A A

Ф. Янкоўскi. БЕЛАРУСКАЯ ФРАЗЕАЛОГIЯ. ФРАЗЕАЛАГІЗМЫ, ІХ ЗНАЧЭННЕ, УЖЫВАННЕ (16)

Суб, 15 кастрычніка 2011

Слоўнікі

П

ПАБІЦЦА Ў ЗАКЛАД. Гл. ІСЦІ (біцца) У ЗАКЛАД.

ПАБРАЦЦА ЗАГРУДКІ. Гл. БРАЦЦА ЗАГРУДКІ.

ПА ВЕК вякоў (ве*каў). Да скону, назаўсёды.

Даўбі [дзятлу] па век ве*каў, што сабе хочаш і калі хочаш. Рэч. п. (Ч. Пятк., КДПР). Такі мур будзе па век вякоў. Калінк. р., Юр.

ПАВЕСІЦЬ ГАЛАВУ. Гл. ГАЛАВУ ЗВЕСІЦЬ (павесіць).

ПАВЕТРЫЦЬ НОСАМ. Гл. ВЕТРЫЦЬ НОСАМ.

ПАВІЦЦА ТРУБОЮ (у трубы). Гл. У ТРУБЫ (у трубу) ВІЦЦА.

ПА (самыя) ВУШЫ. 1. Глыбока (уваліцца, усунуцца, ускочыць у балота, у рэчку).

Валы праламалі лёд дый увязлі ў гразі па самыя рогі. Хацеў выпрагчы валоў, дый сам ускочыў у палонку па самыя вушы. Сл. п., Чудз. (А. Сержп., КАБСП).

2. Вельмі (забрудзіцца, вымачыцца).

Увэдзгаўся па вушы ў гразь. Карэл. р., Лукі (Матэр. для сл.). На часінку выбеглі з хаты, а прыйшлі, то па самыя вушы мокрыя. Гл. р., пас. Я Куп.

3. Вельмі многа (бруду, смецця).

Малання памерла, а ён адзін душою жыве. Дык што ж стары мужчына? Ні ён агле*дзець сябе, ні ён прыбраць у хаце. У той хаце па вушы смецця. А што толькі з посуду — усе чысценька на стале стаіць. Дык, кажа, хоча братаву ўнучку ўзяць і ўсё [маёмасць] на яе перапісаць. Гл. р., Кл.

4. Вельмі многа (пра багацце, прадукты).

Было ўсяго па вушы. Ваўк. п. (М. Фед., ЛБ, ІV).

5. Вельмі многа (працы, клопату, спраў, доўгу).

Як жалаванне пабольшылі, то на якое ліха вам тая карова? Толькі клопату па вушы. Гл. р., Кл. Залез у доўг па вушы. Навагр. р., Вал. У яго і сяння [сёння] доўгу па вушы. Арш. р., Коп.

ПА (самыя) ВУШЫ ЎЛЯЛЮШЧЫЦЦА ў каго. Гл. УЛЯЛЮШЧЫЦЦА (утрэскацца) ПА (самыя) ВУШЫ ў каго.

ПАВЫБІРАЦЬ ВОЧЫ каму. Гл. ВОЧЫ ВЫБІРАЦЬ каму.

ПАВЫДЗІРАЦЬ ВОЧЫ каму. Гл. ВОЧЫ ВЫБІРАЦЬ каму.

ПАВЫЙМАЦЬ ВОЧЫ каму. Гл. ВОЧЫ ВЫБІРАЦЬ каму.

ПАВЫКОЛВАЦЬ ВОЧЫ каму. Гл. ВОЧЫ ВЫБІРАЦЬ каму.

ПАВЫПОРВАЦЬ ВОЧЫ каму. Гл ВОЧЫ ВЫБІРАЦЬ каму.

ПАВЫЦЯГВАЦЦА ЯК ЛУТЫ. Гл. ВЫЦЯГНУЦЦА ЯК ЛУТЫ.

ПАДАБІВАЦЬ ДА АБУХА што. Гл. ДАБІВАЦЬ ДА АБУХА што.

ПАДАВАЦЬ ГОЛАС (галасок, галасочак). Гл. ГОЛАС (галасок, галасочак) ПАДАВАЦЬ.

ПАДАГНУЎШЫ ХВОСТ. Гл. ПАДТУЛІЦЬ ХВОСТ.

ПАДАГНУЦЬ ХВОСТ. Гл. ПАДТУЛІЦЬ ХВОСТ.

ПАД АДЗІН СТРУП. Адно пад адным (дзеці), з малою розніцаю ў гадах.

Шасцёра дзяцей ды ўсе пад адзін струп. Маці вайною памерла, дык мучыліся, пакуль у прыют [дзіцячы дом] не забралі. Сл. р., Шантар. Як бывала, дык сямей такіх (не вы ж кажаце, хата дзяцей, а ўсе пад адзін струп) багата было. А цяпер няма такіх. Сл.

ПАДАЦЬ ГОЛАС (галасок, галасочак). Гл. ГОЛАС (галасок, галасочак) ПАДАВАЦЬ.

ПАДАЦЬ (слаць) ЛІСТАМ. Вельмі дагаджаць, быць пакораю, вельмі мякка і пакорна размаўляць.

А ці трэба было так ужо падаць лістам перад ім? Хойн. р., Алекс. — Так ужо годзіць зяцьку, так хорашанька з ім, так ужо лістам сцеле! — Адзін кінуў, дык баіцца. З таго і лістам сцеле. На тое цешча, на тое зяць! Гл. р., Кл. Гаворыць, як лістам сцеле. Ваўк. п. (М. Фед., ЛБ, ІV). Толькі слухайце яго!.. Ён вам будзе ў вочы глядзець і так ласкавенька гаварыць будзе, што, здаецца, толькі табе ён добры, а пойдзе і абгаворыць, ‘шчэ выдумае бог ведае чаго. Сапсеў, зморшчыўся, а такі самы астаўся. Такія ўсе, што лістам сцелюць. Кап. р., Пясоч.

ПАДБІВАЦЬ (падбіць) КАНЦЫ. Гл. КАНЦЫ ПАДБІВАЦЬ.

ПАДВЕСЦІ ПАД ДУРНОГА ХАТУ. Абмануць, абдурыць, свядома прывесці кагосьці да непрыемнасці.

Не слухай ты круцяля гэтага. Ён як бач падвядзе цябе пад дурнога хату і сам сухі будзе. Зэльва (П. Ст., Пол.).

ПАД (самае) НЕБА. 1. Высокі, вялікі.

Як на бяду, нарос гэты ячмень пад самае неба. Ваўк. п., Кр. (М. Фед., ЛБ, ІІІ, 2). Вырас над неба, а дурань як трэба. Малад. р., ст. Уша.

2. Высока.

Як навучаць старыя маладых [пра буслоў], збяруцца, круцяцца, а што далей, то ўгору і ўгору, пад самае неба. Гл. р., Вольн.

ПАДНЯЦЦА НА НОГІ (на ножкі). Гл. ПАДЫМАЦЦА НА НОГІ (на ножкі).

ПАДНЯЦЬ ВОЧЫ. Гл. ПАДЫМАЦЬ ВОЧЫ.

ПАДПІЛОЎВАЦЬ (прыціраць) РОГІ. Гл. ПАДПІЛАВАЦЬ (прыцерці) РОГІ. Уціхамірваць, ставіць на сваё месца (непамяркоўнага, задзірыстага, колкага). Параўн.: падпілаваць (рогі) — канкрэтнае дзеянне, у выніку якога бык становіцца менш небяспечны для статка; на поўдні Беларусі былі практыкі-жывёлаводы, якія ўмелі “прыцерці рогі” цяляці, каб рогі не раслі вялікія і мелі пэўную форму.

Вельмі не скачы, не такіх бачыў! Знойдуцца і табе падпілаваць рогі! Гл. р., Кл. Неяк быў, глядзеў, узіраўся і кажа: “Хтось рогі падпілуе табе!” Стаўб. р., Шкал. Каго вучы*ць, а каму трэба рогі прыцерці. Гл. р., Весн. Ты, браток, асцеражне*йшы будзь, бо так прытруць рогі, што… Ты лішняга нарываешся. Гл.

