A A

Н. Бунько. НАЗВЫ БАБРА, ВАВЁРКІ, ЗАЙЦА Ў БЕЛАРУСКІХ ГАВОРКАХ

Аўт, 10 сакавіка 2009

Беларуская мова

Грызуны (Rodendia) – атрад млекакормных жывёл, якія насяляюць палі лясы сады, поймы рэк, зараснікі па берагах вадаёмаў, сустракаюцца каля жылля і ў гаспадарчых пабудовах; сярод гэтых жывых істот вылучаюцца карысныя прамысловыя жывёлы (бабёр, вавёрка) і шкоднікі (мышы, палёўкі, пацукі). Разгледзім назвы бабра, вавёркі і зайца.
Лексема бабёр жывёліна атрада грызуноў, якая жыве ў лесе каля рэк і вадаёмаў і мае каштоўнае футра’ зарэгестрыравана ў беларускай літаратурнай мове і з’яўляецца агульнавядомай у гаворках: Каля рэк водзяцца бабры, хітрыя звяры, зделаюць плаціну, палачак накоруць [здымуць кару] і робюць хаткі. Гэтая назва засведчана і на тэрыторыі беларускіх гаворак Віленшчыны ў Літве. Фанетычны варыянт бобэр бытуе ў гаворках Ганцавіцкага р-на. У межах усходнепалескага рэгіёну ўжываецца фанетычны варыянт бабер. Словаўтваральны варыянт бабрак адзначаны ў Чэрвеньскім раёне.
Па паходжанні лексема бабёр з’яўляецца агульнаславянскай: ад прасл. *bobrъ, bebrъ, bьbrъ ‘бабёр’ з і. -е. *bhe-bhru ‘карычневы’. Назва ўзнікла па абазначэнню колера жывёліны.
Самку бабра называюць бабрыхай. Гэтая лексема нарматыўная ў літаратурнай мове. Адзначаны таксама словаўтваральныя варыянты бабрыца (Любанскі р-н) і бабравіца (гаворкі віцебскай падгрупы паўночна-ўсходняга дыялекту). Як адзінкавае зарэгістраванае найменне вадзяніца (Дзятлаўскі р-н): самка бабра атрымала назву паводле месца пашырэння. Дзіцяня бабра называецца бабраня – у гаворках паўднёва-заходняга дыялекту, бабранё – у сярэднябеларускіх гаворках, бабронак – у гаворках паўночна-ўсходняга дыялекту.
Невялікі пушны звярок роду млекакормных атрада грызуноў з пушыстым хвастом, які жыве ў дуплах дрэў і харчуецца арэхамі, грыбамі, мае назву вавёрка ў беларускай літаратурнай мове. Найменні вавёркі ў народных гаворках выступаюць у розных фанетычных, словаўтваральных і семантычных варыянтах: вавёрка, вовёрка, авёрка, аёрка, верка, вав’ёка, вавюрка, явюрка, вяерка, яёрка, явёрка, віёрка, вівёрка, вёрка, віюрка, ляверка, свіёрка, вяверыца, белка, беліца, белычка, векша, скакуха, скакушка, рудка, шэрка. Агульнапашыраная ў гаворках назва вавёрка (акрамя ўсходнемагілёўскага рэгіёну). Фанетычны варыянт ляверка ўжываецца ў заходнепалескіх гаворках, словаўтваральны варыянт вяверыца адзначаны ў Пінскім р-не. Назва вавёрка (авёрка, яёрка) пашырана ў беларускіх гаворках усходняй Беласточчыны.
Паводле паходжання намінацыя вавёрка – праславянская [прасл. *ve(r)ver з і.-е. *uer – ‘выгінацца’].
Найменне белка зафіксавана ў гаворках асноўнага дыялектнага масіву (за выключэннем гаворак паўночна-ўсходняй зоны). У маўленні жыхароў Маларыцкага р-на бытуе словаўтваральны варыянт беліца (бэлыця). Дэмінутыў белычка засведчаны ў Касцюковіцкім р-не. Намінацыя белка вядома ў рускай (белка) і ўкраінскай (білка) мовах і іх гаворках. На думку даследчыкаў назва белка – гэта старажытнаруская форма: ад бЪла, бЪла вЪвЪрица ‘белая вавёрка’. Жывёліна названа паводле колеру поўсці.
