A A

Ф. Янкоўскi. БЕЛАРУСКАЯ ФРАЗЕАЛОГIЯ. ФРАЗЕАЛАГІЗМЫ, ІХ ЗНАЧЭННЕ, УЖЫВАННЕ (20)

Суб, 15 кастрычніка 2011

Слоўнікі

У

У АБЦУГІ БРАЦЬ (узяць) каго. Гл. БРАЦЬ У АБЦУГІ (у шчыпцы) каго.

У АДНЫХ ГАДАХ (гадках). Гл. АДНЫ ГАДЫ (гадкі).

У АДЗІН ГОЛАС. 1. Згодна, зладжана (казаць, прасіць, прапаноўваць, патрабаваць, выказваць згоду).

Ведама, у карчме заўжды людзей шмат. Сеў ён сабе ў куточку дый прыслухоўваецца, што людзі гавораць. Толькі ось чуе ён, што ўсе ў адзін голас жаляцца ды бядуюць, але ніяк не расшалопае чаго. Сл. п., Чудз. (А. Сержп., КАБСП). А тут яны ў адзін голас крычаць: дзяліцца ды дзяліцца. Пачалі браты дзяліцца. Тамсама. Ужо ножкі прытупіліся [шукаючы], а ўсе ў адзін голас кажуць, што бачыць не бачылі і ведаць не ведаюць. Сл. п., Вял. Рож. (А. Сержп., КАБСП).

2. Адначасова, як па камандзе. — Не, — кажуць ксяндзы ў адзін голас, — цяпер не трэба ехаць на воды, бо мы ўжо вылечыліся. Маз. п., Луч. (А. Сержп., СРБП).

У АДЗІН ГУК. Адначасова, разам (сказаць, зрабіць стрэлы).

У адзін гук выстраліць. Ваўк. п. (М. Фед., Л Б, ІV). Давайце крыкнем у адзін гук, то пачуе. Ваўк.

У АДЗІН МОМАНТ. Вельмі хутка.

Усходзіцца навальніца ды градам у адзін момант загубіць усё збожжа. Сл. п., Чудз. (А. Сержп., КАБСП). Я цябе ў адзін момант абгуляю. Лях. р., Мін.

УБАЧЫЦЬ СВЕТ. Гл. СВЕТ УБАЧЫЦЬ.

УБІРАЦЦА Ў ПУХ. Гл. У ПУХ УБІРАЦЦА.

У БОГА ЦЯЛЯ ЎКРАСЦІ. Правінаваціцца, стаць горшым за іншых.

А чаму мяне не паслалі? Хіба я ў бога цяля ўкраў? І я ў бога цяляці не ўкраў. Гл. р., Кл.

УВАБРАЦЦА Ў ПУХ. Гл. У ПУХ УБІРАЦЦА.

УВАГНАЦЬ У ЗЯМЛЮ каго. Гл. У ЗЯМЛЮ ЎВАГНАЦЬ каго.

УВАГУ МЕЦЬ на каго, на што. Гл. МЕЦЬ УВАГУ на каго, на што.

У ВАЧАХ (уваччу*) СТАЯЦЬ. Гл. СТАЯЦЬ У ВАЧАХ (уваччу).

У ВІРЫ НА КАЛУ. З адцен. непаш., дакору. 1. Далёка і невядома дзе, ліха ведае дзе.

Так і знайсці тых мальцаў! У віры на калу чорт носіць. Дзе б паднеслі да станцыі, дык і блізка [няма, не відаць]. Мсц. р., ст. Ход.

Параўн. (у руск.): у черта на куличках.

2. Без пэўнага, сталага месца (пра таго, хто не трымаецца аднаго месца жыцця, працы, хто абыякавы да свайго гонару, рэпутацыі).

Дзе бацька? Той недзе круціцца ў віры на калу, што ніхто не знае, дзе і што. Мсц.

У ВОЧЫ. На вачах, на бачнасці, у прысутнасці, адкрыта, у твар (казаць, гаварыць).

У вочы ён адзін, а за вочы другі. У вочы які “добранькі”!.. А як за вочы, то... А той іх, што забілі на вайне, — той не такі. Уздз. р., Пяс. Я казала за вочы, я і ў вочы скажу табе: няможна разбіваць чужое сям'і. Гл. р., Кл. Ведаеш — скажы ў вочы. Пух. р., Шацк.

У ВОЧЫ АСОЮ (асвою, слепнем, сляпіцаю) ЛЕЗЦІ. Гл. СЛЯПІЦАЮ (слепнем) ЛЕЗЦІ Ў ВОЧЫ.

У ВОЧЫ ЛЕЗЦІ каму. Гл. ЛЕЗЦІ Ў ВОЧЫ каму.

У ВОЧЫ НЕ БАЧЫЦЬ. Зусім не бачыць.

Я твае машоначкі [торбачкі з грашыма] і ў вочы не бачыў. Ваўк. п., з-пад Мсціб. і Шыл. (М. Фед., ЛБ, ІІІ, 2). Тое лета яблыка і ў вочы не бачылі, а сёлета поўна. Пух. р., Дук. Чаа [чаго] ты, каа [кажа]: я ніякіх тваіх валоў у вочы не бачыў. Гор. п. (Е. Рам., БС, ІV).

У ВУШАХ (увушшу*) СТАЯЦЬ. Гл. СТАЯЦЬ У ВУШАХ (увушшу*).

У ВЫРАЙ ЗБІРАЦЦА. Дажываць, канчаць жыццёвы шлях; збірацца на той свет.

Не мае* гады* ў рыбу хадзіць, не мае* гады* на кірмаш ездзіць, — у вы*рай збірацца трэба. Гл. Дзе мне, Раману, старому ўжо, ехаць за свет? Тут роджаны, тут век звекаваў, тут і ў вырай збіраюся. Гл. р., Вольн. Быў ў Трахіма старога. — Знябыўся, кажа, хлопча, няма сілы-моцы, памру. — Не, ‘шчэ ля пчолак паходзіце і на вяселлі пе*цьмеце [будзеце спяваць]. — Дзе мне ля пчолак? Збірацца ў вырай трэба. Гл. р., Кл. Што тая жытка? Жыткі тае… Покуль чалавек абрасце ў пер'е, то і збірайся ў вырай. Гл. р., Стражы*.

