A A

Я. Лёсік. НЕКАТОРЫЯ ЎВАГІ ДА БЕЛАРУСКАЕ ЛІТАРАТУРНАЕ МОВЫ (Прадмова)

Сер, 20 студзеня 2010

Беларуская мова

Нарадзілася беларуская дзяржаўнасьць, нарадзілася беларуская школа. Зьявілася пільная патрэба даць назовы й выражэньне тым новым культурна-нацыянальным формам жыцьця, якіх ня было або якія былі, але даўно забыліся. Трэба вытвараць новыя словы, новыя фразэолёгічныя ды сынтаксычныя звароты.

Да гэтае работы наша інтэлігэнцыя выступіла з псыхолёгіяй расейскае мовы, з расейскім думаньнем, з расейскім, а часам і з польскім спосабам выкладаньня сваіх думак на пісьме. Захаваўшы поўны запас незабытых беларускіх слоў, нашая інтэлігэнцыя старалася выражаць свае думкі гэтымі словамі, але, навучаная школай пісаць парасейску, яна несьвядома для сябе, пры незнаёмстве з сынтаксычнымі фактамі беларускае мовы, злучала беларускія словы ў чужыя формы, паводле расейскага ці польскага сынтаксу. З гэтае прычыны сучасная беларуская-літаратурная мова ўвабрала ў сябе шмат неўласьцівых беларускай мове сынтаксычных і фразэолёгічных зваротаў.

Пісаць пабеларуску мы ня вучыліся, — тымчасам, гаварыць у тэй ці іншай мове і выкладаць свае думкі ў гэтай мове на пісьме — гэта далёка не адно й тое. Ня вучыўшыся, ня кожны патрапіць дакладна выславіцца на пісьме. Наша сялянства добра гаворыць пабеларуску, але граматны селянін не напіша пісьма пабеларуску. Гаварыць — гаворыць пабеларуску, а пісаць будзе парасейску, як навучыла яго школа. Гэтага, здаецца, зусім простага факту не разумеюць людзі падчас з высокай школьнай кваліфікацыяй.

Бяда ня ў тым, штро літаратурная мова часам пазычае чужыя словы;пазычыць трэба, калі іх няма. Калі няма ў краі газы, а яна краю патрэбна, то яе трэба дастаць атуль, дзе яна ёсць, бо выдумаць сваю газу ня можна. Памен паасобнымі словамі адбываецца паміж усімі культурнымі народамі. Адбываецца памен таварамі, а поплеч з гэтым ідзе памен назовамі гэтых тавараў, г. зн. паасобнымі словамі для абазначэньня прадметаў, спачатку матэр’яльных, а потым і нематэр’яльных, разумовых. Але кожны культурны народ, дастаўшы чужы тавар, перарабляе яго ды ў сваю чаргу выносіць на рынак. Разумеецца, вельмі добра было-б, каб можна было абысьціся бяз чужых тавараў, але на пэўнай ступені культурнага разьвіцця памен таварамі становіцца няўхільным, а значыць поплеч з гэтым мусіць адбывацца памен паасобнымі словамі. Тымчасам, было-б зусім непагаспадарску купляць, скажам, нам, беларусінам, лес у суседзяў, калі мы маем свой, таксама зусім неразумна браць чужыя словы, калі ёсьць свае, беларускія.

Галоўная сіла не ў паасобных запазычаных словах: яны зараз-жа абеларушваюцца (спажываюцца) і мала адбіваюцца на духу мовы, як мала адбіваюцца на нашай беларускай прыродзе прывозныя продукты: газа, соль, жалеза, і т.далей. Дух мовы — гэта яе сынтакс, яе фразэолёгія, яе ўласьцівы спосаб выражэньня. Сіла тут не ў паасобных словах, а ў тых сынтаксычных формах, у якія мы злучаем словы для выражэньня таго, што нам трэба выказаць. Пераймаючы чужыя сынтаксычныя звароты, мы надаём нашай літаратурнай мове неўласьцівага беларускай мове характару і тым абарачаем яе ў нейкі ня існуючы дыалект, або ў карыкатуру. Наша кніжная мова, мова школьных падручнікаў, популярных народных кніг і асабліва мова штадзённых газэт, агулам кажучы, мала падобна да сапраўднай жывой беларускай, або крывічанскай ці крывіцкай, мовы ды прыпадобнілася да адзежы з чужога пляча. І ня дзіва, што падчас некаторыя асобныя словы й звароты ў мове выклікаюць сьмех, бо хто-ж вытрывае, каб не засьмяяцца, пабачыўшы мужчыну ў спадніцы, хоць-бы гэта спадніца была з аксаміту.

