A A

А. Жлутка. ПАН, ГОСПАД, СПАДАР?.

Няд, 20 лютага 2011

Беларуская мова

Як вядома, амаль ва ўсіх еўрапейскіх мовах зварот да Бога і ветлівы зварот да чалавека – ідэнтычныя і адрозніваюцца часам толькі напісаннем (з вялікай ці з малой літары). Напрыклад, грэц. ??????-?????? (да Бога) – (да чалавека), лац. Dominus – dominus, італ. Signore – signore, ням. Herr – Herr, рус. Господь – господин. І ў гэтым глыбокі сэнс: Боскі пачатак у чалавеку, абагаўленне чалавечае натуры з прыходам у свет Збаўцы.

Зварот Пан – пан, у якім увасобленая ў беларускай мове гэтая повязь зямнога і нябеснага і стае прадметам гісторыка-філалагічнага даследавання аўтара.

Гэтыя словы знайшлі больш альбо менш шырокі ўжытак у беларускіх рэлігійных тэкстах і літургіі хрысціянаў лацінскага (заходняга альбо каталіцкага) і грэцкага (усходняга альбо праваслаўнага) абрадаў, а таксама уніятаў (грэка-каталікоў) і пратэстантаў.

Ці павінны ўсе канфесіі карыстацца нейкім адным з названых азначэнняў Бога, ці кожная сваім асобным? І тады якое з іх найбольш прыймальнае да патрэбаў беларускага каталіцкага касцёла?

Адказваючы на першае пытанне, давядзецца звярнуцца да больш агульных разважанняў. Часам можна пачуць такія меркаванні: «Навошта нам розныя тэрміны, калі можна абыйсціся адным? Бог адзін для ўсіх!» Сапраўды, Бог адзін, аднак шляхі да яго розныя. І, магчыма, паспаліты чалавек даходзіць да лучнасці з Абсалютам толькі стаўшы на адзін з гэтых шляхоў, уключыўшыся ў адну з пэўных рэлігійных традыцыяў. У хрысціянстве гэта – каталіцкая, праваслаўная, уніяцкая альбо пратэстанцкая традыцыі. Адзінае для ўсіх хрысціянаў абраднасці пакуль што не існуе, таму, імкнучыся да духовага ўдасканалення праз Хрыста, мы мусім далучацца да аднаго з існуючых веравызнанняў. Ісці ж адразу некалькімі шляхамі адначасова, баюся, для звычайных смяротных проста немагчыма; гэтак жа як непрыймальна раз-пораз мяняць канфесію.

Паўзіраўшыся больш пільна на два найстаражытнейшыя на Беларусі абрады: лацінскі і грэцкі, мы заўважым, што гістарычна яны розняцца не толькі зваротамі да Бога: «Пан» і «Госпад» (раней паўсюль «Гасподзь»), аднак і іншымі тэрмінамі, якія ў сваю чаргу адллюстроўваюць больш глыбокую ўнутраную рознасць абраднасці і, нават, ментальнасці: касцёл і царква, кляштар і манастыр, ксёндз і пом, слуга і раб, аплатка і прасвірка ды інш. Ці пагадзіліся б вернікі абедзвюх канфесіяў адмовіцца ад гэтых традыцыйных назваў? Ці не прывядзе гэта не толькі да збяднення нашага слоўніка, але, што больш небяспечна, да гвалту над спрадвечнымі хрысціянскімі традыцыямі?

Разважаючы ж над тым, што больш прыймальнае для вернікаў-каталікоў: «Пан», «Госпад» ці «Спадар», на маю думку, адразу ж давядзецца адмовіцца ад апошняга тэрміна, які не мае больш-менш даўняе традыцыі і сустракаецца ў літаратуры як зварот да Бога не раней 30-х гадоў нашага стагоддзя. Слова «Госпад» (Гасподзь), пашыранае ў тэкстах, звязаных з усходнім абрадам, альбо арыентаваных на яго (як у катэхізме, выдадзеным для навучання праваслаўнае моладзі айцамі езуітамі [1, 2]. Ягоная этымалогія тлумачыцца навукоўцамі такім чынам: «Прасл. *gospodь уяўляе сабою злучэнне дзвюх імянных асноваў, адна з якіх мае працяг ў прасл. *gostь... Паводле найважнейшых асаблівасцяў, этымалогіі і значэння слав. *gospodь мае блізкі адпаведнік у лац. hospes<*ghost-pot-s – зверхнік гасцей гаспадар... Другі кампанент складанага слова *gospodь можа мець адпаведнік у і. -э. *dem (s) -pot – «галава сям’і» (пар. грэц. ???-?????) [3, с. 61; 4, с. 105-113].

