Ф. Янкоўскi. БЕЛАРУСКАЯ ФРАЗЕАЛОГIЯ. ФРАЗЕАЛАГІЗМЫ, ІХ ЗНАЧЭННЕ, УЖЫВАННЕ (15)
Суб, 15 кастрычніка 2011
Н
НА АБАРАНКІ ЗАРАБІЦЬ. І. Насовіч: кажуць насмешліва пра пакаранага розгамі ці пугаю. (І. Нас., СБП). Дакладней: атрымаць пакаранне, быць пакаранаму.
Глядзі!.. Заробіш на абаранкі! Гл. Не лезь, а то на абаранкі заробіш. Гл. р., Кл.
НА АДЗІН БОК З'ЕХАЦЬ. Гл. З'ЕХАЦЬ НА АДЗІН БОК.
НА АДЗІН ГЛЫК (глэм). Гл. НА АДЗІН ЗУБ (глэм, глык).
НА АДЗІН ЗУБ (глэм, глык) што каму. Вельмі мала, крышачку, раз глынуць (ежы, стравы).
Тая яечня — два яечкі! — Віцю на адзін зуб. Мін. Яму блінчык той на адзін зуб. Мсц. Трус ільву на адзін глэм. Гл. р., Кл. На* кампоту. Тут яго на адзін глык табе. Мсц.
НА АДЗІН КАНЕЦ З'ЕХАЦЬ. Гл. З'ЕХАЦЬ НА АДЗІН БОК.
НА АДНОЙ НАЗЕ. Вельмі хутка (збегаць, злётаць).
Бяжы хуценька — на адной назе. Ваўк. п. (М. Фед., ЛБ, ІV). Мне толькі грошы — я на адной назе, як стой збегаю! Сл. р., Трухан.
НАБЕГЧЫ (набягаць) НА ВОЧЫ каму. Гл. НА ВОЧЫ НАХОДЗІЦЬ (набягаць, наскокваць) каму.
НАБІРАЦЦА (набрацца) РОЗУМУ. Гл. РОЗУМУ НАБІРАЦЦА.
НА ВАДУ БРАХАЦЬ. Бясконца піць, праганяць смагу.
Селядца наеўся, усю ноч на ваду брахаў. Кап. р., Аксам. Не вельмі старайся нанач салёныя грыбы [есці]. Будзеш усю ноч на ваду брахаць. Тамсама. Смажыць у роце, хоць ты на ваду брашы. Кап. р., Макр.
НАВАЖВАЦЬ НА СВАЁ. НАВАЖЫЦЬ НА СВАЁ. Настойваць, неадступна адстойваць (прапанову, просьбу і г. д.).
Так наважыў на сваё, што мусілі прадаць цялушку, — хай едзе хоць сёння. Гл. р., Вольн. А ён на сваё наважвае. Тамсама. Ты не вельмі так наважвай на сваё. Гл. р., Кл.
Параўн. (у руск.): настаивать на своем.
НА ВАЧАХ чыіх, у каго. 1. У полі зроку, на бачнасці, пры кім (пра здарэнне, падзею, дзеянне).
Вы ж на маіх вачах раслі і гадаваліся. Гл. р., Барб. Стаім, дык на нашых вачах давай ён чапляцца без нічога ніякага. Стар. Дар.
2. Відавочна.
А вада [у рэчцы] на вачах большае [павышаецца ўзровень вады]. Гл. р., Кл.
НАВЕРЗЦІ СЕМ КАРАБОЎ. З адцен. асудж., непаш. Нахлусіць, нагаварыць многа прыдуманага і абы-чаго, намалоць языком, намалоць лухты. І. Насовіч: кажуць, калі хто дакучыў сваёю хлуснёй. (І. Нас., СБП).
Не слухай яго, мой унучак, ён табе навярзе сем карабоў. Гл. р., Кл. Можа, што і не так. Паедзеце ды будзеце недзе смяяцца: “Стары Філіповіч навёрз сем карабоў…” Гл. р., Зубар.
НАВЕРХ ВЫХОДЗІЦЬ (выйсці). Гл. ВЫЙСЦІ НАВЕРХ.
НАВЕСЦІ (наводзіць) НА ДАРОГУ каго. Гл. НА ДАРОГУ НАВОДЗІЦЬ каго.
НА ВОЧЫ (на вока) БРАЗГАЦЬ. Гл. УСКІДАЦЬ (бразгаць) НА ВОЧЫ (на вока).
НА ВОЧЫ НАБЯГАЦЬ (наскокваць) каму. Гл. НА ВОЧЫ НАХОДЗІЦЬ каму.
НА ВОЧЫ НАХОДЗІЦЬ (набягаць, наскокваць) каму. НА ВОЧЫ НАЙСЦІ (набегчы, наскочыць) каму. Выпадкова сустракацца з кім.
Часам ідзеш, дык яны [дзікі] на вочы находзяць. Карэл. р., Мірат. А яму я стараўся на вочы не найсці: “А што?” “А чаго?” Малад. р., ст. Уша. Учора Гелеру на вочы наскочыла. Думала, што скажа, а ён як ішоў, так і пайшоў. Гл. р., Кл. Таварына, мой ты браце, і тая ўсякая бывае. Адно грызе і грызе, з чарады не выйдзе, дзень пасеш — што і на вочы не нойдзе. А другое, халера такая, наставіць рогі і ідзе куды ногі нясуць. Гл. р., Баян.
НА ВОЧЫ НЕ НАПУСКАЦЬ каго. НА ВОЧЫ НЕ НАПУСЦІЦЬ каго. Вельмі варожа ставіцца да каго. Не выносіць прысутнасці каго.
Рахманая і ціхая [карова], але чужога ў дварэ — не то ў хляве! — на вочы не напускае. Гл. р., Кл. Як знялюбіць каго, то і на вочы не напусціць. Тамсама.
НА ВОЧЫ ПАКАЗАЦЦА (паказвацца) каму. Гл. ПАКАЗВАЦЦА НА ВОЧЫ каму.
НА ВОЧЫ (на вока) УСКІДАЦЬ (ускінуць). Гл. УСКІДАЦЬ (бразгаць) НА ВОЧЫ (на вока).
НАВЫЛЕТ (навылёт) БАЧЫЦЬ. Гл. БАЧЫЦЬ НАВЫЛЕТ (навылёт).
НА ВЯРОЎКАХ ЗАГУЛЯЦЬ. Гл. ЗАГУЛЯЦЬ НА ВЯРОЎКАХ.
НА ЧЫЁЙ ГАЛАВЕ. Гл. БЫЦЬ НА ЧЫЁЙ ГАЛАВЕ.
НА ГАЛАВЕ (на галовах, галавою) ХАДЗІЦЬ. НА ГАЛАВЕ (на галовах, галавою) ЗАХАДЗІЦЬ. НА ГАЛАВЕ (на галовах, галавою) УСХАДЗІЦЦА. З адцен. дакору, асудж. Дурэць, сваволіць, гарэзаваць.
А ваш, думаеце, лепшы? Пабачылі б, што вырабляе! На пераменцы, далібог, на галаве ходзіць. Дзярж. Скажы ж-бо! І ўнімку на вас няма! Сабраліся і дзень ходзяць на галовах. Гл. р., В. Пазбіраюцца, то чаго толькі не навычаўпляюць! А тады раздурэюцца ды ходзяць на галаве. Гл. р., Кл. Хай бы вы сціхлі! За*ра [зараз] хадзіць на галаве будуць. Віл. р., Карп. Галавою хадзіць. Ваўк. п. (М. Фед., ЛБ, ІV). Малыя — то як малыя. Не ўшчувай, то і пайшлі на галовах хадзіць. Стаўб. р., Мікал. Ён добры, ласкавы, і дзеці пры ім не будуць хадзіць на галовах. Тамсама. ‘Шчэ рабіць нічога не рабілі, а на галовах захадзілі. Такіх рабоцькаў не трэба мне. Гл. Як сышліся, і захадзілі на галовах. Стаўб. р., Мікал. Каб бачыла, што з імі! Збяруцца, як заходзяць на галовах, — як тыя сцены стаяць! Гл. р., Кл. Сціхніце хоць на часіну. Ужо на галовах усхадзіліся. Тамсама. На галовах захадзілі. Тамсама.
НА ГАЛАВУ ЎССЕСЦІ каму. Жорсткім абыходжаннем, не маючы сумлення, прымусіць каго выконваць патрабаванні, скарыстоўваць чые паслугі.
Не вельмі папускайся яму, бо ён на галаву табе ўссядзе. Сл. р., Трухан. Во гэткая ды каб у жонкі [каб гэткая стала жонкаю], то ўссядзе на галаву і дыхнуць не дасць, камандаваць будзе, як дармавым канём. — Дый ты гатовы ўссесці на галаву!.. Цаца такая… Малад. р., Аляхн. А хлопцам толькі папусці лейцы — на галаву ўссядуць. Гл. р., Кл.
НА ГАРАЧЫ ЗУБ. На зле; у такі момант, у такую часіну, калі хто разгневаны, раззлаваны; пагарачыўшыся, не адумаўшыся (рэзка ці груба сказаць, адказаць, адмовіць).
А кароль быў вельмі злосны, на гарачы зуб ўзяўся каля іх: “Скасаваць, каб не было і следу”. Ваўк. п. (М. Фед., ЛБ, ІІІ, 2).
Гл.: пад гарачы язык.
Параўн. (у руск.): под горячую руку.
НА ГАСПАДАРКУ ВЫБІВАЦЦА (узбівацца, узбіцца). Гл. УЗБІВАЦЦА (выбівацца) НА ГАСПАДАРКУ.
НАГУЛЬВАЦЬ (нагуляць) САЛА. Гл. САЛА НАГУЛЬВАЦЬ.
НА ДАБРО ІСЦІ (пайсці). Гл. ІСЦІ НА ДАБРО.
НА ДАРОГУ НАВОДЗІЦЬ каго. НА ДАРОГУ НАВЕСЦІ каго. Дапамагчы выбраць жыццёвы шлях, дарогу ў жыццё, дапамагчы ўладкавацца ў жыцці.
Хто гарэлку п'е — не навядзе на дарогу. І ты з ім не хаўрусуй, бо на добрае такі не навучыць. Гл. р., Кл. Сіротку тую выгадавалі і выхавалі, на дарогу навялі, а летась замуж аддалі. Малад. р., Радашк. Ён вас на простую дарогу наводзіць. Каб ішлі проста, а не круцячы. Навагр. р., Свіц.
НА ДЗЕНЬ (на свет) ЗАЙМАЦЦА. Світаць.
Стружа ён сабе стружа, дый падспёўвае. Чуць пачало на свет займацца, ажно чуе яшчэ здалёк, што нешта шуміць. Ваўк., Дварч. (М. Фед., ЛБ, ІІ, І). От толькі стала займацца на свет, птушачкі запелі ўсялякімі галасамі, лес ажыў, загаманіў. Маз. п., Луч. (А. Сержп., СРБП). Толечкі на свет занялося, і ідуць ланцугом, адзін за адным, а тады адзін паўз адзін. Гл. р., Хал. Як толькі стане займацца на дзень, мы і паедзем разам. Гл. р., Стар.
НА ДОБРЫМ СЛОВЕ. Як падзяка за пажаданне, спачуванне, за добразычлівасць.
Хоць вы за мяне сказалі. Каб вы здаровенькія былі на добрым слове. Гл. р., Зубар. — Няхай бы ты настраляў зверыны, каб пачаставаць старца [жабрака]. — Дзякуй вам на добрым слове, — кажа старац, — у мяне е [ёсць] хлеб, што добрыя людзі далі… І пачаў старац частаваць стральца ды рыбака. Сл. п., Чудз. (А. Сержп., КАБСП).
НА ДУМКУ ПРЫХОДЗІЦЬ што. НА ДУМКУ ПРЫЙШЛО (прыйдзе) што. Прыгадваецца, думаецца, прыпамінаецца.
А мне ўсё наша дачушка на думку прыходзіць. Малад. р., Удр. Хай вам не прыходзіць яно на думку. Віл. р., Слаб. І нікому на думку не прыйшло, што гэта ўсё робіцца..., каб людзей ашукваць. Рэч. п. (Ч. Пятк., КДПР) Так ты і ўгадала, што яму на думку прыйшло. Гл. р., Слаўк. Мо' прыйдзе калісь на думку, дык хай напіша. Тамсама.
НАД УСІМ СВЕТАМ. Няма (не было, не будзе) на свеце роўных каму, чаму, за ўсіх на свеце (разумнейшы і г. д.).
А яны пастроілі яму пакоі ды такія, што над усім светам, і абгарадзілі двор высачэнным тынам. Бых. п. (Е. Рам., БС, ІV). Ты не будзь над усім светам. Не такія разумныя і больш за цябе вучаныя е [ёсць]. Гл. р., Кл.
НА ЖАБІН СКОК. Вельмі мала (адлегласць, прастора).
Да паўдня выпалала на жабін скок. Мядз. р., Слаб.
НА ЖЫВОТ ПЛЯЧЫСТЫ. Гл. ПЛЯЧЫСТЫ НА ЖЫВОТ.
НА ЖЫТКУ (на жыццё) УЗБІЦЦА. Гл. УЗБІЦЦА НА ЖЫТКУ (на жыццё).
НА ЗВЕЙ (вей, узвей, узві) ВЕЦЕР (на вецер). Непрадумана, абыякава, без карысці (гаварыць, казаць).
На звей вецер гаворыш. На вей вецер гаворыць. Гаворыць на вецер. Ваўк. п. (М. Фед., ЛБ, ІV). Нашто абы-што кажаце? Яблыкі як яблыкі. А вы на ўзві вецер не кажыце. Мін., Камар. Ці слухаць? Меле на ўзві вецер. Стаўб. р., Акін.
НАЙСЦІ НА ВОЧЫ каму. Гл. НА ВОЧЫ НАХОДЗІЦЬ (набягаць, наскокваць) каму.
НА КАНЦЫ ЯЗЫКА. Як адказ таму, хто кажа, што не ведае кудысьці дарогі, не ведае, як праехаць, прайсці; спытайцеся (спытайся).
