A A

Някляеў У. ПРАЗ ЛЁС, ПРАЗ ЛЁС. ПАПУЛЯРНЫ БIЯГРАФIЧНЫ НАРЫС

Пят, 11 лютага 2011

Беларуская літаратура

“Жыцьцё і сьмерць – усё мінае…”
Якуб Колас.

Калі паэт пражывае свой век і памірае, акружаны дзецьмі і ўнукамі, у сваім ложку, дык наўрад ці жыцьцё ягонае і сьмерць стануць легендай. Вунь Гётэ, скажуць, няхай і вялікі паэт, але ж колькі жыў!.. Столькі жыць, калі ты паэт, непрыстойна. Ды яшчэ ў дабрабыце, заможна. Не пашчасьціла табе, зажыўся, не забілі цябе ці сам не забіўся, то цягні жыцьцё ў хваробах і галечы, тады, можа, і адшчыкнеш што-небудзь ад легенды… Інакш займееш біяграфію з бібліяграфіяй – і ня больш за тое.
Колас памёр за пісьмовым сталом. На стале – па-сялянску – стаяла бульба. Ён пісаў і, не адрываючыся, еў. Раптам яму стала кепска, задушна, ён пачаў хапаць, як рыбіна на беразе, паветра. Сын Даніла, падумаўшы, што бацька папірхнуўся, стаў біць яму ў сьпіну – ня даў рады, не зратаваў… Колас задыхнуўся.
Ложак стаяў у пакойчыку побач…
Калі прычыну сьмерці высьвятлялі ў шпіталі, аказалася, што сэрца.
Сталася гэта ў дзень народзінаў унучкі Марыі, якой споўнілася пяць гадоў. Усе родныя былі дома, так што Колас насамрэч памёр, акружаны дзецьмі і ўнукамі. Не легендарна…
Выйшла так, што амаль усё, што магло стаць легендай Якуба Коласа, перакінулася ў легенду Янкі Купалы. Хоць і век Купалы быў не на шмат карацейшы за век Коласа, і ў дабрабыце яны ня надта розьніліся. У адзін год і ў аднолькавай нястачы нарадзіўшыся, яны побач прайшлі па жыцьці. Наколькі блізка – гэта іншае, але побач. Па маім жыцьці побач прайшлі, ва ўсякім разе. Помню, мне ў дзяцінстве здавалася нават, што абодва яны – адзін чалавек. Купала-Колас. Ці Колас-Купала. Таму і вершы напісаў я некалі пра іх абодвух, як пра аднаго.

Колас. Купала…
У гуках імён іх люлянку я чую,
Якую матуля калісь над калыскай маёю сьпявала –
Колас. Купала…
Мелодыю мовы славянскай я чую,
Той мовы, якую агнямі палілі,
Ды з попелу Страцімам-птахам яна паўставала –
Колас. Купала…
Я чую ў іх звонкія гусьлі
І гулкасьць
Той сілы,
Якая ў былінах сівых гусьляроў ракатала –
Колас! Купала!..
Адвечную песьню народа,
Што горда
Жыла ў ім
І кленчыць прад ворагам не дазваляла! –
Колас. Купала.

Шляхі іх, Купалы і Коласа, настолькі пераплеценыя, што сапраўды выглядаюць ці не адным шляхам. Але не адным лёсам… І розьніца паміж імі не ў пражытых гадах, ня ў спосабе жыцьця і ня ў выбары сьмерці, а ў тым, што над спосабам і над выбарам, у тым, што ёсьць наканаванасьць. У тым, што адзін напісаў “На куцьцю” і “Сон на кургане”, а другі – “Сымона-музыку” і “Новую зямлю”. Адзін – “Паўлінку” і “Тутэйшых”, другі – “Дрыгву” і “На росстанях”. І калі Коласа прасілі расказаць пра жыцьцё, пра лёс, пра сябе, ён найчасьцей адказваў: усё расказана ў тым, што мной напісана. Чытайце “Новую зямлю” і “На росстанях”, “Сымона-музыку”, усё маё і ўвесь я сам – там.
Гэта так… Аднак ёсьць яшчэ і аўтабіяграфіі Якуба Коласа. Некаторыя з іх, раскіданыя ў часе на дзясяткі гадоў, пачынаюцца тым ня менш аднолькава. І не з таго пачынаюцца (што было б ня дзіўна), з чаго бяруць пачатак звычайна ўсе аўтабіяграфіі, не з канцылярскага запісу пра час і месца нараджэньня, а з жывога выдыху: “Мае дзіцячыя гады прайшлі ў адзіноце”. Так пачынае ён аўтабіяграфію, пазначаную 1926 годам, калі надаецца яму званьне народнага паэта, і тое самае выдыхае ў 1956-ым, перад сьмерцю: “Мае дзіцячыя гады прайшлі на адзіноце”. Трыццаць гадоў прамінула, а ўсё засталося тым жа, чым было, толькі прыназоўнік “ў” зьмяніўся ў выдыху на прыназоўнік “на”. Можна падумаць, што адзіноту сваю Колас лічыў за бяду, праз усё жыцьцё ёю маркоціўся – дык вось жа не. Яшчэ раней, у аўтабіяграфіі 1913 году, дзе ўпершыню Колас піша: “Жылі мы адзінока, і дзяцінства маё прайшло ў адзіноце”, — далей ён прызнаецца: “Я любіў сваю адзіноту”.
“Самы моцны той, хто стаіць адзінока”, — паўтарае ён словы Ібсэна, запісваючы іх у альбом Аляксандры Зотавай, з якой пазнаёміўся ў 1907 годзе ў Вільні. Гэтыя словы ня могуць быць выпадковымі, бо адрасаваныя жанчыне не староньняй: ёй падараваў Колас свой фотаздымак, надпісаўшы: “Уладальніцы адзінай душы”. Надпіс можна зразумець па-рознаму, але ўсё ж…
Колькі словаў пра тое, што можна разумець па-рознаму.
Купала ў сьвядомасьці большасьці людзей – паэт хоць і народжаны ў вёсцы, але ў сутнасьці сваёй “гарадскі”, а значыць, багемны. Таму нібыта і ня дзіва, што ён выпіваў, лавеласьнічаў. Колас жа – паэт вясковы, патрыярхальны. Чалавек, для якога падмуркам жыцьця ёсьць дом і сям’я. І гэткі вобраз Коласа, сем’яніна, бацькі, гаспадара, стараліся захаваць амаль усе, хто пра яго пісаў – найперш людзі блізкія…
Няхай так. Але ж неяк жыў ён па-за домам? Час ад часу выбіраўся з сям’і?..
Вось вытрымкі з лістоў да Коласа жанчыны, якую звалі А.
“31/VII-46 г.
…каждую свободную минуту я все танцую под дивную музыку. Только вот во мне засела такая беспокойная мысль, мне почему-то досадно, что я не знаю, что делаете Вы, куда выезжаете, с кем встречаетесь? И еще мне кажется, что Вы, наверно, много пьете, а ведь Вам совсем нельзя пить, я уже очень жалею, что не взяла с Вас слова, чтобы Вы не пили, ну, хоть пока нет меня… И если Вы меня хоть капельку уважаете, это же совсем не тяжело. Я так вот честно исполняю Ваши наставления… скромненько одеваюсь, никем не увлекаюсь и все время думаю о Вас.
Целую, А.”
“13/Х-47 г.
Мой дорогой друг!
А я уже потеряла была надежду получить Ваше письмо. Я загадала на букет цветов, тот, помните, что мы вместе покупали, он уже весь завял, а я его все не выкидывала, решила дождаться письма. Но вчера муж так разворчался, что я держу этот “веник”, ну так я уж выбросила, и все ж таки один цветочек оставила, и он такой хороший стал – совсем свеженький. И вот Вам результат – сегодня получила письмо.
У меня все, все, как и было. Сижу, работаю, злюсь, мерзну. Честно исполняю Ваше желание – никем не увлекаюсь, все время помню Вас.
Крепко целую, Ваша Былинка”.
Так Колас называў яе: Былінка.
Пад канец жыцьця, годзе ў 1954-ым, да Коласа завітала кабета, каб толькі глянуць на яго і пайсьці. Гэта была Аляксандра Георгіеўна Зотава.
“Я действительно узнал: это была моя очень хорошая знакомая, тогда только что окончившая высшие женские курсы, – спавядаецца Колас у лісьце да аднаго са сваіх рускіх сяброў. – Накануне Нового 1908 года мы ездили с ней в тогдашний Петербург… Когда я сидел в крепости (у турме ў Менску, – У.Н.), она навещала меня. В одно из своих посещений она сказала мне: “Знаете, Якуб! Я выхожу замуж!” Больно мне было тогда слышать эти слова… Сейчас она была очень взволнована и скоро ушла… Мне как-то стало даже грустно – так уходит время, так уносит и молодость, и свойственную ей красоту…”
Верш “Пясьняр вясны”, перададзены Аляксандры Зотавай у лютым 1909 году з турмы, Колас пачынае радком:
“Ён жыў адзін, адзін душою…”
Ён праз усё жыцьцё любіў яе, сваю адзіноту, а яго з паловы жыцьця абкружалі мітусьня і тлум. Чалавечым лесам.

“Лес, што абкружаў наш дом, — успамінае ён у аўтабіяграфіі, напісанай у 1913 годзе для “Критико-биографического словаря русских писателей и ученых”, — з аднаго боку быў надта пануры. Асаблівую панурасьць надавалі яму старыя бярозы, што раскінуліся ўшыркі на ўзьлесьсі. Іх цёмна-зялёныя купы рэльефна акрэсьліваліся на яшчэ больш цёмным фоне панурых ялін, крыжападобныя вершаліны якіх высока ўзьнімаліся ў неба”.
Змрачнавата… На такім пейзажы не разьвесялішся. Але вось як выглядае той жа пейзаж у паэме “Новая зямля”:

Каля пасады лесьніковай
Цягнуўся гожаю падковай
Стары, высокі лес цяністы.
Тут верх асіны круглалісты
Сплятаўся з хвоямі, з дубамі,
А елкі хмурымі крыжамі
Высока ў небе выдзялялісь,
Таемна з хвоямі шапталісь…

Істотная, я б сказаў, розьніца. Магічнае пераўтварэньне.
Мне даводзілася назіраць, як у коласаўскім музеі, калі экскурсавод раптам казаў, што гадоў да пятнаццаці, аж пакуль не паступіў у Нясьвіжскую настаўніцкую семінарыю, ня бачыў Колас нічога, апроч лесу, дык экскурсанты, найперш школьнікі, дзеці, губляліся і ніякавелі, ня ведаючы, як на такое рэагаваць. Ня складваліся ў іх, ня зьвязваліся ў адно кнігі, партрэты, помнікі, музей у Менску – і цёмны лес немаведама дзе… Як жа лесавік з таго лесу стаў Якубам Коласам?
А вось так і стаў. Пераствараючы пейзажы.
Краявіды родных коласавых мясьцінаў, пейзажы Мікалаеўшчыны і Акінчыцаў, Ластка і Альбуці, Цёмных Лядаў і Смольні сталі пейзажамі беларускай паэзіі. А яшчэ яны сталі знакамі на старонках коласаўскіх біяграфій і аўтабіяграфій…
“Нарадзіўся я ў 1882 годзе 3 лістапада (22 кастрычніка старога стылю) ва ўрочышчы Акінчыцы, недалёка ад сяла Мікалаеўшчына (Стаўбцоўскі раён Менскай вобласьці). Бацька мой, Міхаіл Казіміравіч Міцкевіч, быў лесьніком. Чалавек ён быў невялікай адукацыі: умеў расьпісвацца, чытаць па-польску і па-руску.
Маці мая, Ганна Юр’еўна, з Лёсікаў, зусім няграматная, але разумная ад прыроды і добрая жанчына. Ад яе чуў я шмат народных песень, якія краналі і захаплялі мяне сваёю паэзіяй і непадробнай прастатой”.
Заўважым, што маці Коласа, Ганна Юр’еўна “з Лёсікаў” – сястра Язэпа Юр’евіча Лёсіка, пісьменьніка, дзеяча беларускага Адраджэньня. Ён уваходзіў у склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, быў арыштаваны ў ліпені 1930 году па справе “Саюзу вызваленьня Беларусі” і сядзеў у розных астрогах да самай сьмерці: памёр 1 красавіка 1940 году ў Саратаўскай турме. Арышт ягоны моцна рэзануў душу Якуба Коласа, які і сам ў той час быў на парозе турмы.
Усяго ў Міхаіла Казіміравіча і Ганны Юр’еўны Міцкевічаў нарадзілася трынаццаць дзяцей. Чацьвёра з іх, як гэта часта здаралася ў бедных сялянскіх сем’ях, памерлі дзецьмі, а дзевяць выжылі – пяцёра сыноў і чатыры дачкі.
Кастусь, будучы паэт Якуб Колас, быў трэцім сынам. Старэйшы за яго брат Уладзімір Міхайлавіч (у паэме “Новая зямля” Уладзя: “Зірні, унь дуб які Ула­дзя!..”) пасьля сьмерці бацькі заняў ягоную пасаду палясоўшчыка і тым утрымліваў сям’ю: маці з малодшымі братамі і сёстрамі. Другі старэйшы брат Коласа Аляксандр Міхайлавіч (у “Новай зямлі” Алесь: “Алесю хітранька ўсьміхнуўся…”) не знайшоў шчасьця на радзіме і паехаў шукаць яго па сьвеце. Жыў паміж Курскам і Белгарадам, працаваў стрэлачнікам на чыгунцы і памёр напярэдадні вайны. Малодшы брат Іосіф Міхайлавіч (у паэме Юзік: “А гэты Юзік-шаляніца…”) запомніўся ўсім, каму здаралася наведаць (да 1980 году) філіял музею Якуба Коласа ў Смольні, дзе Іосіф Міхайлавіч быў экскурсаводам. А вось наймалодшы, дванаццаты ў сям’і, брат Міхась Міхайлавіч стаў для Коласа ў пасьляваенныя гады праблемай, пра якую пры сьведках стараліся не ўспамінаць… Літаратар і перакладчык, блізкі Коласу ня толькі па крыві, але і па духу, ён працаваў пры немцах інсьпектарам школаў на Стаўбцоўшчыне. Баючыся, што гэтага (хоць ён і брат Якуба Коласа) яму не даруюць, Міхась Міхайлавіч падаўся ў 1944 годзе ў эміграцыю – і тым самым быў як бы выкрасьлены з сямейных хронік. У лісьце да сястры Марыі Міхайлаўны, Мані, трынаццатай і апошняй з дзяцей Міхала і Ганны, ён пісаў з замежжа: “Гэтымі днямі атрымаў ад Валодзі (Уладзіміра Іванавіча Міцкевіча, пляменьніка Коласа, сына ягонай сястры Міхаліны) атлас пра Коласа. Там ёсьць здымкі Уладзі, Алеся, Лены, Юзіка, Міхаліны, Юзі і твая, Маня. А я хіба не існую?..”
Лёс брата, канешне ж, Коласа вярэдзіў. “Дурны Міхась! Што ён цягаецца па Парыжах? Каб ён быў тут, я б яго выбавіў”.
Хто ведае… “Выбавіць” з-за мяжы “нямецкага паслугача” спрабаваў і Камітэт дзяржбясьпекі, прапануючы сваякам паехаць і ўгаварыць яго вярнуцца. Ніхто не паехаў… Памёр брат Коласа Міхась Міхайлавіч Луцкевіч у 1991 годзе ў Нью-Ёрку.
Сёстры Якуба Коласа, ужо спамянёная Марыя Міхайлаўна, Алена Міхайлаўна, Юзэфа Міхайлаўна і Міхаліна Міхайлаўна жылі падоўгу, мелі свае сем’і і, хоць і пакруціла іх па сьвеце, завяршылі яны свой шлях зямны там, дзе нарадзіліся, пахаваўшыся ў Мікалаеўшчыне на могілках Церабяжы.

