Аўдоніна Т. В. , Каралёва А. А. Матывы хрысціянскага светаадчування ў драматургічных творах Аляксея Дударава
Няд, 8 ліпня 2012
(Личность — Слово — Социум — 2008)
У сярэднявеччы адносiны апалагетаў хрысцiянства да драматургiчнага мастацтва і тэатра былi адмоўныя. Як бы нi тлумачылi гэты факт гiсторыкi культуры i нават рэлiгйныя прапаведнiкi, такое становiшча выклiкана тым, што хрысцiяне старажытнасцi i сярэднявечча сваiм рэлiгiйным пачуццём несвядома адчувалi суседства сцэнiчнага мастацтва з дэманiчным светам язычніцкiх уяўленняў. Калi ў антычнай трагедыi (згадаем трагедыю «Эдып» Сафокла) самыя незвычайныя рэчы адбываюцца надзвычай натуральна, то ў сярэднявечнай трагедыi важнае месца займае звышнатуральнасць, фантастычнасць таго, што адбываецца. У гэты час чалавек тлумачыў свет з дапамогай Бога, а чалавек новага часу (XVII — XIX стст. ) iмкнуўся паказаць, што свет ёсць прычына самога сябе. У фiласофii гэта знайшло выражэнне ў класiчным тэзiсе Спiнозы аб прыродзе як causa sui (прычына самой сябе). У мастацтве гэты прынцып некалькi раней паказаў у сваiх творах Шэкспiр, для якога i ўвесь свет, i сфера моцных чалавечых пачуццяў i трагедый не патрабуе нiякiх незямных тлумачэнняў. Прычына свету i яго трагедый — у iм самiм, а не ў злым Року, чараўнiцтве цi Богу.
На памежжы ХХ—ХХІ стагоддзяў, пасля доўгіх часоў ганьбавання рэлігіі, майстры мастацкага слова сталі часцей звяртацца да чыстых крыніц: фальклору, гістарычных фактаў, рэлігійна–павучальнай літаратуры. У сярэдзіне 80–х гадоў ХХ стагоддзя адбыўся зусім нечаканы паварот: памяняліся тэматычныя прыярытэты літаратурнага мастацтва і царква «выйшла з падполля», стала нават патронам–апекуном сучаснага мастацтва. Яго роля ў адносінах да хрысціянства і царквы ў сваю чаргу таксама змянілася: з’явілася магчымасць супрацоўніцтва і вырашэння праблемы духоўнага ўратавання нацыі.
Прыкладам пробліску надзеі на ўзнаўленне духоўнай плыні ў драматургічным мастацтве з’яўляюцца п’есы Аляксея Дударава.
Літаратурна–гістарычную каштоўнасць праваслаўнага плана прадстаўляе гісторыка–містычная драма «Крыж», створаная на аснове агіяграфічнай літаратуры пра асветніцкую дзейнасць Ефрасінні Полацкай, нябеснай заступніцы Беларусі. Гэты вельмі неардынарны твор А. Дударава трэба аднесці да такой даўно забытай жанравай разнавіднасці драмы, як міракль — рэлігійна–павучальнае прадстаўленне, якое расказвае пра цуды, здзейсненыя якім–небудзь святым. Таму, верагодна, гэты твор не пазбаўлены дыдактычных сентэнцый аўтара, што, дарэчы, характэрна для драматургіі А. Дударава ўвогуле: значная доля назідальнасці, павучальнасці прысутнічае і ў яго ранніх п’есах («Радавыя», «Злом») і асабліва ў творах памежжа стагоддзяў («Адцуранне», «У прыцемках», «Кім»). У «Крыжы» Аляксей Дудараў звяртаецца да эпохі станаўлення і сцвярджэння хрысціянскіх традыцый на тэрыторыі старажытнага Полацкага княства, спрабуе асэнсаваць вытокі жорсткасці сучаснага грамадства, прычыны яго імкнення да самаразбурэння, знішчэння асноўных духоўных каштоўнасцей народа.
