A A

І. Крамко. З ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСКАГА ІМЕНАВАННЯ АСОБЫ

Пят, 1 траўня 2009

Беларуская мова

Пры кантактах з іншымі людзмі нас называюць, у акументах нас фіксуюць, сведчаць, ужываючы абавязковы набор срокаў. У розных народаў гістарычна склаліся свае спосабы іменавання людзей. Маем і мы сваю гісторыю называння. Сёння назіраецца пэўная нестабільнасць у гэтай сферы.

З аднаго боку, захавалася наша ўласная гістарычная аснова і, з другога боку, працяглая паласа расійскіх уплываў наклала адбітак у выглядзе ўжывання як абавязковага нетыповага для нашай практыкі іменавання. Пытанне пра спосаб (форму) іменавання асобы ў беларускай прэсе хоць і не дыскутуецца, хоць мы ўжо прызвычаіліся да існуючага стану, але ўсё ж узнікае, і перш за ўсё ў сувязі з падрыхтоўкай сваіх, беларускіх пашпартоў. У нашых абставінах яно не пустое, мае прынцыповае значэнне, бо спосаб іменавання людзей і формы звяртання паміж членамі супольнасці з’яўляюцца элементам агульнай культуры народа, звязаны з яго самасвядомасцю.

Спосабы персаніфікацыі асобы ў кожнага народа абумоўлены яго гістарычным развіццём. Трэба адрозніваць два планы персаніфікацыі: звычаёва-побытавы і афіцыйна-дзелавы. Агульная лінія развіцця нашага іменавання ішла ад звычаёва-побытавай неўскладнёнай мянушкі-імя (Ждан, Усяслаў, Шчасны) да двух- ці трохсастаўнага іменавання ў афіцыйных дакументах. Наша пісьмовая гісторыя прыпала на той час , калі было прынята хрысціянства і праз царкву пачалі ўводзіцца побач з існуючымі, язычніцкімі, хрысціянскія імёны. Прычым у Беларусі з даўняга часу суіснавалі два асноўныя адгалінаванні хрысціянства – грэка-візантыйскае і рымска-каталіцкае, што пэўным чынам адбылося і на іменаванні людзей. На аснове хрысціянскай і дахрысціянскай склалася наша сучасная сістэма іменавання.

Развіццё ішло ў бок размежавання функцыі дахрысціянскага і хрысціянскага імя. Ужыванню двух імёнаў спрыяла патрэба: пры абмежаваным наборы хрысціянскія імёны, якія сталі абавязковымі, аста паўтараліся нават у невялікім калектыве; неабходна была больш дакладная персаніфікацыя з дапамогай дадатковага сродку. Ім стала традыцыйнае дахрысціянскае імя-мянушка, напрыклад: Іван Балаш, Іван Бурдак, Іван Ганчар, Іван Грачыха. У працэсе ўмацавання сістэмы даволі хутка функцыі гэтых элементаў канструкцыі пачалі размяжоўвацца. Абавязковае хрысціянскае імя становіцца асноўным і займае першае месца, а мянушка – другое. Пры іменаванні самастойных асоб мянушка ў нас ужывалася ў сваім першабытным апелятыўным выглядзе: Федко Балотнік, Даніло Коваль, Гапон Рыло, Багдан Саламярэцкі, Сямён Слуцкі і пад. Паступова ўстанаўліваецца трывалы, абавязковы тып двухслоўнага іменавання, у якім другі элемент набывае тэндэнцыю, а затым становіцца спадчынным прозвішчам у сучасным значэнні. Пры іенаванні залежных асоб, перш за ўсё дзяцей мужчынскага полу, ужываліся суфіксальныя ўтварэнні ад імёнаў ці мянушак (прзвішчаў) бацькі на –овіч / -евіч, -онак / -ёнак, -оўна / -чук і інш., якія таксама падпарадкоўваліся агульнай тэндэнцыі і зрабіліся спадчыннымі: Ахрэм Кахановіч, Саўка Каручонак, Сямён Левановіч, Павел Мікулёнак, Юрко Мікуліч, Ждан Сазановіч, Ганна Багушоўна. Гэтыя два тыпы прозвішчаў (апелятыўны і суфіксальны на –овіч і -онак) пераважалі на тэрыторыі Беларусі.

Тыповая мадэль іменавання асобы ў нас складаецца ў XVI ст., калі дзяржаўнае справаводства і заканадаўства дасягнула высокага еўрапейскага ўзроўню. Гэта быў час, калі жыццё дзяржавы рэгламентавалася славутнымі статутамі. Пра тое, што мы мелі да таго часу ўсталяваную, тыповую, хоць і не кадыфікаваную дзяржаўным актам, мадэль афіцыйнага іменавання асобы сведчыць усё пісьменства Вялікага Княства Літоўскага.