“Бліжэйшымі маімі таварышамі-прыяцелямі, – чытаем далей аўтабіяграфію Коласа, – былі два старэйшыя браты. У сям’і былі яшчэ два дзядзькі, Пятрусь і Антось, людзі граматныя. Дзядзька Пятрусь быў на вайсковай службе пісарам. Дзядзька Антось, малодшы брат бацькі, здаў экзамен за курс пачатковай школы. Ён ведаў многа казак, многа песень, ён прышчапіў мне любоў да навукі.
Бацьку часта прыходзілася перабірацца з месца на месца. Самыя раньнія гады мае прайшлі ў Сухошчыне, або Ластку. Гэта глухое месца – поле, навокал лес і адна толькі сядзіба лесьніка”.
Палясоўшчыкам бацька Якуба Коласа Міхал Казіміравіч Міцкевіч пачаў служыць з 1881 году. Адно гарбеючы, каб выжыць, ён пражыў ня надта доўгае жыцьцё, памёршы ў 1902 годзе… Работнік быў спраўны. Вось як характарызуецца ён у “Службовым фармуляры лясной варты Акінчыцкага лясніцтва”. У графе праявіў сябе чытаем:
“У выкананьні абавязкаў: старанным;
у акуратнасьці: акуратным;
характарам: спакойны;
паводзінамі: паводзіць сябе добра;
за што і якія атрымліваў узнагароды: не атрымліваў;
за што атрымліваў вымовы: не атрымліваў”.
Як жыў стражнік лясной варты Міхал Міцкевіч, які ўжо на той час (1885 г.) меў пры сабе шэсьць асоб, таксама відаць з гэтага фармуляру. У графе капітал напісана няма, і забесьпячэньня грашыма таксама няма, замест грашовага акладу дадзены яму для забесьпячэньня хутар Ласток, за які абавязаны даплачваць штогод 10 руб. срэбрам”.
Каб мець уяўленьне пра тое, што дадзена было бацьку Коласа для забесьпячэньня, за якое ён абавязаны быў яшчэ даплачваць штогод дзесяць срэбных рублёў, дастаткова з “Инвентарного описания фермы Ласток, составленного 1 ноября 1885 года” прачытаць хаця б адзін пункт:
“З) Фруктовый сад.
Заключается из пяти штук старых привитых грушевых дерев и 2-х штук молодых дикорастущих, а также между строениями находится одно дерево яблоневое подгнившее и одно грушевое дикое”.
З пасеваў збожжа арандатар Міхал Міцкевіч павінен быў аддаваць палову ўра­джаю і ўсю салому і мякіну.

“Памятаць і адрозьніваць сябе ад вакольнага сьвету, – успамінае Колас, – пачынаю прыблізна з 4-х гадоў. Да раньніх дзіцячых успамінаў адносяцца такія здарэньні. Я насіў трэскі, пасьлізнуўся на гліне і ўпаў у яму з вадою. Плюхаўся, покі дзядзька Пятрусь ня выцягнуў. Другі раз мяне падпаілі на дажынках, я пачаў танцаваць на лаве, скінуўся з лавы і аб табурэт разьбіў сабе галаву.
Помню яшчэ адну навальніцу ўночы.
Любіў я вясною на ўсходзе сонца зашыцца куды-небудзь у куток і слухаць жаваранкаў. Мне здавалася, што я ведаю, аб чым яны сьпяваюць.
Пра жыцьцё нашай сям’і я напісаў пасьля ў паэме “Новая зямля”. Гэта нешта накшталт сямейнай хронікі.
Пярэбары з Сухошчыны ў Альбуць (у “Новай зямлі” апісана як “Парэчча”) кладуць выразную мяжу ў маім жыцьці. Там нас сталі навучаць “навуцы”. Дзьве зімы вучыліся мы дома – я і два мае старэйшыя браты. Пасьля нас аддалі ў сельскую школу. Там жа я пачаў прабаваць і свае літаратурныя сілы, калі мне было гадоў 12. Помню, прачытаў свой верш “Вясна” (яго ў мяне не захавалася) свайму бацьку; бацька паслухаў мяне ўважна, потым запытаў, ці праўда, што гэта напісаў я, і даў мне рубель…
Бацька ўсімі сіламі стараўся пусьціць мяне ў навуку. У 15 гадоў паступіў я ў Нясьвіжскую настаўніцкую семінарыю. Падрыхтаваў мяне А. Лёсік. У 1902 годзе мяне выпусьцілі адтуль настаўнікам”.
Цікава зірнуць на адзнакі, якія меў семінарыст Кастусь Міцкевіч. Найвышэйшая (пяцёрка) – сачыненьне, чатыры з плюсам – руская мова (беларуская не выкладалася). Сярэднія адзнакі (чацьвёркі) – геаметрыя; гісторыя, а найніжэйшая (тройка) – сьпевы. Адзнакі, падобна, аб’ектыўныя, бо, як умеў Колас пісаць, так (па ўспамінах) ня ўмеў сьпяваць.
“Першыя гады майго настаўніцтва прайшлі на Палесьсі – у Люсіне і Пінкавічах. Люсіна – страшэнная глуш. Тут я першы раз пазнаёміўся з нелегальнаю рэвалюцыйнаю літаратураю. Даваў яе мне адзін яўрэй, столяр па прафесіі, мой недалёкі зямляк (са Стаўбцоў). Гэтыя брашуркі далі ход маім разважаньням у зусім новым накірунку і моцна зацікавілі мяне. У выніку… – удзел у настаўніцкім зьезьдзе ў 1906 годзе”.
Нелегальны зьезд настаўнікаў, за ўдзел у якім загадам дырэкцыі народных вучылішчаў настаўнік Канстанцін Міцкевіч быў звольнены з работы і пазьней прыцягнуты да судовай адказнасьці, праводзіўся ў Мікалаеўшчыне. Каля двух дзясяткаў маладых людзей сабраліся на паляне ў лесе каля Нёмана днём 9 ліпеня – і ўжо ўночы былі выкрытыя паліцыяй. Не абыйшлося, хутчэй за ўсё, без даносу. Паліцыянты канфіскавалі “Протокол заседания группы…”, падпісаны пятнаццацьцю “членами-учредителями”, і адозву (за якую, як казаў Колас, “мяне і ўпяклі”) з заклікамі да ўдзелу ў вызвольным руху, да бунту супраць самадзяржаўя. У тлумачэньні інсьпектару С. Квасьнецкаму (7. 08. 1906) настаўнік Канстанцін Міцкевіч даводзіў, што і пратакол сходу, і адозва – вынік нецьвярозага стану настаўнікаў, якія сабраліся ў лесе на гулянку.
Прыкладна тое самае на допыце ў ДПУ тлумачыў пазьней (15.Х1. 1930) Купала. Калі сьледчы пытаўся, што рабілі, зьбіраючыся ў яго доме, сябры “Саюзу Вызваленьня Беларусі”, ворагі народу, Купала адказваў: “Пілі…”
Але спаслацца на п’янку ні Купалу, ні Коласу не ўдалося.
За Коласам яшчэ да настаўніцкага зьезду ў Мікалаеўшчыне ўжо меўся палітычны грэх. У лістападзе 1905 году, настаўнічаючы на Палесьсі, ён склаў петыцыю сялянаў вёскі Пінкавічы да памешчыка Сігізмунда Скірмута. У петыцыі патрабавалася “уступить в наше полное пользование озера и болота, в наше полное распоряжение пастбищное угодие в количестве 77 десятин… и как можно скорее почтить нас ответом по этому делу”.
“Ответом почтил” ня пінскі памешчык С. Скірмут, а менскі губернатар П. Курлоў, які на петыцыі, што паступіла ў ягоную канцылярыю, наклаў рэзалюцыю: “Пинскому исправнику арестовать учителя с. Пинковичи Мицкевича”.
Роўна праз сто гадоў, у сёньняшнія часы дзіўнай “беларускай дэмакратыі”, настаўніка Міцкевіча пасьля такой рэзалюцыі не ўратаваў бы ад турмы ніхто. А вось у той час простыя, так бы мовіць, царскія чыноўнікі, якія служылі ў Менскай дырэкцыі народных вучылішчаў, вырашылі, атрымаўшы копію петыцыі з канцылярыі губернатара, што турма за такі грэх – гэта занадта. Яны “ў парадку пакараньня” перавялі настаўніка Міцкевіча, сялянскага заступніка, з Пінкавіцкага народнага вучылішча Пінскага павету ў Верхменскае народнае вучылішча Ігуменскага павету. Гэта толькі пасьля ўдзелу ў настаўніцкім зьезьдзе дапамога К.Міцкевіча ў складаньні петыцыі да памешчыка Скірмута пачынае разглядацца як рэвалюцыйная прапаганда сярод сялянаў – і ужо за ўсё разам, за петыцыю і зьезд, ён пазбаўляецца права настаўнічаць, па ягонай справе распачынаецца сьледства… Якраз у гэты час беспрацоўны настаўнік піша верш “Наш родны край”, які 1 верасьня 1906 году зьяўляецца ў газеце “Наша доля” і становіцца першым выступленьнем у друку паэта Якуба Коласа:

Край наш бедны, край наш родны!
Гразь, балота ды пясок…

Далей ва ўжо цытаваным прысьвячэньні Коласу і Купалу я пісаў:

Падобны на словы замовы
Імёны,
Якімі паэтаў сваіх Беларусь называла:
Колас… Купала… –

