З. Саўка. МЭХАНІКА ЗЬНЯВЕЧАНЬНЯ
Чцв, 12 сакавіка 2009
Моўная рэформа 1933 г. ужо даволі падрабязна аналізавалася ў мовазнаўчым і палітычным аспэктах. Аднак у бальшыні прысьвечаных гэтай тэме працаў рэформа разглядалася як носьбіт нейкага самастойнага значэньня. Ведама ж, Пастанова, Дадаткі і Правілы-1934 [1] , якімі ўводзілася рэформа, сталіся «сакрушальнымі пралетарскімі ўдарамі па нацдэмаўшчыне» (г. зн. па беларушчыне) і сапраўды занялі — у выніку — выключнае месца ў гісторыі нашае мовы. Але адбылося гэта значна пазьней — калі не пасьледавала наступных, яшчэ больш «рашучых крокаў», ня зьдзейсьніліся далейшыя пункты пляну. Рэальнае ж месца, якое рэформа займала ў лягічных пабудовах яе ідэйных натхняльнікаў, у сыстэме ўяўленьняў яе рэалізатараў, у падзейнай карціне, успрыманай сучасьнікамі яе правядзеньня, — было даволі сьціплае. А паспрабуйма паглядзець на рэформу ня як на сонца, вакол якога круціліся тагачасныя падзеі, а як дробны мэтэарыт у цэлай плянэтарнай сыстэме, разбуральнае ўзьдзеяньне якога мела згубіцца на тле рыхтаванае катастрофы.
ПАДМЕНА ДАКТРЫНЫ
У папярэдняй публікацыі гэтага цыклю мы адзначалі, што бальшавізм — у адрозьненьне ад іншых палітычных сілаў — выступаў як актыўны суб’ект моўных працэсаў, умешваючыся ў самое цела моваў, якія апынуліся ў яго арбіце.
Асабліва паказальны ўплыў палітычнае каньюнктуры на мовы «адсталых народаў» СССР. Як вядома, паводле камуністычнае дактрыны, усе мовы ў будучыні мусілі зьліцца ў адну, аднак адбыцца гэта павінна было «натуральным шляхам», што рабілася магчымым толькі тады, калі ўсе мовы дасягнуць прыблізна аднаго й таго ж роўню разьвіцьця. Таму аўтсайдэраў нацыятворчых працэсаў у 1920-я гг. «падцягвалі» да моваў больш разьвітых нацыяў (у лік апошніх траплялі й беларусы): для тых моваў, што ня мелі пісьмовасьці, яе стваралі; тыя, што мелі сваю пісьмовасьць — найперш на аснове арабікі, — пераводзіліся на больш пэрспэктыўную лацініцу.
Созданием графики для языков 106 этносов СССР занимались ученые Москвы (Институт языка и мышления, Институт востоковедения, Коммунистический университет трудящихся Востока), лингвисты Ленинграда (Институт живых восточных языков) [2] .
Па дарозе адзначым, што на Акадэмічнай канфэрэнцыі 1926 г. цалкам сур’ёзна разглядалася магчымасьць пераводу на лацініцу й беларускае мовы [3]; такая ж прапанова, толькі ў дачыненьні ўкраінскае мовы, сабрала шмат прыхільнікаў на тыпалягічна падобнай канфэрэнцыі 1927 г., прысьвечанай украінскаму правапісу [4].
Наагул, маштаб нацыянальна-моўных зрухаў міжваеннага часу ўражвае ня менш за грамадзка-палітычныя ды эканамічныя ператварэньні: прыкладам, сьвежаакупаваны (цягам другое паловы ХІХ ст.) Туркестан, зь пярэстамоўным цюрскім вясковым насельніцтвам і таджыцкамоўным гарадзкім, саветы падзялілі на нацыянальныя рэспублікі, фактычна навязаўшы нацыятворчыя працэсы, змусіўшы мясцовае жыхарства да нацыянальнае ідэнтыфікацыі, да чаго тыя аб’ектыўна не былі гатовыя, інсьпіраваўшы разьвіцьцё некаторых мясцовых цюрскіх гаворак да паўнавартасных літаратурных моваў.
З прыходам Сталіна да абсалютнае ўлады (т. зв. «круты паварот» [5], большасьць гісторыкаў згаджаецца на тым, што адбылося гэта ў 1929 г.) практыка «моўнага будаўніцтва» рэзка мяняецца: замест таго, каб спрыяць «дарастаньню» размаітай, а да таго ж і колькасна невырашальнай [6] групы «нацменаў» да роўню «перадавікоў», савецкая ўлада зьвяртаецца да больш надзейнага спосабу ўнітарызацыі — да спадчыны «праклятага царскага рэжыму» — безагляднага русіфікатарства. Не пасьпелі ўзбэкі й ненцы толкам вывучыць лацінскія літары — ляціць з Масквы новая дырэктыва... Да 1940 г. усе мовы народаў СССР былі пераведзеныя на кірыліцу. Тэарэтычная база пад русіфікацыйную практыку падцягнулася значна пазьней. Толькі ў 1949-м Сталін выступае з мадыфікаванаю дактрынаю: зьлівацца будуць ня ўсе мовы адначасова (што цьвердзілася раней), а спачатку будуць вылучацца «занальныя мовы» — рэгіянальныя лідэры такога зьліцьця, у якія й зьліюцца астатнія мовы рэгіёну:
...первоначально будет создан не один общий для всех наций мировой экономический центр с одним общим языком, а несколько зональных экономических центров для отдельных групп наций с отдельным общим языком для каждой группы наций, и только впоследствии эти центры объединятся в один общий мировой центр социалистического хозяйства с одним общим для всех наций языком [7].