У жывой беларускай мове «Госпад» (Гасподзь) стаіць ізалявана і ўжываецца толькі адносна Бога. Таму ёсць падставы лічыць яго запазычаннем са стараславянскае. Больш прадуктыўнымі сталіся праславянскія «гаспадар» і «гаспадыня», ад якіх маем вытворныя «гаспадароў, гаспадарок, гаспадарыць, гаспадарыцца, гаспадарка, гаспадараваць, гаспадарскі, гаспадарства, гаспадынін, гаспадынічыць, гаспадынька, гаспадыньскі». Няма вытворных ад «гаспода» [5, с. 120]. Слова «гаспадар», даволі пашыранае ў тэкстах і ў вуснай мове, ніколі аднак не выкарыстоўвалася ў стасунку да Бога. Яно і азначэнне «пан» падмянілі з часам таксама непрадуктыўнае кніжнае «господин», якое пачало ў нас знікаць даволі рана (прынамсі з канца ХІІІ – у XIV ст.). У польскай мове, калі верыць А. Брукнеру, такая замена адбылася толькі ў XV ст. [6, с. 393].

Зварот «Пан», у адрозненне ад «Госпад», у нашай мове мае большы семантычны абсяг і азначае: 1. Гаспадар, зверхнік: (Жыцце Аляксея, спіс XV ст.) «...до пана своего пришол, рекучи...» [7, с. 96]; 2. Як зварот да ўрадаўца, дастойніка, кіраўніка, уладара, у т. л. і найвышэйшага (напр., караля): «Наданне князем Вітаўтам Манівіду вёскі Гераноны 17.09.1396) «...даем боярину нашему пану Монивиду...» [8, с. 44]; (Прывілей Вітаўта жыдам, якія жывуць у Вялікім княстве Літоўскім 1.07.1388) «Умыслили есмо с паны радми нашими...» [8, с. 175]; (Баркулабаўская хроніка за 1588 г.) «...кроля, пана нашего...» [9, с. 202]; 3. Усялякі высакародны чалавек: «Лісты Філона Кміты-Чарнабыльскага XVI ст.) «панове мои милостивые...» [7, с. 153]; 4. Ветлівы зварот да другое асобы: «Ці пан чуеш, што ён кажэць?» [5, с. 392]; (Аповесць аб Трышчане, спіс XVI ст.) «Пане, для Бога не пи того...» [7, с. 174]; 5. Зварот да Бога: «...спраціўляўся з Панам Богам...» [10, с. 144].

Шырэйшы дыяпазон значэнняў, у параўнанні з «Дзева», «Дзявіца», мае і слова «Панна», якое стасуецца да Багародзіцы. Яно, маючы значэнні «дзявоцтва, дзявочае цноты» і «дзявочага маладога веку» ў асобы-носьбіта гэтых якасцяў, суадносіцца таксама са значэннямі, уласцівымі для «Пана».

Слова «Пан», творачы слоўнае гняздо, у якое апрача яго ўваходзяць «панна», паніч, пані і паня, панства, паня (род. скл. паняці – дзіця пана). панества» (ужыв. Скарынам ў сэнсе «дзявочыя цноты»), групуе вакол сябе шэраг вытворных: «паненка, паненскі, пані-матка, панніца, панічанскі, панічанька, панічка, панічкін, панічоўскі, панічоў, панічок, панічскі, панічуга, панкоў, панначка, панначкін, панаванне, панаў, паночак, панскі, панстваванне, панстваваць, паншчызна, паня, паня-старая, панятка, апанаванне, апанаваць, апаноўваць, васпанін, васпанна, васпанічка, васпаннін, васпанначка, васпанаў, васпаночак, васпан, васпаня ды інш. [5, с. 391-392]. У гэтым пераліку звяртае на сябе ўвагу архаічная альбо архаізаваная (па тыпу «дзіця, дзіцяці») форма «паня».

Этымалогія слова адназначна не вытлумачаная. Вядомы расійскі філолаг А. М. Трубачоў лічыць яго скітасармацкім (іранскім) запазычаннем: «...праслав. дыял. *gъpaъ з ір. *gu-pana/*gau-pana «пастух, ахоўнік быкоў» адзіна магчымая этымалогія польскай і чэска-славацкай назвы гаспадара», – піша ён. І мяркуе, што «...распаўсюджанне (гэтага слова – А. Ж.) было першапачаткова абмежаванае польскай і чэска-салвацкай групаю. Укр., бел. пан (не кажучы ўжо пра русскае літаратурнае і прастамоўнае пан) запазычанае з польскай, адтуль і літ. ????? «гаспадар, пан» [11, с. 73 і наст.].

Насуперак гэтаму ў «Этымалагічным слоўніку чэшскай і славацкай мовы» В. Махэка прыведзены іншы погляд: «Pan: старачэшск. і некалькі прыкладаў з h- (hpan, падобным чынам hpanna, hpani) адсюль вакалізаваны прыназоўнік se panem, ode pana. Старажытнага паходжання жан. р. pani<*pan-ьji=?????? ст. -інд. patni ад *pot-n-ija з падаўжэннем як ст. -інд. nari ад nar «муж»; panъ было прыстаўленае да ж. р. як vdovec да vdova. Замест індаеўр. пары *potis – *potni праславяне мелі замест pana = айца роду і ягонае жонкі пару gospodь – panьji пасля да кожнага члена яе быў дададзены новы: да gospodь быў дададзены член gospodyni, а да panьji – panъ. Пачатковае h- магло быць здавён у складаных формах ж. р. як у ст. -інд. supatni «жонка, якая мае добрага мужа»; jiva-patni «жонка, якая мае жывога мужа» [12, с. 351].