але як насамрэч узьніклі іх літаратурныя імёны? Янка Купала ўзяў сабе гэткі псеўданім, таму што нарадзіўся напярэдадні Купальля, дня Івана Купалы, а Якуб Колас?.. З ягоных словаў, шмат кім пераказаных, у тым ліку і сынам ягоным Данілам Міцкевічам, псеўданім яму (як чалавеку, што падвяргаецца палітычнаму перасьледу) параіў займець рэдактар газеты “Наша доля” (а пазьней газеты “Наша Ніва”) А. Уласаў. Рэвалюцыйна настроены малады настаўнік якраз захапляўся ў той час вершамі Якубовіча-Мельшына – і праз ягоны верш пра колас і выбраў сабе літаратурнае імя: Якуб(овіч) Колас. Мне асабіста больш да спадобы прыдуманая мной вершаваная версія (…імёны, якімі паэтаў сваіх Беларусь называла), а не даволі празаічны варыянт з удзелам Уласава і Якубовіча-Мельшына, але што ж: так – дык так.
Да траўня 1907 году Колас жыве ў Цёмных Лядах (Смалярні), дзе старэйшы ягоны брат (Уладзя) служыць лесьніком. У траўні едзе ў Вільню, потым у Менск і зноў у Вільню, пасьля на Магілёўшчыну, адкуль перабіраецца ў Стоўбцы – над ім устаноўлены асобы нагляд паліцыі і яму няма дзе прытуліцца. Сьледства па ягонай справе зацягваецца, хоць яно і падпіхваецца, падштурхоўваецца: Міністэрства юстыцыі двойчы патрабуе ад пракурора Віленскай судовай палаты “принять меры (другім разам “самые энергичные меры”) к скорейшему окончанию дознания по делу о съезде учителей в с. Николаевщина”. У ліпені 1908 году Коласу ўручаюць копію “Абвінаваўчага акта…”, у якім ён абвінавачваецца “в участии в сообществе, заведомо поставившем целью своей деятельности ниспровержение существующего в России общественного строя”. 15 верасьня 1908 году Віленская судовая палата (на выязной сесіі ў Менску) прыгаворвае падсуднага К. М. Міцкевіча “заключить в крепость на три года”. У кастрычніку пракурор Менскага акруговага суда паведамляе пракурору Віленскай судовай палаты, што “ввиду отсутствия свободных мест в крепости” К. М. Міцкевич адбывае прызначаны яму тэрмін пакараньня ў Менскай турме.
Тры гады турмы займеў падсудны К. М. Міцкевіч, можна сказаць, не за сваё. Адозву “сообщества, поставившего целью своей деятельности ниспровержение существующего строя», напісаў ня ён, а настаўнік П. Жук. Колас успамінаў пазьней, што адозву “бралі на эксьпертызу двойчы. Першы раз эксьперты далі патрэбныя суду зьвесткі. Другі раз прызналі, што рука не мая. Пракурор як усхопіцца: “З прычыны разыходжаньняў у поглядах эксьпертаў патрабую Міцкевіча асудзіць!” Так што ўсё ў іх было вырашана загадзя. Не ўдавалася пасадзіць за падабенства почырку, дык пасадзілі за разыходжаньні паміж эксьпертамі. Ці саву аб пень, ці пнем аб саву…” А на аўтара адозвы П. Жука крыўдаваў Колас толькі за адно: той за тры гады нават маленькай перадачы яму не прынёс – так турмы баяўся.
Што ж, было чаго баяцца… Колас піша, што архітэктар Пішчалін, які спраектаваў Менскую турму, апраўдаў сваё прозьвішча: “Пішчалі людзі там”. І вось як апісвае ён карцэр Менскай турмы (“Пішчалінскага замку”) у лісьце да Аляксандры Зотавай.
“Карцер – предвестник могилы”, – поется в одной арестантской песне. И в этом есть правда. Представьте себе узкую и тесную нору в каменной стене, в подземелье, плотно закрытую тяжелою, окованною железом дверью, куда не может проникнуть ни луч света, ни струя свежего воздуха… Сыро. Пол на полвершка покрыт грязью. Ни постели, ни подушки. Валяешься, как животное, в грязи. Питаться приходится только хлебом и водою. Сидишь с завязанными глазами… как крот в подземелье”.
У гэтым жа лісьце Колас паведамляе А. Зотавай, што даведаўся ад нейкага “таварыша з Сібіры” пра артыкул пра беларускую літаратуру ў часопісе “Познание России”. Сапраўды, у сакавіцкай, трэцяй кніжцы часопіса “Познание России” за 1909 год друкуецца артыкул С. Русавай “Возрождение белорусской литературы”, у якім, сярод іншых, разглядаюцца вершы Я. Коласа і адзначаецца, што “белорусские поэты напоминают Шевченко, певца страданий украинского народа”. “Меня, между прочим, – піша Колас, – по словам товарища, называют вторым Шевченко, белорусским, конечно. Хотелось бы этому верить, да скептицизм заедает – как бы не вышло тут ошибки. Вероятно, он смешал меня с Я. Купалой (падкрэсьлена мной як першае сьведчаньне самых піэтэтных (куды ўжо больш?) адносінаў Коласа да Купалы). Если же, сверх всякога чаяния, слова сии предназначены мне… это будет единственный источник моей радости и смысла моей жизни, жизни старого суматрского слона”.
“Старому суматрскаму слану”, пасаджанаму ў клетку “пішчалінскага замку” – дваццаць шэсьць гадоў. Выйдзе ён на волю ў дваццаць дзевяць – аўтарам кнігі вершаў “Песьні жальбы”, выдадзенай у 1910 годзе ў Вільні. Па назвах вершаў, што ўвайшлі ў першую кнігу Якуба Коласа (“Песьня няволі”, “Турэмная камера”, “У турме”), ня цяжка здагадацца, дзе яны напісаныя.
Як яны там пісаліся?.. Вось як, напрыклад, распавядае Колас пра гісторыю напісаньня верша “Краска”.
“У нядзелю некаму з маіх аднакамернікаў дазволілі спатканьне са сваякамі, і ён прынёс разам з перададзенай бялізнай і хлебам дзьве сьцяблінкі лугавых званочкаў. Паставілі мы іх у ваду, а самі пасталі наўкруга і нібы ўкамянелі. Глядзім, вочы ва ўсіх вільготныя, і на волю наўсьверб хочацца. Здаецца, каб выпусьцілі зараз, лёг бы на зямлю і пакачаўся, як змакрэлы конь на ворыве. А ўсё ж, што ні кажы, сьвятлейшы быў дзень той з кветкамі. Хацелася, каб яны даўжэй пакрасавалі. Але на раніцу нашыя званочкі пачалі апускаць галоўкі. Гасьлі на вачах, а ў кожнага пачуцьцё такое, быццам чалавека жвірам засыпаюць.
А тут яшчэ Мардуховіч, быў у нас такі, сьпявак не сьпявак, але ахвотнік да сьпеваў, з голасам моцным і прарэзьлівым, ходзіць па камеры і ные: “Колокольчики мои, цветики степные”. Мы яго ўсяк суцішалі… не памагае. Падвечар утаймаваўся, а я прыпёрся на нарах – дай, думаю, перакладу гэтыя “Колокольчики». Пачаў, ды цалкам верша ўспамянуць ня мог. Прыпляліся думкі пра астрог, і пайшло на свой лад. Праўда, голас Талстога чуецца… радок дзень вясёлы мая так і застаўся неперароблены”.
Колас казаў, што гэты верш хоць і “ня з громкіх”, але мілы яму. Дадаючы, праўда: “Што дзеду міла – то ўнуку гніла”. А я пра ягоны верш “ня з громкіх” згадаў па той прычыне, што гэтымі званочкамі Колас як бы перазвоньваецца праз гады з Купалам: з 1910 года ў год 1941-шы.
Маскоўскі сябар Янкі Купалы пісьменьнік Барыс Емяльянаў успамінае:
“Мы ехалі з Янкам Купалам з Жэўнева (Падмаскоўе) у Маскву. Дарогу, разварочаную бамбёжкаю, давялося аб’язджаць… Невялікі лясок зьлева, паляна, пакрытая някошанай канюшынай і сінімі званочкамі, справа…
– Колькі іх! – сказаў Янка Купала, гледзячы на кветкі. – Глядзі, глядзі!
Ён раптам павярнуўся да мяне і спытаў:
– Хто лепш за ўсіх напісаў пра званочкі?
– “Цветики степные! – засьмяяўся я. – Что глядите на меня, темно-голубые?”
– Ведаеш, – сказаў Янка. – Гэта добра, што ты ведаеш…”
У захапленьні Купалы званочкамі нібыта і нямашака ніякай сувязі ні з Коласам, ні з ягоным вершам “Краска”, але для мяне асабіста – праз лёс абодвух паэтаў – гэтая сувязь ёсьць. Шчымлівая сувязь…
Вясной 1911 году Якуб Колас піша ў турме вершаванае апавяданьне “Як дзядзька езьдзіў у Вільню і што ён там бачыў”, якое пазьней (перапрацаванае) стала трыма разьдзеламі (“Па дарозе ў Вільню”, “Дзядзька ў Вільні” і “На Замкавай гары”) паэмы “Новая зямля”. Праца над апавяданьнем і ёсьць пачатак працы над паэмай, шлях да завяршэньня якой заняў дванаццаць гадоў. Няма ў беларускай паэзіі іншага, апроч Коласа, паэта, які гэткі шлях змог бы адолець. З наканаваным лёсам селяніна, які штовесну прыходзіць з плугам на ўзьмежак свайго поля, Колас вяртаўся і вяртаўся на поле “Новай зямлі”. Таму і даараў…
У тым жа 1911 годзе, калі пачаў Колас пісаць “Новую зямлю”, у першай кнізе “Записок Северо-западного отдела Русского географического общества” быў надрукаваны артыкул В. Стукаліча пра Беларусь і беларусаў.
“Клімат няўстойлівы, сыры і нездаровы. Прырода аднастайная, панурая і бедная. Усюды бясконцыя багны, балоты. Народ грубы, цёмны і бедны, хілы і слабы фізічна. Мова няправільная (так і хочацца спытацца, хоць яно ўжо і позна, у “вучонага чалавека”: у адносінах да чаго, да якіх “правільных” моў беларуская мова няправільная? — У.Н.) і непрыгожая. Характар народу няўстойлівы. Крайняя грубасьць пераходзіць у прыніжаную ўгодлівасць (з гэтым, губу прыкусіўшы, даво­дзіцца, на жаль, пагадзіцца, — У.Н.). Гультайства, бесклапотнасьць, коснасьць, схільнасьць да п’янства, дробных крадзяжоў – вось характэрныя рысы беларускай народнай масы. Адным словам, народ і краіна без мінулага і бяз будучыні” (тут курсіў мой, – У.Н.).
Вось такі прысуд… І нібыта насуперак яму, падняўшы непад’ёмнае, Колас няправільнай і непрыгожай мовай піша ў краіне без мінулага і бяз будучыні геніяльную паэму. Так, геніяльную, што б ні казалі пра яе апісальнасьць і зацягнутасьць сёньняшнія постмадэрністы, якія займелі схільнасьць да такіх “беларускіх” жанраў паэзіі як хоку ці танка толькі праз тое, што для таго, каб пачаць іх і скончыць, дастаткова ня больш за пяць радкоў.
Паэтычным вярхоўем беларускай прозы называў паэму “Новая зямля” бліскучы пісьменьнік і літаратуразнаўца Алесь Адамовіч, жанрава вызначаючы яе як раман. Зразумела, вершаваны раман, які Адамовіч параўноўваў з вершаванымі раманамі “Дон Жуан” Байрана, “Яўгеній Анегін” Пушкіна і “Пан Тадэвуш” Міцкевіча. І ў гэтым параўнаньні (калі цаніць сваё і даражыць сваім) няма ніякага перабольшваньня. “Паэзіяй у “Новай зямлі”, – пісаў Адамовіч, – стала сама проза жыцьця… Вялікі шлях павінна была прайсьці наша літаратура, многія якасьці павінна была яна набыць, перш чым мог зьявіцца такі твор… сюжэтна стройны, з вельмі канкрэтнай мастацкай ідэяй”. Адамовіч сьцьвярджаў, што ўбачыць усё багацьце зьместу “Новай зямлі” аднаму чалавеку немагчыма. Ён пытаўся: калі б усю інфармацыю, якая ёсьць пра беларусаў, трэба было б выслаць іншапланецянам, дык што гэта за інфрамацыя павінна было б быць?.. І адказваў: “Новая зямля” Якуба Коласа.
Я згодны з Адамовічам. Уся паэма ад першага, на ўсе грудзі выдыхнутага, радка (“Мой родны кут, як ты мне мілы!..”) да апошняга ўздыху галоўнага яе героя Міхала (“Зямля… зямля… туды, туды, брат…”) нават больш, можа быць, беларуская, чым самі беларусы, якія яны былі і ёсьць.
І што?..
Чытаем прадмову да выданьня “Новай зямлі” 1934 году.
“Паэма “Новая зямля” з яе асноўным мэтаімкненьнем, бясспрэчна, гучыць дысанансам нашай эпосе, эпосе пабудовы сацыялізму, эпосе калектыўнае працы. Тэндэнцыі ўласьніцтва, паложаныя ў аснову паэмы, асабліва вынікаюць на фоне калгаснага будаўніцтва сёньняшняга дня...
Асноўны матыў паэмы – імкненьне да волі, да вызваленьня… Але Міхал выбірае няправільны, фальшывы шлях свайго вызваленьня – і ў гэтым яго вялікі і сапраўдны трагізм – уласны кавалак зямлі, свая гаспадарка, да якой з усёй палкасьцю свайго сэрца імкнецца Міхал і ў якой бачыць ён сваё вызваленьне, ня могуць даць яму гэтай волі, гэтага вызваленьня…”
І гэтак далей.
У працытавай прадмове абыходзяцца з паэмай (як і з яе аўтарам) яшчэ, я б сказаў, па-боску… бо сам Колас гэтую прадмову і напісаў. Як пазьней зазначае ён у лісьце да П. Цярэшкі, больш “такіх паэм, як “Новая зямля”, “Сымон-музыка”, у мяне няма, і іх не перавыдаюць як паэмы дарэвалюцыйныя і з іншым сьветапоглядам”. Колас быў вымушаны сам асудзіць сваю паэму, каб яе (пасьля выданьняў 1923 і 1927 гадоў) у 1934 годзе перавыдалі. Гэта ўнікальная (беларуская?) зьява ва ўсёй сусьветнай літаратуры. Паэму трэба было перавыдаць, каб нібыта нанава яе ў літаратуры ўсталяваць, бо праз разносную крытыку пад пагрозай аказалася выданьне “Новай зямлі” на рускай мове ў перакладзе С. Гарадзецкага – і за тое, каб напісаць самому прысуд сваёй паэме, Колас яшчэ і змагаўся, бо прысуды іншых былі, як зараз кажуць, куды круцейшыя. Ня буду іх цытаваць – памножце самабічаваньне Коласа яшчэ на дзесяць бізуноў…
Асабліва “прынцыповымі” ў адносінах да Коласа (як і да Купалы) былі крытыкі А. Кучар і Л. Бэндэ. Ад прадмовы апошняга да выданьня “Новай зямлі” Колас і адбіваўся, напісаўшы сваю прадмову. Бэндэ настойліва слаў Коласу лісты, у адказах на якія Колас ледзь стрымліваўся, прыхоўваючы пачуцьці… І ўсё ж яны прарываюцца – найперш у зваротах. У першым лісьце да “уважаемого тов. Бенде”, якога звалі Лука Апанасавіч, Колас называе яго, нібы ня памятаючы сапраўднага імені, Василий Львович. Пасьля, праўда, Василия Львовича Колас закрэсьлівае, пакідаючы проста “тов. Бенде”. У наступным лісьце “уважаемый тов. Бенде” становіцца “дорогим товарищем” бяз імені, праз ліст ён: “Дорогой Лука или Василий Афанасьевич!” – а ў чарговых лістах Колас зьвяртаецца да Бэндэ то “дорогой А. Л!”, то, наадварот, “дарагі таварыш Л. А!” – і адказы ягоныя на лісты Бэндэ ўсё карацейшыя і карацейшыя… Колас хоць і ціха, але ўмеў іншым разам за сябе пастаяць.
Непараўнальныя звароты ягоныя ў лістах да Бэндэ са зваротамі да тых лю­дзей, каго Колас любіў ці паважаў: “Мілая, слаўная Марусечка і сынкі!” (у лістах да жонкі і дзяцей); “Милый и дорогой Сережа!” (лісты да С. Гарадзецкага); “Мілы, дарагі, дарагі, мілы Пятрусь!” (ліст да П. Глебкі); “Глубокоуважаемый Ефим Федорович!” (пісьмо Я. Карскаму).
“Новую зямлю” ў 1934 годзе, змучанаму і крытыкай, і самакрытыкай Коласу, усё ж удаецца перавыдаць. Наступную спробу перавыданьня ён робіць у 1937-ым, у жніўні якога піша С. Гарадзецкаму: “Новую землю” и “Сымона-музыку” на днях выпускают из печати”, – аднак гэтае “на днях” зацягнулася да 1941 году, калі “Новая зямля” выйшла нарэшце чацьвёртым выданьнем. Яшчэ складаней было перавыдаць паэму “Сымон-музыка”, што ўдалося зрабіць толькі ў 1953-ім.
У красавіку 1938 году Колас пісаў у лісьце да П. Глебкі: “Я пагадзіўся з мысьляю, што “Новую зямлю” ацэняць людзі потым, калі я буду ўжо нябожчыкам…”