Якая менавіта мова ў СССР мелася выступіць у ролі «занальнай», ні ў кога сумневаў не ўзьнікала.
Трэба адзначыць, у кола моваў народаў СССР не траплялі мовы нацыянальных меншасьцяў, чые мэтраполіі заставаліся за заходнімі межамі Саюзу. Гэта й зразумела, бо пакуль што для «заходніх» моваў прызначалася іншая, адметная роля — заставацца мовамі савецкае прапаганды, «палымянага слова праўды». І пакуль ненцы з азэрбайджанцамі вучыліся кірыліцы, у Менску пэрыядычныя выданьні на польскай і летувіскай мовах [8] па-ранейшаму выходзілі лацініцаю [9]. У 1940-м патрэбы «забясьпечыць» заходні вэктар савецкай палітыкі выратуюць мову беларускую...
УКРАІНСКІ СЬЛЕД
Як ня першы раз у гісторыі дэкаратыўнай БССР, тагачасныя нутраныя падзеі ў рэспубліцы аказваліся ўсяго толькі адбіцьцём, хвалямі на вадзе, якія выклікаліся вонкавымі чыньнікамі.
У суседняй Украінскай ССР на тле грандыёзнае антысялянскае кампаніі (пад кіраўніцтвам адмыслова прысланага з Масквы ў студзені 1933-га Паўла Постышава) працягваецца паляваньне на нацыяналістаў — вынішчэньне ўкраінскай эліты. У лютым 1933 г. адхіляюць з пасады народнага камісара асьветы Міколу Скрыпніка, цэнтральную постаць, галоўны «лякаматыў» працэсу ўкраінізацыі. З гэтага моманту ўсё, да чаго прыклаў палец «вораг народу», ператвараецца ў шкоднае й шкодніцкае, у тым ліку скрыпнікаўскі правапіс, дзясяткі выдадзеных гэтым правапісам слоўнікаў і падручнікаў, а разам зь імі — увесь даробак украінскае лінгвістыкі 1920-х гг.
Прыняты ў 1928 г., скрыпнікаўскі, або харкаўскі (паводле тагачаснае сталіцы УССР — Харкава) [10], правапіс грунтаваўся на рашэньнях аўтарытэтнае Правапіснае канфэрэнцыі 1927 г. і меў вельмі істотную адметнасьць: спалучаў дзьве правапісныя традыцыі — усходне- й заходнеўкраінскую, якія складаліся самастойна ў дзьвюх частках украінскае этнаграфічнае тэрыторыі — у Расейскай імпэрыі ды ў Аўстра-Вугоршчыне. Харкаўскі правапіс замацаваў пэўныя рысы заходнеўкраінскага стандарту ў якасьці агульнаўкраінскіх; прынамсі ў гэтай частцы зробленае ўкраінскімі кадыфікатарамі ніяк не разыходзілася з тагачасным запаветам кампартыі зважаць на сваіх суродзічаў за мяжою, улічваючы «праявы мовы заходнеўкраінскага пралетарыяту й працоўнага сялянства». (Такі ж запавет, дарэчы, атрымалі й беларускія мовазнаўцы пры складаньні Праекту-1933; праўда, намаганьні гэтыя зьвяліся па сутнасьці да прапановы скасаваць падаўжэньне мяккіх зычных у становішчы між галоснымі: жадане замест жаданьне, зеле замест зельле [11].)
Вывядзеньне з гульні Міколы Скрыпніка азначала адхіленьне ад працы (а часта й арышт з прадказальнымі наступствамі) цэлых навуковых калектываў. Для выкананьня новых задачаў былі патрэбныя сьвежыя, «незаплямленыя» кадры. І такі кадар знайшоўся ў асобе Андрыя Хвылі (сапр. Олінтэр) — 35-гадовага загадчыка аддзелу агітацыі ды прапаганды ЦК КП(б)У, які пасьля адхіленьня Скрыпніка заняў пасаду намесьніка наркамісара асьветы. Ён выступіў галоўным выкрывальнікам і шкоднікаў на мовазнаўчым фронце, і «скрыпныкаўкі», а таксама рупарам артаграфічных (і ня толькі артаграфічных) навацыяў, ачоліўшы створаную на загад народнага камісара асьветы 6 красавіка 1933 г. Правапісную камісію — «для праверкі работы на моўным фронце» [12] . Правапісу 1928 г. закідаўся «штучны адрыў украінскае мовы ад тае мовы, якою гавораць шматмільённыя масы ўкраінскіх работнікаў і сялянаў, ... ад мовы расейскае» [13] (тут і далей вылучана намі. — З. С.). Гэтыя закіды з пачатку 1930-х робяцца ляйтматывам усіх выкрывальніцкіх выступаў на адрас шкоднікаў на як украінскім, так і беларускім мовазнаўчых франтох.
