A A

Я. Лёсік. НЕКАТОРЫЯ ЎВАГІ ДА БЕЛАРУСКАЕ ЛІТАРАТУРНАЕ МОВЫ (І — ІІІ)

Чцв, 21 студзеня 2010

Беларуская мова, Навiны

І. Дзеяпрыметнікі

Ідучы за расейскай літаратурнай мовай, наша літаратурная мова ўпадабала сабе ды вельмі часта ўжывае дзеяпрыметнікі (парасейску — причастия) з формамі на -чы, -шы, -мы, як напрыклад: «Жыўшыя й жывучыя на зямлі істоты» або «Стогі парыжэўшыя стаяць» (Як.Колас), «Птушкі марудны прыстаўшай палёт», «Паміж пяскоў сінеючага Ніла» (М.Багдановіч), «спасьцерагаемы», «будучы час», «зацьвярдзеўшыя гукі» (Б.Тарашкевіч, граматыка) і т.д.

Тымчасам, у беларускай мове ня можа быць такіх сынтаксычных зваротаў, бо беларуская мова ня мае дзейных (актыўных) дзеяпрыметнікаў на -чы, -шы і залежных (пасыўных) на -мы. У нашай мове ёсьць толькі дзеяпрыметнікі залежныя (пасыўныя) на -ны, -ты, напрыклад: зроблены, разьбіты, памыты, замкнёны — замкнуты, выбраны, падкованы, утомлены, латаны, умыты, паломаты — паломаны, забіты, пазапірата — пазапірана, чуцен — чутно, чутна, парыжэлы, пасівелы, састарэлы і т.далей.

Лёгка зразумець, што каб пісаў беларусін, незнаёмы з расейскай літаратурнай мовай, дык у яго дзеяпрыметнікаў, невядомых беларускай мове, мы не знайшлі-б, а калі такія дзеяпрыметнікі сустракаюцца ў нашай сучаснай літаратурнай мове, дык гэта аб'ясьняецца несьвядомым перанясеньнем расейскіх зваротаў у беларускую мову. Таксама лёгка даецца зразумець і тое, што, уносячы чужыя звароты ў сваю мову, мы тым самым надаём ёй характар чужы як для нашага вуха, так і для нашай сьвядомасьці.

Праўда, у беларускай мове сустракаюцца таксама формы дзеяпрыметнікаў на -чы, як стаячы, ляжачы, скрыпучы, гарачы; на -мы — незнаёмы, вядомы, і нават на -шчы — вочы завідушчыя, рукі заграбушчыя, але іх вельмі мала, і яны перасталі ўжо мысьліцца дзеяпрыметнікамі ды абярнуліся ў звычайныя прыметнікі. У такіх словах, як ляжачы (Пад ляжачы камень вада не цячэ. Ляжачага ня б'юць), рабочы, стаячы, знаёмы, сьвядомы, завідушчы, заграбушчы (Вочы завідушчыя, рукі заграбушчыя), гуляшчы, рабацяшчы — ужо не адчуваецца дзейнасьці, чыннасьці; яны ўжо ня маюць часоўнага характару, як дзеяпрыметнікі, а паказваюць толькі на пэўную прымету прадмету, як звычайныя прыметнікі (як добры, харошы, зялёны, прыгожы), а некаторыя пасьпелі ўжо стаць іменьнікамі назоўнымі (существительными), як напрыклад: кіраўнічы, паплаўнічы і іншыя. Трэба ані на момант ня спускаць з увагі, што факты мовы нясупынна зьмяняюцца, і гэтая зьмена фактаў мовы не залежыць ад волі паасобных людзей.

Такім парадкам, калі мы цяпер кажам: хадзячы, ляжачы, гуляшчы, то гэта ўжо ня тое, што ў ц. -славянскай мове ходящий, лежащий, гуляющий; гэта ўжо ня той, што ходзіць, ляжыць, гуляе і т.д. Такія словы, як «вада жывучая й гаючая», выклікаюць у нашай сьвядомасьці ня дзею- прымету, а звычайную прымету прадмету.

Заместа фіктыўных дзеяпрыметнікаў на -чы, -шы, калі (разумеецца, пры перакладах, бо хто думае ды піша пабеларуску, у таго такіх выпадкаў ня можа быць) няма адпаведнага трапнага прыметніка дзеяслоўнага ці недзеяслоўнага пахаджэньня, то трэба абыйсьці іх апісальна. Напрыклад, заместа «жыўшых і жывучых на зямлі істот», трэба сказаць «істот, што жылі й жывуць на зямлі». Або — «Вы, што чытаеце або слухаеце гэтую кніжку, думаеце»... а не — «Вы, чытаючыя (читающие) або слухаючыя (слушающие) гэтую кніжку, думаеце»... Замест «спасьцерагаемы факт», трэба сказаць: «факт, які дае сябе спасьцерагчы» або — «які спасьцерагаецца».

