A A

Ф. Янкоўскi. БЕЛАРУСКАЯ ФРАЗЕАЛОГIЯ. ФРАЗЕАЛАГІЗМЫ, ІХ ЗНАЧЭННЕ, УЖЫВАННЕ (19)

Суб, 15 кастрычніка 2011

Слоўнікі

Т

ТАГО І ТАГО. Ужываецца для скарачэння паведамлення, каб не паўтараць, пра што ўжо паведамілі.

— Чаго ты ідзеш у свет? — Таго і таго, — кажа ён. Сл. п., Чудз. (А. Сержп., КАБСП) — А чаго ты маўчаў? — Таго і таго, — кажу. Гл. р., Кл. — А цяпер? — Таго і таго, кажу, прыйшла да вас. Віл. р., Ілья.

ТАКІМ ПАРАДКАМ. Гэтак, так; такім чынам (зрабіць, расказаць).

Такім парадкам мужык адгану*ў [адгадаў] панскую страту. Ваўк. п. (М. Фед., ЛБ, ІІІ, 2). Як рабіцьмеш такім парадкам, менш рассыплецца. Гл. р., Кл.

ТАКІМ РАЗАМ. Так, такім чынам.

От наш чалавек пасадзіў яго на воз дый павёз. Такім разам вярнуўся да гасподы [дадому, дахаты] той гаспадар. Сл. п., Вял. Рож. (А. Сержп., КАБСП).

ТАК І ТАК. Ужываецца замест пераказу, паўтарэння ўжо вядомага слухачу — таго, пра што ўжо расказвалася.

Аднаго разу прыйшоў падарожны і просіцца нанач, а яны кажуць: “Так і так. Мы самі не можам у хаце начаваць”. Ваўк. п., М. Азяр. (М. Фед., ЛБ, І). Зайшла, думаю, скажу, — я ж праўду расказвацьму. Кажу яму: так і так. А ён, мае родненькія, мае каханыя, і ў той бок не глядзіць. Гл. Прыходзіць бацька дый кажа: так і так, мой сын хоча з ёю пабрацца. Сл. п., Бох. (А. Сержп., КАБСП).

ТАКОЙ (такое) БЯДЫ! З адцен. спагадл., з мэтай супакоіць кагосьці. Драбніца! Не бяда! Нічога, анічога!

Такой бяды! Мы не баімося патопы, — раз чалавеку смерць! Слон. п., Радзівіл. (М. Фед., ЛБ, ІІІ, 2). Такой бяды! Не надта просім — валы* ў нашых руках. Ваўк. п., Новікі (М. Фед., ЛБ, ІІ). Ці варт? Не купіў — дык не купіў. Такое бяды! Гл. р., Вер. Такое бяды! Што не ўзяў замуж?! Будзе... жаніх, мо' йшчэ [яшчэ] не такі, а лепшы. Гл. р., Зубар. Згубіў мой раз грошы, ды так убіваецца… Я і кажу на яго: “Такое бяды! Будзем жыць — нажывём”. Каб за грошы ўбівацца так? Каб за грошы сварыцца? Гл. р., Кл.

Гл.: толькі тае і бяды!

ТАМ І ТАМ. Ужываецца ў апавяданні, паведамленні замест паўтарэння пра тое, дзе штосьці зрабілася, адбылося, дзе штосьці ляжыць, знаходзіцца.

Шукайце, каець [кажа], там і там. Сен. п. (Е. Рам., БС, ІV). — А дзе браў? — Там і там, кажу, назбіраў за дзень кошык. Гл. р., Сымон.

ТАНОК (таночак; танкі, таночкі) ВАДЗІЦЬ. ТАНОК (таночак; танкі, таночкі) ЗАВОДЗІЦЬ. З адцен. паэтычн. Вадзіць карагод (-ы), скакаць.

Старыя, добра кажаш, а і мы танкі вадзілі. Маз. р., Міх. Старыя суды судзяць, а маладыя танкі водзяць. Гом. п., Дзятл. вол. (З. Радч., ГНП). Па вуліцы дзеўкі танкі водзяць. Тамсама. Чом [чаму] на вуліцу не выходзіш, дзеўкам танкі не заводзіш? Тамсама. [Няма каму] папераду хадзіці, таночкаў завадзіці. Тамсама. Там дзяўчаты водзяць таночкі. З народнай песні.

Гл.: у танок ісці (хадзіць).

ТЛУМІЦЬ ГАЛАВУ чыю, каму. ЗАТЛУМІЦЬ ГАЛАВУ чыю, каму. Стамляць каго дакучаннем, шумам, пазбаўляць каго магчымасці думаць, працаваць, жыць.

Вы мне сваёй чытанінай затлумілі ўжо галаву. Бераз. Дайце пасядзець мне, не тлуміце мне галавы. Тамсама. Тлумілі ўсю ноч галаву. Бял. р., Кл. (Матэр. для сл.).

ТО БОКАМ, ТО СКОКАМ. Гл. ТО СКОКАМ, ТО БОКАМ.

