A A

Я. Станкевіч. ІМЕНЬНІ З СУФІКСАМ –ІНЯ

Няд, 18 красавіка 2010

Беларуская мова

            Аднэй з важных цікавых асаблівасьцяў крывіцкае (беларускае) мовы  зьяўляюцца назоўныя іменьні з суфіксам –іня, прыкладам: вялічыня, шырыня, глыбіня, даўжыня і г. д. Іменьні з гэтым суфіксам пашыраны па ўсёй чыста Крывіі (Беларусі). Прыкладаў на гэты суфікс знаходзім шмат паміж іншым у «Материалах белорусских» №№ 4 Мог.  г., 5 Слуцк [1], 6 Дзісьн., 8 і 15 Ігумен., 7 і 23 Менск., 9 Бых., 11 і 14 Новаалекс., 13 Сьвянц., 17 Рэчыцк., 25 і 29 Новагор., 28 Себеск.

            У старых памятках крывіцкае мовы таксама маем словы з суфіксам –іня. Асабліва іх шмат у Бібліі Скарыны 1517 г.: должиня Б 15, в должиню И 68 б і інш., вышиня Б 15, во вышиню И 70, 72, с вышини Бл. 4-б, глубиня П-36, во глубини Др. 29 б; у зборніку XVI в.:  вышиня, шириня (Владим. «Обзор» 130). Статут Літ. 1588 г., верш Рымшы: «Должиню и широкость шнуром позначити». У суфіксе –іня і заўсёды мяккое, цьвярдое яно бывае толькі тады, калі перад ім стаяць зычныя р, ж, ч, ш, якія ў крывіцкай мове мяккімі не бываюць, прыкладам: цяпліня [2], блізіня, глыбіня, але пяршыня, далячыня, даўжыня, шырыня.

            У іншых славянскіх мовах суфікса –іня няма, там астаецца суф. –іна, прыкладам: ст. -баўг. глубина (gl?dina), н-баўг. высина, вышина, ширина: сэрба-харв. глубина, ширина, дужина, вышина, высина; славен. – globina, ?irina, ni?ina; чэск. hlubina, men?ina, v?t?ina; сэрб. -лужыцк. wy?ina,  ni?ina, m?od?ina; польск. g??bina; укр. – вишина, довжина; маск. – вышина, глубина, длина.

            Другім цікаўным зьявішчам ё тое, што суфікс –іня ў крывіцкай мове існуе ня толькі ў слоў, апавядаючых ст. слав. ці іншаславянскім з суф. –іна, але часта выцісьніў сабой іншыя суфіксы, як –осьць, –ство. Апрача вышэйуспомненых, прывяду яшчэ крыху слоў з суфіксам –іня, якія я сам чуў у Ашмянскім павеце каля м. Крэва. Вось яны: ад таўсты – таўшчыня і таўсьціня, ціхі – цішыня і ціхіня, чысты – чысьціня, просты – прасьціня, добры – дабрыня, мяккі – мякчыня, цьвярды – цьвярдзіня, салодкі – саладзіня, горкі – гарчыня, цяжкі – цяжыня, лёгкі – лягчыня, быстры – быстрыня, нізкі – нізіня, густы – гусьціня, моцны – мацніня, гарачы – гарачыня, худы – худзіня, дзікі – дзічыня ў значэньні абстрактным і дзічыня ў значэньні “мяса дзікае птушкі”; харошы – побач з хараство ё і харашыня, дарагі – побач з дарагоўля, дарагатоўя, дарагоўя ё і даражыня, востры – вастрыня, брыдкі – брыдчыня, грубы – грубіня, сыты – сыціня.

            Іменьні з суфіксам –іня маюць значэньне абстрактнае і толькі як вынятак, ё “старшыня” з значэньнем канкрэтным. Ё як-бы й некалькі абстрактных, якія маюць –іна, а ня –іня, гэта “дурніна, старына і навіна”, але мне здаецца, што гэтыя тры словы даволі канкрэтызаваны: дурніна значыць якую-небудзь дробную, малазначную рэч або справу, тое, на што іншым разам скажуць “дрэнь”, апавядае маск. “ерунда”; “старына” ж і “навіна” значаць старую або новую рэч ці вёстку. Ад “танны” скажуць таніна–іна) мусіць, каб адрозьніваць ад таніня (ад тонкі), якое могуць яшчэ вымавіць як танчыня.   

