яго скора замарозіць мароз. У гэты позьні асеньні час уся прырода падобна да спрацаванага чалавека, што пасьля цяжкае працы заснуў моцным сном.

13. Аратаю.

Ары, ары, чалавеча, ары
Ад раньняй зары да ночнай пары!
Сошку сваю ты нанова наладзь,
Лепш каб было, чалавеча, араць;
Коніка-сябра свайго паганяй;
Хлеба скарынку з сабою вазьмі,
Чуць толькі сьвет—ты з сахой выхадзі,
Постаць на полі сабе адвядзі,
Кідай барозны ты з краю у край
І родную песьню ціха сьпявай.
Цьвёрдую глебу рэж, уздымай,
Роўна і плытка барозны складай,
З шнура за межу ня кідай зямлі,
Чыста-ж яе у загон прылажы;
Добра глядзі, каб агрэху ня даць,
Ўсё, як належыць, на полі урадзь.
Чыста ад пырніку поле апратай
(Поле тваё гэтым зельлем багата!),
Бо калі ў пырнік зерня пасееш,
З працы свае карыстаць не здалееш:
Ўсё ён заглушыць, і сам узрасьце,
Сваім карэньнем зямлю упляце.
Дык-жа працуй, чалавеча, ары
Ад раньняй зары да ночнай пары,
Бо калі ўпору зямлі не ўзарэш,—
Збожжа нямнога увосень зьбярэш!
А. Галіна.

14. Верны прыяцель.

У ваднаго селяніна быў вялікі сабака. Стаў ён стары, і ўжо ня мог вартаваць гаспадарскае дабро. Не хацелася селяніну дарма карміць сабаку. Вось ён узяў з сабой вяроўку і камень ды пацягнуў сабаку да ракі.
Глядзіць на яго сабака разумнымі вачыма, быццам разумее, што думае гаспадар.
Сеў гаспадар з сабакам у човен, ад’ехаў ад берагу ды стаў прывязваць камень сабаку на шыю. Пасьля ўстаў ды піхнуў нагою сабаку ў ваду.
Сабака панырнуў, але пры гэтым човен крэпка скалануўся, а селянін не ўдзяржаўся, і сам зваліўся ў ваду.
Захліснула яго хваля, зусім ужо пачаў тануць. Раптам чуе—нехта цягне яго. А гэта яго сабака. Камень адвязаўся, і сабака кінуўся ратаваць гаспадара. Схапіў зубамі за кашулю, выплыў з ім да берагу і ледзь жывы расьцягнуўся на беразе.
Заплакаў селянін, абняў сабаку, стала яму стыдна. Да самае сьмерці карміў і даглядаў ён вернага свайго прыяцеля.

15. Восень.

Восень халодная, чорная, хмурая
Сунецца ціха, нічутна што дзень;
Хварбы наўкола паклала панурыя,
Сонца хавае за чорную цень.

Збожжа пажатае з ніваў пазвожана;
Голыя гоні самотна ляжаць;
Неба дажджліваю хмарай абложана;
Траўкай ня грае сваёй сенажаць.

Кветкі ня сьвецяць галоўкамі яснымі,
Кусьця бяз лісту, бяз красак стаяць;
З гэтымі восені днямі бяскраснымі
Цяжкія думкі на сэрца ляцяць.

Вольхі, рабіны, асіны з бярозамі
Лістам пажоўклым тужліва шумяць:
“Хутка надыдуць завеі з марозамі,
Ветры з сьнягамі ізноў наляцяць”.

Толькі высокія хвоі іглістыя
Вечна-зялёны свой кажуць убор;
Днямі зімовымі цёмна-імглістыя
Будуць чарнець навакол наузгор.

Зіму пачуўшы, мядзьведзь непакоіцца,
Ходзіць па лесе, шукае бярлог;
Хмурны і злосны, пакуль супакоіцца,
Горш на скаціну, на людзі налёг.