Ідэйна–эмацыянальная характарыстыка персанажаў, іх сюжэтастваральны ўдзел у гістарычных падзеях, якія інтэрпрэтуе аўтар, раскрываюць сферу светапоглядных ідэалаў драматурга, што праяўляюцца ў яго імкненні асэнсаваць вострыя сацыяльныя і маральныя праблемы складанай сучаснасці канца ХХ стагоддзя. Сюжэтную аснову п’есы складаюць рэлігійна–асветніцкія подзвігі Ефрасінні. Цэнтральная ў п’есе — духоўная задача зямнога прадвызначэння полацкай князеўны: несці людзям веды, падараваныя Свяшчэнным Пісаннем. Гэта самыя галоўныя хрысціянскія ісціны — любоў да бліжняга і нават да ворага, шчырае дараванне і спачуванне: «Любіце ворагаў вашых, бласлаўляйце тых, хто праклінае вас, і маліцеся за крыўдзіцеляў вашых і толькі тады будзеце сынамі Айца вашага нябеснага, бо Ён кажа сонцу Свайму ўзыходзіць над злымі і добрымі і пасылае дождж на праведных і няправедных…» Нам, сенняшнім, таксама цяжка зразумець гэтыя простыя ісціны, як і Лазару Богшы, усім яго суайчыннікам і сучаснікам, і тым, хто жыў у ХV стагоддзі, і ў ХIX… Даруй крыўдзіцелю свайму — вучыць Прадслава, а Богша ўзбунтоўваецца: «Каму [дараваць. — Аўт. ]? Мне іх спачатку падзяліць трэба… Адзін крычыць: «Распні!», а другі шкадуе…» Любі бліжняга свайго і не судзі нікога — гаворыцца ў Святым Пісанні, а Богша: «Нікога я не суджу! І Бог сведка, што я іх люблю… Кожнага паасобку! Да таго часу, пакуль не саб’юцца ў адзін натоўп», каб рабіць «злое перад вачыма Яго…» І Цівун бачыць у агульным дараванні зло: «Дараваць грэшніку, прасіць за грэшніка — гэта ж, па–вашаму, сыпаць гарачы попел на галаву яго, каб Гасподзь пакараў яго больш балюча!» — гаворыць Цівун і, звяртаючыся да Прадславы, тут жа робіць выснову: «Вы [веруючыя. — Аўт. ] знутры больш жорсткія, больш лютыя, чым» рэвалюцыйная ці заканадаўчая ўлада (як улада ўвогуле).
На працягу стагоддзяў скептыкі, як і дудараўскі Цівун, смяяліся над рэлігійнымі падзвіжнікамі, прыніжалі іх працу ў манаскай адзіноце, а Слову Боскаму не аддавалі належнай павагі:
Ц і в у н. <…> Ты слепнеш, перапісваючы Святое пісанне, а хто яго, апроч вас, чытае і будзе чытаць?!
Несці веды, тлумачыць людзям існасць духоўных законаў — гэта цяжкі крыж, і не кожны адважыцца пайсці такім цярністым жыццевым шляхам:
П р а д с л а в а (чытае напісанае)… тады Ісус сказаў вучням Сваім: калі хто хоча ісці за Мною, хай адрачэцца ад сябе і возьме крыж свой і ідзе за мною, бо хто хоча душу сваю ўратаваць, той страціць яе; а хто страціць душу сваю дзеля Мяне, той знойдзе яе…
Тэматычная кульмінацыя твора змяшчаецца іменна ў гэтых радках Святога Пісання, якія вымаўляе ўслых ігумення ў сваей келлі Спаскага манастыра (Евангелле ад Мацвея, 16:24, 25, а таксама Марка, 8:34—36).