Можна прыпусьціць, што разгром практыкаваных у беларускай і ўкраінскай мовах артаграфічных стандартаў уяўляўся саветам больш актуальным ва Ўкраіне, дзе барацьба зь сялянствам як галоўнаю перашкодаю эканамічнага падпарадкаваньня «ўсесаюзнае жытніцы» — Украінскага Чарназем’я — экстрапалявалася на інтэлектуалаў-украінізатараў. Таму й працэс «пераадоленьня нацыяналістычнага шкодніцтва» ў моўнай сфэры пачаўся раней у УССР. Не мінула пяцёх месяцаў з пачатку працы Хвылевае камісіі ды двох месяцаў з дня самагубства Скрыпніка (7 ліпеня) — 5 верасьня быў зацьверджаны новы артаграфічны збор. І хоць украінскія таварышы пачалі нявечыць сваю мову раней, аднак іхным беларускім паплечнікам удалося іх перагнаць.
Агульныя рысы зьменаў ва ўкраінскім і беларускім правапісах 1933 г.
Моўныя (фанэтычныя й граматычныя) рысы | Да рэформы 1933 г. | Пасьля рэформы 1933 г. | Расейская мова |
Укр. мова Бел. мова | Укр. мова Бел. мова | ||
Мяккасьць L у пазычаньнях | + + | – – | – |
Перадаваньне грэцкага th як т | + + | – – | – |
Ужываньне літары ґ,«разьвядзеньне» іншамоўных g i h | + +/–* | – – | – |
Пасьлядоўнае перадаваньнедыфтангічнага u ў пазычаньнях | + + | – – | – |
Выкарыстаньне дзеепрыметнікаўнезал. стану і цяпер. часу (напр. пануючы клас) | – – | + + | + |
Перавага канчатка -а/-я ў форме Р. скл. адз. л. назоўнікаў м. р. | – – | + + | + |
* Ува ўсіх першых беларускіх кадыфікацыйных дакумэнтах, у т. л. у граматыцы Тарашкевіча, выбухны й фрыкатыўны g i h ня зьмешваліся, перадаючыся адпаведна літарамі ґ («ґе») і г («гэ»), пра што нагадваў і С. Некрашэвіч (Працы... С. 144). Аднак у практыцы літара ґ выкарыстоўвалася рэдка.
ПАЛІТЫЧНАЯ КАМІСІЯ
Нагадаем. На пачатку 1933 г. (26 студзеня) Інстытут мовазнаўства правёў апошняе працоўнае паседжаньне ў справе складаньня праекту зьменаў у беларускім правапісе, і неўзабаве на стол кіраўнічым органам БССР лёг чарговы дакумэнт, «ачышчаны ад нацдэмаўскіх плыняў», якія інкрымінаваліся Праекту-1930. Аднак нягледзячы на заўважны русіфікатарскі ўхіл дакумэнту, Масква застаецца незадаволеная: кардынальнага набліжэньня да расейскага правапісу, дастаткова ясных праяваў зьліцьця беларускае мовы з занальным лідэрам у ім не прадугледжвалася, Праект-1933 аказаўся занадта памяркоўны. Бальшавіцкае кіраўніцтва БССР пераконваецца, што давяраць рэформу правапісу мовазнаўцам нельга, і бярэцца за справу самое.
Старт новаму этапу барацьбы зь беларускім нацыяналізмам дае артыкул у газэце «Правда» (3 лютага, № 33) зь бязьлітаснаю, як прысуд, назваю — «Под фальшиво-национальным флагом».
Як вядома, за саветамі артыкулы ў пэрыёдыцы, — а тым больш за часоў сталінскіх у галоўнай газэце СССР, «Правде», — былі, нароўні зь іншымі вагарамі сыстэмы, паўнавартаснымі інструмэнтамі кіраваньня краінаю. Праз артыкулы ў «Правде» ўлада абвяшчала сваю волю, кідала людзкія масы пракладаць турксібы ды ўзьнімаць цаліну, паказвала ня толькі на новыя мэты, але й на тых, хто замінаў гэтых мэтаў дасягнуць. Цытата з «Правды» для савецкага грамадзяніна мусіла быць нават нечым большым, чымся цытата зь Бібліі для шчырага хрысьціяніна.
Спэцыяльны карэспандэнт выданьня А. Давідзюк паведамляе зь Менску:
Речь идет об активизации буржуазных националистов в Белоруссии, о политической сущности их выступлений, отражающих сопротивление мероприятиям пролетарского государства со стороны гибнущего кулачества.
Як і ва Ўкраіне, супраціў калектывізацыі ў БССР таксама разглядаўся як вынік дзейнасьці нацдэмаў.
Праект-1933 ужо пасьпешліва разглядаюць і абмяркоўваюць у Наркамаце асьветы пад кіраўніцтвам новапрызначанага [14] народнага камісара, 33-гадовага Аляксандра Чарнушэвіча, у Пэдагагічным інстытуце, у розных савецкіх і партыйных арганізацыях, у выніку чаго да дакумэнту дадаюцца выразна русіфікацыйныя прапановы, што мела сьведчыць пра ляяльнасьць, «правільную ідэалягічную арыентацыю» і стваральнікаў, і абмеркавальнікаў Праекту. Але ўсе гэтыя захады не ратуюць дакумэнту — і яго цалкам перапрацоўваюць.