Ідучы за сапраўднай народнай мовай, усе мёртвыя (ц. -славянскія) дзеяпрыметныя формы лёгка замяняюцца апісальнымі зваротамі. Напрыклад, замест «І бачыць, што ўсе ў трывозе плачучыя, галосячыя моцна» трэба сказаць: «І бачыць, што ўсе ў трывозе плачуць і галосяць моцна»; або замест «І знайшлі яго сідзячага (седящего) сярод настаўнікаў, слухаючага (слушающего) і пытаючага (вопрошающего)» трэба сказаць: «І знайшлі яго, як ён сядзеў сярод настаўнікаў, слухаў іх і сам запытваў».

Часам фіктыўныя дзеяпрыметнікі замяняюцца дзеяпрыслоўнікамі аднолькавага пахаджэньня. Напрыклад: «Сустрэне чалавека, нясучага гляк вады». Тут дзеяпрыметнік «нясучага» (несущего) можна замяніць дзеяпрыслоўнікам «нясучы»: «Сустрэнеш ты чалавека нясучы гляк вады», а сама лепшае сказаць так: «Сустрэнеш чалавека з глякам вады». Але пра такую замену дакладне будзе гаварыцца ніжэй – ІІ. Дзеяпрыслоўнікі.  

Формы дзеяпрыметнікаў на — (ў)шы, -чы штучныя ў беларускай мове. Калі ў сучаснай літаратурнай мове яны часам трапляюцца, дык іх зараз-жа трэба выкараніць, каб ня сталі яны традыцыйнымі. Граматычныя тэрміны Б.Тарашкевіча «будучы» (час) і «зацьвярдзеўшы» (гук) трэба замяніць другімі словамі, хоць-бы, напрыклад, так: наступны час, зацьвярдзелы гук.

Як відаць з апошняга слова - «зацьвярдзелы», - расейскія (ц. -слав.) дзеяпрыметнікі на — (ў)шы даюцца замяніць беларускімі дзеяпрыметнікамі ад дзеясловаў прошлага часу на -лы, як слова прошлы. Напрыклад: загарэлы (загарэўшы) твар, набалелыя (набалеўшыя) грудзі, пагаслыя (пагасшыя) вочы; засмаглыя (засмагшыя) вусны; зашлы (зайшоўшы) чалавек і так далей. З прыведзеных прыкладаў відно, што беларускія дзеяпрыметнікі ў параўнаньні з расейскімі больш пасыўнага характару; яны й азнаку часу страцілі ды становяць сабою чыста граматычныя формы дзеяпрыметнікаў, а не па свайму значэньню. Дзеля гэтага іх ня можна ўжываць у тых разох, дзе адпаведны расейскі дзеяпрыметнік на -ший мае часоўны характар. Пабеларуску тады можна выславіцца апісовымі дзеяслоўнымі зваротамі або адпаведнымі дзеяпрыслоўямі (аб гэтым бач. ніжэй ІІ). Напрыклад, расейскае: «Не состоявшийся вчера концерт состоится»... пабеларуску можна перадаць так: «Концэрт, што не адбыўся ўчора, адбудзецца»... або з заменай дзеяслова адпаведным дзеяпрыслоўем: «Концэрт, не адбыўшыся ўчора, адбудзецца».

Дзеяпрыметнікаў на -мы, як ужо зазначалася, у беларускай мове няма. Заместа іх можна ўжываць або апісовыя звароты, або дзеяпрыметнікі на -ны ад дзеясловаў незакончанага трываньня. Беларуская мова ведае дзеяпрыметнікі на -ны ня толькі ад дзеясловаў закончанага трываньня, але й ад дзеясловаў незакончанага трываньня. Напрыклад: гаіць — гоены (Гоенае раны ня трэба дражніць); гадаваць — гадаваны, яднаць — яднаны (Воўк гадаваны, а непрыяцель яднаны — усё роўна); дараваць — дараванае (Другое дараванае даражэй за куплёнае).

Тут трэба зазначыць, што ў беларускай мове дзеяпрыметнікаў іменных (з скарочанымі канчаткамі) на ўзор расейскіх «несен, веден, бит» бадай што зусім няма. Гэтыя дзеяпрыметнікі найчасьцей ужываюцца ў поўнай форме, напр.: зроблены, выбраны, высыпаны, утомлены, зьменены, латаны; пабіты, разьбіты, умыты, паломаны — паломаты і т.д. Іменныя формы дзеяпрыметнікаў пасыўнага значэньня сустракаюцца толькі ў форме ніякага роду, як недзеяслоўная частка сустаўнога выказьніка з неазначальным значэньнем, напр.,: «Хто парушыць — будзе біт», «біць біту»; у безасабовых сказах: «Тут іх яшчэ за паншчыны паселена», «Так яму зроблена», «Яго сына забіта на вайне». Але заместа такіх зваротаў часьцей ужываецца дзейны зварот, дзе лёгічны дзейнік становіцца граматычным дзейнікам: «Тут іх яшчэ за паншчыны пасялілі», «Яго сына забілі на вайне» і т.д.

