Я. Лёсiк. БЕЛАРУСКI ПРАВАПIС (III)
Суб, 17 снежня 2011
(Менск, 1929)
§ 12. Правапіс іменьнікаў.
1. а) Назоўны склон адзіночнага ліку.
ПРАВІЛА 24. Калі іменьнікі стаяць у назоўным склоне адзіночнага ліку, то
1) на канцы жаночага роду пішацца пры цьвёрдай аснове а, а пры мяккай аснове—я: вёска, рэчка, як сястра, вада; доля, вішня, як зямля, гульня;
2) на канцы ніякага роду (і ў вінавальным склоне) пішацца пры цьвёрдай аснове пад націскам о, бяз націску а: сяло, гняздо; мора, вока; а пры мяккай аснове пад націскам ё, бяз націску е: жыцьцё, гальлё, поле, сьмецьце, чытаньне.
Толькі ў такіх словах, як: цемя, вымя, рамя, бярэмя, стрэмя, зерня на канцы будзе я, як імя, кураня, парася і інш.
Практыкаваньне 32. Ня разам Вільня збудавалася. Нас запрасілі на вясельле. Лазьня стаяла за гумнамі. Яго доля ў канцы поля. Наша поле багата родзіць. Пры гасьцінцы стаяла кузьня. На хаценьне ёсьць цярпеньне. Няволя і плача, і скача. Старая чарэшня ссохла. Не канечне яму яечня. Поле роўна ляжыць, да гуляць не вяліць. Вам незнаёма нядоля людзкая, беднага жыцьця нуда. Змалочанае зерня веюць. Загула малатарня ў халодным асеньнім паветры. Полымя ахваціла ўвесь будынак. Гаспадыня падала сьнеданьне. Белае поле, чорнае насеньне, хто яго сее, той разумее (пісьмо). Чую прычытаньне, чую плач я нечы. Іван любіў езьдзіць на паляваньне. Гняздо сваё вожык робіць з сухога лісьця. Ускінуў бярэмя на рамя. Вецьце было купчастае. Дарма надзея была. Дурное палажэньне і добраму спакушэньне. Шчасьце цьвіло тут, як макавы цьвет. Круціць вецер сухое лісьце. Ня мела баба клопату, дык купіла парася. Стаіць хвоя на кургане. Сям’я душ трыста, багата, а ўсяго два локці хата. Сьвіньня стала рыць карэньне. Вецер паламаў гальлё. Настала добрае жыцьцё.
Задачка 23-яя. Сьпісаць і замест рысак паставіць літару я або е.
Круглае пол—. Шчасьц— цьвіло тут, як макавы цьвет. Няшчасьц— ў дзецях—няшчасьц— ў лецях. Лазьн— стаяла за гумнамі. Нас запрасілі на вясельл—. Пры гасьцінцы стаяла кузьн—. На хаценьн— ёсьць цярпеньн—. Нявол— і плача, і скача. Старая чарэшн— ссохла. Не канечне яму яечн—. Пол— роўна ляжыць, да гуляць не вяліць. Поўна пун— авец. Загула малатарн—. Змалочанае зерн— веюць. Падае сухое лісьц— з дрэў. Стала пол— чыстае. Белае поле, чорнае насеньн—; хто яго се—, той разуме—. Чую прычытаньн—, чую плач я нечы. Брат любіў езьдзіць на паляваньн—. Чалавек мае ўяўленьн— і сумленьн—. Сьмецьц— выносяць на сьметнік. Вецьце было купчастае. Студн— была на панадворку. Не караньн—, а сваё дураваньн—. Нядзел——сёмы дзень у тыдні. Гаспадын— падала сьнеданьн—. Полым— ахваціла ўвесь будынак. Ускінуў бярэм— на рам—. Дарма надзе— была. Спаленай нівы жаданьн— ня збыта: міма хмурынка прайшла. Усё пра шчасьц— нам казала. Пазычаньн— на неадданьн—. Зельл— заглушыла грады. Карэньн— пасохла. Няхай плачам у сіняй далі песьн— разальлецца! Круціць вецер сухое лісьц—.
б) Назоўны склон множнага ліку.
ПРАВІЛА 25. Іменьнікі множнага ліку ў назоўным склоне для ўсіх радоў маюць пры цьвёрдай аснове канчатак ы, а пры мяккай і гартаннай (заднянёбнай) аснове—і: браты, хлопцы, гарады, подпісы; вокны, колы, нябёсы; сёстры, галовы, каліны; кавалі, рогі, краі, салаўі; полі, здарэньні, іменьні; дулі, ногі, рукі, і г. д. Але ад гэтага правіла здараюцца такія адступленьні:
1) Некаторыя іменьнікі з цьвёрдай асновай, апроч звычайных канчаткаў множнага ліку (ы), маюць і другія канчаткі, напр.:
а) іменьнікі з суфіксам—ан—ян ужываюцца і з канчаткам е, хоць лепш пісаць ы: селянін—сяляны—сяляне, мешчанін—мяшчаны—мяшчане, цыган—цыганы—цыгане, мінчанін—мінчаны—мінчане, баярын—баяры—баяра (тут гук “а” заместа гука “э” пад уплывам аканьня).
б) іменьнікі з суфіксам—ат—ят (назовы маладых жывёлін) ужываюцца і з канчаткам а, але лепш пісаць ы: кураня—кураняты—куранята, лісяня—лісяняты—лісянята, ваўчаня—ваўчаняты—ваўчанята, цяля—цяляты—цялята; таксама небажа—небажаты—небажата, дзяўча—дзяўчаты—дзяўчата, курча— курчаты—курчата і інш.
Часам ужываюцца і такія формы: рукаў—рукавы—рукава, вароты—варота, дровы—дрова.
2) Наступныя іменьнікі з цьвёрдаю асноваю маюць канчатак і заместа ы: сусед—суседзі, люд—людзі, гон—гоні (пэўная мера зямлі), чорт—чэрці, калена—калені; радзей сустракаецца ў гэтых словах канчатак ы: чарты, суседы, гоны, калены.
2. а) Родны склон адзіночнага ліку.
Канчатак а—я.
ПРАВІЛА 26. У родным склоне адзіночнага ліку канчатак а—я маюць іменьнікі мужч. роду, калі азначаюць:
1) прадмет жывы: сына, брата, кума, свата, гаспадара, пісара, стоража, Язэпа, Васіля, Грыгора, каня, вала, воўка і ваўка, сокала і сакала, ільва, вераб’я, салаўя, вужа, зьмея і г. дал.
2) прадмет няжывы, але непадзельны, г. зн. такі, часьць якога ня можа назвацца імем цэлага прадмета: бота, плуга, сярпа, нажа, пня, кошыка, малатка, стала, коласа, мяшка, куста і пад.
3) названьні часьцей цела: пальца, кіпця, языка, зуба, вуса, локця, носа і г. д.
4) названьні месяцаў: месяца кастрычніка, лістапада, сьнежня, студня, мая, траўня, чэрвеня, ліпня, жніўня і г. д.
5) названьні мер, грошай, танцаў: сажня, гарца, хунта, пуда, мэтра, літра і пад.; граша, рубля, траяка, шэлега, франка, даляра і пад.; казака, вальца і пад.
6) канчаткі а—я ў родным склоне маюць і іменьнікі ніякага роду адзіночнага ліку: сяла, акна, вядра, мора, неба, поля, шчасьця, жыцьця, гальля і г. д.
Канчатак у—ю.
Канчатак у—ю ў родным склоне адзіночнага ліку маюць іменьнікі мужч. роду, калі яны азначаюць:
1) названьні матэрыялаў і наогул няжывых прадметаў, часьць каторых наз. імем цэлага прадмета: цукру, тутуну, алею, сьнегу, дыму, туману, попелу, пяску, прыску, агню, моху, граніту, паперу, лёду, шроту, палыну, дажджу, гароху, ячменю, кісялю, дёгцю, шоўку, аксаміту і г. д.