Узорным, тыповым у XVI ст. стала двухслоўнае (двухкампанентнае) іменаванне: (імя + прозвішча). Як прыклад можна прывесці вытрымку актавай кнігі Мінскага гарадскога суда1582 г. , у якой згадваюцца славутныя асобы ВКЛ: “Вельможному пану его милости пану Яну Глебовичу кашталяну Меньскому […] вельможного пана Гаврилы Горностая воеводы Берестейского старосты Меньского […],“у его милости Яна Кишки старосты Жомойтского […] ездил есми с паном Ярошом Корсаком до двора вельможного пана его милости пана Станислава паца воеводы Витебского […] Вельможный пан Альбрыхт Радивил маршалок дворный Великого князства Литовского” А вось вядомыя людзі з адной з кніг Метрыкі ВКЛ пры канцлерстве Льва Сапегі (1596): “Богдану Соломорецкому, Федору Колонтаю […] войта меньского Григорья Терлецкого […] Андрэя Сапеги старосты Гомельского, Миколая Сапеги воеводы Витебского […] выволанье на Яроша Скирмонта […] старосты Браславского пана Януша Скумина”. Падпісвалі акты гэтай кнігі “Лев Сапега канцлер Великого князства Литовского, Ярош Волович писар и Матей Война писар”.

Нагадаем, што такога ж кшталты подпісы стаяць і пад статутам ВКЛ 1588 г.: “Лев Сапега подканцлерый Великого князьства Литовского, Кгабриель Война писар”. У неюрыдычных помніках маем тое ж: Лев Сапега, Ян Ходкевич, Ян Нарушевич, Александр Острожский, Григорий Униховский. Гэта асобы, якія называюцца ў вядомым дзённіку Еўлашоўскага. І сам аўтар запісак сябе называе — Федор Евлашовский, без бацькоўства. А ўспомнім, як называлі сябе самі і іх называлі вялікія дзеячы нашай культуры: “я Францишек Скоринин сын” Псалтыр 1522 г., “Библия руска выложена доктором Франциском Скориною” (без імя бацькі), Василей Тяпинский, Лукаш Мамонич, Симон Будный (і побач Матфей Ковечинский і Лаврентей Кришковский), был бакалерам пан Лаврентий Зизаний”, “прибавили с места лвовского Стефана Зизания”, “казанье на честный погреб Леонтія Карповича през Мелетия Смотритского”, Андрей Рымша. Можна было б яшчэ працягваць. Такая мадэль называння была пераважнай.

Фактычна да згаданай мадэлі можна аднесці і найменні з двума ўласнымі імёнамі (пан Миколай Криштоф Радивил) і з падвойным прозвішчам (Щчасный Юревич Каша, Адам Война Челешницкий), бо ў іх адсутнічае імя па бацьку як сппецыяльны кампанент у спосабе іменавання.

Наша пісьменства фіксуе і адступленні ад адзначанай мадэлі. Шырока ўжывалася называнне чалавека толькі праз імя з тытулам (князь Іван, пан Ярош), з назвай прафесіі (шынкар Іван). Такія найменні ўжываліся тады, калі гэтая асоба раней называлася больш поўнай формай. Пэўнае месца займалі і трохкампанентныя найменні, — з называннем уласнага імя + імя па бацьку + прозвішча: “жаловал князь Богдан Федорович Глинский”, “князю Семену и князю Александру Юрьевичом Олельковичом”. Князі Астрожскія часта фігуруюць у трохкампанентным іменаванні.

Як сведчаць дадзеныя помнікі беларускага пісьменства, у XVI ст. асноўны спосаб называння асобы быў двухкампанентны (імя + прзвішча). У гэтым упэўніваюць шматлікія актавыя матэрыялы ВКЛ, дзе дакладнасць іменавання асобы мела асаблівае значэнне. Для прыкладу, ва ўказанай вышэй актавай кнізе Метрыкі пры канцлерстве Льва Сапегі на 148 двухчленных мужчынскіх найменняў у загалоўках актаў маем толькі 16 трохчленных. У спецыяльнай працы А. Усьціновіч падаюцца такія дадзеныя: “Сярод разгорнутых найменняў самымі пашыранымі былі двухслоўныя. Яны ў XVI ст. складалі на Гарадзеншчыне 91,46%, на Брэстчыне 42,49% ... ад агульнай колькасці зафіксаваных найменняў” [1]. Аналагічнае маем і ў помніках іншых жанраў. Так, у славутным “Баркулабаўскім летапісе”, які, дарэчы, таксама мае характар дакумента, на 100 двухчленных прыпадае толькі 14 трохчленных, а ў “Дзённіку” Ф. Еўлашоўскага на 72 двухчленных – 5 трохчленных. Прычым у “Баркулабаўскім летапісе” пераважна, а ў “Дзённіку” выключна трохчленныя найменні адносяцца да жыхароў Маскоўскай дзяржавы. Параўнайце: “пана Кишку послали послы по королевича шведского” і “послы шли Московские до Варшавы … Стефан Васильевич Годунов …, Федор Михайлович Троекуров …, Василей Яковлевич Щелканов …, Дружина Пантелеев Петелин” (“Баркулабаўскі летапіс”). Калі ў “Баркулабаўскім летапісе” наш правіцель назыааецца “каралём Жыкгімонтам”, то Маскоўскі цар імянуецца толькі як князь “Іван Васільевіч” (20 выпадкаў).

