A A

А. Ю. Мусорын ХРЫСЦІЯНСКАЯ ТЭАНІМІЧНАЯ ЛЕКСІКА БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ ПРАВАСЛАЎНАГА І КАТАЛІЦКАГА ЎЖЫВАННЯ

Сер, 18 лютага 2009

Беларуская мова

Характэрнай рысай рэлігійнай гісторыі беларускага народа ёсць тое, што беларусы ніколі не былі цалкам праваслаўным народам, як, напрыклад, расейцы, або цалкам каталіцкім, як, напрыклад, палякі.  Беларусь заўсёды была поліканфесіянальнай краінай, на абшары якой шмат стагоддзяў узаемадзейнічалі праваслаўная і каталіцкая культурныя традыцыі, што адлюстравалася, у тым ліку, і ў беларускай тэанімічнай лексіцы, абумовіла яе варыянтнасць паводле канфесіянальнай прыналежнасці. Менавіта гэтыя, канфесіянальна маркіраваныя найменні Бога, і даследуюцца ў дадзеным артыкуле.  Беларуская тэанімічная лексіка агульнага для ўсіх хрысціянскіх канфесій ужывання (Бог, Валадар, Усявышні, Усеспадар, Айцец Нябесны і інш.) застаецца па-за межамі дадзенага даследавання. 

            Найбольш частотным ўласна праваслаўным найменнем Бога з’яўляецца лексема Гасподзь (вар. Госпад) і яе каталіцкі адпаведнік Пан. Абодва яны ёсць калькамі са старажытнагрэцкага ?????? — слова, якое першапачаткава мела значэнне “гаспадар”, і толькі ў хрысціянскую эпоху пачало выкарыстоўвацца для абазначэння Вышэйшай Істоты. Характэрная асаблівасцю тэоніма  ??????, у адрозненне ад ???? (уласна “Бог”), было тое, што лексема ?????? ужывалася толькі ў хрысціянскіх тэкстах і не мела паганскіх канатацый, у той час як назоўнік ????  у дахрысціянскі перыяд выкарыстоўваўся для абазначэння шматлікіх багоў паганскага пантэона. Пры гэтым, трэба заўважыць, што грэцкае ?????? нароўні з тэанімічным захавала сваё першапачаткавае нетэанемічнае значэнне і да цяперашняга часу; у сучаснай грэцкай мове гэты назоўнік ужываецца ў якасці адпаведніка беларускаму спадар, польскаму pan, ангельскаму mister і інш. Форма клічнага склону гэтага назоўніка стандартна ўжываеца ў сучаснай грэчаскай мове пры зваротку па прозвішчу да шаноўнага чалавека: ????? ?????? – спадару Саломас.

            Пры перакладзе Святога Пісьма на царкоўнаславянскую – першую пісьмова-літаратурную мову славян, у якасці эквівалента грэцкаму ?????? было выкарыстана слова господь, якое першапачаткава мела значэнне “гаспадар, домаўласнік” [12, c. 19], і якое з гэтага моманту пачынае ўжывацца для абазначэння Бога. Беларускія варыянты Гасподзь і Госпад з’яўляюцца скуткам фанетычных і марфалагічных трансфармацый запазычанага з царкоўнаславянскай мовы господь. Варыянт Гаспоздь уяўляе сабой проста  змененае адпаведна беларускім фанэтычна-арфаграфічным нормам царкоўнаславянскае господь. Варыянт Госпад з’явіўся ў беларускай мове ў выніку уніфікацыі мяккай асновы назоўнага і клічнага склонаў царкоўнаславянізма господь па цвёрдай аснове астатніх склонаў. Пры ўзнікненні варыянта Госпад мела месца таксама перамяшканне націска ў назоўным склоне з апошняга на першы склад па аналёгіі з націскам ва ўкосных склонах гэтага слова. Трэба заўважыць, што варыянты Гасподзь і Госпад адрозніваюцца толькі формамі назоўнага і клічнчга склонаў і супадаюць ва ўсіх іншых:Н. Гасподзь -  Госпад, Р. Госпада – Госпада, Д. Госпаду – Госпаду, В. Госпада – Госпада, Т. Госпадам – Госпадам, М. (аб) Госпадзе – (аб) Госпадзе, Зват. Госпадзі – Госпадзе. Трэба дадаць, што Гасподзь ёсць адзіным назоўнікам беларускай мовы, у парадыгме якога спалучаюцца цвёрды і мягкі варыянты асновы.