ТОЛЬКІ (і) БАЧЫЛІ (яго, яе, іх). Пра таго, хто раптоўна, нечакана і бясследна знік.

Узгра*баўся неяк на воз і паехаў, толькі яго і бачылі! Ваўк. п., з-пад Свісл. (М. Фед., ЛБ, ІІІ, 2) Усхапіўся Салімон ды як пусціцца наўцекача, — толькі яго і бачылі. Маз. п., Луч. (А. Сержп., СРБП). Дачушцы пасаг, а сыны? А сын у пер'е абрасце — толькі і бачыла! Гл. р., В. Дзьмухнуў табакаю ў вочы, — дык воўк пайшоў, толькі ён яго і бачыў. Лід. п., з-пад Жалуд. (М. Фед., ІІІ, 2).

ТОЛЬКІ І ТОЛЬКІ. Гл. СТОЛЬКІ І СТОЛЬКІ.

ТОЛЬКІ (адно, ажно) ПЯТКІ ЗАБЛІШЧЭЛІ (заблішчалі, забліскацелі). З адцен. жартаўл. ці іран. Вельмі хутка (пабег, панёсся).

Во паляцеў, толькі пяткі заблішчэлі! Мін. р., Раг. Паперла, ажно пяткі забліскацелі. Ваўк. п., з-пад Мсціб. (М. Фед., ЛБ, ІІІ, 2). Папёр, адно пяты забліскацелі. Ваўк. п., з-пад Шыл. (М. Фед., ЛБ, ІІІ, 2). Бізуном па кані, адно пяты заблішчалі! Ваўк. п., з-пад Свісл. (М. Фед., ЛБ, ІІІ, 2).

ТОЛЬКІ ТАЕ І БЯДЫ. З адцен. спагадл., з мэтай супакоіць каго. Драбніца! Не бяда! Нічога (анічога)!

Не ўзялі [на машыну] — даклыпаю памалечку. Толькі тае і бяды! Гл. р., Кл. Толькі тае і бяды, што мак не ўрадзіў! Не ўрадзіў мак, пабудзем і так. Гл. р., Ад.

Гл.: такой (такое) бяды!

ТОЛЬКІ Ў СВЕЦЕ ПАШУКАЦЬ. Незвычайны (са станоўчай ці адмоўнай характарыстыкай); нельга знайсці, цяжка знайсці такога (чалавека, прадмет, мясціну).

І вырас з яго такі ўрвіс [прайдзісвет, прайдак, сарвіцель] ды злодзей, што толькі ў свеце пашукаць. Сл. п., Вял. Рож. (А. Сержп., КАБСП). Ого Малінаў! Пашукаць у свеце! Там жыць і не паміраць. Гл. р., Кл.

ТО СКОКАМ, ТО БОКАМ. З цяжкасцямі, з мукамі.

Кідаўся, перабіваўся то скокам, то бокам. Смал. р., Пятр. То скокам, то бокам, але неяк перажылі ўсё. Мін. р., Гарадз. Перажыў яксьці то бокам, то скокам. Перажывём яксьці то бокам, то скокам. Ваўк. п. (М. Фед., ЛБ, ІV).

ТРАПІЦЬ У НЕРАТ. Знянацку, нечакана апынуцца ў безвыходным становішчы, трапіць у безвыходнае становішча.

Надта лёгкі на ўсё: насіўся, насіўся дый трапіў у нерат. Валож. р., Рак. Ты, братка мой, трапіў у нерат, а цяпер ні ўзад ні ўперад. Тамсама.

Параўн. (у руск.): попасть как кур во щи.

ТРАСЦУ (трасцы) СХАПІЦЬ. З адцен. зламоўн. Не атрымаць, не ўзяць, не пакарыстаць!

Вайна пачалася, дык ён кінуўся забіраць. А ўсе: “Не! Не тваё!” Трасцы схапіў. Гл. р., Кл. Усё дай ды дай. На гатовае кожын рот разявае. Мо' трасцу схопіш, а не рыбу. Сл. п., Чудз. (А. Сержп., КАБСП). Такі бацька быў ненаедны. Дзе што — і ён тут. Не любілі ўсе. І тут трасцы ён схопіць! Гл. р., Барб.

ТРОНУЦЦА З РОЗУМУ. Гл. З РОЗУМУ ТРОНУЦЦА.

ТРУБОЮ ВІЦЦА. Гл. У ТРУБЫ (у трубу) ВІЦЦА.

ТРЫ ЧВЭРЦІ ДА СМЕРЦІ (тры чвэрткі да смерткі). Пра слабога, нямоглага, якому нядоўга асталося жыць, існаваць, ліпець.

Кажу ж на іх: куды там хапацца-лапацца? Калі ўжо тры чвэрці да смерці, то пакінь маладым: ім жа ж трэба, яны і зрабіць лепш зробяць. Стоўб. Зразу немцы порстка хадзілі [пра фашысцкую акупацыю], а тады і відаць па іх было, што ім тут тры чвэрткі да смерткі. Самі казалі: “Дойч капут, Гітлер капут”. Гл. Нашто ім усё гэта? Старому ўжо тры чвэрткі да смерткі, а ўсё мала, а ўсё каб больш. Івян.