            Побач з іменьнямі, якія маюць суфікс –іня, ё шмат слоў з суфіксам –іна, але гэтыя апошнія значаць канкрэтныя рэчы, прыкл., “часіна, дубіна, вярбіна, сярэдзіна, мякіна, палавіна, жанчына, мужчына, дзяўчына” і шмат інш.

            Іменьні на –іна нашая інтэлігенцыяўжывае добра, але суфіксы –іня пад уплывам суседніх славянскіх моваў, якія не маюць гэтага суфікса, без патрэбы і на шкоду чысьціні мовы часта замяняюць іншымі суфіксамі. Каб гэтага ўсьцерагчыся, патрэбна запісаць і занесьці ў слоўнік усе словы на –іня. 

            Дык няхай кожны, хто цікавіцца роднай моваю і стаіць блізка да народу, прыслухаецца і запіша, ці скажуць у вас вышэйпрыведзеныя каля 40 слоў. Апрача таго, адкажэце на пытаньні, як скажуць у вас абстрактныя (отвлечённые) іменьні, адпавядаючыя ніжэйшым прыметам: рэдкі, крэпкі, дужы, слабы, слабкі, чужы, кіслы, п рэсны, мвлы, роўны, чорны, белы, чырвоны, сіні, зялёны, жоўты, борзды, шпаркі, скоры, хуткі, ліпкі, шэры, меншы, вялікшы, большы, сытны, злы, позны, раньні, тупы, шчыры, крывы, сьветлы, цёмны, чэрствы, сьвежы, шыбкі, левы, правы, благі, хітры, тугі, пруткі, горды, сьпелы, гнілы, буйны, дробны, крупны, п’яны, цьвярозы.

            Калі аднэй прымеце будзе апавядаць некалькі абстрактных іменьняў з рознымі канчаткамі, дык запішэце іх і пакажэце, ці яны маюць сусім аднолькавае значэньне, ці мо розьняцца адценкамі. Запісуючы, пастарайцеся запісаць з вусн народу і фразу, у якой запісаванае слова было-б.

            Не забудзьцеся адзначыць (адцеміць), у якой мясцовасьці слова запісана, прозьвішча таго, у каго чута, ступень пашырэньня слова з даным суфіксам (на колькі ўжываецца ў старых, маладых, даўней і цяпер і г. п.) і па магчымасьці яго тэрыторыю. Ня верце ніколі сабе, але пастарайцеся пачуць. Стаўце націск. Усё запісанае прысылайце ў рэдакцыю “Крывіча”, дзе яно будзе надрукавана [3].

            Гук т перад мяккім в. Усімі прызнана, што ў крывіцка-беларускай мове т перад мяккім в пераходзіць  у мяккае ц [4], прыкладам: Мацьвей, лацьвей, цьвярды, цьвярозы і г. п. Зьяўляецца пытаньне, ці будзе таксама Ліцьве, біцьве, і г. п. ць, ці ў гэтых склонах (давальным, месным) т удзержыцца ад зьмякчэньня пад уплывам склонаў, дзе т стаіць перад цьвярдым в, як Літва, бітва – Літвы, бітвы – Літву, бітву і г. д. Каб разьвязаць гэтае пытаньне і ўстанавіць адпаведнае правіла, трэба сабраць шмат прыкладаў. Дык просім адказаць на пытаньне, як у вас будзе давальны і месны склон ад слоў Літва, бітва, дратва, брытва, хараство, гультайства і г. п., значыцца, ці будзе: Літве, бітве, дратве, ці – Ліцьве, біцьве, драцьве, брыцьве і г. д.

 

ЗНОСКІ

 

1)      Скарочаныя словы як Слуцк і г. п. азначаюць паветы.

2)      У фізіцы Трэпкі ўжыта “цяплыня” няправільна, у народнай мове скажуць толькі “цяпліня”.

3)      Аб словах з суфіксам –іня яшчэ ў Карскага “Белорусы”, ІІ, 1, 406.

4)      А дз перад мяккім пераходіць у дзь, прыкл., дзьве, дзьверы.            

 

 

(Станкевіч Я. Збор твораў у двух тамах. – Т. І. – Менск, 2002. – С. 46 — 48).

Цэтлікі: ,

Ответить

  Проверка PR и ТИЦ
Нашы сябры:
Казкі беларускія!


Led буквы наружная световая реклама вывески.