Відавочныя неаднолькавыя адносіны да ўжывання імя па бацьку ў Вялікім Княстве Літоўскім і ў Маскоўскай дзяржаве. Розніца гэтая была не толькі колькасная (у частаце ўжывання імя па бацьку), але і якасная. Калі ў Маскоўскай дзяржаве, як сведчыць В. Чычагаў, імёнамі па бацьку з суфіксам або з –вічам, як казалі ў свой час, “іменавалі толькі прадстаўнікоў вышэйшых сацыяльных слаёў эпохі феадалізма” (для ніжэйшых слаёў выкарыстоўвалі бацькоствы з суфіксамі –ов, -ев, -ин), то ў беларусаў формы на –овіч, -евіч “не мелі саслоўна-класавага значэння” [2]. У нас прзвішча на –овіч, -евіч мог мець і князь (князь Юрей его милость Олелькович), і земянін (Ян Юревич), і баярын (Глеб Яцкевич, Павел Мацкевич), і мяшчане (Иван Карпович, Юрко Микулич), і людзі цяглыя (Микита Лукъянович, Мицко Човкович), і агароднікі (Степан Ермолович), і татарын (Щасный Мограшевич, Абдыселям Адамович). Розніца была ў тым, што ў Маскоўскай Русі імёны па бацьку з суфіксам –ович, -евич, -ич утвараліся толькі ад асабістых імёнаў бацькоў, а не ад прзвішчаў (мянушак). У нас жа яны ўтвараліся і ад мянушак і нароўні з адімённымі маглі пераходзіць у спадчынныя прозвішчы (Гапон Громкович, Яхрем Русанович, Михаил Хванович). Спадчыннымі сталі іх спрадвечныя расійскія бацькоўствы на –ов, -ев, -ин, дапушчаныя для ўжывання сярэднім і нізкім саслоўем. Культываваная ў вышэйшым саслоўі трохчленная мадэль іменавання асобы (імя + імя па бацьку + спадчыннае прозвішча) пазней была падаравана і ўсяму народу Маскоўскай дзяржавы.

Мадэль іменавання асобы, якая ў нас стала асноўнай у XVI ст. і зрабілася фактычнай нормай, пераважала і ў XVIІ ст., але тады ж прыкметна пачалі пашырацца найменні з двума імёнамі (Миколай Казимер Лимонт, Юрий Литовор Хрептович), нават Леў Сапега зрабіўся Казімерам Львом Сапегаю. Пашыраюцца таксама і найменні з двайнымі прозвішчамі (Ян Котюта Дубина, Миколай Одляницкий Почобут). Тыповымі становяцца і найменні тыпу “князь Дмитр с Козельска Окгинский”, справа “Андрея на Дольску Дальского подкоморого Волковыского”. Адзначаныя тыпы распаўсюджваліся пад уплывам польскай мовы, якая ў XVII ст. усё больш пашырала сферу свайго ўжытку ў Беларусі аж пакуль у канцы XVII ст. не стала ў нас дзяржаўнай. Пра развіццё сваіх беларускіх сродкаў выражэння ў гэты перыяд гаварыць не даводзіцца.

Пасля далучэння Беларусі ў выніку падзелу Рэчы Паспалітай да Расійскай імперыі пачынае ўжывацца ўсталяваная ў Расійскай духоўнай і грамадзянскай канцылярыі трохчленная мадэль. Для фіксацыі жыхароў Беларусі ў афіцыяльных дакументах (перапісы, спісы, падсведчанні і інш.) абавязкова падавалася імя + імя па бацьку + прозвішча. Савецкая ўлада абсалютызавала гэтую мадэль і прымяняла яе нават для тых народаў Савецкага Саюза, у якіх ніколі не было традыцыі падаваць імя па бацьку і моўная сістэма якіх не мела для называння бацькоўства адпаведнага граматычнага сродку (напрыклад, літоўская, а таксама народаў Каўказа, Сярэдняй Азіі і Сібіры). У вусным ужытку гэтая мадэль у саміх расіян, а праз іх і ў нас, магла скарачацца да ўжывання толькі імя і імя па бацьку (Іван Іванавіч) або нават да ўжывання толькі бацькоўства (Іванавіч, Іванаўна), г. зн. магла скарачацца да мадэлі, у якой знікаюць асноўныя элементы іменавання – імя ўласнае і прзвішча.

