A A

А. Ю. МУСОРЫН. ТЭАНІМІЧНАЯ ЛЕКСІКА Ў ПАЭЗІІ АЛЕСЯ ГАРУНА

Пят, 20 лютага 2009

Беларуская мова

 Тэанімічная лексіка (ад грэч.: ???? – Бог, ????? — імя) займае значнае месца ў лексічнай сістэме кожнай літаратурнай мовы хрысціянскага свету, актыўна ўжываецца як ва ўласна рэлігійных тэкстах (Біблія, Малітоўнік, казанні і інш.), так і ў творах мастацкай літаратуры. Тэанімічнай лексікай карыстаўся ў паэтычнай творчасці і Алесь Гарун.

   Часцей за усё паэт ужывае лексему з найбольш агульным значэннем – Бог. Гэта, дарэчы, адзіны тэанім, поўную парадыгму якога мы бачым у паэзіі А. Гаруна. Слова Бог належыць да агульнаславянскага лексічнага фонду і аб’ядноўвае беларускую мову з іншымі мовамі славянскага света (расейск.: Бог, укр.: Бог, польск.: B?g, чэшск.: B?h, славацк.: Boh, балг.: Бог, македонск.: Бог, сербск.: Бог, царкоўнаславянск.: Богъ). У дахрысціянскую эпоху гэтая лексема выкарыстоўвалася славянамі для абазначэння шматлікіх паганскіх багоў, часам нават уваходзіла ў склад іх імёнаў: Чарнабог, Белабог, Стрыбог, Дажбог і інш. Для абазначэння Адзінага Бога хрысціянскай рэлігіі гэтае слова пачало ўжывацца нашымі продкамі пад уплывам царкоўнаславянскай (стараславянскай)[1] мовы, у якой яна выкарыстоўвалася ў якасці эквівалента эквівалента грэцкага  ???? пры перакладзе тэкстаў Святога Пісьма. Назоўнік “Бог” можа выкарыстоўвацца для абазначэння паганскіх багоў і ў сучаснай беларускай мове, але трэба заўважыць, што ў гэтым значэнні А. Гарун лексему не выкарыстоўваў, яго Бог – гэта заўсёды Бог хрысціянскі.

   Лексема “Бог” звычайна ўжывалася паэтам у форме назоўнага склону (25 выпадкаў з 49). Другое месца па частотнасці ўжывання ў тэкстах А. Гаруна займае родны склон – 9 выпадкаў. Формы клічнага склона сустракаюцца 7 разоў, формы давальнага – 5, вінавальнага – 1, творнага – 1, меснага – 1.  Пры гэтым форма назоўнага склона двойчы выкарыстоўваецца ў якасці зваротка, г. зн. на месцы клічнага склона: 1) “Мой Бог, мой Пан, мой Свет” – шаптаў ён ў патрасенні [1, с.159]; 2) Дапамажы мне, Бог, ўсяхмоцны і вялікі[1, с.129]. Ва ўсіх астатніх выпадках у якасці зваротка А. Гарун ужывае форму клічнага склону: 1) Ах, дай мне, Божа, гэткіх слоў [1, с.57]; 2) Божа мой! Я чую зноў // Як мацнее ў мяне кроў [1, с.80]; 3) І гінуць...гінуць, Божа мой [1, с.81]; 4) Згубіў надзею // Азвацца – Божа! [1, с.119]; 4) Вось бяда дзе, моцны Божа! [1, с.190]; 5) Бо, крый Божа, пападуся [с. 191]; 6) О, Божа вялікі! [1, с.62].

   Тройчы сустракаецца лексема ў складзе ўстойлівых словазлучэнняў клічнага характару: 1) дай Бог [1, с.95], 2) Бог яго ведае [1, с.95], 3) крый Божа [1, с.191].

   Тры разы тэанім Бог ужываецца ў спалучэнні з тэанімам Пан: 1) Пан Бог пакарае, свет  увесь асудзе [1, с.166]; 2) Не забыцца б  ў Пана Бога [1, с.192]; 3) І смяецца з Пана Бога [1, с.209].  Ужыванне польскай па паходжанню лексемы “Пан” у тэанімічным значэнні сведчыць аб каталіцкай культурнай арыентацыі аўтара: у праваслаўным ассяроддзі ў гэтым значэнні выкарыстоўваецца назоўнік Гасподзь (радзей: Госпад).  Тэанім Пан сустракаецца ў Алеся Гаруна і без слова “Бог”: 1) Дзівіся, Пане, слабы я [1, с.156]; 2) Няхай спакой табе твой Пан прысудзе [1, с.123]; 3) “Мой Бог, мой Пан, мой Свет” – шаптаў ён ў патрасенні [1, с.159].  Звяртае на сябе ўвагу, што ў першай цытаце ў якасці зваротка ўжываецца форма клічнага склона, а ў трэцяй – назоўнага. Усе іншыя тэанімы ўжываюцца паэтам толькі паасобку.

