A A

А. Нікалаева. НЕКАТОРЫЯ ПЫТАННІ ТРАНСЛІТАРАЦЫІ ЗАМЕЖНЫХ НАЙМЕННЯЎ У БЕЛАРУСКАЙ МОВЕ І МАГЧЫМЫЯ ШЛЯХІ ІХ ВЫРАШЭННЯ (НА ПРЫКЛАДЗЕ ІСПАНСКАЙ, ІТАЛЬЯНСКАЙ І ПАРТУГАЛЬСКАЙ МОВАЎ)

У наш цяжкі і няпросты час, калі вялікая пагроза навісла над самім існаваннем беларускай мовы, трэба прыкласці як мага больш высілкаў, каб захаваць родную мову ў яе чысціні і непаўторнасці. А значыць, тут недапушчальныя неахайнасць і фармальны падыход да яе. У нашым выпадку мы маем на ўвазе перадачу іншаземнай анамастыкі на беларускай мове, або транслітарацыю замежных найменняў.
Праблема перадачы іншаземнай анамастыкі наспела як ніколі. Чытаючы перыёдыку, мастацкую літаратуру, пераклады з замежнай мовы, часта сустракаеш нямала антрапанімічных, тапанімічных і іншых найменняў, якія парададзены на беларускай мове нядбайна, недакладна. Тут бярэцца проста рускі варыянт тапоніма ці антрапоніма і падганяецца пад нашу мову. Мы ж зацікаўленыя ў тым, каб іншаземныя найменні былі прадстаўлены ў нашай мове як мага дакладней, з улікам асаблівасцей як беларускай, так і замежных моваў. У першую чаргу гаворка ідзе пра складанне адпаведных інструкцый па транслітарацыі чужых слоў на беларускую мову без пасрэднікаў. Праблема гэта сёння немалаважная, а пытанняў тут не меньш, чым у іншых галінах мовазнаўства, але агульнымі намаганнямі можна прыйсці да станоўчага выніку. Больш чым упэўнена можна сказаць: у Беларусі ёсць дастаткова рупліўцаў, чые веды могуць быць карысныя ў вырашэнні гэтай праблемы.
Пры перадачы асабовых назоўнікаў кіруюцца, як вядома, двума прынцыпамі – фанетычным і марфалагічным. Асабліва калі гаворка ідзе пра мовы з рознымі графічнымі сістэмамі. Тыя мовы, якія карыстаюцца адной графічнай сістэмай, як правіла, маюць меньш праблем пры перадачы іншаземнай анамастыкі, чым мовы з рознымі сістэмамі пісьма. Аднак і тут не ўсё гладка. Напрыклад, калі нашы суседзі – літоўцы і латышы – карыстаюцца фанетычным прынцыпам у транслітэрацыі, то эстонцы ужываюць асабовыя назоўнікі з іншых моваў у нязменным выглядзе. А паспрабуем перадаць імёны блізкай нам украінскай мовы. Ці ж мала падводных камянёў напаткае нас тут? Возьмем, напрыклад, вядомае прзвішча Чорновіл. Як перадаць па-беларуску: Чорнавіл або Чарнавіл? Неаднаразова можна было прачытаць і Чарнавол, што, на нашу думку, зусім няправільна, але тут ужо слова за ўкраіністамі. Мы ж падганяем украінскае слова пад вымаўленчыя правілы нашай мовы. Тое жа самае можна сказаць і пра рускую мову, найменні з якой часта значна адрозніваюцца ад арыгінала. Напрыклад: Чарнышэўскі. Таксама можна паспрачацца, як больш правільна. І гэта ж мовы родасныя, а што рабіць, калі трэба транслітараваць якое-небудзь найменне, скажам, казахскай мовы, якая выкарыстоўвае кірыліцу з дабаўленнем некаторых літар на беларускую?!
А цяпер пераходзім непасрэдна да тэмы даклада, каб крыху закрануць і акрэсліць кола тых пытанняў, якія вымагаюць свайго рашэння, а таксама прапанаваць магчымыя варыянты транслітарацыі іспанскіх, італьянскіх і партугальскіх асабовых назоўнікаў у беларускай мове.