Але вернемся ў 1911 год, у турму, дзе Якуб Колас, пачаўшы пісаць “Новую зямлю”, якраз задумвае яшчэ і паэму “Сымон-музыка”. Па ягоных словах, “ёй не шанцавала ў сэньсе завяршэньня, а падаваць голас аб сабе пачала яна бадай што раней за “Новую зямлю”. Я зрабіў асобныя запісы, як толькі наладзіў турэмны побыт. Перада мной стаяў уласны лёс…”
Сапраўды, самая аўтабіяграфічная паэма Якуба Коласа – “Сымон-музыка”. Калі мець на ўвазе не біяграфію цела (дзе і калі яно было, што ела і піло), а біяграфію душы – у якія вышыні яна ўздымалася і ў якія прорвы падала. Як па мне, дык “Сымон-музыка” – паэма пра творцу, мастака, пра мройную душу, якая ўсяму таму, што ёсьць цела, што ўмее толькі спаць, жэрці ды піць, нідзе і ніколі не была і ня будзе патрэбная. Таму непатрэбнай была чвэрць стагоддзя – з 1928 (год апошніх уздыхаў беларускага Адраджэньня) па 1953 (год скону Сталіна) – і сама паэма.
Патрэбным было іншае… Вось назвы вершаў Коласа, напісаных у 1937—1938 гадах: “Дзед-калгасьнік”, “Пераможны май”, “Міжнародны пралетарскі дзень”, “Да дня 20-й гадавіны Кастрычніка”, “Народам СССР”, “Да выбараў”, “Дэпутат беларускага народу”, “Перадвыбарчае”, “Менскаму гарсавету”, “Я – баец чырвоны”, “Камсамольцам”, “Чырванасьцяжнаму камсамолу”, “Іскры Ільіча”, “Чырвоная армія”, “Парад маршалу Варашылаву” і да таго падобнае… У артыкуле “Мой творчы год” ён піша: “У 1937 г. я стаўлю перад сабою, як пісьменьнікам, дзьве задачы: закончыць паэму “На шляхах волі” і напісаць аповесьць для нашых піянераў. Гэта будзе аповесьць пра тое, як наша баявая піянерская армія змагалася за абарону савецкіх граніц”.

15 верасьня 1911 году Якуб Колас выходзіць з турмы – і куды падацца?.. Ні кутка, каб жыць, ні занятку, каб на хлеб зарабіць. Толькі “тры сшыткі ў цыратовых вокладках. І ўсе з вершамі… Пайшоў на вакзал і – проста ў Вільню”.
Проста з моста… Думаючы, што едзе ён не з пустымі рукамі. У Вільні вершы ўзялі, але ня больш за тое…
З успамінаў рэдактара газеты “Наша ніва” Аляксандра Уласава: “Калі К. Міцкевіч адсядзеў турму, Іван Луцкевіч (этнограф і грамадскі дзеяч, імем якога ў канцы 1941 году была названая немцамі вуліца ў Менску, што стала праблемай для Купалы, бо праз савецкія сьпецслужбы прайшла дэзінфармацыя, нібы тая вуліца, былая Кастрычніцкая, на якой да вайны Купала жыў, названая немцамі ў ягоны гонар, – У.Н.), каторы ведаў увесь край, – у кожным закавулку ён меў знаёмых, – намовіў адну сімпатычную старую паню Т. Гардзялкоўскую зрабіць беларускую школу тайную, і Якуба зрабілі вучыцелем яе. Ён быў першы беларускі вучыцель першай беларускай школы (тут курсіў мой, – У.Н.).
Не рызыкнуўшы ўзяць Коласа (як учарашняга палітвязьня) на работу ў рэдакцыю, А. Уласаў піша далей ва ўспамінах: “Як гэта ўсё было там, я ня памятаю”, – і ці не наўмысна блытаецца ў гадах: Колас настаўнічаў у школе Гардзялкоўскіх у маёнтку Габрылёва-Папоўка ў 1908 годзе, да турмы. А пасьля турмы, як успамінае Колас, “пабыўшы ў Вільні, 19 верасьня я падаўся ў Смольню з пачуцьцём выкінутага з жыцьця чалавека. Дзьверы на работу замкнутыя, падтрымкі няма, кожны агінаецца пры сустрэчы, каб і самому не падпасьці пад падазрэньне. Тут я і пачуў, нібыта трапіў у новае кола, нічым ня лепшае за астрог.
Тады канчаткова ўжо я абдумаў “Сымона”. Уявіў усе колы пакутаў, праз якія ён павінен прайсьці, каб духоўна спачыць у апошнім…
Накідаўшы збольшага запеўку, зразумеў, што гэтая работа будзе для мяне стрыжнем. Утрымаюся за яго, – значыць, не звар’яцею, не сап’юся, наогул, не пайду на ніз, у падонкі, у паслугачы”.
Хіба не характар?.. А яго ўсё малююць вясковым настаўнікам у шэрым касьцюме і кашулі з зашпіленым пад горлам гузікам, які, калі нават задыхаешся – не расшпіліць, каб крыкнуць…
Зрэшты, малююць не адно настаўнікам… Ва ўспамінах, напісаных пра Якуба Коласа, ён і зьнешне, і ўнутрана настолькі розны, наколькі розныя людзі, якія сустракаліся з ім і свае ўспаміны пакінулі. Інсьпектар С. Квасьнецкі, які ў 1906 годзе разьбіраўся з удзелам Коласа ў нелегальным настаўніцкім зьезьдзе, пісаў: “Мне невольно бросилось в глаза то, что он при объяснениях со мной был скрытным и большею частью молчаливым, причем в его словах и действиях проглядывала какая-то неуверенность и трусость”. “Бацька быў сярэдняга росту, даволі моцнага складу, – распавядае старэйшы коласаў сын Даніла Канстанцінавіч. – Вочы цёмныя. Меў шмат сілы. Мог дужацца з двума-трыма і перамагчы. Любіў цягацца за пальцы і рэдка каго не перамагаў… Па натуры быў маўклівы. Аднак праз гэтую маўклівасьць прабівалася яго дабрата… Характарызаваўся вернасьцю свайму слову. Ніколі не даваў пустых абяцанак. Калі нешта некаму паабяцаў, дык нават калі б выкананьне гэтай абяцанкі патрабавала няведама колькі высілку, абавязкова абяцанку выконваў”.
Скульптар Заір Азгур, успамінаючы пра Коласа, згадвае выказваньне амерыканскага паэта Генры Лангфела, якое, на думку Азгура,“як нельга лепей характарызуе Я. Коласа”. Аўтар “Сьпеву аб Гаяваце” сказаў пры ўручэньні яму Нобелеўскай прэміі: “Нішто так не вызваляе нас ад бурлівага самалюбства і марнай мітусьні, нішто так не напаўняе наш розум вялікімі ідэямі і ў той жа час нішто не саграе нашае сэрца такой любоўю і пяшчотай, як найцесная сувязь з прыродай”.
Што ж, у каго ўжо ў каго, а ў Коласа сувязь гэтая сапраўды была найцеснай, інакш не напісаў бы ён “Новай зямлі”. Азгур (не беспадстаўна, дарэчы) называў “Сьпеў аб Гаяваце” амерыканскай “Новай зямлёй”, а “Новую зямлю” – беларускім “Сьпевам аб Гаяваце”. Толькі вось (чаму і не займеў Нобелеўскай прэміі Якуб Колас) не па-ангельску “Новая зямля” напісаная…
Зьнешне Азгур бачыў Коласа, пэўна, такім, якім сядзіць сёньня НАРОДНЫ ПАЭТ на ПЛОШЧЫ СВАЙГО ІМЯ. Мне гэты помнік ніколі не падабаўся: не паэт, а правадыр з народам і інтэлігенцыяй. І хто там ведае, што гэты народ з інтэлігенцыяй – героі ягоных твораў? Нездарма чужаземцы (чаму я сам не аднойчы быў сьведкам) блытаюць яго з Леніным. “Гляньце вы, – кажуць, – які ў беларусаў Ленін!..”
Розьніца ў гадах, памножаная на павагу да Азгура як да фігуры ў беларускім мастацтве легендарнай, не дазваляла мне наўпрост выказаць яму сваё меркаваньне, але неяк я ўсё ж спытаў: “Заір Ісакавіч, ну чаму вы зьляпілі Коласа не аднаго, столькі людзей да яго нагналі?” – і ён адказаў (як на той час дык і дзіўна, і хітра, а цяпер дык і не): “Каб яму са сваімі ня страшна было…”
Найлепей, бадай, удаўся Азгуру партрэт Коласа ў руху, калі Заір Ісакавіч апісвае, як Колас, “седзячы ў крэсьле каля вакна, за якім шапацеў лістотай і квеценьню бэз на фоне нябеснай сіні, раптам неяк пагружаўся ва ўласныя роздумы і пачынаў спакваля (амаль з шэпту) вымаўляць:

Назад ня прыйдзе хваля тая,
Што з быстрай рэчкай уплывае,
Ня раз яна, зрабіўшысь парам,
На крыльлях сонца дойдзе к хмарам.
Ды йзноў дажджом на рэчку сыдзе –
Ніхто з граніц сваіх ня выйдзе,
З законаў, жыцьцем напісаных…

