A A

Ф. Янкоўскi. БЕЛАРУСКАЯ ФРАЗЕАЛОГIЯ. ФРАЗЕАЛАГІЗМЫ, ІХ ЗНАЧЭННЕ, УЖЫВАННЕ (14)

Суб, 15 кастрычніка 2011

Слоўнікі

М

МАЕ БЫЦЬ. Павінен быць.

Пабачыў хлопец, што дзевачка ад плачу стала такая брыдкая, што аж зірнуць гідка, дый думае: “І гэта яшчэ ма*е быць мне жонка?!” Ды недачаканне тваё! Сл. п., Вял. Рож. (А. Сержп., КАБСП). А што з гэтага ма*е быць? Навагр.

МАЗГАМІ КРУЦІЦЬ (пакруціць). Гл. КРУЦІЦЬ ГАЛАВОЮ (мазгамі).

МАК ТАЎЧЫ. 1. Мітусіцца клубком (пра насякомых).

Бач, камары мак таўкуць, пацяплела, і парна стала. Гл. р., Кл. Мошкі мак таўкуць. Тамсама. Скача ўсё места [горад], бы мошкі мак таўкуць. Сл. п., Рож. (А. Сержп., КАБСП). Калі камары мак таўкуць — разнягодзіцца. Рэч. п. (Ч. Пятк., КДПР).

2. Мітусіцца, скакаць (пра дзяцей).

Ну і скачаце! Мак таўчаце*. Гл. р., Кл.

МАКАМ СЫПАЦЬ (насыпаць). Гл. СЫПАЦЬ МАКАМ.

МАЛАДЫ, а (але) СПЕЛЫ. Пра юнака, які рана і паспешліва праяўляе сябе, ставіць сябе як дасведчаны; звычайна ўспрымаецца як нестаноўчая ацэнка.

Ого! Не вельмі згаворышся [справішся ў гутарцы, у спрэчцы, у жартах] з гэткім. Бачу, малады, але спелы. Мін. р., Сёмк. Гарад. Малады, а спелы! Навучыш, як мне жыць — купляць вотруб’я ці мукі, прадаваць сала ці купляць? На ўсё табе дзела! Кабана выкармлю, то на базары і ты купіш. Занадта берацёся вучыць усіх. Малады, а такі спелы... Тамсама.

Параўн. (у руск.): молодой да ранний.

МАЛАНКАЮ СМАЛІЦЬ. МАЛАНКАЮ СМАЛЯНУЦЬ (смальнуць). 1. Вельмі хутка працаваць, рабіць што.

Ды яна проста маланкаю смаліць, — гэтак лоўка робіць. У дарозе з Мін. на Валож. Я не ўмею, а ты дык ужо маланкай смаліш? І ты не надта шмат зрабіла!.. Мін. р., Салом.

2. Востра гаварыць, сказаць, сказануць.

Ён, гэты Галу*б, так смальне маланкай, што яму і сказаць няма чаго. Язычок, каб яго… Мін. р., Салом. Ён хай скажа, хай толькі азавецца!.. То смаляну яму маланкаю. Тамсама.

Параўн. (у руск.): брить, отбрить.

МАЛАТАРНЯ ПУСТАЯ. З адцен. пагардл., асудж. Балбатун, меляя*.

Далі новага брыгадзіра, а хлопцы не ўзлюбілі: ведаць ведае [справу], але вельмі малатарня пустая: тарахціць, балбоча і балбоча, што толькі на язык. Такі, брат, у нас не ўбудзе. Люб. р., Жа*лы. Каб з кім, а з таею [тою] малатарняю рабіць разам не буду. Гл. р., Ад. А не тарабань ты — малатарня пустая. Каб толку, а то... Гл. р., Кл. Сціхні ты, пустая ты малатарня. Тамсама.

МАЛЕБНЫ ПРАВІЦЬ. 1. Набажэнства ў царкве.

Пазваў... папа, і сталі мале*бны пра*віць. Бых. п. (Е. Рам., БС, ІV).

2. Дакучлівае павучанне, дакучлівае разжоўванне кімсьці нейкай думкі, выпадку, здарэння.

Схадзілі на вечарынку, дык усю раніцу мале*бны пра*віш. Асіп. р., Дубр. Яму пападзіся, дык месяц будзе правіць малебны ды вучыць на ўсе лады. Навагр. р., Любча.

Гл.: ка*за*нь казаць.

МАЛОЦЬ (сыпаць) НЕ ПАДСЯВАЮЧЫ. Не задумваючыся, гаварыць абы-што, усялякае глупства; балбатаць, несці (малоць) лухту; маніць.

