З. Паўлавец. ГРЭКА-ЛАЦІНСКІЯ ТРАДЫЦЫІ Ў ЛІНГВІСТЫЧНАЙ ЛІТАРАТУРЫ БЕЛАРУСІ КАНЦА XVI – ПАЧАТКУ XVII ст.
Пнд, 27 ліпня 2009
У XVI – першай палове XVII ст. культурнае развіццё і грамадская свядомасць у Беларусі дасягнулі ўзроўню, пры якім стала мажлівай асіміляцыя здабыткаў еўрапейскага Адраджэння і стварэнне на айчыннай глебе арыгінальных духоўных каштоўнасцей. Далучэнне да заваёваў еўрапейскага гуманізму ўзнімае мастацтва, асвету, навуку ўсходнеславянскіх народаў Рэчы Паспалітай на новы ўзровень [1]. Акурат у гэты час назіраецца найбольшая інтэграцыя грэчаскіх і лацінскіх традыцый у духоўнай культуры – наперш у канфесійнай сферы, сістэме адукацыі і выхавання.
Такая інтэграцыя антычнай спадчыны ўплывала і на сваеасаблівасць філалагічнай думкі канца XVI – пачатку XVII ст. Ва ўсходніх славян яна была абумоўлена сутыкненнем грэка-візантыйскіх традыцый з новымі з’явамі заходнееўрапейскай культуры – гуманізмам, Рэфармацыяй. Да таго ж, перад прыхільнікамі праваслаўя паўстала вострая неабходнасць абароны і ўзвышэння прэстыжу царкоўнаславянскай мовы, замацавання яе не толькі ў якасці асноўнай мовы богаслужэння, але і агульналітаратурнай мовы для усходніх славян. Адэпты праваслаўя, адказваючы на закіды лаціннікаў пра граматычную нераспрацаванасць, неўладкаванасць і незразумеласць царкоўнаславянскай мовы, былі вымушаныя ўзяцца за яе нармалізацыю праз кадыфікацыю ў граматыках і слоўніках. На думку М. Талстога, гэта быў новы, зусім адметны для славянскай філалагічнай традыцыі шлях нармалізацыі царкоўнаславянскай мовы [2]. У Беларусі найбольш паслядоўна яна выявілася ў граматыках Л. Зізінія і М. Сматрыцкага, слоўніках (лексіконах) таго ж Л. Зізанія і П. Бярынды. У граматычных трактатах Л. Зізанія і М. Сматрыцкага былі плённа перапрацаваныя і дастасаваныя да славянскіх моваў дасягненні класічнай філалагічнай думкі, грэчаскай і лацінскай. Гэта быў адказ не толькі лаціннікам, але і праваслаўным, якія (напрыклад, І. Вішанскі) даказвалі, што граматыкі патрэбныя толькі для грэчаскай і лацінскай моваў, на якіх створана шмат “погансіх хитростей и руководств, се еже ест граматик, риторик, диалектик и прочих коварств тщеславных, диавола вместимых” [3]. З’яўленне граматк адпавядала і запатрабаванням школьнай адукацыі, якая ў канцы XVI – пачатку XVII ст. набыла ў Беларусі шырокі размах. Гэтыя граматыкі – не толькі школьныя падручнікі, але новае асэнсаванне мовы, яе рэгламентацыя ва ўсходніх славян. Са зместу граматык вынікае, што іх аўтары не толькі выкарысталі традыцыяналізм, універсалізм грэка-лацінскай спадчыны, але і паспрабавалі дастасаваць яе да славянскіх моўных асаблівасцей.
Уплыў меў не толькі вонкавы, а ўнутраны характар, што выявілася ў традыцыйным разглядзе чатырох асноўных раздзелаў граматыкі: арфаграфіі, дзе выкладзены правілы правапісу і вымаўлення асобных славянскіх гукаў, этымалогіі – вучэння пра марфалагічныя асаблівасці васьмі часцін мовы, сінтаксісу, у якім разгледжаны правілы “сочіненія” часцін мовы, прасодыі, прысвечаныя апісанню розных відаў націску, яго абазначэння на пісьме (Л. Зізаній), плюс рэкамендацыі пра асаблівасці вершаскладання, пра вершаваныя памеры (М. Сматрыцкі). Акрамя гэтага ў падручніках утрымліваліся звёсткі пра знакі прыпынку – “препинания строчныя”, асаблівасці словаўтварэння, стылістыку “синтаксис образный” (М. Сматрыцкі), красамоўства.