У ВЯЛІКІХ ГАДАХ. У старэчым узросце.

Баба наша ўжо ў вялікіх гадах. Гл. р., Зубар. І Трахім, і Канстантын, і Хведар — усе браты — памерлі ў невялікіх гадах. Гл. р., Кл. А ён у вялікіх гадах? Люб.

УВЯРНУЦЬ У КОСЦІ каму. Гл. ДАЦЬ У КОСЦІ каму.

У ВЯРОЎКУ ЛЕЗЦІ. Ствараць сабе (з неразумення, няведання, недасведчанасці) цяжкае ці безвыходнае становішча.

Ведама, заўжды знойдзецца дурных людзей, што яны гатовы самі ў вяроўку лезці. Яны і сказалі панам, дзе жыве асілак. Набралі гэта паны маскалёў [салдатаў рускай царскай арміі] і напалі на Асілка. Сл. п., Вял. Рож. (А. Сержп., СРБП). Не лезь ты, чалавеча, у вяроўку з ватэтаю [гэтаю] таргоўляю [гандлем], не з тваёю галавою тут: ні цябе, то сам сябе абманіш. Гл. р., Вайц.

У ГАРЭЛЦЫ МОКНУЦЬ. З адцен. іран., грэбл. Многа і часта піць.

Ён у гарэлцы мокне. Ваўк. п. (М. Фед., ЛБ, ІV). Ей у гарэлцы мок бы. Тамсама. Сюды прыслалі агента. Месяцы два ў гарэлцы мок, дык прагналі. На якое ліха такі чалавек? Скід. р., Гал. І бацька яго мок у гарэлцы. Скід. р., Лун.

У ГАДЫ ЎЦЯГНУЦЦА. Гл. УЦЯГНУЦЦА Ў ГАДЫ.

У ГАЛАВЕ ЗАКРУЦІЛА (закруціць) каму. Гл. ЗАКРУЦІЛА (закруціць) У ГАЛАВЕ каму.

У ГАЛАВУ БРАЦЬ (узяць) што. Гл. БРАЦЬ ДА ГАЛАВЫ (у галаву) што.

У ГАЛАВУ ЎРОІЦЦА. Гл. УРОІЦЦА Ў ГАЛАВУ.

УГАРУ ГЛЯДЗЕЦЬ. Гл. ГЛЯДЗЕЦЬ (заглядаць) У ЧАРКУ (глыбока).

УГНУЎШЫ СПІНУ. Вельмі стараючыся, шчыруючы (рабіць штосьці).

Ты каб на сваю сядзібу, то не то вазіў бы, а на руках насіў бы гной, а тут — “хворы”… Сабе дык угнуўшы спіну робіш, а тут, хочаш, каб за цябе рабілі. Мін. р., Бараўл. Яна як скажа, дык я так і кінуся рабіць угнуўшы спіну?.. Хай пачакае! Мін., Камар.

У ГОРЛЕ ЎТАПІЦЬ што. Гл. УТАПІЦЬ У ЖЫВАЦЕ (у горле) што.

У ДОШКУ (у трэску) ВЫРАБІЦЦА. З адцен. непаш., пагардл. Моцна схуднець, высахнуць.

І чаго яна так ужо залягае за гэтаю работаю? У дошку вырабілася?! Маст. р., Дзяр. (П. Ст., Пол.). У трэску вырабілася, — от худая стала! Слон. р., Ст. С. (П. Ст., Пол.).

УДЗЕРЦІ ШТУКУ. Гл. ШТУКУ ЎРЭЗАЦЬ (адпаліць).

У ДЕЎКАХ СЯДЗЕЦЬ. У ДЗЕЎКАХ ЗАСЕДЗЕЦЦА. Не выходзіць замуж.

Лепш у дзеўках сядзець, як на нялюбага глядзець. Сл. р., Паг. Сядзіць яна ў дзеўках, а ніхто і не думае пасылаць сватоў, бо ўсе добра даведаліся, якая гэта цаца. Сл. п., Бох. (А. Сержп., КАБСП). Каб не маці, яна б у дзеўках не сядзела. Гл. р., Хваст. Глядзі! Будзеш сам вінаваты, як дачка ў дзеўках заседзіцца. Гл. р., Сымон. Лепш у дзеўках сівець, як з нялюбым паршывець. (БППФ).

У ДЗІЎ ДЗІВІЦЦА. У ДЗІЎ ЗАДЗІВІЦЦА. З адцен. паэтычн.

Тая дудка заспявала: “Заграй, заграй, дударнічку, мае сястрыцы — здраднічкі...” Так яны сталі ў дзіў дзівіцца. Слон. п., з-пад Моўч. (М. Фед., ЛБ, ІІ, 1). Увайшла ў хату, аддае мачысе работу, а баба ў дзіў задзівілася. Тамсама.

У ЖЫВАЦЕ ЎТАПІЦЬ што. Гл. УТАПІЦЬ У ЖЫВАЦЕ што.

УЖЫВАЦЬ СЛОДЫЧ. УЖЫЦЬ СЛОДЫЧ. Атрымліваць асалоду, ласавацца.

Малады ж пан не глядзеў на хаджайства [гаспадарку], а толькі думаў, каб ужыць слодыч. Маз. п., Луч. (А. Сержп.,СРБП). Паны ў навуку ішлі і за грошы слодыч ужывалі: паненкі, віно, катацца, цёплых водаў [курортаў] шукалі. Малад. р., Бак.

Параўн. (у руск. са старасл.): насладиться, наслаждаться.

У ЖЫЦЦІ. Гл. БЫЦЬ У ЖЫЦЦІ.