Тэанім Свет, які мы бачым у апошняй цытаце, узнік, магчыма, пад уплывам царкоўнаславянскага тэксту Вызнання Веры, у якім адпаведнае месца выглядае як “...Света от Света, Бога истинна от Бога истинна, рожденна, несотворенна, единосущна Отцу, им же вся быша” [3, с. 6]. Заўважым, што ў адным з вершаў малодшага тагачасніка Алеся Гаруна – Ўладзімера Жылкі гэты тэанім ужываецца ўжо ў форме, характэрнай менавіта для беларускай мовы: І раннія малітвы // Паслаць яму – Святлу [3, с.42].  Заўважым, што ў сучасным беларускім перакладзе Вызнання Веры таксама ўжываецца лексема Святло: “Бога ад Бога, Святло ад Святла, Бога сапраўднага ад Бога сапраўднага, народжанага, не створанага, адзінасутнага Айцу: праз якога ўсё сталася” [4].

Пад уплывам расейскай або царкоўнаславянскай мовы ўзнікае у А. Гаруна і такі тэанім, як Уласціцель: Ў праменнях сонечных Ўласціцель паказаўся [1, с.158]. Для беларускай мовы лексема Ўласціцель можа лічыцца аказіяналізмам. Уласна беларускага варыянта гэтага тэаніма – Уладар (Валадар) А. Гарун у сваёй творчасці не ўжывае.

   Яшчэ адно найменне Бога, уласцівае хрысціянскай традыцыі, — Тварэц. Паэт выкарыстаў яго двойчы: 1) Аб чым яно плача? Аб райскіх садох?  // Аб кветках праменных? Анельскіх спявох? // Аб чыстасці, святасці, яснасці душ? // Тварца маястатнасці? [1, с.75]; 2) Тварца свайго ён звык штораніцы вітаць [1, с.158]. У першай з гэтых дзвюх цытатаў лексема “Тварэц” ужываецца як поўны абсалютны сінонім тэаніма Бог. У другім выпадку  гэтае слова набывае больш асабісты сэнс, лірычны герой вітае менавіта свайго Тварца.

   Калі тэанімы Бог, Пан, Свет, Тварэц маюць біблейскае або царкоўна-літургічнае паходжанне, то тэанім Божухна звязаны з народным, прастамоўным ассяроддзем і ў царкоўных тэкстах несустракаецца. У вершатварэнні “Бажанне” гэтая лексема адыгрывае ключавую ролю, невыпадкова яна займае месца ў першым радку кожнага чатырохрадкоў’я:

  

Не хачу я, Божухна, скарбамі ўладаці-
Дай мне толькі – сілы зарабляць, каб жыць,
Каб і ў дзень, як прыйдзе мне душу аддаці,
Хлеб я свой штодзённны працай мог здабыць.

Не прашу я, Божухна, Твайго свету знаці, —
Ўсе пачаткі, змены, і канцы, і рух, —
Дай адно людскую праўду мне паняці
I
яе быць верным, найпадданьшым з слуг.

I усё тут, Божухна, чым патурбаваці
Я хачу сягоння, просячы Цябе:
Дай мне праўду знаці і ў людзях спаўняці,
І заўсёды з працы хлеб свой мець сабе [1, с.96].

 

Не ўжываецца ў біблейскіх тэкстах у тэанімічным значэнні і субстантывіраваны прыметнік Вялікі, які мы спаткаем у вешах Алеся Гаруна чатыры разы: 1) Вялікі, дай як можаш! [1, с.57]; 2) Мы у Вялікага будзем прасіць [1, с.96 ]; 3) І ўдзячным за яе Вялікаму ты будзь [1, с.124]; 4) Адно бліжэйшае, адно б хаця стварэнне // Хаця б не роднае, хаця бы на здарэнне, // Прасіў Вялікага к табе хутчэй паслаць [1, с.122].

Разам з лексемай “Вялікі” А. Гарун ужывае ў тэанімічных значэннях і іншыя субстантывіраваныя прыметнікі. Так, у вершатварэнні “Малітва” мы бачым тэанімы Мілы, Міласцівы, Святы: О, дай жа моцы, Мілы! [1, с.56]; Зірні, дзе пекнасць тая, што // Надаў нам, Міласцівы? [1, с.56]; Паслухай ноччу, ўдзень, Святы [1, с.56]. Апошні з гэтых чатырох тэанімаў – Святы – ўжываецца і ў біблійных тэкстах. Так, у першым саборным пасланні апостала Пятра мы чытаем: “...а на прыклад Святога, Які паклікаў вас, і самі будзьце святыя ва ўсіх учынках”[5, с.1390][2]  А вось выкарыстанне ў тэанімічным значэнні словаў Вялікі,  Мілы і Міласцівы мае, хутчэй з усяго, аказіянальны характар: такіх тэанімаў няма ў тэксце Бібліі і нам не ўдалося адшукаць іх у якіх-небудзь яшчэ аўтараў.

