A A

З. Саўка. МАЗАІЧНАЯ АРТАГРАФІЯ

Чцв, 12 сакавіка 2009

Беларуская мова

Аўтару гэтых радкоў ужо ня раз даводзілася выступаць на тэму новых зьменаў у беларускім афіцыйным правапісе. Летась «АRCHE» дало нам магчымасьць на 125 сваіх бачынах апублікаваць разгорнутую рэцэнзію на кадыфікацыйны дакумэнт, які тады мы назвалі Міністэрскім праектам, а з моманту яго прыняцьця Палатаю прадстаўнікоў і зацьверджаньня галавою дзяржавы ў чэрвені 2008 г. — Правапісным законам-2008 [1].

«Правілы левапісу» выйшлі ў момант, калі Міністэрскі праект перабываў у стадыі абмеркаваньня і на яго канчатковы зьмест яшчэ можна было паўплываць. Спадзяемся, нам гэта ў нейкай ступені ўдалося (на адпаведныя месцы ўкажам у наступных разьдзелах). У тым тэксьце мы мусілі выяўляць вынаходлівасьць і абачлівасьць, імкнул іся пазьбягаць вострых праблемаў і жорсткіх фармулёвак, нават сам тэкст напісаць афіцыйным стандартам — усё дзеля таго, каб быць пачутым.

Аднак справа зробленая — праект стаўся законам. Цяпер можна адкінуць пэўную дыпляматычнасьць, эліпсы недагаворак ды замоўчваньняў і нарэшце назваць усё сваімі імёнамі.

I. ЗЬНЯВЕЧАНАЯ ЭПОХАЮ

Быў час, быў век, была эпоха.

Сказ пра Лысую гару

Нібы на полі сечы — эпоха пакідае свае меткі на мове, у тым ліку на яе твары — артаграфіі.

Цягам ХХ ст. беларуская мова зазнала найглыбейшую функцыйную зьмену: пад прэсам татальнай асыміляцыі са сродку камунікацыі, які абслугоўваў істотную частку сфэраў жыцьця народу, мова ператварылася ў сродак самаідэнтыфікацыі ды «інша- ідэнтыфікацыі», у сродак маніфэстацыі сьветапоглядных прыярытэтаў, нават у сродак мадэляваньня будучыні. Не пагаджуся з тымі, хто абураецца з «манкуртаў, што выракліся свайго роднага», г. зн. зь іншамоўнае большасьці. Віна гэтае большасьці толькі ў тым, што яна выбрала стратэгію выжываньня. Такую стратэгію выбрала бальшыня зьніклых ужо нацыянальных супольнасьцяў, пра колішняе існаваньне якіх мы даведваемся адно з каналу «Дыскавэры». На такім тле лёс беларускае мовы выглядае не такім ужо гаротным — яна яшчэ існуе.

Іншая рэч: ці можна гэтае існаваньне назваць паўнавартасным жыцьцём, калі сам зьмест мовы, сукупнасьць яе праяваў, само напаўненьне паняткаў «беларуская мова, па-беларуску» вызначаецца не самаразьвіцьцём, ня сумаю вэктараў нутраной барацьбы рознаскіраваных трэндаў, а ў незраўнёна большай ступені — узьдзеяньнем вонкавых сілаў — як лінгвістычнага (іншамоўны ўплыў), так і палітычнага характару.

Трэба прызнаць, нават бальшыня беларускіх філёлягаў мае даволі цьмянае ўяўленьне пра гісторыю цяперашняга беларускага правапісу: за саветамі цікаўнасьць да гэтае тэмы не ўхвалялася (бо магла выявіцца сапраўдная роля савецкай улады ў «разьвіцьці» беларускае мовы), а ў постсавецкі час ужо было не да таго. У кароткія гады адраджэньня змагаліся за тое, каб Беларусь «загаварыла на мове», а пасьля — каб проста застацца ў прафэсіі — на тле скарачэньня гадзінаў на беларускую мову спачатку ва ўнівэрсытэтах, а пасьля сёлетняй адукацыйнай рэформы — нават і ў школе. Шырэйшая ж беларускамоўная публіка ведае толькі, што была граматыка Тарашкевіча, потым адбылася рэформа 1933 г., потым быў Звод-1957, якім і карыстаюцца дасёньня.

У сапраўднасьці ж шлях да цяперашняга стану артаграфіі быў незраўнёна больш пакручасты й на яго зьвівы, на жаль, больш уплывалі не грамадзкія абмеркаваньні ці дыскусіі навукоўцаў, а жорсткія рэаліі бурлівай савецкай, а цяпер ужо постсавецкай гісторыі. Каб выжыць, яму дасюль прыходзіцца «хістацца разам зь лініяй партыі».