У ЗАКЛАД БІЦЦА (ісці, пабіцца, пайсці). Гл. ІСЦІ (біцца) У ЗАКЛАД.

УЗБІВАЦЦА (выбівацца) НА ГАСПАДАРКУ. УЗБІЦЦА (выбіцца) НА ГАСПАДАРКУ. Станавіцца гаспадаром, набываць гаспадарку. З былых сацыяльных, прыватніцкіх адносін.

Папагараваў той Кандрат, а ніяк не ўзбіўся на гаспадарку. Гл. Цяпер не баліць галава, што сыну трэба ўзбівацца на гаспадарку. Акцябр. р., Парэч. Як ні стараўся ён выбіцца на сваю гаспадарку, нельга ніякім правам, бо як тут гаспадараваць, калі няма за што рук зацяць. Сл. п., Вял. Рож. (А. Сержп., КАБСП).

УЗБІВАЦЦА НА ЖЫТКУ (на жыццё). УЗБІЦЦА НА ЖЫТКУ (на жыццё). 1. Увайсці (матэрыяльна) у сілу, пабудавацца, набыць, наладзіць гаспадарку, абжыцца. Фразеалагізм адлюстроўвае былыя сацыяльныя адносіны, клопаты і старанні дробнага ўладальніка-ўласніка.

Што з тае гаспадаркі? Покуль узаб'ецца на жытку, няма і жыць каму. І добра, што сынам цяпер не трэба гаспадаркі. Гл. р., Байл. На куплёным хлебе [пра селяніна, які не меў нават свайго хлеба] не ўзаб'ешся на жытку. Каня купіць, хату збудаваць, падворак увесь. Дык адцураўся б і шнуроў [вузенькіх палосак-загончыкаў] тых. Гл. р., Кл. Тады толькі Рэйтанавыя ўзбіліся на жы*цце [жыццё], як пападросталі хлопцы. Тамсама.

2. Пачаць жыць, як жывуць іншыя, заняць пэўнае месца ў жыцці, як і іншыя людзі.

Жыў той Кандрат і не мог ніяк на жыцце ўзбіцца. Гл. р., Кл.

У ЗВАНЫ БІЦЬ. 1. Званіць.

Назаўтра давай у званы біць, каб... выходзілі. Ваўк. п., Ян. Як свята бывала, з самай раніцы б'юць у званы. Цяпер адвыклі ўжо людзі. Ашм. р., Гальш.

2. З адцен. пагардл. Балбатаць, малоць (званіць) языкамі, пустазвоніць.

А ёй хоць пра каго, — абы ў званы біць. Малад. р., Радашк.

У ЗЯМЛІ (у зямельцы) КОСЦІ ПАРЫЦЬ. Быць пахаванаму.

Які ж той бог? Я, старая, жыву, мне за семдзесят, а сынкі даўно ў зямельцы косці параць. Каб быў бог, то хіба так было б?! Малад. р., Вяз. Даўно, родненькія, няма ні старога, ні старой. Мо' гадкоў дзесяць, як у зямлі косці параць. Лаг. р., Бел. Вайна пазабірала. З нашае радні без пары параць косці ў зямлі больш за дваццаць душ. Хто на фронце, а каго тут зністожылі [знішчылі]. Стар. Дар.

Гл.: зямлю парыць.

У ЗЯМЛЮ ЎВАГНАЦЬ каго. Замучыць, са свету звесці, загнаць у труну.

Не трэба, Малання, казаць так на людзей. Ну хіба? Як хто памёр, дык конча [абавязкова] нехта і вінаваты, дык нехта ў зямлю ўвагнаў? Гл. р., Кл. Не бойся: работа з розумам [разумна робячы] не ўгоніць у зямлю. Гл. р., Вольн. Яны хацелі б, усе яны, без пары ў зямлю ўвагнаць. Кап. р., Ванел.

УЗЯЦЦА ЗА РОЗУМ (за галаву). Гл. БРАЦЦА ЗА РОЗУМ (за галаву).

УЗЯЦЦА Ў РОЖКІ. Гл. БРАЦЦА Ў РОЖКІ.

УЗЯЦЬ ВЕРХ. Гл. БРАЦЬ ВЕРХ.

УЗЯЦЬ ДА ГАЛАВЫ (у галаву). Гл. БРАЦЬ ДА ГАЛАВЫ.

УЗЯЦЬ ДА СЭРЦА (да душы) што. Гл. БРАЦЬ ДА СЭРЦА (да душы) што.

УЗЯЦЬ ЗА СЯБЕ каго. Гл. БРАЦЬ ЗА СЯБЕ.

УЗЯЦЬ ЗА ШЧЭЛЕПЫ каго. Гл. БРАЦЬ ЗА ШЧЭЛЕПЫ каго.

УЗЯЦЬ (сабе) НА ВУС. Гл. БРАЦЬ (сабе) НА ВУС.

УЗЯЦЬ РАДУ. Гл. БРАЦЬ РАДУ.

УЗЯЦЬ СВАЁ. Гл. БРАЦЬ СВАЁ.

УЗЯЦЬ У АБЦУГІ (у шчыпцы) каго. Гл. БРАЦЬ У АБЦУГІ (у шчыпцы) каго.

УЗЯЦЬ У ПРЫМЫ каго. Гл. ПРЫМАЦЬ (браць) У ПРЫМЫ каго.

УЗЯЦЬ ШЛЮБ. Гл. БРАЦЬ ШЛЮБ.

У КАЗІНЫ РОГ ЗАГНАЦЬ каго. Гл. ЗАГНАЦЬ У КАЗІНЫ РОГ каго.

У КАЗЛЫ ГУЛЯЦЬ (граць). З адцен. іран. Пра ўпартых і непамяркоўных, якія не саступаюць адзін аднаму, нават б'юцца.

Усяк у іх бывае. Калі дружаць, а калі за няма нішто ў казлы гуляюць. Мін. р., Астр. Гарад. Як мае суседы [суседзі], з самае раніцы давай у казлы гуляць. Мін., Камар. У казлы граюць — б'юцца. Ваўк. п. (М. Фед., ЛБ, ІV).

