A A

Л. Шакун МОЎНЫЯ АРЫЕНЦІРЫ І СЛОВАЎТВАРАЛЬНЫ ПРАЦЭС

Сер, 18 лютага 2009

Беларуская мова

Кожны адрэзак гісторыі літаравтурнай мовы нясе на сябе пэўны адбітак свядомага, мэтанакіраванага ўмяшання грамадства ў працэсы яе ўнутранага развіцця. Грамадства, якое ніколі не застаецца абыякавым да сваёй літаратурнай мовы, імкнецца накіроўваць моўны працэс у пажаданым напрамку, вызначае тыя крыніцы, на якія неабходна ў першую чаргу арыентавацца пры адборы і пашырэнні моўна-выяўленчых сродкаў. Асаблівая ўвага звяртаецца на лексіку – той узровень моўнай сістэмы, што найактыўней рэагуе на ўсе праявы жыцця, адсюль укосна – і на словаўтварэнне, як галоўны спосаб яе папаўнення.

Словаўтваральная сістэма (падсістэма) беларускай літаратурнай мовы ўвабрала ў сябе напластаванні розных гістарычных эпох. Галоўнымнапрвмкам яе жыцця і ўдасканалення ў кожную эпоху было асваенне і замацаванне ў агульнанацыянальным ужытку тых мадэляў, па якіх узнікалі новыя словы ў жывым народным маўленні. Менавіта гэтыя мадэлі і выяўляюць найбольш ярка нацыянальную спецыфіку беларускага словаўтварэння. Выяўленне і апісанне гэтых мадэляў, тых словаўтваральных сродкаў, пры дапамозе якіх яны афармляюцца, распачалося яшэ ў мінулым стагоддзі. На сённяшні дзень яны вывучаны даволі грунтоўна. Гэта дае нам магчымасць убачыць ва ўсіх дэталях характэрныя адметнасці словаўтварэння ў народна-дыялектнай мове і тым самым глыбей разабрацца ў тых словаўтваральных працэсах, што адбываюцца на ўзроўні літаратурнай мовы.

Ужо ў самых ранніх пісьмовых помніках усходніх славян выяўляюцца такія словаўтваральныя мадэлі, адны з якіх узыходзяць да жывога народнага маўлення, а другія – да кніжных крыніц. Апошнія трапілі ў пісьмовыя помнікі нашых продкаў у выніку перакладу іншамоўнай літаратуры, культурных узаемаабменаў і ўзаемаўплываў, якія заўсёды суправаджаюцца запазычаннем лексічных сродкаў. Утвораныя па гэтых мадэлях словы вызначаюцца і сваёй “кніжнай” семантыкай – гэта па большасці намінацыі абстрактных паняццяў, такіх рэалій, якя былі далёкімі ад паўсядзённых спраў і ўяўленняў простага чалавека. “Іншароднае” паходжанне гэтых слоў выдае і іх марфемная структура. У помніках нямала слоў з афіксамі (прыстаўкамі, суфіксамі) неславянскага паходжання – грэчаскага, лацінскага і г. д., што сведчыць пра шырокія культурныя арыентацыі старажытных пісьменнікаў. Гэтыя афіксы, запазычаныя не самі па сабе, а ў складзе адпаведных слоў, прадуктыўнасці ў старажытныя часы на ўсходнеславянскай глебе не праявілі; не так многа можна прывесці слоў, якія былі б тут утвораны пры іх дапамозе. Тыя з іх, што захаваліся, таксама, як і запазычаныя пазней, актывізавалі свае словаўтваральныя здольнасці ўжо толькі ў апошняе стагоддзе.

Непараўнальна прадуктыўней выкарыстоўваліся ў старажытныя часы афіксы стараславянскага (царкоўнаславянскага) паходжання. Адрозніць іх ад уласна ўсходнеславянскіх афіксаў не заўсёды лёгка з-за структурнай блізкасці славянскіх моваў. Напрыклад, пэўны час суфіксы –ость, -ств-о, асабліва –тель даследчыкі адносілі да тыпова стараславянскіх, нягледзячы на тое, што яны з даўнейшай пары ўжываюцца ва ўсходнеславянскіх гаворках. Выразна адрозніваюцца афіксы з спецыфічнымі для стараславянскай мовы фанетычнымі прыметамі: няпаўнагалоссем, гукамі [жд], [щ] на месцы старажытных спалучэнняў dj і tj і інш. Шэраг іх разам з афіксамі ўсходнеславянскага паходжання ўтваралі суадносная пары, адрозныя па фанетычных прыметах. Так, у помніках побач са стараславянскімі афіксамі воз- , із- , пръ- , пръд- , раз- , со- , -іе ўжываліся ўсходнеславянскія афіксы въз- , вы- , пере- , роз- , -ье. Некаторыя стараславянскія афіксы не мелі ўсходнеславянскіх адпаведнікаў (-ание, -ение, -ьствие, -знь і інш.). Руская літаратурная мова захавала гэтыя стараславянскія афіксы і іх словаўтваральную актыўнасць, замацаваўшы за імі пэўныя семантычныя і стылістычныя адзнакі. У беларускай мове яны не атрымалі развіцця. Ужо ў помніках старога беларускага пісьменства іх ужыванне ўвесь час звужалася і паступова зводзілася на нішто. Калі яны і выкарыстоўваліся, то часцей не столькі з-за немагчымасці выказаць змест іншымі сродкамі, колькі ў выніку жанрава-стылістычных патрабаванняў. Тут і выяўляліся школа, мастацкія густы пісьменніка, арыентацыя яго на адпаведныя культурныя традыцыі. У сучаснай беларускай літаратурнай мове на фоне сродкаў “сваіх”, народна-гутарковага паходжання, словы з генетычна стараславянскімі афіксамі выглядаюць як бы чужынцамі; яны сігналізуюць пра недастаткавае засваенне карыстальнікамі мовы яе ўласных сродкаў.

