A A

Карп А. А. МАСТАЦКАЯ ІНТЭРПРЭТАЦЫЯ ТЭМЫ РАДЗІМЫ Ў ПАЭЗІІ В. СТРЫЖАКА І А. СЫСА

Суб, 20 жніўня 2011

Беларуская літаратура

(Сборник работ 66-й научной конфкренции  студентов и аспирантов Белорусского государственного университета 18 – 21 мая 2009 г. – Ч. 3. —С. 217 – 221)

Пісаць пра Радзіму няпроста, таму што вельмі складана быць арыгінальным у гэтай тэме. «Першы ў сваёй літаратурнай працы выступае зь беларускім нацыянальным ідэалам – ужо сьвядома нацыянальным – Мацей Бурачок (Францішак Багушэвіч)», «…ён першы абвяшчае самацэннасьць нацыянальнасьці і мовы беларускай» [6, 86; 88]. Пасля лепшымі пісьменнікамі ХХ ст. адраджалася і ўмацоўвалася традыцыя, здаралася часам паўтарацца, вяртацца да ўжо некалі пройдзенага. Між тым мноства вершаў пра Радзіму было напісана па інерцыі. Такая збаналізаваная, «інерцыйная» паэзія сёння выклікае раздражненне ці іронію:

Я здраджваў Радзіме – таемнаму Дзіму.

Здрадзіміў! Здрадзімшчык! Усе радыя Дзіму

І радыёміця,

І радыёколя…

(А. Бахарэвіч «Здраднікі»)

Тэма Радзімы, аднак, не траціць сваёй актуальнасці, бо нельга сапраўднаму творцу адвярнуцца ад праблем часу і адарвацца ад сваіх каранёў. Для В.Стрыжака і А.Сыса яна была наканавана часам і абумоўлена ўласным светапоглядам.

А.Сыс ( слайд 2) быў пакліканы нацыянальным адраджэннем. Пра яго кнігу «Пан Лес» яшчэ да выхаду гаварылі як пра праграмную для кожнага беларуса. «Паэтам можаш ты не быць, а беларусам абавязаны», – так перафразаваў А.Сыс знакамітыя някрасаўскія радкі. Яго прастора мастакоўскай здзейсненасці атаясамлівалася ні больш ні менш як з полем бою [9, 24]. А.Сыс гатовы прыняць смерць дзеля Радзімы. «…жажда заведомого “обречения” может быть обусловлена только психологической потребностью – никак не объективными инте-ресами дела», – пісала ў свой час Л.Гінзбург [3, 138]. Справа сапраўды ў характары, але немалую ролю адыграў і рамантызм, уласцівы творчасці новых адраджэнцаў. Гатоўнасць ахвяраваць сабою дэклараваў нават сенняшні прагматык А.Глобус: «Божа, забяры маё жыццё, /Выратуй знямелую Айчыну…». Сумненні і хістанні могуць быць у асабістым жыцці, але не ў служэнні Радзіме. Радзіма – цэнтр светабудовы, непарушны арыенцір для А.Сыса.

Паэт-трыбун, ён не проста выйшаў да Айчыны, ён гатовы быў весці за сабой. Яго вершы і з’яўляліся як вынік гэтай гатоўнасці.

В.Стрыжак ( слайд 3 ) фіксуе непасрэдна і сам шлях да Беларусі, няпросты і пакручасты:

Іду адзін,

Як лішні,

Як нічыйны,

Па самым краі

Восеньскай журбы…

Чаму люблю цябе,

Айчына,

Зусім не так,

Як некалі любіў?

В.Стрыжак «Айчыне»)

В.Стрыжак і А.Сыс былі пастаўлены ў розныя ўмовы. Сыс, сын вясковай настаўніцы, вучыўся ў беларускамоўнай школе. В.Стрыжак ужо ў дзесятым класе меў праблемы праз сваю прынцыповую беларускамоўнасць. Розніца ў 5 гадоў, паводле выразу С.Дубаўца, прыпала на розніцу эпох [5; 37].

«Паэт, выкінуты з лона айчыннай Прыроды чарговай хваляй беларускага Адраджэння», «дзіця нацыянальнай беларускай ідэі», – так называў А.Сыса Л.Галубовіч [2, 22]. А.Сыс трапіў у вір нацыянальнага Адраджэння, у асяроддзе людзей, якія вызнавалі тую самую ідэю беларушчыны, што і ён. «Літаратура – гэта Бацькаўшчына», – абвяшчаў «Маніфест» таварыства «Тутэйшыя» [1, 18].