У беларускай мове бываюць часам ад аднаго дзеяслова паралельныя формы дзеяпрыметнікаў на -ны і на -ты. Кажуць, напрыклад, платы паломаны — паломаты, хаты пазамыканы — пазамыкаты, вароты пазапіраны — пазапіраты, быдла паколата — паколена; апрануты — апранены, зацягнены — зацягнуты, сабраны — сабраты, дана — дата ў Менску, а часам разам н і т: чуцен, чутна, чутны.

 

 ІІ. Дзеяпрыслоўнікі

Калі дзеяпрыметнікі сустракаюцца ў беларускай мове толькі залежнага значэньня – на -ны –ты, то дзеяпрыслоўнікі вельмі пашыраны. Наша літаратурная мова мала выкарыстоўвае гэты факт.

Дзеяпрыслоўнікі (дзеяпричастия) маюць сваё паходжаньне ад іменных (скарочаных, без канчаткаў) дзеяпрыметнікаў. Дзеяпрыметнікі дзейнага значэньня з канчаткамі (з формамі займенньнікаў ён, яна) або зусім загінулі, або абярнуліся ў звычайныя прыметнікі, як, напрыклад, гарачы, ляжачы, рабочы, гуляшчы, рабацяшчы і іншыя.

Брак канчаткаў перашкаджаў кароткім дзеяпрыметнікам так цесна зучацца з іменьнікамі, як злучаюцца з імі дзеяпрыметнікі з поўнымі канчаткамі, і яны сталі бліжэй да дзеясловаў, як звычайныя прыслоўі, а тымчасам поўныя формы цясьней прымыкалі да іменьнікаў, дапасуючыся з імі ў родзе, ліку і склону. Стаўшы бліжэй да дзеяслова, кароткія формы дзеяпрыметнікаў ужо ня мелі патрэбы ў сваіх радавых, клонавых і лічных канчатках ды з часам перайшлі ў нязьменныя формы дзеяпрыслоўнікаў. Істота гэтага працэсу (пераход дзеяпрыметнікаў у дзеяпрыслоўнікі) ляжыць у паступовым разьвіцьці дзеяслоўных элемэнтаў мовы ў кірунку іх перавагі над элемэнтамі йменнымі. Ні ў чым гэтая перавага так выразна ня выявілася, як у ператварэньні інфінітываў у элемэнты дзеясловаў і кароткіх, г. зн. іменных, дзеяпрыметнікаў у дзеяпрыслоўнікі.

Беларуская мова, як і ўкраінская, захавала ў сабе пабудову сказаў з дзеяпрыслоўнікамі ад даўнейшых іменных (кароткіх) дзеяпрыметнікаў, што злучаліся (дапасоўваліся) некалі ня толькі з дзейнікам (суб’ектам), а і з простым дапаўненьнем (об’ектам). Напрыклад: “Ой пайду я дарогаю бягучы, ці ня стрэну п’янічэнькі ідучы” – тут даўнейшы йменны дзеяпрыметнік, цяперашні дзеяпрыслоўнік йдучы, дапасаваўся з дапаўненьнем п’янічэнькі, як цяперашні дзеяпрыслоўнік бягучы дапасаваўся з дзейнікам я. “Ой зіма мая маразьлівая, не марозь мяне з паходу йдучы, каня вядучы, шаблю нясучы, зброю вязучы”. Як у першым прыкладзе “ідучы”, так і тут дзеяпрыслоўнікі “ідучы, вядучы, нясучы, вязучы” стаяць на месцы даўнейшага другога вінавальнага склону. Дакладней аб гэых формах будзе гаварыцца ніжэй.

І. У беларускай мове, як і ў іншых славянскіх мовах, найбольшае пашырэньне маюць тыя дзеяпрыслоўнікі , што вытварыліся з назоўнага склону даўнейшых іменных дзеяпрыметнікаў, якія дапасаваліся з дзейнікамі (суб’ектамі). Напрыклад: Ой пайду я гукаючы, свае долі шукаючы.

У нашай мове захавалісь яшчэ дзеяпрыслоўнікі прэдыкатыўнага (выказальнага) характару, г. зн., тыя дзеяпрыслоўнікі, што вытвараліся з дзеяпрыметнікаў назоўнага склону ў сустаўным выказьніку: “Яны былі не дзяліўшыся. Ён трохі выпіўшы. Ён сёньня яшчэ не абедаўшы. Ён так і стаяў там падпёршыся; так і застаўся там сплючы”.