Вершатварэнне “Малітва” напісанае ад імя Іісуса Хрыста, з чаго вынікае, што ўсе ужытыя ў ім у якасці зваротка тэанімы – гэта імёны толькі толькі адной іпастасі трыадзінага Бога – Бога Айца. Аб гэтым таксама сведчыць зваротак Ойча ў адным з радкоў гэтага твора: Ах, дай мне, Ойча, моцных слоў! [1, с.56]. А ў першым радку “Малітвы” мы бачым адно з імёнаў Іісуса Хрыста – Сын: Я бачыў: Сын Яго стаяў [1, с.56]. Тэанімы Айцец і Сын ужываюцца А. Гаруном у вершаванай казцы “Шчасце Мацея”: Мацей духу тут набраўся // Зірнуў проста на яздца // “Ў імя Сына і Айца!!!” [1, с.191].  Формула “Ў імя Сына і Айца!!!” —   гэта скарочаны і зменены варыянт малітоўнага зачыну, агульнага для праваслаўных і католікаў: У імя Айца і Сына, і Духа Святога. У кантэксцы гэтай казкі ён мае хутчэй выклічны, а не ўласна рэлігійны сэнс.

Галоўнае найменне другой іпастасі Тройцы – Хрыстос — ужываецца толькі ў адным творы як частка каляднай формулы-віншавання: Хрыстос нарадзіўся!  У гэтым жа творы, у першым чатырохрадкоў’і мы бачым яшчэ адно імя Хрыста – Збавіцель: Збавіцель для свету на свеце з’явіўся // Збавіцель, якога не мелі [1, с.12]. У вершатварэнні “На прыміцыю кс. Г.” мы бачым іншы варыянт гэтага тэаніма – Збаўца: Дык будзь жа такім, як наш Збаўца [1, с.85]. Гэты варыянт сфармаваўся ў беларускай мове, хутчэй з усяго, пад уплывам польскага Zbawca

Цікава, што ў сваіх тэкстах А. Гарун ніколі не ўжывае ўласнага імя заснавальніка  хрысціянства –Ісус (Езус). Не прадстаўленыя ў яго спадчыне і такія імёны Хрыста, як “Баранак”, “Адкупіцель”, “Укрыжаваны”, “Вучыцель”. Гэта невыпадкова: у паэзіі А Гаруна няма кантэкстаў, у якіх Іісус Хрыстос быў бы прадстаўлены як адкупіцельная ахвяра за грахі чалавецтва, або як вястун новага рэлігійнага вучэння.

Калі мы звярнем увагу на тэанімы, якія абазначаюць Бога без указання на якую-небудзь яго іпастась, мы выявім таксама вельмі цікавую заканамернасць у адборы лексікі: А. Гарун паслядоўна пазбягае словаў, якія ўказваюць на нейкі канкрэтны  аспект дзейнасці Вышэйшай Істоты, такіх, як “Суддзя” або “Цар Нябесны”. Выключэннем тут з’яўляецца толькі тэанім Тварэц, які вельмі часта ўжываецца нават у царкоўных тэкстах як поўны сінонім слова “Бог”. Пазбягае паэт таксама рэдкіх старазапаветных і літургічных тэанімаў, як, напрыклад, “Саваоф”, “Сутны”, “Ягова”, “Усеспадар” і інш. Ужыванне кніжнай лексікі, якая была незнаёмая большай частцы беларускамоўных чытачоў, магло бы вельмі ўскладніць успрыманне яго паэтычных тэкстаў. Не ўжываюцца наогул у А. Гаруна таксама тэанімы, якія абазначаюць трэцяю іпастась трыадзінага Бога – Святога Духа. Зрэшты, нават у літургічных тэкстах наймення “Святога Духа” з’яўляюцца нйбольш рэдкімі.

 

ЛІТАРАТУРА

 

1)   Гарун А. Выбраныя творы. – Мінск: Беларускі кнігазбор, 2003.

2)   Жылка У. Выбраныя творы. – Мінск: Беларускі кнігазбор, 1998.

3)   Православный Молитвослов и Псалтирь. – Барнаул, 1990.

4)   Парадак Святой Імшы з народам// http://katolichestvo.by.ru/liturgy/missa3.shtml

5)   Біблія. Кнігі Святога Пісання Старога і Новага Запавету кананічныя ў беларускім перакладзе / пер. В. Сёмуха. – Duncanville, 2002.

 


[1] З прычыны ўжывання двух асобных назваў – “царкоўнаславянская” і “стараславянская” можа скласціся ўражанне, што гэта дзве асобныя мовы.  Насамрэч, стараславянская мова – гэта проста першы этап развіцця царкоўнаславянскай.

[2] Дзеля зручнасці мы цытуем Новы Запавет у беларускім перакладзе В. Сёмухі, хаця відавочна, што А. Гарун мог чытаць гэты тэкст толькі па-польску або па-расейску.

 

(Роднае Слова. – 2005. — № 12. – С.14-15 )

Цэтлікі: ,

1 Комментарии на это сообщение

  1. Postnov Says:

    Гарно!

Ответить

  Проверка PR и ТИЦ
Нашы сябры:
Казкі беларускія!