Адразу выкажам пажаданне, што было б значна лепш, калі б пасля беларускамоўнай транслітарацыі ў дужках стаяла іншаземнае словаў арыгінале: напр., ісп. Бланка Мэндэс (Blanka Mendez), італ., Умбэрто Боссі (Umberto Bossi), парт. Алвару Гомэш (Alvaro Gomes).
Неабходна таксама адзначыць, што некаторыя геаграфічныя назвы маюць традыцыйнае напісанне, таму ў нашым дакладзе мы не будзем іх разглядаць (La Habana – Гавана, Roma – Рым, Napoli – Неапаль, Firenze – Фларэнцыя, Genova – Генуя, Padova – Падуя, Lisboa – Лісабон, Rio de Janeiro – Рыо-дэ-Жанейра).
Каб правільна перадаць замежнае найменне, трэба мець на ўвазе асноўныя адетныя рысы фанетычнага ладу гэтых моваў. Для іспанскай і італьянскай характэрныя характэрныя адсутнасць рэдукцыі ненаціскных галосных, вялікая колькасць дыфтонгаў і трыфтонгаў, адсутнасць змякчэння зычных перад е і і, наяўнасць зычных гукаў, якіх няма ў беларускай мове. Адной з самых адметных рысаў італьянскай мовы з’яўляецца таксама наяўнасць падвоеных зычных. Для партугальскай мовы акрамя вялікай колькасці дыфтонгаў і трыфтонгаў, характэрная наяўнасць рэдукцыі галосных о і е ў ненаціскным складзе, мноства насавых галосных, якіх няма ў беларускай мове. Зыходзячы з таго факта, што часта немагчыма абсалютна дакладна перадаць гучанне чужога слова, у шэрагу выпадкаў мы карысталіся прынцыпам апраксімацыі, ці прыблізнай перадачы гучання.
Сярод многіх спрэчных пытанняў мы выбралі толькі некаторыя, якія падаюцца нам найбольш важнымі і складанымі.
1. Ужыванне літары э для перадачы гука [e]. Мы ж дбаем пра тое, каб як мага бліжэй да гучання чужога слова перадаць яго па-беларуску. Чаму пішацца Альберто, а не Альбэрто, Тэнэрыфэ, Алікантэ, Даменіка – Дамэніка, Сталоне – Сталонэ, Павезе – Павэзэ, Вэрсаче, Джупэзэ, Фэрнанду (-о, -а)? Дарэчы, чаму вядомы ўсім горад у Бразіліі называецца Рыо-дэ-Жанейра, калі ён павінен называцца Рыў-ды-Жанэйру? Нашы прапановы па перадачы ненаціскнога партугальскага е гл. ніжэй.
2. Як пісаць і вымаўляць іспанскія і італьянскія мужчынскія імёны, якія заканчваюцца на –о?
Тыя нешматлікія беларускія газеты, што выдаюцца ў нас, часта перадаюць іх чыста фармальна. Калі ў рускай мове на канцы –о, значыць у нашай мае быць –а. Але тут ёсць над чым паразважаць. Гаворка ідзе пра тое, што ў гэтых дзвюх мовах – іспанскай і італьянскай – мужчынскія і жаночыя імёны з адным коранем адрозніваюцца менавіта канчаткам (парт. Paulo / Paula, Franco / Franca, італ. Paolo / Paola, Giuglio / Gioglia, ісп. парт. Julio / Julia, Mario / Maria, Emilio / Emilia, парт. Augusto / Augusta). З партугальскай мовай крыху прасцей, бо на канцы слоў вымаўляецца гук [u], так што тут праблем няма.
У дадзеным выпадку, мы лічым, трэба захаваць розніцу, а вымавіць такія словы не так ужо і цяжка (ёсць жа слова радыё): ісп. Alexandro / Alexandra, ісп. Алессандро / Алессандра, парт. Камілу / Каміла. Праблему складае напісанне і вымаўленне канцавога –io: Джуліо або Джуліё, Сэрхіо або Сэрхіё?
Такім чынам, сустрэўшы ў газеце імя Франчэко Б’янка, нам адразу вядома, што гэта – мужчына. Калі бачым Франчэска Мэла, то гэта адназначна жанчына. Усё сказанае мае дачыненне толькі да імёнаў, а не да прозвішчаў, якія трэба пісаць у адпаведнасці з законамі беларускай мовы: Picasso – Пікаса, Bruno – Бруна.
