A A

А. М. Воранава. МОВА ТВОРАЎ ПЕРАКЛАДНОЙ КАНФЕСІЙНАЙ ЛІТАРАТУРЫ XV ст

Няд, 6 лютага 2011

Беларуская мова

З прыняццем хрысціянства на тэрыторыю Старажытнай Русі трапілі культурныя дасягненні заходніх краін. З Візантыі патокам пацяклі кнігі, якія далучалі Русь да сусветнай цывілізацыі. Гэта былі кнігі на грэчаскай, лацінскай і славянскай мовах, апошнюю мы зараз ведаем як царкоўнаславянскую.

Царкоўнаславянская мова — старажытнаславянская літаратурная мова, пашыраная ў ХІ-ХVIII стст. Паводле паходжання — гэта стараславянская мова, у якую праніклі элементы жывых гаворак славян, што карысталіся ёю. На Беларусі царкоўнаславянская мова выкарыстоўвалася выключна ў царкоўна-рэлігійнай сферы: богаслужэннях, кананічнай хрысціянскай літаратуры. Усе літаратурныя помнікі, напісаныя на царкоўнаславянскай мове, захоўваюць рысы стараславянскай мовы — парны лік, няпоўнагалоссе (спалучэнні ра, ла, ре, ле на месцы праславянскіх оr, оl, еr, еl), гукі жд і шч (щ) на месцы праславянскіх dj, tj , формы часу дзеяслова (аорыст, імперфект, перфект, плюсквамперфект) і інш.

З цягам часу царкоўнаславянская мова, як штучная і малазразумелая шырокаму колу насельніцтва, пачала страчваць свае пазіцыі. Ужо з XIV ст. на Беларусі даволі выразна вызначаецца збліжэнне літаратурна-пісьмовай мовы з жывой народнай гаворкай. У канцы XV ст. беларуская мова пранікае ў канфесійную літаратуру, робяцца спробы наблізіць мову царкоўнаславянскіх тэкстаў да заходнерускай, царкоўнаславянскія граматычныя і лексічныя сродкі замяняюцца адпаведнымі беларускімі сродкамі. Насычэнне рэлігійных твораў беларускімі моўнымі рысамі прыводзіць да ўзнікнення так званай беларускай рэдакцыі царкоўнаславянскай мовы, выдатным узорам якой з'яўляецца рукапісны зборнік «Чэцця» (1489 г.). Народная мова перастае быць другарадным сродкам камунікацыі, які абслугоўвае толькі свецкія, утылітарныя сферы жыцця грамадства. Гэтаму спрыяе таксама існаванне на тэрыторыі Беларусі каталіцызму, не звязанага традыцыяй з царкоўнаславянскай мовай.

У XVст. у асяроддзі свецкіх слаёў беларускага грамадства пачалі з'яўляцца пераклады асобных твораў царкоўна-рэлігійнага зместу на тагачасную беларускую літаратурную мову — гэта кнігі Бібліі, апокрыфы, летапісы, аповесці, жыціі. У помніках, якія з'яўляліся дакладнымі копіямі-спісамі з царкоўнаславянскіх кніг, уздзеяння жывой беларускай гаворкі не адчуваецца. Але арыгінальныя творы і помнікі на аснове царкоўна-славянскіх і заходнееўрапейскіх тэкстаў настолькі шырока напаўняліся асаблівасцямі беларускай мовы, што іх можна лічыць беларускімі перакладамі. Вядомы расійскі літаратуразнаўца У.М. Ператц адзначаў: «Памятниковь стараго белорусскаго наречія сохранилось такь немного, особенно писанныхь целикомъ на народномь или деловомь языке, более или менее свободномъ оть церковнославянскаго вліянія, — что каждый изъ нихь представляеть большой интересъ, какь вь отношеніи языка — для лингвиста, такь и въ отношеніи содержанія — для историка литературы і культуры» [4, с. 1].

Да нашых часоў дайшлі некалькі перакладных каталіцкіх рукапісаў XV ст.: «Пакуты Хрыста», «Жыціе Аляксея, чалавека божыя», «Аповесць аб трох каралях», «дающіе помимо любопытнаго содержанія — богатый словарный матеріал» [4, с. 1]. Яны ўвайшлі ў склад рукапіснага зборніка канца XV ст., які належаў заснавальніку публічнай бібліятэкі ў Варшаве I. Залускаму [2, с. 965]. Пасля 1794 г. зборнік быў адпраўлены ў Санкт-Пецярбург, у Імператарскую публічную бібліятэку. Вядомы і другі рукапісны зборнік XVIст., у які ўвайшлі творы: зборнік Маскоўскай сінадальнай бібліятэкі (потым Дзяржаўны гістарычны музей). Але за аснову ва ўсіх даследаваннях быў узяты зборнік Імператарскай бібліятэкі як старэйшы. Мова ўсіх твораў — старабеларуская з прымессю паланізмаў, практычна свабодная ад царкоўнаславянізмаў.