Замоўленая часам

Тарашкевіцы сёлета споўнілася 90 гадоў. Паказальны момант: Беларусь атрымала свой унармаваны правапіс адначасова з абвяшчэньнем незалежнасьці. Новая палітычная сытуацыя нібы аб’явіла тэндэр мовазнаўцам на напісаньне «бібліі мовы». У канкурэнтнай барацьбе за права стаць грунтам правапіснай кадыфікацыі ўдзельнічалі чатыры працы: апроч Тарашкевічавай «Bieіaruskaj hramatyki dla ?ko?», практычна адначасова выйшлі «Hramatyka bie?aruskaj mowy» Браніслава Пачопкі, «Bie?aruski prawapis» Антона Луцкевіча і Яна Станкевіча (усе тры — у Вільні) і нарэшце — «Prosty sposab stаcca u karotkim ?asie hrаmatnym» (Брэслаў, цяпер Уроцлаў) нямецкага славіста Рудольфа Абіхта і таго ж Яна Станкевіча. Усе — лацінкаю. Граматыка Тарашкевіча кірыліцаю выйшла ў тым жа годзе, але пазьней за лацінкавую [2].

Тарашкевічава кадыфікацыя перамагла канкурэнтаў з колькіх прычынаў: яна была найбольш грунтоўнаю, ахоплівала бальшыню артаграфічных калізіяў, у значнай ступені працягвала практыку беларускага друку папярэдняга пэрыяду; кніга ўтрымлівала практыкаваньні, што дазваляла выкарыстоўваць яе ў дыдактычных мэтах. Але быў яшчэ адзін чыньнік: «Граматыка для школ» зьявілася на замову беларускае палітычнае эліты.

А сёньня, як бы ні ставіліся да тарашкевіцы крытыкі яе сучаснага выкарыстаньня, аднак і яны ня могуць адмаўляць відавочнага факту, які прызнаваўся нават за савецкім часам:

[Праца Тарашкевіча] прадстаўляе сабой першы і тым не менш вельмі ўдалы вопыт вылучэння асноўных заканамернасцей беларускай мовы. Прапанаваная аўтарам фанетыка-граматычная сістэма беларускай мовы замацавалася як сістэма яе літаратурных норм... Неабвержным доказам правільнасці выбранага напрамку ў развіцці беларускай літаратурнай мовы служыць тое, што сучасная беларуская літаратурная мова адлюстроўвае ўсе галоўныя асаблівасці і нормы, вызначаныя ў свой час Тарашкевічам [3].

Такім чынам, усе пазьнейшыя праекты і рэформы бралі за аснову зробленае Тарашкевічам — нават калі выступалі з дыямэтральна процілеглымі разьвязаньнямі.

Праект-1930 [4]

1920-я гг. сталіся для мовы ў БССР часам вольніцы. Хоць і тады «мелі месца прыкрасьці», калі «прыкрасьцю» можна назваць, напрыклад, арышт «галоўнага артографа» БССР Язэпа Лёсіка ў 1922 г. — пасьля таго, як орган ЦК КП(б)Б газэта «Звезда» (тады яшчэ празь е) назвала Лёсікаву «Практычную граматыку беларускай мовы» контрарэвалюцыйнаю.

Несумненна, зь бегам часу правапісная практыка ставіла новыя пытаньні, адказы на якія не заўсёды знаходзіліся ў Тарашкевічавай працы. Братам Язэпу й Антону Лёсікам удалося надаць (калі не навязаць) прадстаўнічай Акадэмічнай канфэрэнцыі 1926 г. артаграфічны акцэнт, хоць пачаткова гэты міжнародны форум задумляўся, відаць, найперш як дэманстрацыя росквіту беларушчыны ў Краіне Саветаў і трыюмфу нацыянальнае палітыкі бальшавікоў.

Канфэрэнцыя, даўшы трыбуну як рэфарматарам, так і іхным апанэнтам, паклала пачатак рэгулярнай кадыфікацыйнай дзейнасьці: увосень 1927 г. утварылася Правапісная Камісія ў складзе акадэмікаў Сьцяпана Некрашэвіча (старшыня), Язэпа Лёсіка, Вацлава Ластоўскага, Яна Луцэвіча (Купала), дацэнта БДУ Анатоля Багдановіча (сакратар), доктара навук Пятра Бузука, навуковых працаўнікоў Інбелкульту Янкі Бялькевіча і Ўладзіслава Чаржынскага.

Да 1929 г. улады яшчэ не мяшаліся ў нутраны працэс моўнага будаўніцтва. Лёзунг «нацыянальнае па форме, сацыялістычнае па зьмесьце» сапраўды працаваў: важна было ня як, а што. Таму сваю дзейнасьць Камісія пачынала ў адносна спрыяльных умовах, аднак працягваць ужо мусіла ў экстрэмальных...