Дзеяпрыслоўнікі, што вытварыліся з дзеяпрыметнікаў назоўнага склону, дапасаваных даўней з дзейнікам, складаюць у сучаснай мове дзве канструкцыі: а) дзеяпрыслоўнікі, што станавілі некалі другі назоўны склон азначэньня, выражанага дзеяпрыметнікам і дапасаванага з першым назоўным склонам – дзейнікам; б) дзеяпрыслоўнікі з тых дзеяпрыметнікаў назоўнага склону, што ставіліся ў сказах бяз першага назоўнага склону (бяз дзейніка) пры дзеясловах выказьніках у форме загаднага ладу , г. зн. там, дзе дзеяпрыслоўнік сам станавіў сабою назоўны склон.

Найбольш пашырана першая канструкцыя, дзе дзеяпрыслоўнік стаіць на месцы другога назоўнага склону дзеяпрыметнікаў. Напрыклад: “Засьвісталі ўсе стралкі з паходу йдучы. Ой пайду я гукаючы, свае долі шукаючы. Айцец-мамка плачыць, каля Дунаю ходзячы, у Дунаю просячы. Вочы так і гараць пазападаўшы”. Дзеяпрыслоўнікі гэтае канструкцыі – з другога назоўнага склону, — могуць замяняцца інфінітывам пры х дзеясловах, што могуць мець пры сабе інфінітыў. Напр.: Ой пайду я гукаючы, свае долі шукаць.

Дзеяпрыслоўнікі гэтага паходжання могуць мець пры сабе свае паясьняльныя словы, напр.: “І сустрэне вас чалавек, нясучы гляк вады (г. зн. “І сустрэне вас чалавек з глякам вады”)”. “Хто з вас, маючы сто авец, і страціўшы аддну з іх, не пакіне дзевяцьдзесят дзевяць у пустыні ды ня пойдзе шукаць згубленае”.

Дзеяпрыслоўнікі з даўнейшага першага назоўнага склону (з дзейніка, выражанага дзеяпрыметнікам) знаходзім у такіх сказах: “Ня кайся рана ўстаўшы, маладым жаніўшыся”. “Не хваліся згінаючыся, а хваліся выпрастаючыся”. Тут дзеяпрыслоўнікі “устаўшы”, “жаніўшыся”, “згінаючыся”, “выпрастаючыся” стаяць на месцы даўнейшага дзейніка (подлежащего), выражанага дзеяпрыметнікам (причастием). Яшчэ прыклады: “Увесь закурэў ідучы”. “Сядзеўшы нічога ня высядзіш”. “Пытаючыся запытаешся” і шмат іншых.

Дзеяпрыслоўнікі з назоўнага склону даўнейшых дзеяпрыметнікаў з канчаткамі на –а (-я) ў беларускай мове сустракаюцца вельмі рэдка і толькі ў такіх зваротках: як мага, колькі змога, што хаця, куды хаця, напрыклад: “Памагалі адзін аднаму, як мага”. “Далі яму есьці, колькі яго змога”. “Вольна йсьці, куды хаця”. “Еж, што хаця”.

Як відаць з гэтых прыкладаў, дзеяпрыслоўнікі на –а (-я) ўжываюцца толькі ў прэдыкатыўнай (выказальнай) форме, зьвязаныя з асноўным выказьнікам злучным словам “як”, “што”, “куды”, “колькі”. У іншых позыцыях яны сустракаюцца яшчэ радзей, нарыклад: “Ат! Ясі пасаля”. “Прыехаў мой міленькі з поля, заплакаў ля коніка стоя”. “Стойма стаіць, бегма бяжыць”. У вапошніх двух прыкладах дзеяпрыслоўнікі “бегма”, “стойма” маюць памацняльнае значэньне пры дзеяслове.

ІІ. Другі вінавальны склон. Цікавую асаблівасьць беларускае (і ўкраінскае) мовы становяць тыя дзеяпрыслоўнікі, што паходзяць з даўнейшых дзеяпрыметнікаў, якія дапасаваліся (согласовывались) не з дзейнікам, а з дапаўненьнем. Тут могуць быць дзве канструкцыі: а) дзеяпрыслоўнікі з даўнейшых дзеяпрыметнікаў у давальнай форме, што дапасаваліся з дапаўненьнем у давальным склоне (“Надаела мне лежучы”) і б) дзеяпрыслоўнікі з даўнейшых дзеяпрыметнікаў у вінавальнай форме, што дапасаваліся даўней з дапаўненьнем у вінавальным склоне.

Разгледзім спачатку формы сказаў з дзеяпрыслоўнікамі вінавальнага склону. Другім вінавальным склонам называецца азначэньне да простага дапаўненьня, выражанае прыметнікам, або дзеяпрыметнікам ці йменьнікам назоўным у форме прыдатку да простага дапаўненьня, напр.: “Выгнаў дачку босую”. “Купіў кніжку падраную”. “Узяў сабе сірату за дачку” і інш. Тут словы “босую”, “падраную”, “за дачку” становяць сабою тое, што ў граматыцы называецца другім вінавальным склонам, бо ў першым вінавальным павінна стаяць дапаўненьне, г. зн. іменьнік (существительное) або іншае слова, што падмяняе йменьнік.

