Ф. Янкоўскi. БЕЛАРУСКАЯ ФРАЗЕАЛОГIЯ. ФРАЗЕАЛАГІЗМЫ, ІХ ЗНАЧЭННЕ, УЖЫВАННЕ (12)
Суб, 15 кастрычніка 2011
К
КАВАЛАК (кусок) ХЛЕБА. Пражытак, харч.
Хлопцы пападросталі, усякі сабе на кавалак хлеба заробіць. Гл. р., Зубар. Хай кожын сабе зарабляе хлеба кавалак. Гл. р., Вольн. Усякаму свой кавалак хлеба. Валож. р., Пярш. Як у чалавека ёсць кавалак хлеба, дык гэта ж мала! “Масквіча” яму ці якое ліха трэба! Дзярж. Ён і небагаты быў, але не наракаў на бога: гараваў, меў кусок хлеба, нікога не крыўдзіў, ніякага ліха ў яго не было на сэрцы, от ён і шчасліва жыў. Маз. п., Луч. (А. Сержп., СРБП).
КАДУК НЕ БЯРЭ каго. Гл. ЧОРТ (кадук) НЕ БЯРЭ каго.
КАЗАНАЯ КАЗКА. Не раз чутае (гаворка, размова, наме*р, план, просьба) і не вартае ўвагі. І. Насовіч падае куды вузейшае значэнне: адмова на беспадстаўную, не раз паўтораную просьбу. (І. Нас., СБП).
Абрыдала мне гэта казаная казка. Баран. р., Кут. Як твой Федзя рабіць будзе, хай сам думае і сам робіць, а я слухаць, далібог, не хачу: гэта ўжо даўно казаная казка. Малад. р., Бак.
КАЗАНЬ КАЗАЦЬ. З адцен. дакору. Казань — пропаведзь у касцёле. 1. Гаварыць працягла, доўга, аднастайна і дакучліва.
Як стаў казань казаць — на ўвесь вечар. Докш. Ты вечна сваю казань кажаш. Тамсама. Пачне казань казаць, што аж нудна стане. Тамсама.
2. Гаварыць абы-што, гарадзіць.
Перастань ты сваю казань казаць, надаела ўжо слухаць. Докш. р., Пустас. (Матэр. для сл.). Ды яго ж слухаць — не дай божа! Як стане казань казаць, як стане абы-што верзці, дык аж агоркне табе. А ты і слова яму не скажы. Малад. р., ст. Уша.
КАЗАЎ ТОЙ. Гл. ЯК ТОЙ КАЗАЎ.
КАЗУ ПАСВІЦЬ. З адцен. іран. Адставаць на працы ад каго, цягнуцца ззаду.
Ды якая ты работніца? Ты ж вечна на жніве казу пасеш, дзе хто жне, а ты ззаду. Крыч. р., Губ. Маладая, а на пастаці казу пасе. Тамсама. Арыначка казу пасець, а Іванка абед нясець. Крыч. р., Губ. (З народнай песні). Такая з цябе ўмелая, заўсёды казу пасеш, — ці палолі, ці жалі. Чэрык. Лена сёння, знай, казу пасе, снапоў, можа, на дзесяць [адстала]. Крыч. р., Каран.
Параўн. (ва ўкр.): пасти задніх.
Параўн. (у руск.): плестись в хвосте.
КАЛАТУШЫ НАРАБІЛАСЯ. 1. Разгразілася (вуліца.дарога),
І машыны і тавар [жывёла], дык што так нарабілася калатушы — не прайсці. Гл. р., Кл.
2. Сваркі, нязладжанасць, нязгода (у калектыве, сям'і, групе).
Нешта ў школе калатушы нарабілася. Так дружна былі, а то перасталі ладзіць. Каб хіба новага [настаўніка] куды перакінулі. Ці не ён абгаварыў усіх. Няхораша, каб у настаўнікаў ды сварыліся. Неяк так не было ніколі. Гл. р., Кл.
КАЛАТУШЫ НАРАБІЦЬ. Калату*ша — 1) гразь; 2) зацірка; 3) беспарадак. Гл. р., Кл., пас. Я Куп. 1. Размясіць, разгразіць (дарогу, вуліцу, двор, пагон).
Машыны што так вуліцу разгрузілі!.. Па ўсёй вуліцы калатушы нарабілі. У вас стала — і прайсці няма як. Гл. р., пас. Я. Куп. Таварам [на прагоне] калатушы нарабілі. Гл. р., Кл.
2. Разбіць, змясіць, ператварыць што, каго ў калатушу.
Вельмі, кажуць, нарабілі калатушы з немцаў пад Бабруйскам. Абкружылі ды з усякага ўсяго [з розных відаў зброі] як сталі даваць, як сталі даваць! Гл. р., Ад.