УКАРАЦІЦЬ (прыкараціць) ВЕКУ. Гл. ВЕКУ ЎКАРАЦІЦЬ (прыкараціць).

У КАРШЭНЬ (у каўнер) НАЛАЖЫЦЬ каму. Гл. НАЛАЖЫЦЬ У КАЎНЕР (у каршэнь) каму.

У КОСЦІ ДАЦЬ (увярнуць, усыпаць) каму. Гл. ДАЦЬ У КОСЦІ каму.

У КОСЦІ ЎЕСЦІСЯ каму. Вельмі дакучыць і збрыдаць.

Гэтыя шпакі мне ні крышку ўжо ў косці ўеліся. Вунь з тае вішні ўсе ягады паабрывалі. Баран. р., Серамавічы. (Хрэстам.). Каму як, а мне, лесніку, вельмі ўеліся ў косці гэтыя гарадскія турысты. Як пройдуць, то шкоды і наробяць: сякуць, агонь паляць, газет тых, слоікаў, кансерваў… Навагр. р., Свіц.

У КРАПІВУ ПАСАДЗІЦЬ. Сказаць так, каб аж запякло; вострым, колкім словам дапячы камусьці, прычыніць непрыемнасць.

Наш гэты Голуб будзе табе гаварыць смешачкамі, жартачкамі ды гэтымі жартачкамі ў крапіву пасадзіць. Мін. р., Салом. Сказаў гэтак — ну… у крапіву пасадзіў! Тамсама. Ён і цябе пасадзіць у крапіву. Тамсама.

УКРОІЦЬ ШТУКУ. Гл. ШТУКУ ЎРЭЗАЦЬ (адпаліць).

У ЛАДКІ ПЛЯСКАЦЬ. У ЛАДКІ СПЛЯСКАЦЬ. Воплескамі (апладысментамі) выказваць пахвалу, захапленне, ухваленне.

Ён так умее сказаць і прыказаць, што ў бяседзе [на балі] і ў ладкі сплешчуць. За такое варта ў ладкі пляскаць. Гл. р., Кл. Ого наш бацька! Штукант быў. Вясёлы які. “Бяду” як спяваў! Толькі ў ладкі сплешчуць. Тамсама.

У ЛАПЦІ АБУЦЬ. 1. Давесці да беднасці, нястачы (лапці — прыкмета беднасці).

Гу*лі [гулянне] не аднаго ў лапці абулі. (БППФ).

2. Абхітраваць, абмануць, абвесці вакол пальца.

Не ў такіх руках быў і вырабіўся. Ён хоць каго ў лапці абуе, — такі хітрэц. Гл. р., Кл.

3. Даказаць сваё, сваю праўду, спрактыкаванасць, дасведчанасць.

Ты хоць і вучаны, а з ім, кажу табе, няма як займацца і прыставаць. Ён не такога як стой у лапці абуе. Што казаць, — у яго і рукі і галава. Гл. р., В.

Гл.: Лінг. зб., стар. 200.

УЛЕЗЦІ З ЯЗЫКОМ. Гл. З ЯЗЫКОМ УЛЕЗЦІ.

УЛОГАМ ЛЯЖАЦЬ. Гл. УНЯДУЗЕ (улогам) ЛЯЖАЦЬ.

У ЛЮДЗІ АДДАВАЦЬ каго. У ЛЮДЗІ АДДАЦЬ каго. Гл. АДДАВАЦЬ У ЛЮДЗІ каго.

УЛЯЛЮШЧЫЦЦА (утрэскацца, урэзацца) ПА (самыя) ВУШЫ ў каго. З адцен. іран., жартаўл. Закахацца ў каго.

У мяне гэткія яблыкі, што як купляць будзеш, то ў харошую [прыгожую] улялюшчышся па самыя вушы, нішто, што сам не надта маладзён. Купляй, чалавечку. Мін., Камар. Не малады і жанаты, а бачыш — утрэскаўся па самыя вушы. Гл. р., Вольн. Мы давай яго патыкаць, што... па вушы ў Ганну ўрэзаўся, — дык чуць не біўся. Гл. р.,Кл.

Параўн. (у руск.): влюбиться (врезаться) по уши.

УМЫТАЯ РАСІЦАЮ (роскаю). З адцен. паэтычн. Прыгажуня, красуня. Паходжанне звязана з даўнім вераваннем і звычаем: на Юр'я (6 мая) абтрэсалі расу, “купаліся” ў расе на пашні, абмываліся расою; калі дзяўчына “патрапіць” умыць твар расою ў патрэбную часінку, то стане прыгажуняю.

Гляджу, мая даражэнькая, дык вашаму Карпу трэба не абы-якая, яму конча трэба за жонку роскаю ўмытая: я*к рукі, та*к харошы, кучаравы. А бачыла ж сама на свае вочы скакаць пайшоў!.. Гл. р., Блізн., Кл. Алесіха бывала прыедзе ўранні і да вечара гаворыць. Яна, яшчэ казала: расіцаю ўмытая. Гл. р., Кл.

У МУТУ РЫБУ ЛАВІЦЬ. Выкарыстоўваць для сябе людскую сумятню, бязладдзе, непарадак. І. Насовіч: шмат хто карыстаецца сумятнёю другіх. (І. Нас., СБП).

Ён любіў у муту рыбу лавіць, каго пасварыць, хай чубяцца. Жлоб. р., Кр. Бер.

У НОГІ. Энергічна кінуцца ўцякаць, кінуцца бегчы.

За шапку і ў ногі. Ваўк. п., з-пад Шыл. (М. Фед., ЛБ, ІІІ, 2). Так гэта пасхваталіся, за дзетак ды ў ногі. Тамсама. Хутчэй выйшаў з хаты... дый у ногі. Лід. п., з-пад Раж. (М. Фед., ЛБ, ІІІ, 2).