Гэта значыць, што трэба мець рашучасць кінуць усе, не клапаціцца пра матэрыяльнае, а поўнасцю даверыцца благасці Боскай і жыць духоўным жыццем, для якога мала проста выконваць Дзесяць Запаветаў: «калі хочаш быць дасканалым, пайдзі, прадай маемасць сваю і раздай жабракам; і будзеш мець скарб на нябесах…» (Мацвея, 19:21). Гэта азначае, што тыя, хто выконвае асноўныя запаветы, — званыя, а тыя, хто ва ўсім ідуць за Хрыстом і распаўсюджваюць Яго вучэнне, — абраныя. Але — «многа званых, а мала абраных» (Мацвея, 20:16). Узяць свой крыж, адмовіцца ад сябе і прыняць Боскую ўладу над сабой — такое наканавана было і Прадславе–Ефрасінні, чые прызванне было вяртаць людзям духоўны зрок і ачышчаць іх розум. Таму і тэма п’есы — не выраб мастацкага твора, знакамітага Крыжа, а шлях адрачэння сябе ад людской марнасці і радасцей цела ў імя вялікай мэты — ідэі хрысціянскага асветніцтва.
Рэлігійныя матывы есць і ў драматычнай баладзе А. Дударава «Радавыя», прысвечанай Вялікай Перамозе савецкага народа ў Айчыннай вайне. Дзеянне п’есы адбываецца пад Берлінам, каля напаўразбуранага каталіцкага храма. Пра тое, што гэта касцел, гавораць ацалелыя атрыбуты ўнутранага ўбрання: пакарабачаныя арганныя трубы, статуэткі святых і спецыфічныя іконы — прадметы культа, не характэрныя для праваслаўных ці пратэстанцкіх канфесій. Візуальны рад пацвярджаецца вярбальна і героямі п’есы: Бушцец, напрыклад, аблаяў Саляніка за тое, што той, праваслаўны, звяртаецца да Бога ў чужым храме: «Каму ты молішся, ахламон? Гэта ж касцел! <…> Тут, можа, Гебельса хрысцілі…»
У вобразе Дзерваеда А. Дудараў стварыў буйны характар, што ўвасабляе лесы мільенаў салдат з сялян. Дзерваед пазбаўлены ўсялякай позы, бравады, у ім праяўлены лепшыя характаралагічныя рысы савецкага чалавека, які гатовы памерці, але абараніць сваю Радзіму, нават таго ж Саляніка, што з–за рэлігійных перакананняў адмовіўся выкарыстоўваць зброю, ці глуханямога нямецкага падлетка. З вобразам Дзерваеда тэматычна і псіхалагічна звязаны ўмоўны персанаж–сімвал у выглядзе жанчыны з дзіцем на руках — прывід жонкі Дзерваеда Мар’і і маленькага сыночка Васілька, якія загінулі ў вогнішчы. Мар’я ўсю вайну мроіцца беларускаму партызану, але не як папрок — яна прыходзіць як берагіня, якая — і Дзерваед у гэтым упэўнены — дапамагае яму духоўна і ўратоўвае ад кулі праціўніка. Вобраз Мар’і — увасабленне ўсіх маці на Зямлі, якія аддаюць сваіх сыноў чалавецтву, як Марыя аддала Іісуса. Гэта алегарычная метафара п’есы сімвалізуе зліцце двух ідэй: з аднаго боку, гэта выява Божай Маці з маленькім Хрыстом як сімвал самаахвярнасці ў імя выратавання; з другога — прадметная выява вобразаў Мар’і з Васільком, якіх няма сярод дзеючых асоб спектакля.
У драматургiчных творах А. Дударава прысутнiчаюць элементы i трагедыi, i камедыi з усiмi характэрнымi для гэтых жанраў драматычнымi канфлiктамi, што вельмі доказна сведчыць аб неадрыўнай сувязі тэорыі і практыкі антычнага драматычнага мастацтва з мастацтвам сенняшнім. Амаль усе героi п’есы «Злом» трагiчныя: Пiфагор, што сам сябе асудзiў на знікненне, гiбель за ўдзел у злачынствах, на якiя яго штурхнулi палiтычныя абставiны дзяржавы; тое ж характэрна i для Афганца, Русалкi i iншых персанажаў названай п’есы. Трагiчны лес усiх герояў п’есы, іх гiбель прадвызначаны наўрад цi толькi звыш — яны самi, самастойна абралi гэты пакутлiвы шлях самапакарання за грахi грамадства.
