A A

Каўка А. СВОЙ ПАЧЭСНЫ ПАСАД. ЯНКА КУПАЛА: ДЗЯРЖАВАТВОРЧАЯ ДУМКА ПАЭТА

Няд, 6 лютага 2011

Беларуская літаратура

Янка Купала ня толькі буйнейшая постаць у гісторыі беларускае літаратуры, кyльтуры. Ён – сама жывая гісторыя, драматычная легенда высьпяваньня сучаснае думкі, нацыянальнага самаўсьведамленьня й самасьцьверджаньня беларуса і Беларусі. Адзін з галоўных напрамкаў гэтага самавыяўленчага працэсу – ідэя беларускае дзяржаўнасьці, асэнсаваньне якой у творчасьці паэта і прапануецца ў гэтым артыкyле.
Варта пры тым удакладніць. Дзяржаўніцкі (неБССР-аўскі) асьпект Купалавай спадчыны за савецкім часам сарамліва замоўчваўся, або інтэрпратаваўся мімаходзь, як выпадковае, памылковае адхіленьне аўтара «3абранага краю», «Справы незалежнасьці Беларусі», «Тутэйшых» ад канонаў бальшавіцкае рэвалюцыйнасьці ды сацрэалістычнае эстэтыкі. Справа зьмянілася да лепшага з распадам СССР, з прынцыпова новым самаакрэсьленьнем Беларусі ў якасьці незалежнай, суверэннай дзяржавы. Гэта паспрыяла станоўчым зрухам у разьвіцьці купалазнаўства: выданьне поўнага збору твораў пісьменьніка, сістэмнае, вольнае ад ідэалагічных ператрымак дасьледваньне яго творчасьці, уключна з разглядаемай намі тэмай 1.
Яшчэ ўдакладненьне. Гаворачы пра Янку Купалу, нельга не азірацца на другія волатаўскія постаці беларускага творчага духу – Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Максіма Гарэцкага. Усе гэтыя імёны разам з Купалам увечненыя яскравымі літарамі на скрыжалях беларускага адраджэньня, хаця творчы сьлед кожнага з іх на свой лад адметны, непаўторны.
Пра непаўторнасьць Купалы напісаны тамы. Тым ня менш, галоўная рыса яго адметнасьці ў многім застаецца для нас загадкай. Маючы прад усім на ўвеце празарлівасьць Купалавай думкі, сэнсавую невычэрпнасьць яго мастацкіх вобразаў, палемічна-публіцыстычных роздумаў. Ва ўмовах дасьпяваньня нацыянальнае ідэі беларусаў, канчатковага ўтрываленьня іхняе дзяржавы, не пазбаўленых валюнтарыстычнага глуму на гэтым адвечным шляху, Купалава слова гучыць вельмі надзённа. У ім ня толькі паказаныя пэўныя беларускія рэаліі з прамінулага, але і прадказаны многія горкія парадоксы ў нацыянальна-грамадзянскім узмужненьні народу:
«У беларускім вольным краі, /З ярэмнай збрыўшы стараны, /Царыць чужынец, а ў паслугах хто? – Беларускія сыны!» (Беларускія сыны. 19192). Вось яна, найвастрэйшая драма Беларусі: цяжар і сорам ад неадчэпнага чужацкага, не абавязкова іншаземнага, засільля – пры фармальнай вольнасьці і …дабраахвотным халопстве яе насельнікаў. У айчыннай славеснасьці да Купалы, а мабыць і пасьля Яго, наўрад ці патрапіў хто нагэтулькі востра й дакладна вызначыць, «агаліць» суворым словам тую злаякасную пухліну на грамадскім целе краіны, імя якой нацыянальнае нутранае нявольніцтва. І з няменшай суворасьцю выгукнуць прарочае закляцьце, што ўжо амаль праз цэлае сталецьце не перастае гучэць, будзячы сьвядомасьць, сэрца 6еларуса: «Няўжо нас не аб’ясьніць розум ясны, / і не пакінем біцца з кута ў кут? / Няўжо кліч вечны будзе ў нас напрасны – / Кліч бураломны: вызваленьне з пут?!» ( Перад будучыняй. 1922; 4,106).
Купалу прынята лічыць паэтам трагічнага перажываньня, адпаведна незайздроснасьці гістарычнага лёсу яго краіны і народу. Аднак пачуцьцё катастрафізму не вычэрпвае, нават не вызначае галоўнае творчае дамінанты мастака-мысьляра. Выйсьцёвыя, найчасьцей з драматычна-трагічнай афарбоўкай тэзы і антытэзы яго паэтычнага сьветаўспрыманьня няўхільна давяршаюцца жыцьцёсьцьвярджальным сінтэзам усяго ім бачанага, перажытага. Інакш – паўстае прыцягальны ідэал, мастацкі вынік пакутліва-прасьветнага азарэньня творцы і – крыніца духоўнага наталеньня й празрэньня прыхільнікаў яго творчасьці. Такім ідэалам 6езумоўна зьяўляецца во6раз – сімвал Маладой Беларусі – зіхоткая вяршыня Купалавай лірыкі, публіцыстыкі, усяго нацыянальна-адраджэнскага працэсу ў Беларусі першае чвэрці ХХ стагоддзя, а найперш у так званы «нашаніўскі» перыяд 3:

3анімай, Беларусь, маладая мая,
Свой пачэсны пасад між народамі!
Mаладая Беларусь. 1906—1912 (3,99)

Годнай, гожай нявестай на ўласным дзяржаўным троне-пасадзе згледзеў і сьцьвердзіў паэт сваю краіну-плачку менавіта тады, калі яе, бяспраўную, «забытую сірату» гісторыі, ні заўважаць, ні паважаць другія не патраплялі, альбо наўмысна не хацелі. Вось ужо колькі часу шлях Беларусі практычна торыцца паводле Купалавaга прадвызначэньня. І ні колькі мабыць не перабольшвае другі, народны паэт, сьцьвярджаючы: «Здаецца ягонае слова нарадзілася ў нашы дні – ўчора і сёньня яно непасрэдна судакранаецца з самымі вялікімі і самымі 6алючымі нашымі сёньняшнімі клопатамі. Яно ў эпіцэнтры ідэалагічнай бараць6ы патрыятычных сілаў Беларусі супраць далакопаў яе свабоды і незалежнасьці. І паколькі гэтае слова Купалы – да яго ў народзе прыслухоўваюцца хутчэй, чым да слова любога з нас»4.

Варта і нам nрыслухацца да гэтarа прарочага Слова – дзейнага факта і фактара ў гістарычным шэсьці Беларусі.

l l l
На пачатку 1903 году ў часопісе Польскай сацыялістычнай партыі «Пшэдсьвіт» («Przedњwit») зьявілася адозва «Да інтэлігенцыі» за подпісам Б.Р.П., расшыфраваным рэдакцыяй як Беларуская Рэвалюцыйная Партыя. Верагоднае аўтарства дакументу вызначана сучасным дасьледчыкам у гpунтоўнай працы аб Вацлаве Іваноўскім, адным з першых, разам з братамі Іванам, Антонам Луцкевічамі, арганізатарaў беларускaга nалітычнaга і асьветніцкага руху ў новым стaгоддзі5. Дарэчы, гэтым жа тром дзеячам па-добраму абавязаны быў і малады паэт Іван Луцэвіч (аб чым сам пазьней згадваў) сваім нацыянальна-грамадскім сталеньнем, непасрэдным далучэньнем да беларускага руху ў якасьці супрацоўніка «Нaшай Нівы», аўтара паэтычнага зборніку «Жалейка» (1908), пад літаратурным псеўданімам Янка Купала.
Аднак пра адозву. Адрасаваная мясцовай інтэлігенцыі, яна востра дакарала яе за адарванасьць ад народу, з якоrа выйшла і інтарэсы якога скіравала на рабалепнае слугаваньне рэжыму, уключна з палітыкай русіфікацыі, «абмаскалъваньня» беларусаў (пра паланізацыю не згадана). Выйсьце з гэтaга маральнага тупіка, на думку аўтараў, павінна стаць шырокая асьветніцкая праца сярод люду, да чaго адозва і заклікала і што па нядоўгім часе пачне зьдзяйсьняцца са старонак газетаў «Наша Доля», затым «Наша Ніва», а таксама друкамі выдавецкае суполкі «3агляне сонца і ў наша ваконца». Ідэяй, пафасам адозва яўна перaгукоўвалася з ранейшым падобным зваротам да інтэлігенцыі беларускай народавольніцкай групы «Гоман» (1882), на што зьвярнулі ўвагу і пyблікатары з «Пшэдсьвіта», а яшчэ выразьней з слыннай прадмовай Мацея Бурачка (Ф.Бarушэвіча): амаль такое ж самае ўшчуваньне суродзічаў за іх цямноту, культурна-моўную абыякавасьць, не раўнуючы адраджэнскім парываньням другіх славянскіх народаў, а таксама суседзяў-літоўцаў.
Тэкст адозвы істотна праясьняе гістарычны кантэкст зьяўленьня на тагачасным беларускім абшары феномену пад саманазвай Янка Купала. Яшчэ выразьней кантрастуецца згаданая акалічнасьць каментаром рэдакцыі «Пшэдсьвіта» да разглядаемае адозвы. Выказаўшы прынцыповую салідарнасьць з пачынаньнямі беларускіх рэвалюцыянераў, іх польскія калегі аднак не ўтаілі сваіх засьцярогаў, абумоўленых, на іх думку, ніклым узроўнем самасьвядомасьці беларускaга люду, а значыць, малаверагоднасьцю яго нацыянальнага caмa­вызначэньня: «Widoki siк przetworzenia siк tego ludu w narodowoњж s№ przynajmniej przy dzisejszych stosunkach politycznych bardzo maіe» (Przedњwit, 1903, 1903, nr.2. S.55).
Урэшце нігілістычнае стаўленьне да нацыятворчaга патэнцыялу беларусаў было па тым часе зьявай звычайнай, наколькі самі яны, тубыльцыц Северо-Западного Края або «kresуw wshodnich» (з якога боку глядзелася) адчувальных падставаў для іншага, аптымістычнага меркаваньня амаль не давалі. Хаця і пачыналі паволі аспрэчваць беспадстаўнасьць вердыктаў адносна сваёй цямноты, гістарычнае непрацаздольнасьці. Як гэта, прыкладам, учыніў згаданы ўжо І.Луцкевіч артыкулам «Нібы памерлая Беларусь», зьмешчаным годам пазьней у аўстрыйскім часопісе «Рутэнішэ рэвю»6.
Неўзабаве гэтая, быццам сканалая краіна, дакладней занядбаная ўскрaіна Расійскае імперыі вуснамі свайго nасланца годна й рашуча адзавецца перад белым сьветам:

І кожны, хто мяне спытае,
Пачуе толькі адзін крык,
Хоць мною кожны пагарджае,
Я буду жыць – бо я мужык!
Мужык. 1905 (1 ,52) .

Так, гэта Купала. Чыё накіпелае, лірычна-выбуховае «я» са старонак газеты «Северо-Западный край» азначала куды штось большае, эпічнае, чым проста паэтычны твор, узнаны чытачамі і крытыкай за класічны, хрэстаматыйны шэдэўр. Вуснамі паэта азвалася, урэшце, сама Беларусь: так, сялянская (каля 90% насельніцтва), прыгаламошана-»мужыцкая», прыгнечаная й прыніжаная «сильными мира сего». Але ж – наколькi ўпартая, трывушчая, па-рыцарску гордая, нязломная ў сваёй чалавечай і нацыянальнай існасьці. Натуральна, і шляхецкія гены ў радаслоўнай нашага аўтара, сына дро6нага засьцянковага арандатара, адыгралі не апошнюю ролю, кaб слова беларускae дасюль сьціпла прыцішанае, просьценькае, як сялянская сьвітка, аднатоньне, як пастухова дудка – загучэла новымі магутнымі рэгістрамі. Каб, галоўнае, Беларусь – дасюль аб’ект больш-менш удалых, нярэдка тэндэнцыйных этнarрафічных зацікаўленьняў – пачулася сьвядомым удзельнікам-суб’ектам гістарычнага разьвіцьця, гаспадаром свайго ўласнarа лёсу. І хаця вядучая роля ў падобных зрухах найчасьцей адводзіцца палітычным партыям, сацыяльным узрушэньням, навукова-прасьветнай, асабліва гістарычнай думцы, не памяншайма аднак ролі мастацтва – паэтаў і nаэзіі: сіла, абсяжнасьць іх уздзеяньня на сэрцы і розум людзей даведзена многімі вякамі і найвялікшымі набыткамі сусьветнай культуры7.
Вось гэты беларуска-сьцьвярджальны націск у Купалавым «Мужыку», наступных вершах «Жалейкі» («Я мужык-беларус», «А хто там ідзе...?», «Над сваёй айчызнай», «Беларускай выдавецкай суполцы», «Гэтa крык, што жыве Беларусь») азначаў карэнна новую якасьць у нацыянальным літаратурным працэсе, а менавіта завяршэньне пераходу з «этнаграфічнай» ва ўласна літаратурную фазу, а для ўсяго беларускarа народу, паводле трапнай заўвaгі тагачаснага крытыка, – пераход з аб’екта фалькларыстычнага вывучэньня ў суб’ект нацыянальнага самапазнаньня8. Якаснага павароту дазнае й само нацыянальнае самаўсьведамленьне, паконваючы ў сабе ранейшую нерасчлененасьць, невыразнасьць этнасамахарактарыстык беларуса («рускі», «паляк», «літвін», «тутэйшы») адназначным акцэнтаваньнем яго ўласна беларускае тоеснасьці. Не выпадкова, што і Купалаў вокліч «Жыве Беларусь!» адразу падхопліваецца ў гpaмадстве, натрывала зарубцаваўшыся ў народнай сьвядомасьці. Стаючыся праявай глыбокага патрыятызму, а нават беларускага нацыяналізму, разумеючы пад гэтым паняткам абаронча-пратэстнае пачуцьцё ўцісканае й абражваемае нацыі9. У дадзеным нацыяналістычным сэнсе Купала ўспрымаецца намі ня толькі, ня проста творцам панарамнага вобраза беларускае нацыі, але – нацыі палітычнае, дзяржаўнае, здатнай менавіта ў такой іпастасі забясьпечыць сабе вольнае, незалежнае разьвіцьцё, зрынуць з сваіх плячэй пракавечны молах асіміляцыі і падкаланіяльнага мадзеньня. Мабыць меў рацыю крытык, акрэсьліўшы паэзію Купалы як «вышэйшую ступень вызваленскага нацыяналізму», хоць памылкова адносіў гэтую ў ім якасьць на творы выключна пасьлярэвалюцыйнага перыяду, успрымаючы папярэднія ўсяго толькі механічным працягам Багушэвічавае стылістыкі10. Чаму рашуча пярэчаць і адзначаныя вышэй «Мужык», «Гэта крык, што жыве Беларусь» і многія іншыя ранейшыя творы паэта, пра якія гаворка наперадзе.
«Ідэалогія адраджэньня ёсьць галоўнай прыкметай усяе паэзіі песьняра» – канцэптуальная выснова М.Гарэцкага адносна творчае асабовасьці свайго духоўнага настаўніка11. Яскравую ідэалагічнасьць Купалы-пісьменьніка падкрэсьліваў і гісторык М.Доўнар-3аnольскі12. Не перабольшвае, лічым, і сучасны дасьледчык, успрымаючы Купалу своеаса6лівым творцам тэарэтычнае мадэлі нацыянальнага разьвіцьця13. Хаця ў наш час з боку некаторых высокаінтэлектуальных літаратараў здараюцца процілеглыя, не бяз ценю паблажлівасьці, меркаваньні: Купала не стварыў беларускае ідэалагічнае тэорыі, што, маўляў, для паэта-самавука, пазбаўленага належнае адукаванасьці, цалкам зразумела14.
Такому нечаканаму ў купалазнаўстве, дзесьці прэтэнцыёзнаму сьцьверджаньню запярэчыў даволі пераканаўча літаратуразнаўца, засьцярогшы ад блытаньня аб’ектыўна розных відаў творчае самарэалізацыі – паэта і прафесійнага ідэолага і адначасна адцеміўшы сутнасьць Купалавага пакліканьня: «Ён больш, чым ідэолаг, ён прарок нацыянальнага адраджэньня!» 15. Прарочым, як бачым, аказалася і паўтараемае сягоньня выказваньне Антона Луцкевіча, аднаго з першых, праніклівейшых купалазнаўцаў16. Адносна ж адукаванасьці Паэта пераканальней ад фармальных сьведчаньняў (хоць і тых у Купалы не бракуе) гавораць яго творы, спаборніцтва з якімі не пад сілу многім дыпламаваным парнасьнікам разам узятым.
Аднак і ў трывіяльным пытаньні Купалавай адукацыйнасьці, даўно асьветленым яго біёграфамі, адна дэталь заслугоўвае павышанае ўвагі. Гэта – працяглая творчая лучнасьць паэта з Браніславам Эпімах-Шыпілам, супрацоўнікам бібліятэкі Пецярбургскага універсітэту, рознабаковым гуманітарыем, прызнаным у студэнцкім і навуковым асяроддзі эрудытам-паліглотам, нарэшце ўладальнікам унікальнае беларусазнаўчае бібліятэкі, з якой шчодра карыстаў аўтар «Гусьляра», «Шляхам» жыцьця», «Паўлінкі» цягам свайго амаль чатырохгадовага кватараваньня ў Шыпілы. Відавочна, абок багатых самаадукацыйных універсітэтаў «Шыпілаўскі» адыграў не апошнюю ролю ў Купалавым ідэйна-нацыянальным, інтэлектуальным узмужненьні, у фармаваньні культуры гістарычнага мысьленьня нашага паэта. Ня лішне згадаць, дарэчы: у яго асабістым кнігазборы, фармаваным з менш чым сьціплых, выпадковых заро6каў, знаходзілася рэдкае выданьне Статуту Вялікага княства Літоўскага 1588 году, аб страце якога паэт выжальваўся ў адным з лістоў да свайго пецярбургскага мецэната і дарадчыка (9, кн.1,248).
Нешта значыць для нас і самаатэстацыя песьняра на старонках расейскае газеты «Новая Русь» (1909 г.) у сувязі з публікацыяй яго вершаў пад партрэтам... Ф.Багушэвіча, там аўтар «3 песень беларускага мужыка» выступае прадстаўніком «краіны, у якой ідзе цяжкая непамерная бараць6а за сваю нацыянальную і культурную незалежнасьць» /8,12/. Перакананым і пасьлядоўным змагаром-незалежнікам выступае Купала ў многіх сваіх творах з іx дзяржаватворчымі праблемамі, над імі і засяродзімся: 1. Дзяржаўніцкая рэканструкцыя мінулага Беларусі; 2. Ідэя-вобраз пасаду, уладара; 3. Паэт і савецкая Беларусь.