Абарваўшы страфу, Канстанцін Міхайлавіч глядзеў на мяне сваімі страгаватымі вачамі, на губы ягоныя сыходзіла добрая ўсьмешка, і ён чамусьці, нібы просячы прабачэньня, паўтараў: “Ніхто ня выйдзе… з законаў, жыцьцем напісаных… Ніхто…” І ў вачах зьзяў прамень дапытлівай і далёкасяжнай думкі”.
Мяркуйце самі, наколькі гэты хатні партрэт падобны на той, які на плошчы…
Зусім іншым паэт Якуб Колас, настаўнік з-пад Менску, выглядае ва ўспамінах празаіка Івана Шамякіна, настаўніка з-пад Гомелю. З Якуба Коласа, паводле ўспамінаў Шамякіна, “пісалі ікону”, з яго “стваралі звышчалавека”. Яго “як у шкарлупіну пасадзілі і гэтым ізалявалі ад бурнага пасьляваеннага жыцьця”. Займаючы пасаду віцэ-прэзідэнта Акадэміі навук, Колас “і ў Акадэміі зьяўляўся на гадзіну-дзьве і пісаў там трэцюю частку сваёй трылогіі, паэму “На шляхах волі”, якую дасьледчыкі ўспамінаюць, але рэдка дэталёва разьбіраюць”. З намёкам на скупасьць Коласа Шамякін піша, што сам езьдзіў да яго прымаць партыйныя ўзносы, бо Колас прыкідваўся хворым, хоць “пра чалавека ў такім узросьце заўсёды можна сказаць, што ён хворы, ведаю пра сябе”.
Колас з ягонай сялянскай натурай ня мог быць і ня быў, канешне, марнатраўцам, транжырам. Умеў берагчы капейчыну. Скупасьць ягоная (разам з адарванасьцю – праз багацьце – ад жыцьця) нібыта засьведчаная нават у анекдоце пра тое, як на Камароўскім базары ўкралі ў Коласа кашалёк, а ён зьдзівіўся і спытаў: “Хіба яшчэ некаму патрэбныя грошы?” Толькі і гэты ня надта сьмешны анекдот, і падобныя да яго гісторыі супярэчаць фактам: Колас дапамагаў матэрыяльна мноству людзей. І ня толькі сваякам, братам і сёстрам, іх дзецям і пляменьнікам, але і чужым. Той жа З. Азгур у сваіх успамінах піша пра “скупасьць” Коласа: “На працягу трох гадоў (1925—1927) вучобы ў Ленінградзе, у Інстытуце пры Акадэміі мастацтваў, я штомесячна атрымліваў па 40 рублёў, якія высылаліся мне з Менс­ку дзядзькам Сашам ці Марыяй Дзьмітрыеўнай, ці самім Коласам”.
Што ж да “фантастычнага” багацьця Коласа, дык ён сапраўды быў ня бедны, але і ня Ротшыльд. Сынам сваім ён пакінуў “у роўных долях” грашовыя ўклады ў двух ашчадных касах на суму 193701 рубель 62 капейкі і 1111 рублёў 28 капеек. Па тых часах немалы, можна сказаць, займеў ён жыцьцёвы заробак, дык жа быў ён Коласам, аўтарам і “Новай зямлі”, і “Сымона-музыкі”, і трылогіі “На ростанях”, і “Рыбаковай хаты”, і “Дрыгвы” – і ўсё гэта выдавалася і перавыдавалася.
Партыйныя ўзносы, як піша далей Шамякін, з Коласа хоць і браліся, але “палітыкі стары баяўся. Пры жыцьці Сталіна не гаварыў на палітычныя тэмы… У Маскву ён ехаў у сьпецыяльным вагоне, з буфетам, афіцыянткай. Не інакш… За вершы тыя (маецца на ўвазе “Пісьмо беларускага народа вялікаму Сталіну”, якое вершаваў не адзін Колас, а і Купала, Броўка, Глебка і іншыя, – У. Н.) – персанальны вагон… Пасьля ён стаў больш дэмакратычны. Нярэдка прыязджаў у “Каралішчавічы” (Дом творчасьці пісьменьнікаў, – У.Н.), каб выпіць чарку з намі, маладымі… Пра літаратуру ён наогул не любіў гаварыць, ды і ня ведаў ён яе, навейшай літаратуры. Не, можа, і ведаў, але яўна не прымаў”.
Не спрачаючыся з І. Шамякіным, бо любога чалавека можна ўбачыць любым, бо, як піша сам Іван Пятровіч: “Слабы чалавек. Увогуле чалавек. Колас у тым ліку…” – усё ж выкажу сумненьне наконт неабазнанасьці Коласа ў літаратуры. Адных рукапісаў “навейшай літаратуры” кожны дзень яму прыцягвалі столькі, што… “Пайшлі яны!..” – іншым разам крычаў ён, калі прыпіраліся ўсё новыя і новыя “маладыя”. Нечага, канешне, ён мог ня ведаць, некага не прымаць, але неаспрэчным доказам ягонага выключнага літаратурнага густу зьяўляецца для мяне верш, які ўключыў Якуб Колас у свае ўспаміны пра Янку Купалу. Напісаны ўспаміны часткаю ў 1952, часткаю ў 1955 гадах, але ці да, ці пасьля сьмерці Сталіна – ня мае значэньня, бо “стары, які баяўся палітыкі”, не працытаваў ва ўспамінах (хоць у тыя часы мог і нават павінен быў працытаваць) ніводнага палітычнага купалаўскага радка, а толькі адзін з лепшых купалаўскі вершаў – бездакорны ва ўсім, у тым ліку і ў месцы, у якім ён згаданы: у тэксьце, прысьвечаным памяці геніяльнага паэта.

ЖНІВО
Насьпелая постаць шчасьлівых пасеваў
За вёскай на сонным лясоў рубяжы,
Сьсівелы ўжо колас схінула к мяжы
У сумным шаптаньні: “Дзе, жнеі мае, вы?”
І жнеі сышліся. – Направа, налева
Кладуцца ў снапы каласы-старажы,
Зашасталі глуха сярпы, як нажы,
Пад жніўныя, вечна старыя напевы.
Спагадная, нудная песьня плыве
Губляючы ў пушчы свае пералівы,
У шэлестах белага коласу нівы.
Плыве гэта песьня ка мне і заве,
І ў сэрцы зьвініць, як каса у траве:
“Ты так жа, брат, сееш… а дзе тваё жніва?”

Ведаючы і прымаючы такую літуратуру, астатнюю можна і ведаць ці ня ведаць, прымаць ці не прымаць.

Работу над паэмамі, па словах Коласа, “перабіла нетрываласьць майго становішча: давялося доўга старацца сталага месца. А калі выстараўся, трымаўся за яго і рукамі і нагамі. Пісаў драбнейшае, а “Новая зямля” і “Музыка” стаялі горкімі напамінамі ўбаку, чакаючы лепшых часоў. Надышлі яны цераз многа год…”
У 1912 годзе, займеўшы на нядоўгі час месца ў 3-м Пінскім прыходскім вучылішчы, Колас знаёміцца з настаўніцай Пінскай чыгуначнай школы Марыяй Дзьмітрыеўнай Каменскай. У чэрвені 1913 года яны пажаніліся, а ў канцы ліпеня, як піша Колас, “мне забрылі лоб”.
Пра сваю вайсковую службу і да Першай сусьветнай вайны, і ў час яе нічога асабліва гераічнага Колас ня згадвае. Хоць мог бы (“герояў” на словах ва ўсе часы хапала) – і хто б і як пасьля тое праверыў? Але Колас ня ўмее выдумляць пра сябе, ён любіць праўду – гэта ўласьцівасьць ягонай натуры. З наіўнай прастатой распавядае ён і пра тое, як бегаў, хітраваў, каб яго ня ўзялі на службу, і пра тое, як, калі ўжо “забрылі”, служыў.
“Упершыню быў мабілізаваны ў 1914 годзе, калі праходзіла агульная мабілізацыя. Боўтаўся з месяц у казарме Серпухаўскага палка ў Менску. Памылковым талкаваньнем цыркуляра міністра адукацыі быў звольнены з арміі, настаўнічаў у Пінску. У 15-м годзе выехаў у Маскоўскую губернію, Дзьмітрыеўскі павет, Старыкаўская школа. 6 верасьня там жа мяне ў другі раз мабілізавалі і залічылі ў 55-ы пяхотны батальён, у самой Маскве. Батальён быў запасны. Хадзіў спачатку на палявыя заняткі. Потым узводны вызваліў. Пасадзіў складаць і бясконца пера­пісваць сьпісы асабовага складу. Так і гнуўся я над рознымі “формамі”, пакуль не камандзіравалі ў Аляксандраўскае ваеннае вучылішча. Быў там са студзеня 1916 году. А праз чатыры месяцы выпусьцілі, раба божага, прапаршчыкам. У новенькім шынялі, з рамянямі. І чамадан далі.
“Прапаршчыкі жывуць адзін дзень” – казалі тады. Але на фронт я не папаў. Паслалі ў Перм…Адпрасіўся…
Так пакрысе перайшоў я ў 1917-ы. 25 ліпеня прызначылі мяне начальнікам эшалону дэзерціраў. Загадалі везьці іх на Румынскі фронт. Зноў дрыжы: паразьбягаюцца, а ты адказвай па законах ваеннага часу… Прасіў іх: “Не ўцякайце толькі, хлопцы! Пачакайце, пакуль прыедзем на пазіцыю!” Паслухалі…”
Ну вось распавядаючы пра дэзерціраў, пра салдат, якія ўжо былі на фроньце і маглі ўзбунтавацца, паспрабаваць прыстрэліць яго і разьбегчыся, мог жа ён прыдумаць пра сябе нейкую гераічную гісторыю? Хоць з пісталета, калі ты ўжо прапаршчык, пастраляць?.. Дык не: “Не ўцякайце хлопцы, пачакайце…” Не выдумляе ні лепшага, ні горшага. Як было – так было.
“Не пакінулі мяне на пазіцыі, залічылі ў 70-ю дывізію, ня помню, у які полк. Быў у румынскім горадзе Бакеа, потым у сяле Карадул. Тут наваліліся ўсе хваробы, далі адпачынак… Паехаў у Абаянь да сям’і (жонка Коласа з двума малымі дзецьмі была ў гэты час у бежанцах – у горадзе Абаянь на Куршчыне, дзе пасьля эвакуацыі з Вільні жыла яе маці, – У.Н.). Было там усім голадна і холадна. Калі ў 1921 годзе нам далі цяплушку і перавезьлі ў Менск, што больш за ўсё ўразіла? Каля саменькага вакзалу прадаваўся сітні хлеб… А жылі мы на адной бульбе. На цэлы тыдзень мелі мы на чатыры душы 21 бульбіну”.
З прадваенных і ваенных вандраваньняў амаль саракагадовы Колас вяртаецца не настаўнікам і не падпаручнікам, чын якога атрымаў у лютым 1917 году, а ўжо знакамітым літаратарам, паэтам. У “Сurriculum vitae” (“Кола жыцьця”, лац.), якую прадстаўляе ён у літаратурную прадметную камісію Белдзяржуніверсітэту, значацца дванаццаць кніг. У Вільні выйшла “Гісторыя беларускай літаратуры”, у якой М. Гарэцкі называе Я. Коласа класікам беларускай літаратуры. Наркамасьветы БССР прысьпешвае прыезд Коласа ў Менск, накіраваўшы Абаянскаму павятоваму аддзелу народнай асьветы ліст, у якім “Наркомпросбел обращает внимание на то, что Белорусская Республика вправе желать видеть лучших своих культурных деятелей у себя, работающими согласно их призванию, и что совершенно недопустимо при бедности Белоруссии такими выдающимися работниками задерживать их вне пределов Белоруссии”. Копія ліста накіроўваецца Курскаму губернскаму аддзелу народнай асьветы – і адначасова ляціць тэлеграма ў Маскву Наркаму асьветы А. Луначарскаму з просьбай “телеграфно предписать Обоянскому Курской губернии уотнаробразу немедленно откомандировать в распоряжение Наркомпроса Белоруссии школьного инструктора Константина Мицкевича, псевдоним Якуб Колас, одного из лучших белорусских писателей…”
Колас прыязджае ў Менск 15 траўня, жыць уладкоўваецца на кватэру па вуліцы Старажоўскай, а працаваць – у навукова-тэрміналагічную камісію Акадэмічнага цэнтру Наркамасьветы. 17 траўня газета “Савецкая Беларусь” друкуе прывітаньне на ягоны прыезд: “У нядзелю вярнуўся ў Менск пасьля доўгай адсутнасьці беларускі паэт Якуб Колас. Вымушаны пакінуць сваю радзіму пад уціскам цяжкіх умоваў, зьвязаных з ваенным ліхалецьцем, абрушаным на Беларусь, Якуб Колас вярнуўся ўжо ў Вольную Айчыну, аб якой ён пяяў у сваіх вершах і змагаўся доўгія часы. Вітаем дастойнага сына працоўнага беларускага люду!”
19 траўня на ўрачыстым спатканьні ў Беларускім рабочым клубе зачытваецца прывітальны ліст “Якубу Коласу ў дзень яго звароту на Беларусь” ад старшыні беларускага ўраду А. Чарвякова: “Шчыра вітаю ўзварот на Бацькаўшчыну аднаго з першых правадыроў аслабаненьня рабочых і сялянаў Беларусі ад іх класавых ворагаў – беларускага песьняра і палітычнага дзеяча…” і г.д.
Пачынаецца ў Коласа жыцьцё новае, незнаёмае… Напачатку з дробязей.
“6/ХІ-21 г.
В Коммунальный отдел.
Наркомпрос Белоруссии настоящим просит Коммунальный отдел разрешить члену Научно-литературной комиссии при Академическом центре Наркомасветы К. Мицкевичу, проживающему по Сторожевской улице в д. 1, кв. З, провести электричество о 2 (две) лампочки.
Комиссар (У. Ігнатоўскі)».
Цікава, што за тры месяцы перад тым, 8 ліпеня 1921 г., з Наркамату асьветы накіроўваецца просьба “выдаць адны новыя боты вядомаму беларускаму пісьменьніку Янку Купалу (Івану Луцэвічу)”. Ім абодвум ад самага пачатку пачалі даваць прыблізна па роўну: Купалу – два боты, Коласу – дзьве лямпачкі...
У 1922 годзе на базе навукова-тэрміналагічнай камісіі засноўваецца Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт), і Колас (разам з Купалам) становіцца яго правадзейным сябрам.
У кастрычніку 1926-га адзначаецца 20-годдзе творчай дзейнасьці Якуба Коласа. З гэтай нагоды Савет Народных Камісараў БССР прымае пастанову:
“Прызначаючы за вялікую важнасьць для працоўных беларусаў і беларускае культуры літаратурна-мастацкую дзейнасьць Я. Коласа, СНК БССР пастанаўляе:
1. Надаць Якубу Коласу годнасьць народнага паэта (Купала ўжо народны годам раней, і ў запісцы сакратара СНК БССР загадчыку пратакольнага аддзелу ўказваецца, што трэба “Коласу паслаць здымак з пастановы” і наогул усё “зрабіць так, як рабілі з пастановай аб Янку Купалу”, – У.Н.).
2. Прызначыць Якубу Коласу пажыцьцёвую пенсію ў разьмеры стаўкі адказных палітычных працаўнікоў БССР.
3. Прыняць да ведама пастанову Народнага Камісарыяту Асьветы аб адзначэньні 20-гадовай літаратурнай дзейнасьці Якуба Коласа ўрачыстым сьвяткаваньнем яго юбілею ў культурна-асьветніцкіх установах БССР”.
У студзені 1927 году Якуб Колас абіраецца правадзейным членам “Таварыства аматараў расійскай славеснасьці” пры Дзяржаўным Маскоўскім універсітэце. У красавіку 1927 году Якуб Колас (разам з Купалам) абіраецца кандыдатам у члены ЦВК. У гэтым жа годзе для Коласа выдзяляецца асобны двухпавярховы дом па Вайсковым ( у той час 2-ім Шпітальным) завулку (на трэці дзень вайны дом згарэў, зараз гэта тэрыторыя парку імя Горкага).
У сьнежні 1928 году пастановай Савету Народных камісараў БССР Міцкевіч Кастусь Міхайлавіч (Якуб Колас) зацьвярджаецца (разам з Купалам) правадзейным членам Беларускай Акадэміі навук, абіраецца віцэ-прэзідэнтам Акадэміі.
У студзені 1929 году пастановай СНК БССР Якубу Коласу (разам з Купалам) павялічваецца пенсія да сярэдняй стаўкі акадэмікаў Беларускай Акадэміі навук.
У сьнежні 1932 году – урачыстае сьвяткаваньне юбілею Я. Коласа, 50-годдзя з дня нараджэньня.
У студзені 1935 году Якуб Колас з кандыдата ў члены ЦВК пераабіраецца ў члены ЦВК БССР і зацьвярджаецца членам Прэзідыуму Акадэміі навук.
У кастрычніку 1936 году – сьвяткаваньні 30-годдзя літаратурнай дзейнасьці. СНК БССР і ЦК КП(б)Б прымаюць пастанову “Аб узнагароджаньні народнага паэта БССР Якуба Коласа:
1. За выдатныя заслугі ў галіне беларускай мастацкай літаратуры ўзнагародзіць народнага паэта Беларускай рэспублікі Якуба Коласа легкавой аўтамашынай.
Машыну ўзяць на абслугоўваньне за кошт дзяржавы.
2. Пабудаваць за кошт дзяржавы дачу для Якуба Коласа з поўным абсталяваньнем.
3. Прыняць за кошт дзяржавы ўтрыманьне і рамонт жылога дому, у якім жыве народны паэт БССР Якуб Колас”.
У студзені 1939 году Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савету СССР за выдатныя посьпехі і дасягненьні ў разьвіцьці савецкай мастацкай літаратуры Якуб Колас узнагароджаны ордэнам Леніна. Пазьней (у 1944, 1949 і 1952 г.г.) Колас займее яшчэ тры ордэны Леніна, а да іх – абодва ордэны Чырвонага Сьцягу, Баявога і Працоўнага).
У сакавіку 1940 году Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч (Якуб Колас) абіраецца дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР…
Сталінскую прэмію адразу ўсьлед за Купалам не дазволіла атрымаць Коласу вайна – і прэмія гэтая (першай ступені) была прысуджаная яму ў 1946-ым, на 40-годдзе літаратурнай дзейнасьці…
Што мусіш рабіць, калі ўсё гэта прымаеш?.. Мусіш служыць.