3. Пасварыць каго з кім, выклікаць спрэчкі, узаемныя абвінавачванні, стварыць беспарадак у адносінах між людзей.
Ён такі! Як дзе толькі асядзе, і наробіць калатушы, усіх на сварку падыме. Адтуль, дзе ён цяпер робіць [працуе], ехалі і заходзілі піць, і кажуць на яго: “Які ж ён дзяркач! Як прыехаў, усіх пасварыў, кругом калатушы нарабіў. Такі ў нас не ўбудзе”. Гл. р., пас. Я. Куп.
КАЛІ ЛАСКА. Як ветлівы зварот, як ветлівая просьба, ветлівае пабуджэнне: прашу вас, проша.
— Жонка каўбасу спякла б. — То можа я? — То спячыце, калі ласка. — Жонка пасцель паслала б. — То можа я? — То пасцяліце, калі ласка. Ваўк. п., з-пад Гн. (М. Фед., ЛБ, ІІІ, 2). — Дай, кажа, мне, то я паднясу крыху, бо ты ўжо ўтаміўся. — То добра, ка [кажа], наце паднясіце, калі ласка. Слон. п., Студар. (М. Фед., ЛБ, ІІ, 1). — …я табе дзеўку высватаю прыгожую, багатую! — Добра, высватай, калі ласка. Я пашыю чаравікі. Сен. п., Ульян. (Е. Рам., БНК). Э, мамка, кажа ён, я да гарэлкі не вотто [не вельмі] лас, а калі твая ласка, дык няхай мой хлопец вып'е. Гом. п., Бел. (Е. Рам., БС, ІV). Падары, гаворыць, служывенькі! — гаворыць: адну аддаў убогаму, асталося дзве. ...табе адну падаць? — А падай, калі ласка твая! Магіл. п. (Е. Рам... БС, ІV). Калі ваша ласка, то на гэтым вялікі дзякуй скажу. Мін., Камар.
КАЛІВА Ў КАЛІВА (ка*ліўца ў ка*ліўца, ка*лівачка ў ка*лівачка). Вельмі добрае і роўнае (пра расліны, пра каласы адной урадлівасці, пра адборнае зерне).
Жыта стаіць каліва ў каліва, сцябло ў сцябло. Гл. р., Слаўк. На нашых шырокіх раза*х вельмі ячмень рос. Падгноіш — дык чысценькі, роўненькі. Зірнеш — каліўца ў каліўца. Гл. р., Кл. Вот-бок [ну, скажы, -ыце] урадзіла на балоце [пра пшаніцу]: калівачка ў калівачка. Тамсама.
КАЛІ ТОЕ. 1. Няма калі.
Калі тое ў ягады ісці! Тут грады дагледзець няма часу, плацця [бялізны] мо' воз сабралася. А ты пра ягады гаворыш. Гл. р., Слаўк. Калі тое гуляць, — за фермаю свету не бачыць; плацяць нішто сабе, дык і ідзе, робіць і робіць. Гл. р., Кл.
2. Позна.
Калі тое ў Глуск ехаць, — ужо сонечка на вечар, усё ўсюды пазачынянае будзе. Тамсама.
КАЛОМ (колам) СТАНАВІЦЦА. КАЛОМ (колам) СТАЦЬ. Не згінацца (пра ногі, рукі, шыю, спіну) пры стомленасці, захворванні.
З самага малку абы прастыў, дык шыя колам становіцца, і не паверне. Гл. р., Кл. Зразу, як праедзеш доўга [за рулём], дык усё цела калом станавілася. Мін. Не ідуць ногі ані: стамілася вельмі. Калом ногі сталі. Навагр. Прастыў, дык не павернецца, колам шыя стала. Гл. р., Ал. Доктар каб паглядзеў. Сяду, дык, дальбог, не разагнуцца, а буду стаяць — сесці не можна. Спіна колам. Гл. р., Н. Жыц. Змерзлася, што аж колам стаіць. Гл. р., В. Ой, бедная ж я! За дзень нарабілася [напрацавалася], што сярэдзіна колам стала. Гл. р., Хал. Пастой пры малатарні, дык і ты колам станеш. Гл. р., пас. Я. Куп. Язык колам стане. Рэч. п. (Ч. Пятк., КДПР). Ногі колам сталі. Тамсама. Брэшаш...! Няхай табе язык колам стане. Тамсама.
КАЛОЦЬ ВОЧЫ. Гл. ВОЧЫ КАЛОЦЬ.