З іншых славянскіх моваў вялікае ўдзеянне на развіццё беларускай літаратурнай мовы аказала польская. Беларускія пісьмовыя помнікі даволі рана пачалі адлюстроўваць гэтае ўдзеянне. У XVIII ст. яны маглі настолькі перапаўняца матываванымі і нематываванымі паланізмамі, стыль выкладу ў некаторых з іх настолькі “апалячваўся”, што, як заўважаюць даследчыкі, адрозніваца ад польскіх яны сталі хіба толькі сваёй кірылаўскай графікай. Аднак на словаўтваральную сістэму беларускай літаратурнай мовы той пары польская мова аказала нязначны ўпыў. Тое жа можна сказаць і пра пазднейшы час – ХІХ – першыя дзесяцігоддзі нашага стагоддзя, калі зноў актывізаваліся працэсы запазычанасці з польскай мовы. Афіксаў, якія ўпэўнена можна было бы залічыць да запазычаных, у сучаснай беларускай літаратурнай мове зусім нямнога: гэта суфіксы –ізн- (бялізна), -іск- (вятрыска), -дл- (кавадла), -унак (малюнак). Польскае паходжанне некаторых з іх ставіцца пад сумненне. Вылучаюцца яны ў невяікай колькасці слоў традыцыйнай лексікі і не праяўляюць словаўтваральнай актыўнасці.

Нягледзячы на тое, што пасля Другой сусветнай вайны грамадскія функцыі беларускай літаратурнай мовы сталі ўсё боьш і больш звужацца, словаўтваральныя працэсы ў ёй не затухлі, а, наадварот, атрымалі далейшае разгортванне. І ў абмежаваных умовах на беларускай мове ствараліся разнастайныя тэксты, выходзілі перыядычныя выданні, такія фундаментальныя працы, як 12-томная “Беларуская савецкая энцыклапедыя” і розныя галіновыя энцыклапедыі, падручнікі для вышэйшай і сярэдняй школы і г.д. Адным словам, жыццё патрабавала няспыннага папаўнення лексічных сродкаў, каб запоўніць адпаведнымі намінацыямі тыя лексічна-семантычныя лакуны, што ўвесь час узнікалі ў сувязі з развіццём навукі, тэхнікі, культуры. Неабходнасць у такіх сродках асабліва востра адчувалася пры “судатыкненні” беларускай мовы з рускай, якая ў Беларусі выкарыстоўвалася як афіцыйная, дзяржаўная мовы, і з якой прыходзілася перакладаць ранастайныя тэксты. Недахоп беларускіх адпаведнікаў вельмі адмоўна адбыўся і на якасці пасляваенных слоўнікаў (тлумачальных, перакладных, тэрміналагічных), якія хоць і распрацоўваліся старанна, але так і не змаглі ў поўнай меры задаволіць грамадства. Для гэтых слоўнікаў не ставала апрабаванага моўнай практыкай лексічнага матэрыялу, і ўкладальнікі іх часта вымушаны былі самі ствараць новыя словы. Пошукі слоў “з гарачай рукі” выклікаі актыўную індывідуальную словатворчасць, якая не заўсёды ўлічвала нацыянальную моўную спецыфіку, нярэдка ажыццяўлялася з аглядкай на рускія ўзоры. У беларускую мову з рускай хлынуў паток запазычанняў, калек і паўкалек. Папоўнілася і група слоў з фармантамі стараславянскага паходжання. Некаторыя з гэтых фармантаў сталі выкарыстоўвацца і ў беларускай мове для ўтварэння новых слоў, напрыклад прыстаўка прад- (з стараславянскай пръд- ), пры дапамозе якой утворана і зафіксавана ў “Тлумачальным слоўніку беларускай мовы” больш дзясятка слоў з іх дэрыватамі (побач з беларускай калькай гэтай прыстаўкі перад- ).

Вялікую колькасць слоў, што прыйшлі з рускай мовы, складаюць словы, якія яна сама запазычыла з іншых моваў (так званыя інтэрнацыяналізмы і інш.). Многія з іх маюць складаную словаўтваральную структуру, г. зн., што ў адпаведных аднакаранёвых радах і ў супастаўленні з словамі аднатыпнага ўтварэння іншых словаўтваральных радоў у структуры такіх запазычанняў можна вылучыць словаўтваральныя афіксы (тыпу прыставак анты- , дэ- , контр- ; суфіксаў –ізм, -іст, -ацы-я). Гэтыя афіксы пашырылі набор словаўтваральных сродкаў беларускай мовы і ў пэўных выпадках выкарыстоўваюцца для стварэння новых слоў, часам на базе беларускіх каранёў.