Яшчэ больш рашучасьці беларускім камуністам у барацьбе з нацдэмамі, відаць, дадаў прыклад украінскі, — стараючыся дагнаць і перагнаць украінскіх партайгеносэн і чым хутчэй дакласьці наверх пра выкананьне [15], 5 траўня ЦК КП(б)Б стварае «Палітычную (куды красамоўней!) камісію для перагляду руска-беларускага слоўніка [16] і новых правілаў правапісу беларускай мовы» [17] — сапраўды палітычнаю, ня толькі з тае прычыны, што мела палітычныя заданьні, але й таму, што ў яе ўвайшлі пераважна палітыкі:
Мікалай Галадзед — старшыня СНК БССР, «гападарчы» кіраўнік рэспублікі [18];
Аляксандар Чарвякоў — чалец ЦВК БССР, адзін з кіраўнікоў рэспублікі;
Васіль Шаранговіч — 2-гі сакратар ЦК КП(б)Б;
Аляксандар Чарнушэвіч — народны камісар асьветы БССР;
Тамаш Домбаль — віцэ-прэзыдэнт БАН, эканаміст, з паходжаньня — галіцкі паляк;
а таксама адзін прадстаўнік творчай інтэлігенцыі:
Андрэй Александровіч — дзіцячы пісьменьнік, крытык, чалец ЦВК БССР.
Паказальна, што ў склад камісіі не ўвайшоў ніводзін лінгвіст. Істотна таксама, што двое сяброў камісіі — Чарвякоў [19] і Чарнушэвіч — нядаўна траплялі пад агонь жорсткае крытыкі «таварышаў па партыі» й цяпер мусілі прадэманстраваць сваё жаданьне «выправіць дапушчаныя памылкі».
Ужо да 21 ліпеня камісія, відаць, скончыла сваю працу — прынамсі ў агульных рысах — і Бюро ЦК КП(б)Б пастанаўляе: «Згадзіцца з прапановай т. Чарнушэвіча аб перасылцы проэктаў новага беларускага правапісу на разгляд культпропа ЦК УсеКП(б)» [20]. 26 жніўня дакумэнт зацьвярджаецца пастановаю Саўнаркаму БССР, а 27 — рашэньнем беларускага ЦК. Менскія камісары перагналі кіеўскіх на дзесяць дзён.
Лішне казаць, што вынікі дзейнасьці ні камісіі Хвылі (УССР), ні Палітычнае камісіі (БССР) папярэдне не абмяркоўваліся грамадзтвам, не публікаваліся ў якасьці праектаў, а прымаліся як загад — наўпрост да выкананьня.
У ІМЯ СПРАШЧЭНЬНЯ
Пастанова мела паказальную назву — «Аб зьменах і спрашчэньні беларускага правапісу».
Усе праекты зьменаў беларускай артаграфіі, створаныя пры саветах пасьля 1929 г. [21], у якасьці прычыны зьмяніць правілы маніфэставалі патрэбу спрасьціць правапіс. Але ж любому беларускамоўнаму чалавеку, знаёмаму з расейскаю, польскаю ці, прыкладам, чэскаю, ангельскаю, францускаю артаграфічнымі сыстэмамі, — відавочна, што беларускі правапіс значна прасьцейшы за нормы пісьма на згаданых мовах. Паказальна, што тымі ж матывамі — спрашчэньня — абгрунтоўвалі зьмену артаграфіі мовы ўкраінскае.
Настойлівыя размовы пра неабходнасьць спрашчаць, папулярнасьць лёзунгу спрашчэньня ў пэўнай ступені вынікалі з экстрапаляцыі на мовы малодшых славянскіх братоў патрэбаў, якія мела мова расейская: мінула крыху больш за дзесяцігодзьдзе з моманту правядзеньня бальшавікамі правапіснае рэформы галоўнай мовы СССР (1918), і ў людзкой сьведамасьці была жывая памяць пра артаграфічную рэвалюцыю ў мове-гегемоне.
Інэрцыя вымяраць усё ў беларускай мове нормамі расейскімі з таго часу толькі ўзмацнілася. І сёньня значная частка «беларускамоўных па няволі» — настаўнікаў, працаўнікоў мэдыйнае й выдавецкае сфэраў, якія не карыстаюцца беларускаю моваю па-за службовымі патрэбамі, — схільная скардзіцца на занадта складаныя правілы, чаго для антыбеларускай прапаганды дастаткова.
На пачатку 1930-х, спэкулюючы на такіх заявах далёкіх, а часам і варожых ідэям беларусізацыі людзей, прапаганда не пераставала ў большай ці меншай ступені пераконваць грамадзтва ў насьпеласьці такога разьвязаньня, а самыя шумныя й адыёзныя крытыкі атрымалі права голасу на рэгулярных у тую эпоху сходах працоўных калектываў, што й лічылася актамі выражэньня волі народу [22].
Асабліва настойліва загучала тэма спрашчэньня, аблягчэньня працэсу авалоданьня беларускім пісьмом — з 1932 г., калі толькі што прысланы з Масквы на пасаду 1-га сакратара ЦК КП(б)Б (фактычна — кіраўніка БССР) Мікалай Гікала выступіў з ініцыятываю — абвясьціць Савецкую Беларусь рэспублікаю ўсеагульнай пісьменнасьці.
Уся лёгіка штодзённасьці настройвала грамадзтва на новыя й новыя ператварэньні, на безупынны працэс удасканальваньня, спрашчэньня, «ламаньня штучных перашкодаў». Партыя праз агітпроп, натуральна, усяляк стымулявала такія настроі ды скіроўвала іх у пажаданае для яе рэчышча.