А што горш за ўсё, дык гэта тое, што пераймаючы чужыя сынтаксычныя формы, чужыя фразэолёгічныя звароты, наша літаратурная мова адрываецца ад народнага (дыалектнага) грунту ды становіцца штучнай, няжывой, мёртвай, няздольнай зьмяняць свае факты. Фактамі мовы называецца ўсё тое, што йснуе ў мове – гукі, словы, зьмены слоў, сынтаксычныя формы і т. д. Мова жывая і мова мёртвая тым і розняцца паміж сабою, што жывая мовы несупынна зьмяняецца ў вуснах людзей, незалежна ад іх волі, а мова штучная, мёртва – не. Мы называем мову лацінскую ці ц. -славянскую мёртвымі мовамі не дзеля таго, што палатыні ці па ц. -славянску ніхто не гаворыць, а дзеля таго, што яны перасталі зьмяняць свае факты. У лацінскай мове, напрыклад, гаварыла ў свой час (сярэднія вякі) бадай што ўся інтэлігэнтная Эўропа, але гэта была мёртвая мова, бо яе факты акасьцянелі ды перасталі зьмяняцца. Лацінская мова была выпрацавана народам зь іншымі органамі мовы пры іншых географіча-гістарычных умовах. Тое самае трэба сказаць і пра ц. -славянскую мову.  

Мова кожнага народу разьвіваецца сваім асобным шляхам, залежным перш-на-перш ад фізіолёгічных асаблівасьцяй гэтага народу, а потым ад розных акалічнасьцяй яго прамінулага й сучаснага. Адгэтуль, кожная мова мае асаблівасьці — свае асобныя гукі, словы, зьмены слоў, свой асобны спосаб выражаць свае мысьлі, пачуцьці, пажаданьні і т.д. — словам, сваю фонэтыку, морфолёгію, этымолёгію й сынтакс. Усё гэта агулам становіць тое, што навука называе фактамі мовы. Факты мовы, зьвязаныя з словам мовы, дасьледжвае граматыка.

Адгэтуль і кажуць, што граматыка – гэта навука, якая знаёміць нас з слоўнымі фактамі мовы. Фізіка знаёміць нас з фактамі (зьявамі) прыроды, а граматыка з фактамі (зьявамі) мовы, але толькі з тымі фактамі, што вытвараюцца словам. Як факты прыроды падпарадкаваны пэўным цьвёрдым законам, якія адкрывае навука, так і факты мовы залежаць ад цьвёрдых законаў, якія адкрывае лінгвістыка (навука агульная аб мове).

Граматыка ня вучыць ні гаварыць, ні пісаць, — яна толькі знаёміць з фактамі мовы, аба з тым багаццём слоўнага матар’ялу, якое мае мова. Таксама фізыка ня вучыць нас выдумляць грамафонаў ці тэлефонаў, – гэта справа асобных людзей – Эдысонаў, Уальтаў, – але фізыка знаёміць нас з фактамі прыроды і тымі законамі якім падпарадкаваны гэтыя факты, а ўжо на аснове гэтых фактаў і іх законаў Эдысоны даюць нам грамафоны, тэлефоны, тэлеграфы, машыны і ўсё іншае, што патрэбна для практычнага ўжытку.

Мова літаратурная, як і мова народная (мова асобных народных дыялектаў, або паасобных гутарак, гаворак), служыць для патрэб практычнага, штодзённага ўжытку, для паразуменьня паміж людзьмі, але літаратурная мова розьніцца ад мовы паасобных гутарак (дыялектаў) тым, што яна вытвараецца для патрэбы ўсяго народу на аснове і з фактаў паасобных народных гутарак або дыялектаў.   