2) разумовыя паняцьці: розуму, жалю, гневу, сну, часу, клопату, суму, болю, страху, смутку, запалу, поступу, грому, лому, рынку, веку, року, роду, міру, дару, усходу, заходу, ценю, звычаю, пакою, жару, прымусу, сьвету, краю, адпачынку, торгу і пад.;
3) прадметы зборныя: люду, натоўпу, народу, лесу, гаю, бору, саду, хвойніку, ельніку, бярэзьніку і пад.;
4) іменьнікі чужаземнага пахаджэньня: факту, акту, дакумэнту, фундамэнту, экзаміну, працэнту, працэсу, курсу, тому, мэталу, ганку, пляцу, маху, гатунку, густу, гумару, кантракту, камісарыяту, інстытуту, унівэрсытэту і пад.;
5) часам адзін і той-жа іменьнік у родным склоне ўжываецца то з канчаткам а-я, то з у-ю ў залежнасьці ад таго, што ён абазначае, напр.:
а) калі абазначае асобны прадмет з пэўнаю формаю, то будзе канчатак а-я: няма (асобнага прадмета) каменя, гада, зьвера, ліста, папера (дакуманта, напр.);
6) а калі гэтым-жа іменьнікам абазначаецца нешта зборнае, то будзе канчатак у-ю: “няма каменю” (каменьняў, масы); “там зьверу шмат і ўсялякага гаду”; “назьбіралі лісту”; “не хапіла паперу”; “ня было вечару” (забавы), але “чакаў вечара” (канец дня);
6) у некаторых словах у родным склоне канчатак а-у ўжываецца аднолькава, з роўным значэньнем, напр.: з моста і з мосту, аўса і аўсу, чацьвярга і чацьвяргу, дня і дню, плота і плоту, дома і дому, да поўдня і да поўдню, з воза і з возу;
7) у назовах гарадоў, рэчак, краёў, сёл, вёсак родны склон канчаецца: а) у вадных выпадках на а (я): з Барысава, з Рагачова, з Кракава, з Магілёва, з Міра, з Любліна, з Кіева, з Капыля, з Сьвержына і пад.;
б) у другіх ужываюцца абудвы канчаткі—а (я)—у (ю): з Гомеля і з Гомелю, з Нясьвіжа і з Нясьвіжу, з Бэрліна і з Бэрліну, з Парыжа і з Парыжу;
в) а ў трэціх ужываецца заўсёды канчатак—у (ю), калі аснова канчаецца на к: з Менску, Слуцку, Смаленску, Полацку, а таксама ў іменьніках: з Каўказу, Крыму, Ягіпту, Тыфлісу, Дону, Дунаю, Лёндону, Рыму, Мадрыду.
Практыкаваньне 33. На вуліцу сьмецьця ня выносяць. Прыглядайцеся да жыцьця белага сьвету. За туманам сьвету ня відно. Маленькі сабачка да веку шчаня. Нідзе агню ня відно. Жаўцеюць палоскі позьняга аўсу ці ячменю. Бегала ліска каля лесу блізка. Без правадыра войска гіне. За вачыма сьвету ня бачыць. Няма дыма без агню. Вада затапіла многа берагу. На беразе стаяла многа народу. Далёка ад нашага краю ёсьць вялікія азёры, або моры. Ад чужога шалу ў галаве круціцца. У чужую галаву розуму не накладзеш. Шукай ветру ў полі. Каяньне ёсьць, да павароту няма. Голы разбою не баіцца. У страха вочы вялікія. Ня мела баба клопату, дык купіла парася. Без абручыка, бяз дна—нідзе дзірачкі няма (яйцо). Пасярод лесу дзежка кісьне (яблык). Не разьбіўшы гаршчочка, ня будзеш есьці кашкі (арэх). Тань, да тавару ня гань. З чужога коніка і ў гразі злазяць. Нават свойскія качкі і гусі пачуваюць час выраю. Усе птушкі слухаюць свайго правадыра. Каля шляху, у чыстым полі, магіла стаіць. Недалёка ад берагу было падводнае каменьне. Баючыся трэску, і ў лес ня трэба хадзіць. Штодня варкатня.
Задачка 24-ая. Сьпісаць і паставіць канчаткі а—я або у—ю.
У чужое проса ня сунь нос—. Няма дыму без агн—. У пужлівага купц— ні грошай, ні тавар—. Маленькі сабачка да век— шчаня. Гэтага цьвет— па ўсім сьвету. За туманам сьвет— ня відно. І дн— таго няма, каб было спакойна. Нідзе агн— ня відно. На гэта ня было ўгавор—. Жаўцеюць палоскі позьняга аўс— ці ячмен—. Вада залівала многа бераг—. Далёка ад нашага кра— ёсьць вялікія азёры, або моры. З вялікага гром— часам малы дождж бывае. Дожджык— просіць зялёнае жыта. Хоча даждж— ярына. У страх— вочы вялікія. Ня мела баба клопат—, дык купіла парася. Без язык—, а мудра гаворыць (кніга). Без абручык—, бяз дна—нідзе дзірачкі няма (яйцо). Пасярод лес— дзежка кісьне (яблык). Багатаму шкада карабл—, а беднаму кашал—. Не разьбіўшы гаршчочк—, ня будзеш есьці кашкі (арэх). Паложана пячаць, без тапар— не пачаць (лёд). Бегала ліска каля лес— блізка. Бяз провад— войска гібне. Ні род—, ні плод—, як бел-камень у воду. Ані гарэлага шэлег— няма. Што з воз— ўпала, то прапала. Баючыся трэск—, і ў лес ня трэба хадзіць. Дай каню аброк—, прыедзеш к сроку. Шукай ветр— ў полі. Мур— лобам не разаб’еш. За посул гнев— няма. З поўначы цёмнае, сівер— дальняга нудная восень прыйшла; з луг— зялёнага жыцьце-красу прыняла. Недалёка ад бераг— было падводнае каменьне. Ад холад— мошкі зашываюцца ў шчыліны. Нават свойскія качкі і гусі адчуваюць час выра—. Усе птушкі слухаюць правадыр—. Каля шлях—, у чыстым полі, магіла стаіць. Свайго розум— нікому ня ўложыш.
б) Родны склон множнага ліку.
I. Мужчынскі род.
ПРАВІЛА 27. 1) У родным склоне множнага ліку ўсе іменьнікі мужч. роду звычайна маюць пад націскам канчатак оў—ёў: братоў, сталоў, пнёў, ласёў, а не пад націскам—аў—яў: народаў, страхаў, локцяў.
2) Некаторыя іменьнікі мужчынскага роду множнага ліку маюць чыстую аснову (без канчатку), напр.:
а) іменьнікі з устаўкаю ан—ян: сяляне—сялян, мяшчане— мяшчан, цыгане—цыган;
б) таксама словы: дзень, раз, год, чалавек, рог і інш., напр.:
сем дзён, сто раз, шэсьць год, дзесяць чалавек, некалькі рог (заместа “нёў”, “разоў”, “гадоў”, “чалавекаў”, “рагоў”).
3) Тры словы мужч. роду: госьць, конь, грош, у родным склоне множнага ліку пад націскам маюць канчатак ей, а не пад націскам—ай—яй: госьць—гасьцей, конь—коняй, грош—грошай, як людзі—людзей, а часам—лапцей. (Вышлі на поле жнеі з сярпамі ў лапцях лазовых, а хто без лапцей. Я. Кол.).