ПАД ПЛОТ ВАЛІЦЬ (кідаць) што. Гл. ЗА ПЛОТ (пад плот) ВАЛІЦЬ (кідаць) што.

ПАД ПЯТЫ КОЛЕ. З адцен. жартаўл. ці іран. Вельмі страшна, вялікі страх.

Стаяў, а мне так калола пад пяты. Скід. р., Лун. Іх ужо пад пяты добра коле. Ваўк. п., з-пад Свісл. (М. Фед., ЛБ, ІІІ, 2).

ПАДТУЛІЦЬ (прыхіліць, схіліць, падагнуць, апусціць) ХВОСТ. ПАДТУЛІЎШЫ (падагнуўшы, апусціўшы) ХВОСТ. З адцен. асудж. Стаць больш сціплым, менш прэтэнцыёзным, збавіць самаўпэўненасць.

Узяўся тут на ўсіх. Дык мужчыны як узяліся за яго, як падсыпалі, дык перастаў вучыць і насміхацца, а тады ціхенька падтуліў хвост — і ходу. Гл. р., Сымон. Падагнуў хвост дый пайшоў. Ваўк. п. (М. Фед., ЛБ, ІV). Прыхіліў хвост. (І. Нас., СБП). Схіліў хвост ды пад мост. Тамсама. Ты як скажаш, як ён сам зрабіў, дык пабачыш, зразу хвост апусціць. Малад. р., Радашк. Падтуліўшы (падагнуўшы, апусціўшы) хвост — скроміўшыся, пазбавіўшыся самаўпэўненасці. З таго [пасля таго, з таго выпадку] ісці*ме, то не стане: а падтуліўшы хвост бокам, каб і не зачапіў ніхто. Гл. р., Слаўк. Каб хоць слова!.. Пайшоў падагнуўшы хвост. Уш. р., Лясн. Аз. Чаго яшчэ апраўдваешся? Пайшоў бы падагнуўшы хвост. Мін. р., Гуя*.

ПАДЦЕРЦІ (уцерці) НОС. Паказаць камусьці перавагу, вышэйшасць; правучыць.

А ты маўчаў бы, а то нос падатрэ!.. Докш. р., Глін. Яму не падатрэш носу!.. Ведае і чорнае і белае. Малад. р., Бак. А што, уцерці носа? Яму калісь уватруць носа. Ваўк. п. (М. Фед., ЛБ, ІV). Рана сілаю выхваляешся. Яшчэ магу так табе ўцерці нос… Малад. р., Сак.

ПАДЫМАЦЦА НА НОГІ (ножкі). ПАДНЯЦЦА НА НОГІ (на ножкі). 1. Уставаць, станавіцца.

Кабыла пырхнула дый паднялася на ногі. Сл. п., Вял. Рож. (А. Сержп., СРБП). Падыміся, дзіцятка, на ножкі, хай цётка змерае. Гл. р., пас. Я Куп.

2. Пачынаць хадзінь пасля хваробы, знясілення.

Другі дзянёк, як паднялася на ногі. З нядзелі да нядзелі праляжала на пасцелі. Гл. р., Кл. Я ж толькі ўчора паднялася на ногі. Бярэз. р., Бл. Доўга яго насіла па моры, доўга пякло на сонейку, пакуль нарэшце выкінула на бераг. Насілу падняўся ён на ногі, але не мажэ [не можа] хадзіць. Сеў на камень дый сядзіць. Сл. п., Вял. Рож. (А. Сержп., КАБСП).

3. Падрастаць і пачынаць зарабляць на сябе, набірацца сілы, убірацца ў сілу.

Калі на ногі падняўся, ды за ско*там [статкам] пайшоў. Арш. р., Пугл. (Хрэстам.). Яго колісь аддаў бацька падпа*сычам. Падняўся Міхаль на ногі, але... бацька памёр. Маз. п., Запол. (А. Сержп., СРБП). От даў бог ім дзеткі на радасць ды на ўцеху. От ужо падняліся на ногі дзеткі. Сл. п. (Сержп., КАБСП). Так і жывуць людзі, бы вада цячэ ў рацэ. А розум хаць [хоць] ціха, памале*чку ды ўсё расце, расце і падымецца на ногі. От як вырасце той, ясны бы сонейка, розум ды пачне свяціць людзям у вочы та [ды] усе пазнаюць, з чаго ліха на свеце, пазнаюць праўду... Маз. п., Гаўр. (А. Сержп., СРБП). Давай… дадзім ім грошы, няхай багацее, няхай акрыяе хоць, няхай на ногі падымецца. Хоцім. р., Ял. (Хрэстам.). Падняўся наш бедны на ногі, засеяў абмежкі ды логі. Сл. п., Вял. Рож. (А. Сержп., КАБСП).

ПАДЫМАЦЬ ВОЧЫ. ПАДНЯЦЬ ВОЧЫ. Глядзець, пазіраць на каго.

Яму падняць вочы сорам. Акцябр. р., Рацм. Вінаваты, дык на судзе і воч не падняў. Гл. р., Кл. Падняў вочы ўгару, паглянуў. Ваўк. п., з-пад Лыск. (М. Фед., ЛБ, ІІІ, 2). Падыме ён вочы, зірне на яе, і здаецца яму, што гэта не сіротка, а тая царэўна, што кажуць у казках. Сл. п., Вял. Рож. (А. Сержп., КАБСП).

ПАДЫХОДЗІЦЬ, ЯК СВІННІ НАБЭДРЫКІ (на*бадры). З адцен. іран. Ані не падыходзіць. Набэдрыкі (набадры) — шлеі (шляя), частка збруі.

Так яму капялюш падыходзіць, як свінні набэ*дрыкі: на галаве капялюш, а бацінкі есці просяць. Гл. р., пас. Я. Куп. На голых сценах картачак навешала, — падыходзіць, як свінні набэ*дрыкі. Гл. р., Кл. Падышло, як свінні на*бадры. Кап. р., Аксам.

ПАЕЛІ І ПАЛІЗАЛІ. З адцен. жартаўл. ці іран. Позна! Спазніліся! Параўн.: таму, хто прыйшоў з гульні і спазніўся на вячэру: “У вас прапелі? А ў нас паелі!” Гл. р., Кл.

ПАЗАПЛЯТАЦЬ ВОЧЫ. Гл. ЗАПЛЕСЦІ ВОЧЫ.

ПАЗБІВАЦЬ РОГІ. Утаймаваць, паставіць на сваё месца (порсткага, нявытрыманага, рэзкага да людзей). Параўн.: Шкадліваму кату хвост уцінаюць.

Ты ўсіх ядом гатовы есці. Але нарвешся на кагось — пазбівае рогі. У дарозе з Бераст. на Ваўк. Няма тут каму, каб рогі пазбіваў, — усё ён бачыць, на ўсіх ён. Гл. р., Кл.

Параўн. (у руск.): обломать рога, сломить рога.

ПАЗНАЦЬ СМАК. Адчуць задавальненне, асалоду, прыемнасць.

Толькі тады ад зямлі пазнаць смак можаш, як на яе гною паложыш. Сл. п., Чудз. (А. Сержп., КАБСП). Ты ‘шчэ не пазнаў смаку рыбу лавіць. Гл. р., Кл. Хоць на што трэба смак пазнаць. Тамсама.

ПАЙСЦІ ВАЙНОЮ. Гл. ІСЦІ ВАЙНОЮ.

ПАЙСЦІ ЗА ВАДОЮ. Гл. ІСЦІ ЗА ВАДОЮ.

ПАЙСЦІ З СЛЫХАМІ. Знікнуць, прапасці без весткі; знікнуць без следу.

Пайшлі з слыха*мі. Ваўк. п. (М. Фед., ЛБ, ІV). Што з яго [з прымака]? Чуць якое што, ён з слыха*мі пойдзе. У дарозе з Ваўк. на Зэльву.

ПАЙСЦІ НА ДАБРО. Гл. ІСЦІ НА ДАБРО.