КАЛЯ КІЛІШКА (міскі, пасудку, посуду, талеркі, чаркі) ЧЫСТА ХАДЗІЦЬ. Гл. ЧЫСТА КАЛЯ ПОСУДУ (пасудку) ХАДЗІЦЬ.
КАМАР НОСАМ НЕ ПАДЛЕЗЕ. Не падкапаешся, не прыдзярэшся, не знойдзеш няправільнасці. Мы так напішам, што і камар носам не падлезе. Гл. р., Слаўк. Камар носам не падлезе, а рэвізоры ўбачаць. Тамсама.
Параўн.(у руск.): комар носа не подточит.
КАНЕЦ КАНЦОМ (канцоў). Урэшце, нарэшце, урэшце рэшт.
І ты канец канцом паварушы глуздамі. Мін. Дык ён круціў, муціў, але такі канец канцом мусіў прызнацца. Ваўк. п., Шыл. (М. Фед., ЛБ, ІІІ, 2). Усё ж канец канцоў дадумаліся. Слон. п., Студар. (М. Фед., ЛБ, ІІІ, 2).
КАНЦЫ ПАДБІВАЦЬ. КАНЦЫ ПАДБІЦЬ. Заканчваць, закругляць працу, якая патрабуе параўнаўча мала часу, увагі.
Камусь трэба было пайсці і канцы падбіць. Касілі касілкай, а касой каб пападкошваць на заваротах. Гродз. р., Аз. Лічы, што кончылі лён [ірваць]. Заўтра падаб'ём канцы. Уш. р., Слаб. У мяне ў бухгалтэрыі да паўдня толькі, я канцы падаб'ю дый паеду, — што [дакументы] падшыць, што разнесці ў кнігі. Адным словам — падаб'ю канцы і паеду. Уиі. р., Лясн. Аз.
КАПЦЫ ПРЫЙШЛІ каму. Гл. ПРЫЙШЛІ КАПЦЫ каму.
КАРОТКІ ЗАВАРОТКІ. Не хапае сілы (умення, сродкаў), рукі кароткія.
Ты не возьмеш гэтага мяшка: кароткі завароткі! Бял. р., Кл. Куды табе брацца? У цябе кароткі завароткі. Тамсама.
КАСЦЬМІ БАРАБАНІЦЬ. Вельмі схуднелы.
Бывала блізніцкі шляхчыч [шляхціч] едзе — яны былі такія самыя мужыкі, толькі ганарыстыя, — конь касцьмі барабаніць, але з набэдрыкамі і гузікамі блішчустымі, аж зіхацяць. Гл. р., Кл. А ён неяк купіў кабылу — гарга*ра пад вільчык, а касцьмі барабаніць, такая худая ды сухая. Тамсама. З тае блакады, даражэнькія ды каханенькія, выйшлі слабыя, касцьмі, дальбог, барабанілі. Гл. р., Слаўк.
КАТОРАЯ ПАРА! Адносна працяглы час, адносна даўно, доўга, позна.
Каторая пара! А іх ні чуткі ні прачуткі. Гл. р., Хал. Гуляю каторую пару, а работа мая не роблена. Гл. р., Слаўк. Я прыйшла, сяджу каторую пару, а тут і ты следам за дзедам. Гл. р., пас. Я. Куп. У Глуску расказвала мне: “Каторая пара ўжо, як бацька іх у Амерыку з'ехаў. Павыросталі дзеці, пажаніліся, унукаў прычакаліся, а, скажы, ад яго ніякае весткі. Каб дзе быў, каб яму ўсё добра было, то некалі азваўся б”. Гл. р., Вольн.
КАТУ ПА ПЯТУ. З адцен. жартаўл. ці іран. Вельмі малы рост, недаростак.
Ого!.. Ты ўжо вялікі! Ты кату па пяту. Гл. р., Хал. У вашай Даколі збяруцца хлопцы кату па пяту, — называецца вечарынка!.. Гл... р., Кл. Ён малы, а ты? І ты кату па пяту. Тамсама.
КАЧКІ ПУСКАЦЬ. Гл. ПУСКАЦЬ КАЧКІ.
КЕПІКІ (кпінкі, кепінкі; смехі, смешкі, смешачкі, жартачкі) СТРОІЦЬ з каго. НА КПІНКІ ПРЫСТАВАЦЬ да каго. Кпіць, здзекліва насміхацца.