Пытаешся, як тую хату знайсці? А яна — на канцы языка! Віл. р., Раёўка. Няведамая дарога на канцы языка. Ваўк. п. (М. Фед., ЛБ, ІV). Дарога на канцы языка. Тамсама. Жыве на канцы языка. (І. Нас., СБП).
НА КАНЦЫ ЯЗЫКА КРУЦІЦЦА. Гл. КРУЦІЦЦА НА ЯЗЫКУ.
НА чыім КАРКУ СЯДЗЕЦЬ. Гл. СЯДЗЕЦЬ НА чыім КАРКУ.
НА КАРТАЧКУ ЗДЫМАЦА (зняцца). Гл. ЗДЫМАЦЦА НА КАРТАЧКУ.
НАКЛАСЦІ ПА ШЫІ каму. Гл. НАЛАЖЫЦЬ У КАЎНЕР (у каршэнь) каму.
НА КПІНКІ ПРЫСТАВАЦЬ да каго. Гл. КЕПІКІ СТРОІЦЬ з каго.
НАЛАЖЫЦЬ ГАЛАВОЮ. Гл. ГАЛАВОЮ НАЛАЖЫЦЬ.
НАЛАЖЫЦЬ У КАРШЭНЬ каму. Гл. НАЛАЖЫЦЬ У КАЎНЕР (у каршэнь) каму.
НАЛАЖЫЦЬ У КАЎНЕР (у каршэнь) каму. НАКЛАСЦІ ПА ШЫІ каму. Набіць, адлупцаваць, надаваць.
Раз Аляксандра [імя мужчыны] і Макар набралі два вазы чужога сена. Ды злавілі, налажылі ў каўнер, і сена адабралі, і — што толькі было — усё забралі. Гл. р., Кл. Мусіць, няма таго лесніка ліхога, што ўсё страшыў: “У каўнер налажу!” Гл. р., Вайц. Налажылі яму ў каршэнь. Пол. р., Сал. Багатыр [багаты чалавек]..., баючыся пакінуць грошай, як устане ад стала, каб... накласці па шыі дый прагнаць, з гарачкі схапіў кулідку хлеба дый кінуў старцу проста ў морду. Рэч. п. (Ч. Пятк., КДПР). Даўней на кірмашы хоць каму, а накладуць па шыі. Гл. р., Ад. Бывала, як паедуць на кірмаш сюды, у Бярэзань [так спрадвечна называюць на Бярэзіншчыне г. п. Беразіно], як вып'юць і паб'юцца, і накладуць у каршэнь адзін аднаму. Бярэз. р., Бл.
Параўн. (у руск.): намять шею.
НА ЛАСКАВЫМ ХЛЕБЕ. Быць нахлебнікам, жыць на ўтрыманні чыім, на ласцы чыёй.
Свае гаспадаркі ён не меў, а жыў так-сяк у свайго зяця на ласкавым хлебе. Вядома, што ласкавы хлеб горкі. Сл. п., Чудз. (А. Серж., КАБСП). Не дай бог на ласкавым хлебе дажываць. Мін. р., ст. Белар. Я ж не на ласкавым хлебе: не я ў іх, а яны ў маёй хаце. Кароўку трымала, яшчэ і ім помач даю. Малад. р., Радашк.
Параўн. (у руск.): быть приживальщиком, быть нахлебником.
НА ЛЕС ГЛЕДЗЯЧЫ (гледзя). 1. Пра высокі рост.
Ну і вырас ты на лес гледзячы. Навагр. р., Скрыш. Расці на лес гледзя. Шуміл. р., Лас. (Хрэстам.).
2. Пра жыццё, у якое ніхто не ўмешваецца, ніхто пабочны не парушае жыцця і спакою.
Жылі сабе там людзі на лес гледзячы, ніхто іх не чапаў, ніхто ім ніякае бяды не рабіў, бо мо' кругом на сарачню або копу [капу] вярстоў не было ні вёскі, ніжоднае [ніводнае, ніякае] сялібы. Сл. п., Бох. (А. Сержп., КАБСП). Было ў чым на людзі выйсці. Гл.
3. Пра дзяцінства, юнацтва без нагляду, без выхавання.
Хутка яны выраслі на лес гледзячы ды так пашлі вычвараць, што няможна і людзям сказаць. Сл. п., Вял. Рож. (А. Сержп., КАБСП). Што з іх будзе? Ні бацька, ні маці на іх не глядзяць, растуць на лес гледзячы. Гл. р., Кл. Песціла дачку, рабіць не вучыла. Яна і вырасла на лес гледзячы. Светл. р., Казл. (Матэр. для сл.).
НА ЛІХА. Гл. НА ЯКОЕ ЛІХА.
НА ЛІХІ КАНЕЦ СЫСЦІ. Гл. СЫСЦІ НА ПУСТЫ (ліхі) КАНЕЦ.
НА ЛЮДЗІ. Паказацца (выйсці) на людзі — паказацца людзям, выйсці на вуліцу, завітаць у госці, зайсці на сход, на вечарынку ці іншае зборышча людзей.
Правінаваціўся, што і на людзі сорам паказацца. Гл. р., Баян. Хай бы вы — вы ж маладыя — хоць дзе на людзі выйшлі! А то сядзяць, толькі ў кніжкі глядзяць. Гл. р., Кл.
НАМАГАЦЬ МІНАЮ. Гл. МІНАЮ НАМАГАЦЬ.
НА МАЁ (тваё, яго, яе) ВЫЙШЛА. Так, як я (ты, ён) хацеў; па-мойму (па-твойму).
Тады я скажу, як на маё выйдзе. Пруж. п., Вял. С. (Р. Шырма, БНП). Конча, каб на тваё выйшла? Гл. р., Кл.
НА МАІХ (тваіх, яго, іх) РУКАХ. Пад чыімсьці наглядам, на чыёйсьці апецы.
Я і за дамоўніцу. Пытаецеся, хто [дамоўніца]? Ну, дома ўсё на мне, гаспадарка на маіх руках. Карэл. р., Палуж. Як быў Сава за шчатавода [рахункавода], усё было на яго руках. Гл. р., Кл. Што робіць? Ды трое дзяцей на яе руках! А вы — “што робіць?”. Валож. р., Сак.
НАМАЛОЦЬ ПУСТОГА. Гл. МАЛОЦЬ ПУСТОЕ.
НАМАЛОЦЬ ЯЗЫКОМ. Гл. МАЛОЦЬ ЯЗЫКОМ.
НА (усю) МОЦ (сілу), НА (усю) МОЦ-СІЛУ (сілу-моц, моч-сілу, сілу-моч), НА МОЦ НА СІЛУ (на сілу на моц).
На ўсю моц гнаў каня. Скід. р., Гал. Размахніся на ўсю сваю сілу і дашвіргнеш [дакінеш]. Гл. р., Кл. Рабіў як сіла, стараўся на ўсю сілу. Гл. р., Вольн. На сілу-моц ем. Слон. п. (М. Фед., ЛБ, ІV). На сілу-моц раблю. На сілу-моц бачу. Тамсама. На сілу-моц знайшлі тое парасятка. Навагр. п. (Тамсама). На моц на сілу скончыла. На моц на сілу зрабіла... Бегла на ўсю моч-сілу. Ваўк. п. (М. Фед., ЛБ, ІV).
Гл.: як моц (сіла).
Гл.: як моцы (сілы) стае.
Гл.: як маеш (меў) моцы (сілы).
Гл.: колькі моцы.
Гл.: з усёй (з усяе) моцы (сілы).
Параўн. (у руск.): что было силы (сил), что есть силы (сил); изо всех сил; на всю силу.
НА НОГІ (на ножкі) ПАДЫМАЦЦА (падняцца). Гл. ПАДЫМАЦЦА НА НОГІ (на ножкі).
НА НОГІ ПАСТАВІЦЬ. Гл. ПАСТАВІЦЬ НА НОГІ.
НА НОЧ ГЛЕДЗЯЧЫ. Позна, запознена, не лепшым (не належным) часам.
Куды, Манюся, выладзілася на ноч гледзячы? Гл. р., пас. Я. Куп. А што ехаць на ноч гледзячы? Цёмначы [папацёмку] на воз ускласці цяжка, ‘шчэ ногі паломіш сам сабе. Гл. р., Кл. Куды сабралася на ноч гледзячы? Мсц.
НА ПАДЗІЎ. Цудоўна, вельмі добра; на дзіва, на здзіўленне; так, што толькі падзівіцца.
Расце хлопец на падзіў усяму свету. Хто яго ні ўбачыць, то не мажэ [не можа] адарваць аччу. Сл. п., Вял. Рож. (А. Сержп., КАБСП). Святкавалі — дафіляда была — ля гэтай агародкі на падзіў. З'язджаліся, гулялі, музы*кі былі. Баран. р., Каўп.
НА ПАДПІТКУ. Выпіўшы, падпіўшы, у стане лёгкага ап'янення.
Ён прыязджаў. Бачу, ён на падпітку, і не падышоў да яго. Навагр. р., Чар.
НА ПАНЕ-БРАЦЕ, ЗА ПАНЕ-БРАЦЕ (за пане-брат). Па-панібрацку, як роўныя.
Надта хітрай прыроды. Бацька калісь з падпанкамі гаварыў на пане-браце. Прыедзе начальнік, а ён з ім на пане-браце, як разам гадаваўся. Мін. р., ст. Белар. З ляснічым, бывала, за пане-браце не загаворыш. Стаўб. р., См. З кожным за пане-брат. Ваўк. п. (М. Фед., ЛБ, ІV).
НА ПАРЫ ХАДЗІЦЬ. Гл. ХАДЗІЦЬ НА ПАРЫ.
НА ПАСАД САДЗІЦЬ. НА ПАСАД ПАСАДЗІЦЬ. 1. Рыхтаваць месца і садзіць (нявесту і жаніха) на вяселлі на покуці — пачэсным месцы.
Трэба, каб сваты выкупілі елку, а тады ўжо садзяць на пасад. Маз. р., Міх. Я і на тое не забылася, як на пасад садзілі. Ельскі р., Зос.
2. Аддаць замуж.
Я, мае даражэнькія, вельмі любіла вяселле. Забылася, як у нас рабілася. А як спамянулі — то нарасказваю. Я і спявала, і за шафірку ездзіла, і жартавала. Тут — пад Мінск — так не ўмеюць вяселле весяліць, як у нас. Звезлі мяне сюды… Напрацуешся, нагаруешся, то як ужо вяселле, то вяселле было. Раскажу, галубок, пра ўсё: і на пасад як садзілі, і каравай як дзялілі. Маладой месца ёсць, падвядуць і на пасад садзяць. А то кажуць: на пасад пасадзяць — ну, аддадуць замуж. Мін. р., Слаб. З народнага ў “Кургане” Я. Купалы: “На пасад дачку-княжну садзілі”. Е [ёсць] у мяне мамачка для таго. Яна мяне на пасад пасадзіць. Гом., п., Дзятл. вол. (З. Радч., ГНП).
НА ПЕНЬ (на сабак) БРАХАЦЬ. З адцен. асудж., пагардл. Казаць (гаварыць) кепства, непрыстойнасці, неразумнае.
Будзеш хадзіць да іх, то хіба толькі на пень брахаць навучышся. Леп. р., Лясн. Аз. А што з імі гуляць? І цябе вывучаць на пень брахаць. Магіл. р., Еліз. Каб на што добрае, а на пень брахаць — і без школы навучыцца. Вял. р., Кл. Ці на такое вас у школе вучаць? Урокаў не вывучваюць, а толькі навучыліся на сабак брахаць. Бабр. р., Глуша. Хіба на такое вас настаўнік вучыць? Яй-богу схаджу ў школу, пажалюся. Не глядзіць і не зважае — ці то старое, ці то малое, — а ўсяк гаворыць, аж слухаць няхораша. Вырас, у школу мо' сем гадкоў ходзіць, а толькі на сабак навучыўся брахаць. Гл. р., Кл.
Параўн.: нічога з такога [шчанюка] не будзе: пойдзеш з ім (на паляванне), дык ён на пень брахацьме. Гл. р., Байл.
Параўн. таксама: Дурны сабака і на пень брэша. Гл. р., пас. Я. Куп.
НА ПЕРАШКОДЗЕ СТАЯЦЬ. Займаць дарогу, перашкаджаць, замінаць.
Дапамагчы не дапаможа, але ніколі на перашкодзе не стане. Малад. р., Радашк. Як сыны хочуць, хай так робяць: хочуць вучыцца — хай вучацца, хочуць жаніцца — хай пажэняцца, нам няма чаго на перашкодзе стаяць. Навагр. р., Мон. Але ведаеш што — трэба страціць твайго сына, бо ён нам на перашкодзе стаіць. Ваўк. п., Дыхн. (М. Фед., ЛБ, ІІ, 1).
Параўн. (у руск.): встать (стоять) на пути.
НАПЛЕСЦІ ЛАПЦЕЙ (з кашалямі). Гл. ПЛЕСЦІ ЛАПЦІ (з кашалямі).
НА ПОЎНЫ РОТ, НА ПОЎНУЮ ГУБУ, ПОЎНАЮ ГУБОЮ. 1. Папоўніцы, колькі хочацца (есці).
Каб смачнага і на поўны рот? Як ёсць, так і жыць трэба. Стаўб. р., См. Загналі на Дзюдзюнову атаву. Давай наш тавар есці на поўны рот. Аж ён і ідзе!.. Гл. р., Кл. Трава добрая [густая, сакаўная], а з расою, дык на поўны рот [каровы елі]. Тамсама. Было што, дык і елі на поўную губу. Мін. р., Засл. Мы ў цябе не зналі, які то на свеце сыр, а цяпер поўнаю губаю ямо. Слон. п., Студар. (М. Фед., ЛБ, 1). Чалавек рэпы накапаў сабе дый есць поўнаю губаю, а чорт жарэ націну дый смаку не дойдзе і кажа да чалавека: “Дай ты мне пакаштаваць свайго карэння”. Слон. п., Студар. (М. Фед., ЛБ, I).
2. Прагна (есці).