Пад канец 1920-х гг. Савецкі Саюз уступіў у новую стадыю: забарона прыватнай уласнасьці (канец НЭПу), пачатак калектывізацыі ды індустрыялізацыі. Экспансія нісцкія пляны («сусьветная рэвалюцыя») савецкага кіраўніцтва патрабавалі ўнітарызацыі савецкай імпэрыі, што прывяло да аднаўленьня русіфікацыі, якая праходзіла пад лёзунгамі «збліжэньня пролетарыяту і працоўнага сялянства ўсіх рэспублік СССР». Аднак адначасова са сталінскае рыторыкі яшчэ ня зьніклі заклікі барацьбы зь вялікадзяржаўным расейскім шавінізмам [5]. Тым жа мэтам служыла і разгортваньне ня бачанай дагэтуль у гісторыі рэструктурызацыі грамадзтва — зьнішчэньня традыцыйных станаў (саслоўяў), што вылілася ў барацьбу з «дробнаю буржуазіяй» і ўсімі яе праявамі, у тым ліку — у мове. У газэтах і на сходах усё гучней чуліся патрабаваньні вымесьці ўсё панскае, мяшчанскае, кулацкае, усё старое і прагнілае, даць дарогу здаровай творчасьці працоўных масаў.

На «нацыянальных ускраінах» спыняецца працэс «каранізацыі», «на месцы» прыбываюць дзясяткі тысяч чыноўнікаў расейскага паходжаньня, «нацыянальныя адраджэньні» імгненна затухаюць, а іх ідэолягі ды рэалізатары робяцца ня толькі непатрэбнымі, але і непажаданымі элемэнтамі. У Беларусі пачынаецца «барацьба з нацдэмаўшчынай»; у кастрычніку 1929-га Саўнаркам БССР звальняе Некрашэвіча з пасады віцэ-прэзідэнта Беларускай Акадэміі Навук і Правапісная Камісія тут жа спыняе сваю працу. Вынікі яе дзейнасьці ўсё ж такі выходзяць друкам на пачатку 1930 г.

* * *

Збольшага Праект-1930 працягваў і разьвіваў Тарашкевічаў правапіс [6], а таксама спрашчаў яго, дзеля чаго прапаноўвалася, напрыклад:

— адмовіцца ад выключэньняў зь яканьня ў лічэбніках: дзявя'ты, дзяся'ты, сямна'ццаць, васямна'ццаць, але пяцьдзеся'т, семс?т, восемс?т;

— не скарачаць у- , і- на пачатку слова, у службовых словах у, і (старая удава [7], яна і ён);

— пісаць апостраф пасьля мяккіх (замест зьезд — зезд, а таксама: рэлеф, каняк).

Такім чынам, ажыцьцяўлялася пэўная дэфанэтызацыя пісьма. Цалкам слушнаю трэба прызнаць адмову ад самага спрэчнага тарашкевіцкага правіла — правядзеньня яканьня ў 2-м складзе перад націскам, калі ў 1-м пераднаціскным няма а/я (т. зв. «правіла якання ў другім складзе» або «правіла другога складу»):

пад націскам Пераднаціскныя склады

1-шы 2-гі 3-ці

ле'с — лясьнік — лясьнікі — лесьніч?ўка

Таму ў школе існаваў тэрмін «лічыць склады» — выяўляць месца націску і такім чынам выводзіць, «вылічваць», е ці я мусіць пісацца ў тым ці іншым слове на пэўным месцы. Калі ж у 1-м пераднаціскным складзе апыналіся а або я, то яканьне ў 2-м складзе не праводзілася.

Упершыню зьвярталася ўвага на артаграфію о/ё ў неапошняй частцы складаных словаў, аднак нейкага выразнага разьвязаньня гэтая праблема не знайшла: у «старой» лексыцы прапаноўвалася праводзіць аканьне, а «ў наватворах, у якіх адчуваюцца абедзьве складовыя часткі», пакідаць о/ё (чырвонаармеец, прыродазнаўства, трохпавярховы, штодзённы, цьвёрдакрылы), інакш кажучы, вырашаць пытаньне ў слоўнікавым парадку.

Правапісны збор узбагаціўся новымі разьдзеламі, якія асобна рэгулявалі правапіс іншамоўных словаў — як агульных, так і уласных назваў. Такім чынам, у гэтым дакумэнце ўпершыню фармуляваліся асновы беларускае практычнае транскрыпцыі, чым ён, відаць, паслужыўся... Зводу-1959, пра што гутарка ніжэй.

Асобна трэба сказаць пра адмову ад паказу асыміляцыйнае мяккасьці (прасьцей кажучы, скасаваньне мяккага знака). Такую прапанову выказваў яшчэ ў сярэдзіне 1920-х Язэп Лёсік, абгрунтоўваючы яе тым, што беларус інакш як мякка з, с, дз, ц перад мяккімі вымавіць проста ня здолее, таму паказваньне асыміляцыйнае мяккасьці на пісьме — лішняе, збыткоўнае.