Кепікі строіць. (І. Нас., СБП). Жаліцца каваль мужчынам, а тыя ды строяць кепікі: — От дык каваль, і сарама* яму няма: жонка цягае за чупрыну. Маз. п., Луч. (А. Сержп., СРБП). Быў там п'янчужка Іванчык, ён да ўсяго здольны: што ні возьме, усё зробіць ды ўсё смяецца ды кепікі строіць. Тамсама. Перш з яго смяяліся ды строілі кпінкі. Сл. п., Чуч. (А. Сержп., СРБП). Збягуцца людзі, смяюцца ды кпінкі строяць, а бабы... сварацца ды зневажаюць адна адну. Сл. п., Млын. (А. Сержп., СРБП). Пасмяяліся мужыкі, пастроілі кепікі... з такое маладзіцы дый давай разыходзіцца. Маз. п., Луч. (А. Сержп., СРБП). Няма чаго з яго строіць кепінкі. Ваўк. Кепінкі строіш. Ваўк, п. (М. Фед., ЛБ, ІV). Каб сказаў — як сказаў! А ты толькі на кпінкі прыстаеш. Лях. р., Мін. Убачаць людзі, як ён прэ дамоў рыбу, дый пачнуць на кпінкі прыставаць, каб ім закаштаваць тае рыбы. Сл. п., Чудз. (А. Сержп., КАБСП). А ён п'е гарэлку ды ўсё строіць смешкі. Ваўк. п., з-пад Шыл. (М. Фед., ЛБ, ІІІ, 2). Ты разумнейшы, думаеш, над усіх? З кожнага смехі строіш!.. Гл. р., Кл. Ты строіш смешачкі, а дзіцяці дзецца няма дзе. Гл. р., пас. Я. Куп. Няма тут чаго строіць з яго смешкі. Тамсама. Ты думаў..., што я цябе люблю, каля цябе стаю, з цябе смешкі строю. Пруж. (Р.Шырма.БНП,1).
Параўн. (у руск.): трунить, подтрунивать.
КІДУН КІДАЕ. Прыпадак кіду*чае хваробы.
Ці казалі табе хто? Няма ўжо Паўла Хвядотавага. Намучыўся небарака. Быў пры конях, а холадна было, дык агню налажыў. А яго кідун кінуў. Дык абгарэў, намучыўся бедны. Гл. р., Кл. Кінуў свае [сваіх дзяцей], ды ідзе на чужыя. Штоб [каб] іх, такіх бацькоў, кідун кідаў за ватэтакае [за такія ўчынкі, паступкі]. Гл. р., пас. Я. Куп. Каб вас кідун кідаў! Што вы на ігрушу палкамі кідаеце? Гл. р., Кл.
КІЕМ РЭБРЫ ПАМАЦАЦЬ каму, чые. Гл. ПАМАЦАЦЬ КІЕМ РЭБРЫ каму, чые.
КІНУЦЬ ВОКАМ. Зірнуць, глянуць.
Кінуў на дзяўчыну вокам, — мабыць, закахаўся ненарокам. Сл. п., Пярэвал. (А. Сержп., КАБСП). Ідзе — дык і вокам не кіне! Гл. р., Побл. Я ж наеду, то хоць вокам кіньце на маю хату. Асіп. р., Яс. Кінь вокам! Бачыла, што зрабілася тут ды чаго нарабілася? Мін. р., Круп.
КІНУЦЬ ЗА САБОЮ. 1. Дапамагчы, падмагчы каму не за плату, не праз плату, а з сяброўства, добразычлівасці, пашаны да людзей (такая маральная рыса вельмі шануецца ў народзе; лічыцца, што, “кінуўшы за сабою”, чалавек зрабіў святую справу, што і яму з часам аддзякуюць).
Такі самалюбец, сарвіцель такі не кіне за сабою, — каб усё сабе, каб усё яму! Гл. р., Вольн. Не бойся кінуць за сабою: падможаш, то і ён не забывацьмецца на цябе. Гл. р., Зубар.
2. Прыняць папярэднюю меру.
На гаспадарцы робячы, так, хлопча: не кінеш за сабою, не знойдзеш перад сабою. Угной [пакладзі гною] — дык нажнеш, гадуй цяляткі — каровы будуць, а з каровы малако, а прадасі — грошы будуць. Гл. р., Кл. З людзьмі жыць трэба, людзей трымацца. Кінеш за сабою — возьмеш перад сабою. Карал. р., Лукі.
Параўн.: Кінь за сабою — знойдзеш перад сабою. (БППФ).
КІНУЦЬ НА ЎХАБУ каго. Гл. ПАНЕСЦІ (кінуць) НА ЎХАБУ каго.
КІНУЦЬ-РЫНУЦЬ што. КІНУЎШЫ-РЫНУЎШЫ што. Пакінуць без догляду, без падтрымкі.