1. Янку Купалу можна назваць першым беларускім гісторыкам з увагі на яго глыбокае перажываньне й пераасэнсаваньне шматвяковай мінуўшчыны свайго народу. Але гісторыкам ня ў сэнсе паказу логікі й храналогіі мінулага (у гэтай ролі пасьпяхова выступаў Купалаў сучасьнік, пабрацім па «Нашай Ніве» Вацлаў Ластоўскі), а найперш – праз вострае экспрэсіўнае адчуваньне драматычных калізіяў гісторыі, яе ірацыянальна-сакральнай «прысутнасьці» у сучасным жыцьці. Больш за тое, сама панылая несуцешная цяпершчына выклікае й скіроўвае рамантычную фантазію паэта ў мінулае, пакліканае паказаць стоеную ў ім непарыўнасьць гістарычнае традыцыі, прадказаць дзеятворчую, больш сьветлую персьпектыву. Тым болей, калі само мінулае не пазбаўлена гераічных старонак, пісаных продкамі – старонак няхай прыза6ытых, аднак жа здатных варухнуць, праясьніць чалавечую памяць, узбудзіць у сьвядомасьці вольналюбівыя парываньні: «Пакратай мінуўшчыны попел, / Што ў казках не кінула жыць; / Сягоняшні дзень паймі добра, / Што ўсьлед нашай долі бяжыць» (2,126). Гарачы й пякучы гэты попел, ад варyшэньня якога й нараджаюцца пад пяром Першамайстра вострыя тэзы-антытэзы гістарычнага працэса, а з імі – бінарныя апазіцыі нацыянальнага лёсу Беларусі: слава-няслава, веліч-заняпад, вольнасьць-паняволеньне, гаспадараваньне ў сваёй краіне – халопскае марненьне пад «чужацкай апекай» і г.д. Параўнаем:

Пад магіл навалай
Дрэмле Русь, Літва.
За той тае з хвалай
Легла галава.
Не гудзе ў павеве
Голас вечавы,
Не шукаюць князі
Славы i бітвы.
………………
Войска Усяслава
Не ідзе ў паход
За той бой крывавы,
За свой край, народ.
…………………...
Баіць, гнучы шыі,
Паднявольны люд:
Мы ў сваім чужыя, –
Край забраны тут.
З мінуўшых дзён. 1909 (1 ,93).

Слаўны Гедымін,
Князь Літвы – літвін
У гэтым жыў дамку,
Жыў з дружынаю.
Горда мур глядзеў
На зямлю, як леў,
Не адной бітвы
Тут сыны Літвы
Былі сьведкамі.
Сышоў век, другі
І князі, багі...
Уцяклі з зямлі.
І пайшлі дзянькі
Не такоўскія.
Як катух ля кур,
Дрэмле пусты мур,
Цэгла валіцца ...
Замкавая гара. 1910 (2,199).

Я казак – не казак,
3наў, як волю любіць.
……………….
Што кароны пікой
І пасады ўстрасаў,
А законы крывёй
Самаўладцам пісаў!
Я казак – не казак. 1911 (3, 44).

Taк сьпіш, так жывеш мімаходам
Мой край, як сьцяпная магіла,
З сваім незавідным народам,
З патухшай і славай, і сілай
Мой край. 1910 (2,133) .

Панам быў дома і вольным за домам
Мой патаптаны сягоньня народ
....... ...
З вольнай дружынаю князь на пасадзе
Вольнаму люду законы пісаў...
Людзі чужыя змагаюць мне грудзі,
З новым парадкам, з адменным жыцьцём, —
Роднага краю тутэйшыя людзі
Ў скуру чужацкую лезуць жыўцом
.........
Так грамадзяне свабоднага краю
Ёрмы ўздзелі, у рабства пайшлі,
Прадзедаў слава лазой зарастае,
Памяць мінуўшчыны дрэмле ў зямлі.
Над Нёманам, 1911 (3,12)

Глядзіце, прадзедавы косьці
Ў зямлю калісь за вас ляглі
А вы, як збэшчаныя госьці
Пракляцьцем сталі той зямлі
Прарок. 1912 (3,83)

І многа лет цешыўся, у радасьці цьвіў
І ў долі, і ў волі без меры
Аж покуль ён песьні сваёй не ўгнявіў
І сьветлай не здрадзіў ён веры.
За ласыя словы, за золата звон
Чужацкай шукаць стаў апекі;
Чужынцы запрэглі народ у прыгон,
А песню аддалі на здзекі.
Казка аб песьні. 1913 (3,183)

Ты жыў, ты панаваў у краі родным,
Сьцярог ад чужака й законы ўкладаў,
Звон вечавы сход склікваў народны,
І сход аб шчасьці Бацькаўшчыны дбаў
...............
Сягоньня ўсё сьпіць і зарастае зельлем
Ў ярме сагнулі людзі плечы ў крук.
Свайму народу. 1918 (4,30)