Усё ў жыцьці Колоса, як і ў жыцьці Купалы, зьнешне выглядае так, што лепш не бывае. Усім на зайздрасьць… Але, хоць афіцыйна Колас прызнаны і ўслаўлены, адначасова з пастановамі аб ягоных званьнях і ўзнагародах пішуцца і іншыя паперы. Адна з іх – дакумент, падпісаны 23 кастрычніка 1938 году Народным камісарам унутраных справаў БССР, маёрам Дзяржаўнай бясьпекі А. Наседкіным.
“Совершенно секретно. Секретарю ЦК КП(б)Б тов. Панамаренко. Лично. Об имеющихся компрометирующих материалах на членов Союза советских писателей БССР…
Мицкевич Константин Михайлович, литературный псевдоним Якуб Колос и Тарас Гуща, 1882 г. рождения, уроженец застенка Акинчицы Минского уезда (Польша), белорус, беспартийный, народный поэт БССР, вице-президент Академии наук БССР, член правления Союза Советских писателей СССР и БССР.
Крупнейший белорусский писатель, поэт и прозаик. Один из лидеров нацдемовского движения в Белоруссии, закодычный друг Янки Купалы.
Вместе с Купала редактировал в 1908—1912 годах белорусскую буржуазно-националистическую газету «Наша нива» в г. Вильно (Польша)».
Спынімся тут, каб заўважыць, як пры ўсёй быццам бы пераканаўчасьці, дакументальнай дакладнасьці і гэтай, і падобных да яе папераў, падганяліся ў іх пад зададзены вынік дакументы і факты. Ну як мог Колас рэдагаваць газету «Наша ніва» ў 1908—1912 гадах, калі ён сядзеў у турме? Ды яшчэ рэдагаваць газету ў Вільні на пару з Купалам, які з 1909 па 1913 год вучыўся ў Пецярбурзе?..
Чытаем «дакумент» далей.
«В период белопольской оккупации Белоруссии был близко связан с белооккупантами и принимал деятельное участие в работе созданных поляками здесь антисоветских националистических организаций «Белорусский национальный комитет, войсковая комиссия и др.».
Коласа «в период белопольской оккупации» проста не было ў Беларусі…
“После изгнания белополяков из Белоруссии вместе с Купала по заданию польской разведки принимает активное участие в создании так наз. нацдемовской организации в Белоруссии”.
Вось тут, кажучы пра так наз. нацдемовскую организацию в Белоруссии, маёр дзяржбясьпекі Наседкін, а з ім усе тыя, хто да гэтага «дакументу» меў дачыненьне, самі ж прагаворваюцца, бо ніякіх так наз. нацдэмаўскіх арганізацый насамрэч не было, яны прыдуманыя (разам з назвай) у той самай «конторы», дзе рыхтаваўся гэты «дакумент».
«В период 1921—1930 гг. систематически участвует в нелегальных сборищах нацдемов, проводившихся на квартире Купала и у него.
Является одним из организаторов нацдемовской литературной организации «Полымя», автор целого ряда антисоветских «нацдемовских» литературных произведений. Его поэма «Новая земля» переведена в большинстве стран Европы».
Што ж, здавалася б, кепскага ў тым, што “Новая земля” переведена в большинстве стран Европы?”. Але ж паэма “нацдэмаўская”. Значыць, кепска, што перакладаецца… У тым ліку і на рускую мову.
Дарэчы, пра пераклады і перакладчыкаў, пра атмасферу тагачаснага літаратурнага жыцьця, у якім амаль што ўсе “бдили”. Бо, як тады казалі: “если не “убдишь” ты, так “убдят” тебя”.
Летам 1937 году генеральны сакратар Саюзу савецкіх пісьменьнікаў СССР У. Стаўскі пераадрасоўвае 1-му сакратару ЦК КП(б) Беларусі В. Шаранговічу (папярэдніку П. Панамарэнкі) ліст паэта і перакладчыка М. Ісакоўскага.
“Ставлю Вас в известность о следующем факте: я получил из Гослитиздата целый ряд стихов Якуба Коласа для перевода на русский язык. Стихи эти должны были войти в книгу названного автора, которую готовит к печати Гослитиздат.
Среди полученных мною стихов было одно под названием “Полымя”. Это стихотворение имело подзаголовок – “Вместо приветствия к 5-ой годовщине”.
Вначале я не обратил на это стихотворение особого внимания, полагая, что оно посвящено журналу “Полымя революции”. Но через некоторое время увидел, что дата написания стихотворения – 1926 г. и понял, что пятилетия этого журнала в этом году быть не могло, т.к., насколько мне известно, издание журнала “Полымя революции” началось значительно позже.
Не будучи хорошо осведомленным в белорусских делах, я начал по разным источникам наводить справки о “Полыме”. Причем, выяснилось, что “Полымя” – это контрреволюционная нацдемовская организация, которая была в свое время разоблачена. И этой-то организации Якуб Колас посвящает стихи, включая их в книгу, которая должна выйти в 1937 г.
В названном стихотворении Колас сравнивает “Полымя” с приветливым огоньком среди темной и страшной ночи.
Имея в виду тот смысл, а также тот объект, которому посвящено стихотворение, нельзя сделать иного вывода, как тот, что стихотворение “Полымя” явно контрреволюционное: все, мол, кругом темно, страшно, мрачно и т.д. и светит только один приветливый огонек, и этот огонек – “Полымя” (т. е. нацдемовская литературная организация).
Я немедленно позвонил редактору книги Коласа – Городецкому, чтобы стихотворение было снято, и тот согласился со мной (нездарма, відаць, 13 жніўня 1956 году, у дзень сьмерці, Колас пачынае ліст да Гарадзецкага: “Дорогой, хоть и не очень преданный мой друг Сергей!” – У.Н.).
Но сейчас важно выяснить другой вопрос – почему Колас включил это произведение в свой сборник? Не знать о контрреволюционной сущности организации “Полымя” Колас не мог. Значит, напрашивается вывод, что сделано это с враждебными целями.
Во всяком случае, дело это, по-моему, требует расследования и я прошу… принять необходимые меры.
19/05.937.
М. Исаковский».
Што мог ведаць Ісакоўскі, паэт маскоўскі, пра так. наз. контрреволюционную нацдемовскую организацию “Полымя”? Мяркую (ды і з даносу яно відаць), што нічога. Значыць, яму падказалі тое, што трэба было ведаць, а далей ужо заставалася толькі бдить.
Ва ўсе свае прыезды ў Маскву Колас прывозіў Ісакоўскаму (як і Гарадзецкаму) беларускія падарункі. Сала, вяндліну, гарэлку… Ісакоўскі падарункі прымаў. На сьвяткаваньні 70-годдзя Якуба Коласа ў Цэнтральным Доме літаратара выступіў, услаўляючы юбіляра як свайго “задушевного белорусского друга”.
Так яны жылі…
А мы ня так жывём? Ну, можа, і інакш…
Народны камісар унутраных справаў БССР, маёр Дзяржаўнай бясьпекі А. Наседкін завяршыў кампрамат на Якуба Коласа наступным абзацам:
«Показаниями разоблаченных нами 31 участника антисоветского подполья в Белоруссии, на протяжении 1937—1938 гг. изобличается как один из руководителей нац. -фашистского подполья и польский шпион».
Ні больш – ні менш. Ад сьмяртэльнай небясьпекі трэба было неяк ратавацца, а паратунак быў у адным: у пакаяньні…
Першы раз пакаяцца змусілі Коласа яшчэ ў 1925 годзе – у сувязі з “лістападаўскай справай”: судовым працэсам над “контррэвалюцыйнай, антысавецкай групай” на чале з Юрыем Лістападам. Пры вобыску ў Лістапада знайшлі фотаздымак Якуба Коласа, у членаў групы – ягоныя вершы. Намесьнік паўнамоцнага прадстаўніка ДПУ па Беларусі І. Апанскі адразу ж падпісаў ордэр на вобыск у грамадзяніна Міцкевіча – Якуба Коласа, у паперах якога знайшоўся ліст ад члена лістападаўскай групы Нічыпара Мяцельскага з вершам “Дзе?”:

Дзе свабодны дух народа?
Дзе свабодных думак рой?
Дзе жаданьне стаць сьцяною,
За свабоду ісьці ў бой?..