ПАЙСЦІ НА СВЕТ. Гл. НА СВЕТ ПРЫЙСЦІ (пайсці).

ПАЙСЦІ НА СВОЙ ХЛЕБ. Гл. ІСЦІ НА СВОЙ ХЛЕБ.

ПАЙСЦІ РУКОЮ. Гл. ІСЦІ РУКОЮ.

ПАЙСЦІ СУПРАЦЬ (проці) ВАДЫ. Гл. ІСЦІ СУПРАЦЬ (проці) ВАДЫ.

ПАЙСЦІ Ў ЗАКЛАД. Гл. ІСЦІ (біцца) Ў ЗАКЛАД.

ПАЙСЦІ Ў ПРЫМЫ. Гл. ПРЫМАЦЦА (прыставаць, ісці) Ў ПРЫМЫ.

ПАЙСЦІ Ў СТВОЛ (у столь). Гл. ІСЦІ Ў СТОЛЬ (у ствол).

ПАЙСЦІ Ў ТАНОК. Гл. У ТАНОК ІСЦІ (пайсці).

ПАЙШЛА ПОГАЛАСКА. Гл. ПОГАЛАСКА ПАЙШЛА.

ПАЙШЛО СЛІЗКА. Гл. ІДЗЕ СЛІЗКА.

ПАКАЗВАЦЦА НА ВОЧЫ каму. ПАКАЗАЦЦА НА ВОЧЫ каму. Паяўляцца перад кім.

Даўно ўжо і на вочы паказваўся. Мядз. р., Нар. Каб правінава*ціўся, то ён бы на вочы не паказаўся. Гл. р., Кл. Каб не паказваўся на вочы, ...пан са свету перавядзе. Бых. п. (Е. Рам., БС, ІV). Нарэшце прагнала яго, каб і на вочы не паказваўся, а сама пабегла на бераг мора, каб паслухаць таго цудоўнага спеву. Сл. п., Вял. Рож. (А. Сержп., КАБСП).

ПАКАЗВАЦЬ (паказаць) КІПЦЮРЫ. Гл. КІПЦЮРЫ ПАКАЗВАЦЬ.

ПАКАЗВАЦЬ ПАЛЬЦАМ на каго. Гл. ПАЛЬЦАМ ПАКАЗВАЦЬ на каго.

ПАКРУЦІЦЬ (папакруціць) ГАЛАВОЮ. Гл. КРУЦІЦЬ ГАЛАВОЮ.

ПАКУЛЬ ВОЧЫ НЕ ЗАЧЫНІЛІСЯ чые. Пакуль смерць не настала, пакуль жыццё не скончылася.

Ці мне памагацьмуць? Я ім памагацьму, покуль вочы не зачыняцца. Гл. р., Кл. Не дараваў, покуль і вочы не зачыніліся, так забідзелі [скрыўдзілі]. Гл. р., Зубар.

ПАКУЛЬ НОГІ НОСЯЦЬ каго. Пакуль ногі носяць — пакуль у змозе, пакуль можа рухацца, больш ці менш працаваць.

Матка маткай: пакуль ногі носяць — усё дзецям. Мін. р., Сёмк. Гарад. Каб пакуль ногі насілі, то чаму ж? Жыла б сабе з імі. Абжыліся, і добра. Але ж на тое гады*. Лаг. р., Мач.

ПАЛАЦЬ (гарэць) агнём. Гл. АГНЁМ ГАРЭЦЬ (палаць).

ПА ЛЕВАЙ РУЦЭ. Злева.

Ішлі з нейкімі ўтраіх, па правай руцэ высокі, па левай — меншы. Гл. р., Кл.

Гл.: па правай руцэ.

ПАЛЬЦАМ ПАКАЗВАЦЬ (тыцкаць, вытыкаць) на каго. Звяртаць увагу на каго, што з адмоўнаю ацэнкаю, характарыстыкаю.

Глядзі, дзеўка, каб пальцамі не паказвалі!.. Шануйся, кажу табе. Гл. р., Кл. Усе яго пальцамі вытыкаюць. Ваўк. п. (М. Фед., ЛБ, ІV). Хто, а дзеўкаю быўшы, абы-як не зробіш: як што — і тыцкацьмуць пальцамі. Гл. р., Кл.

ПАЛЯЦЕЦЬ НОСАМ (у зямлю). Гл. ЛЯЦЕЦЬ НОСАМ (у зямлю).

ПАМАЛОЦЬ ЯЗЫКОМ. Гл. МАЛОЦЬ ЯЗЫКОМ.

ПАМАЦАЦЬ КІЕМ РЭБРЫ каму, чые. Выцяць, ударыць.

Будзеш лазіць у чужы сад, дык нехта, пабачыш, памацае кіем рэбры. Гл. р., Кл. Даў бы ты на дзень (каня) цыгану, то ён як памацаў бы кіем рэбры — выгнаў бы натуру. Гл. р., пас. Я. Куп.

Гл.: кіем рэбры памацаць.

ПАМІЖ ЛІХА І ГОРА (паміж ліханька і горанька). У горы, у бядзе, калі ў кагосьці не адна непрыемнасць, бяда.

Усё жыццё сваё жыла паміж ліха і гора. Не тое, дык тое. Ст. Малад. Дабра відзела [бачыла] мала, а больш было жыць паміж ліханька і горанька. Муся [мусіць, мабыць], шчасце маё такое. Мой загінуў яшчэ ў тую [першую сусветную] вайну. А сын у польскім войску быў. І сын не вярнуўся. А цяпер старая зусім гэткая, добра, што людзі не цураюцца. Тамсама.

Гл.: між молата і кавадла.

Параўн.: Адна бяда не ходзіць, за сабою другую водзіць (БППФ).

ПА НЕМАЛЫМ ЧАСЕ. Праз працяглы адрэзак часу, даўгавата счакаўшы.

Сказаўшы тое, стары пачаў збірацца ў дарогу. Па немалым часе пайшоў стары ад прошчы да прошчы. Засталіся сыны без бацькі, а гаспадарка без гаспадара. Сл. п., Чудз. (А.Сержп., КАБСП). Па немалы*м часе падышла пара і радзіўся ў яе гэты хлапчук. Сл. п., Вял. Рож. (А. Сержп., КАБСП). Кажуць, што папараць цвіце толькі аднэйка [аднойчы, адзін раз] у рок [год] на Купала. Па немалым часе прыходзіць Купала. Тамсама. Але ось заграе музыка жаласліва і заплачуць і лес і дуброва, набяжыць хмурка [хмарка], і з неба слёзкі так і пальюцца… Але ось па немалым часе музыка ад жаласлівага ды на вясёлае зверне. Сл. п., Вял. Рож. (А. Сержп., СРБП).

ПАНЕСЦІ (кінуць) НА ЎХАБУ каго. Пра паводзіны чалавека, калі ён губляе кантроль за сабою і робіць глупства.

І робіць, і ў хаце гаспадар як гаспадар, адале [а потым, раптам] панясе яго на ўхабу, — запіў і ніякага толку. І бацька, казалі, такі самы. Не ты ж кажаш: ідзе, ідзе, адале і панясе на ўхабу. Гл. р., Вайц. “Кінуць на ўхабу” — тое, што і “панесці на ўхабу”, але з адценнем большай нечаканасці, больш рэзкага змянення (пра чалавека). Так, думаеш, з ім і лёгка?.. На рыбу, бывала, пойдзем; ловіць, ловіць, а тады яго і кіне на ўхабу: “Ты вінаваты, што не ловіцца! Хадзем на возера!” Якое возера! Патаміліся, што ног не здалею цягнуць, а ён — “возера”!.. Гл. р., Кл.

ПАНСКАЯ ХВАРОБА. Прытворства, прыкідванне хворым, нямоглым, лічыць сябе няздольным да працы пры хваробе, якая не робіць чалавека непрацаздольным. Як адгалоскі былых сацыяльных адносін. Параўн.: Панская хвароба — мужыцкая сіла.