«Жыціе Аляксея, чалавека божыя» — адзін з найбольш ранніх беларускіх перакладаў твораў агіяграфічнага жанру. «Жыціе» ўзнікла на Захадзе на пачатку развіцця хрысціянства, было вядома на тэрыторыі Кіеўскай Русі. Сюжэт твора быў вельмі распаўсюжаны ў еўрапейскіх літаратурах. Вядомы пераклады на польскую, чэшскую мовы. Крыніцай беларускай версіі з'яўляецца лацінская «Legenda Aurea», створаная архіепіскапам Генуі Jacobi de Voragine.

Помнік напісаны кірыліцай, дробным паўуставам, характэрным для XV ст. Асноўныя рысы жывой беларускай гаворкі вельмі знакавыя ў творы. У марфалогіі гэта адсутнасць простых форм прошлага часу дзеясловаў — аорыста і імперфекта. Замест іх ужываецца характэрны для гутарковай мовы перфект: « Иже черес семьнадцать леть оу домоу моёмъ мела есми ёго, а не познала есмы; иже нинека опустела ёсми и стала ёсми оудовою». Пры гэтым у першай асобе адзіночнага ліку захоўваецца дапаможны дзеяслоў-звязка есми, які абазначае асобу. Звычайнымі для перакладнога помніка з'яўляюцца ўжытыя формы дзеясловаў цяперашняга часу першай асобы множнага ліку: «Хотя грешны есмы, а вежды ряды королевства полнимы а держамы, а тут посполноую пастоушскоую печаль рядимы...» .

Сярод назоўнікаў сустракаюцца формы парнага ліку, характэрныя для стараславянскай мовы: «Кто дастъ очима моима колодязъ слёзъ, абы плакала во дне и у ночи, жалости души моеё? «, «Беда мне, сыне мой, свечо очью моих!», «Да опять и опять, и сяк и так на теле узлегивала и нине плечима протягнетсе на него... «. Пад уплывам жывой беларускай мовы яны замяняюцца на множны лік: « ...роуками обличьё аньёльскоё обрачаёть целовати...».

Поўныя прыметнікі мужчынскага роду ў родным склоне маюць толькі ўсходнеславянскі канчатак -ого(-его): «Святый Олексей был сынь Евфимияном, мужа прешляхетного рпмлянпна...», «а оттола пришодши до Едисы, места сырийского...», «упусти человека божьёго, бо достоён есть королевства небесного...», «твёрдого живота и терпливости человек ёсть», «доткнулисе который немоцный пресвятого тела...», «уделали гроб ис золота, ис жемчуга, и з дорогого камениа». Царкоўнаславянскі канчатак -аго(-яго) у творы не сустракаецца. Але ў месным склоне адзіночнага ліку гэтыя прыметнікі захоўваюць канчатак -омь (-емь): «оу домоу цесарьскомь выбрана», «о моёмь облюбенцю насласнейшомь», «седить оу присенкоу црковномь», «черес днии ухвалению божьемь».

Яркай адметнасцю беларускага вымаўлення з'яўляецца рознае гучанне ў тэксце выбухнога і фрыкатыўнага г: праз дыграф кг, к — перад звонкімі зычнымі і праз г: перькгрімом, Акгьлаёс, кде, никде, бог, тогды, убогим, усегды, брег, огарненого, голову, узлегивала, протягнетсе, згинула, того. Для фанетыкі твора характэрны пераход в перад зычнымі ў у: оу домоу цесарьскомъ, оу котороую, оусе, то оу себе держал, по сторонам оусего света, оуместо постелы, оусегды оу плачоу, оу дом свой, стала ёсмы оудовою, оузявши.

Асаблівасці мовы «Жыція...», пазбаўленай царкоўнаславянізмаў, сведчаць аб тым, што пераклад быў зроблены ў каталіцкім асяроддзі.