Вазьмі цябе такую за жонку, то рабіць ці рабіцьмеш, а век малоцьмеш не падсяваючы. Гл. Няма ніякага толку. Зачапі — дык сыпле не падсяваючы; не кінь, то дзень не перасціхне. Тамсама.

МАЛОЦЬ ПУСТОЕ. НАМАЛОЦЬ ПУСТОГА. З адцен. асудж. Гаварыць (казаць) абы-што, без толку; балбатаць, малоць языком.

Гадзіны дзве пустое малоў. Віл. р., Раёўка. Ага ж, намалоў пустога воз!.. Тамсама. Ён пустое меле, а ты? А ты дык разумнае кажаш? Ты ўжо вельмі золата награбаеш? Гл. р., Слаўк. Кінь малоць пустое. Тамсама.

МАЛОЦЬ ЯЗЫКОМ. ПАМАЛОЦЬ ЯЗЫКОМ. НАМАЛОЦЬ ЯЗЫКОМ. З адцен. асудж. Гаварыць (казаць) абы-што, без толку; балбатаць, малоць.

Малады це*сля гожа меле языком, але нічога яшчэ не будаваў, ды, мабыць, і не ўмее будаваць. Сл. п., Чудз. (А. Сержп., КАБСП). Не мялі сваім нямытым языком. Калінк. р., Ліц. Меле языком, як цяля хвастом. Лід. п. (М. Фед., ЛБ, ІV). Языком меле, як хвастом целя. (І. Нас., СБП).

Параўн: : языковае мліва, язык меле.

Параўн. (у руск.): трепать (болтать, чесать) языком.

МАТЫЛІЦУ ВЫГНАЦЬ з каго. Адвучыць каго ад дурыкаў, дураслівасці. Матыліца — хвароба авечак, коз; пры гэтай хваробе жывёліна круціцца. Тут матыліца — дурыкі, дураслівасць.

Не перастанеш, то рэмнем маты*ліцу выганю. Гл. р., Вайц. Ці з яго толк будзе? Чуць што — і закруціць, і пайшоў!.. Я з цябе маты*ліцу выганю! Гл. р., Кл. Перайна*чся, хлопча, бо так выгане нехта маты*ліцу, што… Тамсама. І ты з яго матыліцы не выгнаў. Тамсама.

МЕСЦА (сабе) НЕ ЗНАХОДЗІЦЬ. Пра стан моцнай усхваляванасці, устрывожанасці, болю.

А багаты Крыўда і месца сабе не знаходзіць, так яго распаляе зайздрасць. Сл. п., Чудз. (А. Сержп., КАБСП). Што так, што так балеў зуб!.. Ночачку месца сабе не знаходзіла. Малад. р., Радашк.

МЕСЦА НЕ САГРЭЦЬ. Гл. НЕ САГРЭЦЬ МЕСЦА.

МЕЦЬ ВЕРУ. Верыць.

Не маю на цябе веры. Пар. р. (С. Некраш., Да характ. гавор.). Як раз зманіш, то і на цябе веры не мецьмуць. Гл. р., Зубар. На цябе ён мае веру. Гл. р., пас. Я. Куп.

Параўн. (у руск.): верю (не верю) в тебя.

МЕЦЬ ГАСЦІНУ. Гл. ГАСЦІНУ МЕЦЬ.

МЕЦЬ ДАЧЫНЕННЕ. 1. Мець справу да каго, мець адносіны да каго.

Нічыпар мае дачыненне да коней. Сл. п., Чудз. (А. Сержп., КАБСП). Да гэтага я не маю дачынення. У дарозе з Мін. у Нясвіж.

2. Мець дачыненне з кім — мець справу з кім, мець інтымныя сувязі з кім.

Жыве малады пан з жонкаю дый рад, што і яна яго не займае, бо ён ужо не мажэ [не можа] мець з жанчынамі дачыненне. Маз. п., Луч. (А. Сержп., СРБП).

МЕЦЬ МУХІ Ў НОСЕ, МУХІ Ў НОСЕ ў каго. Пра ўпартага, узбаламучанага, капрызніка.

Той як калі: калі ўсё ідзе гладка, а калі прыйдзе з мухамі ў носе. Баран. р., Моўч. А ў цябе няма мух у носе? Стаўб. р., Мікал. Фанабэрысты, ма*е мухі ў носе. Ваўк. п. (М. Фед., ЛБ, ІV).

Параўн. (у руск.): с норовом.

