A A

Грыб В. А. УТВАРЭННЕ НАЗВАЎ КОЛЕРААБАЗНАЧЭННЯЎ

Суб, 20 жніўня 2011

Беларуская мова

(Сборник работ 66-й научной конфкренции  студентов и аспирантов Белорусского государственного университета 18 – 21 мая 2009 г. – Ч. 3. -  С. 198 -  201)

Патрэба абазначаць колеры ўзнікла ў нашых продкаў вельмі даўно. Пра гэта сведчыць наяўнасць вялікай групы каляровых абазначэнняў, якая шырока выкарыстоўвалася ў старабеларускай мове.

Існуе пэўны набор слоў, якія з самага пачатку абазначалі каляровую якасць – гэта першасныя колераабазначэнні (напрыклад, жоўты, зялёны і іншыя). Аднак паступова гэтая невялікая колькасць каляровых найменняў перастала адпавядаць усім патрэбам жыцця. У чалавека з’явілася неабходнасць абазначаць большую колькасць колераў, у прыватнасці, не толькі чыстыя, але і змешаныя, іх адценні і г. д. Усё гэта прывяло да таго, што ў мове ўзнік цэлы пласт другасных, вытворных колераабазначэнняў, што ўтвараліся або ад першасных каляровых найменняў з дапамогай разнастайных словаўтваральных сродкаў – суфіксаў, прыставак і г. д. (напрыклад,
нечерный, жолтавый), або на аснове семантычнага пераносу (напрыклад, бураковый, гранатовый).

Найбольшую ў колькасных адносінах групу складаюць вытворныя каляровыя найменні, утвораныя другім шляхам. Назвы колераў, заснаваныя на семантычным пераносе – гэта такія найменні, што абазначаюць каляровую якасць апасродкавана, г. зн. пры дапамозе назвы прадмета, якому ўласцівы дадзены колер (напрыклад, попелятый – колеру попелу). Дадзеныя колераабазначэнні ўтвараюцца ад разнастайных прадметаў арганічнай і неарганічнай прыроды: назваў кветак, траў, ягад, садавіны і гародніны, мінералаў, металаў, каштоўных камянёў, назваў фарбаў, з’яў прыроды і г. д. Найбольшая колькасць назваў колераў у старабеларускай мове паходзіць ад назваў раслін, напрыклад: помаранчовый, бураковый, гвоздиковый, маковый і г. д. Крыху меншая – ад назваў жывых істот: мышастый, лисоватый (лысоватый). Інтэнсіўным з’яўляецца і адваротны працэс: вялікая колькасць жывых істот атрымала сваё найменне ад назваў колераў – бяляк, русак, сініца і інш.

Колераабазначэнні, утвораныя шляхам семантычнага пераносу, ужываюцца або ў форме прыметніка, або ў форме назоўніка. Паколькі колер – прымета прадмета, то невыпадкова, што большая частка каляро-вых найменняў існуе ў форме прыметніка. Аднак сустракаюцца адзінкавыя выпадкі выкарыстання каляровага наймення і ў форме назоўніка: лазоръ, бюрюза, а таксама колераабазначэнні ливанъ, ливанонъ, якія абазначаюць белы колер і паходзяць ад назвы Ліванскіх гор, белых з-за вялікай колькасці мелу.

Вытворныя колераабазначэнні, утвораныя спосабам семантычнага пераносу, што існуюць у форме прыметніка, падзяляюцца на дзве нераўназначныя ў колькасных адносінах групы. Першую і самую нешматлікую групу складаюць назвы колераў, утвораныя спосабам асноваскладання. Словаўтваральная актыўнасць дадзенай групы невялікая: у ГСБМ зафіксаваны толькі адзінкавы прыклад ужывання колераабазначэння, утворанага такім шляхам (златоцветный).