Натуральна, што сёння, калі беларусы (ліцвіна-беларусы) усё настойлівей пачалі шукаць згубленае ці, дакладней, адабранае месца між народамі, сама сабой з’яўляецца патрэба азірнуцца на сваё мінулае, самім выбраць той спосаб іменавання, які больш апавядае нашай гісторыі, уласнай і еўрапейскай традыцыі. А гэта, як паказвае разгледжаны матэрыял, двухкампанентны спосаб: імя + прзвішча. Калі ж дзяржаўныя органы палічаць мэтазгодным у афіцыяльных дакументах (пашпарты, падсвечванні) для больш дакладнай ідэнтыфікацыі падаваць і звесткі пра бацькоў, то лагічна падаваць імёны абодвух, прычым імя і прозвішча маці – на першым месцы, бо яна асноўная прадалжальніца роду. Мадэль у такім выпадку выглядала бы так: “Іван Сідарэвіч сын Марыі Сарока і Сцяпана Сідарэвіча”. Пры гэтым варта заўважыць, што імёны, прынесеныя да нас хрысціянствам, ужо ў XVXVI стст. прайшлі адаптацыю да нашай фанетычнай сістэмы, як, для прыкладу, наступныя: Апанас, Васіль, Гаўрыла, Даніла, Дмітр, Ігнат, Лявон, Мікалай, Мікіта, Піліп, Пракоп, Сцяпан, Улас, Юрко, Янко. Гэта варта мець на ў вазе пры фіксацыі імя ў нашых дакументах.

Што ж тычыцца вуснага ўжытку, то варта зазначыць, што для гэтай сферы характэрна большая свабода ў выбары варыянта звароту-называння. У сферах неафіцыйных (сям’я, сяброўская кампанія і г. д.) ужывання мадэляў звяртання наогул не патрабуе рэгламентацыі. А вось пры называнні асобы ў афіцыйнай сферы (установа, праца, сход і г. д.) варта арыентавацца не на прышчэпленую ў савецкі час мадэль з называннем імя + імя па бацьку (Іван Іванавіч) ці пабытовую расійскую з называннем толькі бацькоўства (Іванавіч), а на сваю, якая захавалася ад ранейшых пакаленняў. Гэта ўжыванне слова ветлівасці + імя або прозвішча. У побытавай і паўафіцыйнай сферы такімі словамі з’яўляюцца словы дзядька і цётка (дзядзька Іван, дзядзька Сідарэвіч, цётка Марыя). У афіцыйнай сферы ў якасці слова ветлівасці ў нас, у Вялікім Княстве Літоўскім, аж да канца XVIII ст. ужывалася запазычанае ад палякаў слова пан (пан Іван, пан Ян, пан Сідаровіч), а з канца XVIII ст., пасля далучэння Беларусі да Расійскай імперыі, пачалі культывавацца і расійскія словы господин і сударь, выцесненыя ў савецкі час словам таварыш для слоўнага прыхоўвання сацыяльнай дыферэнцыяцыі грамадства. Сёння нам варта для звяртання ў афіцыйных сферах выкарыстоўваць даўнюю і жывую яшчэ мадэль, замяніўшы толькі чужыя словы ветлівасці на свае гаспадар (спадар), гаспадыня (спадарыня): гаспадар Іван ці гаспадар Салавей.

Літаратура

  1. Усціновіч А. К. Антрапанімія Гродзеншчыны і Брэстчыны: XVIXVIII стст. – Мн., 1975. - С. 152.
  2. Чичагов В. К. Из истории русских имён, отчеств и фамилий. – М., 1979. – С. 48.

(Беларусь паміж Усходам і Захадам. – Ч. 2. – Мінск, 1997. – С. 144 — 149)

Цэтлікі: ,

3 Комментарии на это сообщение

  1. Adash Says:

    Добры артыкул!

    Дзякуй!

  2. Анатоль Says:

    Цікава

  3. Анатоль Says:

    Цікава, але я не змог чытаць гэты артыкул

Ответить

  Проверка PR и ТИЦ
Нашы сябры:
Казкі беларускія!