Што да формы hpan<*gъpanъ, то, магчыма, нейкія падставы да яе вытлумачэння можна вывесці з разважанняў М. Волаціча [4, с. 105-113]. Калі дапусціць знікненне канцовага -s і наступную рэдукцыю галоснага ў першым кампаненце дзвюхасноўнага *hospanъpani – pan), то hpan можна разглядаць як аналаг лексемы gospodъ. Аднак, гэтыя дапушчэнні патрабуюць этымалагічнае верыфікацыі на больш шырокім моўным матэрыяле (некаторыя лексічныя адпаведнікі ў еўрапейскіх мовах, а таксама іншыя гіпотэзы паходжання «пан» гл. у: [6, с. 393; 13, с. 31-32; 14, с. 195].

Слова «пан» пашыранае амаль ва ўсіх славянскіх мовах: чэшскай, славацкай, польскай, славенскай, сербскай, харвацкай, верхне- і ніжнелужыцкай, беларускай, украінскай і як прастамоўнае ў рускай. В. Махэк лічыць яго агульнаславянскім, А. М. Трубачоў, наадварот, мяркуе, што яно ўласцівае толькі для чэшска-славацка-польскага моўнага арэалу, а ў беларускую і ўкраінскую мову запазычанае з польскай. Аднак, зважаючы на тое, што слова мае ў апошніх дзвюх мовах даволі разгалінаванае кола значэнняў, а таксама некаторыя архаічныя вытворныя формы, можна аспрэчыць слушнасць высновы расійскага лінгвіста. Варта ўзяць пад увагу і тое, што «пан» сустракаецца ў фальклорных тэкстах, якія выяўляюць рысы адмысловай архаічнасці, напр., у калядных: (у вітальнай формуле) «Добры вечар, пане гаспадару...» [15, с. 84-85]; у абрадавых гульнях «Чурыла» і «Яшчар»: «Ой ты, Чурыла пане! Дзе тваё войска стане?» [15, с. 140]; «Яшчур-паночку, аддай мой вяночку» [15, с. 169]; натрапляем у іх і на «панну»: «Пашлём мы... па белыя гоўца. – Лада мая.

Ці па красну панну. – Лада мая» [16, с. 106], ды ў інш. Зварот «пан» да таго ж фіксуецца ў беларускай пісьмовасці задоўга да таго, як можна колькі-небудзь сур’ёзна казаць пра польскія ўплывы: (Прывілей Альгерда Рыгору Тункелю на купна зямлі 25.08.1337) «...с дозволеньем пана Януша Костевича» [17, с. 177]; (Дагаворная грамата беларускіх князёў з каралём Казімірам і мазоўскімі князямі (1349) «Учинить который добрый человек кривду, любо воевода, а любо пан, учинити исправу и с ним» [18, с. 875]; (Грамата Оты 1351) «Купил пан Вятслав дворище и с землею...» [18, с. 875]; (Прывілей Вітаўта жыдам у Вялікім княстве Літоўскім 1.07.1388) «Умыслили есмо с паны радми нашими... мешкаючими в том панстве нашом...» [8, с. 175].

Раннім часам датуюцца і пісьмовыя помнікі, у якіх «Пан» стасуецца да Бога: У прывілеі Вітаўта гарадзенскім жыдом (чэрвень 1389) заключны радок гучыць так: «В име панское, амин» [8, с. 180]. У старажытных пісьмовых творах, арыентаваных на вернікаў заходняга абраду такія азначэнні рэгулярныя. Напр., у «Аповесці аб трох каралях-валхвах», перакладзенай з лаціны і змешчанай у спісе XV ст.: «...да у тыи ж ясли Панна Марiа сынка своего плачучего, у платье увитого, как налепей могла, перед волом и ослом на сене положила... у которые ж Панна Марiа сына своего склонина...» [7, с. 87]. «Жыццё Аляксея» паводле спісу XV ст., якое таксама ўзыходзіць да лацінскага арыгіналу, падае гэткія формы: «...але на молитвы их Пан Бог их сыном обдарил...; ...образ Пана нашого Езу Криста; ...декую тобе Пане Езу Кристе; ...образ Панны Марiи...» [7, с. 92, 93, 94]. Адзін з рукапісаў XV ст. мае такі загаловак: «О мученіи Пана Нашего Езуса Криста» [9, с. 180].