            Варыянт Гасподзь з’яўляецца ў цяперашні час асноўным для беларускай мовы. Ён напрыклад, ужываецца ў беларускім перакладзе Бібліі, выкананым Васілём Сёмухам, спаткаецца таксама і  ў нецаркоўных, перш з усяго мастацкіх тэкстах. Варыянт Госпад сустракаецца значна радзей. Яго, напрыклад, мы бачым у кнізе Уладзімера Арлова, прысвечанай св. Еўфрасінні Полацкай:  “Не заморыць голадам Госпад праведных душы” [1, с. 196]. Нароўні з варыянтамі Гасподзь і Госпад існуе таксама варыянт Гаспод. Яго мы сустракаем, напрыклад, у тэксце батлейкі “Цар Ірад”:

 

                        Гаспод жа, прышэд,

Адама глашае [13, c. 32]

 

На жаль, у нас няма дастаткавага матэрыялу, каб прывесці тут поўную парадыгму варыянта Гаспод. Трэба заўважыць, што ў сучаснай літаратурнай беларускай мове гэты варыянт не ўжываецца і можа разгледжвацца як словаўтваральны архаізм.

Як ужо было пазначана вышэй, каталіцкім адпаведнікам праваслаўнаму Гасподзь/ Госпад/ Гаспод з’яўляецца запазычаны з польскай мовы тэонім Пан. Менавіта ён ужываецца ў беларускім тэксце каталіцкай імшы: “Ласка Пана нашага Езуса Хрыста і любоў Бога Айца, і еднасць у Духу Святым няхай будуць з усімі вамі” [7]. А вось айцец Уладзіслаў Чарняўскі ў сваім каталіцкім перакладзе Святога Пісьма на беларускую мову выкарыстоўвае не Пан, а Госпад: “...не было яшчэ ніводнага куста палявога на зямлі, ані ніводнай палявой траўкі ўзыйшоўшай, бо Госпад не спасылаў дажджу на зямлю, ды не было чалавека, каторы б абрабляў зямлю” (Быццё, 2:5). Нежаданне перакладчыка-каталіка ўжываць лексему Пан, магчыма, можна патлумачыць імкненнем пазбегнуць залішней паланізацыі тэкста беларускай Бібліі. Зрэшты, магчыма прычына гэтага ў іншым. Як піша П. Рудкоўскі, “у беларускім моўна-культурным кантэксце “пан” мае калі і не цалкам адмоўную, то прынамсі вельмі амбівалентную семантыку. Пан – гэта не толькі сымбаль феадальнай эпохі, але таксама прыгнятальнік-чужынец, які ніколі так і не стаў сябрам ці паплечнікам беларуса. Вымаўляючы словазлучэнне “Пан Бог”, або “Панская Вячэра” (сінонім святой імшы), беларус мусіць прыкласці вялікае намаганне, каб абстрагаваць пры гэтым ад немалай адмоўнай нагрузкі гэтых выразаў” [8, с. 73]. Думаецца, што лёс тэоніма Пан у беларускай мове будзе залежаць ад таго, наколькі каталіцкая царква ў Беларусі будзе асацыявацца з Польшчай і польскай культурна-моўнай традыцыяй.

Ад простага тэоніма Пан утвораны складаны тэонім Пан над Панамі, які мы бачым у “Дыярыюшы” аднаго з беларускіх магнатаў эпохі Вялікага Княства Літоўскага — Пачобута-Адланіцкага [4, с. 278]. Па паходжанню гэты складаны тэонім з’яўляецца, хутчэй за ўсё, вынікам пераасэнсавання ў межах мясцовай культурна-моўнай традыцыі біблейскага “Цар цароў і Гасподзь тых, хто валадарыць” (Адкрыццё, 19:16).

Трэба заўважыць, што нягледзячы на канфесійную маркіраванасць варыянтаў Гасподзь, Госпад, Гаспод з аднаго боку і Пан з іншага, гэтыя тэанімы ў асобных выпадках могуць ужывацца ў межах аднаго тэксту, як, напрыклад, у малітве каталіцкага паэта пачатку ХХ стагоддзя Каруся Каганца: «Божэ, Госпадзі, Пане наш» [5, с. 32]. Зрэшты, гэтая цытата з К. Каганца – адзіны вядомы нам прыклад сумеснага ўжывання лексем Гасподзь і Пан. Іншыя аўтары нават у нецаркоўных тэкстах выкарыстоўваюць толькі адзін з гэтых тэонімаў. Так, напрыклад, вядомы дзеяч беларускага Адраджэння Алесь Гарун ужывае толькі каталіцкае Пан [6, с. 14].