У Праекце ж гэтае рашэньне зьявілася толькі ў карэктуры — гэта значыць на мяжы 1929—1930 гг., калі пачала раскручвацца антынацдэмаўская кампанія. Дагэтуль Правапісная Камісія згадзілася на тым, што мяккі знак варта прыбраць выключна ў падоўжаных ньн, льл, зьз, сьс, дзьдз, цьц (насенне, сьмецце, суддзя або судздзя). Скасаваць мяккі знак у іншых пазыцыях катэгарычна не згаджаўся старшыня Камісіі Некрашэвіч, які на момант рыхтаваньня дакумэнту да друку ўжо страціў свае званьні й дажываў апошнія месяцы на волі. Рашуча не прыняў скасаваньня ь і Купала. Ластоўскі прапанаваў фактычна вярнуцца [8] да лацінкавае дыякрытыкі (надрадковых знакаў), скарыстаўшы замест ь — акут: з'няў, ?нег, ц'мяна.

* * *

Правапісная Камісія спадзявалася, што плод яе нялёгкіх рашэньняў нарэшце трапіць на шырокае абмеркаваньне грамадзтва, якое ў выніку дэмакратычнае працэдуры выбера найбольш аптымальныя правілы, а сама Камісія прыступіцца да складаньня першага ў гісторыі беларускае мовы артаграфічнага слоўніка. Але цягам лютага-жніўня 1930-га па справе Саюзу вызваленьня Беларусі чэкісты арыштоўваюць шасьцёх з васьмі аўтараў Праекту. Пасьля «гутарак» у Дзяржпалітупраўленьні Купала рэжа сабе жылы [9].

Гэтыя падзеі паставілі крыж на Праекце-1930: як створаны «ворагамі народу», ён ужо ня меў шанцаў на апрабату ўладаў:

Проект «Правапіснай камісіі БАН» 1930 г. («Беларускі правапіс»)... быў складзены яшчэ пры нацдэмаўскім кіраўніцтве Інстытуту мовазнаўства, і таму нацдэмаўскія ўстаноўкі выразна адбіваюцца як у самім проекце, так і ў даданых да проекту заўвагах паасобных членаў правапіснай камісіі... [10]

Праект-1933 [11] Згортваньне нацыянальных «будоўляў» на мяжы 1920-х — 1930-х і аднаўленьне саветамі русіфікацыйнае палітыкі царызму выклікала да жыцьця новую зьяву. Ведамы ўкраінскі мовазнавец Юрый Шэвэлёў выявіў наступную асаблівасьць эпохі ў прыкладаньні да ўкраінскае мовы:

Дзяржаўнае ўмяшаньне наагул, а ў нашым выпадку з боку ўладаў, апанаваных расейцамі, у нутраныя законы мовы было савецкім вынаходзтвам і навіною. Ні палякі, ні румыны, ні чэхі ў гэта не паглыбляліся, як не паглыблялася царская адміністрацыя дарэвалюцыйнае Расеі. Яны ўсе абмяжоўваліся да захадаў вонкавага ціску: забаранялі ўжываць украінскую мову прылюдна, цалкам або часткова; накідалі дзяржаўную мову праз сыстэму асьветы; зваблівалі ўкраінцаў сваёй культураю ды магчымасьцю рабіць кар’еру; перасялялі іх на неўкраінскую тэрыторыю, а ўкраінскія землі засялялі прадстаўнікамі паноўнае нацыі і г. д. Побач з гэтымі «клясычнымі» мэтадамі савецкая сыстэма ўсталёўвае кантроль над структураю ўкраінскае мовы: забараняе пэўныя словы, сынтаксічныя канструкцыі, граматычныя формы, правапісныя і артаэпічныя правілы, а замест іх накідае іншыя, бліжэйшыя да расейскіх або жыўцом перанесеныя з расейскае мовы. Барацьба адбывалася ня толькі ў людзкой псыхіцы, а і ў самой мове [12].

Гэтае цьверджаньне будзе справядлівым у дачыненьні й мовы беларускай: у адрозьненьне ад іншых вонкавых уладаў, расейскі бальшавізм пачаў ня толькі зьнішчаць іншароднае для яго цела, але перайначваць гэтае цела сьсярэдзіны, перанёсшы поле бою ў самое нутро ворага [13].

Дарэчы, пэўнае саветызацыі не пазьбеглі й іншыя мовы, носьбіты якіх траплялі пад палітычны ўплыў саветаў. Прыкладам, у польскай мове ў 1950-я гг увялі ў якасьці афіцыйнай формы зварот на «вы + дзеяслоў 2 ас. мн. л.» — на ўзор расейскае мовы, замяніўшы ім традыцыйны зварот праз «пан/пані + дзеяслоў 3 ас. адз. л.». Гэтая форма пражыла ў Польшчы роўна столькі, колькі камуністычнае кіраваньне.