Прасіла ж: дагледзь кураняткі, качаняты прасіцьмуць есці, каб куры гуркі не садралі. А яна, бач, кінула-ры*нула ўсё і гуляць пабегла. Гл. р., Кл. Браты былі разумнейшыя, багацейшыя, а сястру, бедненькую, кінулі-рынулі, як е [ёсць], хай так і будзе. Яна і векавала гаруючы ды бядуючы. Гл. р., Ад. Кінула-рынула і... спаць лягла. Ваўк. п., Дварч. (М. Фед., ЛБ, І). І кінуўшы-рынуўшы, дай бог ногі! Сак. п., Хадар. (М. Фед., ЛБ, ІІІ, 2). Не пабягу ж я на той лён, кінуўшы-рынуўшы хату! Гл. р., Кл.
Параўн. (у руск.): бросить на произвол судьбы.
КІПЦЮРЫ ПАКАЗВАЦЬ. КІПЦЮРЫ ПАКАЗАЦЬ. Выяўляць варожасць, кепскі характар, паказваць гатоўнасць да адпору ці нападу.
Спярша лёстачкі ўсё ды лёстачкі [ліслівыя •словы, размовы], а тады і кіпцюры паказаў. Докш. р., Пустас. (Матэр. для сл.). Усе думалі, што новы — мяккі чалавек, а ён — на* табе — кіпцюры паказаў. Докш. р., Бяг. Вы яшчэ пачакайце хваліць яго. Зара*на з яго цешыцеся. Ён вам пакажа кіпцюры. І ў нас зразу быў мяккі, а пасля ці раз кіпцюры паказваў. Віл. р., Слаб.
КІШАНЬКОВЫЯ СУХОТЫ ў каго. Гл. СУХОТЫ КІШАНЬКОВЫЯ ў каго.
КІШКАЮ БРАЦЬ. КІШКАЮ ЎЗЯЦЬ. Настойліваю працаю (а не здатнасцю, здольнасцю), не шкадуючы здароўя (авалодваць навукаю ці іншаю складанаю справаю, асвойваць штосьці).
Не розумам, дык кішкаю браць. Карэл. р., Заг. У школе — каб вучыцца, то не надта, а там [у інстытуце], кажаце, добра ідзе [у вучобе]. Не галавою, дык можна кішкаю ўзяць. Карэл. р., Тур. Розуму не хопіць, то кішкаю возьме. Карэл. р., Сін. Слаб.
КІШКІ ПЕРАЯДАЦЬ каму. КІШКІ ПЕРАЕСЦІ каму. З адцен. асудж., дакору. Станавіцца непрыемным, абрыдлым (пра таго, хто вельмі дакучаў, пра тое, што дакучала).
Сышлася ўся дворня і жаліцца, што пан корміць толькі адным аўсом. — Гэты авёс ужо нам кі*шкі пераеў. Сл. п., Чудз. (А. Сержп., КАБСП). Мне той стагня*ка — прытном стогне і стогне — кі*шкі пераядае. Гл. р., Кл.
Гл.: вантробы ад'ядаць.
Параўн. (у руск.): кишки выматывать.
КІШКІ ПЕРАЕСЦІ каму. Гл. КІШКІ ПЕРАЯДАЦЬ каму.
КІШЭНЮ (кішаню*) ПАТРЭСЦІ (трэсці). Гл. ТРЭСЦІ КІШЭНЮ (кішаню*).
КЛЕЦ БАРАНАВЫ. Непамяркоўны, непрыхільны, упірысты (чалавек), з якім заўсёды і ўсюды нязручна, няўтульна, кепска. Клец — зуб у баране. Мсц.
Яны [браты] усе клецы баранавыя. Тамсама. З тым клецам баранавым не зладзіш. Як ні скажы, а ўсё не так. Тамсама.
КЛЯВАЦЬ НОСАМ. З адцен. жартаўл. Драмаць седзячы, пры гэтым то апускаць, то падымаць галаву.
— А дзе, — пытаюцца ў нас барбароўскія [дзяўчаты з вёскі Барбароў], — ваш той “кавалер”, што сеў на лаўцы з нашаю дзеўкаю ды носам давай кляваць? Гл. р., Кл. Хвядот добра старажуе. А некалі з Рыгорчыкам старажаваў, дык толькі прытуліцца да вугла, толькі чуць прысядзе, дык і клюе носам. Удзень болей за мяне спіць, а ўночы дрэмле і дрэмле. Тамсама. Ну і кіно! Сядзелі і клявалі носам. Тамсама.
КОДЛА ЧОРТАВА (-е). Гл. ЧОРТАВА КОДЛА.
КОЖНЫ ЎСЯКІ. З адцен.пагардл. Кожны, каму толькі хочацца; усякі няварты.