Але ж, як вядома, простасьць — не галоўная вымога, стасаваная да правапісу. Значна больш істотная рыса артаграфічнае сыстэмы, здольная зрабіць функцыйнымі нават сапраўды складаныя, «заблытаныя» правапісныя нормы, — стабільнасьць. Але ж у той час яна не інтэрпрэтавалася як каштоўнасьць, а выключна як праява застою, нежыцьцяздольнасьці, якой супрацьставілася імкненьне да зьменаў, абнаўленьня, якое разумелася ня як аднаразовая акцыя, а як пэрманэнтны працэс. Камуністычная ідэалёгія нястомна жывіла настроі няўпыннага поступу — найперш, зразумела, у галіне грамадзкага быцьця. Аднак такое стаўленьне экстрапалявалася на ўсе праявы жыцьця, у тым ліку — на мову.
У такой атмасфэры любыя зьмены не маглі разглядацца як канчатковыя, надалей непарушныя. Таму й Пастанова-1933 бачылася як чарговы ўдар па нацдэмах, за якім мусілі пасьледаваць далейшыя ўдары па далейшых ворагах і мішэнях:
27 [апошні пункт Пастановы-1933]: Даручыць Народнаму Камісарыяту Асьветы і Прэзыдыуму Беларускай Акадэміі Навук арганізаваць сыстэматычную навуковую працу па далейшым разьвіцьці і ўпарадкаваньні беларускага правапісу, усяе граматыкі і тэрміналёгіі, а таксама арганізаваць новае выданьне беларуска-рускіх слоўнікаў, вытраўляючы з беларускай мовы ўсялякія буржуазна-нацыяналістычныя плыні і скажэньні.
НА КАЛЕНЕ ПІСАНА
Шырэйшая грамадзкасьць атаесамляе зьмест рэформы 1933 г. зь дзейнымі дагэтуль Правіламі-1959. Аднак у сапраўднасьці артаграфічныя зьмены канца 1950-х вельмі істотна зьмянілі графічнае аблічча мовы, але не прынесьлі спрашчэньня. Некаторыя з уведзеных рэформаю правілаў прапаноўвалася зьмяніць ужо ў наступных правапісных праектах (1939 і 1951 гг.), і гэта зрабілі практычна адразу ж у выніку зьмены палітычнага рэжыму — пасьля «разьвянчаньня культу асобы» (1956), пра што будзе гутарка ніжэй.
Часовасьцю, апэратыўнасьцю Пастановы-1933 як бы злагоджваліся відавочныя хібы дакумэнту — яго супярэчлівасьць, нявыверанасьць, эскізнасьць, нават неахайнасьць. Зрэшты, гэтак пасьпешліва, похапкам створаны тэкст наўрад ці мог быць падрыхтаваны лепш. Зь іншага боку, ад яго й не патрабавалася быць дасканалым — усё можна паправіць, перапісаць, загадаць і адмяніць загад.
Вядома ж, ня ўвесь тэкст Пастановы-1933 зьявіўся за месяц — ён пераняў усе прапановы Праекту-1933, якія прадугледжвалі збліжэньне з расейскаю моваю [23] .
Як расейскацэнтрычнае таксама належыць інтэрпрэтаваць правіла пра напісаньне прыставак праз апостраф: з’езд (замест тарашкевіцкага зьезд) на ўзор расейскага с’езд. Рэч у тым, што рэформа расейскага правапісу 1918 г. касавала ъ на канцы словаў, пакідаючы яму функцыю «разьдзяленьня» на сутыку прыстаўкі й кораня. Аднак каб выдаўцы й друкары ня мелі спакусы ўжываць ъ у дарэформавай функцыі, гэтую літару фактычна вывелі са стандартавага друкарскага набору, таму яе пачалі замяняць апострафам. Вяртаньне ъ у знаёмай нам якасьці «разьдзяляльнага знака» адбылося толькі пад канец 1930-х, калі рэформа расейскага правапісу ўтрывалілася ў практыцы.
Дарэчы, правіла пра замену разьдзяляльнага ь апострафам з Праекту-1933 «кантрабандаю» працягнула ў Пастанову-1933 напісаньне праз апостраф і ў тых выпадках, дзе ў расейскай мове пішацца разьдзяляльны ь: Лавуаз’е (арт. 8) — параўн. расейск. Лавуазье. Аднак ужо ў Праекце-1951 гэтую разьбежнасьць паміж беларускім і расейскім напісаньнямі прапаноўвалася скасаваць, што й зрабілі ў Правілах-1959.
І менавіта гэтая, «успадкаваная» ад Праекту-1933, частка дакумэнту тэхнічна падрыхтаваная найлепш. А вось «арыгінальныя» пункты Пастановы-1933 утрымліваюць супярэчнасьці, фактычныя й мэтадалягічныя памылкі ды недагляды. Асабліва вылучаецца гэтым арт. 17, зь якога складаецца асобны разьдзел, — «Правапіс уласных імёнаў, прозьвішчаў і геаграфічных назваў»:
Імёны іншых моў і геаграфічныя назвы... падпарадкаваць наступным правілам беларускага правапісу:
а) аб аканьні (з захаваньнем «э», «е»): Чэрнышэўскі, Шэўчэнка, Плеханаў, Жэлезноў…
в) аб дзеканьні і цэканьні, калі зычныя «д» і «т» зьяўляюцца мяккімі ў іншай мове (Дзержынскі, Владзівасток, Дзюрынг)...
д) імёны іншых моў і геаграфічныя назвы не перакладаць як у поўным напісаньні, так і ў скарочаным, і пачатковае «О», «В», «Т», «Сч» пісаць праз «О», «В», «Т», «Сч»: Іосіф Вісарыёнавіч Сталін, І. В. Сталін, Орджанікідзе, Терехаў, Владзікаўказ...