Формула прысягі пісараў Вялікага княства Літоўскага (1522) змяшчае такія словы: «...Я... присягаю милому Богу и Панне Марыи, ...и всим светым...» [19, с. 309]. У статуце кушнерскага цэху ў Вільні (1538) чытаем: «...ку дню светого Духа, ку Панне Маріи и Покрову» [19, с. 326]. У лісце з паведамленнем аб разгроме маскоўскага войска пад Улаю і Дуброўнаю ад 11.03.1564 знаходзім гэткія звароты: «...Пане Боже, дай, абы то было фортунне. ...хвала Пану Богу» [19, с. 394]. У «Летописцы, то ест кроницы...» са спісу XVI ст. таксама бачым: «...Мария, пречистая Панна...» [19, с. 400]. Ужывае падобныя формы ў сваіх лістах і Ф. Кміта-Чарнабыльскі (1573—1574): «...Иж Пан Бог сотворитель», «Дай же, Пане Боже...», «...нас Пане Боже уховай» [19, с. 183, 188]. Статут Вялікага княства Літоўскага рэдакцыі 1566 г. падае: «...присягаю Пану Богу» [7, с. 144, 145]; рэдакцыі 1588 г.: «Пан Бог натуру чоловечую обдарити рачил», «Пана Бога просечи», «фала Пана Бога», «за што Пану Богу дяковати», «хотя бы Пан Бог уховал» [20, с. 44, 45, 47, 80]. У гэты ж час (XV-XVI ст.) мова рыцарскіх раманаў, перакладзеных з заходніх арыгіналаў, перасыпаная зваротамі, якія, несумненна, адлюстроўвалі тагачасную жывую гутарковую мову. Напр., у «Аповесці аб Трышчане» ў спісе канца XVI ст.: «...одна панна носила королевича», «Пане, для Бога, не пи того», «Король рек (да каралевы. – А. Ж.) «Пани, што то ест?», «Пане Говорнаре» (каралеўна да караля. – А. Ж.). Пане, не заби Трышчана...» [7, с. 173, 174, 179, 180]. У «Аповесці аб Баве» са спісу XVI ст.: «Пане (да чалавека. – А. Ж.), выслухай мя», «Пане, хочеш ли ты со мною зъеднатися?» [7, с. 181, 186]. У «Александрыі» (спіс пач. XVII ст.): «...панства и цесарства нашего», «...нехай пануе» [7, с. 369, 370]. У беларускім летапісе паводле спісу Рачынскага канца XVI ст. узгадваецца: «...Звестоване Панны Марыи» [7, с. 195]. Пераклад жа «Хронікі» М. Стрыйкоўскага паводле спісу пач. XVII ст. падае: «...иж на початку створил Пан Бог небо и землю», «Придал ему теж Пан Бог...» [7, с. 387, 388].

Такім чынам, у той перыяд развіцця старажытнай беларускай пісьмовасці, які папярэднічаў часам гэтак званай «паланізацыі», ва ўсіх творах, якія могуць мець дачыненне да заходняга абраду, для велічання Бога і Найсвяцейшай Маці паслядоўна ўжывалася форма «Пан» і менш рэгулярна «Панна», гэтаксама як і ў зваротах да людзей.

Але ці карысталіся падобнымі азначэннямі прадстаўнікі іншых канфесіяў? У кнізе вядомага уніяцкага епіскапа Іпація Пацея «Унія, альбо выклад преднейшых артыкулов...» (Вільня, 1595) чытаем такія радкі: «...чого Пане Боже уховай», «...Пана Бога уставичне просимо» [19, с. 456].

Праваслаўныя таксама не грэбуюць гэтымі словамі. Нават у такім інтымным дакуменце як духовы тэстамэнт, пакінуты настаяцелем праваслаўнай царквы ў Ваўкавыску Сямёнам Прохаравічам Чаплееўскім 9.03.1443 змешчаны такі сказ: «...найпервей поличаю Пану Богу душу и тело» [21, с. 1]. Беларускі паэт Андрэй Рымша ў сваім вершы «Хронология» (Астрог, 1581) піша: «В том месяци (сакавіку. – А. Ж.) Господа жиды крижовали, Себе лихо нам добро тым Паном зъеднали» [9, с. 302]. У «Казаньи Кирила, патриарха иерусалимского об антихристе» (Вільня. 1596), напісаным знакамітым дзеячам праваслаўя Стафанам Зізаніем, ёсць гэткія мясціны: «...хвалим тя, Господи Боже, вседержителю», «очекиваемо Пана з неба приходячого» [7, с. 257, 259]. Таксама, у «Казаньях» Лявонція Карповіча (Еўе, 1615) бачым: «...Господи, добро ест нам зде быти», «...але тя твой Пан до самого, несмертелное роскоши жродла, взывает» [7, с. 340]; «Господи, кто обитает в жилище твоем?», «Вижу, Пане, церков твою...» [9, с. 275]. Ананімны пераклад «Гісторыи о Варлааме и Иосафе» (Куцейна, 1637) змяшчае: «...еднак же взглядом прыказаня Панского» [7, с. 415]. Не пазбягае ўжываць азначэнні «Пан» і «Панна» ў сваім «Дыярыушу» (1646) нават такі радыкальны артадокс як Афанасій Філіповіч: «Иду, иду и я при Паніи моей» (пра Багародзіцу. – А. Ж.), «...молячися Господу Богу» [7, с. 421, 422]; «...от костела Панны Марии», «...Вылучаеш, хто з нас, Пане, по правици твоей стане» [9, с. 283, 294].