Гусі і качкі гуртамі зьбіраюцца:
Хутка на поўдзень саўсім паляцяць;
Хэўра за хэўрай на рэчцы зьмяняецца;
Зранку крычаць, на вадзе лапацяць.
А. Гарун.

16. Мурашкі.

Абсохла зямля. Дзе-ні-дзе стала паказвацца зялёная травіца. На прыгорку, у лесе, весела гойдае сіняю галавою першая веснавая кветка—сон. У яго касматай галоўцы ўжо поўзае пчолка ды цалуе яго сінія лісточкі.
Усё варушыцца, прачынаецца ад зімовага сну і холаду, усё хоча глянуць на высокае сонца, што так шчыра аблівае сваім цяплом яшчэ мокрую зямлю. Сагрэла сонейка і мурашнік, каторы паўгода быў засыпаны сьнегам. Пачула цяпло і працавітая мурашка. Выпаўзла яна з зямлі, дзе сядзела ўсю зіму; за ёю выпаўзла другая, трэцяя. Вот ужо іх цэлая тысяча поўзае ды грэецца на сонцы. Пагрэліся ды зараз за работу—давай папраўляць сваю хату, папсованую сьнегам. А яшчэ дзянькі праз два-тры папаўзуць яны ў лес зьбіраць кусочкі хвоек, смолку, што скінула старая хвоя. А пападзецца на дарозе жук або хрушч, палепяцца яны за яго ды павалакуць яго да свае хаткі. Працавітае стварэньне мурашка! Многа чаго ёсьць павучыцца ў яе гультаю.

17. Жніво.

Рэдкае збожжа—травы палавіна.
Колас ня гнецца зярнём да зямлі.
Знаць, нешчасьліва была та часіна,
Як кідалі зерня сяўцы па ральлі.

Вышлі на поле вось жнеі з сярпамі
У лапцях лазовых, а хто без лапцей.
Ніва пустымі шуміць каласамі,
Ніва ня цешыць жаночых вачэй!

Цяжка ўздыхнуўшы, збаны пастаўлялі,
Клункі на межы паклалі жняі;
Бабы старыя свой твар пражагналі
Ціха за працу ўзяліся дзяўкі.

Горача ў полі. Эх, жар дакучае!
Праца марудна, бясконца цяжка.
Сьпіну і плечы ім боль адбірае,
Аж дзервянее у жнеек рука.

Збэрсана жыта, чапляецца колас.
Жменя нажата, разгнецца жняя,
Жыта паложыць на скручаны пояс.
Цяжкая, жнейка, работа твая!

Ціха на полі ў палудзень гарачы.
Хоць-бы дзе кусьціка рэдкая цэнь!
Толькі ў калысцы плач чуеш дзіцячы,
Нудна над вухам зьвініць авадзень.
Я. Колас.

18. Восень.

Луг даўно скошаны. Дзе ўлетку калыхалася зялёная трава і блішчэлі кветкі, там цяпер пуста, адны толькі дзябёлыя стагі стаяць па грудочках, як вежы. Маладзенькая травіца-атава блішчыць на сонцы. Ёй ужо ня вырасьці да старое. Буслы даўно пазьляталі з гнёзд ды ходзяць чародамі па лузе або кружацца высока-высока ў небе, усё роўна як радзяцца перад далёкай дарогай.
Жыта на полі зжата і зьвезена; авёс і ячмень—сабраны, толькі дзе-ні-дзе жаўцее палоска позьняга аўсу ці ячменю, ды пачарнелыя лапінкі грэчкі чакаюць сярпа. Картаплянік на картоплі павяў і апусьціў сухое лісьце, адны цыбуры тырчаць, як палкі. Глуха і нудна стала на полі. Ужо ня чуваць спакойнай гаворкі ціхага ветру з палоскамі збожжа, толькі іржышча гаворыць, што тут красаваліся пасевы. Ужо не трапечуцца ў небе жаваранкі з мілымі песьнямі. Прайшла вясёлая пара лета! Усё адцьвіло, адкрасавала.
Ціха і глуха стала ў лесе. Птушкі перасталі сьпяваць. Лісьце на дрэвах пасохла ды патроху асыпаецца на дол.
Сонца ня грэе так цёпла, як бывала ўлетку. Яно ўсё ніжэй і ніжэй ходзіць па небе. Неба часьцей і часьцей засьцілаецца хмарамі. Туманы закрываюць ад вачэй белы сьвет. Дробны дожджык імжыць, як праз сіта. Нудна і няпрытульна выглядае ўсё ўвосень!