Каб чуў, як смяяліся з яго! Прыйшоў на кірмаш, а ніхто не заве. Дык Васіль: “Ат, хай пад'есць”. І пазваў. Назбіраў, назгортваў з місак, даў чарку, дак усё — абы што! — без разбору на поўную губу давай есці, давай есці. А госці аж кладуцца з п'яніцы. Гл. р., Кл. Такія ж маладыя! Як смачнае што, дык каб поўнаю губою есці, і не сорам, адзін перад адным. Скід. р., Гал. Дома ў горадзе і тое, і тое [даюць есці], а тут нагуляўся ды набегаўся, ды бачыш — на поўны рот [есць] хлеб без нічога. Гл. р., пас. Я. Куп.
Параўн.: Столькі маючы, то на год хопіць есці папоўніцы. Карэл. р., Крын.
Параўн. (у руск.): за обе щеки.
НАПРАМІЛЫ БОГ. 1. Вельмі шчыра (прасіць, прасіцца; клясціся).
Той просіцца так і сяк, клянецца напрамілы бог, што ён не вінен, што гэта на яго паклёп. Сл. п., Чудз. (А. Сержп., КАБСП). Тым часам прыбягаюць з двара па Янку, каб ён ішоў напрамілы бог туды. Тамсама. А Ціхона не было дома, бо ён пачуў, што якісь чалавек за ракою гукае, просіцца напрамілы бог, каб яго перавезлі цераз раку. Сл. п., Пярэвал. (А. Сержп., КАБСП).
2. Роспачліва крычаць, клікаць на паратунак.
Пайшоў стражнік, а Алёкса паспрабаваў адвязацца, але нічога не зробіць: вельмі моцна яго ўкрампаваў стражнік. Пачаў гэта Алёкса крычаць напрамілы бог. Сл. п., Чудз. (А. Сержп..., СРБП). Крычыць баба напрамілы бог: “Людзі добрыя, ратуйце!” Маз. п., Луч. (А. Сержп., СРБП). Калі месяц узышоў і стала відно, яго прабудзіў крык зайца напрамілы бог. Рэч. п. (Ч. Пятк., КДПР).
Гл.: жывым богам.
Параўн. (у руск.): Христом богом, ради бога.
НА ПРАЎДЗЕ СТАЯЦЬ. Трымаць слова, праўдзіць.
А цяпер во як на праўдзе стаіць: забыўся, як наеўся ды напіўся, — лёг і заснуў! Сен. п. (Е. Рам., БС, ІV). Во як пан на праўдзе стаіць: напіўся, наеўся і на басні забыўся. Тамсама. Сказаў, то, брат ты мой, стой на праўдзе. Уш. р., Лясн. Аз.
НА ПРАЎДУ ВЫХОДЗІЦЬ што. НА ПРАЎДУ ВЫИШЛА (выйдзе) што. Спраўджваецца, становіцца яваю, праўдаю (меркаванне, думка, размова).
Разумненькі вельмі… Усё каб яго на праўду выходзіла. Гл. р., Кл. І тваё ж не выходзіць на праўду. Тамсама. Добра казала: хай на праўду выйдзе. Смяяліся, ажно на праўду выйшла: па вясне пажаніліся. Тамсама. Дык тое на праўду выйшла. Сл. п., Чудз: (А. Сержп., КАБСП).
НА ПУСТЫ КАНЕЦ СЫСЦІ. Гл. СЫСЦІ НА ПУСТЫ (ліхі) КАНЕЦ.
НАПУСЦІЦЬ ЧМУТУ. Гл. ЧМУТ НАПУСЦІЦЬ.
НАРАБІЦЬ КАЛАТУШЫ. Гл. КАЛАТУШЫ НАРАБІЦЬ.
НАРАБІЛАСЯ КАЛАТУШЫ. Гл. КАЛАТУШЫ НАРАБІЛАСЯ.
НАРАДЖАЦЬ Д'ЯБЛА (чорта). Гл. Д'ЯБЛА НАРАДЖАЦЬ.
НАРВАЦЦА НА СВАЁ. Гл. НАСКОЧЫЦЬ (нарвацца) НА СВАЁ.
НА чыіх РУКАХ. Гл. БЫЦЬ НА чыіх РУКАХ.
НА РУКІ НЯЧЫСТЫ. Схільны, здатны красці, махляваць.
Мне сказалі, што дзеўчанё тое на рукі нячыстае. Уш. Як рабіць, то зробіць, але ж на рукі нячыстая. Малад. р., Радашк. Алтарысты і арганісты не ўсе на рукі чысты. (І. Нас., СБП).
НА СВАЕ ВОЧЫ. Непасрэдна сам (убачыў, упэўніўся, пераканаўся), непасрэдна самому (бачыць, упэўнівацца, пераконвацца).
Як слонка [сонейка] усходзіць, то танцуе, або, як людзі кажуць, “грае”. Мой бацька на свае вочы бачыў. Ваўк. і Слон. пп. (М. Фед., ЛБ, 1). Яго на свае вочы бачыў пастух у Лубянцы. Ваўк. п., Кукл. (М. Фед., ЛБ, 1). Калі не бачыла на свае вочы, то і маўчы. А што “казала” ды “казалі”... Гл. р., Байл. Я ўсё, проста ўсё чысценька бачыла на свае вочы! Дзярж. р., Путч.
НА СВАЕ ВУШЫ. Непасрэдна сам (пачуў, упэўніўся, пераканаўся), непасрэдна самому (чуць, упэўнівацца, пераконвацца).
Ці верце, не верце, — як сабе хочаце. А мой Аляксей на свае вушы чуў, што будзе новы ў нас у млыне. І млын адбяруць ад Глуска [ад Глускага райпрамкамбіната]. Гл. р., Кл. А ты ж на свае вушы не чула? Не чула! А гаварыцьмеш, што “так і так казалі…”. Сл. р., Казл.
НА СВАЁ НАВАЖВАЦЬ (наважыць). Гл. НАВАЖВАЦЬ НА СВАЁ.
НА СВАЁ НАРВАЦЦА (наскочыць). Гл. НАСКОЧЫЦЬ (нарвацца) НА СВАЁ.
НА СВАІМ ПАСТАВІЦЬ. Гл. ПАСТАВІЦЬ НА СВАІМ.
НА СВАІМ СТАЯЦЬ (стаць). Гл. ПАСТАВІЦЬ НА СВАІМ.
НА СВАІМ ХЛЕБЕ. Гл. БЫЦЬ НА СВАІМ ХЛЕБЕ.
НА СВАЮ ГАЛАВУ. Сабе, на сябе клопат (узяць, прыняць, прынесці, прывезці).
Прынесла на сваю галаву [гадаваць] куранят з фермы, бо дзе ж іх усіх там дагледзіш? Паразбіралі, то і я ўзяла на сваю галаву. Кармі іх, даглядай іх. Мін. р., ст. Белар. Нашто, кажу, нахабу на сваю голаў браць? А ён — не! “Вазьмі і вазьмі таго кватаранта”. Гл. р., Кл. Не купляй ты, хлопча, таго мацыклета [матацыкла]. Толькі возьмеш на сваю галаву ‘шчэ адзін клопат. Люб. р., Пач.
НА СВАЮ РУКУ. За сябе, на сваю карысць (казаць, гаварыць, даказваць і падобн.).
Ка*жан [кожны] на сваю руку гаворыць. Ваўк. п. (М... Фед., ЛБ, ІV). Ка*жан на сваю руку цягне. Тамсама.
НА СВЕТ ПАЙСЦІ. Гл. НА СВЕТ ПРЫЙСЦІ (пайсці).
НА СВЕТ ПРЫЙСЦІ (пайсці). 1. Нарадзіцца, з'явіцца на свет.
Было якраз тае зімы, як ты на свет прыйшоў. Думаеш не? І спірацца [спрачацца] хочаш? Ей-богу ж дваццаць гадкі [гадкоў]. Люб. А ты прыйшоў на свет, як немцы ў нас стаялі. Гл. р., Кл. Мусіць, як свет светам чалавека цягне туды, дзе на свет пайшоў. Малад. р., Дубр.
2. Пачаць існаваць.
Мазуры сталы народ тутэйшы [аўтахтоны]: мы разам з імі на свет прыйшлі. Ваўк. п., Ізаб. (М. Фед., ЛБ, І).
НА СВЕТ ПУСЦІЦЬ каго. Нарадзіць (дзіця), даць жыццё (дзіцяці).
Мяне матка, мусіць, у ліхую гадзіну на свет пусціла. Гл. р., Цясн. Не тая маці, што на свет пусціла, а тая — што выгадавала. Гл. Пусціць на свет кожны дурань умее, а ты выгадуй, на чалавека выведзі, тады і звацьмешся бацька і матка. Акцябр. р., ст. Рацм.
Параўн. (у руск.): произвести на свет.
НА СВОЙ КАПЫЛ. Як самому падабаецца, як. самому прывычна, зручна; на свой лад, па-свойму.
На свой капыл перарабіць. Ваўк. п. (М. Фед., ЛБ, ІV). Кожны на свой капыл. Тамсама. А ён зразу ўзяўся ўсё перарабляць, усё каб на свой капыл. Асіп. р., Дрыч.
НА СВОЙ ХЛЕБ ІСЦІ (пайсці). Гл. ІСЦІ НА СВОЙ ХЛЕБ.
НА СВЯТЫЯ НІКОЛІ. Аніколі.
Пазычаць умее, а каб аддаць — на святыя ніколі. Гл. р., пас. Я. Куп. Прыедзе ён на святыя ніколі… Кл. р., Сін. — І калі гэта ты аддасі, што пазычаў? — Аддам, цётка, як трохі зараблю. — Аддасі, мусіць, ты мне на святыя ніколі. Маст. р., Граб. (П. Ст., Пол.). Мусіць, я ўжо другі раз у цябе на святыя ніколі буду. Слон. р., Парэч. (Тамсама).
НА СІЛУ-МОЧ. Гл. НА СІЛУ-МОЦ.
НАСІЦЦА ЯК ДУРАНЬ СА СТУПАЮ. Гл. НАСІЦЦА ЯК ДУРАНЬ (дурны) З ДЗВЯРМІ (са ступаю).
НАСІЦЦА ЯК ДУРАНЬ (дурны) З ДЗВЯРМІ (са ступаю); ДУРАНЬ ДЗВЕРЫ. З адцен. груб. Мець недарэчны клопат, рабіць неразумнае. Паходзіць з народнага анекдота. Старэйшыя браты, разумныя, паехалі араць, а Івану, прастаку, сказалі, каб той прынёс ім полудзень на поле дый каб хаця не забыўся замкнуць дзверы. Як толькі паднялося высока сонца, дурань звязаў у пасціленка полудзень і хацеў замкнуць дзверы. А тут, як на тое ліха, нідзе замка няма. Іскаў [шукаў] ён, іскаў і не знайшоў. “Што ж рабіць? — думае Іван. — Раз няма замка, дык вазьму я дзверы на плечы: хай цяпер паспрабуе хто зайсці ў хату, калі дзверы будуць у мяне на плячах”. Так і зрабіў. Зняў дзверы з завесак, узваліў на плечы і пайшоў у поле. Во і носіцца як дурны з дзвярмі. Докш. р., Пустас.
Носішся ты з сваімі гайкамі ды ўсякімі штукамі як дурань з дзвярмі. Тамсама. Перастань ты насіцца як дурань са ступаю. Скід. Няма чаго спірацца і насіцца тут як дурань са ступай. Нясвіж. р., Гарадз.
Дурань дзверы — “усечаны” адменнік фразеалагізма насіцца як дурань з дзвярмі. Маўчы ты, дурань дзверы! Гэтага можна было ад цябе! Крыч. р., Каран.
НАСКОЧЫЦЬ (нарвацца) НА СВАЁ. Нарэшце (як чаканае, як заслужанае перад другімі) напаткаць кагосьці, хто дужэйшы ці дасціпнейшы, і пацярпець, быць пераможаным ці пакараным.
Павел усе хваліўся сілаю, — борацца! біцца! Нейдзе [недзе] наскочыць, казала, на сваё, — правучаць! Гл. р., пас. Я. Куп. Іграў, пакуль на сваё наскочыў, — дайграўся. Тамсама. Ой, нарвецца ён на сваё! Так нарвецца, што кроўю ўмыецца! Гл. р., Слаўк.
НА СКРУТ ГАЛАВЫ. Вельмі небяспечна, бязглузда, неабачна (ехаць, бегчы, ляцець, кідацца, несціся).
Сядзе на гэткага чорта [на матацыкл] і прэцца на скрут галавы. Гродз. р., Аз. Што з гэтымі хлопцамі? Мейсца [месца] няма ім, носяцца на скрут галавы. Грод.
Параўн. (у руск.): очертя голову.
НА СТОЛ ЗБІРАЦЬ (сабраць). Гл. ЗБІРАЦЬ НА СТОЛ.
НАСТУПІЎ НА НАГУ ЧОРНЫ ВОЛ. Гл. ЧОРНЫ ВОЛ НАСТУПІЎ НА НАГУ.
НА СУХІ ЛЕС. Не людзям, не каму добраму (пажаданне); няхай прападзе.
Ну, як жывеш, Сцяпан? — Ат, якая мая жытка? На сухі лес такую жытку [Сцяпан даўно хворы]. Кап. р., Макр. Такое шчасце, як маё, — на сухі лес. Тамсама. Мне, ты кажаш, добра. На сухі лес такое маё дабро. То ў салдаты выпраўляла, то звяшчэнні [паведамленні] палучала. А на старасці, каб не ўнукі, адна адною, як той кол. Сл. р., Гр. Збіраў, збіраў [грошы] — і ўсё на сухі лес пайшло. Хай яно на сухі лес пойдзе, такое тваё замуства. Уш. р., Арэх. На сухі лес няхай хвароба ідзе. Мсц. р., Зар. (Лінг. зб.).
Параўн.: на сухі лес, на ніцыя лозы. Гл. р., Кл. (Матэр. для сл.).
Параўн.: 1) Мацярынскі праклён на сухі лес не ідзе. Ваўк. п. (М. Фед., ЛБ, ІV); 2) На сухі лес ляці, крумкач. Рэч. п. (Ч. Пятк., КДПР). Ч. Пяткевіч дадае: крумкач — ненавісная ў народзе птушка, як вястун смерці на людзей і жывёлу; таму, пачуўшы крумканне крумкача, людзі кажуць: на сухі лес ляці, крумкач. Тамсама.