1. Ужо самaя назва разьдзелу ўтрымлівае нутраную супярэчнасьць: прозьвішчы і геаграфічныя назвы як элемэнты ўваходзяць у сэмантычнае поле ўласныя назвы.
2. У пункце а фактычна вядзецца не пра аканьне (неадрозьненьне э і о ў ненаціскным становішчы), а пра яго сэгмэнт — пераход ненаціскнога о ў а; апроч таго, як вынікае з абмоўкі «з захаваньнем... е», у іншамоўных словах адмяняецца яканьне, але беспасярэдняй згадкі пра яканьне няма.
3. У пункце в:
— скарыстаны тэрмін цэканьне, г. зн. вымаўленьне ц на месцы ч (або цоканьне: цорны замест чорны), тут жа мусіў быць іншы тэрмін — цеканьне;
— складальнікі дакумэнту апэлююць да выпадку, калі «д» і «т» зьяўляюцца мяккімі ў іншай мове», аднак у пададзенай ілюстрацыі Дзюрынг ( Duhring) d зыходна — ня мяккі, хоць бы таму, што ў нямецкай мове няма апазыцыі паводле цьвёрдасьці/мяккасьці, інакш кажучы, гаварыць пра мяккасьць нямецкіх зычных бессэнсоўна; мяккасьць узьнікае якраз у расейскай мове пры асваеньні нямецкага duh як [д’у]; такім чынам пад «мяккасьцю ў іншай мове» маецца на ўвазе мяккасьць у расейскай.
4. У ілюстрацыйным шэрагу да пункту в (дарэчы, занадта кароткім) усе тры прыклады — на дзеканьне.
5. У пункце д:
— норма пісаць о- на пачатку ўласных назваў (Орджанікідзе) пярэчыць аканьню — пункту а;
— норма пісаць т- на пачатку ўласных назваў (Терехаў) пярэчыць цеканьню — пункту в;
— першыя дзьве ілюстрацыі (Іосіф Вісарыёнавіч Сталін, І. В. Сталін) ня маюць дачыненьня да зьместу правіла, калі, вядома, не дапусьціць, што нехта меў бы сьмеласьць называць Сталіна Восіпам ці Язэпам (гэтыя словы ў Пастанове-1933 згадваюцца ніжэй, як магчымыя для ўжываньня толькі ў дачыненьні беларусаў);
— няма ніводнай ілюстрацыі на спалучэньне Сч [24].
З аднаго боку рэформа падпарадкоўвала аканьню ненаціскны о ў пазычаньнях. З другога — абвяшчала ўтварэньне новай, артаграфічна-палітычнай (!) катэгорыі — саветызмаў, г. зн. «інтэрнацыянальных рэвалюцыйных словаў», якія, наадварот, не падпарадкоўваліся аканьню. Такім чынам, напісаньне слова, ступень яго асвоенасьці беларускаю моваю залежала ад яго ідэйнага зьместу.
Дазволім сабе ўсяго адну цытату, якая ня толькі дэманструе беспрынцыпнасьць рэформы й рэфарматараў у пытаньні аканьня, але й проста выдатна ілюструе іх рыторыку:
Шмат нацдэмы нашкодзілі ў пытаннях «окання» ў словах іншамоўнага паходжання. Такія словы, як «кааперацыя, калгас, трактар» і іншыя, пісалі праз «о», матывуючы гэта правіла тым, што слова «калгас, кааперацыя» і другія не прыняты беларускай мовай, не ўвашлі ў быт, што яны па сваёй прыродзе чужыя беларускай мове. Што словы «калгас» і падобныя ім чужыя і варожыя нацдэмам, гэта зразумела, як і зразумела буржуазна-класавая «апрацоўка» правапіса нацдэмаўскімі «слупамі мовазнаўства».
Улічваючы працэс асваення шырокімі працоўнымі масамі слоў іншамоўнага паходжання, мы абавязаны гэтыя словы перадаваць згодна іх вымаўлення, г. зн. праз «аканне», што ў пастанове СНК аб зменах у правапісе і праведзена.
Інтэрнацыянальна-рэволюцыйныя словы, словы, якія народжаны пролетарскай рэволюцыяй і якія ва ўсіх мовах сусвета пашырыліся вымаўленнем праз «о», і ў нашым новым правапісе гэтая рэволюцыйная якасць захована. Словы «комуна»… [далей — фактычна цытата з Дадаткаў да Пастановы-1933, пра які гл. ніжэй] — пішуцца і ў нас праз «о», г. зн. захоўваецца ў корані іх першакрыніца і гэтым мова ўздымаецца на новую вышэйшую ступень развіцця па шляху пролетарскага інтэрнацыяналізма [25].