Як відаць з разгорнутых вышэй прыкладаў, вельмі-вельмі незайздросны сучасны вобраз суродзічаў паэта, не раўнуючы іхнім продкам. Малюнак варты жалю і спагады. Аднак паэт не схільны прытаківаць, спачуваць гэтаму жалюгоднаму становішчу. Так, ён сьвядомы зьнешніх прычынаў палітычнага й культурнага заняпаду краіны, на яго думку, абумоўленых неспрыяльнымі геапалітычнымі абставінамі Беларусі – спаконвечнага абшара ўзаемпроціборства Усходу й 3ахаду, у прыватнасьці Расіі і Польшчы, Масквы і Варшавы, а таксама супраціўляльнае кволасьці беларускага духу адстаяць у гэтых крытычных варунках уласную незалежнасьць, нацыянальную тоеснасьць17. І ўсё ж сутнасьць, узмоцнены, да жорсткасьці, пафас Купалавых рэмінісэнцыяў прошласьць-сучаснасьць сканцэнтраваны на нутраных, уласна беларускіх прычынах і пасьледках, на тых духазабойчых хворасьцях у нацыянальным арганізме, якія можна назваць нутраным нявольніцтвам і якія вядомы гісторык адносна другога народу акрэсьліў як «духоўнае халопства»18.
Вось па гэтай халопска-жабрачай пухліне на целе народным рашуча, бы хірургічным скальпелем, сячэ бязьлітаснае і гаючае Купалава слова: «Вам, пакорным рабам не вясны, / Рукі накрыж зламаўшы чакаць» (3,69); «На батракі здаліся ўнукі / На вольнай прадзедаў зямлі. / Пaйшлі ў няволю без прынукі / Як па вяровачцы пайшлі» (6.113); «Як чэзьнеш ты, няшчасны беларусе / I рабства вечнае ўхваляеш пад вакном» (3,201).
З тае ж нявольніцкае прыцярпеласьці зраджаецца i халопскае адрачэнства, калі гадаванцы свае зямлі, збыўшыся гонару і слаўных традыцыяў продкаў, стаюцца сьвядомымі прыгнятальнікамі cвaіx суродзічаў, зацятымі валанцёрамі накінутых іншаземцамі палітычных парадкаў і культурных каштоўнасьцяў, ганарачыся сваімі ўласнымі. З гэтага гледзiшча зьява нацыянальнага рэнегацтва разглядаецца антраполагамі як вынік навязанага абарыгенам іх прыгнятальнікамі самапрыніжальнага ўяўленьня аб саміх сябе – нібы аб народзе гістарычна недаразьвітым, бездапаможным, значыць, непазьбежна асуджаным на апеку мацнейшага суседа або «старэйшага брата». Падобны комплекс нацыянальнай непаўнавартасьці падсілкоўваецца занядбаньнем і ўшчамленьнем роднае мовы, культуры як чагосьці другаснага. Адносна гэтага трупнага явішча, іначай культуртрэгерства, амерыканскі дасьледчык украінскага паходжаньня А.Грабовіч заўважае: «Засвойваючы сістэму каштоўнасьцяў каланізатараў, каланізуемае грамадства пачынае ўcё вастрэй канфліктаваць з самім сабой. Абарыген пачынае ненавідзець сябе і тым самым паглыбляе ўласную мізэрнасьць і падначаленасьць. У выніку падначаленая група (у «беларускім» выпадку абсалютная большасьць карэннага насельніцтва – А.К.) на сваёй уласнай зямлі ператвараеццаў пагарджаную меншасьць» 19.
На пачатку ХХ сталгоддзя, па меры ўзмацненьня нацыянальна-адраджэнскае плыні ў Беларусі, менавіта з гэтага асяроддзя мясцовых рэнегатаў, «образованцев» (тэрмін А.Салжаніцына) і рэкрутаваліся найбольш непрымірымыя апаненты Беларушчыны, зацятыя праціўнікі разьвіцьця беларускай літаратурнай мовы, пашырэньня ўласна беларускай самасьвядомасьці, прыбітай тлустым слоем афіцыйнае ідэалогіі «западнорусизма» (аб “яднаньні «Белорусское общество», «Крестьянин», газеты «Виленский вестник», «Северо-западная жизнь», «Окраины России» ды інш.), усяляк педалюючы сваё «белорусское происхождение», «истинно русский» патрыятызм. Катэгарычных блюзьнерскіх выпадаў супраць нацыянальнага адраджэньня з боку ваяўнічых «тоже белорусов» не зьлічыць. Для прыкладу: «Местной белорусской интеллигенции необходимо не выделять себя из состава русской интеллигенции вообще, так как кроме местного рождения ничего больше белорусского нет: одно отечество, один язык, одна культура, одно прошлое, одно будущее»20. У другім выпадку зусім бесцырымонна, правакацыйна, з перавіраньнем імёнаў айчынных пісьменьнікаў: «Несмотря на свое белорусское происхождение, я не понимаю весьма многих белорусских слов в «6елорусских» книгах, написанных розными Цйотками, Янками Неслуховскими, Мацэями Бурачками, Пранцишкам Богушевичем и другими самоназванными «песьнерами белорусскими». На завяршэньне – аблудная выснова з прысмакам звыклага палітданосу на дзейнасьць беларускіх газетаў, выдавецкіх таварыстваў, створаных, маўляў у падрыўных мэтах: «Итак, вполне очевидно, что нужды в особом книжном и письменном языке для белорусов нет. Если он нужен, то только белорусоманам (у другім выпадку «белоляхам» – А.К.) с целью обособить белорусский народ от остальной русской семьи, чтобы легче было полонизировать его»21.
Не спыняліся аракулы-»единонеделимщики» і перад персанальнымі ўшчуваньнямі беларускіх творцаў, мецячы свае выпады ў галоўнае апірышча, сьвятая сьвятых нацыянальна-адраджэнскarа руху – у беларускую мову, надзейнейшую заруку трывучасьці беларускай супольнасьці як такой: «Если бы Янка Купала не давал «Нашей Ниве» своих стихотворений в переделку (г. зн. пісаў па-руску – А.К), то, естественно, он внес бы некоторую ценность в русское дело... «Наша Нива» истино тормозит развитие белорусской народности и таким образом ведет за собой часть русского народа не вперед, а назад»22. Ускраінных заўзятараў «рускае справы» у Беларусі не пакідалі без падмогі іх ідэйныя хаўрусьнікі з імперскае метраполіі, асьцерагаючы грамадскасьць перад каварствам нібыта «польскіх дзеячоў», наважаных, маўляў, праз стварэньне самастойнай беларускай літаратуры «отколоть белорусов от общерусского ствола, подобно тому, как они сделали это с украинцами» 23.
Трэба заўважыць, што падобныя выпады, толькі з адваротным знакам, супраць беларускага руху здараліся, хоць значна радзей, і з «заходняга», польскага боку, аса6ліва з асяроддзя мясцовых нацыянальных дэмакратаў (перыёдыкі «Кур’ер віленьскі», «Газета цодзенна»), якія па-свойму адмаўлялі беларусам у гістарычна-этнічнай адметнасьці, а факт іх нацыянальнaга адраджэньня трактавалі як штучны, надуманы і скіраваны супраць польскіх інтарэсаў у краі24.
Пры непрыхільным, ня раз варожым стаўленьні «ўсходніх» і «заходніх» крытыкаў да беларускага пытаньня Купала мусіў спрачацца, бараніцца на абодва бакі, цьвёрда даводзячы гістарычныя й маральныя правы свайго народу на самастойнае, без nрымусовага апякyнства звонку, разьвіцьцё (вершы «Хаўрусьнікам», «Чужым», «Па просту», «Кажух і вата», «Сваякі»). Спалучаючы ў палеміцы з «ворагамі беларушчыны» мастацкі вобраз і дакладна адраснае слова публіцыста. Паказальны ў гэтых адносінах артыкул «А ўсё ж такі мы жывём», зьмешчаны ў «Нашай Ніве» 10 ліпеня 1914 году, якую к таму часу ўзначальваў сам паэт. З горыччу іранізуючы над рахманай прыцярпеласьцю суродзічаў да няпрошаных «апекуноў» Беларусі з боку польскага «stanu posiadania», так і «истинных» расейцаў, аўтар выспаведвае суворую, пад той час неаспрэчную праўду: «І вось між гэтымі двума «культурнымі» народамі ідзе ганебны торг – над няшчасным, абняволеным беларусам. Забываюцца і братняя міласьць, і суседская згода, і роўная воля. (...) Душылі палякі, сягоньня душаць і польскія, і расейскія нацыяналісты, ведучы між сабой нікчэмны спор за славянскую душу беларуса, але ўсё гэта мела і будзе мець свой канец». Рух гісторыі неабарачальны. Будзіцца да сьвядомага жыцьця затурканы нявольнік, працірае, узьнімаючы к сонцу, закарэлыя ад векавечнае лухты вочы. Практычныя вынікі распачатае на беларускай ніве самаўсьведамленчае працы ўпаўнаважваюць i аўтара артыкула да аптымістычнае высновы: « Калі зірнем мы на тое, што за некалькі год зроблена беларусамі над падняцьцем свайго нацыянальнага багацтва, то адно душа можа радавацца. У некалькі год мы зрабілі тое, што ў палякаў і расейцаў рабілася чуць не цэлымі сталецьцямі. Выходзіць у сьвет колькі беларускіх газет, друкуюцца кожны год дзесяткі кніжак розных названьняў, закладаюцца беларускія выдавецкія суполкі, кнігарні і т.п. І ўсё гэта робіць сам народ ці сваёй шчырай працай для Бацькаўшчыны, ці сваімі запрацаванымі капейкамі, аддаванымі на беларускія газеты, кніжкі. Мы не знаем ні казённых падачак, ні купленых працаўнікоў. Прaцyем для ідэі і будуем сабе лепшае, новае жыцьцё (...) Дык прaцyйма ж і далей! Не будзе нам страшны гэты пaганы над намі торг нашых нязваных і насланых апекуноў. Ужо цяпер мы можам сказаць ім, як калісь сказаў Капернік аб зямлі: «А ўсё ж такі яна рухаецца!», т.е. а ўcё ж такі мы жывём і будзем жыць!» (8,41-42).
Неадымную, абвостраную ў Купалавай думцы праблему «сваіх і чужыx», а ў ёй праблему «сваіх чужынцаў» пісьменьнік яшчэ выразьней, канструктыўней сфармулюе пазьней, у 1920 годзе, на ўрачыстасьці з аказіі 15-х угодкаў яго літаратурнай працы: «На беларускай зямлі было і цяпер ёсьць шмат фальшывых прарокаў, шмат рэнегацкіх душ, што за лыжку поснай поліўкі з чужой міскі запрадаюць сябе і свой народ у рабства чужынцам. Але гэтага няма чаго баяцца. (...) Перуновым голасам будзем гаварыць з суседзямі сваімі, бліскавічнымі літарамі будзем упісваць сваю гісторыю ў векавечную кнігу гісторыі народаў. (…) 3мaгайся і стань вольным, Беларускі Народ!» (8,93-94).
У літаратуразнаўстве пануе меркаваньне аб проціборным характары nатрыятычнага пачуцьця кожнага сапраўднага паэта, заснаваным на антыноміі любові-ненавісьці25. На ўхваленьні, з аднаго боку, моцных, шляхетных якасьцяў у народзе, а з другога: на выкрыцьці – разбурэньні ўсяго наноснага, адмоўнага, на неабходнасьці cціpaць «случайные черты» /А.Блок/, дзеля эстэтычнае прываблівасьці, гарманійнасьці агульнага вобразу. Яскравай ілюстрацыяй гэтае дыхтаміі сьцьверджаньне-адмаўленьне служаць многія творы ангельца Байрана, немца Гейнэ, рускага Някрасава, укpaінца Шэўчэнкі, палякаў Норвіда і Высьпянскага. Лaгічным працягам згаданага рада выступае і беларус Купала, чыё замілаваньне роднай краінай выпрабавана, загартавана на пякучым, спапяляючым усё наноснае, агні яго паэзіі, публіцыстыкі.
Надзвычай адчувальны гэты паэтычна-ачышчальны напал у паэме «На Куцьцю», на сімвалічна разгорнутым палатне якой выказана ідэя беларускай дзяржаўнасьці, экспрэсіўнымі сродкамі рамантызаванае сімволікі завостраная праблема духоўнага й палітычнага абнаўленьня заняпалага, магутнага ў мінулым народу. Вуснамі міфалагізаванага князя – выразьнікa нацыянальнaга валадарства, прадказальніка лепшае долі зьняможаным у няволі супляменьнікам:

Не ўмруць, не ўмруць ужо яны,
Раз хочуць coнца, славы, песьні;
3аб’юць ім зычныя званы
Прабудным звонам напрадвесьні.
Сваёй забранай старане,
Скаванай мучаніцы-княжне,
Ўзьнясуць пасад на кургане
На панаваньне недасяжне (6,70).