II. Ніякі і жаночы род.
А. 1) Родн. склон множн. ліку іменьнікаў ніякага роду ўжываецца без канчаткаў (можа мець чыстую аснову) і з канчаткамі мужчынскага роду—оў (еў)—аў (яў), напр.: возера—азёр—азёраў, дрэва—дрэў—дрэваў, лета—лет—летаў, места—мест—местаў, месца—месц—месцаў, вядро—вядзёр—вёдраў, карыта—карыт—карытаў, неба—нябёс—нябёсаў, слова—слоў—словаў, поле—поль—палёў, пісьмо—пісем—пісьмаў, вокны—акон—вокнаў, палотны—палацён—палотнаў, вогнішча—вогнішч—вогнішчаў, вароты—варот—варотаў, дровы—дроў—дроваў, калёсы—калёс— калёсаў і г. д.
2) Заўсёды прымаюць канчатак—аў (яў):
а) дзеяназоўнікі, напр.: адкрыцьцяў, апавяданьняў, здарэньняў, пытаньняў, перажываньняў, стварэньняў, а таксама пачуцьцяў, прыслоўяў і пад.;
б) іменьнікі зборныя ў тых разох, калі яны прымаюць форму множнага ліку, напр.: каменьня—каменьняў, карэньня—карэньняў, лісьця—лісьцяў, крыльля—крыльляў, кольля—кольляў і пад.;
в) у родным склоне множн. ліку заўсёды прымаюць канчатак—аў іменьнікі ніякага роду, што канчаюцца на ства, цтва, дзтва, напр.: гаспадарства—гаспадарстваў, земства—земстваў, лякарства—лякарстваў, таварыства—таварыстваў, выдавецтва—выдавецтваў, брацтва—брацтваў, суседзтва—суседзтваў, ваяводзтва—ваяводзтваў і пад.
Б. 1) Іменьнікі жаноч. роду ў родным склоне множн. ліку часьцей маюць форму чыстае асновы, без канчатку, напр.: галоў, выгод, губ, вод, гор, дарог, дашчок, зор, кароў, ног, рук, пчол, сьлёз, канапель, сарочак, мух, круп, ліп, лісіц, дачок, сясьцёр, маладзіц і пад.
2) Але гэтыя іменьнікі могуць мець і канчаткі мужч. роду— аў (яў), напр.: мухаў, крупаў, маладзіцаў, ліпаў, лісіцаў, сёстраў, пчолаў і г. д., прычым іменьнікі на—ня пры зьбегу двух зычных у канцы асновы найчасьцей ужываюцца з канчаткам—яў, напр.:
вішня—вішняў, кнігарня—кнігарняў, лазьня—лазьняў, пякарня—пякарняў, студня—студняў, цагельня—цагельняў, швальня—швальняў, кузьня—кузьняў і г. д.
3) Іменьнікі жаноч. роду на—ыя—ія і падобныя, з асноваю на й могуць мець у родным склоне множн. ліку форму чыстай асновы, на й, напр.: гісторыя—гісторый, нацыя—нацый, правінцыя—правінцый, шыя—шый, камісія—камісій, пэнсія—пэнсій, фамілія—фамілій, зброя—зброй, завея—завей, надзея—надзей, а таксама жняя—жней, сьвіньня—сьвіньней і пад.
4) Іменьнікі мужч. роду на—а (я) у родным склоне множн. ліку маюць дваякую форму—з канчаткамі і без канчаткаў, напр.: ваявод—ваяводаў, дзядзек—дзядзькаў, стараст—старастаў, судзей—судзьдзяў і г. д.
5) Пры зьбегу двух ці больш зычных у канцы асновы ў тым выпадку, калі форма роднага склону множн. ліку супадае з чыстаю асноваю, паміж зычнымі зьяўляюцца “ўстаўныя” галосныя гукі—пад націскам—о—ё,—а не пад націскам—а—е,—напр.: кросны—красён—кросен, вёдры—вядзёр—вёдзер, землі—зямель, песьні—песень, палотны—палацён—палоцен, лазьня—лазень, вішня—вішань, вокны—акон—вокан, жорны—жарон—жоран, сарочкі—сарачок—сарочак, а таксама: жанок, дачок, матак, цётак, галак, сосен, лялек, шпілек, жнеек, двоек, троек, грэбель, грывень, дзядзек, бацек, але ласк, верб, ведзьм, зьвёзд, высп, форм, вёрст, стараст.
Увага: 1) Устаўное е застаецца ў такіх разох, як у васнове пасьля націску: кросен, палоцен, песень, лазень. (Бач. прав. 14).
2) Такія ўстаўныя гукі бываюць і ў скарочаных прыметніках іменных (бач. § 13, прав. 39).
Практыкаваньне 34. Накапаў ён (Нёман) ям і нораў. І насіў ты (Нёман) крыгаў горы. Колькі новых малюнкаў, сьвежых мотываў і таемных здарэньняў абяцаюць яны (гасьцінцы) вачом і сэрцу падарожнага. Многа страшных здарэньняў успомнілі хлопцы. Дзе прыгляднікаў многа, там посьпеху мала. Зьвініць вясёлых бомаў медзь. Вожыкі робяць сабе гнёзды з лісьцяў. Кажаны ня робяць сабе гнёздаў на зіму. На галінах дрэў птушкі спаць ляглі. У ваднае мацеры пяць сыноў. Ішло хлопцаў дваццаць пяць—пасьля зімы сьляды знаць (барана). Далёка я ад межаў родных. Збожжа пажатае з ніваў пазвожана. У хлопцаў былі поўныя кошыкі баравікоў. Вецер ліст з палёў атрос. Льлецца Нёман паміж гораў сьветлы, чысты, як з расы. Станьце, хмурынкі, над рубяжамі родных палеткаў, шнуроў. Толькі-ж ня слухае неба іх мовы—жальбы ржаных каласоў. Шум некі ад пушчаў нясецца.
Практыкаваньне 33. Сьпісаць і формы роднага склону іменьнікаў мужч., жаноч. і ніякага роду множн. ліку падчыркнуць.
Гасьцей з усіх валасьцей. Няхай нас сустрэнуць з касамі, з сярпамі грамады працоўных людзей! Дзе нянек многа, там дзіця бязнога. Аж дзервянее ў жнеек рука. Поўна хата людзей—нідзе ні вокан, ні дзьвярэй (гарбуз). Стаіць Рыгор паміж гор, палкаю падпёршыся, шапкаю накрыўшыся (грыб). З сямі поль пшанічанька, з васьмі крыніц вадзічанька, дзевяці кароў масла, а яец паўтараста (п.). Лятала стада курапатак па полю, вялі зязюлечку з сабою (п.). Саладок мядок для нашых дзяток.
Дзеці набралі сабе лялек. Калі сам ня знаеш, то ў людзей пытай. Ліс хоць сьпіць, але курэй бачыць. У нашым садзе многа вішань. Ляціць бяз крыл у гадзіну сто міль (вецер). На сем вёрст адзін мост. Семсот сарочак, семсот намётак, а падзьме вецер, адкрые ўсё цела, хоць адзежа на ёй цэла (птушка, курыца). Рук ня мае, а піша (мароз). Купіў-бы сяло, але грошай гало. Коняй патапілі, сукні памачылі. Ёсьць у нашым краі многа азёр. Людзі любяць сяліцца каля рэчак. Сонца блеск свой апусьціла на зямлю з высот. Ты куды бяжыш, дарога,—тканка ног і кола? Скажу табе бяз спорак: мне ўжо хлеб твой стаў горак.
3. Месны склон адзіночнага ліку.
Месны склон мае канчаткі: 1) е—э, 2) і—ы і 3) у.
ПРАВІЛА 28. 1) На е канчаюцца іменьнікі ўсіх родаў з цьвёрдай асновай, прычым аснова заўсёды зьмякчаецца, напр.: сын— пры сыне, дуб—на дубе, стол—на стале, пакос—на пакосе, мароз—на марозе; яма—у яме, маліна—у маліне, галава на—галаве, мова—у мове, сасна—на сасне; акно—у акне, слова—аб слове, крыло—на крыле, ярмо—у ярме, гаспадарства—на гаспадарстве, пісьменства—у пісьменстве, жабрацтва—у жабрацтве і г. д.