Фiласофская драма А. Дударава «Адцуранне» адлюстроўвае ядзерную катастрофу. П’еса не напрамую тычыцца Чарнобыльскай трагедыі. А. Дудараў намаляваў нейкую запаветную зону, акрэсленую Космасам, i самае страшнае, што ў вынiку ядзернага выпраменьвання наша нацыя можа вырадзiцца, людзi могуць стаць нейкiмi мутантамi, нават не толькi фiзiчна, але i духоўна. Але ўся яго п’еса прасякнута аптымiзацыяй будучынi праз бруд сучаснасцi, таму што ў ей есць надзея на духоўнае адраджэнне нацыi ўвогуле i чалавека ў прыватнасцi.
Сімволіка–алегарычная драма–паэма «Адцуранне» з’яўляецца своеасаблівым паграніччам, пераломам у творчым успрыяцці свету. У ей беларускі драматург пераносіць акцэнт з ідэі мужнасці на ідэю выкуплення. У драме дзейнічаюць незвычайныя героі, якія па сваім прызначэнні і колькасці глыбока сімвалічныя. Усе дзеючыя асобы драмы (Дачка, Стары, Медсястра, Арлет, Гулаг, Ліквідатар і Дэсантнік) падзелены на рэальных істот (на тых, хто апынуўся паміж жыццем і смерцю), якія потым пяройдуць у іншы стан — у стан ірэальнага існавання (яны — Боскія выбраннікі, якія павінны выканаць свае прадвызначэнне) і на пасланцоў Бога (Вяшчун і Хлопчык), з’яўленне якіх прызначана нагадаць людзям, як яны павінны будаваць свае жыцце. Вобраз Вешчуна — гэта вобраз біблейскага прарока (на карысць гэтага суджэння сведчыць не толькі імя–паняцце, дадзенае аўтарам, але і рэплікі, у якіх вельмі часта нагадваюцца ракавыя вершы Апакаліпсіса, змрочныя прароцтвы, што гнятуць род чалавечы). Лейтматыў усей драмы — хрысціянскія адносіны людзей адзін да аднаго і ўсяго наваколля, пакаянне. Можна звярнуцца да біблейскай трактоўкі вобраза прарока, уяўленага ў дудараўскім персанажы вешчуна: «Так назывались святые мужи, <… > чтобы по Его воле откровенно возвещать народу Его волю и предупреждения, предостерегать от греха и идолопоклонства, и свидетельствовать о могущественных делах Божиих». З біблейскіх крыніц мы ведаем, што калі святары і цары памыляліся або калі народу пагражалі бедствы, тады выступалі прарокі, сярод якіх добра вядомыя Ісайя, Осія, Іезекііль, Данііл і інш. Іхнія прамовы былі гняўлівымі або падбадзерваючымі, яны ўкаранялі ў свядомасць людзей неабходнасць паслушэнства Богу, гаварылі аб немінучай адплаце за невыкананне Боскіх запаветаў. Таму ў «Адцуранні» Дудараў даручае свайму герою прароцкія словы з «Апакаліпсісу»: «Калі з дыму выйшла саранча, то сказана было ей, каб не рабіла шкоды траве зямной, і ніякай зеляніне, і ніякаму дрэву, а толькі адным людзям, што не маюць пячаці Боскай на чале сваім… <…> І дадзена ей не забіваць іх, а толькі мучыць пяць месяцаў… <… > У тыя дні людзі будуць шукаць смерці, ды не знойдуць; пажадаюць памерці, ды смерць уцячэ ад іх…»
Ужо два тысячагоддзі чалавецтва ўчытваецца ў гэтыя словы і ў розныя часы і ў розных кутках свету назірае здзяйсненне тых ці іншых прароцтваў Іаана Багаслова. Адно за адным яны сведчаць аб «канцы свету», які адбываецца кожны раз на духоўным узроўні ў нейкай асобнай чарговай краіне і сям’і, калі людзі адступаюцца ад падпарадкавання Боскім законам, дадзеным на тое, каб людзі не загінулі, а мелі жыцце вечнае. Але чалавек, які створаны па вобразу і падабенству Боскаму, ды яшчэ і са свабоднай воляй, мае права свабоднага выбару свайго жыццевага шляху наогул і паўсядзенных учынкаў у прыватнасці. І тым не менш, нягледзячы на свае шматлікія брыдкасці, чалавек усе ж такі застаецца любімым стварэннем Гасподнім.