Назаўтра пасьля вобыску, 25 кастрычніка 1925 году, Коласа выклікаюць на допыт у ДПУ. Адзін з членаў лістападаўскай групы (М. Дземідовіч) на яго паказвае:
“Колос – всемирно известный белорусский поэт и националист, ярый защитник белорусских прав и крестьянства, известный организатор в Минске Самостоятельной Вольной Белоруссии в крестьянских интересах. Со мной связи не имеет. С Метельским только и знается с Макареней. В работе мы получали указания от Макарени, а тот от Метельского, а он (Метельский) или сам или от Коласа – не знаю…”
Якуб Колас на допыце ўсе абвінавачваньні катэгарычна адмаўляе: “По поводу предъявленных мне следственных и др. документов, указывающих на то, что я стою во главе Минской антисоветской организации, то могу сказать, что я ни в каких политических организациях при Соввласти не состоял и не состою. Я этим совершенно не интересуюсь. Имею заявить, что произведенный у меня обыск ГПУБ 24 октября 1925 г. считаю вполне законным и необходимым, т.к. у ГПБУ для этого было достаточно материалов…”
“Имею заявить, что обыск считаю вполне законным…” – гэта яго само “ГПБУ” напісаць і папрасіла. На ўсялякі выпадак, бо яшчэ ва ўсе бакі вецер…
Перад судом Міхась Дземідовіч ад сваіх паказаньняў адмовіўся, але гэта ўжо ня мела значэньня: Коласа змусілі да пакаяньня. “Мой грамадзянскі абавязак, – напіша ён у пазьнейшых паказаньнях, – падказаў мне публічна выступіць у савецкай прэсе і заявіць аб маім палітычным Credo (“Савецкая Беларусь” №277, 6 сьнежня 1925 г.)”. А 10 сьнежня, праз чатыры дні пасьля публічнага выступленьня Коласа, намесьнік старшыні ДПУ Беларусі І. Апанскі заявіць у той жа газеце пра ліквідацыю контррэвалюцыйнай арганізацыі, “якая згуртавалася вакол выкладчыка беларускай мовы ў Слуцку якогасьці Лістапада”.
На гэтым, зразумела, нічога ня скончылася, бо скончыцца не магло. Пасьля падрыхтоўчых 20-х гадоў наперадзе былі вырашальныя 30-я…
15 лістапада 1930 году, вечарам у суботу, на допыт у ДПУ выклікаецца Янка Купала, а 16 лістапада, з раніцы ў нядзелю, Якуб Колас. Ягоныя паказаньні, пазначаныя тым днём, варта прывесьці цалкам.
“16-га лістапада 1930 году мне былі прад’яўленыя абвінавачваньні праз паказаньне некаторых асоб (паказаньні былі выбітыя з акадэміка С. Некрашэвіча, прафесара Я. Лёсіка ды інш., – У.Н.), арыштаваных па справе нацыянал-дэмакратычнай контр-рэвалюцыйнай арганізацыі (Саюзу Вызваленьня Беларусі, – У.Н.), паказаньні ў тым, што я быццам бы належу да “руководящего центра и являюсь идеологом” гэтай контр-рэвалюцыйнай арганізацыі. Я катэгарычна пратэстую супроць гэтага цьверджаньня, як неабаснованага на фактах, цьверджаньня голаслоўнага, не адпавядаючага сапраўднасьці, цьверджаньня, якое зьяўляецца хлусьнёй і агаворам у мэтах для мяне невядомых. Аглядаючыся на пройдзены шлях сваёй работы за час майго ўдзелу ў беларускіх інстытуцыях з 1921-га году, калі я прыехаў у Менск (Тэрмінолёгічная навуковая камісія, Інстытут беларускай культуры) і праглядаючы астаўленыя сьляды гэтай работы на падставе таго невялікага матэрыяла, які ў даны момант ёсьць у мяне пад рукою, я павінен прызнаць, што я своечасова не адзначаў многа якіх нацыянал-дэмакратычных контр-рэволюцыйных ідэолёгічных вывіхаў у рабоце адзначаных інстытуцый.
Перада мною першы № журнала “Адраджэньне” за 1922 г. Літаратурна-навуковы весьнік Інстытуту беларускай культуры, дзе між іншым зьмешчаны: некаторыя мае творы (два ўрыўкі з паэмы “Новая Зямля”, “У Палесскай глушы”). Не даючы падробнага аналізу часопісі ў цэлым, як з выразна нацыянал-дэмакратычнай афарбоўкай, спынюся на некаторых яе момантах. Так у артыкуле “Якуб Колас, як нацыянальны беларускі паэта” з першага ж абзацу даецца няправільная, не марксысцкая ўстаноўка. “Гісторыя кожнага народу ёсьць выяўленьне нацыянальнага характару з боку валявога; літаратура ёсьць выяўленьне гэтага характару з боку інтэлектуальнага і галоўным чынам эмацыянальнага: у літаратуры адбіваецца складаны комплекс думак і пачуцьцяў народу”. У гэтым і ў шмат якіх іншых абзацах таго ж артыкулу даецца не марксысцкая, а нацыянал-дэмакратычная афарбоўка і наогул шкодная контр-рэвалюцыйная ўстаноўка. Гэты нацыянал-дэмакратызм раскідан скрозь па часопісі. Найболей жа ярка выражаны ён у “Крыніцы беларускага культурнага жыцьця”. Спыняцца падробна на кожным праяўленьні вузкага, абмежаванага нацыянал-дэмакратызму значыць патраціць многа часу, а таму абмяжуюся агульнаю заўвагай: усе гэтыя праявы носяць надзвычай вузкі, абмежаваны характар, які ня мае нічога супольнага ні з марксызмам, ні з задачамі нацыянальнай палітыкі партыі і Совецкай улады, а таму непатрэбны, шкодны і контр-рэвалюцыйны. Такіх праяваў многа і ў артыкуле-дакладзе Лёсіка “Нацыянальныя элементы ў творчасьці Якуба Коласа і Тараса Гушчы”. Павінен адзначыць асобна агідны факт ацэнкі выданьняў Беларускага каоперацыйнага выдавецтва т-ва “Адраджэньне”, дзе аўтар рэцэнзіі паўстае супроць афармленьня вокладкі і факту знаходжаньня на ёй “кляйма фірмы з пролятарскай сымволістыкай”. Такую выхадку лічу контррэвалюцыйнай і ў ніякай меры недапушчальнай. Падводзячы падрахункі ўсім гэтым контррэвалюцыйным вывіхам, шовінізму, нацыянал-дэмакратызму, я павінен прызнаць сваю віну ў тым, што я своечасова не пратэставаў супроць такой дзейнасьці тых інстытуцый, дзе прымаў удзел і я, што дае аб’ектыўна повад лічыць мяне солідарызаваным з такім характарам паказанай работы (тут у Коласа стаіць кропка, але пасьля яе між радкамі дробна ўціснута: і з асобамі, якія вялі яе).
Каб у далейшым адмесьці ад сябе ўсякія магчымасьці залічыць мяне ў стан антысавецкіх, контррэвалюцыйных элемэнтаў, я катэгарычна і рашуча заяўляю, што я самым цьвёрдым і катэгарычным чынам адмяжоўваюся ад усяго, што праціўна духу Савецкай улады і Комуністычнай партыі, што я парываю з нацыянал-дэмакратычнымі канцэпцыямі, калі яны яшчэ хоць падсьвядома жывуць у маёй псіхіцы, і сваёю дзейнасьцю літаратурнага і грамадзкага характару пастараюся апраўдаць тое высокае давер’е, якое аказвае мне партыя бальшавікоў і савецкая ўлада.
16.ХІ.1930.
Якуб Колас”.
Я прывёў гэтае пакаяньне Коласа цалкам, бо, па-першае, яно найкарацейшае з усіх, а, па-другое, з яго добра відаць, як сьледчы выкручвае Коласу рукі: ты ня проста пакайся – ты здайся! Ты нам каго-небудзь здай – вось што нам ад цябе трэба, а не твае “стараньні ў апраўданьні высокага давер’я”. Калі здасі, тады, можа быць, мы табе і паверым. Нават, можа, даруем. І Колас здае часопіс, выдавецтва… і Лёсіка, свайго дзядзьку.
Вініць за гэта Коласа?.. Але ж Лёсік ужо арыштаваны і, седзячы ў турме, здае Коласа з Купалам (адзін з якіх ягоны пляменьнік, а другі – блізкі сябар), пры­пісваючы іх да “контррэвалюцыйнага кіраўнічага цэнтру” СВБ.
Вініць за гэта Лёсіка?.. Але ж у сваіх паказаньнях здаюць адзін аднаго (і Коласа з Купалам) і Некрашэвіч, і Цьвікевіч – усе здавалі ўсіх…
Магчыма, менавіта гэтага і ня вытрываў Купала: 20 лістапада ён не пайшоў на другі допыт, а ўзрэзаў сабе жывот. Хоць ягоны разьвітальны ліст да старшыні ЦВК А. Чарвякова – гэта тыя ж паказаньні (ці пакаяньні) на допыце.
У Коласа нервы мацнейшыя, і 20 лістапада, у той жа дзень, у які зрабіў Купала замах на сваё жыцьцё, Колас піша новае пакаяньне, не ўзразаючы жывата. Гэта ўжо не паўтары (як папярэднія) старонкі, напісаныя размашыстым почыркам, а чатыры старонкі з почыркам акуратна-уборыстым. Прывяду толькі заканчэньне:
“…Лічу сваім грамадзкім абавязкам адкрыта заявіць і прызнаць сваю віну ў наступным:
1. Пасыўныя адносіны да тае работы, якая была даручана Савецкаю ўладаю беларускім інстытуцыям (тэрмінолёгічная камісія, Інбелкульт, БАН), прызначаным для абслугоўваньня культурных патрэб пролетарскіх мас.
2. Нявыразнасьць мае пазыцыі ў адносінах да нацдэмаўшчыны.
3. Недаацэнка мэтадаў пролетарскай самакрытыкі, як зброі ў руках пролетарыяту ў змаганьні за чыстату генеральнай лініі партыі.
4. Не своечасовае рэагаваньне на ідэолёгічныя вывіхі, на скажэньне заданьняў партыі і савецкай улады ў правядзеньні нацыянальнай палітыкі, на контр-рэвалюцыйныя выступленьні беларускіх нацыянал-дэмакратаў, выяўленых у лісьце трох пісьменьнікаў, у тэатральнай дыскусіі, у чыстцы Жылуновіча і інш.
5. Няпоўны разрыў з нацыянал-дэмакратычнымі настроямі.
6. Няўвязка мае літаратурнае працы з пролетарыятам фабрык і заводаў.
7. Адрыў ад савецкай і пролетарскай грамадзкасьці.
Гэтае маё прызнаньне сваіх памылак, жаданьне і абяцаньне зжыць іх, вытруціць з свайго нутра ня ёсьць голаслоўная дэклярацыя: сваёю літаратурнаю і грамадзскаю работаю на карысьць пролетарскай грамадзкасьці я пастараюся давесьці на справе.
Якуб Колас. 20. ХІ. 1930”.
Бадай што, паэма “Сымон-музыка”, якую Колас перапісваў тройчы, не далася яму так цяжка, як гэтыя пакаяньні… І калі ён думаў, што ўжо ўсё, адкаяўся – дык памыляўся. Яго змушаюць не ў агульных фармулёўках (“няпоўны разрыў, недаацэнка мэтадаў, няўвязка працы”), а наўпрост і канкрэтна прызнаць сваю віну, што ён і робіць, напісаўшы 30 лістапада яшчэ адзін пакаяльны ліст, надрукаваны 3.ХІІ. 1930 году ў газеце “Звязда” пад назваю “Супроць “адраджэнцаў” буржуазнай Беларусі”. Колас прызнае ў лісьце, што “ў шкоднай контррэвалюцыйнай рабоце, побач з актыўнейшымі прадстаўнікамі беларускага нацыянал-дэмакратызму, прымаў удзел і я…” І ў гэтым жа нумары газеты называюцца імёны тых, побач з кім прымаў Колас удзел “у шкоднай контррэвалюцыйнай рабоце”: той жа Лёсік, Цьвікевіч, Ластоўскі, Смоліч… Праз тыдзень, 10 сьнежня, свой пакаяльны ліст напіша (а дакладней, падпіша) і Купала – што яму, калі жывы застаўся, было яшчэ рабіць?.. Гэтаксама можна спытаць: як і што было рабіць Коласу пасьля разьвітальна-пакаяльнага ліста Купалы?.. Хіба толькі напісаць яшчэ (12 сьнежня) адкрыты ліст да моладзі: “Дык шчыльней жа пад сьцяг Комуністычнае партыі!..” – да чаго яго пасьля трэцяга пакаяльнага ліста, разагнаўшыся, змусілі, часова пакінуўшы ў спакоі Купалу.
Як яны адзін перад адным – і кожны сам па сабе пачуваліся?.. Колас казаў: “Мы забыліся, калі сьмяяліся”.

Тут узьнікае, няхай на тле вечнасьці і не такое важнае, але і ня самае дробязнае пытаньне: а якія ў іх адносіны былі – у Коласа з Купалам? Сапраўды сяброўскія?.. У людзей, якія пазнаёміліся, калі кожнаму было па трыццаць? У паэтаў, якія вялі няспыннае саперніцтва? Прычым, саперніцтва на вастрыі ляза… Прычым, калі адзін з іх, які на некалькі месяцаў раней нарадзіўся і на год раней першы верш надрукаваў, быў заўсёды на крок наперадзе… “Я старэйшы… – перадае Колас быццам бы жартаўлівыя словы Купалы пры іх першай сустрэчы, – я ўжо сваёй маці ўсьміхаўся, а ты яшчэ і разу ў калысцы ня вякнуў”.
“Той-сёй можа падумаць, што паміж мною і Купалам сапраўды ляжала нейкая няпрыязьнь, – прагаворвае Колас, нібы наперад пярэчачы такому меркаваньню. – І нібыта вынікала яна праз спаборніцтва за першае месца”.
Так, “той-сёй” можа такое падумаць… Як, зрэшты, і такое: “Мы з Купалам думалі з першых сваіх крокаў пра адно…”
Адно ў іх сяброўстве для мяне відавочна: Колас стараўся сябраваць. Чаго ня скажаш пра Купалу, хоць гэта якраз ён першы крок да іх сяброўства зрабіў, завітаўшы ў пачатку жніўня 1912 году ў Смольню, дзе беспрытульны Колас, жывучы ў той час то ў Лунінцы, то ў Беларучах, то ў Стоўбцах, аказаўся выпадкова, “наездам”. Яго і ў хаце не было, у Мікалаеўшчыне “гуляў”, калі прыйшоў Купала, намуліўшы ў дарозе ногі новымі чаравікамі. “Ішоў да мяне пешкі, бо пашкадаваў грошы на фурманку. Чорт яму плаціў, таму балаголу, лепей прыхапіць непустую пасудзіну”.
Што ж сталася пры непустой пасудзіне?.. “Сьпярша страшэнна саромеліся адзін аднаго. Я стыдаўся свайго таннага лапсардачка – Купала ў новым пільчаку выглядаў куды ямчэй… Мы больш маўчалі і часьцей, чым належыла, кулялі чаркі. Разгаварыліся, як добра асвойталіся. Янка даволі многа ведаў, ён у шырэйшым сьвеце нігаў”.
У словах Коласа мной вылучана тое, што, як мне здаецца, ад пачатку вызначыла няроўнасьць ва ўзаемаадносінах паэта ў лапсардачку і паэта ў пільчаку. Хоць назаўтра, разьвітваючыся ў хмызьняку, яны на роўных сьпявалі:

А каваль мяне пазваў –
Малаток у рукі даў.
Ой, хачу ці не хачу,
А ўжо бабаю хаджу.