а) Калі аснова канчаецца на г і х, то гэтыя гукі зьмяняюцца на з і с, напр.: парог—на парозе, бераг—на беразе, луг—на лузе, слуга—пры слузе; нага—на назе, дарога—пры дарозе; гарох—у гаросе, кажух—у кажусе, страх—у страсе; саха—на сасе, страха—на страсе, мачыха—пры мачысе, Лявоніха—пры Лявонісе, муха—на мусе, вуха—на вусе і г. д;
б) Калі слова канчаецца на д—т, то гэтыя гукі зьмяняюцца на мяккія дз—ц, напр.: агарод—у вагародзе, горад—на горадзе, град—аб градзе, сад—у садзе, народ—у народзе, ваявода—пры ваяводзе, вада—на вадзе, бяда—у бядзе, свабода—на свабодзе, калода—на калодзе; гняздо—у гнязьдзе; брат—пры браце, сват—на сваце, сьвет—у сьвеце, плот—на плоце, мост—на мосьце; хата—у хаце, работа—на рабоце, рута—у руце, мята—у мяце, сіта—у сіце, жыта—на жыце, лета—аб леце, места—у месьце, рэшата—у рэшаце і г. д.
На э канчаюцца: а) Іменьнікі жаночага роду з асноваю на к, калі націск прыходзіцца на канчатак: на руцэ, у руцэ, на рацэ, у рацэ. (Рыба ў рацэ, да ня ў руцэ).
б) Здараецца і мужчынскі род з асноваю р у месным склоне з канчаткам э: на дварэ, у дварэ.
2) Канчатак і маюць: а) Іменьнікі ўсіх радоў з мяккім зычным перад канчаткам (з мяккай асновай): на кані, па камені, па локці; па зямлі, у кузьні, на косьці, па полі, на гальлі, пры жыцьці.
б) Іменьнікі мужчынскага роду, што канчаюцца ў назоўным склоне адзіночнага ліку на й: гай—у гаі, Дунай—на Дунаі, рай— у раі, салавей—пры салаўі, верабей—на вераб’і.
Канчатак ы маюць іменьнікі ўсіх радоў з асноваю на зацьвярдзелыя гукі: ж, ч, ш, ц, р: на нажы, па абручы, у салашы, на канцы, па бары, на тапары; у дзяжы, па печы, на душы, у кашы, па вуліцы, на гары; на плячы, на вогнішчы, на сонцы, у дабры, па моры і г. д.
в) Канчатак ы прынялі ўсе іменьнікі жаночага роду з асноваю на к, прычым к зьмяняецца ў ц, напр.: граматыка—у граматыцы, лаўка—на лаўцы, матка—пры матцы, навука—у навуцы, рэчка—на рэчцы, шапка—у шапцы, казка—у казцы, жаваранка— аб жаваранцы, і г. д.
Увага: Іменьнікі жаночага роду адзіночнага ліку ў давальным і месным склоне заўсёды маюць аднолькавыя канчаткі: к зямлі—на зямлі, к галаве—па галаве, к гары—на гары і г. д.
3) а) Калі іменьнікі мужч. роду з асноваю на зацьвярдзелыя гукі: ж, ч, ш, ц, р азначаюць асобу чалавека, то месны склон мае аднолькавы канчатак з давальным, гэта значыць—у: к мужу—пры мужу, Лукашу—на Лукашу, Багдановічу—пры Багдановічу, Грыгору—на Грыгору, купцу—на купцу, немцу—па немцу, кітайцу—пры кітайцу.
б) У месным склоне таксама будзе канчатак у (як і ў давальным), калі іменьнікі мужч. і ніякага роду маюць аснову на к: на суку, у Менску, у Слуцку, пры чалавеку, аб ваўку; на воку, на веку, у малаку.
в) У іменьніках мужч. р. з канчаткам на а (з цьвёрдаю асноваю) у месным і давальным склоне часьцей бывае канчатак у, хоць ужываюцца і звычайныя канчаткі, напр.: пры мужчыну, на старасту, пры Купалу, на Манюшку, таксама і пры Янку, пры бацьку, на дзядзьку, па сабаку і пад.
Увага: Калі іменьнікі мужч. і ніякага роду маюць аснову на г ці х, то месны склон можа мець таксама канчатак у, як і з асноваю на к: у страху, на парогу, у вуху, на воку; але калі гартанная аснова зьмякчаецца, то будзе канчатак е ці ы: у страсе, на парозе, па вусе, на воцы: толькі заўсёды “на шляху”.
Практыкаваньне 36. Паліўся срэбрам сьпеў прыгожы ў далёкай сіняй вышыні. Цэлы гай старасьвецкіх дубоў раскінуўся па беразе рэчкі. Ціха месяц адзінокі ходзіць у небе над зямлёй. Усё зьмяшалася ў тумане. Толькі на лузе блішчыць яшчэ сьнег і лёд. На злодзеі шапка гарыць. Бяда не па лесе, а па людзях ходзіць. Дзесятая вада на кісялі. Над збожжам убогім вецер гуляе на волі. У белым сьнезе маладняк. Ходзяць па полі ў задуме мужчыны. Моцна хлопец занудзіўся па бацьку, па маме. На старасьці дзьве радасьці. Пад стольлю ў павуціне б’ецца муха-сіраціна. На гальлі старога дуба было буслава гняздо. Кветка красуе на грунце ўбогім. Сьвежая магіла выкапана ў доле. Узімку ў лесе і на полі шмат менш птушак і зьвяроў. Салавейка жыў у зялёным гаі. Зябнуць вербы на марозе. Ходзіць шум па лесе. Пастушкі сядзелі пры агні. Каня водзяць на вобраці. Многа смутку ў песьні гэтай. Быў на кані і пад канём. На дварэ было цёмна, як у скляпеньні. Па сіняй раўніне за хмаркаю хмарка плыве. У хаце сьвяцілася газьніца.
Практыкаваньне 37. Ярка на камінку смольны корч палае. Бацька на калодцы лапаць выплятае. Птушка сядзела на суку. На гасьцінцы рос стары беразьняк. І на сонцы ёсьць плямы. Нудна на сэрцы. Маладзенькая травіца блішчыць на сонцы. У ціхую пагоду хораша на моры. Па возеры плавалі гусі і качкі. Вада ў моры горка-салоная. Марскія стварэньні і расьліны ў рэчцы ці ў возеры жыць ня могуць. Ката ў мяшку ня купляюць. Будзе кірмаш і на нашай вуліцы. На вяку ўсяго нажывеш. Шкадлівай кошцы хвост уцінаюць. На сваім сьметніку і певень сьмелы. На ўзгорку былі сялянскія могілкі. Ня кукуй ты, шэрая зязюля, сумным гукам у бары! Сірату пакінулі жыць пры купцу. Рана была на пальцы. Агонь разлажылі на леташнім вогнішчы. Блішчалі зоры ў нябесным прасторы. Не адзін Гаўрылка, што ў Полацку. Старой бабцы хораша і ў шапцы. Пры цару была паншчына. А воўку памоўка, а воўк тут. Быць бычку на лычку, а кароўцы на вяроўцы. На пажарышчы часова стаяла новая будова. У канцы грэблі шумяць вербы. За сялом, у полі, у жоўценькім пясочку пахавала маці маладую дочку. Ня было уцехі ў мацярынскім горы. На абшары тым шырокім прыгожа нівы красавалі.
Задачка 25-ая. Сьпісаць і паставіць, дзе трэба, заместа рысак, літары е або і.