Граматыка знаёміць нас усіх з найбольш пашыранымі, характэрнымі фактамі народных дыалектаў, а ўжо поэты і пісьменьнікі твораць з гэтых фактаў на аснове тых законаў, якім падпарадкаваны гэтыя факты, супольную мову, адну гутарку, адзін дыалект, які называецца літаратурнай мовай. На пачатку літаратурная мова вытвараецца несьвядома, інтуіцыйна, але сама гэтая несьвядомасьць, інтуіцыя падпарадкавана таму закону, які ляжыць у васнове літаратурнае мовы. Гэта значыць, што сапраўдны поэта, сапраўдны пісьменьнік ня можа пісаць сваім мясцовым дыалектам (гутаркай, гаворкай), бо ён хоча, каб яго чыталі ды разумелі найбольш шырокія кругі грамадзянства. Вось чаму мова сапраўдных поэтаў і пісьменьнікаў-пачынальнікаў звычайна кладзецца ў аснову літаратурнае мовы. Поэты й пісьменьнікі інтуіцыйна адчуваюць пануючыя, характэрныя факты розных дыалектаў свайго народу ды кладуць іх у васнову свае мовы. І іх мова звычайна бывае чыстай народнай мовай, калі яны не заражаны ўплывам чужой пануючай мовы...

Граматыка беларускае мовы (яе морфолёгія, этымолёгія, сынтакс) адкрывае ў ёй шмат багацьця й хараства. Трэба ведаць гэтае багацьце і адчуваць гэтае хараство, каб навучыцца выражаць сваё мысьленьне ў формах беларускае мовы, ня кажучы ўжо пра тое, што й нашае мысьленьне ў поўнай меры залежыць ад формаў нашае мовы.

Цьвёрда ўстаноўленай, у шырокім значэньні, беларускае літаратурнае мовы яшчэ няма, і гэтая неўстаноўленасьць нашае літаратурнае мовы становіцца нам у прыгодзе тым, што дае шырокія магчымасьці ды пазваляе перш-на-перш стаць на народны, дыалектычны грунт і ў сваім разьвіцьці пайсьці за разьвіцьцём жывое разгаворнае мовы. Іначай кажучы, наша літаратурная мова яшчэ мае поўную магчымасьць стаць такою мовай, якою загаварыў-бы сам народ, дайшоўшы адпаведнай ступені культурнага разьвіцьця.

Нямецкая літаратурная мова вельмі разьвітая, а тымчасам немцы, не зважаючы на сваю багата разьвітую літаратурную мову, пастаянна зварачаюцца да народных гутарак (мясцовых дыалектаў), каб асьвяжыцца, каб мець пастаянную сувязь з народнай моўнай крыніцай. Немцы разумеюць, што літаратурнай мове йдзе на карысьць як існаваньне дыалектаў (паасобных народных гутарак), так і пастаянная сувязь з імі, іначай літаратурнай мове пагражае небясьпека амярцьвець. Жыцьцё й сьвежасьць літаратурнае мовы можна захаваць толькі ў тым выпадку, калі нязьменна трымацца народных крыніц, народных формаў мовы ў тым іх відзе, як яны (формы) жывуць і разьвіваюцца ў паасобных народных гутарках.

Як-жа нам зблізіць нашу літаратурную мову з мовай народнай? Як захаваць яе дух, яе асаблівасьці, — як навучыцца пабеларуску думаць, пісаць, гаварыць ды ня зьбівацца на чужое?

Рада тут можа быць толькі такая. Хто ня мае магчымасьці вучыцца ў самога народу, той павінен уважна чытаць народную вусную творчасьць у форме песень, казак, загадак, прыказак, дзе мова шліфавалася соткі год, а чытаючы, старанна адзначаць усё асаблівае, цікавае, беларускае, — свае словы, звароты, сынтаксычныя формы. А потым трэба ведаць граматыку мовы, як школьную, так і навуковую, якая навукова знаёміць з фактамі мовы. Школьная граматыка знаёміць нас з агульнапрынятымі фактамі, а навуковая граматыка высьвятляе ўсе асаблівасьці мовы ў іх гістарычным разьвіцьці. Такое сьвядомае станаўленьне да фактаў свае роднае мовы памагае выпрацаваць у сабе пэўнае чуцьцё мовы або тое, што немцы называюць Sprachgefuehl. Гэтае чуцьцё асаблівасьцяй свае роднае мовы становіцца ў вялікай прыгодзе тады, калі думка, шырэючы ды йдучы ў глыб, шукае новых зваротаў у мове, калі трэба знайсьці сувязь паміж матар'яльным і разумовым (конкрэтным і абстрактным) значэньнем паасобных слоў і цэлых моўных зваротаў.