ТРЫМАЦЬ ЯЗЫК (за зубамі). Гл. ЯЗЫК ТРЫМАЦЬ (за зубамі).

ТРЭБА (патрэбны) ЯК САБАКУ (сабацы) ПЯТАЯ НАГА. Зусім, ані (не трэба, не патрэбны, хто, што каму).

Трэба яму матацыкл як сабаку пятая нага! Гл. Такі патрэбны як сабаку пятая нага. Малад. р., Радашк. Трэба мне ты, як сабацы пятая нага. Пух. р., Суц. Так мне той прыма*ка [прымак] трэба, як сабаку пятая нага. Мін. р., Лыс. Г. Ты мне трэба? Як я без цябе? Ты трэба мне як сабацы пятая нага. Гл. р., Стар. Так яму той мацыклет [матацыкл] трэба як сабацы пятая нага. Люб. р., Ляск. Дужа патрэбен — як сабацы пятая нага. (І. Нас., СБП).

ТРЭСЦІ КІШЭНІ (кішаню). ПАТРЭСЦІ КІШЭНЮ (кішаню). З адцен. жартаўл. Выдаткоўвацца, выдаткоўваць на штосьці грошы.

— Увесну канчацьме школу, а бацьку — трасі кішэню. — Патрасеш кішэню, а дзе будзеш? — На аднаго сына і кішэню не патрэсці? Гл. р., Кл. Вучыў сына — трос кішаню, ажаніць — трасі кішаню. Валож. р., Рак.

ТРЭСЦІ ЛАТАМІ (рыззем). Гл. ЛАТАМІ (рыззем) ТРЭСЦІ.

ТУМАНАМ АТУМАНІЦЬ. Свядома абмануць, увесці ў зман.

Наезджага якогась і кармілі і паілі. Але ж! Зяця мецьмуць!.. А ён такі мяккі, а ён такі добры… Так хітра туманам атуманіў, што і сёння чакаюць. А дзе ён прыедзе!.. Дзе бачылі! Ваўк. Туманам атуманіў. Ваўк. п. (М. Фед., ЛБ, ІV).

ТЫЛЫЛЫ БІЦЬ. Гл. БІЦЬ ЛЫНДЫ (тылылы).

ТЫМ РАЗАМ. Тады, на той раз, тым часам.

А мы тым разам яблыкаў не прывозілі. Шчуч. р., Будр. Захацеў ехаць у сваты і тым разам у дзядзькі выенчыў, што паехаў да трэцяй. Лід. п., з-пад Раж. (М. Фед., ЛБ, ІІІ, 2). Чаму ж тым разам нас абмінулі? Ашм. р., Гальш. — Дзядзька, у вас гаршкі пабяруць? — Не пабяруць, — і пайшоў сабе. А нявестка тым разам пайшла ды на воз, ды за гаршка. Калін. р., М. Аўц. (Хрэстам.).

ТЫМ ЧАСАМ. 1. Адначасова з чымсьці, у той самы час.

Ён [гаспадар] выехаў з двара, аб'ехаў навакол, паставіў на агародзе каня, а сам у пуні захаваўся. Тым часам прыходзіць ксёндз, прыносіць гарэлкі. (Е. Рам., БНК, 1962). І пабег з млына. Тым часам заспявалі пеўні. Сл. п., Чудз. (А. Сержп., КАБСП).

2. На самой справе.

Я пашкадаваў дзіцяці, хацеў зрабіць лепш..., а тым часам зрабіў амылку [памылку]. Сл. п., Вял. Рож. (А. Сержп., КАБСП). Прадалі, а тым часам не трэба было прадаваць: не лішні. Гл. р., Кл.

ТЫЦКАЦЬ ПАЛЬЦАМ на каго. Гл. ПАЛЬЦАМ ТЫЦКАЦЬ на каго.

ТЫЯ ГАДЫ. Бывала, раней — як неакрэслены мінулы час: і некалькі гадоў, і дзесяткі гадоў таму назад, за памяццю (таго, хто расказвае).

Тыя гады ў Крацкоў [касіць сена] ехалі з таранамі ды з квасам, вады лю*дскае не бачылі, руду адну пілі. Гл. р., Кл. Тыя гады* на Юр'я хадзілі расу калаціць. Тамсама. Тыя го*ды ў Бабрусак [Бабруйск] на кані ездзілі. Хіба язда? Толькі туды і назад двое сутак. Гл. р., Вольн. Абшчыпалі мальцы ноччу ўсе грушы. Тыя гады* ў мяне сабака быў, дык баяліся, дужа лоўкі сабака быў. Леп. р., Ст. Леп. (Хрэстам.).

Цэтлікі: , ,

Ответить

  Проверка PR и ТИЦ
Нашы сябры:
Казкі беларускія!


Подробности вакансии вебкам у нас на сайте.