3. Як перадаваць злучэння літар ti, di? Праз ці, дзі, або ўсё ж бліжэй да арыгінала праз ты, ды. Напрыклад, Diego – Дыего (Дыега?), Gaudi – Гаўды або Гаўдзі, Dino – Дыно або Дзіно, Agostino – Агастыно або Агасціно, Claudia – Клаўдыя або Клаўдзія, Sordi – Сорды. Мы схіляемся больш да варыянта з цвёрдымі т і д.
4. Ці мэтазгодна адмаўляцца ад перадачы італьянскіх падвоеных зычных? Сёння дзейнічае правіла, паводле якога пішацца толькі адна зычная. А чаму так? Хіба італьянскія словы з такімі зычнымі цяжка вымаўляць беларусу? І ці абгрунтаванае гэтае правіла? Глядзіце самі: Cossiga, Bossi – Кассіга, Боссі (бел. кассё), Buzzati – Буццаты (бел. давацца, біцца, купацца), Puccini – Пуччыні (бел. ламачча), Gianni – Джанні (бел. варэнне, спатканне), Vercelli – Вэрчэллі (бел. галлё).
Калі ў італьянскай мове літаральна ўсе зычныя могуць быць падвоеныя, то для беларускай характэрныя галоўным чынам толькі мяккія, але гэта, як нам здаецца, нікога не павінна бянтэжыць. Таму і могуць быць Джузэппэ, возера Мадджорэ, Джан Лука Бэртынэтта, Марчэлло Мастраянні, Джуліё Андрэоты, Асвальдо Леуццы.
5. Міжзубныя шыпячыя зычныя ў іспанскай мове перадаюцца па-беларуску праз с. Напрыклад, Cecilia – Сэсілія, Gonzalvez – Гансалвэс, Badajoz – Бадахос.
6. Як перадаваць n і дыграфы ll, gli, gn, lh, nh? Параўн.: ісп. Duenas – Дуэньяс або Дуэняс, Valladolid – Вальядалід; італ. Bologna – Балонья, Cerignola – Чэрыньёла, Gagliano – Гальяна; парт. Cunhal – Кунял або Куньял, Mihno – Міню або Мінью.
7. Пытанне перадачы насавых галосных у партугальскай мове мы лічым ці не самым складаным. Напрыклад, назву горада Santarem можна перадаць як Сантарэнь, Сантарэй, Сантарэм. А як транслітаваць вельмі распаўсюджанае імя Joao – Жуау, Жоау, Жоао, Жуан або Жоан?
8. Як перадаць з партугальскай мовы ненаціскныя галосныя e і о? Звычайна ва ўсіх ненаціскных выпадках літара о перадаецца праз у: Faro – Фару, Porto – Порту, Coimbra – Куімбра, Lagos – Лагуш, Portimao – Пуртыман або Пуртымаў, а літара е перадаецца праз э: Peniche – Пенішэ, Estremoz – Эстрэмош. Акрамя таго, ёсць іншыя даволі спрэчныя моманты, калі адно і тое ж слова можна транслітараваць па-рознаму. Напрыклад, Eca de Quieroz – Эса ды Кэйрош або Эса дэ Кэйрош, Bocage – Букажы або Букажэ.
9. Дыфтонгі і + а, е, о, u перадаюцца праз спалучэнне апострафа і ётаванай галоснай: Garcia Gutierrez – Гарсія Гут’ерэс, Mieres – М’ерэс, Castra–Urdiales – Кастра–Урд’ялес, Piacenza – П’ячэнца, Piemonte – П’емонтэ, Civitavecchia — Чывітавэк’я, Viano do Castelo – В’яна ду Каштэлу.
Такім чынам большасць разгледжаных варыянтаў не з’яўляюцца канчатковымі. Усім зацікаўленым мовазнаўцам прапануем далучыцца да гэтай важнай работы і агульнымі намаганнямі распрацаваць належныя інструкцыі па транслітарацыі замежнай анамастыкі ў беларускай мове – тым больш, што тут ёсць шырокае поле дзейнасці.

(Беларусь паміж Усходам и Захадам. — Ч. 2. — Мінск, 1997. — С. 149 — 152)

Цэтлікі: ,

1 Комментарии на это сообщение

  1. Sergij Says:

    Усіх зацікаўленых запрашаем у суполку «Граматица» vk.com/gramatica

Ответить

  Проверка PR и ТИЦ
Нашы сябры:
Казкі беларускія!