19. Прылёт птушак.

Ціхая раніца. Сонейка толькі што ўзышло. У полі ляжыць яшчэ сьнег, толькі ўзгоркі чарнеюць. Лужынкі сьцягнуліся занач лядком, але ўжо чуваць вясну, і ўсё пазірае павеснавому.
Вышаў малы Янук на двор. Весела яму на сэрцы: прыгрэе сонца, добра будзе гуляць на дварэ.
Нешта зьвініць у небе тоненькім срэбным звонікам. Янук прыслухаўся: ня відаць нічога, а ў небе ціха разьліваецца тоненькая песенька, усё роўна як грае хто на срэбранай дудачцы. Гэта—жаваранка! І так весела Януку, што, здаецца, пацалаваў-бы мілую птушачку. Галубка, яна ўжо вярнулася з далёкага выраю ды зьвініць у ясным небе дзіўнаю песьняю!
Рад Янук, што першы пачуў жаваранку, ды пабег хваліцца сваім сябром. Дзеці выходзілі на двор слухаць першую песьню вясны. І ім было весела.
Кожную новую птушку дзеці сустракаюць з радасьцю. Цераз некалькі часу прылятае шпак. Холадна, туман, а ён і ня дбае: сьпявае на ўсё поле вясёлыя песьні, седзячы дзе-небудзь на голай бярэзіне, як-бы і холаду яму няма!
У канцы сакавіка зьбіраецца ўжо шмат птушак. У лесе сьпяваюць дразды, лясныя жаваранкі, а па балоце важна пахаджае бусел. Па стрэхах бегаюць падманкі ды трусяць сваімі доўгімі хвастамі. Ластаўкі прылятаюць пазьней, калі ўсё зазеляніцца ды зьявяцца мошкі.

20. Навальніца.

Вецер угаманіўся ды сьціхнуў зусім. Сонца высока стаіць на небе ды бяз жалю паліць зямлю. К поўдню сталі паказвацца вадзяністыя, з цемнаватымі сярэдзінамі, хмаркі. Сонца пачынае бродзіць па гэтых хмарках, і цень невялічкімі лапінкамі паціху поўзае па зямлі паводле таго, як ідзе сама хмарка ў небе.
З аднаго боку неба пачынае чуць-чуць цямнець. У тым месцы, дзе неба быццам стыкаецца з зямлёю, падымаецца хмара—чорная, страшная. Уперадзе, як горы, ідуць клубкамі, з чарнаватымі краямі, асобныя хмары. Яны расьцілаліся па небе, як дым, ды як-бы цягнулі за сабою чорную, густую, гладкую сьцяну.
Ціха, важна, спакойна, густа і страшна пракаціўся ў небе першы гром. Далёка над лесам бліснула маланка—яркая, борздая—ды накрыж перасекла хмару. Маланка часьцей ды ярчэй барануе неба, часьцей грыміць гром, і падыходзяць бліжэй і бліжэй хмары. Ціха зрабілася ўсюды.
Людзі, як мурашкі, забегалі па лузе, складаючы на скорую руку сена ў копы. У вадзін мамэнт тысячы коп сена вырасьлі на грудох. А лісьцік на дрэве, травінка пад кусьцікам, каласок у полі ані скалыхнуцца. Здаецца, увесь сьвет перастаў нават сапці. Птушкі змоўклі, конікі перасталі цьвіркаць у траве. Усё як-бы чакае чагосьці страшнага. На сэрцы і боязна, і неяк весела разам. А хмара ўсё чарнее. Кругом пацямнела, як-бы падыходзіў вечар. Гром гудзе ды гудзе бесьперастанку. Павеяў вецер ды пагнаў перад сабою пыл і сухое лісьце. Над галавою бліснула маланка, а за ёю раптам трэснуў гром, аж усё затраслося і закалацілася. Кінуліся першыя буйныя каплі, і дождж з ветрам паліўся, як з вядра.