УНЯДУЗЕ (улогам) ЛЯЖАЦЬ. Хварэць, быць прыкаваным да пасцелі працяглы час, без перыядычнага палепшання стану здароўя.

Ці ведаюць яны? Дачка вельмі ўнядузе ляжала. Стрэціце, дык перакажыце. Рэч. Дзесь маё дзіцятачка ўнядузе ляжала. Гом. п., Дзятл. вол. (З. Радч., ГНП). Мая донечка ўнядузе ляжала. Тамсама. Шустрая была Лісаветка: усё подбежкам і подбежкам, а цяпер улогам ляжыць, рукі — ногі адняло. Уш. р., Судзіл. — А як бабка твая — здаровая? — Дзе там! Сёмую нядзелю[тыдзень] улогам ляжыць, ...есці не ўстае. Уш. р., Арэх. З каляд дзед улогам ляжыць. І ў больніцу вазілі, і што мы ні рабілі… — Авох цямненькая! Такая пакута! Так трудзіцца [мучыцца]! Дзевяты месяц улогам ляжыць! Уш. р., Навас.

УПАСЦІ Ў НОГІ. Пакланіцца прыніжаючыся, упасці ніц перад кімсьці.

Бедненькая маці ваша ўпала ў ногі, просіць, каб уратавалі сыночкаў. Што бедная маці не зробіць, ратуючы дзетак сваіх!.. А ён звер зверам, адкапсануў. А назаўтра паліцыянты расстралялі. Гл. Дый упала свайму бацюхну ў ногі: “Ой, не аддай, не аддай мяне”. З народнай песні. Гл. р., Кл.

УПЕНЬ ЗБІЦЬ. Вельмі здрасаваць, сцерці, змяць (пасевы, гароды).

За Глускам, казалі, вельмі град быў, то ўпень збіў усю пашню*. Гл. р., Кл. Коні збілі ўпень вашыя грады — а вы не бачыце… Гл. р., пас. Я. Куп.

У ПЕР’Е АБРОСТАЦЬ. У ПЕР'Е АБРАСЦІ. 1. Станавіцца на свае ногі, выходзіць на свой хлеб, на самастойнае жыццё.

Дачушцы пасаг, а сыны? А сын у пер'е абрасце — толькі і бачыла! Гл. р., В.

2. Абжывацца.

Што тая жытка? Жыткі тае… Покуль чалавек абрасце ў пер'е, то і збірайся ў вырай. Гл. р., Стражы*. У пер'е абрасці. У пер'е абра'стае. Ваўк. п. (М. Фед., ЛБ, ІV).

3. Разбагацець.

Возера гэта купіў адзін з Міра. Кажуць, нейкі з бедных, а падладзіўся дзесь, аброс у пер'е, а тады купіў Свіцязь. Навагр. р., Навас.

Гл.: у пух убірацца.

У (самую) ПЕРШУЮ РУКУ. У першую чаргу, найперш (зрабіць штосьці, адбыць).

Трэба адбыць у самую першую руку. Слон. п. (М. Фед., ЛБ, ІV). Што — а гэта зрабіць у першую руку. Навагр. р., Ят.

У ПРЫМЫ БРАЦЬ (прымаць, прыняць, узяць) каго. Гл. ПРЫМАЦЬ (браць) У ПРЫМЫ каго.

У ПРЫМЫ ІСЦІ (пайсці, прымацца, прыняцца, прыставаць, прыстаць). Гл. ПРЫМАЦЦА (прыставаць, ісці) У ПРЫМЫ.

У ПУХ УБІРАЦЦА. У ПУХ УВАБРАЦЦА. Абжыцца.

А ён ужо ўвабраўся ў пух: хата добрая, матацыкл купіў, дзеці вучацца. Бял. р., Кл. Не паспелі дзеці ўвабрацца ў пух, а тут вайна… Тамсама.

Гл.: у пер'е абростаць.

У РОЖКІ БРАЦЦА (схапіцца, узяцца). Гл. БРАЦЦА Ў РОЖКІ.

УРОІЦЦА Ў ГАЛАВУ. Прыйсці ў галаву, карцець (пра думку, намер, задуму).

Ліха яго ведае, што яму ўроілася ў галаву! Узяў, адышоў адтуль, выразаў ладны дубец ды падкраўся, ды як выцягне дубцом!.. Гом. п. (Е. Рам., БС, ІV). Не згадаеш, што ў галаву яму ўроіцца. Рэч.

У РОТ НЯЙДЗЕ. Не да смаку, не пад густ (страва, прадукт).

Хто каштэлю [гатунак яблыкаў] любіць, а мне ў рот няйдзе. Мін., Камар.

У РОЦЕ РАСЦЕ што. 1. У рот не лезе, ані не хочацца есці, ані няма апетыту ў хворага ці расхваляванага чалавека; калі чалавек пачынае есці, страва не глынаецца, здаецца, што яе ў роце становіцца больш, чым узяў у рот.

І чаму такія дзеці пайшлі цяперака? Не хочуць есці, і ўсё. А як і корміш іх, то ў роце расце. Маст. р., Граб. (П. Ст., Пол.). Я ўздумаю (паспрабую] што з'есці, дык яно ў мяне ў роце расце. Гл. р., Кл. Вярнуўся з гораду, пасадзіла за стол. Узяў есці, а потым: “Нешта маё сэрца пабольвае; ем, дык не есца; вазьму — у роце расце ўсе. З чаго гэтак?” А ноччы [ноччу]гарачка падхапілася. Трэба везці ў бо*льніцу [бальніцу]. Мін. р., Слаб.

2. Непрыемная на смак страва, непрыемны прадукт.

Прадаваць памідоркі прадаю, а сам, дальбог, не ем, вазьму — дык у роце расце. Мін., Камар. — Пакаштуй, — кажа, — мае*, сама зрабіла. — Узяла ў рот, дзе там! Я ем, а яно ў мяне ў роце расце. Ні з'есці, ні выплюнуць. Гл. р., пас. Я. Куп.