Назоўнік Спадар у сучаснай беларускай мове ў якасці тэаніма не ўжываецца; аб тым, што гэтае слова мела раней у тым ліку і тэанімічнае значэнне піша Я. Станкевіч, які прыводзіць ў якасці прыклада ўрывак з народнай рэлігійнай песні:

 

Зелянівам пышна прыбраны

Цвіў сад сярод жывых далін.

Яго вялікі ўсім нам знаны

Спадар-Гаспод наш пасадзіў.

 

І кажны год Спадар нанова

Наведваў свой чароўны сад

І як расце ён паступова

З каханнем цёплым наглядаў [10, с. 380].

 

            Спаткаецца тэонім Спадар (хаця і нячаста) і ў кніжнай паэзіі, як напрыкалад у вершаваным перакладзе 136 псальмы, выкананым Я. Баяром:

                       

                         Памсці, Спадару, за ліхое,

                         Эдэмцам за здзекі вярні:

                         “Раўнуй” – бо гукалі – з зямлёю”!

                         Як верх на Сыёнам узялі [11, с. 513]. 

           

            Першапачаткава назоўнік Спадар не меў аніякай канфесіянальнай афарбаванасці, аднак яго ўжыванне ў каталіцкім перакладзе Бібліі, выкананым Я. Станкевічам, прымушае нас разгледжваць яго ў шэрагу каталіцкіх тэонімаў. У цяперашні час тэонім Спадар не ўжываецца аніводнай хрысціянскай канфесіяй у Беларусі [8, с. 73].

Трэба заўважыць, што варыянты Гасподзь, Госпад, Гаспод з аднаго боку і лексемы Пан і Спадар з іншага займаюць неаднолькавае месца ў лексічнай сістэме сучаснай беларускай мове: такія лексічныя адзінкі, як Гасподзь, Госпад, Гаспод не маюць ніякога значэння апрача тэанімічнага, з’яўляюцца тэонімамі “ў чыстым выглядзе”, чаго нельга сказаць пра словы Пан і Спадар.

Асаблівае месца ў сістэме беларускай прваслаўнай тэанімічнай лексікі займае лесема Сутны. Менавіта так, адпаведна перакладу Бібліі В. Сёмухі, Бог сам называе сябе пры спатканні з ім Майсея: “Бог сказаў Майсею: Я – Сутны. Так скажы сынам Ізраілевым: Сутны паслаў мяне да вас” (Выхад, 3:14). Па свайму паходжанню беларускае Сутны з’яўляецца калькай з царкоўнаславянскага сыи, якое, у сваю чаргу, узнікла ў выніку калькавання старажытнагрэчаскага ?? – дзеепрыметніка, утворанага ад дзеяслова ????? – “быць, існаваць”.  Такім чынам, тэонім  Сутны ўказвае на Бога як на адзіную істоту, якая валодае паўнатой быцця. Лексема Сутны з’яўляецца неалагізмам, утвораным В. Сёмухам і трэба дадаць, што зусім не ўсе беларускія біблеісты лічаць накі переклад найбольш удалым. Так, напрыклад, Г. Сініла, даследчыца Старога Запавету, аддае перавагу слову Існы [8, с. 77]. Тут трэба падкрэсліць, што і грэчаскае ??, і царкоўнаславянскае сыи, і сучаснае расейскае Сущий, і ўжытае ў тэксце Бібліі В. Сёмухі Сутны належаць менавіта праваслаўнай, а не агульнахрысціянскай традыцыі. Справа ў тым, што ў старажытнагэбрайскім арыгінале ў адпаведным месце кнігі «Выхад» мы бачым парафраз ehyehasherehyeh – у літаральным перакладзе — Я Ёсць Той Хто Я Ёсць, які захоўваецца ў Вульгаце, і далей ва ўсёй каталіцкай традыцыі (лацінск.: Sum Qui Sum, ангельск.: I Am Who І Am, польск.: Jestem Kt?ry Jestem). У каталіцкім пераклад Бібліі, зробленым прафесарам Я. Станкевічам, таксама выкарыстоўваецца парафрастычная канструкцыя з ужываннем нехарактэрнай для сучаснай літаратурнай беларускай мовы формай цяперашняга часу трэцяй асобы дзеяслова “быць”: “Я Ё, Каторы Ё. “І сказаў: Гэтак скажы сынам Ізраелявым: «Я Ё паслаў мяне да вас»” (Выхад, 3:14)... Айцец Уладзіслаў Чарняўскі ў сваім перакладзе карыстаецца больш натуральнымі для сучаснай беларускай мовы лексікаграматычнымі сродкамі: “І сказаў Бог Майсею: «Я — Той, Хто Ёсьць». І дадаў: «Так скажаш сынам Ізраэля: «Той, Хто Ёсьць, паслаў мяне да вас»” (Выхад, 3:14).