Францішак Скарына, які, найверагодней, належаў да заходняга абраду, але адрасаваў свае кніжкі «людем посполитым руского языка» (г. зн. праваслаўным Вялікага княства Літоўскага) і арыентаваўся на больш звычную для іх стараславянскую мову Святога Пісання, у пасляслоўі да кнігі Ісуса Навіна побач з «пречистое девици матери Марии» ўсё ж дапускае на той жа старонцы і «...по летех нарожения нашего спасителя Исуса Христа сына Божия с непорушенное Панны Марии» [22, с. 91]. У старабеларускай граматыцы на лацінскай мове, напісанай Іванам Ужэвічам (1645) як узор падаецца малітва «Ойча наш» па-стараславянску пад назваю «Молитва Господня» і па-старабеларуску, маючы ў гэтым выпадку загаловак «Молитва Паньская» (гл. Араскі рукапіс у выданні [23, без пагінацыі]). Слоўнікі старабеларускай мовы, выдадзеныя славутымі праваслаўнымі дзеячамі Лаўрэнціем Зізаніем (у 1596 г.) і Памваю Бярындаю (у 1627 г.) падаюць такія пераклады стараславянскіх словаў: «Господь – Пан; господствую – панствую; господство – панство» [24, с. 41], «господие, властеле, владыки – панове, владаре, преложеныи; господственне – пански» Господи помилуй – Пане змилуйся; господин – пан, господар; господство – панство, моц; господствую – паную; Господь – Пан» [25, с. 27]. У «Синонимах славеноросских» зваротным беларуска-стараславянскім лексіконе, у ягоным беларускім рэестры мы наогул не сустракаем слова «Господь», а толькі «господар – строитель домовый» і «господарный – строителный» [24, с. 108]; затое далей натрапляем на старабеларускія «Пан» з перакладам на стараславянскую – «Владыка, Господь»; «пан молодый – жених; паную – обладаю, господствую; панование, панство – господствие; пануючий – владычествен, господствен; панско – господственне; панский – владычен, господень; панна – дева, девица, девая; панятка – юнота» [24, с. 140]. Як можна пераканацца з прыведзеных прыкладаў, у слоўніках XVI-XVII ст. стараславянскаму «Господь» паўсюль адпавядае старабеларускае «Пан».

Карысталіся апошняю формаю і беларускія пратэстанты. Напр., Сымон Будны ў «Катэхисисе» (Нясвіж, 1562): «...через Христа Пана», «...покуль Пан Бог до чого большого допомочи будеть рачил», і там жа: «глаголаста ему слова Господне» [9, с. 174, 175, 176]. Васіль Цяпінскі ў прадмове да свайго «Евангелия» (Цяпіна, 70-я гады XVI ст.) піша: «...от Бога отца и Пана нашего Исуса Христа», «...абы Пан Христос рос» [9, с. 190, 194]; «...за ласкою Пана Бога» [7, с. 163]. У самім жа «Евангелии» даюцца такія пераклады стараславянскіх сказаў: «...аз, Господи, иду – я, Пане, иду»; «...от Господа бысь – ...от Пана сталосе» [7, с. 168, 170]. Мікола Радзівіл у грамаце продажу евангеліцкаму збору дому ў Вільні ад 20.03.1577 піша: «Исуса Христа, Пана нашого и збавителя», «еванелии Пана Кристусовое...» [26, с. 31, 33]. Астафей Валовіч у запісе евангеліцкаму збору пляцу і дому 28.02.1582: «...и естли бы Пан Бог хоробу або недостаток допустичи рачил»[26, с. 44].

Карысталіся эпітэтам «Пан» у стасунку да Бога нават беларускія мусульмане, напр., у «Аль-Кітабе» пач. XVI ст.: «...і там Пану Богу паклон чынілі», «...а потым Пан Бог яго на неба ўзяў» [19, с. 364, 367].

Як бачым, і ў тэкстах некаталіцкіх канфесіяў на Беларусі, «Пан» таксама сустракаецца даволі часта, хоць часам побач са стараславянскім «Господь», небеларускасць якога дакументуецца перакладнымі слоўнікамі.