В.Стрыжаку не пашанцавала: у час уздыму ў сталіцы нацыянальнага руху ён знаходзіўся ў правінцыі. А.Сыс проста не мог не дайсці да Беларусі, сам час клікаў. Сямідзесятнікам было складаней, ім надаралася і заблукаць. Таму вышэй працытаваны верш В.Стрыжака можа гучаць як дакор тым, хто збочыў, здрадзіў беларушчыне і, распачаўшы шлях адначасова з паэтам, не здолеў дайсці да мэты.

Прыярытэтамі для В.Стрыжака і А.Сыса былі мова, гісторыя і традыцыя, заснаваная паэтамі-папярэднікамі. Абодва звярталіся да знакавых у нашай літаратуры імёнаў, абодва выбіралі сваімі настаўнікамі класікаў, абодва не саромеліся, наадварот, усяляк падкрэслівалі сваё вясковае паходжанне.

Абодва балюча ўспрымалі панаванне чужой мовы і прыніжэнне роднай. Адзін з вершаў В.Стрыжака на гэтую тэму носіць выразную назву «Боль».

А.Сыс наогул вывеў святое для кожнага беларуса трыадзінства «маці – мова – вечнасць». «Маці» ў кантэксце паэзіі А.Сыса слова полісемічнае, пад якім разумеецца і маці, і зямля, і радзіма. Нацыя моцная сваімі каранямі – такую думку сцвярджае паэт.

Сугучныя па сваёй ідэі вершы В.Стрыжака «Даннік» і А.Сыса «Вячэра перад Купаллем» (слайд 4). У вершы «Даннік» В. Стрыжак гаворыць пра немагчымасць жыць без гістарычнай памяці. За сцісласцю і адсутнасцю кідкіх тропаў хаваецца багатая інфармацыйнасць. Вобраз гусляра адсылае да Купалы, дзіды і кісцяні – напамін пра слынныя старонкі гісторыі, імя Паўлюка Багрыма – згадка пра лёс нашага краснага пісьменства.

У вершы А.Сыса «Вячэра перад Купаллем» паўстаюць як жывыя цені Кастуся Каліноўскага і Алаізы Пашкевіч. Лірычнаму герою А.Сыса ўтульней разам з імі, змагарамі, паэтамі і такімі самымі, як і ён, самотнікмі. Асоб, якія сталі нацыянальным гонарам Беларусі, паэт называе проста Пашкевічанка і Кастусь. Гэта не значыць, што паэт адносіцца да іх з недастатковай пашанай, проста ён адчувае, што яго імя будзе ўпісана ў тую ж парадыгму. Натхнёныя гераічнымі постацямі мінулага, паэты прагнуць волі для сваёй Айчыны. У Стрыжаковых радках «Ты распрам, Беларусь,/ Ты распрам,/ За гады / Прыгарбелыя плечы…/ Дай званы/ Ты сваім званарам,/ І пакліч нас/ На веча, на веча,/ На веча…» – нагадваюць пра Купалаў Вялікі сход па Бацькаўшчыну.

А. Сыс у сваёй змагарнай лірыцы нешматслоўны, але пераканаўчы:

…І мяне натхняе воля,

быццам птушку вецер з поля,

а без ветру ёй не жыць

і над полем не кружыць.

А цябе натхняе зброя.

«Зброя, – кажаш, – гэта воля!

А без волі нам не жыць

і Радзіме не служыць».

(А.Сыс «І мяне натхняе воля…»)

Немудрагелістыя дзеяслоўныя рыфмы, чатырохстопны харэй ствараюць маршавы рытм, а сінтаксічны паралелізм і паўтор ключавога слова «воля» акцэнтуюць думку.