Параўн. (у руск.): в рот нейдет.

У РОЦЕ СТАНОВІЦЦА (станавілася). У рот не ідзе.

— Мамачка, кажа, так не рада, што замуж пайшла. Ён і нішто сабе чалавек, але ўсё ў іх — не кажы*це!.. Сяду за стол — у роце становіцца. Адале [а з часам] я смяялася. А яна: “Маўчы лепш”. Гл. р., Стражы*. Як есці, калі становіцца ў роце? Гл. р., Кл. Ой, сеў браток абед есці, мае дзеткі пайшлі з хаты. Ой, сеў браток і дзівіцца, яму ў роце становіцца. Пруж. п., Шак. (Р. Шырма, БНП, ІІ). Паўмесяца нічога не ела. Вазьму — дык у роце станавілася. Навагр. р., Радаг.

УРЭЗАЦЦА ПА (самыя) ВУШЫ ў каго. Гл. УЛЯЛЮШЧЫЦЦА (утрэскацца) ПА (самыя) ВУШЫ ў каго.

УРЭЗАЦЬ ШТУКУ. Гл. ШТУКУ ЎРЭЗАЦЬ (адпаліць).

У СВЕТ ВОЧЫ. Куды вочы панясуць, куды вочы глядзяць (ісці, ехаць).

Як зрабілася такое няшчасце, то ўсё збрыдала, гатова была ісці ў свет вочы. Карэл. р., Палуж. Пайшоў у свет вочы — гэтак, як і пайшоў куды вочы глядзяць. Карэл. р., Заг.

У СВЕЦЕ ПАШУКАЦЬ. Гл. ТОЛЬКІ Ў СВЕЦЕ ПАШУКАЦЬ.

У СВІНЫЯ ГАЛАСЫ (у свіны голас). 1. І. Насовіч: жыта сеюць у свіны голас; ёсць гаспадарская прыкмета: добра, выгадна сеяць жыта тады, калі свінні пішчаць, адчуваючы набліжэнне халадоў. (І. Нас., СБП). Наўрад ці можна пагадзіцца з такім тлумачэннем. На Навагрудчыне, на Парыччыне гэта выслоўе мае значэнне: позна, запознена, са спазненнем. Такое тлумачэнне вынікае і з прыкладаў фраз, і з наступнага назірання: гаспадыня звычайна даглядае свіней пасля таго, як уходзіцца каля печы, дагледзіць гаспадарку, і галодныя свінні падаю*ць галасы.

Абдумаўся ў свіныя галасы. Светл. р., Рас. (Матэр. для сл.). Каб раней, а то сабраліся ў свіныя галасы. Карэл. р., Сін. Слаб.

Параўн. (у руск.): к шапочному разбору.

2. Моцна (крычаць).

Ці ўвечары, ці рана — усё крычыць у свіны голас. Не зоймецца нічым. Смал. р., Пятр. (Лінг. зб.). Чаго ты равеш, як у свіны голас? Тамсама.

УСЕ ЎСІМІ. З падкрэсл. экспрэс. Усе; усе да аднаго, усе чыста.

Усё лецечка ўсе ўсімі [усёй сям'ёй] рабілі душы* паслуха*ючы. Гл. р., Н. Жыц. Пасялкоўскія ўсе ўсімі ў ягады пайшлі. Гл. р., Кл. Мы ж чакалі гэтак! Усе ўсімі чакалі! Леп. р., Вашк.

УСЁ АДНО. 1. Тое самае, таксама, аднолькава, няма розніцы.

Прайшло гэтых дваццаць пяць гадоў, усё адно як дваццаць пяць месяцаў. Клім. п. (Е. Рам., БС, ІV). Не вады ты жадаеш, мяне з свету збываеш; ты з свету збудзеш, усе адно табе будзе. (Я. Чач.). От якіясь мешчанчукі давай шуткаваць ды кпіць з тае жанчыны, а яна гаворыць ім усё адно, што як на торзе. Сл. п... Вял. Рож. (А. Сержп., КАБСП). Хоць за грошы, хоць дарам, усё адно ідзе. Клім. п. (Е. Рам., БС, ІV).

2. Абавязкова, не гледзячы ні на што.

Не цяпер, то ў чацвер. А ён табе ўся ‘дно [усё адно] не даруе. Гл. р., Кл. Я ўся ‘дно прадавацьму: ці тут, ці на базар везці. Тамсама. — Чаго заходзіцеся? — Новая важатая сказала: “Вы, рабяты”. А ён кажа: “Усе адно як мы жарабяты ці якія цяляты”. Навагр. р., Вал.

УСЁ ЎСЯЛЯКАЕ (усякае). Абы-што; усё, што хочаце.

У месце [у горадзе] накупляў ўсяго ўсялякага. Слон. п., Студар. (М. Фед., ЛБ, 1). Так ужо яны там гуляюць і яму даюць усяго ўсялякага есці, а ён не хоча. Ваўк. п., з-пад Шыл. (М. Фед., ЛБ, 1). Нам тата ўсяго ўсялякага навёз з горада. Малад. р., Гаішча. Стары Цімох усё ўсякае расказваў пра Манджурыю [Манчжурыю], пра хунхузаў, а. Рыгорчык пра Бесарабію, пра баўгараў [балгараў], — як усё ўсякае бачыў, як усё ўсякае робіцца. Гл. р., Кл.

УСЁ ЧЫСТА (чысценька) (як ёсць). 1. Літаральна ўсё, усё без выключэння (рабіў, выконваў).

І рабіў усё чыста як ёсць. Гор. п. (Е. Рам., БС, ІV).

2. Дачыста, начыста.

Прыехалі [па сена], а нехта забраў усё чыста як ёсць, — скажыце, усё чысценька як ёсць. Мсц. р., ст. Ход. Каню ўсып на ноч пуд аўса — за ноч з'есць усё чыста. Гл. р., Кл.

УСІМ ГОЛАСАМ. На ўсю моц, на ўсю сілу (крычаць, спяваць, галасіць), на ўвесь голас.