Наступным разам, летам 1913 году, Колас з Купалам коратка спаткаліся ў Вільні, дзе надоўга разьвіталіся, а з пачатку 20-х, вярнуўшыся з вандраваньняў, кожны са сваіх, жылі ў Менску да чэрвеня 1941 году амаль суседзямі: аднаму да аднаго – праз парк прайсьці…
5 студзеня 1923 году Колас піша ў лісьце да жонкі, якая з дзецьмі жыла ва ўрочышчы Антонаўка (зараз гэта Менск, раён чыгуначнай станцыі Усходняя: “На Новы год я заходзіў толькі да Купалы. Купала быў у мяне… Сёньня ж закончыў я “Новую зямлю”.
Ёсьць аповед, са словаў Коласа пераказаны Максімам Лужаніным, у які я – пры ўсім жаданьні – ніяк не магу паверыць.
“У мяне з Янкам такая размова была. Ён падараваў мне новы том. Я і ўзяўся за кнігу. Засланіў “Курган” мне ўсю работу: хаджу, паўтараю. Дацягнуў да вечара і не ўтрываў: дай схаджу да Купалы, скажу яму, што вельмі гэта добры твор. Аж тут сам Купала на маім панадворку. Янка гаворыць: “Ведаеш, Каласок, якое здарэньне? Я ўвесь дзень твайго “Сымона” чытаў. Прыбіліся да мяне спачатку радкі: “Восень прала кужаль тонкі, павуціньня белы лён”. Пачаў шукаць той разьдзел, ды неўзаметку ўсю кніжку прачытаў. Вось прыйшоў табе сказаць”. Я паказваю на кіёк, кажу, што з тым самым намерам выбіраўся да яго. Пасьмяяліся мы і замачылі крыху ўзаемнае прызнаньне…”
Паверыць у гэтую калядную паштоўку з анёламі я не магу ня толькі праз сьведчаньне сына Коласа Данілы Канстанцінавіча: “Купала чакаў, пакуль Колас першы наведае яго або пазвоніць”. Ці праз сьведчаньне самога Коласа: “Сустрэнешся з ім, бывала: “Здароў, Янка!” – “Здароў, Якуб!” Часамі на гэтым і гаворка ўся”. Калі Колас і распавядаў Лужаніну пра “ўзаемнае прызнаньне, якое замачылі крыху”, дык толькі таму, што хацеў, каб так яно было. Бо ўсьведамляў, разумеў, якую ён, на ўсе вякі, напісаў паэму, а Купала пра яе – ні слоўца. Дык Колас тады ўжо сам давай намякаць, што такой паэмы ў Купалы няма, але яму здаецца, “што Купала вось-вось разгорнецца ў шырокім творы. Такога твора я чакаю, сам смуткую па ім. А найбольш па тым, што не пашчасьціў лёс, ня даў узяцца за яго Янку”.
“У 1925 годзе, – піша ў кнізе сваіх успамінаў “Любіць і помніць” Даніла Міцкевіч, – калі ўрачыста адзначалася 20-годдзе літаратурнай дзейнасьці Янкі Купалы, “Маладняк” паднёс юбіляру адрас, дзе, зразумела, былі выказаны самыя цёплыя словы. Але ў адрасе быў выпад супраць Якуба Коласа. Юбіляр прыняў віншаваньне. Бацька пакрыўдзіўся… Колькі разоў казаў, што ён, Колас, у аналагічным выпадку не прыняў бы такога адрасу, калі б у ім зьняважылі Купалу”.
Як кажуць, ня факт, але, можа быць, і не прыняў бы…
Ці вось, калі ласка, не меркаваньне, а сапраўды факт: у траўні 1938-га Купала хварэе на крупознае запаленьне лёгкіх – і Колас амаль месяц штодня (!) наведвае яго ў шпіталі. А ў 1939-ым, 23 лютага, Колас піша ў лісьце да С. Гарадзецкага: “С неделю тому назад была телеграмма от Лозовского – прислать стих. к ХVІІІ съезду партии. Написал, послал через Янку. А 21.02. снова получаю телеграмму с напоминанием о высылке стихотворения к 25.02. Выходит, что Янка не передал…”
Лішне казаць, наколькі сур’ёзна па тых часах Купала падводзіў Коласа, які, вынікала, нібыта цягнуў ці нават страйкаваў з вершам да зьезду партыі. А 10 сакавіка 1939 году яны разам падпісваюць прывітаньне ХVІІІ партыйнаму зьезду.
Тым ня менш усё гэта, можна лічыць, дробязі. Былі ў іх адносінах рэчы больш істотныя.
З паказаньняў, дадзеных 31. VІІІ. 1930 году на допыце ў ДПУ Паўлінай Мя­дзёлкай.
“Последний мой приезд совпал с раскулачиванием его (Купалы) родственников (Раманоўскіх і Аблачынскіх, сем’яў сёстраў Купалы, – У.Н.). Он, как всегда, мало говорил, но все же из скудных фраз можно было заключить, что принципиально против коллективизации он ничего не имел, наоборот, признавал большую выгоду, но на него произвела большое впечатление судьба раскулаченных (в большинстве неправильно раскулаченных). Против правильности раскулачивания Романовских он не возражал: «Я их сделал кулаками, я им помогал в хозяйстве. Я виноват… Но Облачинские – многолюдная семья, очень бедные». Высылку раскулаченных считал хуже, чем беженство”.
Далей – паказаньні арыштаванага па справе “Саюзу вызваленьня Беларусі” прафесара А. Смоліча, дадзеныя ў ДПУ 28.07.30:
“В начале марта у меня собралась небольшая компания. Были: Тремпович, несколько дам, в том числе жена Купалы. Позже пришли сам Купала и Лёсик, которые перед этим были у него дома. У Купалы была большая неприятность – его двух замужних сестер раскулачили и высылали в эшелоне вместе с детьми из Белоруссии. Он был этим чрезвычайно расстроен… Он упрекал всех белорусов, что ему никто не хочет помочь. Купала, впрочем, обращался главным образом к Колосу, и тот обещал завтра же сходить по этому делу в СНК. Свое обещание Колас исполнил. Вскоре затем высылка сестер Купалы была отменена”.
Ці ня ёсьць гэта пацьверджаньнем словаў Д. Міцкевіча пра бацьку: “Ніколі не даваў пустых абяцанак. Калі нешта некаму паабяцаў, дык нават калі б выкананьне гэтай абяцанкі патрабавала няведама колькі высілку, абавязкова абяцанку выконваў”.
З трыццатых прамінулі гады да саракавых… Восеньню 1941-га меркавалася адзначыць 35-годдзе творчай дзейнасьці Коласа – гэтак жа ўрачыста, як адзначалася 35-годдзе творчай дзейнасьці Купалы. Але летам прыйшла вайна… У першыя яе дні Колас з сям’ёй, ледзь выбраўшыся з Менску, скіраваўся ў Ляўкі да Купалы, які “сабраўся ехаць у Маскву, ды ягоны аўтамабіль ня мог забраць усіх”. Толькі 5 ліпеня, перасаджваючыся з цягнікоў на грузавікі, Колас дабраўся да падмаскоўнай Клязьмы, дзе жыў Міхаіл Дзьмітрыевіч Каменскі, брат коласавай жонкі. У ягоным доме, прыехаўшы з Масквы, калі яе пачалі бамбіць, жыў і Купала. У жніўні 1941-га Колас з сям’ёй быў эвакуіраваны ў Ташкент, а ўвосень Купала – пад Казань.
9 чэрвеня 1942 году Колас піша з Ташкенту ў Ленінград, адказваючы на ліст Л. Бэндэ: “О Купале ничего не знаю. Писал ему. Не ответил…
Один мой сын на войне. Известий о нем не имею”.
Колас, у адрозьненьне ад рэфліксійнага Купалы, чалавек больш устойлівы, па-сялянску трывушчы. Але бываюць моманты, у якія нават самыя ўраўнаважаныя і трывушчыя людзі ня могуць трываць.
Апроч старэйшага сына Данілы, у Коласа быў яшчэ Юрка, сын сярэдні, і малодшы сын Міхась. З самага пачатку вайны Юрка на фроньце, і з верасьня 1941 году – ад яго ніякіх зьвестак. Прапаў? Загінуў? Колас даведваецца, што нейкім чынам ліст ад Юркі ўзяўся пераслаць яму Купала. Узьнікае хоць нейкая надзея, але ні перасланага ліста ад Юркі (які так і не вярнуўся з вайны), ні ліста ад Купалы няма і няма. Тады Колас зьбіраецца з сіламі і піша свой ліст.
“Ташкент, 17 верасьня.
Дарагі Янка!
Можа, і ня варта было б пісаць табе пісьмо, бо ты ў вялікім клопаце аб сабе самым ня помніш болей нікога і на пісьмы нікому не адказваеш. Ты ў гэтым бачыш асаблівасьць сваёй натуры і, відаць, такая “асаблівасьць” расцэньваецца табою, як нешта надзвычайнае, уласьцівае толькі Янку Купалу. Іначай нельга найсьці тлумачэньне таму, што ты ня дужа сьпяшаешся адказаць на маё пісьмо. Чатыры дні таму назад прыслаў мне пісьмо Пятрусь Броўка. Ён даведаўся пра мой адрас з таго пісьма, што я пісаў табе. Вось і бярэ мяне крыўда. І асабліва крыўдна мне, што ўзяўся ты, як піша Пятрусь, пераслаць мне пісьмо ад Юркі. А гэтага пісьма, як і ад цябе, усё няма. Ці ведаеш ты, што такое для бацькі і маткі сын, асабліва ў такі час?.. Не, Янка, ты гэтага ня ведаеш, або ў цябе няма нармальнага чалавечага сэрца. А ты ж паэт. Паэт жа, калі ён сапраўдны паэт, ёсьць рэха людскіх пачуцьцяў, а не чарапаха, зашыўшыся ў свой тоўсты футляр, зрэдку высоўваючы сваю галаву, каб паглядзець, ці няма чым пажывіцца. Ты, Янка, ня злуйся: нічога ня зробіш, а праўда вочы коле…
Гэта маё апошняе к табе пісьмо. Пісаць і ня мець адказу на свае пісьмы, гэта тое самае, што гукаць у чыстым полі, дзе няма жывое душы. Жыві здаровы. У цябе для гэтага ёсьць магчымасьці.
Бывай, Янка, здаровы.
Якуб Колас”.
Ня вытрываў – і ня толькі крыўду з-за сына, а ці ня ўсё, што гадамі тузала, вярэдзіла, балела, выказаў… І ўсё ж Колас, зусім недвухсэнсоўна парываючы свае адносіны з Купалам, яшчэ бачыць нейкую магчымасьць іх захаваць, спадзяецца на адказ Купалы, інакш не дапісваў бы ён у канцы ліста адрас: “Ташкент, улица 1-го мая, 20”.
Апошняя іх сустрэча адбылася ў сакавіку 1942 году ў Казані, куды Колас прыехаў на сесію Акадэміі навук. Яны абодва там выступалі з дакладамі… Жонцы ў Ташкент Колас напісаў: “8.ІІІ. за сталом у аднаго з нашых знаёмых сустрэўся з Янкам. Нічога асаблівага не гаварылі, не сварыліся і не дружылі”.
Пасьля такога ліста – і “нічога асаблівага не гаварылі”? Так не бывае, ня можа быць. Калі ж так было, дык толькі ў адным выпадку: Колас свой апошні ліст да Купалы ня выслаў. Напісаў і ў стол паклаў. Гэта ў ягоным, у беларускім характары. У характары памяркоўным, як цяпер часьцяком сталі казаць.
Не выглядаюць Колас з Купалам, як тое ў дзяцінстве мне здавалася, амаль адным чалавекам. Я не ацэньваю іх, як лепшага і горшага – абодва лепшыя. Але ня лепшыя яны, як яно ў міфах выглядае, сябры. Праблема іх сяброўства ў тым, што Купала адносіўся да Коласа, як паніч да селяніна – і гэта ня самае сімпатычнае з таго, што было ў Купалу.
Пасьля сьмерці Купалы Колас піша ў лісьце (8. 07.1942) да ягонай жонкі: “Дарагая Уладзіслава Францаўна!… Ня верыцца мне, што ўжо ня сяду я болей побач з Янкам за адным сталом. Але што паробіш? Так, відаць, судзіла ўжо доля. Ніколі ня думаў таксама я, што страта Янкі такім вострым нажом пройдзе па сэрцы…”
Прайшла, не магла не прайсьці… Усё, што ёсьць побыт, пазабывалася, зьнікла, засталося толькі тое, што над побытам. Паэзія, пра якую ўжо да скону будзе гаварыць Колас толькі ў зьвязку з Купалам, аддаючы яму перавагу і перад усімі, і перад сабой.
Высакародны чалавек.
“Два браты паміж людзей” – сказаў не пра Коласа з Купалам, а ўсё ж нібыта і пра іх Кузьма Чорны. Які, між іншым, у 1938 годзе арыштаваны, іх і здаваў на допытах (“У Купалы по вечерам собиралась вся нацдемовщина…”, “Стихи Коласа только внешне по-советски патриотичны, все это маскировка…”) і праклінаў: “Как я в эти дни перелома всей своей жизни ненавижу и проклинаю всех этих Янок Купал, Якубов Коласов… и всех прочих, которые, как черти душу, встретили меня когда-то во время моей молодости и направили меня на гибельную дорогу…”
Ніколі наперад ня ўведаеш і не ўгадаеш, якая дарога пагібельная, якая – не… Праз Купалу з Коласам Кузьма Чорны выйшаў на дарогу аднаго з лепшых сусьветных пісьменьнікаў.
Якуба Коласа, які перажыў Янку Купалу на 14 гадоў, ня стала 13 жніўня 1956 году. З раніцы ў дзень сьмерці ён занёс у ЦК КПБ ліст пра стан беларускай мовы. “Найвялікшым духоўным багацьцем народу зьяўляецца яго мова. У мове адлюстроўвалася гісторыя народу, яго барацьба, яго смутак і радасьць, яго любоў і гнеў. Прашу зразумець мяне правільна…” Тым самым Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч, Якуб Колас, як бы завяршыў свае зямныя справы – і заняўся справамі нябеснымі.
Ліпень 2005.

(Дзеяслоў, 2007. – № 4 (29))

Цэтлікі: ,

Ответить

  Проверка PR и ТИЦ
Нашы сябры:
Казкі беларускія!