Паліўся срэбрам сьпеў прыгожы ў далёкай сіняй вышын—. Ціха месяц адзінокі ходзіць у неб— над зямлёю. Усё зьмяшалася ў туман—. Ціха на пол— ў палудзень гарачы. Сьвішчуць сані на мароз—. У белым сьнез— маладняк. Моцна хлопец занудзіўся па брац—, па мам—. Над збожжам убогім вецер гуляе на вол—. Ходзяць па пол— ў раздум’— мужчыны. Бронісь быў самы маленькі ў хац—. Сьвежая магіла выкапана ў дол—. Узіму ў лес— і на пол— шмат менш птушак і зьвяроў. Салавейка жыў у зялёным га—. На бераз— рэчкі стаяла цэлая кучка народу. На злодзе— шапка гарыць. Дзесятая вада на кісял—. Зябнуць вербы на мароз—. Ходзіць шум па лес—. Пацямнела ў хац—. Вее вецер за вугламі, у комін— галосіць. Кветка красуе на грунц— убогім. Па сіняй раўнін— за хмаркаю хмарка плыве. На балоц— з чаратамі лазьнякі шапталі. Трэцца жыта ў пыл на просьц—. Многа смутку ў песьн— гэтай. Пад стольлю ў павуцін— б’ецца муха-сіраціна. Ветрык паўднёвы ў луз— квяцістым калыша траву-сенажаць. Бусел клякоча ў гнязьдз— над хваінай. На дварэ было цёмна, як у скляпеньн—. На гальл— старога дуба было буслава гняздо. На старасьц— дзьве радасьці. Каня водзяць на вобрац—, а злодзея на ланцузе. Гэты цьвеце па ўсім сьвец—. На курган— расла прыгожая грушка. У хац— сьвеціць газьніца. У жыцьц— ўсяго нажывеш. Сядзеў на прызьб— стары дзед.
Задачка 26-ая. Сьпісаць і паставіць, дзе трэба, літары ы, у.
Птушка сядзела на сук—. На гасьцінц— рос стары беразьняк. Нудна на сэрц—. Ярка на камінк— смольны корч палае. Бацька на калодц— лапаць выплятае. На магілц— стаяў трухлявы крыж. І на сонц— ёсьць плямы. Маладзенькая травіца-атава блішчыць на сонц—. Загула малатарня ў халодным асеньнім паветр—. На паліц— дзьве сініцы. У ціхую пагоду хораша на мор—. Па возер— плавалі гусі і качкі. Вада ў мор— горка-салоная. Марскія стварэньні і расьліны ў рэчц— ці ў возеры жыць ня могуць. Ката ў мяшк— ня купляюць. На вяк— ўсяго нажывеш. Будзе кірмаш і на нашай вуліц—. Шкадлівай кошц— хвост уцінаюць. На сваёй лаўц— і памерці добра. На сваім сьметнік— і певень сьмел—. Па вуліц— бегалі дзеці. На ўзгорк— былі сялянскія могілкі. У вёсц— па хатах засьвяціліся агні. У бар— растуць баравікі. Па летнік— грэбля была да ракі. Вада ў рэчц— несалоная. У гушчар— яловага лесу вывела ваўчыха трох ваўчанят. Блішчалі зоры ў нябесным прастор—. На пальц— была рана. Па гасьцінц— ехалі людзі. Агонь разлажылі на леташнім вогнішч—. Пры цар— была паншчына. А воўк— памоўка, а воўк тут. Быць бычку на лычк—, а кароўцы на вяроўц—. За сялом, у полі, ў жоўценькім пясочк—, пахавала матка маладую дочку. Ня было уцехі ў мацярынскім гор—. Я цяжкі смутак у сэрц— маю. На пажарышч— часова стаяла новая будова. У бярэзьнік— стаяла лясьнікова будка. На абшар— тым шырокім прыгожа нівы красавалі. Матылёчкі залатыя на сонц— крыльцамі блішчалі. У гаспадарц— быў парадак. У канц— грэблі шумяць вербы.
ПРАВІЛА 281. Калі іменьнік з прыназоўнікам па выражае пашырэньне па паверхні чаго-небудзь, то ён адказвае на пытаньне па чым? па кім? гэта значыць ставіцца ў месным склоне.
Практыкаваньне 38. Па балоце важна пахаджвае бусел. Сані нячутна плывуць па мяккім сьнезе. Ходзіце вы, хмаркі, па ўсім белым сьвеце! Цэлы гай старасьвецкіх дубоў раскінуўся па беразе Нёмана. Сьветлыя хмаркі ціха па небе плывуць. Людзі езьдзяць па зямлі, плаваюць па моры і лятаюць па паветры. Блудзіла сіротка па полі. Цяпло вельмі борзда разыходзіцца па жалезе. Па краёх крынічкі рос малады алешнік. Пакапалі мышы па загонах норы. Па чужых ты людзях пойдзеш. Дождж хвошча па шыбах. Ходзяць гутаркі па сьвеце летам і зімою. Даставайце з вышак сані—гайда сьцежкі праціраць і па белым акіяне ўдоўж і ўпоперак гуляць. Гудзеў, заводзіў вецер, бы па дроце рэзаў нож. А па небе ў гэта лета ходзіць ходырам камэта. Па саломеных стрэхах дым коціцца. Я-б дымком па небе плаваў, па зямлі-б хадзіў сьвятлом. Коні гулка б’юць па бруку капытом. Лятае па кветках пчолка залатая. Весела дзецям бегаць па брудных лужах. Як толькі ўгарнулі пчаліную матку, пчолы самі скоранька папаўзьлі па палатне ў рэшата. Па стрэсе бегалі шустрыя падманкі. Сьлёзы коцяцца па твары.
Практыкаваньне 39. Сьпішыце наступныя сказы і падчыркнеце тыя словы, якія выражаюць пашырэньне па паверхні чаго-небудзь.
Нашто гэта вецер дарма па сьвеце гуляе, па дарозе пыл падымае, воблакі па небе ганяе? На караблі паехаў чалавек па моры, як па сушы. У старасьвецкай Беларусі па Дняпры, Прыпяці, Нёмне, Дзьвіне і іх прытоках ішоў жывы рух тавараў. Зіму пачуяўшы, мядзьведзь непакоіцца, ходзіць па лесе, шукае бярлог. Па ўсім маім нутры пракацілася нейкая гарачая хваля. Па берагох азёр расьце чарот і аер. Як шчэпкі, носяцца параходы па марскіх хвалях. Па вуліцах пацяклі равочкі каламутнай вады. Сок расходзіцца па ўсёй расьліне, як кроў па чалавечым целе. Курганы ў вялікім ліку раскіданы па ўсім прасторы Беларусі. Вышлі роднай вёскі дзеці расьсяваць па сьвеце косьці. Па полі па бледным снуе бледны цень. Гвазды тарчалі па ўсіх сьцянах. Трэскі ляжалі па ўсім двары. На рэчку хлопцы выбягалі крыху пакоўзацца па лёдзе. Сьлед-трайчаткі па лесе кідаюць зайчаткі. Ліс-хітрэц па сьнезе цягне сьлед раўнюткі. Вада па лузе разьлілася. Па камянёх вілася шумная Вілейка. Па левым беразе зялёных дрэў пралёг радочак. Па іх (узгоркаў) адложыстых уклонах любоўна ветры па загонах жытцо, ярынку чуць гайдалі.
4. Аканьне ў склонавых канчатках іменьнікаў.
ПРАВІЛА 29. Склонавыя канчаткі іменьнікаў не пад націскам звычайна падлягаюць аканьню (бач. прав. 11), напр.:
1) Родны склон множнага ліку ўсіх трох радоў не пад націскам мае канчатак: а) аў—яў, напр.: народаў, хлопцаў; гнёздаў, тапарышчаў; нораў, крыгаў; локцяў, прыяцеляў; здарэньняў, іменьняў; земляў.
б) толькі два словы мужч. роду маюць канчатак ай-яй: грошай, коняй (бач. прав. 27. 3).
2) Канчаткі давальн. склону множн. ліку: ам—ям, напр.: народам, хлопцам; гнёздам, тапарышчам; норам, крыгам; локцям, прыяцелям; здарэньням, іменьням; землям, каплям.