Ранейшая савецкая крытыка, а часткова, па інерцыі, і сучасная, мела, мае немалыя копаты з тлумачэньнем шматслойнага, па сутнасьці невычэрпнaга сэнсу гэтага і другіх падобных сімвалічных твораў Купалы, змоўчваючы стрыжнявую ў іx ідэю, дзяржавасьцьвярджальны пафас. У БССР, дзяржаўная радаслоўная якой адлічвалася выключна ад усталеньня на Беларусі савецкае ўлады, ужо сам напамін, а тым болей падкрэсьленая апеляцыя да даўніх валадарніцкіх традыцый краіны кваліфікаваўся чысьцейшай выдумкай, калі не данінай буржуазнаму нацыяналізму. І Купалава акцэнтаваньне дзяржаўніцкага вобліку старадаўняе Беларусі (перыяды Полацкага княжаньня, Вялікага княства Літоўскага) звычайна прадстаўлялася вынікам мастацкае міфалагізацыі, ідэалізацыі, маўляў, пазбаўленых канкрэтных гістарычных рэаліяў. У ахвяру партыйна-клаcавaму, сацыялагізаванаму пурытанізму прыносілася нацыянальна-дзяржаўная сутнасьць, пераемнасьць гістарычнага разьвіцьця Беларусі26.
А між тым гаворка мaгла б і павінна ісьці рэчышчам не процістаўленьня, але ўзаемадапаўняльнасьці навуковай і мастацкай трактовак гісторыі, узаемазалежнасьці а6едзьвюх формаў пазнаньня: гістарычнага факту і мастацкага сімвалу, гісторыяграфіі і гісторыясофіі, або «метагісторыі» (выраз канадскага гісторыка Ф.Андэрхілла). Інакш – універсальнага спосабу «праніклівасьці й празарлівасьці»27.
Якраз гэты гісторыясафічны падыход да праблемы бачыцца нам найбольш прыймальным і адпаведным у распазнаньні семантычнaга напаўненьня Купалавых вобразаў-сімвалаў, зроджаных з рамантычна- экспрэсіўнага перажываньня нацыянальнае гісторыі, менавіта як гісторыі трагічнага разлому, з пераадоленьня якога і ствapaeццa праекцыя лепшае будучыні, што складае «сутнасьць ідэалогіі нацыянальна-адраджэнскага руху»28. У іх ліку – вобразы Долі, Крыўды, Грамады, 3абранага краю, Кургана і, у прыватнасьці, Пасада. Той апошні ласьне і ўвасабляе сабой найбольш актыўнае, канцэнтраванае перастварэньне Паэтам трагічнасьці гістарычнага быцьця ў жыцьцёсьцьвярджальную персьпектыву народнага руху. 3апынімся над гэтым вобразам.

2. У самы раз адцеміць, што само паняцьце пасaду ў дзяржаўніцкім значэньні сягае сваімі вытокамі да старабеларускага пісьменства. У гэткім aкypaт разуменьні яно зафіксаванае «Беларуска-расейскім слоўнікам» Я.Станкевіча29: пасад 1. престол, трон манарха. Xаця існуе і другое, вузейшае тлумачэньне, зьвязанае з народнай традыцыяй вясельнага абраду: месца на куце для маладой, што таксама адлюстравана ў слоўніках. Прыкладам, у Насовіча: «Благословице молодзицу на посадъ посадзици. Таточка мой, мамочка моя, благословице мене на посадъ сесци, на Божжее место, подъ вышшим вокномъ, подъ Божимъ крыломъ»30.
Купала спалучае абодва ўзаемапранікальныя значэньні, літаратурна-пісьмовае і народнае міфа-паэтычнае, у залежнасьці ад тэматычнае скіраванасьці твору. Аднак для мастацкае экіпіроўкі ідэі дзяржаўнасьці паэт найперш і найчасьцей паслугоўваецца першым, так бы мовячы, палітычным варыянтам:
«А калі ж нам прыдуць весьці, / Што пара ўсім засесьці / На пачэсным на пасадзе, / Ў роўнай долі, ў роўным радзе» (7.1 06); «На сьвет цэлы гатоў твой прыгон апеці / і ўзьняць пасад на магільнішчах тваіх” (3,80); “На пасадным месцы селі б / Права і закон”(3,40); “Новы ўзьнесьць пасад / Сьмела ў бітву йдзе нясьмелы / Ў бой за лепшы час” (4,33).
З тэмай пасаду перагукваецца матыў валадарства (гаспадараваньня), валадара (гаспадара) – у якасьці неадымнага складніка дзяржаватворчае думкі Купалы. Зноў жа голас Маладой Беларусі – выклік цемры, прыгнёту, зьневажаньню: “Сьвету цэламу лжывыя вочы пратру, / Што ўладарка я тут, не ўмярла і не ўмру” (2,47). Сьледам – рашучы купалаўскі заклік: “Гаспадары мы ў сябе, а не госьці, / Час к панаваньню нам сьлед церабіць!” (3,83).
Як вынікае з цытаваных прыкладаў – іх можна доўжыць – ідэя валадарнага пасаду была для Купалы не нейкім эпізадычным, прамінальным вобразам, або мастацкай дэтальлю, але ўстойлівым контрапунктным сімвалам яго паэтычнага і палітычнага сьветагляду. Ідэі, здатнай з сімвалічнай ўмоўнасьці пераўвасабляцца ў жывую намацвальную плоць у новых, рэальных умовах практычнага зьдзяйсьненьня ідэалу. Пачаткам такога зьдзяйсьненьня стала спроба нацыянальна-дзяржаўнага самавызначэньня Беларусі ў 1917—1920 гадах, праз той самы Усенародны сход (Усебеларускі зьезд у сьнежні 1917), мастацкую версію якога пракламаваў Купала ў драме “Раскіданае гняздо”, пазьней ў вершах “На сход!”, “Час”. Спроба, як вядома, перакрэсьленая супраціўным стаўленьнем да гэтага самавызначэньня абодвух суседзяў Беларусі – бальшавіцкае Расіі, а сьледам адноўленае польскае дзяржавы.
Для прадстаўнікоў першага з іх, узурпатараў улады на беларускім абшары, у выніку Кастрычніцкага перавароту, творцаў так званай “Западной области” і “Западной коммуны”, Беларусь як самабытная этнічная адзінка наогул не існавала31. Другі, у асобе Начальніка Язэпа Пілсудскага і яго атачэньня хоць і прызнаваў за беларусамі пэўную гісторыка-этнічную адметнасьць і нават падчас акупацыі Беларусі часткова падтрымліваў яе нацыянальна-культурны рух, аднак дзяржаўнае самасьцьверджаньне ў асобе Беларускай Народнай Рэспублікі таксама адрынуў32.
“Нашы суседзі нябожна паганьбілі нас” (4,91), – роспачнае абурэньне Купалы двухбаковым пасягальніцтвам, блакаваньнем незалежніцкіх памкненьняў узмацняецца заклікам да суродзічаў выказаць належную цвёрдасьць, грама­дзянскую рашучасьць дзеля зьдзяйсьненьня запаветнае мары – вольнага гаспадараваньня ў сваёй вольнай краіне:

Паўстань з народу нашага Ўладар,
Адбудаваць свой збураны пасад,
Бо твой народ забыў, хто гаспадар
І хто яго абдзёр з каронных шат.
На Ўладара жджэ Беларусь даўно.
.....................................
Пад беларускі сьцяг прыйдзі, Ўладар!
Паўстань. 1919 (4,66)

Абок мастацкіх абагульненьняў зьмястоўнай гісторыка-палітычнай фактурай насычаная Купалава публіцыстыка таго драматычнага, лёсавызначальнага часу – адмыслова прааналізаваная дасьледчыкамі33. Артыкулы ўжо аднымі назвамі выразна сьведчаць аб палітычных поглядах, дзяржаўніцкай мэтанакіраванасьці й пераканальнасьці іх аўтара: “Беларускі сьцяг уваскрос!”, “Незалежнасьць”, “Незалежная дзяржава і яе народы”, “Беларускае войска”, “Справа беларускага нацыянальнага гімна”, “Торжышча”, “Моладзь ідзе”. Тут, як і раней, пісьменьнік-публіцыст паўстае перад чытачом удумлівым аналітыкам мінулых і сучасных абставінаў разьвіцьця свае краіны, яе няпростых адносінаў з тымі ж суседзямі, Расіяй і Польшчай – варожымі адраджэньню беларускай дзяржаўнасьці, гатовымі “нашу незалежнасьць утапіць ў ложцы вады сваёй незалежнасьці” (8,76).
Беларусі, урэшце, не ёй адной сярод “ускраінаў” былой царскай Расіі не выпала самавызначыцца ў нацыянальна-дэмакратычным фармаце. Пэўна, заважыў на тым вельмі неспрыяльны зьбег зьнешніх, фактычна акупацыйных абставінаў. Але ня толькі. У тых крытычных умовах занадта сьціплым, слабадзейсным аказаўся ўнутраны патэнцыял беларускага вызвольнага руху: нікласьць адпаведнай сацыяльнай базы, самасьвядомасьці, нацыянальна-пратэстнага парываньня ў самім народзе34 , з чым, як ужо адзначалася, ніколі не мірылася шчырая апостальская натура яго Паэта-выспаведніка. Аб гэтым сумным сумяшчэньні зьнешняга нявольніцтва і нутранае немачы – многія вострапалітычныя вершы Купалы 1918- пачатку 20-х гадоў: “Крыўда”, “Свайму народу”, “Беларускія сыны”, “Паязджане”, “На сход!”, “Пчолы”, “На біблейскія матывы”, “25.111. -1918-25.111.1920 (гадавіна-памінкі)”, “Перад будучыняй”, тарпна названыя В.Быкавым трагічнымі гімнамі беларускай нацыі35. Пэўнай сінтэзай гэтай паэтычнай публіцыстыкі стаў саркастычны Купалаў верш “Ня плюй у карытца” (1922), народжаны пад уражаньнем расчляненьня беларускае тэрыторыі ў выніку расейска-бальшавіцкага і польскага проціборства, завершанага мірным дагаворам у Рызе, і ... дзяржаўным самасьцьверджаньнем Беларусі – з дужа акроеным абшарам (амаль трэцяя частка яе сучаснае тэрыторыі) 36:

А нам чужы статут
Паднёс пяць* паветаў, –
Жыві і ўладай тут,
Ну, дзякуй за гэта!..
.................
І “польскі”, і “рускі”,
І ўсякі чорт іншы
На сказ беларускі
Плюе – не купіўшы –
Каб нам, беларусам,
І немач, і ліха...
А мы што? – пад вусам
Бармоча ціха:
Не плюй у карытца –
Прыдасца напіцца” (9, кн.2,8)

Тым ня менш, дзяржаўнае самавызначэньне Беларусі адбылося, хаця ў не зусім натуральным, падкалечаным выглядзе, аднак жа адбылося, дзякуючы, не ў апошнюю чаргу, яе незалежніцкім парываньням. Як і на скутак парадаксальнага зьбегу тых самых неспрыяльных вонкавых абставінаў, у прыватнасьці ў выніку паражэньня Чырвонае Арміі ў савецка-польскай вайне (“cud nad Wisі№”) і правалу бальшавіцкае стратэгіі на сусьветную рэвалюцыю37. Утварылася Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, на дзяржаўніцкі статус якой мусілі пагадзіцца бальшавікі, хоць пераважна з тактычна-стратэгічных меркаваньняў. Аднак і савецкі варыянт дзяржаўнасьці ня быў для Беларусі велікадушным падарункам бальшавіцкага цэнтру. Пазітыўнае разьвязаньне беларускага пытаньня ў многім абумовіла прынцыпова пасьлядоўная пазіцыя беларускага крыла ў самой РКП/б/, чый нацыянальна-дзяржаўніцкі, савецкі варыянт Беларусі ўсё ж такі перакрэсьліў рэгіянальную “западно-коммунную” хімеру яе зацятых апанентаў. Ня лішне пры гэтым адцеміць наступную акалічнасьць. Пачынальнікі-арганізатары БССР – Зьм. Жылуновіч (паэт Цішка Гартны), Язэп Дыла, Аляксандр Чарвякоў, Фабіян Шантыр ідэйна вырасталі з нацыянальна-адраджэнскага, “нашаніўскага” руху, ня без уплыву на іх паэтычнай, грамадска-палітычнай харызмы Янкі Купалы.

3. Ды і сам Паэт ня мог заставацца і не застаўся абыякавым да дзяржаўна-савецкага самавызначэньня свае радзімы. Пры ўсім пры тым для беларусаў наставала эпоха ўласнага гаспадараваньня ва ўласным Доме – няхай і абмежаванага жорсткім наглядам усемагутнага бальшавіцкага цэнтру. Аднак прагнутая ідэя пасаду пачынала зьдзяйсьняцца. І гэты гістарычны факт пасьля горкіх расчараваньняў і сумненьняў Купала ўсё ж вітае ўзнёслым словам:

Беларусь на куце
Ў хаце сваёй села, —
Чарка мёду ў руцэ,
Пазірае сьмела.

Аддаючы, пад нагоду, належнае яе цягавіта-“мужычай” незьнішчальнай трывучасьці:

Та ж яна з мужыкоў,
А як выйшла ў людзі!
Як міне больш гадкоў,
Што тады ўжо будзе?!
Безназоўнае. 1924 (6,125)

Праўда, вясельле “кароннае” ў Беларускай хаце не пазбаўленае стоеных і яўных дысанансаў, пэўнай неадпаведнасьці настрояў нявесты, Маладой Беларусі ў вобразе “вясельніцы засмучанай” і нарачонага, “вясёлага жаніха”38. Таго самага ўладна-безагляднага пралетарыя, якому прывід сусьветнага панаваньня куды даражэй, істотней ад клопатаў уласнае радзімы: “Мне Бацькаўшчынай цэлы сьвет, – са скрушлівай іроніяй заўважыць Купала ў наступным творы, – Ад родных ніў я адвярнуўся...” (4,124).
Смутак, неадольная трывога будуць і надалей вярэдзіць чулае сэрца паэта, выяўляючы глыбокі псіхалагічны разлад, балючае сутыкненьне неразьвязаных антыномій у яго паглядзе на акаляючую рэчаіснасьць. Дзе парасткі новае маладое руні поўняць істоту песьняра сьветлым жыцьцелюбствам, непадробленай верай у лепшае: “На чорных пажарышчах дзён мінулых / Народ сабе сам ладзіць гаспадарку. / І веру. Не прадасьць ён за чужую скварку / Ані сваёй зямлі, ані сваіх дум чулых” (4, 129). І адначасова выклікае ў ім духоўны супраціў самаўпраства новага ўладара, “раскаванага раба”, глухога да спаконвечных вольналюбівых парываньняў народу: “Дакуль іх будзе панаваньне. / А рабства нашае трываць / І адымаць у нас прыстане / І путы вечныя каваць?” (4,131). Падобны глыбозны перапад паміж адраджэнскім ідэалам і фактычнымі абставінамі яго зьдзяйсьненьня ня менш балюча перажыў і Якуб Колас: “Кавалі другія, а ланцуг той самы...” (зб. “Водгульле”, 1922).
У сьвятле ўсяго сказанага некалькі рытарычным уяўляецца нам пытаньне пра адносіны Купалы да савецкай рэчаіснасьці. Сутнасьць праблемы мабыць ня ў тым, прымаў ці не прымаў паэт новую рэальнасьць, быў ці ня быў ён унутраным эмігрантам і закладнікам пануючага ладу39. Пэўна ў грамадзянскай лірыцы паэта 20-х гадоў, сугучнай з аб’ектыўнымі сацыяльна-палітычнымі, культурнымі пераўтварэннямі ў краіне, выразна праглядваюць “ня чыста бальшавіцкія, а нацыянал-камуністычныя (правільней было б нацыянальна-дэмакратычныя – А.К.) адценьні”40. Галоўнае ў чымсьці іншым. Усенародна ўганараваны песьняр быў і застаўся са сваім народам, дзелячы з ім і лепшыя набыткі, спадзяваньні і пакутлівыя расчараваньні, непазьбежныя ў драматычную эпоху сацыяльных, маральных канфліктаў і ўзрушэньняў. І ў савецкіх умовах ня быў ён самотным у сваім творчым і асабістым перажываньні беларускага лёсу. Трымаў цесную непасрэдную лучнасьць з грамадскасьцю, уключна з віднымі прадстаўнікамі афіцыйнае улады – Я.Адамовічам, А.Чарвяковым, Ус.Ігнатоўскім, М.Галадзедам, А.Баліцкім, С.Некрашэвічам, Д.Прышчэпавым, ня кажучы пра былых дзеячоў БНР – Я.Лёсіка, В.Ластоўскага, А.Смоліча, А.Цьвікевіча, якія на культурнай і навуковай дзялянках сьвядома супрацоўнічалі з савецкай уладай у інтарэсах агульнага Беларускага Дому і якія з Купалам падтрымлівалі як найбліжэйшую службовую і таварыскую сувязь.
Так, Купала прыняў савецкі лад, перажыўшы перад тым немалы крызісны надлом, паколькі яго разуменьне карэнных пераўтварэньняў у грамадстве разыходзілася з барыкадна-разбуральнай ідэалогіяй бальшавізму, з “радасьцю нажа”41. Аднак паэт вітаў дзяржаўна-рэспубліканскае самасьцьверджаньне сваёй краіны ў складзе многанацыянальнага СССР. І ўсё ж прымаючы відавочныя пазітывы новай рэальнасьці яго ўражальная натура рашуча працівілася, бунтавала супраць усялякага палітыка-ідэалагічнага дыктату, маральнага блюзьнерства партыйна-адміністратыўнае сістэмы, асабліва калі яе практычныя дзеяньні відавочна супярэчылі натуральнай хадзе беларускага жыцьця, інтарэсам тае ж дзяржаўнасьці, роднае беларускае мовы – адвечнай закладніцы русіфікатарскае палітыкі царызму, метастазы якой станавіліся што раз нясьцерпнымі ва ўмовах дакляраванага роўнапраўя і афіцыйнае беларусізацыі (вершы “Царскія дары”, “Каб...”, “Адшчапенцам (Заходнім)”, “Акоў паломаных жандар”).
Да таго ж і сама сістэма даволі чуйна наглядала за Паэтам, бесцэрымонна скідваючы шлагбаум перад яго нібыта крамольнымі рэчамі. Адразу ж пасьля надрукаваньня выдзіраецца з часопісу “Адраджэньне” цытаваны на пачатку Купалаў верш “Перад будучыняй” (1922), зачыняецца на першым жа нумары й само выданьне, разам з аднайменным выдавецкім таварыствам. У лістападзе 1926 году здымаецца з тэатральнай пастаноўкі Купалаў трагіфарс “Тутэйшыя” – дзёрскі драматургічны памфлет на акупацыйныя, уключна з бальшавіцкімі, рэаліі ў Беларусі 1918—1920 году, а найбольш – на бытавое, нацыянальна ўшчэрбнае мяшчанства тутэйшых насельнікаў, інэртных да іншаземнага засільля, як і да шляхетнага парываньня аднаго з іх (настаўнік Янка Здольнік) “душу народную выявіць у сваім “я” і сьмела сягнуць па сваё неадымнае права самім распара­джацца гэтым сваім ”я» (7,289).
Ня дзіўна, Кесар ня мог даўжэй талераваць свабодалюбівы “Божественный глагол” паэта, яго незалежніцкую натуру – жывое ўвасабленьне лепшых партыятычных сілаў краіны, “сьцяг нацыянал-дэмакратызма”42. Раздражненьня на гэты конт не ўтаілі і аўтары Дакладу старшыні Камісіі ЦКК ВКП/б/ па выніках праверкі нацыянальнае працы ў БССР (чэрвень 1929). Працытаваўшы ў сваім дакладзе фрагмент з “Тутэйшых” чуйныя аналітыкі з Масквы (матэрыял будзе дасланы асабіста Сталіну) сфармулявалі і сваё ўласнае меркаваньне: “Таким образом, националистические поэты советский пирог кушают, но делают своё. Кроме нескольких революционных стишков... до сих пор из Я.Купалы ничего выжать не удалось, а носятся с ним, как с писаной торбой”43. Сьледам – катэгарычная выснова: “Необходимо решительно прекратить слишком затянувшуюся политику заигрывания с верхушкой интеллигенции”44. Пара адноснае дэмакратычнасьці, так званага “нацыянальнага НЭПу” ў Беларусі завяршалася. Практычныя вынікі адыёзнага “прекратить” не заставілі сябе доўга чакаць.
Ужо праз год ад спомненае праверкі, з санкцыі ЦК ВКП/б/ у рэспубліцы пачнуцца масавыя рэпрэсіі ў стасунку найбольш прыкметнай, нацыянальна дзеятворчай інтэлігенцыі і патрыятычна настроенага савецкага актыву – згодна з сцэнаром, распрацаваным у кабінетах ГПУ (справа так званага “Саюзу вызваленьня Беларусі”). Купалу ў задуме сцэнарыстаў правакацыйнага дзейства адводзілася роля “идейного центра нацдемократической контрреволюции”, як аб гэтым даносіў у Маскву галоўны партсаноўнік БССР, інфармуючы аб спробе самагубства паэта45.
Трагічныя падзеі прадвызначылі далейшы, далёка незайздросны лёс Купалы. Аднак пасланьніцкае пакліканьне народнага Песьняра-мысьляра да гэтага часу зьдзейсьнілася. Разам з яго працінальна запаветным радком:
Мне сьняцца сны аб Беларусі ... (4,124).