Вытварэньне літаратурнае мовы шмат і шмат залежыць ад суб'ектывізму аўтораў-пісьменьнікаў і поэтаў. Датрымліваючы асаблівасьць і дух свае народнае мовы, кожны аўтор крышталізуе, шліфуе, — словам, стылізуе, вырабляе народную мову, мову дыалектаў на ўзор таго, як гармонізуюцца народныя песьні. Гэта й ёсьць тое, што становіць лінгвістычны, моўны густ таго ці іншага аўтора, або яго чуцьцё мовы. А літаратурная мова — гата стылізацыя, або гармонізацыя народных гутарак, — найбольш пашыраных, характэрных, тыповых фактаў гэтых гутара.

Стылізацыя, або гармонізацыя народных гутарак, мясцовых гаворак павінна йсьці па аднэй пуціне ды кіравацца аднэй мэтай: пуціну для стылізацыі асьвятляе навука-граматыка, а мэту стылізацыі становіць тое, што кожны аўтар, кожны поэта ці пісьменнік павінен шукаць таго, што становіць сваё асобнае, адметнае, характэрнае й тыповае. Літаратар, пісьменьнік, стылізуючы народную мову, мусіць заўсёды мець на ўвазе ды ня спускаць з вока таго, ці пашыраны той ці іншы факт мовы ў шырокіх народных масах, каб не заблудзіць у паветалізмах, у малавядомых фактах. Бо толькі тая песьня варта гармонізацыі і прыдзецца да густу шырокім колам грамадзянства, якая пашырана ў народзе ды адбівае пачуваньні шырокіх мас. Песьні сьцісла мясцовыя, невядомыя або мала вядомыя грамадзянству, нават пры сама удалай гармонізацыі, ня зробяць адпаведнага ўражаньня, не захопяць публіку і ня стануць агульным набыткам. Гэтак і моўны факт, становячы сабою вузкі паветалізм, нават трапна стылізованы, заўсёды рызыкуе забыцца, не прышчапіцца і не абернецца ў літаратурны факт, каб стаць набыткам для агульнага ўжытку. Тут, пры выбары моўных фактаў, усё залежыць ад асабістага чуцьця таго, хто піша; сама лепшая рада тут мала паможа: тварыць ня кожнаму дано.

Літаратурная мова павінна быць морам, куды ўліваюцца народныя дыялекты. Як паасобныя рэчкі гінуць у моры, падымаючы і асьвяжаючы яго ровень, так і народныя гутаркі павінны разыходзіцца ў літаратурнай мове, каб асьвяжаць яе ды павялічаць яе глыбіню й шырыню. Гэта й будзе тым шляхам, па якім павінна йсьці наша літаратурная моваў сваім далейшым разьвіцці.  

Нашым літаратурным работнікам трэба даць як можна больш моўнага матар'ялу для апрацоўкі, для стылізацыі. Трэба пазнаёміць іх з багатымі сырымі запасамі нашае мовы, трэба паказаць ім нашае багацьце.

Чародным і найпільнейшым заданьнем для нашых філёлягаў з’яўляецца тое, каб, побач з добра апрацаванай школьнай і навуковай граматыкай і слоўнікам беларускай мовы, даць сэмазіолёгію беларускай мовы, дзе-б вызначыны былі асобныя блізкія сваім значэньнем словы, сынонімы.

Сынонімы становяць вялікае багацце мовы, разумеецца, калі з густам выбраць іх, ужываючы пры выражэньні пэўных адценьняў нашага мысьленьня. Напрыклад, у выказе “Думаў доля сустрэнецца-спаткалася” кожны адчувае, што сынонімы “сустрэнецца-спаткалася” перадаюць самае тонкае супастаўленьне. Уець гаварыць – гэта значыць умець выказаць трапным злучэньнем слоў з адпаведным значэньнем самыя тонкія адценьні нашага мысьленьня і ўяўленьня, нашых пачуваньняў і перажываньняў.    