21. Вожык.

Ці трымалі вы калі-небудзь вожыка? Калі не, то папрабуйце. Гэта вельмі цікавае стварэньне, а калі ёсьць у хаце мышы, дык будзе вялікая карысьць, бо вожык умее лавіць мышы лепш за ката.
Дзікі вожык спачатку баіцца чалавека, але потым прывыкае ды пачынае жыць у хаце, як кот ці сабака. Улетку вожык есьць жукі, конікі, чарвякі; узімку ловіць мышы, любіць булку з малаком, есьць і садовіну, а калі няхват гэтага корму, то будзе есьці ўсялякае мяса.
Усю зіму вожык, калі жыве на волі, сьпіць, закапаўшыся дзе-небудзь у мох. Сон гэты, як відаць, патрэбен вожыку, бо калі ня даць яму заснуць, то ўлетку ён хварэе, а часта і здыхае; дзеля гэтага яму трэба даць заснуць хоць на адзін месяц.
У няволі вожык можа пражыць некалькі гадоў, калі яго добра даглядаць. Нядобра толькі трымаць вожыка ў хаце дзеля таго, што ён цэлую ноч шныпарыць па хаце ды не дае спакойна спаць. Але часамі ўдаецца адвучыць яго ад гэтага, толькі нельга стрымаць вожыка ў месячную ноч: тады ён робіцца вельмі рухлівым, трывожыцца ды бегае па хаце.

22. Маладыя ліскі.

Выкапаў чалавек з нары двух маленькіх ліскоў ды прынёс дадому. Яшчэ здалёк сустрэлі бацьку дзеці ды глядзелі, што гэта ён нясе ў мяшку пад пахаю. Выпусьцілі перш аднаго. Сьмешны быў маленькі зьвярок: мызка вострая, сам маленькі, рыжанькі, хвосьцік калматы. Глянуў ён на дзяцей ды, мусіць, засароміўся, бо апусьціў вочы ўніз. Выпусьцілі і другога ліска. Глянулі яны адзін на аднаго ды стрымгалоў кінуліся ў цёмны куток.
Як ні стараліся дзеці выпараць іх адтуль, нічога не памагала, толькі праз некалькі дзён пачалі яны вылазіць з-пад полу. Есьці ўзяліся адразу. Вельмі любілі яны маладых варанят або якое-небудзь мяса. Удзень, калі ў хаце было ціха, ліскі вылазілі з-пад полу ды пачыналі дурэць. Яны лавілі мух, прыціскаючы іх лапкаю. Пабегаўшы па хаце, ліскі пачыналі дурэць самі сабою: бегалі, куляліся, дужаліся. Калі хто-небудзь бывала засьмяецца, то яны кулём кідаліся ў свой куток. Уначы яны так моцна дурэлі, што не давалі спаць.
Гаспадар вынес іх на гору. Там, думаў ён, замінаць нікому ня будуць, і ім самім ляпей будзе.
Гэтага і трэ’ было ліском. Хоць малыя, але хітрыя. Увесь час, як былі ў хаце, шукалі яны здарэньня, каб уцячы, але ня было як. А на гары знайшлі яны пад стрэхаю дзірку ды паскідаліся абое на зямлю. Азірнуўшыся навокала, яны адразу памчаліся ў лес, што відаць быў недалёка.

23. Рысь.