3) Канчаткі творнага склону: амі—ямі, напр.: народамі, хлопцамі; гнёздамі, тапарышчамі; норамі, крыгамі; локцямі, прыяцелямі; землямі, каплямі.
4) Канчаткі меснага склону: ах—ях, напр.: аб народах, хлопцах; на гнёздах, тапарышчах; у норах, на крыгах; на локцях, прыяцелях; пры здарэньнях, іменьнях; у землях, каплях.
5) Творны склон адзіночнага ліку мужч. і ніякага роду з цьвёрдаю асноваю не пад націскам мае канчатак—ам: народам, хлопцам; морам, целам.
Але калі іменьнікі мужч. і ніякага роду з мяккаю асноваю, то ў творным склоне канчаткі не падлягаюць аканьню: локцем, аленем, гаем, раем; полем, пытаньнем, здарэньнем, бацьвіньнем.
У жаночым родзе ў такіх разох канчатак будзе—яю—яй: лазьняю, або лазьняй; кузьняю ці кузьняй, гаспадыняю або гаспадыняй.
Практыкаваньне 40. Мяккі сьнег лятае пухам. Лес туманам заснаваўся. За хвалямі хвалі бягуць. Пасьпех— людзям на сьмех. Увосень можна бачыць, як вожык нясе на сваіх калючках сухое лісьце ў гняздо. Даль неласкава туманам-смагаю пакрыта. Каласочкі на саломках галоўкай качаюць. Будуць жыці дзеткі патомныя добраю доляй, доляй шчасьліваю. Белаватаю пялёнкай уздымаецца туман над лугамі. Пішчаць дзесь чайкі на балотах. Вераб’я падманваюць каноплямі, а чалавека словамі. Стаіць Грыгор паміж гор, палкаю падпёршыся, шапкаю накрыўшыся (грыб). Няма лепшай вячэрачкі, як у мамкі за столікам з родным браткам-саколікам. Я ў мамачкі ў госьцях была і з брацейкам гаварыла. Пазарастаюць сьцежачкі ельнічкам-бярэзьнічкам, вадзіцаю закоцяцца. Я сваімі сьлёзкамі лугі тапіла, я сваімі сухотамі лясы сушыла. Буслы ходзяць чародамі па лузе. Вочы рыся вялікія, лупатыя, з касматымі бровамі.
Практыкаваньне 41. Цярпеньнем і працай горы пераносяць. Вучэньне паможа змагацца з нядоляй, з няволяй. Белым інеем пакрыты на гасьцінцы беразьняк. Уюцца думкі смутным роем. Крыўдзіцеляў зможаш, як цёмен ня будзеш. За баляваньнем ходзіць галадаваньне. За гаем пачыналася роўнае поле. За хвалямі хвалі бягуць. Песьняй душу весялі. Пасьпех—людзям на сьмех. Грады зарасьлі зельлем. Бачаньнем жорава ня зловіш. Некім жалем веяла ад старэнькае хаты. Вада патрэбна і расьлінам і стварэньням. Конь прывязан повадам, а госьць полуднем. З надзеяй сеем жыта мы ўвосень; з надзеяй сустрачаем выраі вясной. Ой пад гаем зеляненькім здаўся мне сон дзівенькі! На ўсходзе неба грала полымем пажару. Блескам-дрыгаценьнем зорка замігала. Як я полем іду, колас гнецца ка мне. Жалем сьціскаюцца грудзі. Любая думачка зданьнем шчасьлівым, сонейкам ясным стаіць. Дурань з дурнем схадзіліся ды адзін на другога дзівіліся. Кучка топаляў стаіць. Многа страшных здарэньняў успомнілі хлопцы. Вецер стогне над ім уздыханьнем глухім.
Задачка 27-ая. Сьпісаць і паставіць, заместа рысак, літары е, я.
За баляваньн—м ходзіць галадаваньне. Цярпеньн—м і працай горы пераносяць. Белым іне—м пакрыты на гасьцінцы беразьняк. Уюцца думкі смутным ро—м. Песьн—й душу весялі. За хвал—мі хвалі бягуць. За га—м пачыналася роўнае поле. Пасьпех людз—м на сьмех. Грады зарасьлі зельл—м. Бачаньн—м жорава ня зловіш. Некім жал—м павявала ад старэнькае хаты. Вада патрэбна і расьлінам, і стварэньн—м. На зямлі жыве многа ўсялякіх стварэньн—ў. Ліхадзе—м на безгалоўе, а добрым людз—м на здароўе. Конь прывязан повадам, а госьць полудн—м. З надзе—й сеем жыта мы ўвосень; з надзе—й сустрачаем выраі вясной. Ой пад га—м зеляненькім здаўся мне сон дзівенькі! На ўсходзе неба грала полым—м пажару. Блескам-дрыгаценьн—м зорка замігала. Як я пол—м іду, колас гнецца ка мне. Чорныя хмары па неб— плывуць. Колас нязжаты на нів— стаіць. Вучэньне паможа змагацца з нядол—й, з нявол—й.
5. Клічны склон.
ПРАВІЛА 30. У значэньні клічнага склону часта ўжываецца назоўны склон: Паслухай, братка! Годзе маркоціцца, хлопцы, дзяўчаты! Гніся, кум, ня гніся, а каля кішэні павярніся!
У іменьнях жаночага і ніякага роду клічны склон заўсёды аднолькавы з назоўным, напр.: Літва, родная зямелька! Жальцеся, звонкія струны! О, поле, поле, хто цябе ўсеяў мёртвымі касьцямі?
Клічны склон мае свае асобныя канчаткі толькі ў іменьнях мужч. роду.
А) У клічным склоне іменьнікі мужч. роду адзіночнага ліку маюць канчаткі: 1) у—ю, 2) е—а.
1. Канчатак у маюць:
а) іменьнікі з асноваю на к: братку, галубочку, дубочку, коніку, лябедзіку, хлопчыку, чалавечку, сынку, дзядзьку і інш.
б) іменьнікі з асноваю на зацьвярдзелыя гукі—ж, ш, ч, р: мужу, вужу, пісару, гаспадару, бору, яшчару, Лукашу і інш.
Канчатак ю маюць усе іменьнікі з мяккай асновай (з мяккім зычыным перад канчаткам) і з канчаткам й (ёт) у назоўным склоне: коню, прыяцелю, селезьню, кавалю, краю, гаю, гультаю, дабрадзею, пакою, караваю і інш.
2. а) Канчатак е маюць усе іншыя іменьнікі з цьвёрдаю асноваю: браце, Іване, голубе, дубе, Паўле, родзе, суседзе, Сямёне, саколе, абедзе, гаросе (і—гароша).
б) Але некаторыя іменьнікі заместа е (а часам і поплеч з е) маюць канчатак у: сыну (Бачыш, сыну мой, як гаруема; бачыш, сыне мой, як працуема), дзеду, духу, тату, люду, дубу (і—дубе), свату (і—сваце).
в) Калі аснова канчаецца на—г, к, х, ц, то гэтыя гукі ў клічным склоне зьмяняюцца на—ж, ш, ч, і тады заместа е будзе канчатак а: друг—дружа, луг—лужа, чалавек—чалавеча, казак— казача, воўк—воўча, айцец—ойча, хлопец—хлопча, купец—купча.
Б) У множным ліку клічны склон ад іменьнікаў мужч. роду мае канчатак—ове: мужове, сватове, людкове, швагрове, братове, сынове і інш.
Практыкаваньне 42. Сьпісаць і клічныя формы падчыркнуць.