У беларускай мове ўсе тыя дзеяпрыметнікі з дзейным значэньнем, што стаялі даўней у другім вінавальным склоне, абярнуліся ў дзеяпрыслоўнікі, напр.: “Угледзілі яны чалавека, на полі аручы”. “Найшла мужа Ульянка аручы палянкі каля свае хаткі”. “Чула я малада салаўя сьпяваючы”. “Калі ўгледзіш татку йдучы”... “Ці ня бачыў ты войска йдучы?” “Знайшлі яго пад кустом сплючы”. “Ой зіма мая маразьлівая! Не марозь мяне з паходу йдучы, каня вядучы, шаблю нясучы, зброю вязучы”. “Пад вароты пад’яжджаюць, чую брата гаворачы”.

Калі ўзяць, скажам, першы прыклад – “Угледзілі яны чалавека, на полі аручы” – ды памяніць дзеяпрыслоўнік “аручы” ц. -славянскім дзеяпрыметнікам з гэтым значэньнем, то дастанем такі зварот: “Угледзілі яны чалавека, на полі орущего”. У беларускай мове такога звароту быць ня можа, бо ў нашай мове ўсі такія дзеяпрыметнікі абярнуліся ў дзеяпрыслоўнік, якія, як нязьменныя словы, ня могуць дапасоўвацца з сваім азначальным словам.

У навуковай мове, якая патрабуе сьціслай дакладнасьці, ужываць дзеяпрыслоўнікі ў паказанай  позыцыі нельга, бо іх можна было-б памылкова зьвязваць з дзейнікам, і гэтым зацямніўся-б сэнс выславу, сказу. Але ў мове прыгожага пісьменства, дзе не патрабуецца навуковая сьцісласьць у выражэньнях, дзеяпрыслоўнікі ў такой позыцыі вельмі надаюцца; трэба ўмець толькі дарэчы ставіць іх.

Дзеяпрыслоўнікі з другога вінавальнага склону могуць замяняцца асабовымі дзеясловамі, напрык.: “Угледзілі яны чалавека, на полі аручы” – “Угледзілі яны чалавека, які на полі араў

ІІІ. Дзеяпрыслоўнікі, што стаяць на месцы даўнейшага дзеяпрыметніка ў давальным склоне (Другі й першы давальны, і давальны незалежны – дательный самостоятельный).

Тут могуць быць такія выпадкі: а) калі дзеяпрыслоўнік зьвязваецца з дапаўненьнем, г. зн., калі дзеяпрыслоўнік вытварыўся з другога давальнага склону дзеяпрыметніка (дапаўненьне станавіла сабой першы давальны), б) калі дзеяпрыслоўнік сам стаіць на месцы даўнейшага давальнага склону – гэта так званы першы давальны склон.

Прыклады на 2-і давальны: “Абрыдзела мне тут лежачы”. “Якаво табе сястрыца, з роўным мужам жывучы?” “Добра, добра мне сястрыца, з роўным мужам жывучы”. “Добра табе дзяўчынка па горніцы ходзячы”. “Прыскучыла мне малайцу на марозе стоячы”.

Прыслоўнікі з 2-га давальнага склону можна замяніць інфінітывам (неазначальнай формай). Можна сказаць, напрыклад: “Абрыдзела мне тут ляжаць”. “Якаво табе сястрыца, з роўным мужам жыць?”.

Дзеяпрыслоўнікамі з 2-га давальнага склону можна замяніць неўласьцівыя беларускай мове звароты на азначэньне часу, умоўнасьці, што выражаны дзеяслоўнымі йменьнікамі з прыменьнікамі “пры”, “на”, “пасьля” ў безасабовых сказах, дзе дзейнік стаіць у родным склоне. Напрыклад, замест: “пры чытаньні яму здавалася, што...” лепш сказаць: “чытаючы яму здавалася, што...” і т. далей.

Прыклады на 1-ы давальны: “Не апрануўшыся холадна”. “Надаела ждучы”. “Не карміўшы буракамі не пасылаюць за быкамі”. “Не стаяўшы ў парозе, не сядзець на куце”. “Не хваціўшы на душу, нечага палажыць і ў душу” (жартаблівае выбачэньне за ўзятку). “Ня еўшы лягчэй, а пад’еўшы ляпей”. “На чужы лоб шыбаючы, трэба і свой падставіць”.  

Гэтыя дзеяпрыслоўнікі таксама можна выкарыстаць замест неўласьцівых беларускай мове дзеяслоўных іменьнікаў з прыметнікамі. Напрыклад, заместа: “пры вызначэньні кірунку ветру, трэба ”... лепш сказаць: “вызначаючы кірунак ветру, трэба”...