А ты так нарабіла, што кожны ўсякі на цябе пальцам паказвацьме. Акцябр. р., Ляск. Я буду проці [супраць] людзей, каб кожны ўсякі ў вочы мне лез? Гл. р., пас. Я. Куп. Кожнага ўсякага слухацьме? Гл. р., Кл.
Параўн. (у руск.): всякий (все) кому не лень; встречный и поперечный.
КОЛАСАМ СТАЯЦЬ. Нязжатая, на пні (збажына).
Усё жыта коласам стаіць. Лельч. Жыта стаіць коласам, а пшаніца спее, і ячмень. Тамсама. А ў гародзе пшаніца коласам стаяла, коласам стаяла, голасам крычала: “Хоць вы мяне сажніце, хоць у ствол пусціце”. Гом. п., Дзятл. вол. (З. Радч., ГНП).
КОЛЬКІ МОЦЫ. Максімальна напружваючыся, напружваючы ўсю моц, усю сілу.
Уцякай колькі моцы да бацькоў. Слон. п., з-пад Моўч. (М. Фед., ЛБ, ІІІ, 2).
Гл.: моц (сіла).
Гл.: як моцы стае.
Гл.: як маеш (меў) моцы (сілы).
Гл.: з усёй (усяе) моцы (сілы).
Параўн. (у руск.): что было силы (сил), что есть силы (сил); изо всех сил; на всю силу.
КОНСКАЯ ЕЖА. Ненаеднасць, ненасытнасць, вялікі апетыт.
Як-бо кажуць, конская ежа напала на вас, толькі і знай: есці і есці. Гл. р., Кл. У нас смяюцца: “Што? На цябе конская ежа напала?” У дарозе з Мін. на Маг. Не ў свае духі ён есць — мусіць, конская ежа на цябе напала. Сак. п. (М. Фед., ЛБ, ІV).
Параўн. (у руск.): волчий аппетит.
КОСТКА АДЫШЛА. З адцен. жартаўл. Падужэў, памацнеў фізічна; пазбавіўся худзізны.
Нашаму студэнту рабіць не давацьмеце? Не трэба: хай костка адыдзе. А то белы, худы. Хай адаспіцца. Гл. р., Кл. Пакуль на ім сала наросціш, то папакорміш [вельмі худога кабана], каб костка адышла, а тады ўжо сала нарошчвацьмеш. Тамсама.
КОСЦІ АБІРАЦЬ. З адцен. дакору, асудж. Жорстка ўпікаць, лаяць, бэсціць кагосьці.
І ён яшчэ табе косці абірае, як прывалачэцца. Маст. р., Граб. (П. Ст., Пол.). Каб як чалавек паталкаваў, але як звер да цябе, адно косці абірае. Слон. п., Ст. С. (П. Ст., Пол). Ды сціхніце! Узяўся тут косці абіраць!.. Навагр.
КОСЦІ ДЫ (і) СКУРА. Гл. СКУРА (рэбры) І (ды) КОСЦІ.
КОСЦІ (костачкі) ЗАГРЭБЦІ чые. Гл. ЗАГРЭБЦІ КОСЦІ (костачкі) чые.
КОСЦІ ПАРЫЦЬ У ЗЯМЛІ. Гл. У ЗЯМЛІ (у зямельцы) КОСЦІ ПАРЫЦЬ.
КОСЦІ (костачкі) РАЗНЕСЦІ (растрэсці) чые. Разарваць, расшматаць, пашматаць каго.
Як паедзе на ім [на кані] катацца, дык ён яго косці разнясе. Гом. п., Бел. (Е. Рам., БС, ІV). Калі б ты сеў на яго [на каня] уперад за мяне [раней за мяне], дык бы ён твае косці разнёс. Тамсама. Прывяжыце яе к конскаму хвасту і пашліце яе ў чыстае поле, і разнясіце вы яе косці і можджы. Рагач. п., Нісім. (Е. Рам., БНК). Лучкаўскі пастух — высокі, здаровы! — кажа на Рэйтанавага Андрэя: “Я і косці твае растрасу”. — “Пабачым, ‘шчэ паглядзім, хто чые костачкі растрасе!” Гл. р., Кл. Дзе бачылі! Запрэгчы такога гарачага [неаб'езджанага жарабца], дык ён драбінку табе паб'е, косці растрасе. Ён і сабе галаву скруціць. Гл. р., пас. Я. Куп. І костачкі разнясе. Тамсама. Каб касцей [костачак] не разнёс. Тамсама.
КПІНКІ СТРОІЦЬ з каго. Гл. КЕПІКІ СТРОІЦЬ з каго.
КРОІЦЬ СЭРЦ.А (без нажа) чыё, каму. Гл. СЭРЦА КРОІЦЬ (без нажа) чыё, каму.