У гаворках Полацкага, Бешанковіцкага, Магілёўскага і Шчучынскага р-наў сустракаецца назва векша. Яна пашырана на Смаленшчыне.
“Тлумачальны слоўнік беларускай мовы” падае назву палятуха, што ўжываецца для абазначэння жывліны, падобнай да вавёркі, якая з дапамогай складак скуры, нацягнутай паміж пярэднімі і заднімі лапкамі, пералятае з дрэва на дрэва (параўн. рус. дыял. леташка, летяга ‘вавёрка-палятуха’). Падобная па матывацыі намінацыя скакуха засведчана ў Слонімскім р-не, дэмінутыў скакушка адзначаны ў гаворках Бешанковіцкага р-на. У гэтым выпадку назвы даваліся паводле спосабу перамяшчэння жывёліны.
Намінацыя рудка вядома жыхарам Валожынскага раёна. Як і назва шэрка, яна ўзнікла на аснове матывацыйнай прыкметы па колеры вавёркі.
У літаратурнай мове лексема заяц зарэгістравана для абазначэння невялікага звярка атрада грызуноў з доўгімі заднімі нагамі і кароткім хвастом. Гэтая назва агульнавядомая ў народных гаворках. Адзначаны таксама адзінкавы словаўтваральны варыянт заюк.
Па паходжанні намінацыя заяц праславянская: ад прасл. асновы *zaj- ‘скакаць’. Жывёліна названа па спосабе перамяшчэння.
Для наймення самкі зайца пашырана назва зайчыха. Дзіцяня зайца мае наступныя назвы: зайчаня ў гаворках паўднёва-заходняга дыялекту, зайчанё – ў сярэднябеларускіх гаворках, зайчанёнак, зайчонак – у гаворках паўночна-ўсходняга дыялекту, а таксама заянятка (Мядзельскі р-н), зайчук (Воранаўскі р-н), зайчак (Зэльвенскі р-н), зайчанётка (Астравецкі з-н).
Назва зайца касач утворана ад асновы прыметніка кас-ы (кос-ы) ‘касавокі’ пры дапамозе суфікса –ач.
Са значэннем ‘малады заяц’ у гаворках Гомельшчыны выступае найменне малік: ад малы – малады заяц значна меньш за старога.
Найменне падранак ужываецца з семантыкай ‘падстрэлены заяц’: ад падраніць Выпадкова спуджаны заяц называецца шуміла (Веткаўскі р-н) і шумавы заяц. Зайца, якога гоняць сабакі, жыхары Наваградскага р-на называюць гонны заяц.
Акрамя таго, у гаворках вылучаюцца назвы зайца-беляка, які мяняе зімой колер поўсці на белы, а таксама шэрага зайца. У літаратурнай мове выступаюць назвы бяляк і шарак (з паметай разм.). Гэтыя найменні найбольш пашыраны ў беларускіх гаворках. Са значэннем ‘бяляк’ у гаворках усходнемагілёўскай падгрупы паўночна-ўсходняга дыялекту адзначаны словаўтваральны варыянт бялюк; у Браслаўскім р-не занатавана апісальнае спалучэнне белы заяц. Назва русак з семантыкай ‘бяляк’ адзначана ў Клімавіцкім раёне. У літаратурнай мове лексема русак мае значэнне ‘шэры заяц, які захоўвае аднолькавую афарбоўку зімой і летам’. Для наймення зайца-шарака у маўленні жыхароў Браслаўскага раёна бытуе лексікалізаванае спалучэнне шэры заяц, а ў Лунінецкім раёне вядома назва серый заяц.

Роднае слова. – 2005. – № 12. – С. 35 – 36.

Цэтлікі: ,

Ответить

  Проверка PR и ТИЦ
Нашы сябры:
Казкі беларускія!