Дзеяпрыслоўнікі з давальнага склону стаяць у безасабовых сказах.

Давальны незалежны. У беларускай мове дзеяпрыслоўнікі могуць стаяць на месцы даўнейшага давальнага незалежнага прыметніка: “пытаю цябе, месяцу, ці рана сходзіш, ці позна заходзіш? – Я зыду зьмяркаючы, а зайду сьвітаючы”     

Інфінітывам называецца неазначальная форма дзеяслова, г.зн. такая форма, што не паказвае ні часу, ні ліку, ні асобы, а толькі называе дзеяньне ці стан прадмета. Значыць, інфінітыў ня выказвае, як дзеяслоў, а толькі называе, як назоўнік, прыметнік ці прыслоўе.

Словы нашае мовы дзеляцца на выканальныя й назыўныя; выказваць нашу думку, агулам кажучы, могуць толькі дзеясловы (пішу, чытаем, прынясуць, дайце, нясем), а ўсе іншыя словы толькі называюць прадметы, прыметы прадметаў ці прыметы дзеяньня, напр.: стол, брат, камень; добры, люты, пабіты; добра, хораша, блага.

Да гатых назыўных слоў належыць і наш інфінітыў. Некалі інфінітыў скланяўся, як назоўнік; цяпер ён не скланяецца, але, страціўшы здольнасьць зьмяняцца, ён стаў набываць уласьцівасьць дзеяслова выказваць. Праўда, рэдка гэта бывае, але ўсё-такі бывае, а ў якіх разох — аб гэтым дакладна гаворыць сынтакс. Гэтая новая ўласьцівасьць інфінітыва пазваляе адносіць яго, пры падзеле слоў на часьціны, да дзеяслова, хоць і несаўсім слушна, бо асноўнае значэньне інфінітыва застаецца старое: называць, а ня выказваць. Цяпер, калі мы хочам скланяць інфінітыў, то абарачаем яго ў назоўнік: пісаць — пісаньне, чытаць — чытаньне і т. далей.

Але нас цікавіць інфінітыў ня сам па сабе, а з боку тае асаблівасьці, якую становіць ён у беларускай мове проціў іншых, бліжэйшых да нас славянскіх моў. Такую асаблівасьць у беларускай мове інфінітыў вытварае сваім асноўным значэньнем у мове — называць, а ня выказваць.

Возьмем, напрыклад, дзеяслоў «хачу». Хацець можна шмат чаго, але сам гэты дзеяслоў назваць гэтага ня можа. Тады прыходзіць да яго на падмогу інфінітыў, і мы кажам: хачу есьці, хачу спаць, хачу піць, хачу гуляць, хачу сапачыць, хачу вучыцца, хачу жаніцца і т. далей (інфінітывы тут падчыркнуты). З гэтых прыкладаў мы бачым, што дзеяслоў «хачу» выказаў, выявіў, а інфінітыў назваў наша хаценьне, назваў тое, чаго мы хочам. Дзеяслоў мог выказаць і нешта іншае, напр.: стаў, зачаў, люблю есьці, спаць, гуляць і т. далей, але інфінітыў ці іншае назыўнае слова павінны назваць тое, што мы любім, бо сам дзеяслоў назыўнай здольнасьці ня мае.

Потым, ёсьць шмат прадметаў, напрыклад, вада, машына, збанок, мяшок, для рознага назначэньня. Калі гэтым назначэньнем прадмета зьяўляецца дзеяньне ці стан, то яго якраз і можа назваць інфінітыў, бо ён-жа, будучы словам назыўным, дзеля таго й існуе ў мове, каб называць дзеяньне ці стан прадмета.

Дзеля гэтага пабеларуску й кажуць: машына шыць, машынка стрыгчыся, машынка брыцца, машынка перац малоць, вада піць, вада дзяцей купаць, палонка воду браць і т. далей. Парасейску ў такіх разох кажуць: машына для шыцьця, вада для мыцьця, вада для купаньня і т.д., а папольску — машына да шыцьця, вада да купаньня і т. далей.

Як бачым, расеец ці паляк, каб назваць назначэньне прадмета — назначэньне-дзеяньне, бярэ інфінітыў, абарачае яго ў дзеяслоўны назоўнік (отглагольное имя существительное) ды прылучае яго да прадмета з дапамогаю прыназоўніка «для» (расеец) або «да» (паляк): вада для купаньня, вада да купаньня, а беларусін абыходзіцца ў такім выпадку адным інфінітывам, ня трацячы дарэмна часу на тое, каб перавярнуць спачатку інфінітыў у назоўнік, а потым зьвязаць гэты назоўнік з другім назоўнікам з дапамогаю прыназоўніка (предлога).

Пабеларуску бывае яшчэ так: калі хочуць памацніць, падвысіць назначэньне прадмета, што выражаецца дзеяньнем яго, то ставяць інфінітыў з злучнікам «што», напр.: вада, што піць; вада, што дзяцей купаць; палонка, што воду браць; машынка, што брыцца, і т. далей.