У гэтым кароткім нарысе я хачу зрабіць некаторыя ўвагі сынтаксычнага характару што да беларускае мовы і тым стаць у прыгодзе нашай літаратурнай мове. Тут я пакажу на некаторыя, найбольш характэрныя ды пашыраныя хібы нашае сучаснае літаратурнае мовы ды падам іншыя формы й звароты, а таксама пакажу на тыя асаблівасьці беларускае народнае мовы, якіх літаратурная мова павінна трымацца, каб не адарвацца ад народнй (дыалектычнай) крыніцы да ня стаць штучнай і мёртвай, якой робіцца ўжо бліжэйшая да нас расійская мова.

 Расійская літаратурная мова... Колькі мы чулі аб ёй дыфірамбаў, усялякіх хвалебных гімнаў! «О, великий, могучий русский язык!» у захапленьні маліўся ёй іх пісьменьнік Тургенеў. Можна-б прывесьці сотні такіх гімнаў, і цікава, што ўсе яны ў пераважнай большасьці выходзяць з вуснаў саміх расійцаў.

Тымчасам, навуковае знаёмства з расійскай літаратурнай мовай не пазваляе так захапляца. Надмеру замілаваным у расійскую літаратурную мову раней ці пазьней, а прыдзецца даведацца, што замілаваны яны ў мёртвы твор, у прыгожа прыбраную мумію, якую ніякі бальзам не захавае ад гніеньня. У лепшым выпадку яна стане тым, чым стала некалі ц. -славянская мова, пабудаваная на старой баўгарскай мове ды штучна (літаратурна, праз кнігі ды набажэнства) перанесеная на тэрыторыю ўсходніх славян – сучасных беларусінаў (крывічан), украінцаў і велікарусаў.     

Сучасная літаратурная расійская (велікаруская) мова вытварана велікарускімі вышэйшымі каманднымі станамі і іх паслугачымі, адарванымі ад народных мас, на аснове ц. -славянскае мовы з элемэнтамі старасьвецкай беларускай (і ўкраінскай) літаратурнай мовы, таксама штучнай і далёкай ад жывой народнай мовы. І не зважаючы на пэўную прымесь у ёй элемэнтаў велікарускае маскоўскае гутаркі (дыалекту), гэтая расейская літаратурная мова з аднолькавым правам можа называцца беларускай і ўкраінскай мёртва-літаратурнай мовай, як некалі была такою мовай для гэтых народаў ц. -славянская мова. І, глянуўшы на расейскую літаратурную мову з гістарычнага боку, трудна сказаць з пэўнасьцю, хто быў яе пачынальнікам — самі велікарусы ці беларуска-ўкраінскія выхадцы? Прынамсі, не падлягае сумненьню, што такія асобы, як Сымон Палацкі, Феофан Пракаповіч і іншыя, далей — славянская граматыка Мелеція Сматрыцкага, што служыла ўзорам Ламаносаву, потым Гогаль, Булгарын, пра каторага наша поэма кажа, што ён быў «рэдактор усіх газэт» (расейскіх, разумеецца), і шмат, і шмат іншых, іменьні каторых «ты, госпадзі, весі», — ня мала папрацавалі над расейскай літаратурнай мовай. Таксама ня мала папрацаваў над ёю і немец Грот; Грот блага нават гаварыў парасейску, а тымчасам даў расейцам свой, усім вядомы, правапіс, які пануе ў іх і дагэтуль.