Аднак найбольшыя скажэньні зазналі ўкраінская і беларуская мовы. Пакуль у БССР ішлі арышты «нацдэмаў», Сталін у сваім выступе з трыбуны XVI зьезду Кампартыі (чэрвень-ліпень 1930 г.) даваў зразумець, што ўсьведамляе асаблівую ролю ўкраінскага і беларускага чыньнікаў у эўрапейскім геапалітычным пасьянсе:

...надо принять во внимание... одно обстоятельство, имеющее отношение к ряду наций СССР. Есть Украина в составе СССР. Но есть и другая Украина в составе других государств. Есть Белоруссия в составе СССР. Но есть и другая Белоруссия в составе других государств. Думаете ли вы, что вопрос об украинском и белорусском языках может быть разрешён вне учёта этих своеобразных условий? [14]

Пазьней украінска-беларуская «змычка» ня раз адыграе сваю ролю ў гісторыі нашых народаў, у тым ліку — у лёсе нашых моваў.

* * *

Яшчэ не пасьпела высахнуць друкарская фарба на асобніках Праекту-1930, яшчэ бальшыня сябраў Правапіснае Камісіі БАН заставалася на свабодзе, а створаны імі дакумэнт... ужо стаўся мінуўшчынаю. Аднак патрэба ў правапісных зьменах заставалася на парадку дня. Праўда, калі Праект-1930 інсьпіраваўся людзьмі, якія рупіліся пра будучыню беларушчыны, то цяпер за справу бярэцца камуністычнае кіраўніцтва, якое скарыстоўвае інтэнцыю ператварэньняў далёка ня дзеля ўмацаваньня пазыцыяў мовы. Складаньне новага праекту даручаецца акадэмічнаму Інстытуту мовазнаўства, калектыў якога ўжо 8 сакавіка 1930-га зьбіраецца на сваё першае паседжаньне ў гэтай справе. У жніўні арыштоўваюць, але неўзабаве вызваляюць Пятра Бузука (магчыма, паўплывала ягонае небеларускае паходжаньне — арышт украінца з Бэсарабіі за беларускі нацыянал-дэмакратызм мог бы выглядаць непераканаўчым) і ў 1931 г. яму давяраюць ачоліць Інстытут.

Як вядома, бальшавікі пасьля ліквідацыі нацдэмаў сталі рыхтавацца да рэформы беларускага правапісу й тэрміналёгіі. Восеньню 1932 году сталі ўкладаць праект. Прафэсар Бузук быў кіраўніком Катэдры беларускай мовы ў Беларускай Акадэміі Навук. Напэўна, на яго наляталі камуністыя, каб ён прыняў удзел у рэформе, але прафэсар Бузук быў праціўнікам рэформы [15]. Аднаго разу спачатку навучальнага году ён склікаў сход студэнтаў-лінгвістаў усіх курсаў, дзе абгаворваліся тыя словы, што меліся быць зьмененыя. Ён пытаўся ў студэнтаў розных акругаў, як у іх вёсках вымаўляецца тое ці іншае слова. Бальшыня студэнтаў выказвалася, што гэтыя словы ў вёсках на мясцох вымаўляюцца так, як яны пісаліся пры нацдэмах. У гэткім духу й была напісана па гэтым пытаньні рэзалюцыя. Я ня ведаю, ці звальняўся праф. Бузук пры арышце першай групы нацдэмаў, але памятаю, што на яго былі вялікія нападкі ў друку як за працы ў беларускім мовазнаўстве, гэдак і за тое, што ён залічаў Кубаншчыну да ўкраінскага народу. А гэтыя ягоныя «грахі» былі выкрыты надта несумленным парадкам [16].

Пачатак 1933-га. Ідзе вынішчэньне «кулачча» [17], на Ўкраіне і Беларускім Палесьсі лютуе Галадамор, нацыянальная эліта ўжо адбывае тэрміны ў ГУЛАГу або ў высылцы, а газэты надалей поўняцца закідамі на адрас «беларускіх нацдэмаў і нацыянал-фашыстаў, якія імкнуліся пабудаваць штучны бар’ер паміж культурамі братніх савецкіх рэспублік РСФСР і БССР». У такой атмасфэры новы праект мусіць — у адрозьненьне ад свайго «папярэдніка»-1930 — ужо належным чынам «адгукацца на патрабаваньні часу» і адпавядаць цэламу шэрагу супярэчлівых адно аднаму, узаемавыключных, не заўсёды выканальных (або наагул невыканальных) патрабаваньняў:

1. У сьвятле «барацьбы з нацдэмаўшчынай» — дыстанцыявацца ад прынцыпаў і даробку «нацдэмаў», што азначала найперш адмову ад зьменаў, прапанаваных Праектам-1930, а на роўні прынцыпаў — ад пурызму.