Разгледжаныя граматыкі наколькі падобныя, настолькі ж і адрозныя: Зізаніева найбольш сціслая паводле выкладу матэрыялу, у ёй адсутнічае сінтаксіс, але паслядоўна і шырэй кадыфікуюцца нормы беларускага тыпу царкоўнаславянскай мовы; Сматрыцкага ж больш грунтоўная, падрабязная як у тэарытычным, так і ў практычным планах, менш арыентаваная на асаблівасці “простай” мовы. Але абедзве яднае ўдумлівасць, спасцярожлівасць, уменне аналізаваць правілы, якіх не мелі грэчаская і лацінская граматыкі. Так, М. Сматрыцкі на падставе ўласных назіранняў за асаблівасцямі “простай” мовы даказвае наступнае: нельга пісаць хв замест ф, “яць” замест е і наадварот; у адрозненне ад Л. Зізанія, М. Сматрыцкі нярэдка зазначае, што тая ці іншая з’ява “от греков привзята, славенску языку” неўласцівая “употребляема бывают славяны не своего им языка деля, но за приискрное писм греческих”, ці “сице скланяются греческия на –as” ці “падобне скланяются и латинския на –um”і г. д. Абодва вучоныя разглядалі восем традыцыйных часцін мовы. Праўда, Л. Зізаній пад уплывам грэчаскай граматыкі вылучаў неўласцівую славянам часціну мовы “разлічие” – артыкль. М. Сматрыцкій адышоў тут ад грэчаскай схемы, замяніўшы яго выклічнікам. Сваю пазіцыю ён абгрунтаваў даволі пераканаўча і доказна: “Часть слова различіе называемую Славенскому языкови не свойственну оставихом. Местоимению долг ея доволне исполняющу. Во осмую же слова часть Междометие, латински Interjectio называемую свойственнее прияхом”.
Новым у параўнанні з першакрыніцамі было выдзяленне творнага склону Зізаніем і меснага (сказательного) М. Сматрыцкім. Гэта сведчыць, што абодва граматысты не толькі адчувалі тонкасці славянскіх моваў, але і змаглі тэарэтычна асэнсаваць і сфармуляваць іх. Тут яны ішлі “наперадзе многіх, нават наступных па часе заходнееўрапейскіх грматыстаў, якія дастасоўвалі формы жывых сучасных моваў – нямецкай, французскай, англійскай – да пракрустава ложа лацінскай граматыкі” [4]. М. Сматрыцкі зрабіў наступны крок, падзяліўшы ўсе склоны на прамыя і ўкосныя: “... именительный и звательный прави именуются, прочии же вси косвени”.
Залежнасцю ад грэчаскай граматыкі тлумачыцца наяўнасць дзесяці тыпаў скланення ў Зізанія. У той жа час М. Сматрыцкі глыбей спасцігнуў асаблівасці словазмянення імён, аб’яднаўшы іх у пяць асноўных тыпаў, якія амаль супадаюць з падзелам у сучасных граматыках. Уздзеяннем класічнай граматычнай традыцыі тлумачыцца тое, што ў аналізаваных тут працах прыметнікі і лічэбнікі не разглядаюцца як самастойныя лексіка-граматычныя разрады слоў. Аднак абодва граматысты ўжывалі тэрміны “имя прилагаемое” ці “прилагательное” і “имя числительное”, адзначыўшы найбольш характэрныя граматычныя прыкметы гэтых імён – ступені параўнання, поўную і кароткую формы, характар сувязі з назоўнікамі і семантычнае значэнне.
Неабходна зазначыць, што граматычная класіфікацыя Л. Зізанія і М.Сматрыцкага, як і ў грэчаскай і лацінскай філалогіі, грунтуецца на семантычным прынцыпе, які паслядоўна вытрыманы пры характарыстыцы дзеяслова. Адсюль наяўнасць у граматыках пяці станаў, шасці ладоў і часоў, неўласцівай славянскім мовам катэгорыі роду дзеяслова ва ўсіх часах, тэмпаральныя формы загаднага ладу, вылучэнне дзеепрымктнікаў як самастойнай часціны мовы і г. д. Усё гэта тлумачыцца універсальнасцю граматычных катэгорый, характэрнай для еўрапейскага Сярэднявякоўя. Значным дасягненнем абодвух вучоных было вылучэнне двух спражэнняў і іх адрозных характарыстык (тады як у львоўскай 1591 і віленскай 1586 г. граматыках іх налічвалася ажно 13). Адкрыццём М. Сматрыцкага было вылучэнне асабовых і безасабовых пераходных і непераходных дзеясловаў, а таксама нетэматычнага спражэння. Сматрыцкі не толькі ўпершню вызначыў такую спецыфічную асаюлівасць славянскіх моваў, як дзеепрыслоўе, але і ўвёў тэрмін “деепричастие”. Ён дакладна акрэсліў сувязь дзеепрыслоўя з прыслоўем, зазначыўшы: “Деепрічастія суть прічастія чрез усеченіе или изъятiе сокращения и знаменованiем от причастiй, от них же составляются”. Назіранні Сматрыцкага – вынік таго, што ў канцы XVI ст. дзеепрыслоўе існавала як асобная дзеяслоўная форма.