Любімым? Дык чаму ж Ён насылае на сваіх дзяцей усялякія жудасныя іспыты? Гэта пытанне, якім задаецца амаль што кожны свядомы чалавек, калі сустракаецца з якой–небудзь бядой сам, ці спрабуе асэнсаваць прычыны чужога гора. Колькі разоў кожны з нас, як Ліквідатар з «Адцурання», усклікаў: «Госпадзі, калі ты есць, тады за што?! За што гэты бедны і змардаваны люд столькі разоў і так караць?» І сапраўды — якія толькі нягоды не пераследавалі беларускі народ: і ў апошнюю вайну кожны трэці загінуў, і хцівыя суседзі самавітасці і нават роднай мовы пазбавілі, ды яшчэ і Чарнобыль…
«Каго Я люблю, тых віню і караю…» — чытае Ліквідатар з далоні Вяшчуна. У Свяшчэнным Пісанні есць шмат пасведчанняў таго, як Бог караў і свой выбраны народ, і любімых сваіх памочнікаў–прарокаў за тое, што былі неслухмяныя, ці праяўлялі нерашучасць, сумненне, ці саступілі з паказанага Богам шляху.
Аўтарская думка, на наш погляд, тут у значнай ступені фаталістычная: «Людзі пачалі паміраць…» — «Яны і павінны паміраць калі каму наканавана». —«Дзеці хварэюць…» — «А то ты не хварэў? Каго вы папраўляць уздумалі? — выказвае думку аўтара Вяшчун. — Ён проста так нічога не робіць…»
Верагодна, можна шмат разважаць, чаму сярод абраннікаў на подзвіг у імя чалавецтва няма праведнікаў: чаму быў абраны Стары — аматар выпіць і ўспомніць д’ябла, ці Арлет — гулёна, ці Гулаг — злодзей княскага роду? Сярод дванаццаці апосталаў Хрыста таксама былі розныя асобы: і мытнік, і Фама няверуючы, і Іуда–здраднік. Але ўсіх іх яднае адна задача: яны стваралі будучыню, узводзілі Царкву Боскую, каб шмат людзей прыйшлі туды атрымаць прабачэнне і ачышчэнне.
Перад героямі драмы Дударава стаіць канкрэтная задача: узнавіць сцяну разбуранай капліцы, якую людзі ўшчэнт разбурылі. Чалавецтва дайшло да парогу самазнішчэння і павінна спыніцца, бо загіне. «Адцуранне» — гэта не паніхіда па Беларусі, але забруджаная зямля яшчэ доўга будзе нагадваць людзям не толькі аб адказнасці за навуковыя дасягненні, але і аб маральнасці, неабходнасці ўшанавання Боскіх запаветаў, што прынясе кожнаму з нас і ўсім разам дараванне і дабрабыт. І тады мы зможам прачытаць апошнія рэплікі пасланцоў Боскіх — Вешчуна і Хлопчыка — аптымістычна: «І ўбачыў я новае неба: новую зямлю, бо ранейшае неба і ранейшая зямля мінулі…», «І абатрэ Бог усякую сьлязу з вачэй іх, і сьмерці не будзе ўжо».
Кантэкст твораў Аляксея Дударава з рэлігійнай тэматыкай — гэта вяртанне да духоўных каштоўнасцей славянскай нацыі, да вытокаў мудрасці, ненасілля, добрасардэчча, уласцівых беларускаму народу, таму што айчынная культура — гэта чыстая крыніца з жывой вадой, чэрпаць з якой трэба беражліва, з любоўю, узважваючы кожнае слова, кожны вобраз як найкаштоўнейшыя часцінкі народнага багацця, што стагоддзямі збіраліся нашымі продкамі.
Цэтлікі: драматургiя
Ответить