2. Як новы праект, рэфармацыйны — істотна адрозьнівацца ад тарашкевіцы [18].

3. Адгукаючыся на патрэбу пашырэньня пісьменнасьці — быць істотна прасьцейшым за тарашкевіцу, што на практыцы магло спрыяць або фанэтызацыі («як чуецца — так і пішацца»), або русіфікацыі (стаць наборам мэханічных адпаведнасьцяў расейскаму пісьму ці наўпрост адлюстроўваць расейскія напісаньні).

4. Ухіляючыся ад «вялікадзяржаўніцкіх тэндэнцый, якія выяўляліся ў імкненьні даныя факты замежных слоў перадаваць абавязкова ў рускім вымаўленьні (лампа, сацыалогія, арыхмеціка, фанэціка)» (с. 8) — захоўваць традыцыйнае, уласьцівае тарашкевіцы афармленьне, не дапускаючы расейскага ўплыву.

5. Улічваючы патрабаваньне збліжацца з мовамі іншых народаў СССР — масава ўводзіць саветызмы (найперш русізмы й расейскія наватворы з савецкага навамоўя, а таксама «ідэалягічна правільныя» інтэрнацыяналізмы), што адчувальна ўплывала на аблічча мовы, на яе графічны бок.

6. У выпадках значнай дыялектнай разьбежнасьці пэўных фанэтычных зьяваў — улічваць іх лінгвагеаграфію, выбіраючы найбольш пашыраныя.

7. «Чуйна прыслухаючыся да народнае мовы, да мовы гарадзкога і сельскага пралетарыяту, беднякоў і сераднякоў, а не кулацтва, шляхты й мяшчанства» — прасяваць моўны матэрыял празь сіта палітычнае цэнзуры.

8. Беручы пад увагу пэрспэктыву аб’яднаньня беларускіх этнічных тэрыторыяў («далейшае разьвіцьцё сусьветнае рэвалюцыі») — не абмінаць моўных праяваў з Заходняе Беларусі, найперш дыялектных.

ПРАПАНОВЫ ПРАЕКТУ-1933

Прапанова Прыклады Адпаведнасьць маніфэставаным задачам
Скасаваньне мяккага знака зняць, свет, цвісці Спрыяла русіфікацыі пісьма, яго дэфанэтызацыі. Сьледаваньне Праекту-1930
Замена разьдзяляльнага ь на апостраф пасьля мяккіх зычных было: зьява, разьюшаны прапанова: з’ява, раз’юшаны
Сьцягненае напісаньне падоўжаных ньн, льл, зьз, сьс, дзьдз, цьц, жж, шш, чч — н, л, з, с, дз, ц, ж, ш, а таксама ў лічэбніках цц — ц насене, галё, зяе, рызё, калосе, судзя, жыцё, збожа, заціша, ночу; адзінацаць, трыцаць Рэзка супрацьставіла дакумэнт і тарашкевіцы, і Праекту-1930, набліжаючы адпаведныя словы да польскай мовы. Мела сьведчыць пра ўлік дыялектных фактаў з усёй беларускай этнічнай тэрыторыі [19]
Адсутнасьць скарачэньня у- , і- ды словаў у, і пасьля галосных лепшы ударнік, тэмпы і якасьць Дэфанэтызацыя пісьма. Прапанова аднаго з галоўных «нацдэмаў» — Я. Лёсіка [20]
Адмова ад яканьня ў 2-м пераднаціскным складзе было: нявысoкі, бяспрытyльны

прапанова: невысoкі, беспрытyльны
Сьледам за Праектам-1930, спрыяла спрашчэньню
Падпарадкаваньне лічэбнікаў яканьню дзявяты, дзясяты, пяцьдзясят У адпаведнасьці з Праектам-1930
Афармленьне фіналяў -дзк- , дзтв- праз -дск- , -дств- грамадскі, суседства Як у расейскай мове — насуперак польскай
Правядзеньне аканьня ў пазычаньнях (толькі ў дачыненьні о ў сярэдзіне слова); літара ё ўва ўсіх пазыцыях і канцавое -о застаюцца нязьменнымі маналёг, каапэрацыя, фанэтыка, Арджанікідзэ, Афэнбах; але нэто, інкогніто, солё, Лёкарно Ва ўмовах панаваньня расейскае мовы спрыяла фанэтызацыі й пэўнаму спрашчэньню пісьма [21]. Прапанова аднаго з галоўных «нацдэмаў» — С. Некрашэвіча [22]
Перадаваньне грэцкага th або праз ф, або праз т — у залежнасьці ад перадаваньня ў расейскай мове было: міт, арытмэтыкапрапанова: міф, арыфмэтыка Замацаваньне расейскае мовы як пасярэдніка для пазычаньняў з трэціх моваў
Увядзеньне асобных літараў для гукаў [дз], [дж] Канкрэтных прапановаў адносна канфігурацыі літараў у Праекце не было [23] Адпавядала пурызму й фанэтызацыі. Пярэчыла русіфікацыі, «пераадоленьню нацдэмакратызму» [24]
Дапускаецца ўжываньне дзеепрыметнікаў на -учы/-ючы, -ачы/-ячы; -омы/-емы, -імы/-ымы рашаючы, завяршаючы, меншавіцтвуючы; эксплёатуемы, нецярпімы Уводзяцца неўласьцівыя беларускай мове формы — на ўзор расейскай -імы/-ымы