Часта ў нас на сярдзітых нягодных людзей кажуць “рысь”. Чаму гэта так?
Даўней у нашых лясох вадзіўся такі зьвер, якога звалі рысь. Гэты назоў стаў мянюшкаю на сярдзітых, нягодных людзей. І праўда, трудна знайсьці такога сярдзітага нягоднага зьвера, як рысь. Адзін погляд яго паказвае, што гэта люты зьвер. Вочы яго вялікія, лупатыя, з касматымі бровамі, мыза страшная, скалазубая, на лапах—доўгія вострыя кіпці, на вушох—касмыкі шэрсьці, сам рыжы, увелькі з сабаку. Жыве ён у глухіх лясох і лазіць па дрэвах, як кот. Рысь нападае на ўсякую жывёліну, якая ня мае такіх вострых пазуроў і крэпкіх зубоў. Бывалі здарэньні, што рысь і на чалавека кідаўся. Бараніцца ад яго вельмі трудна, бо ён нападае спатайка, зьнячэўку, проста з дрэва, дзе сядзіць.
Калі рысёў было ў нас многа, яны рабілі вялікую шкоду. Пасе пастух гавяду ў лесе. Усюды ціха, спакойна. Пачынае зьбіраць ён каровы ў гурт, дамоў гнаць, і толькі тады агледзіцца, што тая ці іншая карова папсована. Рысь часта выдзіраў у каровы вымя. Сама карова абараніцца ня можа, бо рысь вёрткі, як кот, і калі пастух быў далёка, то рысь пасьпяваў зрабіць сваё нягоднае дзела.
Вось за такія нягодныя ўчынкі, за тое, што чалавек б’ецца і дзярэцца, часамі прадражняць такога чалавека рысем.

24. Сьвята Першага Мая.

У рабочых і сялян усяго сьвету, усёй зямлі, ёсьць адно вялікае сьвята: гэта сьвята—Першае Мая. Сьвята першага мая было заснована ў Францыі ў горадзе Парыжы ў 1889 годзе. Туды зьехаліся рабочыя з усіх старонак сьвету, каб лепш абмеркаваць свае справы, як бараніцца ад паноў і багатыроў, як зьнішчыць вайну, як дабіцца зямлі і волі. І калі яны абмеркавалі свае справы, то пастанавілі, каб першага мая ўвесну было сьвята рабочых усяго сьвету, бо як увесну ўся прырода абуджаецца ад сну, так і рабочы мусіць абудзіцца ад свайго ўціску, клікаць сваіх таварышаў—рабочых і сялян—падняць свае галовы да яснага неба ды ісьці на змаганьне з сваімі ворагамі. Бо чаму рабочаму жывецца цяжка? А таму, што ён працуе хоць і вельмі многа, а карысьці мае зусім мала. І вось рабочыя ў Парыжы пастанавілі, каб у дзень першага мая ўсе працоўныя кідалі сваю працу, выходзілі з рэволюцыйнымі сьпевамі і чырвонымі сьцягамі на вуліцу і трэбавалі ад каралёў і паноў паляпшэньня дабрабыту працоўных.
Пасьля гэтай пастановы Першае Мая зьяўляецца важнейшым сьвятам працоўных. А багатыры з страхам глядзелі на пролетарыят, які падняў галаву і зразумеў прычыну свайго цяжкага жыцьця. Багатыры баяліся гэтага сьвята і заўсёды стараліся перашкодзіць рабочым сьвяткаваць яго: пагражалі расстрэлам, не плацілі за гэты дзень рабочым, а ў некаторых старонках разганялі рабочых і нават стралялі ў іх. На Беларусі і ў Расіі бадай што зусім нельга было сьвяткаваць Першага Мая: рабочых разганялі, арыштоўвалі і стралялі ў іх. І толькі цяпер, калі ўся ўлада знаходзіцца ў руках працоўных, гэтае сьвята кожны год адбываецца з такою ўрачыстасьцю, з якою яно мала дзе сьвяткуецца.

Цэтлікі: ,

Ответить

  Проверка PR и ТИЦ
Нашы сябры:
Казкі беларускія!