На канве гэтага верша (О, так, я пралетар ...) А.Луцкевіч зрабіў падагульняючую выснову творчай і жыцьцёвай эвалюцыі аўтара “Жалейкі”, “Шляхам жыцьця”, “Спадчыны”: “З вясковага хлопца вырас вялікі паэта – волат слова, вырас правадыр свайго народу. Ён – адбіцьцё душы свайго народу”46. Важкае меркаваньне – сугучнае прарочаму таленту самога Творцы.
Можна сабе ўявіць, аб чым думаў, што перажываў Янка Купала, калі ў чэрвені 1941 году, напярэдадні нападу гітлераўскае Германіі на Савецкі Саюз, перадаў былому лідэру “нашаніўства” і ўзноўленай беларускай дзяржавы (БНР), зьняволенаму ў менскай вязьніцы НКВД, цёплыя рэчы перад этапаваньнем таго ў далёкую, як аказалася, трагічна незваротную дарогу47.
Годам пазьней гэткі ж трагічны лёс, пры іншых, зьнешне спрыяльнейшых абставінах, напаткае і нашага Паэта.

Заўвагі:
1. Бяляцкі А. Літаратура і нацыя. Менск.: Арт Гейзер, 1991; Рагойша В. Купалаўская канцэпцыя дзяржаўнасьці Беларусі // Зьвязда, 1992, 4,06; Гніламёдаў Ул. “Цяпер беларускай я песьні ўладар”. Янка Купала і адраджэньне нашай дзяржаўнасьці // Беларуская думка, 1992, №2; Казьбярук Ул. Прарок нацыянальнага адраджэньня // Полымя, 1993, №10; Гаранін Л.Я. Нацыянальная ідэя ў беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя. Мінск.: “Беларуская навука”, 1996; Спадчына Янкі Купалы і яго музей у сучасным асэнсаваньні. Мінск.: Беларускае выдавецтва “Хата”, 1996; Кавко А.К. Янка Купала: драма поэтической судьбы // Нация. Личность. Литература. Вып. 1. М.: “Насьледие”, 1996; Жук І. Сустрэчны рух. Літаратурныя эцюды. Гродна, 1998; Янка Купала – публіцыст. Мінск.: “Беларускі кнігазбор”, 1998; Санюк Дз. Эстэтыка творчасьці Янкі Купалы. Мінск.:”Беларускі кнігазбор”, 2000; Янка Купала і праблемы беларускага самапазнаньня. Мінск.: “Беларускі кнігазбор”, 2000; Тычка Г. Янка Купала і савецкая ўлада // Полымя, 1999, №1; Янка Купала і Якуб Колас у кантэксьце славянскіх літаратур. Мінск.: “Беларуская навука”, 2003; Янка Купала і еўрапейскі літаратурны працэс. Мінск.: “Беларускі кнігазбор”, 2003; Литературная классика в диалоге культур.М.: Картгеоцентр-Геоиздат, 2003. Стымулюе пазнавальны працэс і вяртаемая на Бацькаўшчыну беларуская купалазнаўчая думка на эміграцыі (працы Ант.Адамовіча, Ст. Станкевіча, Я.Станкевіча ды інш.).
2. Купала Я. Поўны збор твораў у 9-ці тамах. Т.4. Менск. “Мастацкая літаратура”, 1997. С.94.
3. Каўка А. Маладая Беларусь : нацыянальная ідэя, мастацкі ідэал // Янка Купала і праблемы беларускага самапазнаньня... С.122-128.
4. Гілевіч Н. Публіцыстыка Янкі Купалы і сучаснасьць // Янка Купала – публіцыст.
5. Turonek J. Wacіaw Iwanowski i odrodzenie Biaіorusi. Warszawa “Gryf”, 1992, S.29.
6. Polisander Heb. (Луцкевіч.І.) Das totgesagte Weissrussland // Ruthenische Revue, 1904, Erstes Oktoberheft. N19. S.533-538
7. “Зара кожнага нацыянальнага адраджэньня пачынаецца ня розумам, а сэрцам, – пісаў адзін з ідэолагаў беларускае дзяржаўнасьці, – Паэт – вось хто звычайна зьяўляецца ініцыятарам абуджэньня, вось хто адкрывае першую страніцу “Новага Завета”. Роля вучонага – чародная і другарадная – яна выцякае, сьледуе за роллю паэта. // Цьвікевіч А. Аб аргумэнтах ад роздуму і аб аргумэнтах ад сэрца. –Спадчына, 1998, №1. С.25.
8. В[ладимир] С[амойло]. «Жалейка» Янки Купалы // Минский курьер, 1908, 23.08
9. У гэтым абаронча-вызвольным сэнсе лічым слушнымі вызначэньні паняткаў нацыяналізма, нацыяналістычнага руху Э.Геллнерам (E.Gellner), Э.Сьміт (A.Smith): Геллнер. Нации и национализм. М.: «Прогресс», 1991.С.23; Сьміт Э. Нацыяналізм у дваццатым стагоддзі. Менск.: Беларускі Фонд Сораса, 1995. С.180
10. Адамовіч Ант. Пад нацыянальным сьцягам // Фрагмэнты філязофіі, культуралёгіі, літаратуры, 1996. С.168.
11. Гарэцкі М. Гісторыя беларускай літаратуры. Менск: «Навука і тэхніка», 1992. С.319.
12. Доўнар-Запольскі М. Гісторыя Беларусі. Менск.: «Беларуская Энцыклапедыя», 1994.С.414.
13. Кобрын М.У. Янка Купала – ідыёлаг беларускага нацыянальнага руху // Янка Купала і Якуб Колас у кантэксьце славянскіх літаратур. С.189
14. Яновіч С. Канец Купалаўскай уяве нацыі // Крыніца, 1998, №2.С.38-39.
15. Санюк Дз. Эстэтыка творчасьці Янкі Купалы. С.25.
16. Навіна Ант. [Луцкевіч А.] Янка Купала як прарок Адраджэньня. Вільня.: выданьне аўтара, 1932.
17. Падрабязьней гл.: Каўка А. «Усход» і «Захад» у мастацкім сьветабачаньні Янкі Купалы // Беларусь паміж Усходам і Захадам. Беларусіка. Albaruthenica. Вып.6 Ч.ІІ. Менск. Нацыянальны навукова-асьветны цэнтр імя Ф.Скарыны, 1997. С. 184-190.
18. “Гэтае духоўнае халопства нявольніка, якога так доўга білі па твары, што не толькі выбілі ў ім усялякую чалавечую годнасьць, але й перайначылі ў паслушніка няволі і халопства, у іхняга апалагета і панегрыста”. – Грушевській М. Хто такі украпнци и чого вони хочуть. Кипв. 1991. С.139.
19. Цыт. Паводле: Рябчук М. Імперскі выклік, нацыянальны адказ: сутнасьць атаясамліваньня дзвюх міталёгій // Фрагмэнты філязофіі, культуралёгіі, літаратуры, 1998. С.12.
20. Н.Б.Г. Две культуры // Северо-западная жизнь, 1912, 20.ХІІ.
21. Божелко Г. Нужен ли особый окраинный книжный белорусский язык? // Литовская Русь, 1912, 28.04.
22. Коронкевич П. Не вперед, а назад // Виленский вестник, 1913, 11.07.
23. Волков Л. “Украинство” и белорусский сепаратизм // Московские ведомости, 1912, 11.05.