ПРАПАНОВЫ, ДАДАДЗЕНЫЯ ПА ВЫНІКАХ АБМЕРКАВАНЬНЯ

(улучаныя ў выданьне Праекту-1933)

Марфалягічнае напісаньне спалучэньняў «зычны + -ск-» было: парыскі, каўкаскі прапанова: парыжскі, каўказскі Адпавядае расейскаму напісаньню
Увядзеньне -й на канцы дзеепрыметнікаў існуючый, пануючый, існаваўшый, панаваўшый Уводзілася расейскае напісаньне — насуперак беларускай фанэтыцы; разбурала адзінства афармленьня прыметнікавых словаў
Дапушчэньне канчатка -ей для назоўнікаў 3-га скланеньня арцелей, сенажацей, плыней, дробязей, далоней Тоеснае расейскаму словазьмяненьню

Ня дзіва, што ў выніку Праект-1933 аказаўся надзвычай супярэчлівым і рознавэктарным: яго ніяк не выпадае назваць ні выразна русіфікатарскім, ні пурыстычным, ні самастойным. У галіне правапісу ўласнабеларускіх словаў дакумэнт прапаноўваў глыбокую рэвізію ранейшае практыкі, у афармленьні іншамоўнае лексыкі — захоўваў тарашкевіцкую аснову і амаль паўтараў Праект-1930, нягледзячы на абвешчаную яго стваральнікамі вайну «нацдэмаўскім устаноўкам» (гл. табліцу).

* * *

Не міне й паўгоду з моманту заканчэньня Інстытутам свае працы, як ракавыя падзеі лета 1933-га зьмятуць Праект у нябыт...

(Далей глядзі: Мэханіка зьнявечаньня)


__________________________________________

1. Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі. Мінск: Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь, 2008.


2. Adam Var?yha [Язэп Гладкі]. Prakty?nyja nazira?ni nad na?aj ?yvoj movaj. New York, 1966. S. 26.


3. І. І. Крамко, А. К. Юрэвіч, А. І. Яновіч. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы. Т. 2. Мінск, 1968. С. 162—163.


4. Беларускі правапіс (проект) / Апрацаваны Правапіснай Камісіяй Беларускае Акадэміі Навук. Менск, 1930.


5. Як вядома, Ленін зьвяртаў увагу на схільнасьць Сталіна да праяваў расейскага шавінізму (праца «К вопросу о национальностях или об «автономизации»), таму «Сталин… раз за разом, начиная с X съезда и кончая XVI, декларировал, что «великодержавный шовинизм» является главной опасностью в области национальной политики» (Игорь Шафаревич. Русский вопрос. Москва, 2003. С. 88).


6. Прыкладам, заставаліся напісаньні, што ў пазьнейшых кадыфікацыйных працах падлягалі зьменам: аб’ежчык; парыскі, чэскі; гарадзкі, людзкі; бяз нас, ня руш.


7. Вядома, такі прыклад цяпер наўрад лічыўся б паліткарэктным.


8. «Вярнуцца», бо кірылічны варыянт граматыкі Тарашкевіча — гэта ўсяго толькі трансьлітарацыя з лацінічнага.


9. Пазьбег рэпрэсіяў толькі Анатоль Багдановіч, які прычыніўся й да стварэньня Праекту-1933, аднак у 1934-м перад пагрозаю арышту зьехаў з БССР і ніколі не вярнуўся, усё астатняе жыцьцё выкладаў расейскую мову — пераважна «нацменам», склаў падручнік расейскае мовы для адыгейскіх школаў.


10. Прадмова да Праекту-1933. С. 4


11. Праект спрашчэння беларускага правапісу. Менск, 1933.


12. Юрій Шевельов. Українська мова в першій половині двадцятого століття (1900—1941). Стан і статус. Чернівці, 1998. С. 17. Цытуецца паводле выданьня: Українська мова у ХХ сторіччі: історія лінгвоциду: Документи і матеріали. Київ, 2005. С. 6.