НАСЫПАЦЬ МАКАМ. Гл. СЫПАЦЬ МАКАМ.
НА ТАБЕ. Як выказванне неспадзяванкі, нечаканасці, здзіўлення, расчаравання.
Усю вайну мяне ні адна куля не кранула, а пад канец — на* табе! Нарваўся на міну, і нагу адарвала. Мядз. р., Аз. -Пуд. (Хрэстам.). Хату збудавалі, сыны — мае ўнукі — пайшлі вучыцца, аж у Менску [Мінску], на інжынераў абодва. А тут — на* табе! — вайна. Пух. р., Шал.
НА ТРЫ ПОЛКІ. Вялікі, ненаедны, ненасытны (пра жывот; у гаворках яшчэ — пуза, юкла). Параўн.: мяшкі звычайна шыюцца з дзвюх полак, толькі часам, на штосьці лёгкае і аб'ёмнае, шыюць з трох полак, шырокія.
Хіба ў мяне жывот на тры полкі, што прыганяеш: “еж!”, “еж!..”. Хлеб на стале, рукі свае, нашто прынука*ць? Гл. р., Кл.
НА ТЫМ САМЫМ МЕСЦЫ СЕСЦІ. Нічога не дабіцца, не змяніць чагосьці па-свойму, пагадзіцца з пэўным становішчам і станам рэчаў.
Няма тут чаго яму біць у хамут. Нідзе дзенецца, схамянецца і астадоліцца. Нагарачыўся, накрычаў. А нашто? Паскача, але на тым самым месцы сядзе. Гл. р., Кл. Вельмі так няхай не бярэцца. Каб усё так, як яму ў галаве закруціць, выходзіла? Такі ён знайшоўся гаспадар!.. Пабудзе і на тым самым месцы сядзе. Мудрэй за ўсіх не станеш. Тамсама.
НА ЎВЕСЬ ГОЛАС. Гучна, громка, як ёсць сілы-моцы (казаць, сказаць, заспяваць, закрычаць).
Яна ‘шчэ і цяпер, дарма што восемдзесят, на ўвесь голас запе*е. Наталля, як і бацька — Яўтух, вельмі пе*е. Бывала запе*е жнучы за грэбляю, то і тут чуваць. Гл. р., Кл. Клікай на іх на ўвесь голас. Навагр. р., Свіц. Мы ж на ўвесь голас крычалі. Тамсама. Такая, братка, прырода ў нас: баімося на ўвесь голас сказаць, а ўсё саступаем. І браты, і дзядзькі — усе такія. Клецк.
Параўн. (у руск.): во весь голос.
НА ЎВЕСЬ РОСТ. 1. Выпрастаўшыся.
Стань на ўвесь рост, то і столь дастанеш галавою, — такая ў іх хатка была з вайны. Гл. р., Гарадз.
2. На ўсю фігуру (сфатаграфаваць, сфатаграфавацца).
Прыслаў жа Юзеў [сын] картачку на ўвесь рост. Ён стаіць высокі, і яна ля яго на ўвесь рост. Малад. р., Уша.
Параўн. (у руск.): во весь рост.
НА ЎСЕ ЗАСТАЎКІ. Вельмі моцна (храпці, захрапці).
Так заснуў, што аж захроп на ўсе застаўкі. Мін. р., Слаб. Спіць сабе, храпе на ўсе застаўкі. Маз. п., Луч. (А. Сержп., СРБП). А жонка храпе на ўсе застаўкі. Сл. п., Чудз. (А. Сержп., КАБСП).
НА ЎСЁ ГОРЛА. Вельмі громка, моцна (крычаць, гукаць).
І давай на ўсё горла крычаць: “Людзі, ратуйце!” Ваўк. п., Кус. (М. Фед., ЛБ, ІІІ, 2). На ўсё горла дралася. Ваўк. п., Відз. (М. Фед., ЛБ, ІІІ, 2). Крычыць на ўсё горла. Ваўк. п. (М. Фед., ЛБ, ІV). Яшчэ гарэй [горш] пачаў сцёбаць кабылу ды гікаць на ўсё горла. Сл. п., Пярэвал. (А. Сержп., КАБСП). Гукні на ўсё горла — пачуюць, а то памалу гукаеш. Гл. р., пас. Я. Куп. Цябе не паважаюць твае? А за што? Выйдзе на вуліцу і на сваіх дзяцей на ўсё горла крычыць... Карэл. р., Мірат.
Параўн. (у руск.): во все горло, во всю глотку.
НА ЎСЮ МОЦ. Гл. НА СІЛУ-МОЦ.
НА ЎСЮ МОЧ-СІЛУ. Гл. НА СІЛУ-МОЦ.
НА ЎСЮ СІЛУ. Гл. НА СІЛУ-МОЦ.
НА ЎХАБУ КІНУЦЬ каго. Гл. ПАНЕСЦІ (кінуць) НА ЎХАБУ каго.
НА ЎХАБУ ПАНЕСЦІ каго. Гл. ПАНЕСЦІ (кінуць) НА ЎХАБУ каго.
НА (якую) ХАЛЕРУ хто, што каму. Гл. НА (якое) ЛІХА хто, што каму.
НА ХВАСЦЕ СТАНАВІЦЦА. Варожа, раз'ятрана ставіцца да каго; паходзіць выраз з уяўлення, быццам бы гадзюка, вельмі раз'ятраная, мае здольнасць падняцца, стаўшы на хвасце, і кінуцца на чалавека, на якую іншую жывую істоту.
Сунімуць, ой, сунімуць!.. З людзьмі не вельмі на хвасце станавіся. Гл. р., Кл. Я ж паспрабавала, каб як добра, каб як з чалавекам зладзіць. Толькі азавуся, дык ён на хвасце становіцца, чортам свішча. Тамсама.
НА ХЛЕБ СПЯВАЦЬ. З адцен. зламоўн. Жабраваць з песняю.
Каб вы на хлеб спявалі! Ніяк не сці*хнеце. Карэл. р., Заг. На памінках напіўся — і спяваць. Спяваў бы ты на хлеб, гад печаны. Навагр. р., Свіц.
НАХОДЗІЦЬ НА ВОЧЫ каму. Гл. НА ВОЧЫ НАХОДЗІЦЬ (набягаць, наскокваць) каму.
НА чыім ХЛЕБЕ СЯДЗЕЦЬ. Гл. СЯДЗЕЦЬ НА чыім ХЛЕБЕ.
НА ЧАЛАВЕКА ВЫВЕСЦІ каго. Гл. ВЫВЕСЦІ НА ЧАЛАВЕКА каго.
НАША (маё, тваё, ваша) УЗЯЛО! Мы (я, ты, вы) перамаглі! Выйшла па-нашаму (па-мойму, па-твойму, па-вашаму).
А такі наша ўзяло. Слон. п. (М. Фед., ЛБ, ІV). — Давай на заклад, што маё возьме. — Не, пабачыш, наша возьме (спрэчка: адзін лічыць, што слабенькі мост вытрымае воз, не праваліцца, а двое — наадварот). — Што ж? Ваша ўзяло? Нікуды не дзенешся! Гл. р., Кл.
Параўн. (у руск.): наша взяла (жан. род).
НА ШЧУПАКОВА КАЗАННЕ. Само сабою, цудам.
Гэта ўсё, братка, не будзе на шчупакова казанне. Малад. р., Бак. На шчупакова казанне няхай гэта печ за мною ідзе да двара. Так як бач і стаў серад двара. Ваўк. п., Кукл. (М. Фед., ЛБ, ІІ, 1).
Параўн. (у руск.): по щучьему велению.
НА ЯБЛЫКІ ЗРАБІЦЦА (рабіцца). Гл. ЗРАБІЦЦА НА ЯБЛЫКІ.
НА ЯГО (яе, іх) ЛІХА (ліхачка, ліханька). 1. Як вокліч, якім выказваецца незадавальненне, абурэнне, зламоўнае пажаданне.
Дарагая ж [рыба], на яе ўсё ліха! Сл. п., Чудз. (А. Сержп., КАБСП). Не шкадуе каваліха, на яе ліха, свайго дзіцяці [калекі], бо, кажа, якая з яго карысць. Тамсама. Абазлілася ведзьма-караліха, на яе ліха, дый пачала разнюхоўваць, чаму гэта каралевіч не слухае ні яе, ні караля. Тамсама. Ку*ры, на іх ліха, жаруць, а несціся не нясуцца. Гл. р., пас. Я. Куп.
2. Як выказванне непажаданасці (стану, сітуацыі).
І дзе той, на яго ліха, баран? Гл. р., Кл. Загубіла [згубіла], на яго ліха, ключ і дзень шукаю. Тамсама. От разбалелася, на яе ліха, галава. Тамсама. Акыш! На вас ліхачка! Тамсама. І што з ёй? Ліханька на яе! Вяне [бульба]. Дзярж.
Параўн. (у руск.): черт возьми (дери, побери, подери).
НА ЯЗЫК (языкі) ПАПАДАЦЦА (папасціся) каму. Гл. ПАПАДАЦЦА НА ЯЗЫК (языкі) каму.
НА ЯЗЫКУ КРУЦІЦЦА. Гл. КРУЦІЦЦА НА ЯЗЫКУ.
НА ЯКОЕ ЛІХА хто, што каму. НА ЯКУЮ ХАЛЕРУ хто, што каму. Як сцверджанне непатрэбнасці; з адценнем катэгарычнасці, пратэсту.
На якое ліха мне вашыя граблі ці што? Свае ёсць і граблі, і вілкі. Валож. р., Пярш. Ну, скажыце: на якое ліха вам тая карова? Толькі клопату па вушы. Гл. р., Кл. Цяпер у прымы? На якое ліха гэтыя прымы? Як некалі — ну, зямля, сядзіба. А што?.. Малад. р., Кр. А на ліха было ўлазіць з языком? Мін. р., Пухл. А на якую халеру куплялі падлу такую [кепскую, худую карову]? Малад. р., Радашк. Я даўно перастала прасці. Бо на якую, скажыце, халеру? Усё ж таннае ў крамах ёсць. І мы, як стаўпецкія мяшчане [карэнныя жыхары Стоўбцаў], адвучыліся ўсе. Стоўб. Пытаюся: на халеру было браць? Малад. р., Кр.
Параўн. (у руск.): на черта, на кой черт.
НЕ АДАРВАЦЬ ВОЧ (аччу, вачэй), ад каго, чаго. Гл. ВОЧ (аччу, вачэй) НЕ АДАРВАЦЬ ад каго, чаго.
НЕ БАЧЫЦЬ СВЕТУ. Гл. СВЕТУ НЕ БАЧЫЦЬ.
НЕ БАЧЫЦЬ (белага, божага) СВЕТУ. Гл. СВЕТУ (белага, божага) НЕ БАЧЫЦЬ.
НЕ ВЕЛЬМІ ШТО. 1. Не зусім (добры, вартасны чалавек, прадмет, стан).
Рабіць умее, а чалавек ён не вельмі што. Валож. р., Пярэж. Туды дарога не вельмі што, але даедзеце. Барыс. р., Вял. Трасц. Сёлета была бульба не вельмі што, але на зіму з нас будзе [хопіць]. Мін. р., Лекар.
2. Не мала, але і не багата.
— А ці шмат людзей? — Не, людзей не вельмі што. Малад. р., Удр.
3. Не спадзявай(це)ся, не здарыцца гэтак!
На каго кажа, што браў, а сам — ці чуеш! — прыкладзе каму? Не вельмі што! Гл. р., пас. Я. Куп.
Гл.: невялікае што.
Параўн. (у руск.): не очень-то.
НЕ ВЫХОДЗІЦЬ З ГАЛАВЫ хто, што. Гл. З ГАЛАВЫ НЕ ВЫХОДЗІЦЬ хто, што.
НЕВЯЛІКАЕ ШТО. 1. Не зусім (добры, вартасны чалавек, прадмет, стан).
І ты невялікае што! Каго перасміхаеш, а не бачыш, якая сама. Тая няўмека, а ты?.. Гл. р., пас. Я. Куп. З мяне ўжо рабоцька невялікае што. Гл. р., Кл.
2. Не мала, але і не багата.
— Як грыбы? Ці багата? — Не, невялікае што. Хіба што на вячэру і на снеданне насмажыць. Гл. р., пас. Я. Куп.
3. Нічога асаблівага, няма асаблівай радасці, поспеху, перавагі.
Збіраліся пераязджаць з Новага Жыцця ў Клетнае, адале [але, а потым] перадумалі: невялікае што ў тым і ў Клетным, гарод добры, але гразі там не вылезці. Гл. р., Кл. Невялікае што за шофера, але на хлеб зарабляцьме. Тамсама.
Гл.: не вельмі што.
НЕ ВЯЛІКАЯ ШТУКА. Нядзіўна, нядзіва, нічога дзіўнага.
Не вялікая штука, што [дачка] жаць умее. Гл. р., Хал. Цяпер і мацыклет [матацыкл] — не вялікая штука. Стала больш, як коней. Гл. р., Кл. Плыты — не вялікая штука, як пройдзеш пад мост, тады лёгка, ідзі і ідзі, дзе той Багрымаў! Тамсама.
Параўн. (у руск.): не велика важность.
НЕ ВЯЛІКІ ХЛЕБ. 1. Не вельмі добра (жывецца, пачуваецца), не мёд.
Перабраўся, а ўвосень давай назад. Мусіць, не вялікі хлеб там: ні лесу, ні саду, ні людзей сваіх. Гл. р., Н. Жыц.
2. Невысокая аплата працы, не зусім забяспечаныя ўмовы жыцця.
— І там [на пасадзе вартаўніка] не вялікі хлеб. — Не вялікі хлеб — не вялікі, але ж свежая капейка. Месяц прайшоў — і грошы, а не тое, як было раней, што не ведаеш, як будзе, калі што будзе: год робіш, а тады толькі плаціцьмуць. Гл. р., Кл. Ада*сь перайшоў у камбінат і давольны, хай не вялікі хлеб, але больш [зарабляе], як у школе за стоража. Малад. р., Радашк. Збіраліся пераязджаць з Новага Жыцця ў Клетнае, адале [але, а потым] перадумалі: не вялікі хлеб, не вялікае што ў тым і ў Клетным, гарод добры, але гразі там не вылезці, а рабіць так сама. Гл. р., Кл. Лаза і лыкі — хлеб не вялікі. Тамсама.