24. Смалянчук А. Паміж краёвасьцю і нацыянальнасьцю. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях 1864 – люты 1917 г. СПб.: Неўскі прасьцяг, 2004. С.345-346. Безнадзейна песімістычнай уяўлялася доля беларусаў як этнаграфічнага матэрыяла для Расіі і Польшчы – кансерватыўнаму польскаму гісторыку: “Biaіorusini pozastaj№c materiaіem etnograficznym dla Polski, na zachdnich swych terytoriach przeobrazaj№cy siк w Polakow, na Wschodzie w Moskali”. — Studnicki Wі. W sprawie stosunku politycznego Polski do jej ziem wschodnich. Warszawa, 1919. S.12. Аднак жа крыху раней з таго ж польскага берага прагучэлі цалкам адрозныя ад згаданага галасы, салідарныя з беларускім адраджэнчым рухам. Прыкладам: Беларусы “не павінны стаць ахвярай ні русіфікацыі, ні паланізацыі, ім належыць самавызначыцца на падставе ўласнае культуры, моўнае і традыцыйнае тоеснасьці”. – Jankowski Cz. Narуd Polski і jego ojczyzna. Warszawa, 1914. S.37. Аптымістычную персьпектыву за беларускім рухам сьцьвердзіў таксама знаны дзеяч польскага сацыялістычнага руху, дасьледчык Балеслаў Ліманоўскі, прыязна адзначыўшы абуджэньне на Беларусі нацыянальнае самасьвядомасьці. – Limanowski B. Dzije Litwy. Warszawa, 1916. S.16. Адмысловую працу, прысьвечаную мінуламу, нацыянальна-культурнаму адраджэньню Беларусі прысьвяціў Л.Васілеўскі: Wasilewski L. Litwa і Biaіorus. Przeszіoњж – Terazniejszoњж – Tendencje rozwojowe. Krakуw, 1912.
25. Небольсин С.А. Пушкин и европейская традиция. М.: «Наследие», 1999. С.133.
26. Прыкладам: “Мінулае, гісторыя роднага краю не давалі паэту магчымасьці зачапіцца фантазіі за якую-небудзь прасьветліну ў жыцьці селяніна” (можна думаць, што іншага, апроч “сялянскага”, жыцьця ў даўняй Беларусі не існавала – А.К.). – Навуменка І.Я. Янка Купала – духоўны воблік героя. Менск.: “Навука і тэхніка”, 1967. С.64. Або : “за гісторыю зачапіцца паэта не можа: мінулае – суцэльная чорная ноч”. – Тамсама. С.137. Гэты ж тэзіс аўтар паўторыць, хоць у менш катэгарычнай форме, і ў нашы дні: Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя ў чатырох тамах. Т.1.Менск.: “Беларуская навука”, 1999.С.169, 170.
27. Цыт. пав.: Грабович Г. Шевченко як міфотворець. Кипв, 1991. С.179. Рускія навукоўцы на прыкладзе літаратурнага разьвіцьця свае краіны ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя вызначаюць гісторыясофію як своеасаблівую лагічную форму ірацыянальнага заглыбленьня ў гістарычнае быцьцё чалавека, у якой не прадбачыцца дасьледваньне прычыннай сувязі падзей, абумоўленых рацыянальнымі ведамі, але “на першы план выходзіць трагічнасьць гістарычнага разьвіцьця, інтуітыўна перажываемага ў досьведзе філасофіі “агульнай справы». – Лоскутов В., Семочкина М. Русская историософия: мистерия и мистика духа // Человек, бытие, культура. Переяславль-Хмельницкий. 1991. С.57.
28. Конан Ул. У пошуках страчанага раю // Полымя, 2004, №4. С.205.
29. Станкевіч Я. Белорусско-русский (Великолитовско-русский) словарь. N.Y.: Lew Sapeha. Greatlitwan (Byelorussian) Foundation. P.841
30. Насовіч І.І. Слоўнік беларускай мовы. Менск.: “Беларуская Савецкая Энцыклапедыя”, 1983 (факсіміле выд.1870 г.). С. 476-477.
31. “Мы считаем, что белорусы не являются нацией, – сьцьвярджаў на старонках газеты “Зьвезда” (1918, 6 окт.) В.Кнорын, адзін з лідэраў спомненай “Заходняй вобласьці”, – и что те этнические особенности, которые отделяют их от остальных русских, должны быть изжиты”. Альбо: “Потуги белорусской националистической интеллигенции, — далдоніў другі бальшавіцкі дзеяч “западнорусского” разьліва, — напрасны...Пусть примут это к сьведению белорусские писатели”. – “Звезда”.1919, 5,02
32. “Я за некаторыя значныя саступкі ў культурным разьвіцьці беларусаў, — заявіў Я.Пілсудскі ў Вільні 1 лютага 1920 г., – але палітычных саступак на карысьць беларускай хімеры рабіць не хачу” (”politycznych ustкpstw na korzyњж fikcji biaіoruskiej czyniж nie chcк”) – APAN. Diariusz M.S.Kossakowskiego. T. 5/1/ S.69. Гл. таксама: Цьвікевіч А. “Візіт да Пілсудскага”. Публ.: Ліпецкі Э.А., Міхнюк У.М.// Маладосьць, 1993, №1. С.229.
33. Янка Купала – публіцыст...
34. Сказаным мы аднак не схільныя паменшваць уздзеяньне беларускага вызвольнага руху на разьвязаньне справы дзяржаўнасьці Беларусі няхай сабе ў савецкай, усечанай мадэлі, якую некаторыя аўтары лічаць чымсьці выпадковым, не зьвязаным з уласнымі нацыянальна-вызвольнымі намаганьнямі беларускага грамадства (гл.: Радзік Р. Беларусь і Сярэдне-Усходняя Еўропа // Быць альбо не быць сярэднееўрапейцам... Сучаснае польскае мысьленьне. Мінск. 2000. С.334). Сапраўды, гэтых намаганьняў было замала для аптымальнага, скажам, на ўзор Літвы, Латвіі, Польшчы, дзяржаўнага самавызначэньня беларусаў. Аднак яны былі дастаткова адчувальнымі, каб іх краіна ў хітраспляценьні міжнародных канфліктаў такі прабілася, “прапісалася” на карце Еўропы.
35. Быкаў на свабодзе. Радыё Свабода, 2004. С.20
36. Гл.: Казлоў Л., Цітоў А. Беларусь на сямі рубяжах. Менск.: “Беларусь”, 1993. С.148 ды інш.
37. Wojna R. Wojna domowa w Rosji a Biaіoruњ // Polska-Biaіoruњ 1918—1945. Warszawa. 1994. S.40, 41; рэцэнзія А.Смаленчука на кнігу Z.Szybeki “Historia Biaіorusi 1795—2000” (Lublin, 2002) // Спадчына, 2002, №2-3. С. 299
38. Багдановіч І. Нацыянальная ідэя ў паэтычных сімвалах 10-20-х гадоў ХХ стагоддзя // Беларусіка. Albaruthenica. Вып.22.Мінск.:”Беларускі кнігазбор”, 2001. С.89,90.
39. Адамовіч Ант. Супраціў саветызацыі ў савецкай літаратуры // У яго кн.: Творы. Нью Ёрк: Беларускі Інстытут Навукі і Мастацтва, 2003. С.141, 175 ды інш.
40. Тамсама. С.198
41. Жук І. Сустрэчны рух. С.134.
42. Нацыянальны архіў РБ, ф.60, воп.3, адз.зах.840, а.26
43. Нёман, 1993, №9. С.134
44. Тамсама. С.147.
45. Ліст першага сакратара ЦК КП/б/Б Б.Гея сакратару ЦК ВКП/б/ П.Постышаву// Платонаў Р.П. На крутым павароце. Ідэалагічна-палітычная барацьба на Беларусі ў 1929—1931 гг. Дакументы, матэрыялы, аналіз. Мінск.: БелНДІДАС, 1999. С.282
46. Навіна А. (Луцкевіч А.) Адбітае жыцьцё. Лекцыі і стацьці з беларускае адра­джэнскае літаратуры. Кн.1. Вільня, 1929. С.57
47. Факт пададзены М.Івановым у газеце “Голас Радзімы”, 1992, 27 лют.

(Дзеяслоў, 2007. — № 4 (29))

Цэтлікі: ,

Ответить

  Проверка PR и ТИЦ
Нашы сябры:
Казкі беларускія!


https://www.bordur-trotuar.ru лотки железобетонные быстротока.