Яшчэ адной канфесіянальна маркіраванай парай варыянтаў з’яўляецца Бажаство / Боства. Варыянт Бажаство з’яўляецца запазычаннем з царкоўнаславянскай мовы (божьство), у якой яна ўзнікла ў выніку калькавання грэчаскага ??????, назоўніка, які першапачаткава меў значэнне “боскасць, сукупнасць якасцяў, ўласцівых Богу”. Аднак, ужо ў стараславянскі перыяд развіцця царкоўнаславянскай мовы лексема божьство набывае значэнне, тоеснае значэнню слова Бог, і менавіта з гэтым значэннем запазычваецца беларускай мовай.

Разам з варыянтам Бажаство ў беларускай мове існуе цалкам раўнапраўны варыянт Боства, які мае польскае паходжанне: B?stwo. Пры гэтым ужыванне варыянта Бажаство ўласцівае праваслаўнаму ассяроддзю, а варыянта Боства – каталіцкаму. Выбар аднаго з двух варыянтаў пры стварэнні тэкстаў нецаркоўнага характару цалкам залежыць ад густу і культурнай арыентацыі аўтара.

Хаця лексема Бажаство/Боства па свайму паходжанню звязанная менавіта з хрысціянскай рэлігіяй, з цягам часу яна (на жаль, мы не можам сказаць, калі менавіта) набыла здольнасць абазначаць таксама і паганскіх багоў, прыкладам чаго могуць служыць наступныя цытаты:  “Трыглаў, у міфалогіі балтыйскіх славян трохгаловае боства”[2, c. 41]; “Чур – бажаство родавае” [14]. Першапачаткавае значэнне лексемы Бажаство/Боства — “боскасць, сукупнасць якасцяў, ўласцівых Богу” – не фіксавалася намі ў беларускіх тэкстах ані разу.

Варыятыўнасць паводле канфесіянальнай прыналежнасці ўласцівая не толькі словам, якія абазначаюць Бога ўвогуле, але і імёны зямнога ўвасаблення трэцяй асобы Святой Тройцы – хрыстонімы. Галоўным і найбольш частотным найменнем Бога-Сына ў сучаснай беларускай мове з’яўляецца лексема Хрыстос. Гэты тэонім мае розныя варыянты асновы ў назоўным і ўкосных склонах: Хрыстос, Хрыста, Хрысту... У тэксце Бібліі ён часцей за ўсё ўжываецца ў пасланнях апосталаў: Так, напрыклад, у першым пасланні да карынфянаў святога апостала Паўла мы чытаем: “... а калі Хрыстос не ўваскрэс, дык і пропаведзь нашая марная”, “...Ён уваскрэсіў Хрыста”, “Як у Адаме ўсе паміраюць, так у Хрысце ўсе ажывуць”.

У некаторых каталіцкіх тэкстах ужываецца таксама польскі па паходжанню варыянт гэтага тэоніма Хрыстус (польск.: Chrystus), які скланяецца як Хрыстус, Хрыстуса, Хрыстусу...  Прыкладам таму можа служыць наступная цытата з А. Станкевіча: “Ішлі разам з ім некаторыя вучні яго, якія так жа прабывалі пад Ярданам, дзе хрысьціў прадвесьнік Хрыстуса сьв. Ян. Падарожныя нашы, мінаючы родны Хрыстусу Назарэт, кіраваліся да м. Кафарнаум, што ляжыць над берагам возера Генэзарэт, адкуль былі родам апосталы Пётр і Андрэй, ідучыя разам з Хрыстусам з Юдэі.”[9] . А вось прыклад ужывання варыянта Хрыстус у беларускай паэткі Дануты Бічэль:

 

ці ёсць такая краіна
   
         вось зараз дзе ў людской хаце
    
        маці выхоўвае сына
            як Езуса Хрыстуса маці[3].