Пасля перыяду пэўнага замірання пісьмовасці ў нацыянальнай мове з сярэдзіны XVII да канца XVIII ст., калі беларускі дух воляю абставінаў мусіў запаўняць сабою і прасякаць чужую, пераважна польскамоўную абалонку, з канца XVIII ст. пачалося адраджэнне беларускага пісьмовага слова, стала складвацца новая беларуская мова. Да другой паловы XVIII-ХІХ ст. належаць запісы некаторых духовых песняў, спяваных беларусамі-каталікамі. Знаёмыя ўжо формы знойдзем мы і тут. Так, у «Песні пра Лазара» чуем: «Стаў жа Лазар вельмі Бога прасіці, Да Пана Бога ручкі свае ўзнасіці»; у «Святой Дароце»: «Не мы Дароту жывілі, Ой яе жывіў сам Пан Бог»; у «Песні аб грэшнай дзяўчыне»: «А ў нядзелю па абедзе Хадзіў Пан Бог па ўсім свеце, Хадзіў Пан Бог, жабруючы, Грэшных людзей прабуючы»; у «Песні пра Бамбалея» (беларускага святога Андрэя Баболю. – А. Ж.): «Адаўсюль будуць людзі прыбываці, Ды Пана Бога і мяне будуць выслаўляці»; у «Касцельнай песні беларускага народу»: «О Спасіцелю, наш Пане! Адзіна наша каханне»; у «Песні аб смерці Збаўцы»: «А ў першым гробе Ён святы ляжыць, А ў другім гробе Панна Марыя, А ў трэйцім гробе Пан Езус ляжыць»; у «Песні аб муках і смерці Пана Езуса»: «Крыжам пала, заплакала, Пану Богу паклон дала»; у «Евангелістай песні»: «Пяць ран цярпеў Пан Бог без віны» [27, с. 588, 606, 607, 630, 635, 657, 659]; у «Каляднай песні» з XVIII ст.: «Кузьма з Дзямянам прад Хрыстом Панам», «...цяглі барана да Хрыста Пана» [19, с. 632].

Першыя катэхізмы з ХІХ ст. для беларусаў-каталікоў не парушаюць гэтае традыцыі. Пра гэта сведчыць, напр., мова «Кароткага сабрання хрысціянскае навукі» (Вільня, 1835): «Пан наш Езус Хрыстус», «...калі ж хлеб і віно пераменяцца ў цела і кроў Пана Езуса» [29, с. 35]; выразы з «Лемантара», выдадзенага ў Варшаве ў 1862 г.: «...у небе, у Пана Бога», «Не будзеш ужываць імення Пана Бога напрасна» [29, с. 19, 23].

Беларуская каталіцкая літаратура ад пачатку нашага стагоддзя да 30-х гадоў ні ў адным з твораў, да якіх можна было даступіцца, не змяшчае «Госпад», але паслядоўна – «Пан» і менш рэгулярна – «Панна». Каб не абцяжарваць і далей тэксту шматлікімі прыкладамі, пералічу толькі назвы гэтых выданняў і старонкі, якія сведчаць пра гэта: «Кароткі катэхізм для прыспасаблення дзяцей да першай споведзі і камуніі святой», Вільня 1907 (с. 3, 7); «Кантычка або сабранне набожных песень для ўжытку каталікоў-беларусаў», Вільня, 1914 (с. 4, 21, 23); «Жыццё с. п. Папежа Піуса Х», Вільня, 1914 (с. 15); «Нядзеляшнія Эвангеліі і навукі» кс. д-ра І. Бобіча, у Вільні, 1922 (с. 6, 8, 14); «Кароткі Катэхізм для беларусаў-каталікоў» кс. д-ра Й. Рэшаця, у Вільні, 1927 (с. 3, 4, 14, 15, 16, 17, 38); «Беларускія рэлігійныя песні», Вільня, 1927 (с. 7, 10, 13, 15, 17, 18, 20, 23); «Ружанец Найсвяцейшай Дзевы Марыі», Вільня, 1929 (с. 4, 14); «Родная мова ў святынях» кс. А. Станкевіча, Вільня, 1929 (с. 18, 19); «Дарога крыжа» Я. Быліны, Вільня, 1930 (с. 19, 25); «Гісторыя святая або біблійная старога закону» кс. В. Гадлеўскага, Вільня, 1930 (с. VIII, 123); «Кароткі малітаўнік для беларусаў-каталікоў», Вільня, 1934 (с. 2, 12); «Голас душы» кс. К. Стэповіча, Вільня, 1937 (с. 8, 9, 24, 27, 30, 143, 144, 147); «Святыя» кс. д-ра Й. Рэшаця, Вільня, 1937 (с. 33, 34, 35, 38); «Успаміны з Кальварыі пад Вільняй», Вільня, б. г. (с. 6, 7, 8, 9, 11, 13, 27). Тое ж назіраем і ў прэсе, напр., у каталіцкай газеце «Беларус» (прагледжаная за 1913—1915 гг. – паўсюль «Пан»).