Другую і найбольш распаўсюджаную групу складаюць назвы колераў, утвораныя суфіксальным спосабам. Словаўтваральныя магчымасці дадзенай групы неабмежаваныя. Найбольш рэгулярным словаўтваральным тыпам тут з’яўляецца ўтварэнне ад асноў назоўнікаў са значэннем ‘назва кветкі, ягады, садавіны і гародніны, мінералу, металу, каштоўнага камення, фарбы, з’явы прыроды’ і г. д. адносных прыметнікаў са значэннем ‘такога колеру’ пры дапамозе наступных суфіксаў: -ов – (гранатовый, кароловый, гоздиковый, акинтовый, фиялковый, бурштыновый, лазуровый, барвовый);
-ав – (кровавый); -ист- (воднистый); -оват – (лисоватый); -ян – (барвяный);
-енн – (огненный).

Семантыка дадзеных суфіксаў неаднолькавая. Так, адны з іх указваюць на інтэнсіўнасць колеру: -ов- , (-ав-), – ян- , – енн- . Іншымі ж суфіксамі, такімі як -ист- і – оват- , абазначаюцца адценні колераў. Вялікай прадуктыўнасцю вызначаўся апошні суфікс, з дапамогай якога ўтвараліся колеры, што абазначалі адценні масцей жывёл. У помніках 16–17 стст. зафіксаваны шэраг такіх прыкладаў: горчицоватый, каштановатый, морозоватый і інш.

Колераабазначэнні, утвораныя шляхам семантычнага пераносу, звычайна выражаюцца формай прыметніка (вішнёвы), але існуе і іншы спосаб перадачы каляровай якасці, а менавіта праз спалучэнне слова колер з назоўнікам / словазлучэннем (колер насычанай вішні). Багаццем прыкладаў такога кшталту вызначалася руская мова 18–19 стст., дзе такая мадэль утварэння каляровых найменняў узнікла дзякуючы перакладам адпаведных французкіх колераабазаначэнняў. У выніку ў рускай мове з’явіліся такія назвы колераў, як цвет опаловая безнадёжность, цвет гусиного помёта, коровьего хвоста, парижской грязи, ланьего чрева (телесно-розовый), са-пожных отворотов, цвет испуганной мыши (нежно-серый), влюблённой жабы (зеленовато-серый), цвет мечтательной блохи и паука,
размыш-ляющего о преступлении, цвет брюшка блохи в приступе молочной лихо-радки, цвет потупленных глаз, цвет новоприбывших особ
[2, с.31–32].

Што датычыць старабеларускай мовы, то патэнцыяльна яна таксама магла мець падобныя каляровыя найменні, але помнікі, што дайшлі да нас, характарызуюцца больш прыземленымі кантэкстамі. Тым не менш, адзінкавыя прыклады зафіксаваны, напрыклад сукно колеру новозеленой земли [1, вып. 21, с.26].

Колераабазначэнні, утвораныя на падставе семантычнага пераносу, складаюць самую вялікую групу, магчымасці папаўнення якой новымі назвамі неабмежаваныя. Іншую групу вытворных каляровых найменняў складаюць другасныя лексемы колераабазначэння, што паходзяць ад першасных, невытворных колераў. Такія каляровыя абазначэнні ўтвараліся або марфалагічным спосабам, або спосабам складання, прычым у першым вылучаюць прыставачнае ўтварэнне,
суфіксальнае, прыставачна-суфіксальнае, а ў другім адрозніваюць асноваскладанне
і складана-прэфіксальны спосаб утварэння.

Словаўтваральная магчымасць групы лексікі, утворанай прыставачным спосабам, невялікая. Найбольш рэгулярным словаўтваральным тыпам тут з’яўляецца ўтварэнне ад асноў прыметнікаў пры дапамозе прыстаўкі не- каляровых найменняў з супрацьлеглым значэннем: нечерный, несветлый.