НЕ ГЛЯДЗЕЦЬ НІ ВОКА НІ БОКА. НЕ ГЛЕДЗЯЧЫ НІ ВОКА НІ БОКА. Не асцерагаючыся, не зважаючы ні на што (бегчы, несціся, ляцець).
Ведама дзеці: кінуцца бегчы, не глядзяць ні вока ні бока. Навагр. р., Скрыш. Бацьку ўбачылі, дык праз балота, праз кусты, не глядзяць ні вока ні бока. Тамсама. Куды вы? Пруцца не гледзячы ні вока ні бока. Навагр. р., Свіц.
НЕ ДАВАЦЬ СТУПІЦЬ каму. Гл. СТУПІЦЬ НЕ ДАВАЦЬ каму.
НЕДАЛЁКА ШУКАЮЧЫ. Як спасылка на блізкае, вядомае таму, хто гаворыць, і яго субяседнікам.
У Сымонавых — недалёка шукаючы — усе хлопцы змерлі, толькі адзін жыве. Гл. р., Кл. Не хто, а — недалёка шукаючы — слаўкаўскія [людзі з вёскі Слаўкавічы] і тыя на сабе* мо’ за трыццаць вярстоў насілі зразу з вайны насенне, каб пасеяць сабе. Гл. р., Луч. У іх, недалёка шукаючы, з кожненькае хаткі хоць адзін, а дзе і тры, а дзе і пяць чалавек у войну [вайну] страціліся. Акцябр. р., Парэч.
НЕ ДАЦЬ ДЫХАЦЬ (дыхнуць) каму. Гл. ДЫХАЦЬ НЕ ДАЦЬ каму.
НЕ ДАЦЬ ПРАМЫТАЕ ВАДЫ. Гл. ВАДЫ ПРАМЫТАЕ НЕ ДАЦЬ.
НЕ ДАЦЬ СТУПІЦЬ каму. Гл. СТУПІЦЬ НЕ ДАЦЬ каму.
НЕ ЗА НАШЫМ БОГАМ. Вельмі даўно, пры зусім іншых умовах, абставінах. Відаць, узнікненне фразеалагізма адбылося на гістарычнай аснове — са змяненнямі палітычных і рэлігійных адносін на Беларусі.
Было даўно, не за нашым богам. Люб. р., Чыж. (Лінг. зб.). Гэта яшчэ не за нашым богам было, як Чыжэвічы кажуць [як называюць вёску — Чыжэвічы]. Тамсама. Гэтта не за нашым богам людзі пасе*лі [пасяліліся]. Тамсама.
Гл.: за дзедам шведам.
НЕ ЗВЕСЦІ (зводзіць) ВОЧ (аччу, вачэй) з каго, чаго. Гл. ВОЧ НЕ ЗВОДЗІЦЬ з каго, чаго.
НЕ ЗНАЙ НЕ ВЕДАЙ. Без прычыны, ні з таго ні з сяго, зусім невядома (чаго, дзеля чаго, чаму хто пачаў сварыцца, абвінавачваць каго).
Хіба толькі сёння такая? Яна спракуве*чна [спрадвечна] так: не знай не ведай чаго ўскінецца і з гразёю змяшае. Гл. р., Кл. А чаму ты? А чаго ты не знай не ведай чапляешся? Тамсама.
НЕ КІЕМ, А (дык) ПАЛКАЮ. Усё адно, тое самае; адзін чорт. Як адказ на пытанне.
— Што ты робіш? Гэта ж трэ’ перш араць, а потым сеяць. — Не кіем, а палкаю, — кажа ён, — дый робіць, як сам хоча. Сл. п., Чудз. (А. Сержп., КАБСП). Я на свіннях была [свіней даглядала], а мая Гануля на каксагызе, а ўчора сказалі, каб я на каксагыз хадзіла, а Гануля на ферму. І нашто так? Мне ўсё адно — не кіем, а палкаю. Гл. р., Кл. А чаго ты сёння? Чаму не заўтра? — Не кіем, дык палкаю: схаджу сёння — а заўтра дома. Гл. р., пас. Я. Куп.
НЕ КУЕЦЦА, А ПЛЕШЧАЦЦА. Выходзіць не так, як хочацца.
Хэ-э-э, брат! У цябе ж, брат, не куецца, а плешчацца. Хіба так падкопваць трэба? Пабачыш, пасохнуць [дрэвы]. Асіп. р., Карыт. У нашае мамы дык усеё ідзе на лад, вы — шчаслівая, мама, а ў нас вечна не куецца, а плешчацца. Асіп. р., Вер.
Гл.: ні куецца ні плешчацца.
НЕ МЁД. Нялёгка, цяжка, з цяжкасцямі.
Як відно, то і ў небе не мёд. Ваўк. п., з-пад Свісл. (М. Фед., ЛБ, ІІІ, 2). На тым хутары з кучай дзяцей не мёд быў. Малад. р., Гран.
НЕ НА МАЕ (твае, яго) ЗУБЫ што, каму. Не хапае ў каго магчымасці, спрыту, умення, сілы на што.
Слабе*ц ты! Ты на ёй [на жарабіцы] не праедзеш і сто метраў. Не на твае зубы аб'ездзіць такую чарці*ху. Малад. р., Бак. Першаку кубак? О не! Не на мае зубы такі кубак. Я і не вып'ю, а каб выпіў, то і ногі задзярэш з такой халеры. Гл. р., Байл. Удаўцу ажаніцца цяжэй. Як старая — не хоча, як маладая, то глядзі, ці на твае зубы. Кап. р., Ванел. Параўн. са значэннем неметафарызаваным: Мяса, начальнік, ужо не на мае зубы. Яблык і той цвёрды яму, не на яго зубы. Стары, думаеце. Малад. р., Бак.
Параўн. (у руск.): не по зубам.
НЕ НАПУСКАЦЬ (напусціць) НА ВОЧЫ каго. Гл. НА ВОЧЫ НЕ НАПУСКАЦЬ каго.
НЕ ПАНЯЦЬ ВЕРЫ. Гл. ВЕРЫ НЕ ПАНЯЦЬ.
НЕ ПАЦЯГНУЦЬ НОГ. Гл. НОГ НЕ ПАЦЯГНУЦЬ.
НЕ ПІЎШЫ, НЕ ЕЎШЫ. Зусім галодны, макулінкі ў роце не было, расіначкі ў роце не было.
У тую блакаду былі сем дзён у балоце не піўшы, не еўшы. Гл. р., Касар. Увесь дзень не піўшы, не еўшы на рыбе. Гл. р., Сымон. Ён доўга блукаўся, маркотны, не піўшы, не еўшы. Рэч. п. (Ч. Пятк., КДПР).
Гл.: ні макулінкі ні расінкі ў роце не было.
НЕ ПРАЙСЦІ (яго, іх і г. д.) РУК. Гл. РУК (яго, іх і г. д.) НЕ ПРАЙСЦІ (не прамінуць).
НЕ ПРАМІНУЦЬ (яго, іх і г. д.) РУК. Гл. РУК (яго, іх і г. д.) НЕ ПРАЙСЦІ (не прамінуць).
НЕ ПРЫ ТАБЕ (вас) КАЖУЧЫ, НЕ ТАБЕ (вам) КАЖУЧЫ, НЕ ТУТ КАЖУЧЫ. Як ветлівая просьба (да таго, каму кажуць) прабачыць за тое, што самому апавядальніку здаецца неэтычным, непрыемным.
Ого, нарыў ў вусе! Доктар расказваў, што недзе за Глускам, не пры табе кажучы, з нарыву памёр чалавек. Нарыў вельмі вялікі. Гл. р., Кл. А ў Адэлі, не пры вас кажучы, дзяцей багата хворых на адзёр. Гл. р., Байл. У яго, не вам кажучы, жывот хворы, нястраўнасць з нешчага [з нечага, з чагосьці] Пух. р., Суц. Не вам кажучы, у іхай [іхняй] хаце дух цяжкі. Гл. р., Кл. З нешчага [з нечага, з чагосьці], не пры табе, хлопча, кажучы, памяшаўся. ‘Шчэ да вайны на інжынера вучыўся. Мусіць, на нейкую хваробу хварэў. Гл. р., Барб. Радзіла, пажыла з месяц і, не тут кажучы, тронулася. Гл. Ён, не пры вас кажучы, ці і паправіцца [падужэе]. Мсц.
НЕ РАЎНУЮЧЫ ЯК. Параўноўваючы, робячы параўнанне і адначасова засцерагаючы нават ад думкі пра супадзенне.
Нешта ўкусіла (у Канюшнішчах стога кідалі), дык нага не раўнуючы як ступа. Апухла і ссінела вельмі. Доктар даў нечага прыкладаць. Пабеглі па машыну. Лячыцьмуць, казаў доктар, у Глуску, а не — і далей павязуць. Гл. р., Кл. З чаго так? І што зрабілася? Малако не раўнуючы як слізь якая, паспрабавала варыць што — адкіпае, чуць пры агні, і адбяжыць. Тамсама. Ідзе схуднелы, абы-як надзеты, не раўнуючы як той старац. Тамсама.
НЕ САБРАЎШЫ РОЗУМУ. Не разважыўшы, не абдумаўшы, не раздумаўшыся.
Мяне матка..., не сабраўшы розуму, замуж аддала. Віцеб. п. (П. Шэйн, БНП, 1962). Паехалі ў свет, не сабраўшы розуму, страціліся, сцерліся і назад [вярнуліся]. Уш. р., Вашк. Нешта ж вы збіраецеся [у дарогу], не сабраўшы розуму. Уш. р., Чэр.
НЕ САГРЭЦЬ МЕСЦА. Нядоўга, мала прабыць (пратрымацца, папрацаваць, пажыць) на адным месцы; не абжыцца на адным месцы, не пакінуць следу сваёй дзейнасці.
Які з яго толк? Такі не сагрэе месца, толькі шукае і перамяняе. Скід. Ну, што батрак, ці парабак? Батрак робіць, а жыве гэтак, каб не надта месца сагрэў. Малад. р., Бак. — Прыехаў і месца не сагрэў. Адзін гадок прабыў. — Месца не сагрэў, але сам, кажуць, пагрэўся і пераехаў адсюль. Навагр. р., Люб. Ён нідзе месца не сагрэе. Ваўк. п. (М. Фед., ЛБ, ІV).
НЕ СВАІМ ГОЛАСАМ. Роспачліва, ненатуральна (крычаць, плакаць, галасіць).
Раве той мядзведзь не сваім голасам, а другі як убачыў тое, дык як пусціўся наўцекача. Сл. п., Чудз. (А. Сержп., СРБП). Спужалася, дык як крыкне не сваім голасам. Гл. р., Кл. Каб так за яблыкі? Не сваім голасам гарланіць? Дзярж. р., Чарк.
НЕ СПУСКАЦЬ З ВОКА каго. НЕ СПУСЦІЦЬ З ВОКА каго. Пільна сачыць за кім.
Мо' на хвілінку спусціла з вока [дзяўчынку] і чаго натварыла! У таз вады і ўсе цацкі ў ваду паўкідала. Падумаць! Няможна з вока спусціць. Малад. р., Радашк. Табе ён не трэба? А чаму ж ты яго не спускаеш з вока? Ведаю!.. У клубе як?.. За вечар з вока не спусціла. Тамсама.
НЕ СПУСКАЦЬ З ЯЗЫКА каго, што. Гаварыць (працягла, часта) пра каго, што.
Як дурню што пападзе на язык, то пакуль не забудзецца, не спускае з языка. Чач. Пападзіся ёй на язык, дык год з языка не спусціць. Бераз.
НЕСЦІ (перці) МОХ З БАЛОТАМ (з балота). З адцен. зніжальн., дакору.
Досі ўжо вам бразгаць. А дзе ж тая праўда? Яшчэ і спірацца будзеце? Нясе напераменку то адзін, то другі мох з балотам. Мсц. р., ст. Ход. Мох з балота прэ, нечага [няма чаго] слухаць. Мсц. р., Зар. (Лінг. зб.).
НЕ ТАБЕ (вам) КАЖУЧЫ. Гл. НЕ ПРЫ ТАБЕ (вас) КАЖУЧЫ.
НЕ ТУДЫ ЧЫРКА НОСАМ ГЛЯДЗІЦЬ. У кагосьці зусім іншыя думкі, зусім іншы намер, чым ён сам гаворыць; хтосьці мае затоеныя думкі, затоены намер.
Слухалі мы яго, але бачу — не туды чырка носам глядзіць. Няма ў мяне яму веры. Бяроз. р., Белаз.
НЕ ТУТ КАЖУЧЫ. Гл. НЕ ПРЫ ТАБЕ (вас) КАЖУЧЫ.
НЕ ЎБАЧЫЦЬ (белага, божага) СВЕТУ. Гл. СВЕТУ (белага, божага) НЕ БАЧЫЦЬ.
НЕ ЎБІЦЬ НОСУ. Гл. НОСУ НЕ ЎБІЦЬ.
НЕ Ў СВАЕ ДУХІ. Гл. НЕ Ў СВОЙ ДУХ.
НЕ Ў СВОЙ ДУХ, НЕ Ў СВАЕ ДУХІ. Многа, ненасытна (есці).
Не ў свой дух есць. Ваўк. п. (М. Фед., ЛБ, ІV). Не ў свае духі ён есць — мусіць, конская ежа напала. Сак. п. (Тамсама).
Гл.: конская ежа (напала).
Гл.: (як) не ў сябе.
НЕ Ў СЯБЕ. Гл. ЯК НЕ Ў СЯБЕ.
НЕ ЧУЦЬ СМАКУ Ў ЯЗЫКУ. Гаварыць абы-што, абыякава, балбатаць, малоць языком.
Што з твае тае гавары* [гаворкі]! Ты век не чуеш смаку* ў языку, хвошча толькі, як з-пад зямлі. Гл. р., Кл.
НЕШТА НЕЙКАЕ. Штосьці; штосьці невядомае, штосьці загадкавае, якаясьці загадка.