Да дактароў ездзіць ды ўсё панскае хваробы шукае. Які там хворы?! Каб мне, лічуся здаровы, ды яго здароўе! Навагр. р., Усел. Саромеюся сказаць: падумаюць дый скажуць: на панскую хваробу захварэла. Во гэтак..., рана ўстаць не магу, у галаве — як шум, звя*ну ўся. Нічога не рабіла, а ўсё адно як стамілася. Ст. Белар.

ПА НЯДОЎГІМ ЧАСЕ. Неўзабаве, праз невялікі адрэзак часу, нядоўга счакаўшы.

Спужаўся ён і чакае бяды. Па нядоўгім часе захварэла яго матка дый памерла. Сл. п., Вял. Рож. (А. Сержп., КАБСП). Стаім. Аж па нядоўгім часе падышла пасажырка (пасажырскі аўтобус) і прывёз нас усіх. У дарозе з Сін. на Сл.

Гл.: па хуткім часе.

ПАПАДАЦЦА НА ЯЗЫК (языкі) каму. Гл. ПАПАСЦІСЯ НА ЯЗЫК (языкі) каму. Станавіцца аб'ектам гутаркі, размовы людзей, вельмі схільных гаварыць пра другіх, паўтараць, пераказваць пачутае.

— Пападзіся ёй на язык, дык год з языка не спусціць. — Не так я і баюся каго! Што там пападуся ёй на язык? Бераз. А яму лепш не пападайся на язык. Гл. Добры на язык не пападзецца. Гл.

ПА ПРАВАЙ РУЦЭ. Справа.

Стаяць малайцы па правай руцэ. Пруж. п., Шак. (Р. Шырма, БНП, 1).

Гл.: па левай руцэ.

ПАПРАСТАЦЬ НОГІ. З адцен. жартаўл. Пахадзіць, пашпацыраваць (пасля працяглага сядзення).

Заседзеліся, трэба папрастаць ногі. Паходзім давай. Кап. р., Ванел. Хай яго хай! Абрыдала сядзець паўдня ў аўтобусе, хадземце, хоць папрастайма ногі! У дарозе з Мін. у Сл. Ну, во — не вы ж кажаце! — хоць ногі папрасталі. Тамсама.

ПАПРАЎДЗЕ КАЖУЧЫ. Па сутнасці, на самай справе, шчыра кажучы.

Папраўдзе кажучы, то і баяцца няма чаго. Баран. р., Моўч. Яна ж, па праўдзе кажучы, сама вінаватая: таму, таму расказала, дык і прыйшлі і пытаюцца ў яе пра тыя лістоўкі. Малад. р., Радашк. Мы, папраўдзе кажучы, не перагароўваемся. Сл. р., Кл.

ПАПУСКАЦЬ ЛЕЙЦЫ. ПАПУСЦІЦЬ ЛЕЙЦЫ. Паслабляць увагу, патрабаванні, пільнасць, даваць аслабку.

На гаспадарцы лейцаў не папускай: парадку не будзе. Гл. р., Кл. А хлопцам толькі папусці лейцы — на галаву ўссядуць. Тамсама. З імі [вучнямі] лейцаў не папускай. Тамсама. Такі ў іх бацька: папусціў лейцы, дык што хочуць робяць, Тамсама. Папусці адно лейцы. Ваўк. п. (М. Фед., ЛБ, ІV).

ПАРАХНЁЙ РАССЫПАЦЦА. Марна траціцца, марна гінуць (пра рэчы, багацце).

Бацька быў багаты, а сын ні ў кола ні ў мяла. Усё тое парахнёй рассыпалася. Леп. р., Лясн. Аз. Што там нажываць? Сцягвай усё ўсякае, а яно, праўду кажаш, рассыплецца парахнёй. Дзецям трэба будзе — нажывуць, а на дзяцей не назапасішся. Тамсама.

ПАРЫЦЬ КОСЦІ Ў ЗЯМЛІ. Гл. У ЗЯМЛІ КОСЦІ ПАРЫЦЬ.

ПАСАД (у пасад) САДЗІЦЬ (слаць). ПАСАД (у пасад) ПАСАДЗІЦЬ (паслаць). Рассцілаць снапы на таку (каб малаціць).

Пасадзе*м пасад да схадзе*м няротаў [нератоў] паглядзім. Гл. р., Баян. Ты пасад садзіцьмеш, а я хочу [хачу] абмесці кругом. Гл. р., Кл. Збіў пасад — і пакуры сабе, а то — пасадзіўшы пасад, курыць?! Тамсама. У пасад садзяць і тады малоцяць. Уздз. р., Цяпл. (Хрэстам.). У нас: пасад слаць. Карэл. р., Сін. Слаб.

ПАСАДЗІЦЬ НА ПАСАД. Гл. НА ПАСАД САДЗІЦЬ.

ПАСАДЗІЦЬ (паслаць) ПАСАД (у пасад). Гл. ПАСАД (у пасад) САДЗІЦЬ (слаць).

ПАСАДЗІЦЬ У КРАПІВУ. Гл. У КРАПІВУ ПАСАДЗІЦЬ.

ПАСКАКАЦЬ ДРОЗДЗІКА. 1. Паскакаць. З адцен. жартаўл., звычайна пры звароце да дзяцей.

Паскачаш дроздзіка — будзе цукерка. Стоўб.

2. Пакалаціцца, падрыжэць (на холадзе). З такім значэннем ужываецца на паўночнай Вілейшчыне.

3. Памучыцца пры бяссіллі ці бездапаможнасці ў цяжкай сітуацыі.

Звезлі нас за свет, ну і паскакаў я дроздзіка!.. Малад. р., Бак. А то вёз раз, і дуга зламалася. Вецер, снег, дарогу замяло. Во паскакаў дроздзіка, пакуль вырабіўся. Нясвіж. Там, брат, дроздзіка паскачаш. Тамсама.

ПА СКОРЫМ ЧАСЕ. Гл. ПА ХУТКІМ (скорым) ЧАСЕ.

ПАСЛАЦЬ ПАСАД (у пасад). Гл. ПАСАД (у пасад) САДЗІЦЬ (слаць).

ПАСТАВІЦЬ ВОЧЫ на каго. Позіркам, выглядам выявіць варожасць да каго.

Сказаў Антон гэтак, дык Гэля паставіла вочы на яго. Шчуч. р., Будр. Чуць што не так, дык і паставіць вочы. Валож. р., Пярэж.

ПАСТАВІЦЬ НА НОГІ. 1. Выхаваць, давесці да сталасці і самастойнасці.

Хацеў, каб усіх іх [сваіх дзяцей] на ногі паставіць. Ажно, бачыце, таварыш ляснічы, самога ногі не трымаюць. Навагр. р., Райца. Ён не аднаго паставіў на ногі. Так і з Юзікам і з Колем. А яе? Куды яе? Хай робіць дома. Гл. р., пас. Я. Куп.

2. Вылечыць.

Які слабы ляжаў, а дактары паставілі на ногі. Бара*навіч мала — у Мінск забіралі. Баран. р., Гарадз.

ПАСТАВІЦЬ НА СВАІМ. Рашуча, без кампрамісу дабіцца здзяйснення намеру.

Яна гатова і чорту душу запрадаць, абы паставіць на сваім. Сл. п., Чудз. (А. Сержп., КАБСП). Каб чорт на чорце сядзеў, то я на сваім пастаўлю. Ваўк. п. (М. Фед., ЛБ, ІV). Каб д'ябал на д'ябле сядзеў, то ён на сваім паставіць. Сак. п. (М. Фед., ЛБ, ІV). Хоць нагавіцы застаўлю, а на сваім пастаўлю. Тамсама. Хоць сам у крыві, а на сваім пастаўлю. Тамсама. Слухаць не хацеў, а стала, стала на сваім: хутар той, кажу, выкінь з думкі. Купіш, а ці разжывешся на хутары? І бачылі? У дарозе з Ліды на Навагр.

ПА ТОЙ РАЗ. Пасля таго, пасля таго выпадку, здарэння; з таго часу, з таго выпадку, здарэння.