«Пакуты Хрыста», «Аповесць аб трох каралях-валхвах» маюць выразны апакрыфічны характар. «Пакуты Хрыста» — рэлігійная апакрыфічная аповесць пра гісторыю пакутніцкай смерці прапаведніка Ісуса Хрыста. У зборніку Імператарскай публічнай бібліятэкі займае 38 аркушаў. Розныя рэдакцыі аповесці на лацінскай мове пад назвай «Passio Christi» былі папулярнымі ў сярэдневяковай Еўропе. У сваіх даследаваннях Я.Ф. Карскі адзначаў, што аповесць аб пакутах Іісуса Хрыста складзена на аснове розных кананічных і апакрыфічных крыніц, у тым ліку Мікодымава евангелля. Якая-небудзь з лацінскіх рэдакцый аповесці была перакладзена спачатку на польскую, потым на старабеларускую мову. У параўнанні з Маскоўскім, мова Санкт-Пецярбургскага спіса больш жывая, адлюстравана поўна і паслядоўна.

Непасрэднай крыніцай для перакладу «Аповесці аб трох каралях-валхвах» служыў польскі тэкст, аб чым сведчыць прысутнасць у творы асобных паланізмаў. Я.Ф. Карскі адной з крыніц аповесці назваў лацінскі твор на аснове евангельскіх паданняў пра Іісуса Хрыста «Liber de gestis ac trina beatissimorum trium regum translatione» (XIV ст.), аўтарам якога быў кармеліт Johannes von Hildesheim. Аповесць вядома ў трох спісах. Рукапіс

Імператарскай публічнай бібліятэкі змяшчае прадмову і 49 пранумераваных глаў. У лацінскім арыгінале — 46 глаў. Столькі ж змяшчае спіс Маскоўскай Сінадальнай бібліятэкі.

Моўная асаблівасць гэтых твораў у тым, што ўжыванне тут царкоўнаславянізмаў мінімальнае. Замест няпоўнагалосных форм царкоўнаславянізмаў тыпу злато, глава ўжываюцца беларускія поўнагалосныя адпаведнікі колодезь, голова, дерево, огородь і інш. Пра тое, што творы былі перакладзены ў каталіцкім асяроддзі з польскіх спісаў, сведчыць наяўнасць ў тэкстах вялікай колькасці лексічных паланізмаў. Напрыклад, назоўнікі «кгвалт», «моць», «скарбъ», «ратоушь», дзеясловы «дяковати», «обецати» сустракаюцца і ў іншых помніках рэлігійнага прызначэння канца XV ст. Але разам з тым польскія словы «панна», «цибоуля», крыжь», «цнота», «велебный», «моцный», «пановати», «малевати», «жегнати» ўжываюцца тут упершыню. Відавочна, што такая лексіка была характэрнай для мовы прыхільнікаў каталіцкага веравызнання, і ўвядзенне яе ў пісьмовы ўжытак узбагачала слоўнікавы склад беларускага пісьменства.

Царкоўна-рэлігійная літаратура была арганічнай часткай феадальнай культуры Беларусі. Рэлігійныя творы, перакладзеныя на беларускую мову, складалі толькі невялікую частку буйнога фонду ў асноўным іншаземнага па паходжанні царкоўна-рэлігійнага пісьменства. Але гэтыя творы аказалі значны ўплыў на развіццё арыгінальнай літаратуры Беларусі на раннім этапе яе развіцця. Гэты прамежак часу, з XIVпа XVI стст., быў знакавы для беларускай мовы, калі яна дасягнула высокага ўзроўню стылёва-функцыянальнага развіцця і набыла аўтарытэт у грамадстве. Пераклады рабіліся на высокамастацкім узроўні, што сведчыць аб тым, якога высокага росквіту дасягнула ў другой палове XV ст. старабеларуская літаратурная мова, якой яна была выразнай, лексічна багатай і стылістычна распрацаванай. Прарыў беларускай мовы ў царкоўна-ідэалагічную сферу быў завершаны ў XVI ст. Францыскам Скарынай і яго паслядоўнікамі — Сымонам Будным і Васілём Цяпінскім.

Спіс крыніц і літаратуры

1. Беларуская мова: энцыклапедыя; пад рэд. А.Я. Міхневіча. — Мінск: БелЭн, 1994.

2. Карский, Е.Ф. Западнорусский сборник ХIV-го века, принадлежащий Императорской публичной библиотеке. Палеографические особенности, состав и язык рукописи / Е.Ф. Карский. — Спб., 1897 (Фундаментальная электронная библиотека «Русская литература и фольклор»).

3. Карский, Е.Ф. Труды по белорусскому и другим славянским языкам / Е.Ф. Карский. — М., 1962.

4. Перетц, В.Н. Повесть о трёх королях-волхвах в западнорусском списке XV века / В.Н. Перетц // Памятники древней письменности и искусства. — Вып. 150. — Спб., 1903.

(Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народу. Пад рэд. Марозавай С.В., Ярмусік Э. С. — Гродна, 2008.)

Цэтлікі: , ,

Ответить

  Проверка PR и ТИЦ
Нашы сябры:
Казкі беларускія!