Пры ўсіх дадатных і адмоўных баках працэсаў запазычання, яны павысілі словаўтваральны патэнцыял беларускай мовы.

За пасляваенныя гады словаўтваральная сістэма беларускай літаратурнай мовы атрымала даволі ўсебаковую навуковую распрацоўку. У акадэмічных граматыках і курсах беларускай мовы, спецыяльных працах па дэрываталогіі сістэматызаваны і грунтоўна апісаны ўсе магчымыя словаўтваральныя тыпы, азначаны фармальныя мадэлі іх утварэння, ступень прадуктыўнасці і рэгулярнасці паасобных тыпаў і мадэляў. Выяўлены і ахарактэрызаваны словаўтваральныя фарманты, як тыя, што ўзніклі на ўласнай моўнай базе, так і ў выніку запазычання, хоць даць дакладны пералік іх немагчыма па прычыне адсутнасці адзінага падыхода да ідэнтыфікацыі марфем. У розных лексікаграфічных працах (найперш у “Тлумачальным слоўніку беларускай мовы”) зафіксаваны ў кадыфікаванай форме найбольш ужывальныя ў сучаснай беларускай літаратурнай мове вытворныя словы. Такім чынам, ёсць як бы ўсё для таго, каб сцвярджаць пра дастаткавую ўпарадкаванасць беларускага словаўтварэння, пра тое, што сучасная беларуская мова выпрацавала дасканалыя спосабы і прыёмы стварэння новых лексічных адзінак на ўласнай моўнай базе.

Аднак моўная практыка апошняга дзесяцігоддзя з усёй відавочнасцю выявіла шэраг нявырашаных праблем у галіне беларускага словаўтварэння. Так ці інакш усе яны выцякаюць з імкнення грамадскасці пераарынтаваць развіццё нацыянальнай літаратурнай мовы на шлях умацавання яе самабытнасці, пазбаўлення ад усяго таго, што штучна прышчэплівалася ёй у адпаведнасці з курсам на “зліццё моваў”. Павысілася ўвага да самабытнага беларускага слова, якое здольнае замяніць нематываванае запазычанне. З пункту гледжання спецыфікі беларускай мовы ўдакладняецца структура некаторых вытворных слоў. Асабліва часта практыкуецца замена ў слове аднаго афікса на другі (тыпу абраны замест выбраны, скрасці замест украсці, панішчыць замест знішчыць, прафесійнік замест прафесіянал, апавяданнік, даследнік замест апавядальнік, даследчык, партнэр, сапэр замест партнёр, сапёр і г. д.). Часам пры гэтым парцшаюцца тыя семантычныя матывацыі, якія склаліся паміж вытворнымі ў тых ці іншых словаўтваральных тыпах. Яшчэ адзін прыклад словаўтваральных “падмен” – спрашчэнне ў адных выпадках структуры вытворнага слова, калі адкідваецца мінімум адзін афікс (тыпу выступ замест выступленне, выстава замест выстаўка, параза, тэза, крыза, замест паражэнне, тэзіс, крызіс), а ў другіх, наадварот, нарашчэнне афіксаў (тыпу подумкі замест думкі, напрыканцы, заўгодна і г. д.). Шэраг суфіксаў залічваюцца да непрадуктыўных (напрыкад –нн-е, -цель), або зусім адмаўляюцца, як няўласцівыя беларускай мове (у прыватнасці дзеяслоўны суфікс –ір- , усе суфіксы дзеепрыметнікаў незалежнага стану і залежнага стану цяперашняга часу), хоць у некаторых стылях (так званых кніжных) беларускай літаратурнай мовы калі не ўсе, то частка з іх даказала сваю жыццядзейнасць. Увогуле ж за гэтым радыкалізмам нельга не бачыць жадання як мага аддаліцца ад рускай мовы, і калі часам гэтага нельга зрабіць за кошт актывізацыі ўнутраных рэсурсаў, то гэта робіцца шляхам пераарыентацыі на іншыя крыніцы запазычання, перадусім на польскія.

У выніку бурнага абнаўлення беларускай літаратурнай мовы, як бачым, не столькі трансфарміруецца яе словаўтваральная сістэма, колькі адбываецца пераразмеркаванне вытворных у межах асобных словаўтваральных тыпаў, змяняецца традыцыйная шкала прадуктыўнасці некаторых словаўтвараьных сродкаў. А наколькі гэтыя змены ў кожым канкрэтным выпадку акажуцца жыццястойкімі, пакажа будучыня. 

(Беларусь паміж усходам і захадам. – Ч. 2. – Мн., 1997. – С. 118 — 122)

Ответить

  Проверка PR и ТИЦ
Нашы сябры:
Казкі беларускія!