Адзін раз ускочылі ў слівы. А я: “А куды?!” Па той раз і на двор не зірнуць. Гл. р., Кл. Па той раз ужо з чалавекам сполкі не меў. Слон. п., Гор. (М. Фед., ЛБ, 1). Як правучылі, па той раз — як адрэзала; больш ні разу не прыходзілі. Карэл. р., Ярэм. Па той раз ужо яна агонь сама шануе і ўсіх навучае, бо ёй добра далося ў знакі. Ваўк. п., Дварч. (М. Фед., ЛБ, І). Колісь [калісьці] тут знайшоўся падрадчык: плыты гналі. Вельмі ўмешваўся і кіраваў. Праганялі праз мост. Ну, ён і ўзяўся кіраваць. Усе клейні скруціла і выгнала на бераг. Выкіраваў на адзін бок. Па той раз годзе! Гл. р., Кл.

ПАТРЭСЦІ КІШЭНЮ (кішаню). Гл. Трэсці КІШЭНЮ (кішаню).

ПА ХУТКІМ (скорым) ЧАСЕ. Скора, зусім мала счакаўшы, праз кароткі адрэзак часу. Бяжыце, дзетачкі, па хуткім часе і я буду там. Гл. р., пас. Я. Куп. Вы паехалі, а па скорым часе і ён прыйшоў. Малад. р., Радашк. Штоб [каб] па скорым часе, то і адратавалі б [тапельца]. Гл. р., Побл.

Параўн. (у руск.): вскоре, в скором времени.

ПАЦЯГНУЛА НА АБАЛОНЬ. Пахудзеў, памарнеў хтосьці, у выніку змяніўся і колер твару. Абалонь — верхні пласт хваёвай драўніны; калі параўноўваць абалонь са стрыжанем, то яна адрозніваецца колерам — белы з сіняватасцю, адрозніваецца меншаю трываласцю і параўнаўча хуткаю падатнасцю.

Што з ім? Вельмі нешта пацягнула на балонь. Чэрвен. р., Карз. У нас — я з былой Ігуменшчыны [Чэрвеншчыны] — як хто пахудзеў ці аслабеў, дык кажуць: “пацягнула на абалонь”. Мін.

ПА ШТО ДЗЕНЬ. Штодзень, штодзённа.

Рада паненка, кліча паніча кожны дзень. Ездзіць той… па што дзень. Маз. п., Луч. (А. Сержп., СРБП). Мужыкі абяднелі, пухнуць ад голаду, бо некалі хлеба зрабіць: пані зганяе па што дзень у двор. Тамсама.

ПА ШЫІ НАКЛАСЦІ каму. Гл. НАЛАЖЫЦЬ У КАЎНЕР (у каршэнь) каму.

ПА ШЭРСЦІ ГЛАДЗІЦЬ каго. Гл. ГЛАДЗІЦЬ ПА ШЭРСЦІ каго.

ПЕРАКІНУЦЦА СЛОВАМ з кім. Загаварыць з кім, крышку, вельмі мала паразмаўляць з кім.

Прыедзьце хоць калі, а то ўсё неяк то на станцыі, то ў Нава*грудку, перакінемся словам, а не нагаворымся. Навагр. Ды я з ім і словам не перакінуўся: прыехаў, а ён ад'язджаў, толькі і пабачыў. Навагр. р., Падкас.

ПЕРАВЕСЦІ СА СВЕТУ каго. Гл. СА СВЕТУ ЗБАВІЦЬ(збыць) каго.

ПЕРАЕСЦІ КІШКІ каму. Гл. КІШКІ ПЕРАЯДАЦЬ каму.

ПЕРАЯДА СЭРЦА. Гл. АД'ЯДА (перая*да) ДУШЫ (сэрца).

ПЕРАЯДАЦЬ КІШКІ каму. Гл. КІШКІ ПЕРАЯДАЦЬ каму.

ПЕРЦІ МОХ З БАЛОТА (з балотам). Гл. НЕСЦІ (перці) МОХ З БАЛОТА (з балотам).

ПЕРЦІ ЗА АБЕДЗВЕ ШЧОКІ. З адцен. асудж., іран. Прагна есці, на поўны рот.

Але ось памале*ньку ачухаўся поп і давай перці мёд за абедзве шчокі, толькі барада трасецца, бы ў казла. Сл. п., Чудз. (А. Сержп., СРБП). Хто як, — то скажа, то пасядзіць, а то як сеў, дык толькі прэ за абедзве шчокі. Гл. р., Слаўк.

Параўн. (у руск.): уплетать (уписывать) за обе щеки.

ПЕРШ-НАПЕРШ. Найперш, на самым пачатку.

Каго толькі там [у пекле] не было! Перша-наперш вынырнула лысая галава ксяндза, а поруч з ёю кіпелі ў смале доўгія кудлы папа, ...разам выскачылі з смалы маладзенькая паненка, абняўшыся з старым панам, старая пані... Сл. п., Вял. Рож. (А. Сержп., КАБСП). Там, бачу, Васіль Катлінскі стаіць. Камендант перш-наперш папытаўся ў мяне, хто ён. Пух. р., Верк. (Хрэстам.). Ну, дачушкі, ідзіце ў ягады, каторая перш назбірае поўную каробку, тая перш-наперш замуж пойдзе. Слон. п., Студар. (М. Фед., ЛБ, ІІ, І). Перш-наперш я выцягнуў ерш [рыфма: перш — ерш]. Гл. р., Кл. Перш-наперш пад'есці трэба, а тады ба*чыцьмем, як і што. Гл. р., Стражы*.

Параўн. (у руск.): прежде всего, перво-наперво.

ПЕЧАНІ АДСАДЗІЦЬ. Гл. АДСАДЗІЦЬ ПЕЧАНЦЫ (печані).

ПЕЧАНЦЫ АДСАДЗІЦЬ. Гл. АДСАДЗІЦЬ ПЕЧАНЦЫ (печані).

ПІЦЬ (смактаць) КРОЎ. З адцен. асудж., пагардл. Здзекавацца, мучыць, вельмі жорстка абыходзіцца, эксплуатаваць.

Быў сабе багатыр [багаты чалавек] такі скупы-скупы, што, як кажуць, у яго зімою і лёду не дастанеш, ды вельмі паганы... Проста драў з людзей скуру і піў кроў, як тая п'яўка... Рэч. п. (Ч. Пятк., КДПР). Кідайце... Вас абманваюць, кроў нашу п'юць. Кінулі работу жнеі ў гарадзішчанскага памешчыка і разышліся. Мін. р., Стр. (Хрэстам.). Каб каліль [калі-небудзь] вы паслухалі ды пазапісвалі, як яна лаецца ды кляне… От дык кляне…“Ты ўсё жыццё кроў піў”. “Папапілі мае крыві”. “Крыві мае напіўся!” Гл. р., Кл. Хіба мала людское крыві выпіў! ‘Шчэ ў старое ўрэмя [за старым часам, пры царызме] служыў ды ўдаваў людзей. Тамсама. Я знелюбіў усіх зямельнікаў [уласнікаў зямлі] — ці багатых, ці хоць і небагатыя. Увесь век смакталі з мяне на сваёй зямлі маю кроў. Бацька парабкаваў, я пяцьдзесят гадочкаў парабкаваў. Малад. р., Бак. Хто з нашага брата толькі не смактаў крыві! Адны прыходзілі, другія адыходзілі. А нам му*кі былі. Тамсама.

Параўн. (у руск.): пить кровь, сосать кровь.

ПЛАСТАМ ЛАЖЫЦЦА. Гінуць (пра групы, вялікую колькасць людзей).

Тут накінуліся на каваля, а ён ухапіў аднаго за чуб ды як замахнецца кругом сябе, дык войска пластам лажыцца. Сл. п., Вял. Рож. (А. Сержп., СРБП). Прыязджаў тут нейкі, мо' палкоўнік ваенны. Расказваў, як у нейкую вайну лажылася пластам войска, — хто з марозу, а каго так забівалі. Стаўб. р., Рубяж.

ПЛАТКІ ПРАПІВАЦЬ (прапіць). Гл. ПРАПІВАЦЬ ПЛАТКІ.

ПЛЕСЦІ ГЛУПСТВА. Гл. ГЛУПСТВА ПЛЕСЦІ.