Сюды належаць і такія звароты з інфінітывам:

Ня зьвер я людзкую кроў праліваць. Ці ня было рэчкі ўтапіцца мне? Адзін колас дзетак гадаваць, другі колас чэлядзь карміць, трэці колас гарэлачку гнаць (пажаданьне гаспадару на дажынках). Бог ня дзіця дурняў слухаць. Адзін серп траву жаць, другі пшанічаньку рэзаць. Шырокія вароты ўвайсьці, да вузкія выйсьці.

Калі значэньне інфінітыва пераважае значэньне, што выражаецца дзеясловам-выказьнікам (сказуемым), то ён можа адрывацца ад свайго прадмета ў асобны сказ з злучнікам «каб», напр.:

Ня зьвер я (ёсьць), каб людзкую кроў праліваць. Бог ня дзіця, каб дурняў слухаць. Ці ня было рэчкі, каб утапіцца мне? Адзін колас, каб дзетак гадаваць, другі колас, каб чэлядзь карміць, і т. далей.

Такія звароты ў мове бываюць і ў тых разох, калі інфінітыў адносіцца не да прадмета, а да дзеяслова, напр.:

Пашлі паглядзець аўса. — Пашлі, каб паглядзець аўса. Пашлі глядзець зямлі, дзе ім сказалі сяліцца. — Пашлі, каб паглядзець зямлі, дзе ім сказалі сяліцца. Ой, мама, хачу есьці, да баюся ў пограб лезьці, да баюся, каб ня ўпасьці.

З гэтых прыкладаў мы бачым, што інфінітыў зьвязваецца з сваім дзеясловам злучнікам «каб» у тых разох, калі мы хочам паказаць, што яго значэньне ў сказе пераважае значэньне выказьніка-дзеяслова. Калі мы скажам, напрыклад: «Пашлі паглядзець аўса», то тут сэнс сказу выражаецца дзеясловам-выказьнікам «пашлі»; а калі скажам: «Пашлі, каб паглядзець аўса», то гэтым выкажам, што асноўны сэнс ня ў тым, што «пашлі», а ў тым, што «пашлі паглядзець». Даўней на месцы такога інфінітыва ставіўся т. званы дасягальны дзеяслоў (супін), што канчаўся на цьвёрды зычны “т” (паглядзет, прадават). У сучаснай мове супінаў нама, яны адмерлі, але яшчэ ў старасьвецкай беларускай літаратурнай мове (пра жывую мову з супінамі мы нічога ня ведаем, бо тады жывая разгаворная мова не шанавалася), дык у старпасьвецкай мове даволі часта сустракаюцца дасягальныя дзеясловы (прыехалі таргават). У расійскай мове дзеясловы на цьвёрды зычны “т” (пишет, читает, идёт) ёсьць нішто іншае, як формы даўнейшых супінаў; у іх мове супіны таксама адмерлі, але форма іх запанавала ў дзеясловах 3-яй асобы абодвух лікаў: читает – читают, несёт – несут і т. далей. У праславянскай мове не было звычайных дзеясловаў з цьвёрдым зычным на канцы.    

...Гаворачы аб інфінітывах пры дзеясловах і назоўніках, тут можна стаць у прыгодзе нашым настаўнікам, а потым школьнікам пры разборы сказаў з інфінітывамі. Мы бачылі, што інфінітыў можа адносіцца да дзеяслова, да назоўнікаў. Калі дзеяслоў адносіцца да асабовага дзеяслова, то ён складае разам з ім тое, што ў граматыках называецца падвойным выказьнікам (пашлі глядзець, сталі вучыцца); калі-ж інфінітыў адносіцца да назоўніка, то ён складае з гэтым назоўнікам назоў аднаго прадмета (вада піць, машына шыць). Такім парадкам, сказ: «Машына шыць стаяла на стале» трэба разабраць так: «машына шыць» — дзейнік, «стаяла» — выказьнік, а «на стале» — дапаўненьне.

Таксама разьбіраюцца вядомыя нашым школьнікам расейскія сказы: «Любители молчать редко где бывают» (тут дзейнік — подлежащее «любители молчать»), а ў сказе: «И воля губить у меча отнята» дзейнік будзе «воля губить», бо гэтыя два словы — назоўнік і інфінітыў — складаюць назоў аднаго прадмета, як у падвойным выказьніку дзеяслоў з інфінітывам называюць адно дзеяньне (выказьнік).

Ёсьць сказы з двума інфінітывамі, напр.: Наварэце есьці гасьцей частаваць. Лясьнік сказаў пайсьці паглядзець на месцы, што там здарылася. У гэтых сказах першы інфінітыў паясьняе дзеяслоў, а другі інфінітыў паясьняе першы інфінітыў, а ўсе яны разам — дзеяслоў з інфінітывамі — складаюць назоў аднаго дзеяньня, адзін выказьнік — «наварэце есьці частаваць», «сказаў пайсьці паглядзець».