Усё гэта, агулам узятае, не магло, разумеецца, спрыяць сапраўднай велікарускай літаратурнай мове і зрабіла тое, што яна стала мовай акадэміцкай, габінэтнай, мовай кніжнай у найгоршым значэньні гэтага слова. А з рэштай, як-бы яно там ня было, а факт застаецца фактам: сучасная расейская літаратурная мова чужая і малапрыступная шырокім велікарускім народным масам. Яе сынтаксычныя, фразэолёгічныя звароты, дзесяткі соцень такіх ц. -славянскіх слоў і зваротаў у мове, як — одежда, надежда, рождество, хожденіе, расписавшийся, идущий, говорящий, удивительно, поразительно, супярэчных жывой мове, каменным мурам стаяць паміж мовай народнай і мовай літаратурнай. Трэба спадзявацца, што ўжо недалёка той час, калі абуджаныя да культурна-грамадзянскага жыцця шырокія народныя велікарускія масы адкінуць гэтую, штучна пабудаваную, літаратурную мову, як мову панску, якая наўмысьля адрывалася ад народнай, каб ня быць падобнай да мужычай, — адкінуць, ды выпрацаюць сваю, сапраўды велікарускую, а не расійскую, літаратурную мову. І цікава, што такія спробы ўжо рабіліся. Гэта было ў скорым часе пасьля рэвалюцыі 1917 г., калі велікарусы –адраджэнцы залажылі-былі сваю газэту “Великорос”, падобную да беларускае “Нашае нівы”, дзе пісалі велікарускай, а не расійскай мовай, заклікалі грамадзянства перастаць быць расійцамі з вялікадзржаўнымі замашкамі, а пазнаць сябе велікарусамі, як украінцы – украінцамі, а беларусіны – беларусінамі. Але гэтая першая спроба дзесь затапілася ў вірыстых хвалях рэвалюцыі ды – ці-ж надоўга?!..

Тут цікава затрымацца яшчэ на адным непаразуменьні. Ня раз даводзіцца чуць такое запытаньне. Калі сучасную расійскую літаратурную мову аднолькава можна лічыць і беларускай літаратурнай мовай, як мову супольную для велікарусай, украінцаў ды беларусінаў, дык ці варта нам, беларусінам, строіць сваю? Тым больш, што ўсім народам трэба мець адну мову, каб лягчэй дайсьці да агульна-чалавечага паразуменьня паміж сабою, бо мовы разлучаюць людзей, дзеляць людзей на чужыя паміж сабой народы, тады як працоўны люд складае адну вялікую сусьветную сям’ю, якая павінна мець адну мову, і т. далей, і так далей. Прыгэтым, некаторыя спасылаюцца яшчэ на эспэранто, як на відочны факт таго, што людзі сапраўды ймкнуцца да да аднэй супольнай мовы, і такім парадкам, разьвіваць сваю асобную нацыянальную мову – гэта значыць пярэчыць таму, да чаго людзі павінны йсьці, ды рабіць дарэмную работу: тварыць сваю асобную мову, каб потым кінуць яе, як нікому непатрэбную.

Гэта, дык сапраўды непаразуменьне, выясьніць якога нельга без навуковага знаёмства з тым, што такое наогул чалавечая мова і якім законам яна падпарадкавана.

Справа тут у тым, каб мець адну агульна-чалавечую мову – эспэранто. Але ці магчыма эспэранто з тым сусьветным ці хоць з эўропэйскім заданьнем, якое эспэранто сабе ставіць? Іначай кажучы, ці можна штучна вытварыць такую мову, якая-б стала агульна-чалавечай мовай?

На гэтае пытаньне няхай дадуць адказ людзі навукі, лінгвістыя, якія знаюцца на тым, што такое мова, як яна жыве і якія законы чалавечай мовай кіруюць.

Тут мы сьвядома дамо слова вядомаму расійскаму лінгвістаму: няхай адкажа нам лінгвісты, профэсор В. Поржэзінскі.

«Мечты о создании одного языка», кажа В. Поржэзінскі: «который бы служил взаимным средством общения для всего человечества, довольно давнего происхождения… Прежде всего, конечно, нельзя отрицать законности стремления к тому, чтобы найти средство, облегчающее взаимные сношения народов, разделённых различием языков. Сама жизнь, выдвигающая настойчиво это требование, привела к частичному разрешению этой проблемы. Мы знаем, что в известных областях культурных сношений издавна получили право всемирного гражданства некоторые отдельные языки. Так, в области дипломатических сношений международным языком является французский язык, для торговых сношений в известных географических пределах служат такими международными языками: французский, английский, испанский (в значительной части Нового Света) и т. д. Однако, искусственные языки в большинстве случаев претендуют на нечто большее: наиболее смелые  изобретатели мечтали об одном всемирном языке, который заменил бы людям все местные языки (Курсіў мой. Я. Л.).