 

Зрэшты, трэба заўважыць, што нават у каталіцкім ассяроддзі ў апошні час часцей ужываецца варыянт Хрыстос, які набывае ў сучаснай беларускай мове становішча агульнахрысціянскага, а не Хрыстус.

Уласнае імя заснавальніка хрысціянства у грэчаскай мове выглядае як ??????. У беларускай мове яму апавядаюць чатыры варыянты: Ісус, Іісус, Езус, Ізус. Першы варыянт ужываецца ў тэксце пераклада Бібліі, выкананым В. Сёмухам: “І адразу прымусіў Ісус вучняў Сваіх увайсці ў лодку”; “Пётр пайшоў па вадзе, каб падысці да Ісуса”; “Ісус адразу, працягнуўшы руку, падтрымаў яго” (Мацьвей, 14:21-31). Колькасць такіх прыкладаў можна павялічваць. Хутчэй за ўсё, гэты варыянт мы можам разгледжваць як асноўны для сучаснай беларускай мовы.

            Варыянт Іісус мы бачым, напрыклад, у тэксце жыцця Еўфрасінні Полацкай: “Госпадзе Іісусе Хрысце, Сыне Божы” [1, с. 209].

            Варыянты Ісус і  Іісус звязаныя с праваслаўным ассяроддзем. Які з ніх найбольш распаўсюджана, мы, на жаль, сказаць не можам. Трэба заўважыць, што варыянт Іісус больш блізкі да таго, як выглядае імя заснавальніка хрысціянства ў традыцыйных кананічных мовах праваслаў’я – царкоўнаславянскай і старажытнагрэчаскай: Iисtuсъ і ??????.

            Лацінска-польскі па паходжанню варыянт Езус (лацінск., польск. Jesus) ужываецца пераважна ў каталіцкім ассяроддзі. Менавіта гэты варыянт імя заснавальніка хрысціянства выкарыстоўвае ў сваім перакладзе Бібліі на беларускую мову У. Чарняўскі [8, с. 87]. Варыянт Езус мае нехарактэрную для беларускай мовы форму клічнага склону: Езу, якую, напрыклад, мы бачым у тэксце аднаго з царкоўных гімнаў: “Ты мая радасць, о Езу мой, ты маё шчасце, о Езу мой”. Гэтая форма паходзіць ад формы клічнага склона гэтага імя ў лацінскай мове: Jesu. Паколькі многія дзеячы беларускага нацыянальнага адраджэня належалі да каталіцкага веравызнання, імя Езус мы бачым у іх тэкстах вельмі часта. Так, у вершах Цёткі ніколі не ўжывюцца варыянты Ісус або  Іісус, толькі Езус.  

Што жа датычыцца варыянта Ізус, то ён зафіксаваны намі толькі адзін раз, у перакладзе каталіцкай малітвы Ave, Maria, выкананым К. Каганцом: “І бласлаўлён плод жывата твайго Ізус”[5, с. 32]. Хутчэй з усяго, напісанне Ізус у К. Каганца мае аказіянальны характар. Прынамсі, у іншых аўтараў такі варыянт намі не знойдзены.

Яшчэ адным найменнем Хрыста, якое указвае на яго, як на адкупіцельную ахвяру за грахі чалавецтва, з’яўляецца назоўнік Баранак. Гэтую лексему мы бачым, напрыклад, у тэксце беларускай каталіцкай імшы: “Вось Баранак Божы, вось той, хто бярэ на сябе грахі свету” [7]. Па паходжанню назоўнік Баранак з’яўляецца запазычаннем з польскай мовы (польск.: baranek – “ягнё”). У беларускай мове лексема Баранак не мае якіх-небудзь нетэанімічных значэнняў і выкарыстоўваецца выключна як адно з найменняў Хрыста. Як і іншыя паланізмы ў беларускай рэлігійнай лексіцы, тэанім Баранак ужываецца выключна ў каталіцкім асяроддзі. Для праваслаўных колаў больш характэрная ў гэтым значэнні лексема Ягня, якую, напрыклад, мы бачым у беларускім перакладзе Бібліі В. Сёмухі, у Евангеллі паводле Яна і у Апакаліпсісе: “На другі дзень бачыць Ян Хрыста, Які ідзе да яго і кажа: вось Ягня Божае, Якое бярэ на сябе грэх свету” (Ян, 1:29), “і сказаў мне: ідзі, я пакажу табе жонку, нявесту Ягняці” (Адкрыццё, 21:9). Заўважым, што У. Чарняўскі, нягледзячы на кананізаванае ў беларускім тэксце імшы Баранак, у выкананым ім перкладзе Бібліі ўжывае агульны з праваслаўнымі тэонім Ягня. Такім чынам, можна сказаць, што Ягня паступова перастае быць уласна праваслаўным найменнем Хрыста, становіцца агульнабеларускім тэонімам, у той час, як тэонім Баранак захоўвае каталіцкае афарбаванне. У станкевічавым перакладзе Святога Пісьма мы бачым яшчэ адзін варыянт гэтага тэоніма – Баранчык, але ён па-за межамі гэтага перакладу практычна не ўжываецца і можа разгледжвацца як аказіаналізм. Назоўнікі Баранак і Ягня займаюць рознае становішча ў лексічнай сістэме сучаснай беларускай мовы: Баранак – гэта толькі тэонім, а Ягня нароўні з тэанімічным значэннем мае нетэанімічнае, якое, дарэчы, з’яўляецца больш частотным.