КРОЎ З МАЛАКОМ. Прыгожы, дужы, з свежым румяным тварам.
Як бач стаў... проста кроў з малаком! Ваўк. п., Кукл. (М. Фед., ЛБ, ІІ, 1). Нарэшце прыязджае няведама скуль хлопец — харошы, проста кроў з малаком! Лід. п., Хільч. (М. Фед., ЛБ, ІІ, 1). Была ў яго дачка — харошая, чарнакосая, чарнабровая, кроў з малаком дзеўка, ды палюбіла найміта, а ён яе. Рэч. п. (Ч. Пятк., КДПР).
КРОЎ ПІЦЬ (смактаць). Гл. ПІЦЬ (смактаць) КРОЎ.
КРОЎЮ ЎМЫЦЦА. З адцен. дакору, асудж. Быць збітаму да крыві.
Будзеш такі задзірлівы, дык ці раз крывёй умыешся!.. Лаг. р., Лаг. Вельмі хай не пастаўляецца сілаю! А то нехта дасць, што кроўю ўмыецца. Тады і жаліцца [скардзіцца] не знойдзе каму. Гл. р., Вольн.
КРОШКІ ПАБРАЦЬ (падабраць). Гл. І КРОШКІ (крошачкі) ПАДАБРАЦЬ.
КРУКАМ ВІСЕЦЬ. З адцен. дакору, пагардл. Звышпільна назіраць, вартаваць, зберагаць.
Такі скупы, што шкадаваў нават людзям напіцца. ...крукам вісіць над кожным зярняткам і нікому не дасць і панюхаць. Сл. п., Вял. Рож. (А. Сержп., КАБСП).
КРУЦІЦЦА НА ЯЗЫКУ (на канцы языка). Тое, што ў момант гутаркі забылася, але вось-вось успомніцца (назва, імя, прозвішча).
На языку круціцца, а не ўспомню [назву грыба]. Во як! У нас кажуць на гэтыя грыбы кабылкі, а ў іх — таўстушкі. Малад. р., Радашк. Тут, у нашай школе, першы настаўнік з вашага Побліна быў. Як яго, Хведзька? Круціцца на канцы языка, а ніяк не ўспомню. І ты забыўся? Ага! Дудар! Гл. р., Кл. Дзе гэта мы начавалі, як пасля вайны карову купляць хадзілі? На языку круціцца, а ўспомніць не магу. Можа якраз у тваёй [вёсцы], дзеўка? Уш. р., Арэх.
КРУЦІЦЬ ГАЛАВОЮ (мазгамі). ПАКРУЦІЦЬ ГАЛАВОЮ (мазгамі). Думаць, шукаць выйсця, кеміць.
Але колькі ён ні думаў, як ні круціў галавою — от хоць ты што, нічога не прыдумае. Сл. п., Бох. (А. Сержп., КАБСП). Круці галавою, каб не дастаць пятою. Навагр. п. (М. Фед., ЛБ, ІV). Так лёгка жыцця свайго не пражывеш. Ці раз трэба пакруціць галавой. Баран. р., Гарадз. Той — ці чуеш! Умее круціць галавою, з ім не справішся, ён не захоча з сабою браць нікога з вас. Пух. р., пас. Я. Куп. Кручу галавою і я, а што з таго круцення? Тамсама. Бывала, калі ўжо ніхто не зробіць, то бягуць. Ён пакруціць галавою ды калі нічога не зробіць, дык ужо ніхто не парадзіць. Сл. п., Чудз. (А. Сержп., КАБСП). Папаўся, то пакруціў галавою, дзесятаму закажа не брацца за спекуляцыю. Гл. р., Дубр. Круці яшчэ мазгамі. Слон. п. (М. Фед., ЛБ, ІV).
Параўн. (у руск.): шевелить (прикидывать) мозгами.
КРЫВОЕ КОЛА. З адцен. асудж., пагардл. Праціўны, упарты, які сваімі ўчынкамі, паводзінамі ганьбіць, пляміць сам сябе, робіць супраць сябе. Можна меркаваць, што “крывое кола” — “усечанае”, скарочанае выслоўе “Крывое кола на сябе бруд (балота) кідае”. (БППФ).
Бацька такі быў, і ён такое крывое кола: на каго злуе, а сабе блага робіць. Мін. р., Дзехн. Вечна ты дзярэшся няма за што, усё напроці каму, а яно ўсё на цябе. Не будзь такое крывое кола. Лаг., аўтавакзал.
КРЫЖАВАЯ ДАРОГА (крыжавыя дарогі). Ростані (на ростанях).