Колераабазначэнняў, утвораных суфіксальным спосабам, у ГСБМ няшмат. Тым не менш іх можна раскласці на дзве невялікія групы: адну з іх складаюць каляровыя найменні, утвораныя пры дапамозе суфікса са значэннем непаўнаты якасці, другую – пры дапамозе суфіксаў вышэйшай ступені параўнання. Значэнне непаўнаты якасці выражаецца суфіксам -ав- . У ГСБМ зафіксаваны адзінкавыя выпадкі ўжывання колеру ў такім значэнні: жолтавый. Як і большасць іншых якасных прыметнікаў, каляровыя найменні маглі ўтвараць ступені параўнання. Найбольш распаўсюджанай у старабеларускіх помніках пісьменнасці была простая вышэйшая ступень параўнання, што ўтваралася пры дапамозе суфіксаў -ейш – і -ш- , якія далучаліся да асноў першасных колераабазначэнняў: белший, жолчейший і інш.

Словатворчасць групы лексікі, утворанай прыставачна-суфіксальным спосабам, нешматлікая. Найбольш рэгулярным словаўтваральным тыпам тут з’яўляецца адначасовае далучэнне да асноў невытворных колераў прыстаўкі з – і суфікса – л-: збелелый і зчорнелый. Вялікая група лексікі, якой абазначаліся вытворныя каляровыя найменні, утворана спосабам складання. У помніках старабеларускай пісьменнасці шырока прадстаўлены дзве яго разнавіднасці: спосаб асноваскладання і складана-прэфіксальны спосаб.

Шляхам складання дзвюх асноў пры дапамозе злучальнай галоснай [о] утварыліся такія колераабазначэнні, як зеленофарбованый, новозеленый, жолтокгоронцый і інш. Спосаб асноваскладання вызначаўся вялікай прадуктыўнасцю і пры ўтварэнні назваў самых разнастайных масцей жывёл: белозорый, белогрывый, белокопытый, белоногий, белогубый, белопафый – ‘з белымі плямамі на баках’ і інш.

У 16–17 стст. шырока ўжывальнымі былі каляровыя найменні, утвораныя складана-прэфіксальным спосабам. Колераабазначэнні такога тыпу ўтвараліся па пэўнай мадэлі: першай асновай абазначаўся галоўны колер, другой – адценне (зворонасерый – вараны з шэрым адценнем). Прыметнікаў-колераабазначэнняў, што ўваходзяць у дадзеную групу, цэлы шэраг: зрыжачалый, зрыжарябый, зрыжатемный, зрыжастрокатый, зрыжеплеснивый, зворонасерый, зворонакарый, зворонастрокатый, зворонаплеснивый, зворонамышастый, згнедачалый, згнедаплеснивый, згнедакрасный, збураподласый, збурагнедый, зчорнастрокатый, змышататисовый.

У сучаснай мове колеры, утвораныя складана-прэфіксальным спосабам, не захаваліся, затое даволі распаўсюджанымі з’яўляюцца такія моўныя ўтварэнні, што паходзяць з гэтай канструкцыі, як зялёны з жоўтым, шэры з блакітным і інш. Што датычыць рускай мовы, то тут моўныя традыцыі аказаліся больш трывалымі, а таму сёння мы маем каляровыя найменні, што ўзыходзяць да старажытнасці – гэта канструкцыі з прыслоўямі тыпу изжелта (першапачаткова – спалучэнне прыназоўніка из з родным склонам прыметніка): изжелта-бурый, исчерна-лиловый, иссиня-черный і інш.

Праведзены аналіз утварэння назваў каляровых абазначэнняў дазваляе зрабіць выснову аб тым, што спосабы ўтварэння каляровых найменняў з’яўляліся тымі ж, што і сёння, але рэестр слоў быў багацейшы. Тагачасным людзям было вельмі істотна адрозніваць вялікую колькасць каляровых адценняў пад час заключэння дамоў аб куплі – продажы жывёл, вырашэння судовых спраў, дзе колер выступаў асноўнай адрознівальнай рысай. Многія каляровыя абазначэнні сёння выйшлі з ужытку або захаваліся толькі ў мясцовых гаворках.

Літаратура

1.  Гістарычны слоўнік беларускай мовы. Вып. 1 – 26.

2.  Грановская Л. М. Наименования цвета в русском языке XVIII – XIX вв. // Русская речь.1969. №1. С. 30–33.

Цэтлікі: ,

Ответить

  Проверка PR и ТИЦ
Нашы сябры:
Казкі беларускія!