Нешта нейкае ды ёсць. Малад. р., Радашк. Тэлеграму адбіў, грошай каб. Нешта нейкае з ім там зрабілася. То жыў сабе і пасылкі слаў, а то просіць прыслаць. Гл. Мусіць, нешта нейкае зрабілася, што назад вярнуўся. Збіраўся на год, а тут… Гл. р., Кл. Нешта нейкае, што далі аж два запасныя аўтобусы. Мін. р., Рахм.
НІ АДСЮЛЬ НІ АДТУЛЬ, НІ ССЮЛЬ НІ СТУЛЬ. Нечакана і раптоўна, невядома адкуль (пра з'яўленне кагосьці, чагосьці).
Прычапіліся так, што хлопец аж прасіцца пачаў. А тут ні адсюль ні адтуль нейкі ідзе ды давай на іх сварыцца, на гэтых прыстава*каў. Пух. р., Шчытк. Адзін стралец забіў лося, выразаў печань і, распаліўшы ў лесе агню, пячэ на ражоначку. Ажно ні ссюль ні стуль выскоквае чорт. Ваўк. п., з-пад Шыл. (М. Фед., ЛБ, ІІ). Ні ссюль ні стуль хмарка і такой бяды нарабіла. Скід. р., Жыт.
Параўн. (у руск.): откуда ни возьмись.
НІ ВАЛА НІ КАЛА ў каго. Анічога няма. Літаральна — ні зямлі кавалка, ні гаспадаркі. Кол — старадаўняя мера плошчы зямлі. І. Насовіч: кажуць як дакор камусьці за бядноту. (І. Нас., СБП).
У краскоўцаў некаторых было па сто, па трыста дзесяцін, а ў каго не было ні вала* ні кала*. Гл. р., Кл.
Параўн. (у руск.): ни кола ни двора.
НІ ГНЕВУ (крыўды) НІ ЛАСКІ ў каго. 1. Бесхарактарнасць.
Ні гневу ні ласкі. Ваўк. п. (М. Фед., ЛБ, ІV). У нашай Параскі ні гневу ні ласкі. (БППФ). Цялё ты і больш нічога! Ні гневу ў цябе ні ласкі. Мін. р., Чыр. А з цябе ні крыўды ні ласкі, як у тае* Параскі. Гл. р., Вайц.
2. Абыякавасць.
Забірай, кажам, свае манаткі, а ў нас да цябе ні крыўды ні ласкі. Мін.
НІ ДНЯ НІ НОЧЫ (няма, не было, не будзе). Бесперапынна, нязменна; і дзень і ноч.
Жылі мы ў памешчыка арандатарамі. Зямлю трымалі, рабілі важка, не было ні дня ні ночы. Петрык. р., Агол. (Хрэстам.). Няма яму ні дня ні ночы, робіць і робіць. А нашто так? Светл. р., Асташ. Такія грымоты, што аж зямля стогне, няма ні дня ні ночы; ...на небе кіпіць як у гаршку. Маз. п., Луч. (А. Сержп., СРБП). Сварацца і сварацца, няма ім ні дня ні ночы. Малад. р., Сыч. Няма яму ні дня ні ночы, цёнгле лезе ў вочы. Слон. п. (М. Фед., ЛБ, ІV).
НІ ЖЫВЫ НІ МЁРТВЫ. 1. Аслупянелы з пярэпалаху, страху.
Тады воўк падышоў [да елкі] і становіцца дубам на яе. А багач той ні жывы ні мёртвы сядзіць, не ведае, дзе ён — ці на тым свеце, ці на гэтым. Сен. п. (Е. Рам., БС, IV).
2. Пра нерухавага, неэнергічнага, вялага чалавека.
Хто які! Усякія людзі бываюць. А што з яго смяяцца: ні жывы ні мёртвы? Нікому ж не займае. Гл. р., Сымон. Ой, хацела ж мяне маці за чацвёртага аддаць, а той чацвёрты — ні жывы ні мёртвы, — ой, не аддай мяне, маць. (ПБН).
НІ ЗА ПАНЮХ ТАБАКІ. Ні за што, ні за што ні пра што, марна, дарэмна (загінуць, прапасці). “Панюх (табакі)” — ад тых часоў, калі модна было нюхаць табаку (бралі крышачку, на адзін “панюх” табакі ў шчопці і нюхалі).
Без прыкметы ў такой нетры адразу заблудзіш і прападзеш у лесе ні за паню*х табакі. Сл. п., Бох. (А. Сержп., КАБСП). Не паспелі людзі і ахнуць, як ён сунуў у самы агонь. — Прапаў чалавек ні за панюх табакі, — кажуць людзі. Тым часам мужык выскачыў з агню, акрыўшыся коўдраю, дый вынес з хаты малое дзіця. Сл. п., Вял. Рож. (А. Сержп., КАБСП).
Гл.: ні на нюх табакі.
НІ ЗА ШТО НІ ПРА ШТО. Дарэмна, зусім без падстаў, без прычыны.
Ні за што, ні пра што — без прычыны. (І. Нас., СБП). А чаго ён ні за што ні пра што накрычаў на мяне? Бых. А ты маўчала б? Ні за што ні пра што як граззю ў вочы… Мсц., Каўш.
НІЗКІ НА ВОЧЫ. Блізарукі (параўн.: нізка нахіліцца, каб бачыць, каб разгледзець штосьці).
І меншанькі нізкі на вочы? Чаму ж гэтак? Мусіць, чытае, а не глядзелі, як ён чытае? Валож. р., Пярэж. Хлопцу, як нізкі на вочы, нічога, а дзяўчыне, нізкай на вочы, глядзі, ганьба. Тамсама. Надумала тая мачаха збыць са свету падчарку. А як? І каб людзі не ўведалі!.. Назбірала вужовак, ну, вужовых грыбоў, наварыла і накарміла падчарку. А яна з'ела — з ёю нічога ні зрабілася, а тады ‘шчэ і відучая стала, ды толькі што на вочы нізкая. Гл. р., Кл.
НІКОМУ НІ Ў ШАПКУ. Не прасіць чыёйсьці ласкі, не кланяцца нікому.
Купілі сваю медагонку. Цяпер нікому ні ў шапку. Бял. р., Кл. (Матэр. для сл.). Як прасіцца пад'ехаць, то пама*лу [паціху] пайду і нікому ні ў шапку. Бярэз. р., Паг. Свайго не меўшы, кладзіся спаць не еўшы, а цяпер у нас сваіх [аўтамашын у калгасе] поўна, — едзь на сваёй машыне і нікому ні ў шапку! Тамсама.
НІ КУЕЦЦА НІ ПЛЕШЧАЦЦА. Кепска паводзіцца, няма ўдач, не шанцуе.
Ні куецца ні плешчацца. Ваўк. п. (М. Фед., ЛБ, ІV). Што Паўлюк? Жыве сабе. У дзецях толк, хату зрабіў, што трэба. А ў мяне, скажы, ні куецца ні плешчацца. Гады* не тыя, хаты і не скончыла, а дачка — мо' не забыліся? — хворая. Мін. р., Лекар.
Гл.: не куецца, а плешчацца.
НІ КРЫЎДЫ НІ ЛАСКІ. Гл. НІ ГНЕВУ (крыўды) НІ ЛАСКІ.
НІ (ані) ЛАДУ НІ (ані) СКЛАДУ дзе, у каго. З адцен. дакору. Беспарадак, бесталкоўшчына.
Ані ладу ані складу. Ваўк. п. (М. Фед., ЛБ, ІV). Няма з яго ні ладу ні складу. Сак. п. (Тамсама). Жывучы дваіх душою і бедаваць: “Чуць стачылі канцы”? То ў вас хіба ні ладу ні складу. Акцябр. р., Рацм.
НІ МАКУЛІНКІ (макуліначкі) НІ РАСІНКІ (росачкі) У РОЦЕ НЕ БЫЛО. З адцен. спагадл. Зусім галодны, зусім не піўшы, не еўшы (працяглы час).
Другі дзянёк, а ён ні макулі*нкі ні расі*нкі ў рот не браў. Докш. р., Шкл. Ні макуліначкі ні росачкі ў рот не браў. Докш. р., Бяг.
НІ МЛЁН НІ ТАЎКАЧ. Няздатны, няздара, няўмека. Млён — ручка ў жорнах.
Ні млён ні таўкач. Ваўк. п. (М. Фед., ЛБ, ІV). На якое ліха такі зяць? ён жа ні млён ні таўкач. З-пад Дзісны.
НІ МОВЫ НІ ГЛОВЫ. Няўдалец, няўдаліца.
Было сабе ў аколіцы дзвёх [дзвюх] дзяўчат, от такіх, як той казаў, што ні мовы ні гловы. Ваўк. п., Кус. (М. Фед., ЛБ, ІІІ, 2).
НІ НА НЮХ ТАБАКІ. Ані, ані дробачкі, ні кропелькі, ні крошачкі (не мець, няма). “Нюх (табакі)” — з тых часоў, калі было модна нюхаць табаку, калі бралі крышачку, на адзін “нюх” табакі ў шчопці і нюхалі.
Не ма*е нат [нават] ні на нюх табакі, Ваўк. п. (М. Фед., ЛБ, ІV).
Гл.: ні за панюх табакі.
НІ ПОРАХУ НІ СІНЯГА. Анічога (няма, не засталося, не пакінулі, не знайшлі).
Як жаніўся, у яго не было ні пораху ні сіняга; ажаніўся, пажылі як людзі. І дзеткі пайшлі як дзеткі. І ўсё ў іх е [ёсць]. Гл. р., Кл. Прыйшлі з блакады — ні ў кога ні пораху ні сіняга. Люб. р., Загал.
НІ РОДУ НІ ПЛОДУ ў каго. Без родных, без сваякоў, без радні, адзінокі.
Была адна дзяўчынка-сірацінка, дык яна цёнгле плача, так плача, што не мае ні роду ні плоду. Ваўк. п., Ганч. (М. Фед., ЛБ, І). У гэтага Гітлера, муся, ні роду ні плоду. Гэта ж каб людская матка, яна б яго сваёй рукой труцізнаю атруціла. Малад. р., Бак.
Параўн.: без роду без пароду.
Параўн. (у руск.): без роду без племени.
НІ РУК НІ НОГ у каго. Не магчы, быць не ў змозе.
Як не еў, то не мог, а як пад’еў, то ні рук ні ног. Ваўк. п. (М. Фед., ЛБ, ІV). А ў нас кажуць: Не еўшы нудна, а пад’еўшы трудна; як не еў, то не мог, а як пад’еў, то ні рук ні ног. Пух. р., Шацк. Ведама, як вып’е, то не будзе ні рук ні ног. Гл.
НІ СВАТА НІ БРАТА ў каго. Без родных, без сваякоў, без радні, адзінокі.
Атож не скучае!.. Адзін, ні свата ні брата. Цягне на сваё селішча. Гл. р., Кл. Я с войны остался здесь, недалеко за Минском. Как здесь кажут: ни свата ни брата. С братками-белорусами вместе партизанил, вместе и сад садили, вместе живем. Малад. р., ст. Уша.
НІ СЕЛА НІ ПАЛА. Без падставы, без выяўнай прычыны, нечакана.
А ты так заўсёды: ні села ні пала — дай, баба, сала. Мін. Прыбег: “Ужо збіраюся”. От, ні села ні пала, дай бабе сала! Гл. А нашто так? Ні села ні пала: “Едзь!”. Тамсама.
НІ СЕМЯ НІ ЕМЯ. Ані няма, літаральна: няма ні есці, ні насення.
Цяпер, дзякаваць богу, ёсць усё. А то было зразу пасля вайны ні семя ні емя. Мсц. Пайшла замуж, а вясной у хаце ні семя ні емя. Тамсама. Параўн.: бульбу, дзеткі, нада [трэба] перабраць: каторую на семя, каторую на емя. Мсц. р., Зар. (Лінг. зб.).
НІ СЛАВЫ НІ ЎЖЫТКУ. Нічога добрага.
Пішаце ўсё і пішаце. А што з яго, з таго пісання? З яго вам ні славы не ўжытку. Руж. А з нашага каханнечка ні славы ні ўжытку, чорным вочкам няма спання, а ножкам спачынку. Пруж. п., Выс. Гр. (Р. Шырма, БНП, 1).
НІ СЛЫХУ НІ ПРОСЛЫХУ. Ніякіх вестак (звестак), нічога не чуваць (пра кагосьці, штосьці).
Ні слыху ні прослыху. (І. Нас., СБП). Дзе яны? Куды падзеліся? Ніхто не чуў, ні слыху ні прослыху. Барыс. р., Земб.
НІ ССЮЛЬ НІ СТУЛЬ. Гл. НІ АДСЮЛЬ НІ АДТУЛЬ.
НІ ТОЕ НІ ГЭТА. 1. Нешта невыразнае, неакрэсленае; ні тое ні сёе.
А ў вас выйшла ні тое ні гэта. Сян. Але раз адна баба прынесла сукно, палажыла на камень ды кажа: пашый мне ні тое ні гэта. Ён узяў і пашыў ёй ні тое ні гэта: адзін рукаў у плячо ўшыў, а другі адзаду. Сен. п. (Е. Рам., БС, ІV). Як ні рабі, то не скажа: “добра”. Яму век “ні тое ні гэта”. Уш. р., Вашк.
НІ ЎГАМОНУ НІ ЎТАЛОНУ. Няма супакою, няма ўпыну.
Хоць бы вы, дзеці, на мінутку знайшлі сабе ўталон, — ні ўгамону ні ўталону. Мсц. р. (Г. Юрч., Пол.). І сыны такія: на іх ні ўгамону ні ўталону. Мсц.
НІ Ў КОЛА НІ Ў МЯЛА. Няўмека, няздатны (чалавек, рэч).
Ні ў кола ні ў мяла. Ваўк. п. (М. Фед., ЛБ, ІV). А ты ў іх адзін такі, што ні ў кола ні ў мяла. Мсц. Бацька быў багаты, а сын ні ў кола ні ў мяла. Усё тое парахнёй рассыпалася. Леп. р., Лясн. Аз.
НІ Ў НОС НІ ПА НОСЕ. Анічога не значыць, ані не дзейнічае што на каго.