Трэба зазначыць, што ва ўсіх каталіцкіх выданнях на беларускай мове да 30-га года ўжывалася заўсёды «Пан». Аднак з пачатку 30-х гадоў сітуацыя пачала мяняцца. Ва ўмовах нарастаючага ўціску беларускага касцёлу з боку польскіх рэлігійных уладаў, частка нашых каталіцкіх святароў пачала хіліцца да уніяцкае царквы. У Пінску сталі ладзіцца унійныя з’езды, а ў каталіцкім часопісе «Хрысціянская думка» ўсё часцей з’яўляюцца артыкулы, скіраваныя на унію. Ад таго ж часу ў некаторых выданнях заходняга абраду, побач з азначэннем «Пан» можна сустрэць ужо і «Госпад». Напр., у перакладзе д-рам С. Грынкевічам знакамітага твора Тамаша Кемпійскага «Следам за Хрыстусам» (Львоў–Вільня, 1934) знаходзім і «Пан» (с. 5, 33, 36, 42, 141, 144, 145, 152, 184) і «Госпад» (с. 13, 44, 79, 80, 96, 97, 100, 101); у кнізе Студэнта К. Н. (каталіка ці уніята) «Святы Рым», Вільня, 1931: «Пан» (с. 16); «Госпад» (с. 35); у прыгаданым вышэй часопісе «Хрысціянская думка», дзе ў 1932 г. друкавалася «Следам за Хрыстусам», напр., за 1936 г., № 1: «Пан» (с. 2), пасля, на той жа старонцы «Госпад» і зноў «Пан».

Праваслаўныя, уніяты і пратэстанты з пачатку стагоддзя карыстаюцца формаю «Госпад», аднак з канца 30-х гадоў у двух апошніх накірунках хрысціянства ў асобных выпадках выявілася памкненне ўвесці трэцюю форму тыпу «Спадар». Цікава, што ў перавыдадзеным у Рыме «Голасе душы» (1949) слова «Пан» паўсюль заменена на «Госпад», а ў Складзе Апостальскім з гэтай кніжкі – на «Усеспадара», магчыма за жаданнем кс П. Татарыновіча.

Агляд гісторыі ўжывання ўсіх згаданых азначэнняў Бога, дазваляе зрабіць пэўныя высновы. Шырокі семантычны абсяг слова «Пан», разгалінаванае кола аднакарэнных з ім, паслядоўная перадача праз яго стараславянскага «Господь» у перакладах і перакладных слоўніках, пашыранасць у фальклорных тэкстах (у т. л. і з даволі архаічнымі рысамі) і выкарыстанне рознымі хрысціянскімі канфесіямі, а нават і мусульманамі – вымушаюць лічыць яго сталым і старажытным фактам жывой гутарковай і пісьмовай беларускай мовы, беларускім адпаведнікам стараславянскага «Господь». Гэтыя ж меркаванні, а таксама наяўнасць лексемы «Пан» у тэкстах, якія сягаюць часоў, калі не толькі не магло быць якога-колечы «польскага ўплыву», а наадварот беларуская мова актыўна ўздзейнічала на польскую (XIV-XV ст.) робяць сумніўным дапушчэнне аб запазычанні гэтага слова з мовы нашых суседзяў з захаду. Калі дапусціць слушнасць гіпотэзы пра скіфа-сармацкае паходжанне азначэння «Пан» (А. М. Трубачоў), альбо выводзіць яго з ірана-інда-грэцкае моўнай еднасці (ускосна В. Махэк), калі дапусціць зноў жа яго запазычанасць, то больш лагічна было б гаварыць пра зваротны кірунак пашырэння такога запазычання сярод славянаў – з Украіны і Беларусі ў Чэхаславаччыну ды Польшчу (скіфскі субстрат ва украінскай культуры, раннія гандлёвыя і культурныя ўзаемадачыненні ўсходнеславянскіх плямёнаў з паўднёвымі тэрыторыямі – скіфамі – качэўнікамі, Візантыяй, краінамі Блізкага Усходу).

Такім чынам, засведчаная шматлікімі пісьмовымі крыніцамі і фальклорнымі запісамі даўняя прыналежнасць слова «Пан» да беларускай моўнай стыхіі, сталае і традыцыйнае ўжыванне яго ў нашай каталіцкай пісьмовасці ад яе пачатку і да самага апошняга часу, дазваляе лічыць яго найбольш прыдатным да ўжытку ў сённяшнім беларускім касцёле. «Пан» больш прыймальнае яшчэ і таму, што яго выкарыстанне будзе спрыяць менш балючаму працэсу вяртання ва ўлонне беларускага касцёлу і роднай культуры, «вяртанню да сябе» тых людзей, якія пад уздзеяннем расійска-бальшавіцкай ды польскай прапаганды, ва ўмовах рабаўніцкага падзелу і анексіі Беларусі вымушаныя былі пераходзіць у малітвах і набажэнстве на няродную польскую мову, маючы беларускае паходжанне, выразную беларускую ментальнасць, размаўляючы ў штодзённым жыці па-беларуску і не ведаючы польскай, але, тым не менш, залічаючы сябе да так званых «крэсовых палякаў». Гэта будзе, безумоўна, на карысць кансалідацыі ўсіх каталікоў Беларусі.