Граматыка Сматрыцкага больш дасканалая, чым Зізаніева, у апісанні сінтаксісу словазлучэнняў, сінтаксічнай сінанімікі, асаблівасцей стылістыкі і вершаскладання. Такога раздзела ў папярэдніх граматыках не было. Сматрыцкі дыфірэнцыяваў сінтаксіс просты і сінтаксіс вобразны, створаны “искусных писателей употреблением”.
Прааналізаваныя граматыкі – неад’емны элемент не толькі нашай сярэднявяковай навукі, але і культуры. Яны запачаткавалі аналітычны падыход да асэнсавання мовы і моўных з’яў, пісьмовую кадыфікацыю моўных нормаў у граматыках. Гэтыя трактаты сталі сваеасаблівымі кнігамі пра мову, яе будову. Яны з’явіліся зыходнай асновай стварэння мовазнаўчай тэрміналогіі, найперш расійскай. Працы Л. Зізанія і М. Сматрыцкага, створаныя пад удзеяннем грэчаскіх граматык Ф. Меланхтона, К. Ласкарыса, М. Крузія і лацінскіх Е. Доната, Ф. Меланхтона, сталі ўзорам “Граматыкі славенскай” І. Ужэвіча (1643, 1645), у якой былі апісаны важнейшыя адметнасці старабеларускай мовы з дапамогай лацінскай метамовы. І апошняе, на што хацелася б звярнуць увагу. Даследчыкі граматык – як айчынныя, така і замежныя – пераважна гавораць пра ўклад Зізанія і Сматрыцкага ў распрацоўку філалагічнай тэрміналогіі, тэорыі, вызначаюць рысы ўкраінскай ці старабеларускай моваў, але ніхто, акрамя В. Ластоўскага не сказаў ні слова пра іх ролю ў гістарычным лёсе старабеларускай мовы. Гэта найперш датычыцца граматыкі М. Сматрыцкага, які ў прадмове да яе пісаў, што яна прызначаецца каб навучыць “читати і писати по славенску”, даць “поднесение, вырозуменье и пожыток” занядбанай, а царквы нашай (праваслаўнай) прыроднай мове славянскай. Тут жа Сматрыцкі рэкамендаваў пад пагрозай пакарання захоўваць паміж вучнямі ў “звыклай” школьнай размове “діалект славенскій”. Такім чынам, граматыст садзейнічаў замацаванню ў Беларусі мёртвай і незразумелай царкоўнаславяншчыны, адвучванню моладзі брацкіх школ ад роднай мовы. “Напісаная з вялікім талентам і ведай, яна пад свой уплыў захапіла ўсё праваслаўнае сялянства. Пад уплывам гэтай універсальнай граматыкі жывая крыўская мова пачынае саступаць месца ў пісьменнасці другой палавіны XVII і пачатку XVIII ст. “вучонай” баўгара-крыўска-ўкраінска-маскоўскай кніжнай тарабаршчыне. Дата выхаду ў свет граматыкі М. Сматрыцкага – гэта паваротны слуп да ўпадку гісторыі нашай пісменнасці, адзін з найважнейшых фактараў, які спрычыніўся да заняпаду нашай народнасці і яе незалежна-дзяржаўнага існавання” [5].
Нельга не пагадзіцца з думкай В. Ластоўскага: акурат з пачатку XVII ст. у Беларусі набіраюць моц царкоўнаславяншчына, лацінская і польская мовы, што ў выніку прывяло да заняпаду старабеларускай мовы і пісменнасці на ёй. Не апошнюю ролю ў гэтым працэсе адыграла граматыка М. Сматрыцкага, якая сапраўды ўмацавала пазіцыі царкоўнаславянскай мовы, павялічыла яе вагу ў грамадстве.
ЛІТАРАТУРА
1. Голенищев-Кутузов И. Н. Гуманизм у восточных славян. – М., 1963. – С. 6.
2. Толстой Н. И. Взаимоотношения локальных типов древнеславянского литературного языка позднего периода: Вторая половина XVI – XVII в. // Славянское языкознание. – М., 1963.
3. Вишенский Иван. Сочинения. – М., Л. – 1955. – С.23.
4. Кузнецов П. С. У истоков русской грамматической мысли. – М., 1958. – С. 29.
5. Ластоўскі В. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі. – Коўна, 1926. – С. 525.
(Беларусь паміж Усходам і Захадам. – Ч. 2. – Мінск, 1997. – С. 166 – 169)
Ответить