Калі б каму, а гэткаму што? Сказаў ты, а яму ні ў нос ні па носе. Слова яму, гэткаму, мала. Малад. р., Сыч. Табе як — не ведаю, а мне нуль, ні ў носе ні па носе. Малад. р., ст. Уша.
НІ Ў ПІР НІ Ў ВІР. Нявартасны, непрыгодны, непрыдатны. І. Насовіч: кажуць з прыкрасці... на няздатнага чалавека або на адзенне..., якое нельга апранаць, каб паказацца ў людзі. (І. Нас., СБП).
І малады ні ў пір ні ў вір. Мсц. Ды з вамі ж ні ў пір ні ў вір. Барыс. р., Стах.
НІ (ані) У ПЯЦЕ НІ (ані) У ГАЛАВЕ хто, што каму. Ані не рупіць, ані не турбуе,. ані не хвалюе.
Ведаеце, чаго я ў рэдакцыю прыйшла? Ну, скажыце, што за гаспадар з яго? Ані не глядзіць гаспадаркі. Скажы, а яму ані ў пяце ані ў галаве. Мо' каб напісалі праз [пра] яго. Гл. р., Жаўвін. Чаго ‘шчэ мне? Як хочаце, так рабіце, а мне ані ў пяце ані ў галаве. Мне свой клопат карціць. Няма тут чаго ўпікаць мне. Асіп.
НІ Ў ЯКІМ РАЗЕ. Ніколі, ніяк, ні ў якім выпадку, ні за што.
Дзе бачылі! Мае* ні ў якім разе ў ягады не пойдуць: лянуюцца. Малад. р., Бак. Я ні ў якім разе не вазьмуся, няхай што хочуць кажуць. Малад. р., Сыч. Вы там ні ў якім разе не праедзеце: суха ці не суха, а машына буксаваць будзе. Малад. р., Раёўка.
НІ ХАДУН НІ СЯДУН. 1. Няўдаліца, нерухавы. М. Федароўскі: недарэка безуладны. Слон. п. (М. Фед., ЛБ, ІV).
Ні ён табе зрабіць штось, ні ён табе каб пагаварыць пра што. Праўду кажуць: з яго ні хадун ні сядун. Шчуч. р., Раж.
2. Хворы (чалавек.).
Сыны з'ехалі хто куды. А я ўжо ні хадун ні сядун. То буду і дажываць на гэтым хутары. Не мне пераносіцца. Навагр. р., Мон.
НІ ХАТЫ НІ ЛАПАТЫ ў каго. Анічога (няма ў каго).
За Польшчаю гэтта граніца была. Дрэнна мы жылі, за ўсё штраф плацілі, ні хаты ні лапаты ў сям'і. Лях. р., Вял. Рож. (Лінг. зб.). Цяпер, як у каго ні хаты ні лапаты, ніякая не ганьба. Гл. р., Слаўк.
НІ ЦЮК НІ ЧЫМ ЧАГЕНЬКА. Анічога няма (няма нават чым дроў адсекчы) (І. Нас., СБП).
Гл.: ні чым чаго ні чым чагенька.
НІЧОГА НЕ ЗРОБІШ. 1. Не даць рады, не ў змозе даць рады.
Я і так угаварыць хацеў, я і сплаціць думаў, а ён — і ні блізка. Нічога не зробіш! Так і асталося. Гл. р., Кл. Раззлаваўся пан, але нічога не зробіш. Ваўк. р., Утк. (Хрэстам.).
2. Інакш нельга, раз так выходзіць (выйшла); мусіш пагадзіццца, нідзе не падзенешся.
Нічога не зробіш, трэба адрываць кручок: такога холаду не палезеш адчэпліваць. Гл. р., Хал. Хацелі ці не [ісці] у салдаты, а трэба, нічога не зробіш, браце. Акцябр. р., ст. Рацм. Калі так, калі я вам так трэба, то нічога не зробіш, хадзем. Карэл. р., Мірат.
Гл.: нічога не парадзіш.
Параўн. (у руск.): ничего не попишешь.
НІЧОГА НЕ ПАРАДЗІШ. 1. Не даць рады, не ў змозе даць рады.
Такая ўпартая ды наравістая, што з ёю ён нічога не парадзіць. Сл. п., Бох. (А. Сержп., КАБСП). Бачыць, што нічога не парадзіць з упартым чалавекам, от і пытае яго, што яму трэ'. Тамсама.
Гл.: нічога не зробіш.
Параўн. (у руск.): ничего не попишешь, ничего не поделаешь.
2. Інакш нельга, раз так выходзіць (выйшла); мусіш пагадзіцца, нідзе не падзенешся.
Нагараваліся з ёю бацька з маткаю, але нічога не парадзяць, бо, ведама, сваё дзіця не кацяня — за плот не выкінеш. Сл. п. (А. Сержп., КАБСП). Не так яму шкада грошай, як таго сабакі, але нічога не парадзіш, — паехаў сваёю дарогаю. Тамсама.
НІЧОГА НІЧАГУЦЕНЬКА (нічагусечка. нічагесенька, нічагутэнька). Анічога, зусім нічога няма, не было.
Як пабра*ліся [пажаніліся, узялі шлюб], нічога нічагуценька ў іх не было. Сышліся як стаяць. Малад. р., Бак. Падышлі далей, стаіць будынак, ...ажно там нічога нічагутэ*нька няма, адно [толькі] жывіна [жывёла] стаіць і стрэльбы вісяць. Ваўк. п., Руд. (М. Фед., ЛБ, І). З насення ў мяне няма нічога-нічагуцечка. Акцябр. р., ст. Рацм. Нічога нічагесенька. Рэч.п. (Ч. Пятк., КДПР).
НІЧОГА НІЯКАГА. Анічога (не здарылася, не зрабілася, не было).
Дык там нічога ніякага не зрабілася. А ты — толькі абы гаварыць. Мін. р., Слаб. Нічога ніякага не было, пасядзелі і разышліся. Кап. р., Пук.
НІЧОГА САБЕ. Гл. НІШТО (нічога) САБЕ.
НІ ЧУТКІ НІ ПРАЧУТКІ. Ніякіх вестак (звестак), нічога не чуваць (пра кагосьці, штосьці).
Каторая пара! А іх ні чу*ткі ні прачу*ткі. Гл. р., Хал. Як пазвалі ў ваенкамат, як пачалася вайна, з таго ні чуткі пра яго ні прачуткі. Гл. р., Ад. На нейкую хваробу хворы быў і з'ехаў адсюль. А куды — ні чуткі ні прачуткі. Акцябр. р., Рацм.
НІ ЧЫМ ЧАГО (чагенька). Анічога, ні чым рабіць, ні што рабіць.
І да таго, браце ты мой, дайшло, што хлеба нечым сеяць, няма семяно [насення], ні чым чаго, ні божа мой. Гом. п. (Е. Рам., БС, ІV). Яго ж бацька некалі так звёў гаспадарку, што не было ні чым чагенька, дык зямлю прадаваў. Ст. Жлоб.
Параўн.: ні цюк ні чым чагенька.
НІШТО (нічога) САБЕ. 1. Някепскі, нядрэнны.
Другі зяць у іх нішто сабе. І усе ў іх — бацька, дзядзькі, цёткі — нішто сабе людзі. Мін. р., Гат. Зруб нішто сабе, але за такія грошы можна [купіць] новенькі, з-пад сакеры [сякеры]. Гл. р., Вайц. Жонка старэйшая за яго, а ‘шчэ нішто сабе бабка, лёгкая [рухавая, мае спрыт]. Акцябр. р., Рацм. Так і нішто сабе чалавек, а пабачыцца з шкляным богам, то бяда. Малад. р., Радашк. Ён у нас нічога сабе — і паслухае, і зробіць, толькі скажы. Лаг.
2. Някепска, нядрэнна.
— Ну, і як жывяце*? — От, нішто сабе, калупаемся яшчэ патроху, е [ёсць] хлеб, е і да хлеба. Гл. р., Дубр. Табе, кажаш, холадна? А мне нічога сабе. Леп. р., Вор.
Параўн. (у руск.): ничего себе.
НІЯКІМ ПРАВАМ. Ніяк (аніяк), ніякім чынам, ніякім спосабам (нельга, няможна).
Туды ехаць трэ' было цераз ліхую, вельмі трускую грэблю ды цераз балота. От уз'ехалі яны на грэблю ды на каладзяны мост, дык драбінкі скачуць, бы здатны хлопец казачка. Трымалася, трымалася паганая баба, але ніякім правам утрымацца не мажэ [не можа]. Сл. п., Вял. Рож. (А. Сержп., КАБСП). Як ні стараўся ён выбіцца на сваю гаспадарку, нельга ніякім правам, бо як тут гаспадараваць, калі ў цябе ні кала* ні двара, калі няма за што рук зацяць. Тамсама. Быў такі паганы канакрад, што от ніякім правам не ўпільнуеш, хоць ты зубамі дзяржы. Тамсама. Пойдуць нашы бабы ў лес па грыбы ці рваць ягады, дык ось адкуль ні возьмецца той стражнік ды не то адбярэ грыбы ці ягады, але і хусткі паздзірае ды яшчэ наздзекуецца. Ужо не раз збіраліся нашы дзецюкі адсадзіць яму печанцы, ды ніякім правам не могуць яго злавіць, бо ён, злодзей, вельмі хітры. Тамсама.
НОГІ АДБІВАЦЬ. НОГІ АДБІЦЬ. Стамляцца з беганіны, хадні, няспынных клопатаў.
За раніцу, пакуль управілася ды ўхадзілася — усё дагледзела, печ прапаліла, есці наварыла — дык яй-богу ногі адбіла. Гл. р., В. Таварына [жывёліна], мой ты браце, і тая ўсякая бывае. Адно грызе і грызе, з чарады не выйдзе, дзень пасеш — што і на вочы не нойдзе. А другое, халера такая, наставіць рогі і ідзе куды ногі нясуць. Ногі адаб'еш за дзень. Гл. р., Баян.
НОГІ (ножкі) БІЦЬ. Марна хадзіць і стамляцца; хадзіць і стамляцца без вынікаў, без карысці.
— Дзень ногі [на паляванні] білі, а што забілі? — Нічога не ўбілі. Мсц. Наўкола возера пойдзеце? А мы дык не пайшлі б: вярстоў сем [вакол Свіцязі] ногі біць. І ніякае ж патрэбы! Навагр. р., Свіц. Дарма, Ясю, ходзіш, дарма ножкі б'еш. Беласт. п., Гарад. (Р. Шырма, БНП, І). Чорт вед за што толькі ногі збіла! Гл. р., Ад.
НОГІ ВЫПРУЦІЦЬ (выцягнуць). З адцен. груб. Памерці.
— Ато як сперажу, дык і ногі выпруціш, — пужае ён кабылку. Сл. п., Чудз. (А. Сержп., КАБСП). Перш прапалі ўсе свінні, потым кабыла, качаючыся, перавярнулася ў яму ды, скажы ты, пакуль ён агледзеўся, дык яна і ногі выпруціла. Тамсама. Выменяў такую каняку, што не прыехаў ён і да гасподы, бо яна ўпала пасярод дарогі дый ногі выпруціла. Сл. п., Бох. (А. Сержп., КАБСП). Убачыла тое маладзіца..., ухапіла ламачыну ды як сперазала таго шуляка*, дык ён і ногі выпруціў. Сл. п., Вял. Рож. (А. Сержп., СРБП). Што ж яе на лячэбніцу? Яна ўжо ногі выпруціла. Гл. Баюся, што скора і сама ногі выцягну. Бял. р., Кл.
Параўн. (у руск.): ноги протянуть.
НОГІ ВЫЦЯГНУЦЬ. Гл. НОГІ ВЫПРУЦІЦЬ (выцягнуць).
НОГІ ПАПРАСАТЦЬ. Гл. ПАПРАСТАЦЬ НОГІ.
НОГІ СТУПАЦЬ (стаптаць). Знясіліцца, доўга працуючы на нагах, многа ходзячы.
Мае дачушкі, я ўжо і зубы з'еў і ногі сту*паў, ходзячы за статкам. Паст. р., Воцк. (Хрэстам.). Пахадзіўшы гэтулькі (пачуй, дзе толькі ні былі яны!), дык і ногі стопчаш без пары. Малад. р., Улан.
НОГ НЕ ПАЦЯГНУЦЬ. Вялікая стомленасць, знясіленасць.
Сеў ён, праехаў трохі, а конь той і ног не пацягне. Гом. п., Бел. (Е. Рам., БС, ІV). Так пазморваліся, так выбіліся з сілы, што ног не пацягнуць, здаецца, не свае ногі. Мой вацеты [вось гэты] і ног не пацягне. Гл. р., Кл. Хай іх няхай з тымі арахамі. За дзень змучылася, дальбог не пацягну ног. Тамсама.
НОСАМ ВЕТРЫЦЬ. Гл. ВЕТРЫЦЬ НОСАМ.
НОСАМ ЗААРАЦЬ. Паляцець, па*даючы ад удару, штуршка ці зачапіўшыся за штосьці.
Адлезь, а то носам заарэш! Мін. р., Круп. Напіўшыся, прычапіўся, што той узяў ды грабануў, што аж носам заараў. Мін. р., Куты*. Пабягу, думаю, простаю дарогаю, І пабегла… Мо' пяць разоў на тваёй простай дарозе носам заарала. Карэння, галля там!.. Называецца, спраста*ла дарогу. Гл. р., Кл. Глядзі ў мяне! Ато заарэш носам. Тамсама.
НОСАМ КЛЯВАЦЬ. Гл. КЛЯВАЦЬ НОСАМ.
НОСАМ КРУЦІЦЬ. З адцен. дакору, асудж. 1. Не пагаджацца, выказваць нязгоду, але не выяўна, не аргументуючы нязгоды.
Так з ім і сыдзешся! ён, хоць я*к яму, то носам круціць будзе. Бешанк. Даю дваццаць рублёў, а ён яшчэ тут носам круціць. Мала? Дык і гэтага не будзе. Уш.
2. Доўга, прыдзірліва выбіраць, перабіраць.