Наталля — ёй за восемдзесят, — а яшчэ як зацягне ўсім голасам!.. Во-бок [ну, дык] прырода! Гл. р., Кл.

У СІЛУ (у сілачку) УБІРАЦЦА. У СІЛУ (у сілачку) УБРАЦЦА. Узмацнець, узмацніцца, набрацца сілы.

Пачакайце, хай толькі падрасце, хай толькі ў сілу ўбярэцца… Гл. р., Кл. Такому жыту суша нястрашная: яно ўжо вельмі ў сілу ўбралася. Малад. р., Міг. Ведама, год трыццаць будзе, тады ў сілу ўбярэцца. У трыццаць самая сіла. Уздз. р., Маг. Хай убіраецца ў сілу. Гл. р., Кл. Гадуй, пакуль у сілачку ўбярэцца. Тамсама. Вырас асілак, увабраўся ў сілу, і давай ён збірацца ў свет. Сл. п., Вял. Рож. (А. Сержп., СРБСП).

УСКІДАЦЬ (бразгаць) НА ВОЧЫ (на вока). УСКІНУЦЬ НА ВОЧЫ (на вока). Наўмысна і зласліва напамінаць (камусьці пра штосьці непрыемнае, пра памылку, няўдачу).

Ганна маўчыць: як толькі што азавецца, дык тая і ўскіне на вочы. Гл... р., Кл. Баіцца, я ўскіну на вочы. Хіба забылася? Гл. р., Вайц. А што там такое будуць на вока ўскідаць? Вельмі баюся я Вас!.. Гаварыце, а хто слухацьме? Тамсама. Я ішла ўжо [замуж] паджылой дзеўкай, дык ён мне ўсё часта ўскідваў на вочы, што нікому не трэба была. ...ён мне і бразгае на вочы, што з гразі выцягнуў. Глыб. р., Лаз. (Хрэстам.).

УСКІПЕЦЬ НА НАЖЫ. Гл. СКІПЕЦЬ (ускіпець) НА НАЖЬТ.

У СКУРУ ЖАРЫЦЬ каму. Гл. ЖАРЫЦЬ У СКУРУ каму.

УССЕСЦІ НА ГАЛАВУ каму. Гл. НА ГАЛАВУ ЎССЕСЦІ каму.

У СТВОЛ (у столь) ІСЦІ (пайсці). Гл. ІСЦІ Ў СТОЛЬ (у ствол).

УСТУПІЦЬ У ХАЛЯВУ. Гл. У ХАЛЯВУ ЎСТУПІЦЬ.

УСХАДЗІЦЦА НА ГАЛОВАХ. Гл. НА ГАЛАВЕ (на галовах, галавою) ХАДЗІЦЬ.

УСЫПАЦЬ У КОСЦІ каму. Гл. ДАЦЬ У КОСЦІ каму.

УСЯЛЯКАЕ (усякае) РОЗНАЕ. 1. Абы-што, без разбору.

Я не надта ганяюся за баравікамі. Усялякага рознага назбіраю, — што саліць, а што марынаваць. Малад. р., Радашк. Ганна казала, навезлі [у краму] усякага рознага. Гл. р., пас. Я. Куп. Казалі, нявестка ўсякага рознага навезла поўную хату. Гл. Я і кажу, перабраць трэба: што непатрэбнае — тое вон, а ўсякае рознае — спарадкаваць. Гл. р., Кл.

2. З адцен. пагардл. Нікчэмнасць (пра чалавека).

А ты і скажы ёй: усякае рознае хай не лезе сваім носам. Каб усякае рознае гаварыла на іх?! Гл. р., Кл.

УСЯКАЯ ЎСЯЛЯЧЫНА. Абы-што, без разбору; усе, што хочаце.

От пачала яна чапляць на сябе ўсякую ўсялячыну, каб стаць інакшаю, як людзі. Сл. п., Чудз. (А. Сержп., КАБСП). Навезлі ўсялякае ўсялячыны. Лях. р., Мін.

Гл.: усялякае рознае.

Гл.: усё ўсялякае (усякае).

УТАІЦЬ ДУХ. Гл. ДУХ УТАІЦЬ.

У ТАКІМ РАЗЕ. Тады, пры такіх абставінах, варунках, умовах; у такім выпадку.

Я ў такім разе грошай на кніжкі не дам. Малад. р., Радашк. Вы ўсе паедзеце, а што ж мне ў такім разе рабіць? Малад. р., Красн. Баба пакрычыць, пакрычыць у такім разе..., нарэшце і сунімецца. Сл. п., Млын. (А. Сержп., СРБП).

Параўн. (у руск.): в таком случае.

У ТАНОК ІСЦІ (хадзіць). У ТАНОК ПАЙСЦІ. З адцен. паэтычн. Вадзіць карагод, скакаць.

І колісь багата ўсякіх танцаў хадзілі. Як пойдуць бывала ў танок, глядзець хораша. Ні як там ту*пы-ту*пы, а хораша, далікатненька. Будзе ісці старое [дзядуля, бабуля], — стане і падзівіцца. Я не тут роджана, а і тут, у нашых Стража*х, хораша ў танок хадзілі, таночкі вадзілі. Гл. р., Стражы*. Параўн.: Шосту люблю, сёму вазьму, з восьмай ажанюся, з дзевятаю ў танок іду. Гродз. р., Лаша (Р. Шырма, БНП, 1). Саўю вянок ды пайду ў танок. Гом. п., Дзятл. вол. (З. Радч., ГНП). Звіла вянок дый пашла ў танок. Тамсама.

Гл.: танок (таночак, танкі, таночкі) вадзіць.

У ТАНОК ПАЙСЦІ (хадзіць). Гл. У ТАНОК ІСЦІ (хадзіць).

УТАПІЦЬ У ЖЫВАЦЕ (у горле, у юкле) што. З адцен. ганьбы. Пражыць, праесці, прапіць (грошы, гаспадарку). Юкла — вялікі ненасытны жывот, пуза. Гл. р., Кл.