ПЛЕСЦІ (збіраць, хапаць, хватаць) З ДУБА ВЕЦЦЕ. З адцен. асудж., дакору. Гаварыць абы-што, малоць языком, малоць лухту.

Што ты пляцеш з дуба вецце? Чашн. р., Краснал. Чаго раскрычаліся? Нашто збіраць з дуба вецце? Тамсама. А ты б перастала б нечага плесці з дуба вецце. Чашн. р., Латыг. Ат, яна заўсёды хватае з дуба вецце. Верхнядз. р., Н. Лад. Ну!.. Пайшла хватаць з дуба вецце. Тамсама. Назбірала з дуба вецця і расказвае, а бабы вушы распусцілі і слухаюць. Леп. р., Арэх. (Лінг. зб.).

Гл.: не чуць смаку ў языку.

Гл.: несці мох з балотам.

ПЛЕСЦІ ЛАПЦІ (з кашалямі). НАПЛЕСЦІ ЛАПЦЕЙ (з кашалямі). З адцен. асудж., дакору. Гаварыць абы-што, малоць языком, малоць лухту.

Ат! Пляцеш ты лапці з кашалямі. Акцябр. р., ст. Рацм. Вы пойдзеце туды? Зноў? О! Той вам нагаворыць, — ён напляце вам лапцей з кашалямі. Толькі слухай, то нарасказвае. А вы ж, кажуць, усе чысценька спісваеце [запісваеце]? Гл. р., Зубар. Не пляці ты лапцей, не чмуці людзей. Мы самі з вусамі. — Я... праўду кажу. Сл. п., Чудз. (А. Сержп., КАБСП).

ПЛЕСЦІ СМАЛОВАГА (смольнага, смаленага) ДУБА. Гаварыць несусвеціцу, абы-што.

Тут, у Валеўцы, адзін хадзіў, запісваў песні, — хоць што запісваў. Просіць, каб мы казалі ці спявалі, а сам — слова не скажаш: толькі пачнеш, а ён і пачне сам, гаворыць і гаворыць, ат, пляце смаленага дуба. Навагр. р., Вал. Пляце смаленага дуба. Ваўк. п. (М. Фед., ЛБ, ІV). Ці не перастаў бы ты смаловага дуба плесці? Нясвіж. р., Гарадз.

Гл.: смаловы (смольны, смаляны) дуб.

Гл.: верзці грушкі (грушы) на вярбе.

Гл.: злажыць смаленую кабылу.

ПЛЯСКАЦЬ У ЛАДКІ. Гл. У ЛАДКІ ПЛЯСКАЦЬ.

ПЛЯЧЫСТЫ НА ЖЫВОТ. З адцен. жартаўл. ці іран. Пра таго, хто многа есць.

— А як бляху вантрабянкі ўтрубілі ўдваіх [удвух]? — Як было, то было, што з'елі — не схавалі. — У вас уся парода плячыстая на жывот. Бабр., аўтавакзал. Такі на жывот плячысты, а тонкае кроквы адзін не ўздубіш [не ўсцягнеш на зруб]? Гл. р., Кл. Ты, брат, плячысты на жывот! Каб так рабіў, то і добры б быў! А то есць — пацее, а робіць... аж мерзне. Валож. р., Пярэж.

ПОГАЛАСКА ПАЙШЛА. Панеслася чутка, плётка.

З нічога погаласка не пойдзе. Гл. р., Слаўк. Неяк пайшла тут погаласка, што знайшліся Бараноўскага сыны. Дзе ж вернуцца, калі немцы пабілі? Гл. р., Кл.

ПОГАЛАСКУ ПУСЦІЦЬ. Разнесці, распаўсюдзіць чуткі.

Погаласку пусцяць, з ветру вяроўку саўюць. Карэл. р., Лукі. Пусцілі погаласку, што канцэрт прыедзе. Тамсама (Матэр. для сл.). Пусцілі погаласку, што бачылі Міхасёвага Пракопа ў Мінску, а таго даўно на свеце нямаш [няма]. Гл. р., Кл. Нейкі чорт пусціў погаласку, дык людзі расхапалі ў лаўцы ўсё чысценька. Тамсама.

ПОТАМ УМЫВАЮЧЫСЯ. Вельмі стараючыся, вельмі напружваючы ўсю сілу, многа і няспынна працуючы.

У нас і даўней каторыя жылі нішто сабе. Але ж як жылі? Яны ж потам умываючыся тое багацце набывалі. Гл. р., Слаўк. Што вы на Аніся? Ён усю жытку сваю рабіў потам умываючыся. Нядзіва, што і сыноў вывучыў. Гл. р., Кл.

Параўн. (у руск. кніжн. з бібл.): в поте лица.

ПОЎНЫ ЯК ВОКА. Вельмі поўны (поўна), роўна з берагамі (пасудзіны) ці нават крыху вышэй.

Прывезлі дваццаць бутэлек — чыстых як шкло, а поўных як вока. Гл. р., Н. Жыц. Ані не шкадуе: наліў усім поўна як вока. Гл. р., Кл. І нашто разліваць дабро? І так поўна як вока, а ён яшчэ лье. Маст. р., Граб. (П. Ст., Пол.). От наліў чарку — поўна як вока! Як я стукацца ёю буду! Хіба адпіць. Тамсама.

ПОЎНЫЯ КОСЦІ. Вельмі многа (злосці).

Злосць узяла тую дзеўку, а яна хаць [хоць] была маленькая, ды злосці поўныя косці. Сл. п., Вял. Рож. (А. Сержп., КАБСП). У іх ува ўсіх злосці поўныя косці, — парода такая. Гл. р., Вольн. Чуць што, дык у яе на ўсіх злосці поўныя косці. Гл. р., Кл. Злосці поўныя косці — такі, што і ў касцях злосць. Бял. р., Кл.

ПРАВІЦЬ МАЛЕБНЫ. Гл. МАЛЕБНЫ ПРАВІЦЬ.

ПРАГЛЕДЗЕЦЬ ВОЧЫ (вочкі). Гл. ВОЧЫ (вочкі) ПРАГЛЕДЗЕЦЬ.

ПРАЗ СЯБЕ БРАЦЬ. ПРАЗ СЯБЕ ПАПАБРАЦЬ. Рабіць непасільнае.

А нашто цераз сябе браць? Хоць дзе — ці галавою, ці рукамі — праз сябе не бяры. Хіба ж не відно, што праз сябе ўзяў? І на* табе... худы, слабы. Галава і галава [баліць]... Высах на трэску. Гл. р., Кл. Атавы далі колькі хто хоча. Дык ён праз сябе як папабраў, як папабраў... Усенькую восень ляжыць жыватом. Тамсама.

ПРАЗ СЯБЕ ПАПАБРАЦЬ. Гл. ПРАЗ СЯБЕ БРАЦЬ.

ПРАЗ СЯБЕ ЎЗЯЦЬ. Гл. ПРАЗ СЯБЕ БРАЦЬ.

ПРАЙМАЕ (праняло) ЦЫГАНСКІМ ПОТАМ каго. Гл. ЦЫГАНСКІМ ПОТАМ ПРАЙМАЕ каго.

ПРАПІВАЦЬ ПЛАТКІ. ПРАПІЦЬ ПЛАТКІ. З. Радчанка: калі сватам скажуць пра згоду аддаць дзеўку замуж, тады пачынаюць піць за здароўе жаніха і нявесты, гэта называецца прапіць платкі. (З. Радч., ГНП).

Вы ў іх не пытайцеся пра такое. Хіба яны скажуць, як платкі прапівалі? Лоеўскі р., Руд.

ПРАПЛАКАЦЬ ВОЧЫ (вочкі). Гл. ВОЧЫ ПРАПЛАКАЦЬ (выплакаць).

ПРАСВЕТЛАЯ ГАДЗІНА (гадзінка), ПРАСВЕТЛАЯ ЧАСІНА (часінка). Палёгка, адпачынак, лепшы час — як супрацьлеглае беспрасветнасці ў працы, клопатах.