Мар'я круціла-круціла носам, а цяпер ніхто і не сватае, а ладная [прыгожая, прыстойная] дзеўка. Уш. р., Арэх. (Лінг. зб.). Перакідае хлопцамі сюды-туды, носам круціць, а нічога завіднага, — так сабе. Бяры што даюць, а носам не круці. Смал. р., Пятр. (Тамсама).
НОСАМ ПАВЕТРЫЦЬ. Гл. ПАВЕТРЫЦЬ НОСАМ.
НОС ВЫСОКА НЕСЦІ. Быць ганарыстым, зазнавацца; задзіраць нос.
— З вамі проста гаварыць, усё і ведаеце пра нашае жыццё. А другі ж з горада — не пагаворыш! Тут родзіцца, вырасце, а прыедзе, дык ужо высока нос нясе дый гаварыць па-нашаму не хоча. — А чаго там нос высока несці? У дарозе з Карэл. на Навагр. Адзін выб'ецца на чалавека, дык глядзіш і радуешся з яго, а другі — нос высока нясе. Асіп. р., Вер. Ой ты, мілы, не фарсі, высока носа не нясі. Карэл. р., Лукі (Матэр. для сл.).
Параўн.: Хоць нічога не знойдзе, затое [але] хораша пройдзе! Сл. р., Цал.
Параўн. (у руск.): драть нос, задирать нос.
НОС ПАДЦЕРЦІ. Гл. ПАДЦЕРЦІ (уцерці) НОС.
НОС УЦЕРЦІ. Гл. ПАДЦЕРЦІ (уцерці) НОС.
НОСА (носу) НЕ ЎБІЦЬ. НЯМА ДЗЕ НОСА (носу) УБІЦЬ. Цесна, непраходна.
А кругом шумеў божы гай ды стаяў з веку густы ды цёмны, што і носу не ўваб'еш. Сл. п., Бох. (А. Сержп., КАБСП). Кончылася дарожка, ды пайшоў такі густы лес, што і носа не ўбіць. Сл. п., Вял. Рож. (А. Сержп., КАБСП). Цяснота, што ў тую канцылярыю не ўваб'еш носу. Гл. р., Кл. Ты каб пабачыў! На церабяжы так пазаростала, што носу не ўбіць. Тамсама. Столькі ўсяго ў хаце, што і носа няма дзе ўбіць. Люб. р., Чыж. (Лінг. зб.). Назбіралася людзей, што носа няма дзе ўбіць. Тамсама.
НОЧ У НОЧ (ночка ў ночку). Штоноч, кожную ноч (ночку), не прапускаючы ніводнай ночы (ночкі).
У аднаго гаспадара была поўная яма картопель [бульбы] каля дарогі, а сусед яго ноч у ноч падыходзіў з мяхом дый выносіў картоплі. Ваўк. п., Шыл. (М. Фед., ЛБ, ІІІ, 2). Мне і грошай тых не трэба. Ночка ў ночку старажаваць? Вартаваць? Ці свята, ці нядзеля — ідзі, як вада, і ідзі. Малад. р., Кр. А мой мілы дома не начуе, ночка ў ночку на кані гарцуе. Віл. п., Зім. (Р. Шырма, БНП, ІІ).
НЯДОБРАЯ РУКА. Гл. ЛІХАЯ (нядобрая) РУКА.
НЯМА ДУРНЫХ! 1. Рашучае выказванне нязгоды з кім, адмаўлення (ад прапановы, умовы, занятку).
— Так рана, Францавіч, дахаты? — А ліха яе бяры з рыбаю: холадна. Няма дурных сядзець у гэткую халадэ*чу. Мін. р., Астр. Гарад. Ці хто яго праў! Лёну няма, а каб і быў? Прадзі, снуй, вытчы… Няма дурных цяпер прасці і ткаць. Купіў гатовага, — галава без клопату. Пух. р., Скобр. Вы бы знали! Как мне понравилось это. Переехали в Минск, и в первый день на работе услышала от тети Альжбеты (уборщицей работала): “Няма дурных”. Как-то сильно, звучно и мягко, неоскорбительно. Вот как я восприняла. Мін.
2. Не абманіш; не спадзявайся, што не разбіраюся, не разумею.
Няма дурных за свет ехаць. Хочаш — сам едзь, а мяне не падбукройвай. Гл. р., Кл. Няма дурных: расці*, расці* (гарбузы), а гарбузікі прадавай… Тамсама.
Параўн. (у руск.): нашел дурака!
НЯМА ЗНАЦЬ. Невядома.
На* ж табе ўсе грошы, калі ты ўкраў. Але чаму не прызнаваўся раней? — Сказаў гэтак, і няма знаць, дзе дзеўся. Сен. п. (Е. Рам., БС, ІV). Брала дваццаць рублікаў, і няма знаць, дзе падзеліся. Бых. Няма знаць і цяпер, хто тут хадзіў. Тамсама. Няма знаць, як сказаць. Тамсама. Цяпер ён гукае няма знаць каго. Гом. п., Выл. (Е. Рам., БС, ІV). Даў закуску няма знаць адкуль і дос [досыць] усім. Сен. п., Шарн. (Е. Рам., БС, ІV).
НЯМА РАДЫ. 1. Безвыходнае становішча, няма выйсця, няма ратунку, нічога не парадзіш.
— А закусваць маеш? — Не. — То... я цябе пачастую! Няма рады, ідзе чалавек. Сак. п., з-пад Сух. (М. Фед., ЛБ, ІІІ, 2). Пацягся чорт у балота; ужо не бяжыць, а паўзе чуць не ракам. Пасядзеў ён там — няма рады: кроў льецца бы з вепрука. Сл. п., Чуч. (А. Сержп., СРБП). Тут усе папрыбягалі... і смяюцца, дык ён, няма рады, ды на воз, паехалі, ажно закурэла. Лід. п., з-пад Раж. (М. Фед., ЛБ, ІІІ, 2).
2. Не хапае (няма) сілы, магчымасці.
Няма рады давалакчы да хаты. Гродз. р., Канч.
НЯМА Ў ЖЫЦЦІ. Памёр; ужо нябожчык.
Мікодыма даўно няма ў жыцці, ён мо' і семдзесят не пажыў. Гл. р., Кл. Нікога — ні братоў, ні сястры, — нікога ў жыцці няма. Тамсама.
Параўн. (у руск.): нет в живых.
НЯМА ЧАГО. Не варта, не трэба, не патрэбна.
Больш у грыбы не пайду: няма чаго, сям-там нойдзеш [знойдзеш] добрага [добры грыб — баравік, дабрак]. Гл. р., Хал. Бацькі рыззем трэслі, а вам цяпер няма чаго бедніцца. Тамсама.
НЯМА ЧАГО КАЗАЦЬ. 1. Сапраўды, праўда што — як сцверджанне, як пацверджанне чагосьці.
Але, няма чаго казаць, ён быў добры чалавек. Бывала папросіш, дык ніколі не адкажа, паможа ў бядзе. Сл. п., Чудз. (А. Сержп., КАБСП). Няма чаго казаць, — добрая гаспода. Тамсама.
2. Як выказванне нестаноўчай ацэнкі, нестаноўчага стаўлення да кагосьці, чагосьці.
Ну і сядло, — няма чаго казаць! Але такому “кавалерысту” добра будзе… Гл. р., Кл.
НЯМА ЧАГО РАБІЦЬ. Інакш нельга, мусіш пагадзіцца, нідзе не падзенешся; нічога не парадзіш, нічога не зробіш.
Цяжка парабку расставацца з дзяўчынаю, але няма чаго рабіць, трэ' слухаць, бо як наняўся, дык бы запрадаўся. Сл. п., Чудз. (А. Сержп., КАБСП). Няма чаго рабіць, выдаў цар маніфест, што дае людзям слабоду і зямлю. Тамсама. От прышлі яны ў яго край, знайшлі тую вёску, дзе ён жыў, але там ужо без гаспадара і хатка яго абярнулася ды яе хлопцы расцягалі на агонь. Няма чаго рабіць, трэба жыць як набяжыць. І пачаў ён будаваць сабе харомы ды заводзіць гаспадарку. Тамсама. У аднаго вельмі беднага чалавека памерла дзіця. Прасіў, прасіў..., але ніхто не пайшоў капаць я*му. Няма чаго рабіць, трэ' йсці [трэба ісці] самому капаць я*му для свайго дзіцяці. Маз. п., Луч. (А. Сержп., СРБП). Неяк з вайны [пасля вайны] усё хітраваў. Людзі нешта робяць, кожны нешта ма*е. Адале і ён, няма чаго рабіць, за трактарыста пайшоў і робіць, як усе. Гл. р., Барб.
Гл.: нічога не пара*дзіш.
Гл.: нічога не зробіш.
Параўн. (у руск.): ничего не поделаешь, ничего не попишешь.
НЯМА ШТО. 1. Нічога не зробіш, нічога не парадзіш; як прызнанне, што трэба пагадзіцца з сітуацыяй, становішчам; што нельга зрабіць так, як хочацца.
Засталася я адна-адненькая. Няма што! Давай рабіць, — гаспадарка ж на маіх руках. Скід. р., Гал. Кажа: “Клікніце яе!” Але сёстры нешта не хацелі, але такі, няма што, прыклікалі. Ваўк. п., Кукл. (М. Фед., ЛБ, ІІ, 1). Ну, садавіся [сядай], хоць ты адна збірала, будзем удваіх есці. Дзеўка, няма што, села, выця*гае з збанка і есць, а ён усё прыгаршчамі. Тамсама.
2. Нічога не скажаш, неабвержны факт, ісціна.
Палешукі, няма што, разумныя людзі. Ваўк. п., з-пад Шыл. (М. Фед., ЛБ, ІІІ, 2). Яны, няма што, лепш умеюць. Скід. р., Чарл.
НЯМА ШТО каму. Проста, лёгка каму.
Яму тут пераскочыць няма што. Навагр. р., Падкас. Мне дзвесце грамаў няма што выпіць. Навагр. р., Любча. А мне зрабіць гэта няма што. Раз — і ўсе. Навагр. р., Вал.
НЯМА ЯК. Нельга, не магу (не можаш, не можа і г. д.), не ў змозе, не выпадае, нязручна, няма магчымасці.
Рака глыбокая і шырокая, — няма як перайсці. Лях. р., Мін. Ісці — дзе бачылі! — няма як: ванзэ*лкі вялікія. Ці хто іх дацягне! Малад. р., Раёўка. Паехала б з табою, але ж няма як: недагледжанае ўсё. Гл. р., Кл. На ноч няма як кідаць нязгрэбленае [сена]: нарвецца дождж. Толькі шкадава*цімеш. Гл. р., Хал. А мне... сказалі, што яе абакралі, яна ж не ведае, што там дома робіцца. Мне няма як казаць ёй проста. Пух. р., Гар. (Хрэстам.). Летась прасілася, а сёлета ўжо няма як, сорам. Навагр. р., Скрыш.
НЯЎЖО Ж НЕ! Не інакш! а як жа! Станоўчы адказ на пытанне.
Баба пытае: “Зрабіла?” — А яна: “Няўжо ж не!” Ваўк. п., Новікі (М. Фед., ЛБ, ІІ, 1). — А Юзя ваша паедзе? — Няўжо ж не! Малад. р., Кр. — А Якубава ж ці паступіла? — А няўжо ж не! Мін. р., Раўк.
НЯЎРОКАМ КАЖУЧЫ. Каб не сурочыць, каб гэтак і засталося, не змянілася (пры апавяданні пра станоўчае, пра змены ў добры бок).
Мой жа, няўрокам кажучы, перастаў піць. Малад. р., Клім. (Матэр. для сл.). Нас, няўрокам кажучы, хвароба абмінула. Што такі страшны хадзіў грып! Узда. Няўрокам кажучы, мае гурочкі хораша гараць [цвітуць]. Гл. р., пас. Я. Куп. Ён у нас, няўрокам кажучы, і хварэць перастаў, Валож. р., Рак.
Параўн. (у руск.): чтобы не сглазить.
НЯХАЙ (хай) САБЕ (і). 1. Згода, дазвол.
— Вы забарануеце і едзьце канюшыны [па канюшыну]. — Хай сабе і так будзе. Гл. р., Кл. — Мо' каб сёння пагуляў ён, а ты папасі за яго. А тады ён папасе. — Няхай сабе пагуляе. Тамсама. Пытаюся, ці можна, каб Міша пахадзіў у школу, — так, каб не запісвалі: яму шэсць [гадоў] толькі. — Няхай сабе ходзіць. Тамсама. Адставім стол ды папалуднуем: а ён няхай сабе спіць. Гарад. п. (Е. Рам., БНК.). Хай сабе і блізка лес, а на сабе ж дроў не наносіш. Гл. р., Н. Жыц. — Вашых дзвярэй ніяк не ўмею зачыніць. — Клопат вялікі! Няхай сабе адчыненыя. На дварэ ж цёпла. Віл. р., Вяз.
2. Як выказванне абыяк, ці пагардл. да каго, чаго.
— Вязеш на продаж рыбу? — Няхай сабе і так, — кажа ён ды сцёбае кабылку пугаю, каб не слухаць, што там гавораць. Сл. п., Чудз. (А. Сержп., КАБСП). — Чаму ты не запляцешся? Не сорам табе? — Няхай сабе. Мне і так добра. Гл. р., Кл. Вельмі мне галава баліць! Хай сабе гавораць. Пагавораць і сціхнуць. Хай сабе памелюць языкамі. Валож. р., Пярш. Умею ці не ўмею, — няхай сабе! Мін. р., Лыс. Г.
Параўн. (у руск.): пускай себе, пусть себе, пускай, пусть.
НЯЧЫСТАЯ СІЛА. 1. Д'ябал, чорт.
Ну вось, гарэлку гэту выдумаў нячыстая сіла. Гор. п. (Е. Рам., БС, ІV).
2. З адцен. абурэння, крыўды. Ліха, бяда.
Што за нячыстая сіла! Сама ў іголку ўцягнула нітку, палажыла і ніяк не знайду. Мін. р., Вос. І якая там нячыстая сіла? Як вечар — нехта ў сад ходзіць. Гл. р., Кл.
Цэтлікі: слоўнік, фразеалагізм, фразеалогія
Ответить