* * *
Праз тры месяцы пасьля прыняцьця першае «правапіснае» пастановы, 3 сьнежня 1933 г., Галадзед падпісаў новую пастанову СНК «Дадаткі да пастановы СНК БССР «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапіса», якая «ўдасканальвала» жнівеньскі дакумэнт:
— пашыраўся сьпіс саветызмаў (да словаў: рэволюцыя, совет, большэвік, комуна, соцыялізм, комунізм, Комінтэрн — дадаваліся: комсомол, піонер, Профінтэрн);
— папаўняўся сьпіс ілюстрацыяў да арт. 17.д: Владзімір Ільіч Ленін, В. І. Ленін, Терэк, Терэхоўка, Владзімірскі, Твер. Тут жа выпраўлялася відавочна памылковае напісаньне Терехаў, дапушчанае ў Пастанове-1933;
— абмяжоўвалася (здавалася б!) выкарыстаньне дзеепрыметнікаў незалежнага стану толькі выпадкамі, «калі яны азначаюць соцыяльны сэнс, напрыклад: пануючы клас», інакш кажучы, у вельмі вузкім сэгмэнце словаўжываньня [26]. На практыцы ж калькаваньне расейскіх дзеепрыметнікаў на той момант ужо набыло сілы ў межах агульнамоўнага зрасейшчаньня, таму гэтая абмоўка ніяк не магла паўстрымаць працэсу пранікненьня нехарактэрных для беларускай мовы дзеепрыметнікавых формаў ува ўсе сфэры ўжываньня мовы [27].
Прыняцьцём Дадаткаў закончыўся першы этап правапіснае рэформы 1933 г. Яшчэ ў хрушчоўскую «адлігу» і скрайняя непасьлядоўнасьць, і русіфікацыйныя мэты рэформы прызнаваліся за відавочныя:
...не ўрэгуляваным засталося правіла аб перадачы акання і якання. Шматлікія неабгрунтаваныя выключэнні з гэтага правіла не ўносілі жаданай палёгкі пры напісанні іншамоўнай лексікі, вельмі складаным і неўпарадкаваным было правіла напісання складаных слоў. Выклікала цяжкасці і арфаграфічны разнабой правіла аб пераходзе д і т у дз’ і ц’. Блытана і супярэчліва былі сфармуляваны правілы напісання імёнаў, прозвішчаў і геаграфічных назваў...
Тым не менш, нягледзячы на недахопы, пастанова СНК БССР увогуле выканала сваю задачу [28]...
...наколькі гэта магчыма, наблізіць беларускі правапіс да рускага [29].
(Працяг будзе.)
_____________________________________________________________________________
1. Правапіс беларускай мовы / Адк. рэд. Андрэй Александровіч. Менск, 1934.
2. В. Г. Чеботарева. Сталин и партийно-советские национальные кадры // Вопросы истории. 2008. № 7. С. 3—25. С. 22.
3. Працы Акадэмічнае конфэрэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі (14—21 лістапада 1926 г.). Менск, 1927. С. 176. Прыхільнікам увядзеньня лацінкі быў, прыкладам, Зьміцер Жылуновіч (Тамсама. С. 168).
4. Андрій Хвиля. Викореніти, знищити націоналістичне коріння на мовному фронті // Більшовик України. 1933. № 7—8. С. 42—56. Цытуецца паводлHTML clipboardе выд.: Українська мова у ХХ сторіччі: історія лінгвоциду: Документи і матеріали. Київ, 2005. С. 122.
5. Тэрмін паводле выд.: На крутым павароце: Ідэолага-палітычная барацьба на Беларусі ў 1929—1931 гг.: Дакументы, матэрыялы, аналіз. Мінск: БелНДІДАС, 1999.
6. Абодва міжваенныя перапісы насельніцтва СССР, 1926 і 1939 гг., зафіксавалі той самы адсотак «нацменаў» (усе народы, апроч усходнеславянскіх) — 22 %; дарэчы, расейцаў цягам 13 гадоў стала істотна больш — з 51 да 58,5 %, украінцаў — значна менш — з 21 да 16,5 %, доля беларусаў засталася нязьменнаю — 3 % (Всесоюзная перепись населения 1926 года. Москва, 1928; Всесоюзная перепись населения 1939 года: Основные итоги. Москва, 1992).
7. И. В. Сталин. Национальный вопрос и ленинизм // Cочинения. Т. 11. Москва, 1949. С. 333—355, 348.
8. Па-польску — пяць газэтаў, па-летувіску — адна.
9. Асобная гісторыя датычыць так званае малдаўскае мовы. Яе ўтварылі разам з Малдаўскаю Аўтаномнаю Сацыялістычнаю Рэспублікаю ў складзе УССР у 1924 г. (Прыднястроўе разам з прылеглымі раёнамі Ўкраіны). Для таго, каб адрозьніваць яе ад румынскай, дыялектам якой яна ёсьць, усталявалі для яе пісьмовасьць кірыліцаю. Паказальна, што карэльскую мову, зыходна кірылаграфічную, у 1931 г. лацінізавалі, а ў 1937 г. зноў кірылізавалі.
10. Таксама часам называецца правапісам Галаскевіча — паводле прозьвішча аўтара (Григорій Голоскевич) аўтарытэтнага артаграфічнага даведніка «Український словник» (40 тыс. словаў), якім украінская дыяспара карыстаецца й сёньня (Історія українського правопису, XVI—XX століття: Хрестоматія. Київ, 2004. С. 269—270).
11. Падрабязьней пра гэта гл. першую частку публікацыі.
12. Український правопис. Харків, 1933. С. 3.
13. Тамсама.
14. Замест рэпрэсаванага Антона Платуна.
15. Кшталт «сацыялістычнага спаборніцтва», якое ахапляла тады ўсе «галіны народнай гаспадаркі», нават структурныя адзінкі ОГПУ-НКВД, якія спаборнічалі ў колькасьці выкрытых і пакараных ворагаў.