Нашто кажуць: штоб [каб] не ежка ды не адзежка, дык было б грошай дзежка! Во як ён зрабіў: багацце бацькі нажывалі, а ён прасвістаў, у жываце ўтапіў. У дарозе з Оршы на Крыч. Мо' і выбралі б цябе за брыгадзіра. Але куды? Табе гаспадарку — утопіш у юкле ўсю гаспадарку. Ты ж, як толькі, — і п'еш. Дзе такога ставіць за брыгадзіра? Гл. р., Кл. Ён сваю гаспадарку ў горле ўтапіў. Ваўк. п. (М. Фед., ЛБ, ІV).

У ТРУБЫ (у трубу, трубою) ВІЦЦА. У ТРУБЫ (у трубу, трубою) ПАВІЦЦА.З адцен. паэтычн. Вельмі добра расці (пра збажыну).

Расло жыта на салому высокае, аж у трубу вілося! Слон. р., з-пад Моўч. (М. Фед., ЛБ, 1). Абшчэпяцца ўдзвюх і пакоцяцца, каб жыта ў трубы вілося, а месцечка [мясцінка] тое, дзе жыта дажнуць, выпалюць, а тады качаюцца і гавораць: “Ніўка, ніўка, аддай маю сілку, а я цябе жала — сілку пацярала [страціла, загубіла], а на нівачку гнаёк, а на мяне, маладую лаёк”. Мсц. р., Багацьк. (М. Гар., НП). Зарадзіла ў пана жыта, павілося ў трубы. Смал. р., Малін. (Р. Шырма, БНП, ІІ).

УТРЭСКАЦЦА ПА (самыя) ВУШЫ ў каго. Гл. УЛЯЛЮШЧЫЦЦА (утрэскацца) ПА (самыя) ВУШЫ ў каго.

У ТРЭСКУ ВЫРАБІЦЦА. Гл. У ДОШКУ (у трэску) ВЫРАБІЦЦА.

УХАДЗІЦЬ УХОДЖКУ. Гл. УХОДЖКУ ЎХАДЗІЦЬ.

У ХАЛЯВУ ЎСТУПІЦЬ. З адцен. іран. Заганарыцца пры змене грамадскага, службовага стану. Параўн. у Янкі Купалы: Покі Юрка не меў чына, быў нішто сабе дзяціна. Жыў з людзьмі... Збеглі годы чарадою, ён сягоння старшынёю і братам з сваёй жа вёскі падбівае ўжо падноскі. І. Насовіч: кажуць (1) жартоўна, калі хто пры звычайнай стрыманасці, роўнасці альбо сціпласці раптоўна ўзрушваецца, успыхвае; (2) кпліва, насмешліва, калі хто ўзбройваецца супраць старэйшых за сябе, як бы замест лапцяў абуў боты і заганарыўся. (І. Нас., СБП).

Іншы за брыгадзіра стане, і то не дайсці да яго, не прыступіцца і блізка. Гэтак і Яська, добра кажаш, у халяву ўступіў, дык і не той хлопец. У дарозе з Малад. на Віл. — Ты мне, кажа на сына, уступіў у халяву, дык ужо і з маткі гатовы насмяяцца? Трасца матары іх! Тамсама.

У ХАМУТ БІЦЬ (даць). Гл. БІЦЬ У ХАМУТ.

УХОДЖКУ ЎХАДЗІЦЬ. Ухадзіцца (пра гаспадыню) з гаспадаркаю: выпаліць у печы, згатаваць снеданне, дагледзець жывёлу, прыбраць у хаце.

Баба ўходжку ўхадзіла, а дачкі як няма, так няма. Слон. п., з-пад Моўч. (М. Фед., ЛБ, II, І). Толькі ўхадзіла ўходжку, а яны і едуць. Ну і я з імі. Зэльва.

УЦІРАЦЦА КУЛАКОМ. УЦЕРЦІСЯ КУЛАКОМ. Слёзна плакаць.

Уто [ну і] нягодны ды дакучлівы! Лезе і лезе, покуль дасць так, што ўватрэшся кулаком. Гл. р., Кл. Утрэцца ціхенька кулаком і маўчыць. Тамсама. Глядзі, хлопча, каб кулаком не ўціраўся! Акцябр. р., Парэч.

УЦЯГНУЦЦА Ў ГАДЫ. Састарэць, дажыць да старэчага ўзросту.

Уцягнуўся ў гады, дык сілы ўжо няма і рабіць не магу, рукі баляць. Сл. р., Шантар. Як і сам уцягнешся ў гады, пачуеш рукі і ногі. Тамсама.

У ЦЯНЬКУ (у цяньках) АГІНАЦЦА. Гл. АГІНАЦЦА Ў ЦЯНЬКУ (у цяньках).

У ЧАРКУ ГЛЯДЗЕЦЬ (заглядаць) (глыбока) Гл. ГЛЯДЗЕЦЬ (заглядаць) У ЧАРКУ (глыбока).

У ШЧЫПЦЫ БРАЦЬ (узяць) каго. Гл. БРАЦЬ У АБЦУГІ (у шчыпцы) каго.

У ЯБЛЫКІ (у яблычкі). Цёмныя кругі, круглыя плямы на шэрсці ў каня.

Давайце, начальнік, свайго ў яблыкі, то яшчэ і гэтага сабаку дам у прыдачу. Малад. р., Бак. Перад калгасам у Аляксея быў сівы конь у яблычкі. А мы ў бацька прасілі: “Купе*це, татка, такога ў яблычкі”. Гл. р., Кл. Раскармілі, паправіўся, увесь у яблычкі, і крыж раздваіўся. Асіп. р., Карыт.

Гл.: зрабіцца на яблыкі.

Параўн. (у руск.): в яблоках.

Цэтлікі: , ,

Ответить

  Проверка PR и ТИЦ
Нашы сябры:
Казкі беларускія!