А той... запрогся, бы чорны вол у саху, дый не бачыць прасветлае гадзіны. Сл. п., Чудз. (А. Сержп., КАБСП). А нашто так, сынок? Бацька цёмны ды чорны быў, ніколі прасветлае гадзіны не бачыў. А ты? Ты вывучыўся, усё нажыў, а чаму ты дзень пры дні, вечар у вечар сядзіш і сядзіш? Ты ж не бачыш прасветлае гадзіны, няма ў цябе, дальбог, прасветлае часіны. За работаю ты нічога не ўбачыш. Кажу, дык смяешся… Які тут смех?.. Гл. р., Кл. Даўней рабілі [працавалі], не бачылі прасветлае гадзінкі. Гл. р., Байл. Людзі працуюць дзень і ноч, ніколі не бачаць прасветлае часіны. Сл. п., Чудз. (А. Сержп., КАБСП). У дзецях як каму пашанцуе: хто ўсю сваю жытку рады з іх, а хто праз іх не ведае прасветлае часіны. Гл. р., Кл.

ПРАСВЕТЛАЯ ЧАСІНА (часінка). Гл. ПРАСВЕТЛАЯ ГАДЗІНА (гадзінка).

ПРАЦІРАЦЬ ВОЧЫ (вочкі) НА КУЛАК. ПРАЦЕРЦІ ВОЧЫ (вочкі) НА КУЛАК. Плакаць, бедаваць.

Не едзь ты, дзяўчына, у тыя Жа*ры, рабі тут, дома. Пратрэш ты вочкі на кулак, нагаруешся там адна, папомніш тады мяне. Уш. р., Слаб. Не раз праз яе працірала вочы на кулак. Уш. р., Вашк.

ПРАЧУХАНКІ ДАЦЬ каму. Гл. ДАЦЬ ПРАЧУХАНКІ каму.

ПРОПАСЦІ НАПАЛІ. Ненаеднасць, ненасытнасць, вялікі апетыт.

Цэлы дзень ясі, — пропасці напалі, Кап. р., Пук. Мусіць, на цябе пропасці напалі: усю дарогу ясі. Дзярж. р., Валяр. Ці на вас пропасці напалі? Сл. р., Гр.

Гл.: конская ежа.

Параўн. (у руск.): волчий аппетит.

ПРОСЬМА (просам) ПРАСІЦЬ. Вельмі шчыра і настойліва прасіць, прасіць напрамілы бог.

Просьма прасіць. Ваўк. п. (М. Фед., ЛБ, ІV). Я ў вас просам прашу: прадайце мне, я ж не з Мінска. Ці ж начаваць тут? А заўтра купяць? Вам нядоўга прадаць. Ну, я ведаю, сышлі вашы часы [рабочы час]. Мін., Камар. Як стала просам прасіць, то і ўзяў. Дае*ду, дзякаваць богу. У дарозе з Мін. на Люб.

ПРЫБРАЦЬ СА СВЕТУ каго. Гл. СА СВЕТУ ЗБАВІЦЬ (збыць) каго.

ПРЫГОН (прыгоны) СЛУЖЫЦЬ. Адрабляць паншчыну, прымусова працаваць на пана.

Ім кожны дзень трэба было прыгон служыць ісці, а сабе работаць [рабіць, працаваць] і не было калі. Дык яны днём на прыгоне..., а прыйшоўшы з прыгону, ноччу ...на ніву ідуць, жаць пры месячку. Сян. (Е. Рам., БС, ІV). А то ён зразу прыгоны служыў. Гом. п. (Тамсама).

ПРЫ ДУШЫ. У наяўнасці (няма, не было рубля, капейкі, гроша).

А каб прыйшлося што на што, то і гроша ніхто пры душы не знайшоў бы. Лід. п., Хільч. (М. Фед., ЛБ, ІІ, 1). Ці ж можна, каб так жыць? Прыехаў у госці, а ў яго пры душы рубля няма. Гл. р., пас. Я. Куп. Вы здымаць [фатаграфаваць], а ў мяне пры душы каб грош, каб капейка, — няма. Баран. р., Каўп.

Параўн. (у руск.): за душой.

ПРЫЙДЗЕ НА ДУМКУ што. Гл. НА ДУМКУ ПРЫХОДЗІЦЬ што.

ПРЫЙСЦІ НА СВЕТ. Гл. НА СВЕТ ПРЫЙСЦІ (пайсці).

ПРЫЙСЦІСЯ ДА СПАДОБЫ каму. Гл. ПРЫПАСЦІ ДА СПАДОБЫ каму.

ПРЫЙСЦІ Ў ГАЛАВУ каму. Гл. ПРЫХОДЗІЦЬ У ГАЛАВУ каму.

ПРЫЙШЛІ КАПЦЫ каму (прыйшоў капец) каму. Канец, смерць.

Бачыць Салімон, што непрыяцелю прыйшлі капцы. Маз.п., Луч. (А. Сержп., СРБП). Доўга хварэў пан, чуць не паўгода пракачаўся. Усе думалі, што яму прыйшлі капцы. Сл. п., Чудз. (А. Сержп., СРБП). Бачыць Кашчэй, што прыйшлі яму капцы, давай ён прасіцца. Сл. п., Вял. Рож. (А. Сержп., СРБП). А на вельмі хітрага хіба не прыйдуць капцы? Гл. р., Слаўк. Найшлі на яго дванаццаць галодных ваўкоў... Няма ў Музы*кі нічога ў руках, толькі пад пахаю ў мяшэчку скрыпка. Што тут рабіць? Думае Музы*ка, што тут пачаць. Прыйшоў яму капец. Сл. п., Вял. Рож. (А. Сержп., СРБП).

ПРЫЙШЛО НА ДУМКУ што. Гл. НА ДУМКУ ПРЫХОДЗІЦЬ што.

ПРЫКАРАЦІЦЬ ВЕКУ. Гл. ВЕКУ ЎКАРАЦІЦЬ (прыкараціць).

ПРЫМАЦЦА (прыставаць, ісці) У ПРЫМЫ. ПРЫНЯЦЦА (прыстаць, пайсці) У ПРЫМЫ. Станавіцца прымаком (параўн.: у гаворках на захад ад Мінска “станавіцца прымакай”).

Забылася, адкуль, — хадзіў тут дзяцюк, хацеў прыняцца ў прымы. А нашто ён Ганне? Гл. р., Кл. З вайны быў як стаіць. Ён недзе стражоўскі [з вёскі Стражы*]. Дык прыняўся ў прымы і жыве. Тамсама. Які ж з яго хлопец, што шукае, дзе ў прымы прыстаць? Тамсама. На чорта, кажа, я ў прымы прыставаў? Тамсама. Хіба не той год было, як ты прыстаў у прымы? Гл. р., Зубар. Нашто бо кажуць: “Прымацкі хлеб сабацкі”? Як не было свае ні хаты ні лапаты, дык ішоў у прымы. Гл. р., Слаўк. Адзін хлопец пайшоў у прымы. Ваўк. п., з-пад Мсціб. (М. Фед., ЛБ, ІІІ, 2).

ПРЫМАЦЬДА ДУШЫ (да сэрца) што. Гл. БРАЦЬ ДА ДУШЫ (да сэрца) што.

ПРЫМАЦЬ (браць) У ПРЫМЫ каго. ПРЫНЯЦЬ (узяць) У ПРЫМЫ каго. Узяць за зяця каго, прычым зяць-прымак пераходзіць жыць у хату жонкі, у сям'ю цесця.

Пусцілі погаласку, што бяруць у прымы салдата. Гл., Барб. Бачаць бацькі*, што недачаканне замуж аддаць, ось і знайшлі чалавека, у прымы прынялі. Гл. р., Кл. Татачку прасілі: “Татачка родненькі, хоць за двор аддавайце, хоць у прымы прымайце”. Гом. п., Дзятл. (З. Радч., ГНП). Аднекуль добрага хлопца ўзялі, прынялі ў прымы і жывуць. Гл. р., Вольн. Як цяпер, то і не лічыцца, што прымаць у прымы: ува ўсіх роўнае хаджайства [гаспадарка]. Гл. р., Зубар. Дык вазьмі ў прымы, калі хваліш. Каб ішоў бы, узяла б. Валож. р., Сак. (Хрэстам.). Падказвалі, каб Ганна ўзяла каго ў прымы. Гл. р., Кл.