16. Паралельна з «выпраўленьнем» артаграфіі ўлады вялі барацьбу з праявамі нацдэмаўшчыны і ў лексыкаграфічнай сфэры, за асабліва шкодныя прызнаваліся працы Сьцяпана Некрашэвіча й Міколы Байкова — «Беларуска-расійскі слоўнік» 1926/1927 гг. і «Расійска-беларускі слоўнік» 1928 г. (Падрабязьней пра гэта гл.: С. М. Запрудскі. Да перадгісторыі «Руска-беларускага слоўніка» пад рэдакцыяй А. Александровіча // Vocabulum et vocabularium: Сб. научн. трудов по лексикографии. Вып. 5. Гродно: ГрГУ, 1998. С. 110—114, 110).
17. Гісторыя беларускага мовазнаўства, 1918—1941: Хрэстаматыя для студэнтаў філалагічнага факультэта. Ч. 1—2. Мінск: БДУ, 2005—2008. Ч. 2. 2008. С. 156. Праўда, у пазьнейшых партыйных дакумэнтах гэтая група завецца «комиссия Бюро ЦК КП(б)Б по вопросу спрощения белорусского правописания» (Тамсама. С. 157, 164, 165, 167).
18. Адпавядала пасадзе прэм’ер-міністра; «партыйным» кіраўніком быў М. Гікала.
19. Зьнішчальнай крытыцы падлёг Чарвякоў у 1931 г., ледзьве ўратаваўшыся ад рэпрэсіяў (гл. напр.: XIII зьезд Комунiстычнай партыi (б) Беларусi: Стэнагр. справаздача. Менск, 1931. С. 204—205).
20. Гісторыя беларускага мовазнаўства... С. 168.
21. Два першыя праекты (1930 і 1933 гг.) мы ўжо асьвятлялі. Наступныя праекты (1939, 1951, 1999—2003 гг.), Пастанова-1957, Правапіс-1959 і, натуральна, Правапісны закон-2008 будуць разглядацца ніжэй.
22. Хоць некаторыя з правілаў афіцыйнага правапісу й сапраўды больш падобныя да рэбусаў, прыкладам, аб правапісе ў у пазычаньнях. Пра гэта мы пісалі ў: ARCHE. № 3 (54). 2007. С. 125—131.
23. Вынятак складае прапанова, зробленая ўжо ў працэсе абмеркаваньня і ўключаная ў брашуру ў якасьці дадатку да асноўнага тэксту Праекту-1933 — пісаць -й на канцы пачатковае формы дзеепрыметнікаў: пануючый, існаваўшый, каб разьвесьці іх напісаньне (і, мусіць, вымаўленьне) з адпаведнымі дзеепрыслоўямі. Гэтая ідэя ня страціла прывабнасьці й для некаторых нашых сучасьнікаў (гл., напр.: А. П. Груца. Надзённыя праблемы беларускага мовазнаўства на пачатку ХХІ стагоддзя // Граматычны лад беларускай мовы. Шляхі гістарычнага развіцця і сучасныя тэндэнцыі: Матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі, Мінск, 29—30 кастрычніка 2007 г. Нацыянальная Акадэмія навук Беларусі, Інстытут мовазнаўства. Мінск, 2007. С. 13—16. С. 15).
24. Відаць, меліся на ўвазе прозьвішчы і ўласныя назвы накшталт расейск. Счастливцев. Адпаведнае правіла знаходзім у Праекце-1930: «Правіла 61. Іншаславянскія імёны, прозьвішчы і географічныя назвы запісваюцца беларускім правапісам з перадачаю беларускага аканьня, зацьвярдзелых зычных, дзеканьня і цеканьня, «ў» нескладовага зам. «в» перад зычнымі і ў канцы слоў і беларускіх канчаткаў... Увага. Іншая фонэтызацыя іншаславянскіх уласных іменьняў і прозьвішчаў не дапускаецца. Прыклады: … Счастліўцаў (а не Шчасліўцаў)...» (Беларускі правапіс (проект)) / Апрацаваны Правапіснай Камісіяй Беларускае Акадэміі Навук. Менск, 1930. С. 38.)
25. Андрэй Александровіч. Класавая барацьба на мовазнаўчым фронце і рэформа правапіса беларускай мовы [даклад на агульным сходзе пісьменьнікаў гор. Менска] // Пісьменнікі БССР аб рэформе правапісу беларускай мовы. Менск: Выд-ва БАН, 1934. С. 12—27. С. 21.
26. Гэты пункт Палітычная камісія абмяркоўвала адмыслова на паседжаньні яшчэ 4 ліпеня 1933 г.: «В остальных случаях деепричастие не вводится, а написание соответствующих слов подчиняется прежнему правописанию» (Гісторыя беларускага мовазнаўства... С. 167).
27. Паддаліся «прагрэсіўным тэндэнцыям» нават такія мастакі слова, як Якуб Колас; каб пераканацца ў гэтым, дастаткова параўнаць часьціню ўжываньня названае катэгорыі дзеепрыметнікаў у розных кнігах раману «На ростанях», напісаных у розны час. Хоць сам Колас крытыкаваў выкарыстаньне такіх формаў у беларускай мове (Павел Сцяцко. Культура мовы. Мінск, 2002. С. 49).
28. Я. М. Камароўскі. Беларускі правапіс. Мінск, 1965. С. 31—32.
29. Тамсама. С. 25.
Цэтлікі: арфаграфія, Беларуская мова
Ответить