І В.Стрыжак, і А.Сыс не могуць трываць абыякавасці да лёсу Беларусі, занядбання нацыянальнай памяці і традыцыі. Акрамя названых, В.Стрыжака хвалюе таксама праблема Чарнобыля. Прысвечаны гэтай тэме верш «Дзе?» ( слайд 5 )напісаны харэем, які традыцыйна ўспрымаецца як «вясёлы» метр. Гумілёў піша, што «хорей, поднимающийся, окрылённый, всегда взволнован и то растроган, то счастлив; его область – пение»[4, 72]. Сапраўды, выклічнікі «гэй» у першай страфе, абраны метр ствараюць уражанне прыўзнятасці, песеннай весялосці. Але ўжо ў другой страфе, пачынаючы з радка «пазіраю на крыжы», які не адпавядае агульнаму рытмічнаму малюнку, тэмп запавольваецца. Спрыяюць гэтаму і шматкроп’і. Харэічны метр, што нібы не стасуецца з сур’ёзнай тэмай, выяўляе іронію аўтара, яго раздражненне легкадумнымі адносінамі да Чарнобыльскай катастрофы. Паэт пісаў пра трагедыю не з чужых словаў. Жыхароў яго роднай вёскі Заспа выселілі ў Ветку, якая таксама трапіла ў зону радыяцыі. Веткаўцам не дапамагалі, не падтрымлівалі, таму В.Стрыжаку давялося стаць удзельнікам і арганізатарам дэлегацый у Мінск з мэтай абараніць правы чарнобыльцаў ( слайд 6).

«Паэт не мае права быць паэтам/ цнатлівае і чыстае красы,/ калі ў Айчыне загніваюць рэкі,/ і засыхаюць на вачах лясы». В.Стрыжак і А.Сыс сваю любоў і боль за Радзіму сцвярджалі не толькі паэзіяй, але і жыццёвай пазіцыяй (слайд 7). Абодва паэты служэнне Радзіме ўспрымалі як натуральны свой абавязак. У вершы «Пошук» (слайд В. Стрыжака радкі «Знайсці Радзімы дзеля,/ Знайсці і ёй аддаць» у канчатковым варыянце сталі гучаць: «Знайсці Радзімы дзеля,/ Каб зноўку ёй аддаць». Паэт зняў паўторы «знайсці» і ўвёў сінанімічныя словы «дзеля», «каб», закцэнтаваўшы ўвагу не столькі на дзеянні, колькі на мэце – жыць для Беларусі.

А.Сыс не мог уявіць сябе без Радзімы, таму так гіпертрафіравана ўспрымаў яе боль. А.Сысу ўласціва трагічнае светаадчуванне. Усе праблемы Беларусі праз павелічальнае шкло яго паэзіі паўстаюць выпукла і фантасмагарычна жахліва. Ён мог уявіць Апакаліпсіс, які пачынаецца з Беларусі. У сваёй любові да краіны А.Сыс мог быць праўдзівым бязлітасна.

Найбольш шакіраваў чытачоў верш А.Сыса «Беларусь мая, мая магіла…» Здавалася, так пра краіну мог казаць толькі А.Сыс. Аднак яшчэ раней быў напісаны верш В.Стрыжака з аналагічным вобразам.

В.Стрыжак, як і многія яго папярэднікі, выкарыстоўвае метафарычны архетып Радзіма – жанчына, але не блытае пачуццё да Радзімы з пачуццём да каханай. У А.Сыса Радзіма тоесна каханай, больш за тое, вобраз Радзімы перажывае пэўную трансфармацыю: ад абагаўлення (маці Радзіма) і атаясамлення з каханкай («Зачнем, Айчына, сына ў чыстым полі…») да вобразу нявернай жонкі.

Вартасць паэзіі вымяраецца праўдзівасцю пачуця. Беларусь – боль Сыса, а Сыс – боль Беларусі. Для В.Стрыжака тэма радзімы не менш балючая. Якраз на мяжы любові і болю нараджаецца арыгінальная, шчырая і шчымліва-пранізлівая паэзія.

Літаратура

1.  Бязлепкіна А. Разам і паасобку: Таварыства «Тутэйшыя»: Гісторыя, асобы, жанры. Мн., 2003.

2.  Галубовіч Л. Пан Лёс.// Крыніца. 2001. № 6 (66). С. 22 – 24.

3.  Гинзбург Л. О лирике. Л., 1964.

4.  Гумилёв Н. Письма о русской поэзии. М., 1990.

5.  Дубавец С. Вершы. – Мн., 2007.

6.  Луцкевіч А. Выбраныя творы: праблемы культуры, літаратуры і мастацтва. Мн., 2006.

7.  Стрыжак В. Рэха журбы:Вершы. – Мн., 1994.

8.  Сыс А. Лён : выбраныя творы.Мн., 2006.

9.  Шынкарэнка В. «Светлы мой, бялюткі ты мой хлопчык…»// Крыніца. 2001. №6 (66). С. 25 – 30.

Цэтлікі: , ,

Ответить

  Проверка PR и ТИЦ
Нашы сябры:
Казкі беларускія!