ПРЫНЯЦЬ ГОРА. Гл. ГОРА ПРЫНЯЦЬ.

ПРЫНЯЦЬ ДА ДУШЫ (да сэрца) што. Гл. БРАЦЬ ДА ДУШЫ (да сэрца) што.

ПРЫНЯЦЬ ЛАСКУ. Гл. ЛАСКУ ПРЫМАЦЬ.

ПРЫНЯЦЬ У ПРЫМЫ каго. Гл. ПРЫМАЦЬ (браць) У ПРЫМЫ каго.

ПРЫПАСЦІ (прыйсціся) ДА СПАДОБЫ каму. Спадабацца, прыйсціся да густу.

Панятоўскага паслалі да Кацярыны, дык ён ёй да спадобы надта прыпаў. Ваўк. п., Шыл. (М. Фед., Л Б, ІІІ, 2). Калі прыпаў ёй да спадобы, то хай сабе так і будзе. Гродз. р., Аз. Тут, мамачка, не ўмешвайцеся, хіба з ім вам жыць? Прыйшоўся ёй да спадобы — хай сама думае. Мо' ж не сем гадкоў. Мін. р., У Гл. А мне ўсё да спадобы прыходзіцца. Малад. р., Бор.

ПРЫСТАВАЦЬ НА КПІНКІ да каго. Гл. КЕПІКІ СТРОІЦЬ з каго.

ПРЫСТАВАЦЬ У ПРЫМЫ. Гл. ПРЫМАЦЦА (прыставаць, ісці) У ПРЫМЫ.

ПРЫСТАЦЬ ДА БЕРАГУ. Замацавацца на пэўным месцы, заняць пэўнае месца ў грамадстве, спыніцца на пэўным занятку, перастаўшы мяняць занятак, месца.

За шмат што браўся і шмат дзе быў, а з нічым (sic!) астаўся. Да ніякага (sic!) берагу не прыстаў. Навагр. р., Падкас. Як на мой розум, то ці вучыўся, ці не вучыўся, а прыстань да нейкага берагу. Так усе людзі робяць. Навагр. р., Любча.

ПРЫСТАЦЬ У ПРЫМЫ. Гл. ПРЫМАЦЦА (прыставаць, ісці) У ПРЫМЫ.

ПРЫСЫПАЦЬ (пяском) ВОЧЫ каму, чые. ПРЫСЫПАЦЬ ВОЧЫ каму, чые.

Пакуль і пяском воч не прысыпалі, усё дзеткам старалася, дагаджала. Натое маці дзеткам! Гл. р., Кл. Здагадаўся цар, што тады... будзе давольны, як яму пяском прысыплюць вочы. Маз. п., Луч. (А. Сержп., СРБП). Усяк будзе, пакуль не прысыплюць пяском вочак, будзеш і рады, будзеш і горны. Гл. р., Слаўк.

ПРЫТКНУЦЬ (свае) ТРЫ ГРОШЫ (грошыкі). З адцен. папроку, дакору. Нечакана і без патрэбы ўлезці, умяшацца ў размову, гутарку, спрэчку.

Меншы надта рухавенькі і з языком любіць улезці. Стануць штось гаварыць, і ён прыткне свае тры грошы. Стаўб. р., Мікал. А без цябе не абыдзецца? Усюды свае тры грошыкі прыткнеш... Валож. р., Пярэж.

Параўн. (у руск.): совать (свой) нос, соваться с носом (со своим носом).

ПРЫХІЛІЦЬ ХВОСТ. Гл. ПАДТУЛІЦЬ ХВОСТ.

ПРЫХОДЗІЦЬ НА ДУМКУ што. Гл. НА ДУМКУ ГІРЫХОДЗІЦЬ што.

ПРЫХОДЗІЦЬ У ГАЛАВУ каму. ПРЫЙСЦІ Ў ГАЛАВУ каму. З'яўляцца (пра думку, намер, задуму, план).

А прыйдзе бывала пану ў голаў [галаву] якое ліха, дык давай яму, хоць радзі; даставай і тады, хоць бы на надвор'і сыпалася каменне. Сл. п., Бох. (А. Сержп., КАБСП). Ні разочку мне і ў галаву не прыходзіла, што мае дзеці так зрабіць змогуць. Мін. р., Угл. І што яму ў галаву прыйшло? З чаго ён так? Асіп. р., Яс.

ПРЫЦЕРЦІ (прыціраць) РОГІ. Гл. ПАДПІЛОЎВАЦЬ (прыціраць) РОГІ.

ПУДЛА ДАЦЬ. Гл. ДАЦЬ ПУДЛА.

ПУСКАЦЬ КАЧКІ. Нізка кідаць на ваду (камень, трэску ці іншае што), каб кінутае, удараючыся аб паверхню вады, рабіла скачкі.

Хадзі, дык навучу пускаць ка*чкі. Глядзі як: кінь, каб каменьчык плясь-плясь-плясь па вадзе, каб ляцеў далёка. Гл. р., Кл. Каб чарапком, во добра ка*чкі пускаць, толькі плясь-плясь-плясь, мо' больш як дзесяць разоў. Тамсама. А ты, Юзік, умееш ка*чкі пускаць? Ты пускаў качкі хоць калі? Гл. р., пас. Я. Куп.

ПУСКАЦЬ ЧМУТ. Гл. ЧМУТ ПУСКАЦЬ.

ПУСТАЯ МАЛАТАРНЯ. Гл. МАЛАТАРНЯ ПУСТАЯ.

ПУСТОЕ МАЛОЦЬ. Гл. МАЛОЦЬ ПУСТОЕ.

ПУСЦІЦЬ НА СВЕТ каго. НА СВЕТ ПУСЦІЦЬ каго.

ПУСЦІЦЬ ПОГАЛАСКУ. Гл. ПОГАЛАСКУ ПУСЦІЦЬ.

ПЯРВЕЙШЫМ ЧЫНАМ. Найлепш, як мага лепш.

Як яго звалі-бо, што з Крацкова? Ну, што сена на часць касілі? Што было мо' дзвесце дзесяцін (сенажаці)? Дык усё казаў: “Ты мне пярвейшым чынам зрабі сёлета, то і на лета накосіш, будзе і табе, будзе і мне. Ты, Міхаль, як захочаш, то пярвейшым чынам зробіш”. Гл. р., Кл.; Люб. р., Крацк.

ПЯТРОЎСКІ ЧАРВЯЧОК. Светлячок. Пятроўскі — з таго, што свеціцца ён прыкладна ў так званую пятроўку.

Папараць зацвітае [народнае паданне] у глухую поўнач; блісне як волас перапаліць, нача [як, быццам, бы, усе адно як] пятроўскі чарвячок, дый шчэзне [знікне]. Рэч. п. (Ч. Пятк., КДПР).

ПЯТЫ ПАГРЭЦЬ (абагрэць, сагрэць). Звычайна з нестаноўчаю ацэнкаю, з адцен. асудж. (за паспешлівасць, безразважнасць, нявытрыманасць). Пабыць (мала, крыху), агледзецца, звыкнуцца.

Не паспела на новым мейсцы [месцы] пяты пагрэць, а ўжо ў заработкі [дадатковы прыработак] кінулася… Карэл. р., Лукі. Ды яна (нявестка) такая! Не паспела пяты абагрэць, а ўжо свякроўцы загадвае. Карэл. р., Любан. Як будзеш перабягаць з мейсца на мейсца, то пятаў не сагрэеш, то не вельмі разжывешся. Карэл. р., Крын.

ПЯЦЬ ЖЫЛЫ, ВЫПІНАЦЬ ЖЫЛЫ. На ўсю сілу, з усёй сілы натужвацца (штосьці робячы).

Устае парабак досветкі, пне жылы ды малоціць. Сл. п., Чудз. (А. Сержп., КАБСП). А чаго мы жылы пну*цьмем? Сл.

Цэтлікі: , ,

Ответить

  Проверка PR и ТИЦ
Нашы сябры:
Казкі беларускія!