Такім парадкам, калі трэба назваць назначэньне прадмета, што служыць дзеяньнем, прыладай, то гэтае назначэньне называецца інфінітывам (вада піць, машынка брыцца). Калі назначэньне аднаго прадмета служыць ня дзеяньне, а другі прадмет (мяшок на муку), то ў беларускай мове гэтае назначэньне называецца імем таго прадмета ў вінавальным склоне, прычым, канечна, з прыназоўнікам «на», а ў некаторых выпадках з прыназоўнікам «да», напрыклад: мяшок на жыта, мех на муку, скрынка на лісты (пачтовая), хлеб на продаж, адзежа на сьвята, убраньне на сьмерць, яблык на пахмельле, жыта на насеньне, пакінула жарабя на плямя і т.д., а потым — хустачка да носу (парасейску «носовой платок»), ланцужок да гадзіньніка.

Тут ужо прыназоўніка (предлога) «на» паставіць нельга, а трэба прыназоўнік «да» з імем, або назовам, прадмета ў формы роднага склону, бо склон залежыць ад прыназоўніка. Ёсьць вялікая розьніца ў зваротах: «мяшок на жыта» і «хустачка да носу»; розьніца тут у вадносінах паміж прадметамі, і гэтую розьніцу выражаюць прыназоўнікі, а прыназоўнікі ў мове на тое й служаць, каб выражаць розныя адносіны паміж прадметамі. Прыназоўнік «на» звычайна абазначае рух на паверхні або прабываньне на чым-небудзь як у звычайным, так і ў пераносным сэнсе, а прыназоўнік «да» абазначае граніцу, мяжу, да каторай даходзіць дзеяньне ў прасторы ці ў часе; гэта й выражаецца ў такім звароце, як «хустачка да носу».

Мы бачым, што ў такіх зваротах прыназоўнік «на» ў беларускай мове ставіцца ў значэньні расейскага «для». У нас таксама ёсьць прыназоўнік «для», але ён абазначае прыналежнасьць, а найчасьцей прычыну або мэту дзеяньня на чыю-небудзь карысьць ці на шкоду, напр.:

Дай нам, браце, чырван злоты, бо мы жалі для ахвоты. Нарэзала многа курэй і гусей для сваіх для любых гасьцей. Ня плач, дзеўча, ня плач, сэрца, не клапаці ты галованькі: вазьму цябе, не пакіну для людзкай пагаворанькі.

Калі трэба выразіць, што адзін прадмет служыць назначэньнем для другога прадмета, то мы звычайна ставім прыназоўнік «на». Пабеларуску, напрыклад, кажуць «На што гэта?», тады як расеец скажа «Для чего это?» Дзе ў нас стаіць «на», там, у расейца «для» («этажэрка на кнігі, мяшок на жыта» — пабеларуску, а парасейску — «этажерка для книг, мех для ржи»), напр.:

"На што яму косы? — Сена касіць. На што яму сена? — Кароўкі карміць. Завілі вяночкі, завілі зялёныя на годы добрыя, на жыта густое, на ячмень каласісты, на авёс расісты, на грэчку чорную, на капусту белую. На што козамі сена травіць? На што ў клець ісьці па муку, калі торба вісіць на круку? Там і крупы драныя, і кускі ламаныя.

У тых разох, калі расеец ставіць пытаньне «зачем», беларусін скажа «на што?» (На што нам тыя пісталеты, калі мы страляць ня ўмеем).

І цікава, што нават у тых выпадках, калі інфінітыў назначэньня падмяняецца дзеяслоўным назоўнікам, ставіцца «на», напр.: вада на ўмываньне, ручнік на ўціраньне; звароты з прыназоўнікам «да» больш польскія (вада да ўмываньня).

Значыць, пабеларуску лепш сказаць: шкап на кнігі, сшытак на дыктоўкі, сшытак на арытмэтыку, як з прыназоўнікам «для»: сшытак для дыктоўкі і т. далей, бо мы ня кажам: «для чаго гэта», а «на што гэты прадмет?»

З прыназоўнікам «на» ў беларускай мове ёсьць шмат цікавых зваротаў, невядомых расейскай ці польскай мове, напр.:

Бачыў на свае ўласныя вочы (парасейску: «своими глазами»). Выбачай, кума, на пірагі! Ежце, госьцейкі, а на другое выбачайце. Захварэў на сухоты, хварэе на грудзі, слаб на вочы, слаб на ногі. Багаты на латы, а не на шаты. Наша мова багата на словы й на звароты. Але аб прыназоўніках гутарка будзе ніжэй: VI. Прыназоўнікі.

 

 

Цэтлікі: ,

Ответить

  Проверка PR и ТИЦ
Нашы сябры:
Казкі беларускія!