Барысе, Барысе, сам бараніся! Языча, языча! ці ліха цябе мыча: ва мне сядзіш, а мне дабра ня зычыш. Сівы галубочку сядзеў на дубочку. Едзе казача, едучы плача. Дзень добры, братове! Бачыш, сыну, як гаруема; бачыш, сынку, як працуема. Ой, панове старастове, каб вы не даждалі, каб мы вам па дровы ў нядзелю ехалі! Станьма, Ясю, начаваць, агонь сіні раскладаць! Ой, воўча, сядзі моўча! На табе, нябожа, што мне ня згожа. Мой мілы пакою, добра мне з табою! Прыступі, гаспадару, да свайго караваю! Люлі, сьпі, мой сынку! Ой, Дунаю, Дунаю! як-жа нам да пазваць цябе? Павесь шапачку, мой сыне! Краю мой родны, колькі ты зносіў нядолі?! За праўду, за шчасьце, за лепшую долю вазьміся, мой дружа, пастой! Не хадзі, коце, па хаце, не пабудзі дзіцяці! Дам табе, косю, шаўковай травы; дам табе, косю, крынічнай вады! Ты, злотнічку, ты, работнічку, скуй ты мне тры надобачкі! Ой бору, мой бору, што ты, бору, ня шумён? Ой сватку, наш сватку, пусьці нас у хатку! Вы, мужове, гаварэце мужское! Сядай, малойча, паедзем разам. А мой малойчыку! хадзі да нас, будзе нам весялей. Квіта, пане Мікіта! Кепска, пане Грыгоры: што далей, то горай. Папаўся, жучку, у белую ручку! Вярні, маці, шубу—едуць дзеці з шлюбу! (п.) Расьці, зельле, градою, застаюся ўдавою! Знаць, ты, дзіцятка, сем лет ляжала, што твая кветка на вадзе завяла!
6. Канчаткі памяншальна-ласкальных іменьнікаў.
ПРАВІЛА 31. Некаторыя памяншальна-ласкальныя іменьнікі маюць устаўку (суфікс) ак або ык, якая не пад націскам чуваць нявыразна.
Калі ў родным склоне нявыразны гук выпадзе, то пішацца ак: ельнічак—ельнічка, чаўночак—чаўночка, садочак—садочка, а калі ня выпадзе, то будзе ык: пальчык—пальчыка, галубчык—галубчыка, дубчык—дубчыка.
Практыкаваньне 43. Сьпісаць і словы з суфіксам ак—ык падчыркнуць.
Няма лепшай вячэрачкі, як у мамкі за столікам з родным браткам-саколікам. Разумен гаршчочак, а ў ім сем дзірачак (галава). Поўны падпечак белых курачак (зубы). За бярэзьнічкам брэша талалайчык (язык). Гаспадарочак, гаспадарочак! прымі наш вяночак. Напаілі жнеечак з дубовае бочкі. А што-ж цябе прынясло—ці чаўночак, ці вясло? Мяне сюды прынясло ні чаўночак, ні вясло: прынёс мяне сівы конь да матчыных да акон (п.). Прыляцеў сакалочак у зялёны садочак. Хлопчык абрэзаў пальчык. Ветрык павее—ня зьвее. Выслужыў хлеба кусочак да солі драбочак. Колькі я сьцежачак перайшла, нідзе роднага татачкі не знайшла. Зьбірайцеся, тучкі, у кучкі, да зараз дожджык будзе гаспадаром на ўздыханьне, жнейкам на аддыханьне! З-пад правай рукі вылецеў ясны сакалочак, а страла за ім у сьлядочак. Ступай, коню, шырэй у садочак, стукні капытам у церамочак. Запалю сьвечачку, пагляджу ў печачку: чатыры качачкі, гаршчочак кашачкі. Запалі, мамачка, сьвечку, ды выйдзі дзеткам на сустрэчку! Колькі я сьцежачак перайшла, роднага ойчанькі не найшла; колькі баяраў перабрала, роднага ойчанькі не пазнала.
§ 13. Правапіс прыметнікаў.
I. Канчаткі склонаў: 1. Назоўны склон.
ПРАВІЛА 32. а) Назоўны склон адзіночн. ліку.
1) Прыметнікі муж. р. адзіночн. ліку ў поўнай форме пры цьвёрдай аснове канчаюцца на ы, а пры мяккай і пасьля г, к, х—на і, напр.: добры малады конь, аржаны хлеб, жоўты пясок, воўчы зуб, гарачы гаршчок; сіні колер, жытні колас, вясеньні дзень, раньні час, даўні знаёмы; доўгі нос, благі ўраджай, сухі ліст, ціхі вечар, кароткі дзень, мяккі хлеб і г. д.
2) Прыметнікі жаночага роду адзіночнага ліку ў назоўным склоне (на пытаньне—якая?) маюць канчатак—ая—яя: добрая сястра, воўчая лапа, сіняя папера, раньняя вясна.
3) Прыметнікі ніякага роду адзіночнага ліку ў назоўным склоне (не пад націскам) маюць канчатак—ае—яе: добрае дзіця, вялікае возера, сіняе неба, лішняе акно; а пад націскам канчатак будзе—ое: глухое месца, старое гумно.
б) Назоўны склон множн. ліку.
Поўныя прыметнікі множн. ліку ўсіх родаў пры цьвёрдай аснове маюць канчатак—ыя, а пры мяккай і пасьля г, к, х,—канчатак—ія, напр.: новыя сталы, новыя кнігі, новыя вокны; сінія калёры, сінія стужкі, сінія нябёсы; доўгія загоны, благія дзеці, высокія сьцены, вялікія яблыкі, сухія лісьця, глухія вушы, і г. д.
Практыкаваньне 44. Стары верабей на мякіну ня квапіцца. Новае сіта на калку вісіць, а старое пад лавай валяецца. Апошні раз бываю ў вас. Апошняе спатканьне. Чужая хата горай ката. Чужое дабро ня грэе. Жоўтае жытняе поле ціха калосьсем шуміць. Сінія хвалі шумяць і бурляць. Хмурна выглядае стары лес. Узышла ўжо першая вячэрняя зорка. Раньняя птушачка носік цярэбіць, а позьняя вочкі працірае. Сіняе неба стала яшчэ сінейшае. Чую звон я нудны, рэдкі, невясёлы. Ліпы старыя шумяць за сьцяною. Плачуць бязьлістыя ліпы старыя. Пакарочалі цёплыя летнія дзянькі. Добрае ляжыць, а злое бяжыць. Лішняя дабрата—дурата. Перастала грэць яснае сонейка. Насталі кароткія туманныя асеньнія дні. Вялікія сьветлыя вокны прыветна глядзелі на вуліцу. Па траве лёталі беленькія і чырвоненькія матылёчкі. Воўчая доля расьце скора. Добрае чуваць далёка, а благое яшчэ далей. Лішняя нітка—палатну завада. Не апалі яшчэ раньнія росы. Па дарозе пападаліся ўсялякія грыбы. Чорныя баравікі так і стаялі ў ваччу. Свае леты маладыя ўспамінаці буду. Старыя дубы стаялі спакойна і важна. Нашыя Палескія балоты займаюць сотні квадратных вёрст. На доўгі век, на добрае здароўе. Старыя ластаўкі перасталі палохацца людзей. Кожная грамада птушак выбірала сабе лепшае, выгаднейшае месца.
Практыкаваньне 45. Сьпісаць і прыметнікі падчыркнуць.
Зіма.
Прыйшла зіма халодная, нягодная зіма. Прыцьмілась сонца яснае, прыціх шум баравы. На полі пустка страшная—ні збожжа, ні травы. Сьнег белы мёртва сьцелецца пасьцеляй грабавой. Сапе, шуміць мяцеліца, мяце сьнег, як мятлой. Мароз, як кат бязжаласны, ў лёд рэчку закаваў, стральбой сваёй праклятаю ўлёт слабых птушак б’е, пры хаце і за хатаю спакою не дае.
(Янка Купала).
Практыкаваньне 46. Сьпісаць і падчыркнуць канчаткі ія, ыя.