МЕЦЬ УВАГУ на каго, на што. Зважаць на каго, на што, на чыю просьбу, на чыё слова; звяртаць увагу.

Як будзе вучыцца паступаць, дык каб на яго мелі ўвагу. Баран. р., Каўп. Пачаў ён крычаць, зваць людзей на ратунак, але ніхто не памагае, бо людзі кінулі вёску, а непрыяцель, зрабіўшы сваё ліхое дзела, не мае ўвагі на сляпога, а хутчэй ідзе далей. Сл. п., Чудз. (А. Сержп., КАБСП).

Параўн.: Жаль увагі не мае (пра помсту скрыўджанага). Ваўк. п. (М. Фед., ЛБ, ІV).

МІЖ МОЛАТА І КАВАДЛА. У вельмі цяжкім, безвыходным становішчы, калі ў кагосьці адначасова дзве непрыемнасці, няўдачы, бяды; між двух агнёў.

Папаў між молата і кавадла. Ваўк. п. (М. Фед., ЛБ, ІV).

Параўн.: Між дзвярэй пальца не садзі. Докш. р., Пустас.

Параўн. (у руск.): между молотом и наковальней.

МІНАЮ НАМАГАЦЬ. 1. Рабіць выгляд стараннага, стараннасці (быццам стараецца, напружваецца).

Мінаю намагаць. Ваўк. п. (М. Фед., ЛБ, ІV). Што ты лянуешся? Мы пром [цягнем], аж вочы на лоб лезуць, а ён толькі мінай намагае ды крэкча. Малад. р., Бак.

2. Уздзейнічаць выглядам, выразам твару, паста*ваю.

Расказаць, як прасіліся? Ось раскажу. Злавіў па*наў ляснік, прывёў да пана. Стаім, чакаем, як яно тут будзе. Бачу, трэба хіба прасіцца: бяда! Я і так, я і гэтак прашуся — нічога. А ён стаіць ціхенька ля мяне. Зірну — а ён так мінаю намагае! Так намагаў мінаю, што пан глядзеў, глядзеў ды як зарагоча. Ого! Ён умеў, як маладзейшы быў! Любога артыста скасаваў бы, — гэткі штукант! Мін. р., ст. Радашк.

МОКНУЦЬ У ГАРЭЛЦЫ. Гл. У ГАРЭЛЦЫ МОКНУЦЬ.

МОЦНАЯ (крэпкая) ГАЛАВА. Пра здольнага да навукі і нястомнага на разумовай працы.

У гэтых во Снітковых зяць занадта вучаны быў. Казалі, у яго надта моцная галава. Малад. р., Міг. Тарашкевіча я бачыць бачыў, але не ведаў. А як Міхайлоўскі, дык з ім ледзь не разам босыя бегалі. Каб майму ўнуку такую моцную галаву! Малад. р., Сыч. Не яму ў акадэмію, — туды трэба крэпкая галава. Гл. р., Кл.

МУХІ Ў НОСЕ ў каго. Гл. МЕЦЬ МУХІ Ў НОСЕ.

МЯККА СЛАЦЬ каму. Залагоджваць добрым словам каго. Ты так мякка не сцялі. Ты мне кажы зразу, чаго хочаш ад мяне. А то пачаў, пачаў..., што не дачакацца. Малад. р., Радашк. Яго ў нас багата хто не любяць. Стане гаварыць табе, дык ужо так мякка сцеле, здаецца во-во хвастом завіляе. Кап. р., Пясоч. А вы ведаеце яго? Стары ўжо. Недзе ў вашым Мінску, даўно ён там. Паслухаць — эх, мякка сцеле! А зробіць так, што не спацьмеш. Не люблю, хто хітруе. Нядобры, хто мякка сцеле. У дарозе з Пясоч. ва Узду.

Гл.: лёстачкамі слаць.

МЯНЯЦЬ БЫКА НА ІНДЫКА. ЗМЯНЯЦЬ БЫКА НА ІНДЫКА. З адцен. жартаўл. ці іран. Выбіраць горшае; мяняць лепшае на горшае.

Пераехаў у Загалле, — называецца, змяняў быка на індыка. Люб. р., Забал. А не мяняй ты быка на індыка. Чым табе тут нявыгада? Усе пад бокам. Тамсама. Вучыўся на інжынера, а тады кінуў, на бухгалтара пайшоў. Толькі што, — змяняў быка на індыка. Стар. Дар.

Параўн.: Змяняў быка ў Мінску на індыка ў Пінску. (БППФ).

Цэтлікі: , ,

Ответить

  Проверка PR и ТИЦ
Нашы сябры:
Казкі беларускія!