 

*                      *                    *

 

Абагульняючы апісаныя вышэй назіранні над тэанімічнай лексікай беларускай мовы, можна знабіць наступныя вынікі.

1.                          Канфесіянальна маркіраваныя тэонімы складаюць значны адсотак ад агульнага аб’ёма тэанімічнай лексікі беларускай мовы.

2.                          Тэонімы, якія маюць каталіцкую афарбоўку часцей з усяго з’яўляюцца запазычаннямі, маюць польскае паходжанне (Пан, Боства, Езус, Баранак).

3.                          Тэонімы, якія маюць праваслаўную афарбоўку, часцей за ўсё звязаныя з царкоўнаславянскай моўнай стыхіяй (Бажаство, Сутны, Хрыстос).

4.                          У некаторых выпадках праваслаўны тэонім набывае агульнабеларускае гучанне (Хрыстос, Ягня), у той час, як з “каталіцызмамі” гэтага не адбываецца.

5.                          Праваслаўныя і каталіцкія тэонімы за рэдкім выключэннем не ўжываюцца ў адным тэксце.

6.                          Пасколькі беларуская тэанімія яшчэ канчаткава не сфармаваная, яна застаўляе вялікую прастору для індывідуальнай словатворчай актыўнасці перакладчыкаў біблейскіх, літургічных і багаслоўскіх тэкстаў.

 

 

 

 

 

ЛІТАРАТУРА

 

1. Арлоў У. Еўфрасіння Полацкая. – Мінск, 1992.

2. Беларуская міфалогія. Энцыклапедычны дапаведнік. – Мінск, 2004.

3. Бічэль Д. Паміж Часам і Сонцам // Новы Час. – 2003. – Красавік. — № 6 (11). 

4. Брыль Я. З людзьмі сам-насам: Запісы, мініяцюры, эсэ. – Мінск, 2003.

5. Каганец К. Малітвы // Хрысціянская думка. – 1993. — № 2.

6. Мусорын А. Тэанімічная лексіка ў паэзіі Алеся Гаруна // Роднае слова. – 2005. — №12.

7. Парадак Святой Імшы з народам // http://katolichestvo.by.ru/liturgy/missa3.shtml

8. Рудкоўскі П. Эротыка біблійнага слова // ARCHE – ПАЧАТАК. – 2005. — № 6.

9. Станкевіч А. Жанімства – вялікі сакрамант // Наша Вера. – 1998. — № 3 (6).

10. Станкевіч Я. Да слова «спадар» // Станкевіч Я. Збор твораў у двух тамах. — Т.2. —  Менск, 2002.

11. Станкевіч Я. Яшчэ да слова “Спадар” // Станкевіч Я. Збор твораў у двух тамах. –Т. 2. -  Менск, 2002.

12. Тимофеев К. А. Религиозная лексика русского языка как выражение христианского мировоззрения. – Новосибирск, 2001.  

13. Цар Ірад // Хрысціянская думка. – 1993. — № 2.

 14. Электронная энцыкляпэдыя // www.slounik.org

Беларусь і беларусы ў прасторы і часе. — Мінск, 2007. — С. 342 — 348

Цэтлікі: ,

1 Комментарии на это сообщение

  1. Postnov Says:

    Дуже добре!

Ответить

  Проверка PR и ТИЦ
Нашы сябры:
Казкі беларускія!