13. Дзеля справядлівасьці трэба адзначыць, што ня толькі бальшавікі спрабавалі «руліць» моваю. У 1929 г. у Львове польскія ўлады выдалі беларускі «Lemantar» для патрэбаў беларускіх дзяржаўных школаў (на той момант такія ў Польшчы яшчэ былі). Заходнебеларуская грамадзкасьць сустрэла падручнік вельмі крытычна, бо матэрыял у ім выкладаўся не беларускаю, а польскаю лацініцаю. Аўтар, Станіслаў Любіч-Маеўскі, тлумачыўся, што ў друк ён здаў рукапіс з прынятымі ў беларускай лацініцы літарамі ?, ?, ?, а ня з польскімі cz, sz, ?. А за часоў фашысцкай акупацыі кіраўніцтва генэральнай акругі «Беларусь» не хавала свайго жаданьня, каб беларуская мова карысталася лацінічным пісьмом.


14. И. В. Сталин. Заключительное слово по политическому отчёту ЦК XVI съезду ВКП(б) 2 июля 1930 г. // Правда. 1930. № 181. 3 июля; Сочинения. Москва, 1952. Т. 13. С. 7.


15. Істотна, што Бузук не зьмясьціў у Праекце-1930 свайго асобнага меркаваньня ні па якім правіле, таму можна дапусьціць, што ён і сапраўды хацеў захаваць Тарашкевічаў правапіс.


16. Язэп Гладкі. Чутае — перажытае — бачанае. Машынапіс. Архіў БІНІМу (Нью-Ёрк).


17. Зьвяртае на сябе ўвагу наяўнасьць гэтага, лагодна кажучы, спэцыфічнага слова ў сьвежавыдадзеных акадэмічных слоўніках, нягледзячы на тое, што патрэба гэтага гістарызма ў сучаснай лексыцы — зьнікомая.


18. Праўда, не было мэты дэманстратыўна адмаўляцца ад зробленага Тарашкевічам: у часе стварэньня Праекту Тарашкевіч, яшчэ ў 1928-м завочна абраны акадэмікам Беларускай Акадэміі Навук за напісаньне «Граматыкі», — у польскай турме, «вязень польскага фашызму». У 1933-м яго (як камуністычнага дзеяча) саветы выменьваюць у палякаў на беларускага драматурга Францішка Аляхновіча (як польскага шпіёна), аднак ні жыць у БССР, ні займацца мовазнаўствам не дазваляюць, адправіўшы ў Маскву.


19. «Прапанова замяніць напісаньне падвойных літар... аднэй літарай... павінна дапамагаць спрашчэньню правапісу, паколькі з розных варыянтаў у гаворках выбіраецца больш простая форма. Улічыў тут проект і асаблівую пашыраннасьць форм без падваеньня ў гаворках Заходн. Беларусі» (Праект-1933. С. 6—7).


20. Язэп Лёсік. Да рэформы беларускага правапісу (у суаўтарстве з Антонам Лёсікам); паводле: Язэп Лёсік. 1921—1930: Збор твораў. Мінск, 2003. С. 212—216.


21. «Улічваючы дыялектычны процэс асваеньня шырокімі працоўнымі масамі замежных слоў, як адзін з этапаў стварэньня будучай інтэрнацыянальнай мовы, проект прапануе падпарадкаваць чужаземныя словы правілам аб аканьні..., бо сапраўды, хіба можна сёньня лічыць замежнымі такія словы, як комуна, соцыялізм, а тым больш такія скрыжаваныя словы як колгас, колгасьнік»(Праект-1933. С. 7).


22. Сьцяпан Некрашэвіч. Да пытаньня пашырэньня аканьня на чужаземныя словы // Полымя. 1926. №5. С. 123—130; паводле: Выбраныя навуковыя працы акадэміка С. М. Некрашэвіча: Да 120-годдзя з дня нараджэння. Мінск, 2004. С. 23—32.


23. У Праекце-1930 выказвалася пажаданьне, каб новыя літары «не супярэчылі-б агульнаму стылю ўсёй беларускай азбукі і па сваёй композыцыі станавілі-б лігатуры тых літар, якімі абазначаюцца складаныя элемэнты зазначаных афрыкат» (C. 9).


24. Гэтае пытаньне публічна дыскутавалася ўжо з 1922 году, а ў 1929-м адбыўся першы прэцэдэнт выкарыстаньня новых літараў на бачынах «нацдэмаўскага» часопісу «Ўзвышша». Сярод прыхільнікаў увядзеньня манаграфаў былі «нацдэмы» Язэп Лёсік, Уладзімер Дубоўка, а таксама Кузьма Чорны, Кандрат Крапіва (падрабязьней гл.: Зьміцер Саўка. Моваведная канфэрэнцыя 1942 году // Запісы / БІНІМ. 2005. 28. С. 238).

ARCHE — ПАЧАТАК. — 2009. — № 1 — 2

Ответить

  Проверка PR и ТИЦ
Нашы сябры:
Казкі беларускія!