Вернікам жа іншых канфесіяў таксама варта «дазволіць» ужываць іхнія традыцыйныя тэрміны і назвы, не навязваючы ім сваіх ды не маючы сябе за больш «правільных». Рэальнаму збліжэнню і паразуменню канфесіяў будзе служыць толькі такі падыход, а менавіта: павага да адметнасці і традыцыяў іншых веравызнанняў, а не спробы іх штучнага «збліжэння» і нівелёўкі накшталт савецкага «слияния наций и народностей». Захаванне адметнасці і індывідуальнасці кожнага веравызнання – вось шлях да сапраўднага дыялогу і паразумення, бо плённы дыялог магчымы толькі між індывідуальнасцямі і чым больш глыбокія і багатыя гэтыя індывідуальнасці, тым больш карысны і яднальны такі дыялог. Захаванне ж адметнасці немагчыма без захавання традыцыі і ў абрадзе, і ў ягоных, быццам бы знешніх, атрыбутах – назвах і тэрмінах.

Што да нібыта адмоўнага ўражання ад слова «пан», звязанага, маўляў, у свядомасці беларусаў з паншчынаю і паланізацыяй, то, здаецца, расійска-бальшавіцкі генацыд з «господином» ды «товарищем», які прывёў да татальнае дэструкцыі нашае нацыянальнае істоты і які, пачаўшыся з часоў іхняга «3-га Рыму», не спыняецца і дагэтуль, каштаваў і яшчэ будзе каштаваць нам куды большага. Таму, відаць, правільней будзе вырашаць падобныя пытанні, не з увагі на тое, што каму падабаецца, а глядзець, наколькі той альбо іншы тэрмін адпавядае нашай культурнай і духоўнай традыцыі, наколькі ён даўні і наколькі ён уласцівы нашай мове. Калі зыходзіць з гэтых галоўных крытэрыяў, то ў беларускім касцёле мы аддамо перавагу Пану.

--------------------------------------------------------------------------------

Выкарыстаная літаратура

Катехизмъ или Наука всьм православнымъ христіаномъ к повченію велми полезно з латинского языка на рускиій язык ново преложоно. Друкована оу Вильни року... 1585 з дозволеньнем старъшихъ.
Скарга П. Описанье и оборона събороу Роуского Берестейского в року 1596. Вильна, 1597.
Этимологический словарь славянских языков. Вып. 7, М., 1980.
Vo?aci? M. Hospad, Pan, Haspadar, Hasudar... (Mounyja zauvahi) // Беларуская царква. 21 – 1961. – Даволі цікавая трохасноўная рэканструкцыя лексемы «Госпад» як *Hos-Pa (n) -Da®, прапанаваная аўтарам. Тым не менш, яна патрабуе дадатковых фактаў дзеля абгрунтавання асобных палажэнняў.
Насовіч І. І. Слоўнік беларускай мовы. Факс. перавыд. Мн., 1983.
Br?ckner A. S?ownik etymologiczny j?zyka polskiego. Warszawa, 1970.
Хрэстаматыя па гісторыі беларускай мовы. Т. І., Мн., 1961.
Vitoldiana: Codex privilegiorum Vitoldi, Magni ducis Lithuaniae 1386—1430. Warszawa, 1986.
Старажытная беларуская літаратура. Мн., 1990.
Легенды і паданні. Мн., 1983.
Трубачев О. Н. Из славяно-иранских лексических отношений // Этимология 1965. Материалы и исследования по индоевропейским и другим языкам. М., 1967.
Machek V. Etymologicky slovnik jazyka ?eskeho a slovenskeho. Praha, 1957.
Linde B. S. S?ownik j?zyka polskiego. T. IV. Lw?w, 1858.
Фасмер М. Этимологический словарь русского языка. Т. 3. М., 1987.
Народны тэатр. Мн., 1983.
Federowski M. Lud bia?oruski na Rusi Litevskiej. T. 1. Krak?w;, 1897.
(Doni?owicz I.) Skarbiec diplomat?w... do krytycznego wyja?nienia dziej?w Litwy, Rusi Litewskiej. T. 1. Krak?w;, 1860.
Срезневский И. И. Словарь древнерусского языка. Репр. изд. Т. 2. Ч. 2. М., 1989.
Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі. Коўна, 1926.
Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 г. Мн., 1989.
Акты, издаваемые Виленскою комиссиею для разбора древних актов. Т. 33. Вильна. 1908.
Францыск Скарына і яго час. Энцыклапедычны даведнік. Мн., 1988.
Граматика слов’янська І. Ужевича. Киів, 1970.
Лексис Лаврентія Зизанія. Синоніма славеноросская. Киів, 1961.
Акты, издаваемые Виленскою комиссиею для разбора древних актов. Т. 20. Вильна, 1893.
Шейн В. П. Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-западного края. Т. 2. СПб, 1983.
Kr?tkie zebranie nauki chre?cia?skiej dla wie?niak?w m?wi?cych j?zykiem polsko-ruskim, wyznania rzymsko-katolickiego. Wilno, 1835.
Elementarz dla dobrych dzietok katolik?w. Warshava, 1862.

(Наша вера. — 1995. — № 1)

)

Цэтлікі: ,

Ответить

  Проверка PR и ТИЦ
Нашы сябры:
Казкі беларускія!


Размер и цена на лист оцинкованный 0,7 мм в 2 квадратных метра. | переоформление машины