Выйшлі яны ў поле, дзе крыжавая дарога. Рагач. п. (Е. Рам., БС, ІV). А! Там, дзе крыжавыя дарогі… Узда.
КРЫЛОМ (крылейкам, крылечкам) АХІНУЦЬ (атуліць). З адцен. пяшчотл. Прытуліць, сагрэць пяшчотаю, ласкаю.
Хадзі, мая лябёдачка [да маленькай дачушкі], мая ты ле*бедка, змерзла, е*стачкі нахацелася!.. Хадзі ж хуценька, я цябе крылечкам ахіну. Гл. р., Кл. Што табе даць? Хоць чаго? Накармлю і крылейкам атулю. Тамсама.
КРЫЧМА КРЫЧАЦЬ. Вельмі моцна і несціхана крычаць.
Усенькую ноч крычма крычала. Мо' і на хвілінку не сунімалася. Малад. р., Радашк. Біліся, біліся, а потым чалавек упаў на зямлю і давай крычма крычаць. Ваўк. п., з-пад Шыл. (М. Фед., ЛБ, ІІ, І). Як пана чэрці галілі, то пан крычма крычаў. Слон. п., з-пад Моўч. (М. Фед., ЛБ, ІІІ. 2).
КРЭПКАЯ ГАЛАВА. Гл. МОЦНАЯ (крэпкая) ГАЛАВА.
КУДЫ ВІДА (від). Хто куды, у розныя бакі (бегчы, уцякаць, разбягацца і г. д.).
Паперліся куды віда. Сл. р., Трухан. Як застралялі, дык мы куды віда. Тамсама. З тых пор раі* сталі ўцякаць куды від. Рэч. п. (Ч. Пятк., КДПР). А... паны... бягуць куды від. Тамсама. Мы паўцякалі куды віда. Уздз. р., Цепл. (Хрэстам.).
Параўн. (у руск.): кто куда.
КУДЫ (дзе) ВОЧЫ ГЛЯДЗЯЦЬ (нясуць). КУДЫ (дзе) НОГІ НЯСУЦЬ. КУДЫ НОГІ ПАНЯСУЦЬ. Не выбіраючы шляху, дарогі, куды папала; без мэты.
Лепш я іх пражану [праганю], няхай ідуць, куды іх вочы панясуць. Ваўк. п., з-пад Шыл. (М. Фед., ЛБ, ІІІ, 2). Пайшоў, дзе вочы панеслі. Тамсама (М. Фед., ЛБ, ІV). Ідзі туды, куды цябе будуць вочы несці. Клім. п. (Е. Рам., БС, ІV). Сваю хату прадалі і ішлі туды, куды будуць вочы несці. Тамсама. Забрала яна свой клуначак, выйшла на бераг дый пайшла куды вочы глядзяць. Сл. п., Вял. Рож. (А. Сержп., КАБСП). Убачылі людзі, спалохаліся ды наўцекача*. Пабеглі ўсе куды вочы глядзяць. Сл. п., Вял. Рож. (А. Сержп., СРБП). Пайду, дзе мяне вочы панясуць. Ваўк. п., з-пад Шыл. (М. Фед., ЛБ, ІV). Пайшоў, дзе вочы панеслі. Тамсама. Як стрэляць, дык бегчыме куды ногі панясуць. Гл. р., Хал. Тава*рына, мой ты браце, і тая ўсякая бывае. Адно грызе і грызе, з чарады не выйдзе, дзень пасеш — што і на вочы не нойдзе. А другое, халера такая, наставіць рогі і ідзе куды ногі нясуць. Ногі адаб'еш за дзень. Гл. р., Баян. Яны ўцякаюць куды ногі нясуць. Сл. п., Чудз. (А. Сержп., СРБП).
КУДЫ НОГІ ПАНЯСУЦЬ. Гл. КУДЫ (дзе) ВОЧЫ ПАНЯСУЦЬ.
КУЛАКОМ (уцірацца) УЦЕРЦІСЯ. Гл. УЦІРАЦЦА КУЛАКОМ.
КУРНУ (курню) ВЕСЦІ (завесці). Гл. ВЕСЦІ КУРНУ (курню).
КУРЭЦ АД ЛАПЦЯ. З адцен. іран. ці жартаўл. Вельмі малы.
Злавіце таго курца ад лапця. Мсц. А дзе ваш курэц ад лапця? Тамсама.
КУСАЦЬ (сябе) ЗА ЛОКАЦЬ (локці). Гл. ЗА ЛОКАЦЬ (локці) (сябе) КУСАЦЬ (грызці).
КУСОК ХЛЕБА. Гл. КАВАЛАК (кусок) ХЛЕБА.
Цэтлікі: слоўнік, фразеалагізм, фразеалогія
Ответить