В этом наиболее чистом и последовательном виде идея такого языка представляет сплошное недоразумение, объясняющееся явным незнакомством изобретателя с тем, что такое язык вообще.

Ведь допустим возможность осуществления этой мечты путём ли мирного соглашения народов или путём насильственного распространения такого общего языка, и мы увидим, что вскоре этот общий язык в разных углах земного шара начнёт жить по-своему и даст начало новым различным языкам. Это необходимо должно случиться вследствие тех же самых условий, которые вызывают дробление живого языка на части.

Понятно таким образом, что идея всемирного языка в наиболее широком масштабе не имеет шансов на осуществление. В более скромных пределах эта задача рисуется в следующем виде: общий язык должен служить нуждам повседневной жизни, торговых, научных и других международных сношений, не вытесняя местных языков, и являясь лишь заменою тех многих иностранных языков, которые приходится изучать; таким образом, в каждой культурной стране, кроме своего родного языка, знали бы обязательно ещё один, притом общий международный язык. Некоторые авторы ещё скромнее: они имеют в виду только наш культурный мир, да и то в западно-европейских пределах.

Однако и в этих пределах идея искусственного языка встречается с серьёзными затруднениями, подрывающими её в корне. В самом деле, как бы мы не старались упростить звуковую систему такого языка, сделав её наиболее приемлемой для большинства народов, несомненно, каждый народ будет произносить написанные слова по-иному (хотя бы первоначально только в оттенках), а отсюда неизбежно возникнут диалектические различия и, значит, повторится то, о чём мы говорили выше.

Для искусственного языка ведь нет живого субстрата, нет родины в том смысле, в каком её имеет каждый живой язык, следовательно, нет и не будет того контроля, той нормы, которая создастся, например, общею нормою литературного произношения… Остальные возражения, можно было бы даже обойти, но укажу ещё на то, что лёгкость изучения, на которую ссылаются, например, эсперантисты, в общем эфемерна. Действительно, запас слов у этого языка, состоящий из некоторых больших культурных языков, легко усваивается культурным человеком, знающим несколько языков, но ведь идея всемирного языка в первую очередь обращается не к таким индивидуумам. Схематизм и простота грамматики эсперанто на первый взгляд подкупают, но и здесь есть подводные камни, и среди самих эсперантистов есть реформаторы, так что взамен естественного дробления языка тут может создаться искусственное его расщепление. Наконец, наиболее осторожные сторонники всемирного языка и не претендуют на самостоятельное литературное его значение, и действительно, трудно поверить в то, чтобы язык искусственно созданный, схематический, лишённый красочной пестроты живого языка, мог служить для художественного воплощения творческой мысли, тем более, что высшая ступень этой сферы деятельности теснейшим образом связана именно с родным языком, воспринятым с раннего детства, с которым данный человек совершил весь путь своего духовного развития.

Не лучше обстоит дело с попытками воскресить латинский язык (хотя бы в упрощённом виде) для целей международного обмена, так как очевидно, не приходится мечтать, о том, чтобы какой-нибудь один живой язык стал таким общим международным языком во всех отношениях и  во всех географических пределах. Мёртвый латинский язык пришлось бы дополнить большим количеством новых слов, так приспособить его к новым условиям, что в сущности мы имели бы опять таки искусственный язык». (Введение в языковедение, стр. 210 – 212).

Перад тым, як перайсьці да прадмету свайго кароткага нарысу, мушу зазначыць яшчэ, што каб дакладна разумець тое, аб чым пойдзе гутарка ніжэй пры выясьненьні некаторых ынтаксычных асаблівасьцей беларускае мовы, трэба хоць крыху быць знаёмым з граматычнымі паняцьцямі і з беларускай граматычнай тэрміналёгіяй.    

 

(Лёсік Я. 1921 – 1930. Збор твораў. – Мінск, 2003. – С. 113 – 120)

Цэтлікі: ,

Ответить

  Проверка PR и ТИЦ
Нашы сябры:
Казкі беларускія!


иегова перевод | справка из школы в военкомат