Ліпы старыя шумяць за сьцяною. Зоры далёкія, зоры бліскучыя ціха гараць над зямлёй. Плачуць бязьлістыя ліпы старыя. Белыя хмаркі па небе плывуць. Мне ўспамінаюцца вобразы мілыя роднага краю, палёў; бедныя вёскі, хаты пахілыя, песьні зялёных гаёў, вузкія стужкі меж залаценькіх, узгорак, курганчык, лясок. Нізка зьвісьлі над зямлёю хмары дажджавыя. Хмурыя елкі панура шумяць. Пакарочалі цёплыя летнія дзянькі. Апошнія словы бацька сказаў да Міхася. Вялікія сьветлыя вокны прыветна глядзелі на вуліцу. Здалёк відаць былі зялёненькія стужкі лёну. Некаторыя раньнія птушкі павыводзілі дзетак і клапатліва шчабечуць каля гнязьдзечак, як нянькі каля калысак. Не апалі яшчэ раньнія росы. Зоры, як матылёчкі, трапяталі і дрыжалі ў небе. Па дарозе пападаліся ўсялякія грыбы. Чорныя баравікі так і стаялі ў ваччу. Раньнія жаваранкі затрапяталі ў небе крыльцамі. Вясёлыя ды шчасьлівыя ішлі хлопцы дадому. Старыя дубы стаялі спакойна і важна. Глуха шумелі маладыя расьліны. На грудку расьлі прыгожыя чырвоныя красачкі. Нашыя Палескія балоты займаюць сотні квадратных вёрст.
2. Родны склон адзіночнага ліку.
ПРАВІЛА 33. 1) Родны склон адзіночнага ліку мужчынскага і ніякага роду не пад націскам канчаецца на ага—яга: добрага чалавека, добрага дзіцяці, сіняга каменя, сіняга шкла; а пад націскам на ога: маладога чалавека, старога акна.
2) Родны склон адзіночнага ліку жаночага роду не пад націскам мае канчаткі: ае (ай) -яе (яй): цікавае або цікавай кнігі; сіняе або сіняй паперы; а пад націскам—ое—ой: маладое або маладой жанчыны; старое або старой хаты.
Практыкаваньне 47. У баязьлівага купца ні грошай, ні тавару. Ня бойся зьвяглівага, а кусьлівага. Нясьмелага ад няўмелага не распазнаеш. Старога вераб’я на мякіну не падманеш. З чужога каня і ў гразі злазяць. Роўны з роўнага цешыцца. Аднаго хіба птушынага малака няма. Па вуліцы пацяклі равочкі каламутнае вады. Цякла крынічка халоднае чыстае вады. Плачуць думкі па вясьне, хочуць лепшай долі. Дзяўчынка прасіла хлеба для свае хворае мацеры. Ня было толькі сіняе стужкі. Ад дваровага злодзея не ўсьцеражэшся. Ад роднага таткі прыемны і латкі. Паслаўшы дурнога, а за ім другога. Аднэй печанай рэдзькі хіба ня ем. Ад чужога шалу ў галаве круціцца. Добрага сабаку на прывязі трымаюць. З гары ў даліну галубкі лятаюць, з белае бярэзіны лісьце аганяюць. Каля суседняга сяла было вялікае возера. У гэтым годзе ня было ні раньняй вясны, ні раньняй зімы. Хто новага ня бачыў, той і старому рад. У мае сястрыцы, у мае роднае—каліна ў дварэ. Пытайся не ў старога, а ў бывалага.
3. Вінавальны склон адзіночнага ліку жаночага роду.
ПРАВІЛА 34. Прыметнікі жаночага роду адзіночнага ліку ў вінавальным склоне канчаюцца на ую—юю: бачу вялікую кнігу, добрую жанчыну, раньнюю зорку, сінюю паперу.
Практыкаваньне 48. Люблю я летнюю месячную ноч. У летнюю ноч вячэрняя зара з ранічнай сходзіцца. Многа работы залатому сонейку ў раньнюю вясну. Маці ў службу выпраўляе родную дзяціну ды украдкам выцірае горкую сьлязіну. Заглядае сонца ўсюды: і ў бедную сялянскую хату, і на пяшчаную горку, і ў малую лагчынку, і ў лес, і на луг, і на поле. Сей у раньнюю вясну, але ня зьбірай у позьнюю восень. Дзяўчына купіла шырокую стужку. Прыемна глядзець на зялёную ніву. Цяжка ехаць у зімнюю буру.
4. Творны і месны склон.
ПРАВІЛА 35. 1. Прыметнікі мужчынскага і ніякага роду адзіночнага ліку ў творным і месным склоне маюць канчаткі— ым—ім: новым пяром, новым сталом; на новым стале, на новым пяры; сінім колерам, на сінім колеры; сінім небам, на сінім небе;
2. а) Прыметнікі жаночага роду адзін. ліку ў творным склоне бяз націску на канчатку маюць—аю (ай) -яю (яй): босаю або босай нагой; новаю або новай кнігаю; сіняю або сіняй папераю; раньняю або раньняй вясною; а калі націск на канчатку, то будзе—ою (ой): дурною або дурной галавою.
б) У месным склоне прыметнікі жаночага роду адзіночнага ліку канчаюцца на—ай—яй, калі няма націску на канчатку: на босай назе, на новай хаце; на сіняй паперы, аб раньняй вясьне; а калі націск на канчатку, то будзе—ой: у дурной галаве, на старой хаце
Практыкаваньне 49. Пустыя адзінокія могілкі прытуліліся на пяшчаным узгорку. На шырокім і доўгім панадворку было весела і крыкліва. Не шчабячы, салавейка, у зялёным гаі, калі родная сямейка сірацее ў краі! Па ласым кусе я і вады нап’юся. У ліпавым кусьце мяцеліца мяце (сіта). Сядзіць паня на мурку ў чырвоным каптурку— хто ідзе, той паклоніцца (суніца). Кукавала зязюлечка ў зялёным гаі. Кажаны цьвіркаюць тоненькім піскам. У далёкім чыстым небе сьвецяцца зоркі. У цёмным яловым лесе вывела ваўчыха трох ваўчанят. Маладзён едзе ў чысьценькім полі на вараненькім коні. На шырокім полі расла старая купчастая бярэзіна. Будзь старанным, сынку: станеш чалавекам. З разумным пагаворыш—розуму набярэшся, а з дурным—апошні страціш. У маленькім гаршчочку кашка смачненькая (арэх). Высока стаіць яснае сонца на чыстым небе. У цёмным лесе не расло нічога. На беразе рэчкі, на сухім грудзе стаяў стары дуб. Цэлае лета вісеў жолуд на старым дубе. На шырокім полі расла старая груша. У вішнёвым садочку ноч начавалі, у зялёным гаёчку сапачывалі (п.). Ой пад гаем зеляненькім здаўся мне сон дзівенькі! (п.). Рэчка ахінала сяло шырокім сталёвым поясам. На саломцы тонкай, у траве густой сьпее-дасьпявае колас сіратой. (Я. К.). Няхай плачам у сіняй далі песьня разальлецца! (Я. К.). Шкода хаткі мне старэнькай з латанай страхою, што над Нёмнам пахілілась горкай сіратою. Шкода мне зялёнай нівы, што шуміць у полі. Рад любавацца я кветкай убогай. За дурною галавою нагам няма спакою. У сіняй далі слаўся туман. На бітай дарозе трава не расьце. Крыкі знаёмыя, крыкі пявучыя льлюцца вячэрняй парой. Сьціхлі песьні зімняй буры. (Я. Кол.). Шчыраю рукою ўбрала лета ўвесь сьвет. Край неба блішчыць шырокаю чырвонаю стужкай. Раньняю вясною мы выехалі з гораду. На раньняй ральліцы родзіць жыта і пшаніца; на позьняй ральліцы родзіць куколь і мятліца (п.).
Цэтлікі: арфаграфія, пунктуацыя
Ответить