A A

Я. Станкевіч. ПРОЗЬВІШЧЫ НА –ЛА (-ЛО) І ІХ ПРАВАПІС

Няд, 22 жніўня 2010

Беларуская мова

Беларускія прозьвішчы на –ла (этымолёгічны канчатак найчасьцей -ло) бываюць рознага паходжаньня.

  1. Адныя зь іх паходзяць ад імёнаў хрышчоных, прыкл., Самойла, Міхайла.

2. Другія паўсталі з назоўных імёнаў на –ло (не пад націскам -ла). Гэта такія позьвішчы, як Шыла, Масла, Рыла і пад. Напзоўныя імёны на –ло (не пад націскам -ла), значыцца такія, як сіло, крыло, памяло, шыла, рыла і інш., абазначаюць (ці абазначалі) снадзіва або рэч, каторай шточсь робім; гэтак, прыкладам, шылам шыем, рылам сьвіньні рыюць, сілом сіляюць птушкі, памялом падмятаюць. У менаваных прозьвішчах, як паўсталых ад назоваў снадзіваў, чуўся некаторы адценак грэблівасьці, бо ніхто ня хоча быць снадзівам. Чым далей назад у старыну, тым гэты адценак мусіў быць большы. Апрача таго, нярэдка лічаць – зусім неразумна – брыдкімі тыя прозьвішчы, што абазначаюць канкрэтныя рэчы (Сарока, Сініца, Качан, Рэдзька і пад.), і стараюцца зацямніць іх значэньне, пішучы, прыкладам, Сініцо, Капусто.

3. Іншыя прозьвішчы на –іла ўтварыліся ад імёнаў павялічальных на –іла. Прыкл.: дурніла – “надта вялікі дурань”, хадзіла – “той, што лішне часта, ажно без патрэбы ходзіць”, вайніла – “ празь меру заўзяты ваяка”.

Як бачым, гэтыя назовы маюць так сама непрыемны адценак. Прозьвішчы ад іх паўсталыя, як і іншыя, могуць зьмяняцца, дастаючы новыя суфіксы. Гэтак ад Вайніла паўстаў Вайніловіч.

Собсьнікі прозьвішчаў другое й трэцяе катэгорыі, каб зацямніць іх паходжаньне ад назоваў, маючых грэблівы адценак, сталі ймкнуцца пісаць іх із двумя лл (Трубілла, Рылла і інш.). Гэтым паходжаньне такіх прозьвішчаў рабілася незразумелым.

У вялізнай болшасьці прозьвішчы на –ла беларускага паходжаньня. Але лучаюцца зрэдку прозьвішчы на –ла літоўскага паходжаньня. Прыкл.: Гедвіла зь літ. Gedvila. Але і з гледзішча літоўскага языка немагчыма апраўдаць напісаньня іх з двумя лл і навет нельга знайсьці прычыны такога пісаньня. Відавочна, сьпярша паўстала пісаньне з двума лл прозьвішчаў беларускіх, каб зацямніць іх “снадзіўнае” і іншае “няпрыемнае” паходжаньне, а потым было перанесена і на прозьвішчы літоўскія.

Прозьвішча, як кожнае слова, належыць да мовы, дык казаная і пісаная хворма ягоная мусіць згаджацца з законамі дадзенага языка.

А як мы пабачылі, беларуская мова вымагае пісаньня такіх прозьвішчаў, як Шамяціла, Сурвіла і іншых на –ла з адным л. З гэтым вымаганьнем нашае мовы мы павінны лічыцца балей, як з воляю собсьніка прозьвішча, хоць-бы й вельмі такога чалавека шанавалі. Якая гэта пашана чалавеку, калі не шануецца яго родная мова? Дзеля ілюстрацыі прывяду гэтта наступнае здарэньне. У 1935 г. У часе жалобнае акадэміі ў чэсьць сьв. п. проф. Бр. Эрімаха-Шыпілы пісалі ягонае прозьвішча з адным л. Проці гэтага выступіў у “Родным Краю” Я. Зянюк, заяўляючы, што благая гэта пашана, калі на’т ня ўмеем напісаць “правільна” прозьвішча нашага вялікага паірыёта. Аргумэнт Зянюка ня быў пераконуючы. Няўжо-ж Бр. Эпімах-Шыпіла хацеў, каб няправільнай хвормаю ягонага прозьвішча псавалі беларускую мову, якую ён так любіў? Ведама, што не, хоць-бы несьвядома й сам пісаў няправільна сваё прозьвішча. Але сталася ляпей. У мяне захавалася пісулька Бр. Эпімах-Шыпілы з 9. V. 27г., напісаная ім ізь Менску. На гэтай пісульцы нябошчык падпісаўся “Бр. Эпімах-Шыпіла” – з адным л. Значыцца, калі раней ён і пісаў сваё прозьвішча з двума лл, дык пасьлей, разабраўшыся ў правільнай яго хворме, стаў пісаць з адным л.

Наапошку трэба зацеміць, што тыя прозьвішчы беларускія, каторых форма фонэтычная розьніцца розьніцца ад хвормы этымолёгічное, мусяць пісацца цяперака іначай, як пісаліся ў веку XII – XVIII, бо тады быў правапіс этымолёгічны, а цяпер фонэтычны. Прыкл., даўней пісалі “Войтеховіч, Зенюк”, а цяпер “Вайцеховіч, Зянюк”.

(Станкевіч Я. Збор твораў у двух тамах. – Т. 2. – Менск, 2002. – С. 371 – 372)

Цэтлікі: ,

Ответить

  Проверка PR и ТИЦ
Нашы сябры:
Казкі беларускія!